БАТАНІ́ЧНЫ САД БЕЛАРУ́СКАЙ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЙ АКАДЭ́МІІ.
Размешчаны ў г. Горкі Магілёўскай вобласці. Ствараўся паступова з 1847 пры Горы-Горацкай земляробчай школе (з 1848 — ін-це). Пасля закрыцця ін-та ў 1863 сад занядбаны. Аднаўленне пачалося ў 1920 з аднаўленнем Горы-Горацкага земляробчага ін-та (1919). У садзе было каля 300 відаў дрэўных раслін. У аддзеле сістэматыкі амаль 400 відаў травяністых раслін. У Вял.Айч. вайну большая ч. калекцыі загінула. Аднаўляецца з 1950. Пл. каля 25 га. Рэстаўрыраваны аддзел сістэматыкі травяністых раслін (450 відаў). Створаны новыя бат. экспазіцыі. База для падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Рэліктавае дрэва гінкга двухлопасцевае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСУ́МСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава на тэр.паўн. Эфіопіі з цэнтрам у г.Аксум. Першыя звесткі пра Аксумскае царства адносяцца да 1 ст.н.э. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах з Індыі і Усх. Афрыкі ў Міжземнамор’е спрыяла эканам. і культ. росквіту Аксумскага царства. З канца 3 ст. дасягнула вял. магутнасці. У час праўлення цара Эзана (пач. 4 ст.) заваявана Нубія, ішла барацьба (4—6 ст.) з Хім’ярыцкім царствам за панаванне ў Паўд. Аравіі. У 4 ст. ў Аксумскае царства пранікла хрысціянства, якое ў барацьбе з іудзействам замацавала візант. ўплыў. Пасля захопу персамі Паўд. Аравіі (6 ст.) і арабамі Егіпта (7 ст.) пачаўся эканам. і паліт. заняпад, паступова Аксумскае царства распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАБО́ТКІ,
форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКА́ННЕ ВЯСНЫ́,
старажытны язычніцкі абрад; першае па часе веснавое свята беларусаў. У асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с. ст. (на хрысц. свята Аўдакею), усюды — з 25 сакавіка (на Дабравешчанне). Удзельнікі абраду выходзілі на высокае месца — пагорак, бераг ракі, дзе звычайна збіралася моладзь — раскладалі вогнішча (на Магілёўшчыне палілі ўсякае смецце — ачышчалі зямлю, на Гомельшчыне запаленае кола на плыце пускалі па рацэ — водгалас культу сонца), спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды, якія выконвалі магічную функцыю («дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся ў печыве, якое рабілі ў выглядзе птушак (гл.Галёпы). Паступова абрад гукання вясны ператварыўся ў прыгожае свята, забаву моладзі і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛХІ́ДСКАЕ ЦА́РСТВА,
палітычнае ўтварэнне на ПдЗ Закаўказзя ў 6—2 ст. да н.э.Засн.стараж.-груз. плямёнамі колхаў. Асн. занятак насельніцтва — земляробства, былі развіты металургія жалеза, апрацоўка лёну, дрэва, ювелірнае, керамічнае і інш. рамёствы, чаканіліся сярэбраныя манеты (калхідкі). Існавалі гандл.-рамесныя пункты гар. тыпу і гарады. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. К.ц. знаходзілася ў залежнасці ад Персіі. У 4 ст. да н.э. правіцель К.ц. Куджы ўзначаліў рух за аб’яднанне стараж.-груз. плямён у адзіную дзяржаву. У 2 ст. да н.э. заваявана Пантыйскім царствам, у 1 ст. да н.э. — Рымам. На мяжы 1—2 ст.н.э. на месцы К.ц. ўзнікла царства Лазіка, якое паступова падпарадкавала і насельніцтва паўн. Калхіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),
1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.Вісконці, А. да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.Калеоні, Ф.Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал. сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.
