ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР РАСІ́І, Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр Расіі,
тэатр оперы і балета; адзін з цэнтраў рускай і сусв. музычна-тэатр. культуры. Засн. ў 1776 у Маскве на базе трупы, створанай антрэпрэнёрам М.Медоксам і кн. П.В.Урусавым. Спектаклі даваліся ў доме графа Р.І.Варанцова, з 1780 — у будынку на вул. Пятроўка (наз. Пятроўскі т-р), з 1824 — у сучасным будынку (арх. В.Бавэ, паводле праекта А.Міхайлава; рэканструяваны ў 1856, арх. А.К.Кавас). Напачатку ставіліся замежныя і першыя рус. оперы і балеты, пазней — шэдэўры сусв. класікі і сучасных кампазітараў. З пач. 20 ст.сусв. прызнанне атрымала рус. вакальная (Ф.Шаляпін, А.Няжданава, Л.Собінаў і інш.) і балетная (К.Гельцэр, А.Горскі і інш.) школы, звязаныя з дзейнасцю Вялікага тэатра Расіі. З 1919 акадэмічны. У 1924—59 у памяшканні б. Опернага т-ра Зіміна працаваў філіял Вял.т-ра, у 1961—89 спектаклі ішлі і ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі Палац). У розныя гады ў т-ры працавалі: дырыжоры М.Галаванаў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў; спевакі В.Барсава, Н.Абухава, С.Лемешаў, І.Казлоўскі, І.Архіпава, Г.Вішнеўская, У.Атлантаў, А.Абразцова, Я.Несцярэнка, І.Сіняўская, Т.Мілашкіна, Б.Рудэнка, Ю.Гуляеў, А.Вядзернікаў, Ю.Мазурок; салісты балета Г.Уланава, Я.Лепяшынская, М.Сямёнава, М.Плісецкая, Н.Бяссмертнава, К.Максімава, У.Васільеў, М.Ліепа, В.Гардзееў, Н.Сямізорава, Н.Ананіяшвілі; рэжысёры Л.Баратаў, Б.Пакроўскі; балетмайстры Л.Лаўроўскі, Ю.Грыгаровіч, мастакі В.Рындзін, В.Левенталь і інш.Маст. кіраўнік — дырэктар т-ра У.Васільеў (з 1995). У 1920—60-я г. пры т-ры працавала Маскоўскае харэагр. вучылішча.
Літ.:
Грошева Е. Большой театр СССР в прошлом и настоящем. М., 1962;
Сегодня на сцене Большого театра, 1776—1976: К 200-летию Большого театра: [Сб. ст.]. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНАЕ́ЎСКІ (Ісак Восіпавіч) (30.1.1900, г. Лохвіца, Украіна — 25.7.1955),
рас. кампазітар. Нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1919). Кіраўнік муз. часткі Маскоўскага т-ра сатыры (з 1924), муз. кіраўнік і гал. дырыжор Ленінградскага мюзік-хола (1929—34). Старшыня Ленінградскага аддзялення Саюза кампазітараў (1937—41). Адзін са стваральнікаў і буйнейшы майстар масавай песні. Меладычны дар і высокі прафесіяналізм абумовілі папулярнасць яго песень 1930—50-х г. («Песня аб Радзіме», «Мая Масква», «Марш вясёлых рабят», «Марш энтузіястаў», «Школьны вальс», «Ляціце, галубы»), Зрабіў вял. ўклад у развіццё жанру аперэты, найб. вядомыя «Залатая даліна» (1937), «Вольны вецер» (1947, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі ў 1971), «Белая акацыя» (1955).
Адзін з пачынальнікаў жанру муз. кінакамедыі, аўтар музыкі да кінафільмаў «Вясёлыя рабяты» (1934), «Варатар», «Цырк», «Дзеці капітана Гранта» (усе 1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947), «Кубанскія казакі» (1949), а таксама бел. «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Залатыя агні» (1935), «Шукальнікі шчасця» і «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936), «Канцэрт Бетховена» (1937), «Маё каханне» (1940), дакумент. «10 год Белдзяржкіно» (1936). Быў дырыжорам і гукамантажорам бел. фільмаў, у т. л. «Паручнік Кіжэ» з муз. С.Пракоф’ева. У сваю музыку ўключаў інтанацыі бел.нар. песень, гучанне жалейкі, стварыў апрацоўку бел.нар. песні «Бульба». Дзярж. прэмія СССР 1941, 1951.
