тып гандлёвых збудаванняў, якія складаюцца з шэрагу крам, злучаных у суцэльны корпус. У Зах. Еўропе пашыраны з часоў сталага сярэднявечча (Брэмен, Кракаў, Прага), у Расіі — у 17—19 ст. (Кастрама, Яраслаўль) у стылі класіцызму. На Беларусі вядомыя з 16 ст. Будавалі з цэглы, радзей з дрэва, пераважна ў гарадах і мястэчках. Замкнёныя гандлёвыя рады ўтваралі прамавугольную ці квадратную ў плане гандлёвую плошчу (у Полацку, Шклове, Брэсце, Антопалі, Паставах), П-падобныя аб’ядноўваліся з ратушамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У гэтым выявіліся рысы архітэктуры барока. У 2-й пал. 18—19 ст. сфарміраваліся гандлёвыя рады, вырашаныя аднарадным пагонам у цэнтры плошчы, з двухбаковай арыентацыяй крам (у Пружанах), Т-падобныя і двухрадковыя, якія ўтваралі гандлёвую вуліцу (у Пінску). Іх фасады часта аздаблялі галерэямі і аркадамі. Найбольшыя манум. гандлёвыя рады, якія апроч гандл. і складскіх уключалі адм.-грамадскія памяшканні і пабудовы, названыя гасцінымі дварамі.
Ю.А.Якімовіч.
Гандлёвыя рады ў Кракаве (Польшча).Гандлёвыя рады ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. 1896.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́РАХАЎ (Іван Сямёнавіч) (23.9.1762—25.4.1815),
расійскі ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1812). Скончыў Артыл. і інж. шляхетны кадэцкі корпус у Пецярбургу (1787). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. кампаніі па задушэнні паўстання 1794. Вызначыўся ў войнах супраць Францыі 1805 і 1806—07, у рус.-швед. вайне 1808—09. Напярэдадні вайны 1812 у 4-м пяхотным корпусе 1-й арміі, камандзір карпуснога авангарда. Пасля бою 30 чэрв. каля Вял. Салечнікаў (цяпер Шальчынінкай, Літва) быў вымушаны адступіць. 6 ліп. спрабаваў адбіць у французаў Валожын, аднак пры набліжэнні вял. сіл праціўніка адышоў на Камень (Валожынскі р-н). 7 ліп. злучыўся каля Стоўбцаў з 2-й арміяй П.І.Баграціёна. Удзельнічаў у Смаленскай аперацыі 1812 і ў Барадзінскай бітве 1812. У вер. — кастр. 1812 камандзір асобнага атрада, заняў г. Верая (Маскоўская вобл.). У бітве каля Малаяраслаўца цяжка паранены. Біяграфія Д., складзеная яго сынам Руфінам у 1850, захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі (фонд І.Ф.Паскевіча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКІ ((Dowbor-Musnicki) Юзаф Рамуальдавіч) (25.10.1867, мяст. Гарбаў Сандамірскага пав. Радамскай губ. — 28.10.1937),
рускі і польскі ваен. дзеяч, ген.-лейт.рус. арміі (1917), ген. броні польскага войска; кіраўнік мяцяжу супраць сав. улады на Беларусі ў 1918. Скончыў Акадэмію Генштаба (1902). Удзельнік рус.-яп. вайны. У час 1-й сусв. вайны камандзір дывізій на Каўказскім і Паўн. франтах. У снеж. 1916 загадаў расстраляць без суда і следства 13 салдат, пасля чаго пераведзены на Зах. фронт камандуючым 38-м арм. корпусам 10-й арміі. У крас. 1917 выведзены са складу дэлегатаў з’езда арміі за манархічныя выступленні. У ліп. 1917 арганізаваў на Зах. фронце 1-ы польскі корпус. 25.1.1918 аб’явіў вайну Сав. Рэспубліцы (гл.Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918). З канца 1918 служыў у польскім войску. У 1919 арганізатар і камандуючы польск. войскамі ў час антыгерм. паўстання ў т.зв. прускай Польшчы. Аўтар мемуараў пра дзейнасць 1-га польск. корпуса на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РСКІ (Георгій Уладзіміравіч) (н. 11.11.1909, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1961), нар. архітэктар СССР (1981). Акад.