БА́БКА,

традыцыйная беларуская нар. страва. Драную бульбу заскварваюць салам, мясам з цыбуляю і інш. спецыямі і запякаюць. Гатовую бабку падаюць з малаком або смятанай. Вядома ўсюды ў наш час.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЖЫБЕ́КАЎ Узеір Абдул Гусейн аглы

(17.9.1885, с. Агджабеды, каля г. Шуша, Нагорны Карабах — 23.9.1948),

азербайджанскі кампазітар, музыказнавец, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік сучаснага прафес. муз. мастацтва і муз. адукацыі Азербайджана. Нар. арт. СССР (1938). Акад. АН Азербайджана (1945). У 1913—14 вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў нац. муз. т-ра, шэрагу маст. калектываў, у т. л. шматгалоснага азерб. хору (1926), аркестра нар. Інструментаў (1931), Дзярж. азерб. хору (1936). У 1938—48 рэктар Азерб. кансерваторыі (з 1948 яго імя). У муз. творчасці імкнуўся да сінтэзу нац. муз. стылю і дасягненняў сусв. кампазіцыйнай тэхнікі. Аўтар першых азерб. опер, у т. л. 6 мугамных, засн. на азерб. ладах; муз. камедый, вак.-сімф., камерна-інстр. і песенных твораў. Склаў першы зборнік азерб. нар. песень (з М.Магамаевым, 1927). Сярод тэарэт. прац: «Асновы азербайджанскай народнай музыкі» (1945), «Аб музычным мастацтве Азербайджана» (1966) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946.

Асн. творы: 7 опер, у т. л. «Лейлі і Меджнун» (паст. 1908), «Кёр-аглы» (паст. 1937); 3 муз. камедыі, у т. л. найб. вядомая «Аршын мал алан» (паст. 1913); кантаты «Памяці Фізулі» (1934), «Радзіма і фронт» (1942); уверцюры для сімф. аркестра; фантазіі для аркестра азерб. нар. інструментаў; рамансы-газелі на вершы Нізамі; апрацоўкі азерб. нар. песень і інш.

Літ.:

Абасова Э.Г. Узеир Гаджибеков: Путь жизни и творчества. Баку, 1985;

Алекперова Н., Заболотских Б. Узеир Гаджибеков. М., 1988.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў Сяргей Міхайлавіч

(14.9.1911, С.-Пецярбург — 18.11.1971),

рускі скульптар. Нар. мастак РСФСР (1968). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Скончыў Валагодскі маст. тэхнікум (1925). Аўтар кампазіцый з фарфору на героіка-эпічныя тэмы, матывы рас. гісторыі і нар. казак. Асн. творы ў галіне манум. скульптуры: «Маці» (1943), «Аляксандр Неўскі» (1943—44), «Казка пра рыбака і рыбку» (1944; усе тры Дзярж. прэмія СССР 1946), помнік Юрыю Далгарукаму ў Маскве (1954, разам з А.Антропавым і інш.), Афанасію Нікіціну ў г. Цвер (1955).

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЁНАК Пётр Сяргеевіч

(н. 22.7.1910, в. Вял. Мяхінічы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. балетмайстар. Засл. дз. маст. Беларусі (1960). Скончыў курсы культасветработнікаў у Магілёве (1932). З 1937 саліст Ансамбля песні і танца Бел. філармоніі, у ансамблях песні і танца Адэскай і Прыбалтыйскай ваен. акруг. У 1953—73 гал. балетмайстар Дзярж. нар. хору БССР. Сярод пастановак: «На прывале», «Лянок», «Калгасная полька», «Лявоніха», «Мяцеліца», «Беларуская маладзёжная» і інш. Работы Акулёнка — яркі прыклад узаемаўзбагачэння нар. і прафес. харэагр. мастацтва.

т. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРАНАШВІ́ЛІ Медэя Пятроўна

(н. 10.9.1930, Тбілісі),

грузінская спявачка (сапрана), педагог. Нар. арт. Грузіі (1965), нар. арт. СССР (1976). Дачка П.В.Аміранашвілі. Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Груз. т-ра оперы і балета. Сярод лепшых партый: Маро («Даісі» З.Паліяшвілі), Мзія («Міндыя» А.Тактакішвілі), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1960), Міжнар. конкурсу «Мадам Батэрфляй» (Осака, 1970). Дзярж. прэмія Груз. ССР 1971.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКУ́РАЎ Уладзімір Вячаслававіч

(8.7.1904, Казань — 28.1.1973),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1965). Праф. (1946). Скончыў тэатр. аддзяленне Вышэйшага ін-та нар. асветы ў Казані (1918). З 1936 у МХАТ. Характарны акцёр. Сярод роляў: Чычыкаў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Яша («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Гетманаў («Глыбокая разведка» А.Крона). З 1932 у кіно: «Чкалаў», «Жукоўскі» (Дзярж. прэмія СССР 1951 за ролю Чаплыгіна). Здымаўся на кінастудыі «Беларусьфільм»: «Масква—Генуя», «Я родам з дзяцінства», «Запомнім гэты дзень», «Вайна пад стрэхамі», «Крушэнне імперыі», «Праз могілкі».

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛЫЯ РО́СЫ»,

ансамбль песні, музыкі і танца Гродзенскай абласной філармоніі. Створаны ў 1987. Уключае балетную і аркестравую групы. У рэпертуары апрацоўкі бел. нар. песень («Ой ты, сонца яснае», «Чаму не прыйшоў», «Пад дубіною»), нар. танцы («Трапятуха», «Церніца», «Каханачка», «Хустачка») і музыка на аснове фальклору Гродзеншчыны (пераважна Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны), інш. рэгіёнаў Беларусі. У адрозненне ад інш. падобных калектываў артысты балета ў ім спалучаюць танец са спевамі і ігрой на муз. інструментах. Маст. кіраўнік Я.Штоп (з 1987).

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РМАН Іван Андрэевіч

(1830-я г., Вільня — 16.1.1893),

бел. этнограф і краязнавец. Член Рус. геагр. т-ва. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1857). Служыў святаром у Ашмянскім і Кобрынскім пав. З 1868 адначасова выкладаў у Марыінскім вышэйшым жаночым вучылішчы і інш. навуч. установах Вільні. Вывучаў бел. нар. абрады, прыкметы, вераванні, забабоны. Найб. каштоўныя яго працы пра нар. каляндар і метэаралогію беларусаў («Каляндар паводле народных паданняў у Валожынскім прыходзе Віленскай губерні Ашмянскага павета», 1874).

Літ.: Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НЧАНКА Вячаслаў Аляксандравіч

(н. 21.6.1938, г. Краснаград, Украіна),

спявак (бас). Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1965). З 1966 саліст Узбекскага т-ра оперы і балета, з 1985 — Маскоўскай філармоніі. Сярод партый: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава), Пётр І («Пётр І» А.Пятрова). Першы выканаўца многіх вак. твораў узб. кампазітараў, у рэпертуары таксама ўкр. нар. песні, рамансы ўкр. кампазітараў. Дзярж. прэмія Узбекістана 1981.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Пабудаваны ў 1963—65 у г. Барысаў. Асн. прадукцыя (1995): поліэтыленавыя напорныя трубы для трубаправодаў, трубы гафрыраваныя для меліярацыі, плёнка, тэхн. вырабы і тавары нар. ўжытку.

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)