Літ.:
Пэн А. И.Дунаевский. М., 1956;
И.О.Дунаевский: Выступления, статьи, письма. Воспоминания. М., 1961;
Чернов А. И.О.Дунаевский. М., 1961;
Бондарева Е.П. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980. С. 47, 56—66;
Арканов Б. Дунаевский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАФО́НІЯ (ад гама... + грэч. phōnē гук, голас),
від шматгалосся, які вызначаецца падзелам галасоў на галоўны (мелодыя) і другарадныя (суправаджэнне). У гэтым прынцыповае адрозненне гамафоніі ад поліфаніі, дзе галасы раўназначныя. Сутнасць гамафоніі ў вылучэнні аднаго голасу як носьбіта асн. зместу муз. вобраза. Нязначная індывідуалізацыя галасоў суправаджэння спрыяе іх аб’яднанню часцей за ўсё як элементаў адзінага акордавага комплексу. Змена акордаў і акордавых комплексаў — спецыфічны фактар развіцця ў гамафонных формах, якое выяўляе ладава-гарманічныя функцыі асн. голасу і суправаджэння. Лінеарнае, інтанацыйнае, рытмічнае ўзбагачэнне галасоў суправаджэння прыводзіць да поліфанізацыі муз. фактуры, аднак вызначальнай прыкметай гамафоніі застаецца канцэнтрацыя муз. думкі ў адным голасе. Прынцыпы гамафоніі выкарыстоўваюць у розных жанрах і формах. У выніку разнастайных варыянтаў рытмічных суадносін паміж галасамі ўтвараюцца тыпы гамафоннай фактуры: акордавы, тып разгорнутай мелодыі з акордавым ці фігурацыйным суправаджэннем; поліфанізаваная гамафонія (спалучае энергію меладычных ліній з багаццем гамафоннай акордыкі і дынамізмам функцыянальных змен).
У Стараж. Грэцыі гамафонія абазначала выкананне мелодыі ва унісон ці ў актаву. У еўрап.прафес. музыцы яе станаўленне ў сучасным сэнсе звязана з эпохай Адраджэння (на Беларусі крышталізацыя гамафонных сродкаў выразна прасочваецца ў стылістыцы канта) У 17—18 ст. гамафонія — асн.муз. склад у оперы, араторыі, кантаце, інстр жанрах Творчасць венскіх класікаў (В.А.Моцарта, І.Гайдна, Л.Бетховена) сканцэнтравала найб. значныя і каштоўныя рысы гамафоніі. У 20 ст. побач з развіццём гамафоніі павялічылася цікавасць кампазітараў да поліфаніі.
Літ.:
Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫІ́НСКІ ТЭА́ТР,
тэатр оперы і балета ў С.-Пецярбургу; адзін са старэйшых і буйнейшых муз. т-раў Расіі. Вядзе гісторыю з 1783 ад Каменнага (Вялікага) т-ра, дзе разам з камедыямі і трагедыямі ставіліся оперы і балеты. У 1803 оперная і балетная трупы аддзяліліся ад драматычнай. У 1836 т-р адкрыўся ў новым будынку (арх. А.Кавас) операй «Жыццё за цара» («Іван Сусанін») М.Глінкі. З 1860 наз. Марыінскі т-р (у гонар імператрыцы Марыі Аляксандраўны). З 1919 Дзярж.акад.т-р оперы і балета, з 1935 — імя С.М.Кірава, з 1991 зноў М.т. На сцэне т-ра традыцыйна ставяцца оперы і балеты рус. і зах.-еўрап. класікаў, з 1960-х г. рэпертуар узбагаціўся многімі творамі сучасных кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры А.Лядаў, Э.Напраўнік, М.Малько; спевакі Л.Собінаў, Ф.Шаляпін, В.Пятроў, Б.Штокалаў, Г.Кавалёва; танцоўшчыкі Т.Карсавіна, М.Кшасінская, В.Ніжынскі, Г.Паўлава, Г.Уланава, М.Барышнікаў, І.Бельскі, Г.Комлева, Н.Кургапкіна, Н.Макарава, Р.Нурыеў; балетмайстры М.Петыпа, М.Фокін, Ф.Лапухоў; мастак А.Бенуа і інш. У трупе (1999): спевакі У.Агнавенка, М.Ахотнікаў, І.Багачова, Я.Гарахоўская, Ю.Марусін, К.Плужнікаў, Л.Філатава; артысты балета А.Асылмуратава, К.Заклінскі, А.Куркоў, В.Ліхоўская, Ю.Махаліна, Ф.Рузіматаў і інш.Гал. дырыжор і маст. кіраўнік В.Гергіеў (з 1988), гал. балетмайстар А.Вінаградаў (1977—99).