Рас. акадэміі архітэктуры і буд. навук (1995). Скончыў Ленінградскую АМ (1939). У 1952—64 выкладчык БПІ (дацэнт з 1954). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект», з 1964 у БелНДІдзіпрасельбудзе (у 1966—79 кіраўнік майстэрні). Асн. работы ў Мінску: корпус Лечсанупраўлення (1948), ансамбль жылых дамоў на вул. Леніна (1949—56), карпусы пед. ун-та (1951—59), гасцініца Бел. саюза мастакоў, Літ. музей Я.Коласа (абедзве 1952), рэканструкцыя будынка сувораўскага вучылішча (1953), аэравакзал «Мінск-1» (1957), музей гісторыі Вял.Айч. вайны (1967), кінатэатр «Піянер», т-р лялек (абедзве 1964). Сааўтар генплана Полацка (1949). Сярод работ у сельскім буд-ве: сааўтар планіроўкі і забудовы вёсак Верцялішкі (Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы і Рэдкавічы Любанскага р-на (1969), аўтар Палаца культуры, гандл. цэнтра з гасцініцай, жылых дамоў у в.Сноў (1970-я г.) і інш. Творы манум. мастацтва: Манумент Перамогі, помнік Я.Коласу (1972) у Мінску, мемар. комплекс Зыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЭ ((Kube) Рыхард Паўль. Вільгельм) (13.11.1887, г. Глогаў, Польшча — 22.9.1943),
кіраўнік нямецкай цывільнай акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Берлінскі ун-т. Чл. Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі, у якой займаў кіруючыя пасады. Указам А.Гітлера ад 17.7.1941 прызначаны ген. камісарам Генеральнай акругі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася палітыка генацыду, рабавання і знішчэння нац. багаццяў Беларусі; па яго ініцыятыве і пры садзейнічанні створаны Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі корпус самааховы, Беларуская рада даверу, Саюз беларускай моладзі і інш. арг-цыі, праз якія да супрацоўніцтва з акупантамі была прыцягнута частка бел. інтэлігенцыі. У час яго кіраўніцтва (вер. 1941 — вер. 1943) на Беларусі была знішчана б.ч. яўрэяў, праведзена каля 100 карных аперацый супраць насельніцтва і партызан, выяўлены і жорстка пакараны многія ўдзельнікі антыфаш. падполля, у т. л. Мінскага. Знішчаны патрыётамі ў ноч на 22.9.1943 у выніку выбуху міны ва ўласнай кватэры ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНІ́ЗМ,
слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр. Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.
Літ.:
Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТНЯ (польск. lutnia ад араб. дрэва),
струнны шчыпковы муз. інструмент. Мае выпуклы міндалепадобны корпус з плоскай верхняй дэкай, у якой прарэзана рэзанатарная адтуліна з ажурнай разеткай. Кароткая шырокая шыйка заканчваецца адагнутай назад галоўкай з калкамі для нацягвання струн па баках. Унізе струны замацаваны на падстаўцы, прыклеенай да дэкі. Памеры інструмента і шыйкі, колькасць струн, іх размяшчэнне і настройка гістарычна мяняліся. Гук Л. нагадвае гітарны, здабываецца зашчыпваннем струн пальцамі або плектрам. Л. паходзіць ад уда — найб.стараж. інструмента араба-іранскай культуры. У Еўропе вядома з сярэдніх вякоў. Найб. пашырана ў 15—16 ст. як сольны, акампаніравальны і аркестравы інструмент. Выкарыстоўвалася ў прыдворнай канцэртнай практыцы, выклікала паяўленне шматлікіх віртуозаў-лютністаў і стварэнне багатай муз. л-ры. У 17—18 ст. выцеснена інш.муз. інструментамі. У 20 ст. выкарыстоўваецца ў прафес. практыцы пры выкананні старадаўняй музыкі. На Беларусі Л. вядома ў 16—18 ст., аб чым сведчаць помнікі л-ры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ (Юрый Мікалаевіч) (н. 30.5.1937, Мінск),
