цэласная абалонка Зямлі, якая ахоплівае верхнюю ч. літасферы, ніжнія слаі атмасферы, біясферу і гідрасферу; адна са сфер Зямлі (гл.Геасфера). Тэрмін прапанаваў сав. географ А.А.Грыгор’еў (1932). Часткі геаграфічнай абалонкі знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні, пранікаюць адна ў адну і ўтвараюць адзіную сістэму, для якой характэрна самаразвіццё і адносная раўнавага. Таўшчыня геаграфічнай абалонкі каля 40 км. Адрозніваецца ад інш. частак планеты наяўнасцю жыцця, рэчыва ў трох станах (цвёрдым, вадкім і газападобным), найб. разнастайнасцю відаў і багаццем свабоднай энергіі. У геаграфічнай абалонцы працякаюць экзагенныя і эндагенныя працэсы. Экзагенныя ўтвараюцца ў першую чаргу пад уздзеяннем сонечнай энергіі, нераўнамернае размеркаванне якой на паверхні Зямлі выклікае дыферэнцыяцыю прыродных умоў і ўтварэнне геагр. паясоў, прыродных зон. Для геаграфічнай абалонкі характэрна і рэгіянальная дыферэнцыяцыя, выкліканая формай Зямлі, рознай вышынёй паверхні Зямлі, аддаленасцю ад акіянаў і інш. Эндагенныя працэсы абумоўлены ўнутр. цяплом Зямлі, вулканічнымі, тэктанічнымі і інш. сіламі. З імі звязана ўтварэнне кантынентаў, акіянаў, гор і інш. Заканамернасці геаграфічнай абалонкі: цыклічнасць (рытмічнасць) працякання прыродных працэсаў; кругавароты рэчываў — цыркуляцыя атмасферы, марскія цячэнні, кругаварот вады, біял. кругаварот і інш.; шыротная занальнасць і вышынная пояснасць ландшафтаў. У сувязі з ростам уздзеяння вытв. дзейнасці чалавека на прыроду ў складзе геаграфічнай абалонкі з 1970-х г. пачалі вылучаць сацыясферу і тэхнасферу. Паводле тэорыі В.І.Вярнадскага, у выніку разумнага ўздзеяння чалавека на геаграфічную абалонку яна можа перайсці ў вышэйшую стадыю свайго развіцця — наасферу. Геаграфічную абалонку вывучаюць фізічная геаграфія і землязнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
прэпараты з каштоўнымі для с.-г. раслін глебавымі мікраарганізмамі. Да іх належаць нітрагін, азотабактэрын, фосфарабактэрын і прэпараты сілікатных бактэрый. Павышаюць фіксацыю атм. азоту раслінамі, актывізуюць біяхім. працэсы ў глебе, паляпшаюць каранёвае жыўленне раслін.
На Беларусі наладжана вытв-сць гама-рызатарфіну (разнавіднасць нітрагіну) — прэпарату клубеньчыкавых бактэрый, вырашчаных на спецыяльна прыгатаваным тарфяным субстраце. Для лепшай азотфіксацыі ў яго дадаюць мікраэлементы — бор, кобальт, малібдэн. Для кожнага віду бабовых (лубін, гарох, віка, канюшына, люцэрна і інш.) прэпарат рыхтуюць са спецыфічных відаў бактэрый, здольных у сімбіёзе толькі з гэтым відам раслін фіксаваць атм. азот. Асабліва эфектыўны прэпарат на глебах, дзе бабовыя высяваюцца ўпершыню (прыбаўкі ўраджаю больш за 100%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ІНФАРМА́ЦЫІ І ПРАГНО́ЗУ (Белінфармпрагноз) пры адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1959 у Мінску як Ін-тнавук.-тэхн. інфармацыі і прапаганды пры Дзяржплане БССР, з 1968 Бел.НДІнавук.-тэхн. інфармацыі і тэхніка-эканам. даследаванняў Дзяржэканамплана, з мая 1993 — Бел.ін-т навукова-тэхн. інфармацыі і прагнозу СМ Рэспублікі Беларусь, са студз. 1995 Белінфармпрагноз. Асн. кірункі работы: даследаванне і выпрацоўка ацэнак і прагнозаў стану грамадства, шляхоў яго рэфармавання і развіцця па наступных кірунках: унутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь, матэрыяльная вытв-сць, працэсы арганізацыі і кіравання ў грамадстве, інтэлектуальныя і інфармацыйныя рэсурсы грамадства, чалавек, сям’я, грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́Т (сапр.Болтач) Валянцін Уладзіміравіч
(н. 7.10.1938, в. Вострава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966), Вышэйшую парт. школу пры ЦККПСС (1974). Працаваў журналістам, на парт. рабоце. З 1987 гал. рэдактар час. «Вожык». Друкуецца з 1960. У аповесці «Час прылёту журавоў» (1978) паказвае няпростыя пошукі ісціны, актыўную жыццёвую пазіцыю нашых сучаснікаў. Складаныя працэсы ў сучасных горадзе і вёсцы раскрывае ў аповесцях «Адчай» (1979), «Вяселле ў Беражках» (1980), «Шануй імя сваё» (1981), «Усмешка фартуны» (1982), і інш. Яго цікавяць праблемы духоўнай спадчыны, асабістай адказнасці чалавека перад сабой і сваім часам. Аўтар зб. гумарыст. апавяданняў «Вынаходнік» (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯДЭГРАДА́ЦЫЯ (ад бія... + дэградацыя),
працэс раскладання матэрыялаў, рэчываў або аб’ектаў у навакольным асяроддзі пад уздзеяннем жывых арганізмаў (пераважна мікраарганізмаў); адзін з асн.энергет. працэсаў у экасістэме. Біядэградацыя мае месца пры нейтралізацыі забруджванняў прыроднага асяроддзя і утылізацыі адмерлых рэшткаў жывёл і раслін, у раскладанні быт. і прамысл. адходаў, ачыстцы сцёкавых водаў. Негатыўны бок біядэградацыі — біякарозія некаторых матэрыялаў. Зрэдку ў паняцце біядэградацыі ўключаюць працэсы распадання пад уздзеяннем непажаданых біягенных фактараў арган. часткі біягеацэнозаў (фіта- і зоацэнозаў). У больш шырокім паняцці тэрмінам біядэградацыя вызначаюць усякае агульнае пагаршэнне структуры біягеацэнозу; у гэтым сэнсе біядэградацыя можа разглядацца як састаўная частка і адзін з элементаў дэградацыі прыроды.