Літ.:
Конков А., Ступников И. Театр оперы и балета им. С.М.Кирова. Л., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫТУ́РА (італьян. partitura ад лац. partio дзялю, размяркоўваю),
нотны запіс шматгалосага муз. твора для аркестра, хору, камернага ансамбля і інш. У П. кожная партыя пішацца ці друкуецца на асобным нотным стане; натаносцы (радкі) размяшчаюцца па вертыкалі — у пэўным парадку па групах інструментаў і па гарызанталі — паводле прынцыпу супадзення тактаў, тэсітуры — зверху ўніз (за выключэннем труб), партыі арфы, фп., аргана, салістаў, хору — над групай струнных (смыкавых). Размяшчэнне інстр. груп у П. для сімф. аркестра (зверху ўніз) наступнае: драўляныя духавыя, медныя духавыя, ударныя, струнныя. Чытанне (аналіз) П. — адна з дысцыплін муз. адукацыі кампазітараў, дырыжораў, музыказнаўцаў і інш.
Першыя звесткі пра П. датуюцца пач. 16 ст. («Tabulae compositorias», «Кампазітарскія табліцы»), Развіццё кампазітарскай тэхнікі, інструментарыя, інстр. складу аркестра адбілася на структуры П. Сучасная арганізацыя П. сфарміравалася ў 19 ст. Некат. змены ў традыц. правілы ўнеслі Г.Берліёз, Р.Вагнер, Р.Штраус, А.Месіян і інш. Спробы прасцейшага запісу арк. твораў рабілі М.Рымскі-Корсакаў, М.Мяскоўскі, С.Пракоф’еў. У сярэдзіне 20 ст. новыя віды кампазітарскай тэхнікі (А.Шонберг, А.Берг, А.Анегер і інш.) спрыялі ўзнікненню ўмоўных спосабаў натацыі, а таксама інш. знакавых натацыйных прынцыпаў. У бел. музыцы гэта адбілася ў некат. творах Дз.Смольскага, В.Кузняцова, В.Капыцько і інш.
Літ.:
Таранов Г. Курс чтения партитур. М.; Л., 1939;
Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;
Рогаль-Левицкий Д.Р. Беседы об оркестре. М., 1961;
Мальтер Л. Таблицы по инструментоведению. М., 1966;
Благодатов Г.И. История симфонического оркестра. Л., 1969;
Фортунатов Ю.А. История оркестровых стилей. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННЫ ТЭА́ТР,
від прыватнага дваранскага т-ра. Быў пашыраны ў Расіі ў канцы 17—19 ст. (П.т. графаў Шарамецевых, князя М.Б.Юсупава, А.Р.Варанцова ў Маскве; С.С.Каменскага ў Арле; Н.Г.Шахаўской ў Ніжнім Ноўгарадзе). На Беларусі П.т. існавалі ў 18—1-й пал. 19 ст. Дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спец. памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш.Тэатр. трупы ствараліся з прыгонных сялян; часам у спектаклях выступалі велікасвецкія аматары і прафес. акцёры, інш. раз прыгонныя артысты ўдзельнічалі ў паказах прыватных прафес. тэатраў (гл.Віцебскі балет Піёна). Найб. вядомыя П.т.: Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, тэатр Бжазоўскага ў Матэвушах (пач. 19 ст.), Ружанскі тэатр Сапегаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Чарнышова тэатры, Тышкевічавы тэатры. Значную ролю ў гісторыі бел., польск. і рус. мастацтва адыгралі П.т. Радзівілаў (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла) і Шклоўскі тэатр Зорыча, якія мелі балетна-оперна-драм. трупы, вял. аркестры і капэлы (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы), тэатр. будынкі з добра абсталяванай сцэнай і развітой машынерыяй. У т-рах працавалі вядомыя тагачасныя кампазітары і балетмайстры, існавалі школы, у якіх рыхтавалі для т-раў артыстаў (гл.Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Слонімская балетная школа, Нясвіжская. балетная шкала, Слуцкая балетная школа). У рэпертуары былі оперы і балеты замежных і рус.кампазітараў, перакладная і арыгінальная драматургія (камедыі Ф.У.Радзівіл, перакладзеныя ёю на польскую мову п’есы Мальера). Своеасаблівай тэатр. з’явай быў у пач. 19 ст. прыгонны цырк Оштарпа ў Дукоры (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.).