2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЖА́Л (араб.),
клінковая халодная зброя блізкага бою, прызначаная для колючага ўдару. У старажытнасці выраблялі з крэменю, рогу, пазней з металу. Найб. пашыраны на Усходзе, дзе захаваўся да нашых дзён як парадная зброя. Папярэднікам К. на Беларусі быў вял. баявы нож. Атрымаў пашырэнне ў часы сярэдневякоўя, калі набыў форму 1-, 2-лязовага або штыкападобнага клінка. На Беларусі К. называўся пуйнал (ад італьян. pugnale). З 17 ст. ён паступова траціць баявое значэнне і выкарыстоўваецца ў асн. як парадная і дэкаратыўная зброя.
Літ.:
Трусаў А.А. Зброя Лідскага замка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.
Ю.М.Бохан.
Кінжал з г. Бібл (цяпер г. Джубейль, Ліван, 2-е тысячагоддзе да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС (лац. codex першапачаткова — ствол, бервяно, потым — змацаваныя драўляныя таблічкі для пісьма, кніга),
1) адна з форм кнігі: змацаваныя з аднаго боку сшыткі з сагнутых папалам і прашытых па згібе аркушаў пергаменту ці папірусу, пазней — паперы. Упершыню з’явіліся ў стараж.-рымскіх усх. правінцыях у першыя вякі н.э., паступова выцеснілі таблічкі і скруткі і каля 6 ст. сталі асн. формай кнігі. З К. звязана з’яўленне пераплёту, старонкі і яе афармлення (старонкавая мініяцюра, застаўкаі г.д.). Форму К. захоўваюць і сучасныя кнігі.
2) Адзіны заканад. акт, у якім сістэматызаваны прававыя нормы пэўнай галіны права (напр., крымін. К., цывільны К. і інш.). Прававыя нормы размяшчаюцца ў К. ў парадку, які адлюстроўвае сістэму адпаведнай галіны права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́ННЫХ ПАХАВА́ННЯЎ КУЛЬТУРА,
група культур сярэднебронзавага веку на большай частцы Цэнтр. Еўропы (1500—1200 да н.э.). Вылучаецца на падставе пахавальнага абраду (інгумацыя, радзей крэмацыя ў каменнай скрыні з тонкіх пліт пад круглым насыпам) і шэрагу тыпаў бронзавых рэчаў, агульных для большасці мясц. субкультур (пальштабы, сякеры, мячы суцэльнаметалічныя ці з дзяржаннем з закраіна́мі, наканечнікі дзідаў, сярпы, упрыгожанні — доўгія шпількі разнастайных форм, дыскі з увагнутасцю, бранзалеты і падвескі, бурштынавыя пласціны). Цэнтрам К.п.к. былі сучасныя Баварыя, Вюртэмберг, Чэхія і Маравія; паступова яна пашыралася на тэр. Германіі на Пн і З (да Эльзаса). Яе элементы сустракаюцца на тэр. Венгрыі, Румыніі і Югаславіі. У канцы сярэднебронзавага веку саступіла месца культуры палёў пахавальных урнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРТЫ́ЗМ,
палітычная кампанія праследавання Камуніст. партыі ЗША, блізкіх да яе прафсаюзаў, дзярж. служачых, дзеячаў культуры і інш. у час «халоднай вайны». Ініцыіраваны і разгорнуты старшынёй (з 1953) пастаяннай сенацкай падкамісіі па расследаваннях Дж.Макарці (адсюль назва). У ходзе М. ў ЗША узмацніліся антыкамуністычныя, нацыяналіст. і антысеміцкія погляды, абвінавачанні ў «падрыўной дзейнасці» і шпіянажы на карысць СССР; з дзярж. службы звольнены каля 8,8 тыс. «ненадзейных элементаў». Ад паклёпу пацярпелі многія амерыканцы (пазбавіліся працы, незаконна асуджаны, у т. л. пакараны смерцю муж і жонка Розенбергі), што прывяло да значнай дыскрэдытацыі ўлад краіны. 2.12.1954 сенат вынес ганьбаванне Макарці за перавышэнне ім улады, пасля чаго ён страціў паліт. ўплыў, a М. паступова згас.