кампазіты, матэрыялы, якія мэтанакіравана ўтвораны з некалькіх кампанентаў і маюць уласцівасці, што перасягаюць уласцівасці кампанентаў, узятых паасобку. У агульным выпадку складаюцца з матрыцы (з металаў, палімераў, вугляродных і керамічных матэрыялаў) і арміруючай фазы (больш трывалай, чым матрыца).
У К.м. выкарыстоўваюцца толькі лепшыя якасці кампанентаў. таму пры стварэнні кампазіцыі падбіраюць кампаненты з рэзка адметнымі і дапаўняльнымі ўласцівасцямі. У палімерных К.м. арміруючай фазай з’яўляюцца вугляродныя, баваўняныя, поліэфірныя валокны, вугле- і шклотканіна. У метал. кампазіцыях спалучаецца пластычная матрыца з высокамодульнымі стальнымі, борнымі, графітавымі валокнамі, гарачаўстойлівая матрыца з гарачатрывалымі валокнамі. К.м. з метал. матрыцай падзяляюцца на біметалы, дысперснаўмацаваныя, валакністыя і эўтэктычныя матэрыялы. Атрымліваюць К.м. метадамі парашковай металургіі, вакуумнай пракаткай ці насычэннем порыстых каркасаў расплаўленымі металамі, выбухам, ліццём пад ціскам, электралітычным асаджэннем, накіраванай крышталізацыяй сплаваў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.м. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це і Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН, НДІ парашковай металургіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРЫ́НКА, шарманка,
механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай з пач. 19 ст.ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.
Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. К. — неад’емная частка гар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СМІЙ (лац. Osmium),
Os, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 76, ат. м. 190,2, адносіцца да плацінавых металаў. Прыродны складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 184, 186—190, 192; найб. пашыраны 192Os (41,1%) і 190Os (26,4%). У зямной кары 5∙10−6% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.Тэнантам, назва (ад грэч. osmē пах) абумоўлена непрыемным пахам аксіду OsO4.
Бліскучы серабрыста-блакітнаваты, вельмі цвёрды метал, tпл 3027 °C, 1кіп 5027 °C, шчыльн. 22 610 кг/м³. Хімічна вельмі ўстойлівы. Кампактны не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, нават з кіпячай царскай гарэлкай. Пры сплаўленні метал. О. са шчолачамі ўтвараюцца водарастваральныя солі — асматы (VI).
Дробнадысперсны пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі (напр., пры 250—300 °C з фторам утварае гексафтарыд OsF6, жоўтыя крышталі з tпл 33 °C), халькагенамі. фосфарам. Выкарыстоўваюць як кампанент звышцвёрдых і зносаўстойлівых сплаваў (з ірыдыем, рутэніем і інш. металамі) для прыладабудавання, вырабу эталонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РЫЙ (лац. Samarium),
Sm, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 62, ат. м. 150,36; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 144, 148—150, 152, 154 і радыеактыўнага 147Sm (перыяд паўраспаду 1,3∙1011 гадоў). У зямной кары 710−4% па масе. Адкрыты франц. хімікам П.Э.Лекокам дэ Буабадранам у 1879; вылучаны ў выглядзе аксіду з мінералу самарскіту (адсюль назва).
Серабрыста-жоўты метал, tпл 1072 °C; ніжэй за 917 °C існуе α-Sm (шчыльн. 7536 кг/м³), вышэй — β-Sm (шчыльн. 7400 кг/м³). У паветры ўстойлівы, пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, галагенамі, мінер. к-тамі. Ступень акіслення ў злучэннях пераважна +3; злучэнні Sm(II) — моцныя аднаўляльнікі. Асн. метад атрымання метал. С. — металатэрмічнае аднаўленне сесквіаксіду Sm2O3 лантанам ці мішметалам. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў з кобальтам (гл. Магнітацвёрдыя матэрыялы), пракат (стужка) як электроды для стартэраў лямпаў дзённага асвятлення, а таксама ў вытв-сці люмінафораў, спец. шкла, каталізатараў, пігментаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІЦЫ́ДЫ,
злучэнні крэмнію з металамі. Паводле тыпу хім. сувязі адрозніваюць іонна-кавалентныя (С. шчолачных і шчолачназямельных металаў, а таксама С. магнію Mg2Si) і металападобныя (С. пераходных металаў). Пашыраны С. саставаў (М — метал): MSi (напр., FeSi, TiSi); MSi2 (FeSi2, NiSi2, CrSi2); M2Si (Ni2Si, Co2Si) і некат. інш.