Літ.:
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУКСТ (Рыгор Канстанцінавіч) (27.11.1900, г. Гомель, — 12.11.1960),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928, кл. Г.Канюса). З 1929 выкладаў у Омскім, у 1932—41 Гомельскім муз. тэхнікумах, у 1944—49 і 1959—60 у Бел. кансерваторыі. З 1949 хормайстар, ў 1953—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, адначасова — муз. перадач Гал. ўпраўлення радыёінфармацыі Мінва культуры Беларусі. Музыцы П. ўласцівы глыбокі драматызм, вастрыня гарманічнай і меладычнай мовы. Лірычная вобразнасць, песеннасць тэматызму, заснаванага на гар. рамансавым фальклоры, уласціва сімф. і вак. творчасці. Аўтар опер «Машэка» (1945, паст. на радыё 1947), першай бел. оперы для дзяцей «Марынка» (паст. 1955), «Свіцязянка» (1960), вак.-сімф. «Паэмы аб Чырвонай Арміі» (1938), кантаты «А хто там ідзе?» (1958, на сл. Я.Купалы), 6 сімфоній (1934, 1941, 2-я рэд. 1944, 1950, 1955, 1957, 1959), сімф. фантазіі «Перапёлачка», сюіты «Сымон-музыка», танц. сюіты для квартэта цымбалаў, 3 сюіт для секстэта домраў, 5 фуг для фп. і стр. квартэта, «Працяжнай» для фп. квартэта, інш. камерных інстр. твораў, шэрагу хораў (у т. л. «Дуб» на сл. П.Броўкі і інш.), вак. цыкла на санеты А.Звонака, рамансаў для голасу з фп. на сл. Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага, А.Пушкіна, А.Блока і інш., песень (у т. л. «Шумныя бярозы» на сл. Я.Купалы, «Лугам зеляненькім» на сл. З.Бядулі), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Апрацоўваў бел.нар. песні (больш за 50), творы самадз.кампазітараў (больш за 20).
Літ.:
Журавлев Д.Н. Г.К.Пукст, заслуженный деятель искусств БССР. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧАНО́К (Ігар Міхайлавіч) (н. 6.8.1938, г. Мар’іна Горка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар.арт. Беларусі (1982). Нар.арт.СССР (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1961, клас А.Багатырова), у 1982—86 яе рэктар. З 1980 старшыня праўлення Бел. саюза кампазітараў. Працуе ў розных жанрах (вак,сімф., камерна-інстр., камерна-вак.), найб. плённа ў песенным. Асн. вобразная сфера яго песеннай творчасці — лірыка-рамантычная. Музыцы ўласцівы яркі меладызм і нац. самабытнасць. Сярод твораў: кантаты «Курган» на словы Я.Купалы і «Салдацкае сэрца» (абедзве 1962), «Невядомы салдат» (1970), «Зоры над соснамі» (1981), паэма-легенда «Гусляр» (1979), вак.-сімф. паэма «Вайна не патрэбна» (1983); уверцюра-фантазія для сімф.арк. (1975), стр. квартэт, саната для габоя і фп., саната і прэлюдыя для фп.; вак. цыклы «Сіні колер» (1965), трыпціх «Чалавеку патрэбна цішыня» (1966), цыкл рамансаў «О, Радзіма бацькоў» на вершы В.Дуніна-Марцінкевіча, М.Танка, Н.Гілевіча (1980), балады «Апасіяната» на словы Э.Агняцвет (1969), «Авэ Марыя» на словы М.Алтухова (1973); песні «Памяць сэрца», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Верасы», «Хатынь», «Каб камяні маглі гаварыць», «Пісьмо з 45-га», «Зачарованая мая», «Майскі вальс», «Світанак», «Белы бусел», «Я хаджу закаханы», «Пакуль на зямлі існуе каханне», «Мар’іна Горка», «Дарагія мае старыя» і інш.; хары, творы для эстр. аркестра; музыка для дзяцей, да драм. спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Літ.:
Зубрыч І.І. Ігар Лучанок;
Кім Цесакоў. Мн., 1973;
Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.Глебов, С.Кортес, Д.Смольский, И.Лученок. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІКАВА (Тамара Мікалаеўна) (н. 9.3.1925, г. Самара, Расія),