бел. архітэктар. Сын М.А.Малевіча. Скончыў БПІ (1961). Працаваў у Барысаўскім філіяле Мінскага аблпраекта (1961—73; гал. архітэктар праектаў), з 1976 нам.ген. дырэктара ін-та «Белбыттэхпраект» навук.-вытв. аб’яднання «Белбыттэхніка», з 1987 гал. архітэктар праектаў, кіраўнік майстэрні ін-та «Мінскграмадзянпраект», з 1996 у камітэце па архітэктуры, горадабудаўніцтве і тэрытарыяльным планаванні Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: праекты планіроўкі і забудова мікрараёнаў гарадоў Барысаў, Слуцк, Чэрвень, Смалявічы, Крупкі Мінскай вобл. і інш. (1962—72), праекты цэнтр. плошчаў у Барысаве (1963, у сааўт.) і Беразіно Мінскай вобл. (1967), цэнтра курортнага пас. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1970); б-ка, спарт.корпус з плавальным басейнам, 9-павярховы жылы дом у Барысаве (1964—68); кінатэатр «Рагнеда» ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1988); бальніца з паліклінікай у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1998); крытыя корты ў комплексе «Дразды» каля Мінска (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Касцёл узведзены ў 1780, у 1846 перабудаваны ў псеўдавізант. стылі ў Мікалаеўскую царкву. Касцёл — 3-нефавая мураваная базіліка з 5-граннай апсідай. Гал. фасад падзелены развітым антаблементам на 3 ярусы. Сцены цэнтр. нефа расчлянёны пілястрамі, на гал. фасадзе спараныя абапал высокага паўцыркульнага акна 2-га яруса і гал. ўвахода на 1-м ярусе, па абодва бакі іх неглыбокія нішы. 3-і ярус — невысокая вежа-званіца з купалком на 8-гранным барабане. Аконныя праёмы гал. фасада з паўцыркульным і арачным завяршэннем. На Пн ад касцёла 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны корпускляштара. Гал. фасад вырашаны ў лаканічных формах, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. На паўд. тарцовым фасадзе вонкавая мураваная лесвіца, агароджаная падпорнай сцяной і ўмацаваная масіўным контрфорсам. Кляштар скасаваны ў 1831.
Т.І.Чарняўская, А.Л.Ярашэвіч.
Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў. Будынак кляштара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТРАТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ (ад лац noster наш),
макрасям’я моў, якая ўключае шэраг моўных сем’яў і моў Еўразіі і Афрыкі (індаеўрапейскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, уральскія мовы, дравідыйскія мовы, алтайскія мовы, картвельскія мовы). Падзяляюцца на ўсходненастратычныя (уральскія, дравідыйскія, алтайскія) і заходненастратычныя (індаеўрап., картвельскія, семіта-хаміцкія). Дакладныя межы настратычнай сям’і не вызначаны. Роднасць Н.м. у наяўнасці ў іх генетычна тоесных каранёвых і афіксальных марфем (каля 1000). Корпус каранёвых марфем уключае ў сябе карані адзінак асн. слоўнікавага фонду, што адлюстроўваюць найб. значныя для чалавека рэаліі і паняцці (часткі цела, роднасныя адносіны, асн. з’явы прыроды, назвы жывёл і раслін, прасторавыя адносіны, элементарныя дзеянні і працэсы, асн. якасці). Фаналагічная структура настратычнай прамовы мела, верагодна, 7 галосных і вял. колькасць зычных. Многія даследчыкі лічаць настратычную сістэму блізкай да аглюцінатыўнай (гл.Аглюцінатыўныя мовы). Гіпотэзу пра роднасць Н.м. выказаў у пач. 20 ст. дацкі вучоны Х.Педэрсен. Яе навук. абгрунтаванасць даказаў рас. вучоны У.Іліч-Світыч.
Літ.:
Иллич-Свитыч ВМ. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. Т. 1—3. М., 1971—84.