шведскі нейрафізіёлаг. Чл. Каралеўскай швед.АН, чл.Нац.АН ЗША, ганаровы чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Хельсінкскі ун-т (1927). З 1928 спецыялізаваўся ў лабараторыі Ч.С.Шэрынгтана ў Оксфардскім ун-це, у 1929—32 у Пенсільванскім ун-це. З 1935 праф. фізіялогіі Хельсінкскага ун-та, з 1940 у Каралінскім ін-це ў Стакгольме, у 1945—67 дырэктар Нобелеўскага ін-та нейрафізіялогіі. У 1963—65 прэзідэнт Каралеўскай швед.АН. Навук. працы па рэгуляванні рухаў цэнтр.нерв. сістэмай. Даследаваў першасныя нейрафізіялагічныя працэсы зроку. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Дж.Уолдам і Х.Хартлайнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
працэс выбіральнага растварэння і вынасу прыроднымі водамі асобных кампанентаў горных парод. Найб. развіта ва ўмовах выветрывання і ў зоне інтэнсіўнага водаабмену ў артэзіянскіх басейнах. Пры вышчалочванні горных парод спачатку выносяцца лёгка растваральныя хларыды натрыю і калію, потым сульфаты і карбанаты кальцыю. Найлепш вышчалочваюцца каменныя і калійныя солі, гіпсы, ангідрыты, мел, вапнякі, даламіты. Тыповае праяўленне вышчалочвання горных парод — карст; у раёнах пашырэння лёсу і лёсападобных парод развіта суфозія. Працэсы вышчалочвання ўплываюць на састаў падземных вод, фарміраванне калектараў нафты і газу, выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў. У Беларусі метадам падземнага вышчалочвання здабываюць кухонную соль на Мазырскім радовішчы каменнай солі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙФ ГЕ́НАЎ, генетыка-аўтаматычныя працэсы ў папуляцыі,
змяненне генет. структуры (частаты генаў) папуляцыі ў выніку выпадковых прычын. Тэрмін Д.г. прапанаваў амер. генетык С.Райт (1931). Праяўляецца звычайна пры невял. колькасці папуляцыі (напр., рэзкім яе скарачэнні ў выпадку стыхійных бедстваў, развіцці эпізаотый і інш.). Пад дзеяннем Д.г. узмацняецца працэс гомазігатызацыі структуры папуляцыі, што нарастае з памяншэннем яе колькасці. Нарастанне абумоўлена павелічэннем частаты блізкароднасных скрыжаванняў у невял. папуляцыях, калі ў выніку выпадковых ваганняў частот асобных генаў адбываецца замацаванне адных алеляў пры адначасовай страце іншых. Некат. з атрыманых гомазіготных формаў у новых умовах асяроддзя могуць стаць прыстасавальна каштоўнымі і дзякуючы адбору атрымаць вял. пашырэнне пры наступным павелічэнні колькасці папуляцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРУ́ЦКІ (Анатоль Антонавіч) (н. 23.10.1948, в. Смаляны Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1977). З 1982 працаваў у Бел.політэхн. ін-це, з 1991 — у Бел.пед. ун-це (з 1994 заг. кафедры тэорыі і гісторыі мовы). Гал. кірункі навук. дзейнасці — бел.-рус. двухмоўе, тэорыя мовазнаўства, нейралінгвістыка. Праблемам двухмоўя прысвечаны працы «Беларуска-рускі мастацкі білінгвізм: тыпалогія і гісторыя, моўныя працэсы» (1990) і «Вазьмі маё слова...» (1990, разам з А.Я.Міхневічам). Своеасаблівая філас.-рэліг. канцэпцыя слова выкладзена ў кн. «Структура слова: асновы Тэорыі Вялікага Аб’яднання» (1995) і «Тайна імя» (1996). Аўтар дапаможнікаў для ВНУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЮС,
сукупнасць відаў крывасосных двухкрылых насякомых з розных сямействаў. Каля 900 відаў. Трапляецца ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыды, звычайныя ў тундры і лясах.
Да гнюсу адносяцца камары, мошкі, макрацы, маскіты, сляпні, крывасосныя мухі. Відавы склад і колькасць гнюсу залежаць ад ландшафтна-геагр. і кліматычных умоў, сезона, часу сутак. Раі гнюсу ўтвараюць толькі самкі. Развіццё і масавае размнажэнне гнюсу звязана з забалочанымі, слаба асвоенымі чалавекам тэрыторыямі, найчасцей у поймах буйных рэк. Насякомыя праколваюць хабатком скуру і крывяносны сасуд жывёл або чалавека, уводзяць рэчывы, якія выклікаюць сверб, пякоту, запаленчыя працэсы, павышэнне т-ры. Многія віды гнюсу — пераносчыкі ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб (сібірскай язвы, сапу, малярыі і інш.).