бел. спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1964). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас. М.Уладзіміравай). У 1951—76 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1964 адначасова выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 праф., у 1976—86 заг. кафедры). Валодае голасам чыстага серабрыстага тэмбру, філіграннай каларатурнай тэхнікай. Яе творчасці характэрны мяккі лірызм, жаноцкасць, шчырасць і шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Сярод партый у нац. операх: Марфачка, Баба-Лапатуха («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.Пукста), Ірына («Калючая ружа» Ю.Семянякі); у класічным рэпертуары — Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Валхава, Марфа, Шамаханская царыца («Садко», «Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Ганна («Страшны двор» С.Манюшкі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Цэрліна («Фра-Д’ябала» Ф.Абера), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба), Лейла, Мікаэла («Шукальнікі жэмчугу» і «Кармэн» Ж.Бізэ), Манон («Манон» Ж.Маснэ), Цэрліна («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Мюзета («Багема» Дж.Пучыні); у класічных аперэтах — Адэль, Арсена («Лятучая мыш», «Цыганскі барон» І.Штрауса), Жэрмен («Карневільскія званы» Р.Планкета). У яе канцэртным рэпертуары значнае месца займалі творы бел.кампазітараў, напісаныя спецыяльна для яе (Л.Абеліёвіча, Пукста, Семянякі, Цікоцкага), бел.нар. песні. Удзельнічае ў перадачах бел. тэлебачання і радыё. Сярод вучаніц: засл. артыстка Беларусі Л.Лют, А.Бундзелева, В.Курбацкая, А.Ніжнікава, А.Шведава і інш.
Літ.:
Смольскі Б.С. Любімая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Івашкоў Л. Артыстка, педагог, калега: Народнай артыстцы СССР Т.Ніжнікавай — 60 гадоў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ О́ПЕРА (L’Opéra de Paris),
«Гранд-Апера» (Grand Opéra; афіц. назва Нацыянальная акадэмія музыкі і танца; Académie Nationale de musique et danse), оперна-балетны тэатр у Парыжы; адзін з вядучых цэнтраў франц.муз.-тэатр. культуры. Засн. ў 1669, адкрыты ў 1671 як Каралеўская акадэмія музыкі (да 19 ст. назвы мяняліся). У 1713 пры т-ры створана балетная школа. З 1875 працуе ў будынку, пабудаваным арх. Ш.Гарнье (рэканструяваны ў 1936; размалёўка плафона М.Шагала, 1963—65), і наз. «Гранд-Апера». Дзейнасць тэатра звязана з увасабленнем на сцэне твораў розных жанраў нац.франц. оперы: лірычная трагедыя, опера-балет, вялікая опера, лірычная опера і інш. Ставіліся творы Ж.Б.Люлі (у 1672—87 кіраўнік тэатра), Ж.Ф.Рамо, К.В.Глюка, Дж.Расіні, Дж.Меербера, Г.Берліёза, Г.Даніцэці, А.Адана, Ш.Гуно, Дж.Вердзі, Р.Вагнера, Ж.Маснэ, К.Сен-Санса, Л.Дэліба і інш., некаторыя з іх у тэатры пастаўлены ўпершыню. Склалася франц. школа класічнага танца. Акрамя опер і балетаў франц.кампазітараў у рэпертуары сусв. класіка, у т. л. руская (творы М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева). У тэатры выступалі і выступаюць вядомыя спевакі, у т. л. М.Ф.Малібран, П.М.Віярдо-Гарсія, Джулія Грызі, Д.Дзюваль, М.Калас, Э.Каруза, Ф.Шаляпін, А.Няжданава, Ц.Гобі, М.Геда; артысты балета М.Тальёні, К.Грызі, Л.Дарсанваль, Л.Дэйдэ, В.Ніжынскі, С.Перэці, С.Атанасаў, П.Бар; сярод балетмайстраў Ж.Ж.Навер, Л.Петыпа, С.Ліфар, М.Фокін, М.Бежар, у 1985—89 маст. кіраўнік балетнай трупы Р.Нурыеў; дырыжоры Ш.Ламуро, Э.Калон, П.Манцё, Р.Дэзарм’ер, Ш.Мюнш, Л.Фарэсцье, П.Булез і інш. З 1990 працуе балетная сцэна, у будынку на пл. Бастыліі — оперная.