Крышт. рэчывы з метал. бляскам, звычайна серабрыста-белага ці шэрага колеру. С. шчолачных і шчолачназямельных металаў раскладаюцца вадой, узаемадзейнічаюць з к-тамі і растворамі шчолачаў, пры награванні ў паветры загараюцца. С. пераходных металаў тугаплаўкія (напр., С. ванадыю V5Si3 мае tпл 2450 °C), не раствараюцца ў к-тах, раскладаюцца растворамі шчолачаў, стойкія да акіслення, што абумоўлена ўтварэннем на іх паверхні плёнак сілікатаў. Асн. метад атрымання С. — спяканне ці сплаўленне крэмнію з металамі. Выкарыстоўваюць як кампанент керметаў і гарачаўстойлівых сплаваў, у хім. машынабудаванні для абліцоўкі рэактараў, мяшалак і інш. апаратуры, дысіліцыды хрому, марганцу, кобальту і некат. інш. як паўправадніковыя матэрыялы, што працуюць пры высокіх т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЭЛЕ́КТРЫКІ (ад дыя... + англ. electric электрычны),
рэчывы, якія практычна не праводзяць электрычны ток і могуць палярызавацца ў знешнім эл. полі (гл.Палярызацыя дыэлектрыкаў). Бываюць цвёрдыя (напр., бурштын, слюда, шкло, эбаніт), вадкія (вада, трансфарматарнае масла) або газападобныя (усе газы). Падзяляюцца на непалярныя (малекулы маюць сіметрычную будову і цэнтры «цяжару» дадатных і адмоўных зарадаў супадаюць), палярныя (малекулы пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць адрозны ад 0 дыпольны момант) і іонныя крышталі (крышталічная рашотка з правільным чаргаваннем іонаў розных знакаў і ўтварэннем 2 іонных падрашотак). Адпаведна адрозніваюць электронную (дэфармацыйную), арыентацыйную (дыпольную) і іонную палярызацыю. Механізмы палярызацыі Д. розныя і залежаць ад характару хім. сувязей. Асн. характарыстыкі Д.: дыэлектрычная пранікальнасць, дыэлектрычная ўспрыімлівасць і эл. трываласць (гл.Прабой дыэлектрыкаў). У тэхніцы выкарыстоўваюцца як электраізаляцыйныя матэрыялы, у кандэнсатарах служаць для павелічэння ёмістасці; у паўправадніковай электроніцы (у т. л. мікраэлектроніцы) выкарыстоўваюцца дыэл. плёнкі (аморфныя, шклопадобныя, палімерныя) для ўтварэння структур метал—Д.—метал, метал—Д.—паўправаднік і інш. На аснове кантактаў у выглядзе тонкага слоя Д., які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакты Джозефсана; гл.Джозефсана эфект) створаны маламагутныя ЗВЧ генератары, хуткадзейныя элементы памяці ЭВМ, квантавыя інтэрферометры і інш.
На Беларусі даследаванні па фізіцы Д. пачаліся ў 1935 у БПІ (М.А.Безбародаў). З 1959 вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН, Бел.політэхн. акадэміі і інш.
Літ.:
Сканави Г.И. Физика диэлектриков (область слабых полей). М.; Л., 1949;
Яго ж. Физика диэлектриков (область сильных полей). М., 1958;
Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТРЫЙ (лац. Natrium),
Na, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 11, ат. м. 22,98977; належыць да шчолачных металаў. У прыродзе адзін стабільны ізатоп 23Na. У зямной кары 2,64% па масе (6-ы па распаўсюджанасці элемент), трапляецца толькі ў выглядзе солей (мінералы галіт, мірабіліт, буракс, чылійская салетра і інш.). Найб. пашыраны метал. элемент у Сусв. акіяне (у марской вадзе каля 1,51016т). Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў, пераважна ў выглядзе хларыду NaCl (чалавеку штодзённа неабходна ад 2 да 10 г NaCl). Н. метал. атрыманы ў 1807 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад араб. натрун (грэч. nitron — прыродная сода).
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 97,86 °C, tпл 883,15 °C, шчыльн. 968,42 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. На паветры імгненна акісляецца (захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер масла). Бурна ўзаемадзейнічае з вадой (утварае натрыю гідраксід), к-тамі (гл.Натрыю злучэнні), кіслародам (утварае аксід Na2O ці натрыю пераксід), фторам, хлорам. Са спіртамі ўтварае алкагаляты, з вадародам пры 200 °C — гідрыд NaH, з азотам у эл. разрадзе — нітрыд Na3N. з вугляродам пры 800—900 °C — карбід (ацэтыленід) Na2C2, з графітам — клатраты. з многімі металамі — інтэрметал. злучэнні. Атрымліваюць электролізам расплаву NaCl ці NaOH. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнік у вытв-сці тытану, цырконію, танталу, каталізатар у арган. сінтэзе, Н. і яго сплавы з каліем — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах, пару — для напаўнення газаразрадных лямпаў. сплавы са свінцом — у вытв-сці тэтраэтылсвінцу, штучны ізатоп 24Na — у медыцыне.
Літ.:
Ситтиг Н. Натрий, его производство, свойства и применение: Пер. с англ.М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТА́ТЫ,
вытворныя воцатнай кіслаты, солі CH3COOM (M-метал) і эфіры CH3COOR (R-алкіл). Солі — крышталічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе, выкарыстоўваюцца як каталізатары ў арган. сінтэзе. Эфіры — лятучыя вадкасці з фруктовым ці кветкавым пахам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі нітрацэлюлозных лакаў, поліэфірных і гліфталевых смолаў, у вытв-сці цэлулоіду, кінаплёнак, у парфумернай і харч. прам-сці. Гл. таксама Амілацэтаты, Вінілацэтат, Этылацэтат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАТЫ́НТА (італьян. acguatinta),
тэхнічная разнавіднасць гравюры, у якой метал. дошка пратраўліваецца праз прыліплы да яе асфальтавы або каніфольны пыл. У акватынце дасягаюцца маляўнічыя эфекты, блізкія да тонавага малюнку. Выкарыстоўваецца ў спалучэнні са штрыхаваным афортам, узбагачаючы яго танальнымі і фактурнымі адценнямі. У бел. мастацтве выкарыстоўваецца з 17 ст. (асобныя творы Л. і А.Тарасевічаў). У 19 ст. значна пацеснена літаграфіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕЛЬБА́НТ (ням. Achselband),
ніцяны плецены шнур (пазалочаны, пасярэбраны або каляровы) з метал. наканечнікамі. Прышпільваецца звычайна да правага (радзей левага) пляча пад пагонам (эпалетам). У арміях многіх замежных краін — прыналежнасць формы адзення ад’ютантаў, афіцэраў генштаба, жандараў і інш., а таксама асабовага складу некаторых часцей. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь — прыналежнасць параднай формы адзення ганаровай варты, удзельнікаў ваен. парадаў.