састаўная частка ўзбраення, прызначаная для паражэння жывой сілы і тэхнікі, разбурэння збудаванняў (умацаванняў) і выканання спец. задач (асвятлення, задымлення і інш.). Да боепрыпасаў адносяць артыл. выстралы, рэактыўныя снарады, боегалоўкі ракет і тарпедаў, патроны да стралк. зброі, гранаты, авіяц.бомбы, інж. і марскія міны, фугасы, дымавыя шашкі і інш. Боепрыпасы дасылаюцца да цэляў з дапамогай агнястрэльнай зброі (кулі, снарады, міны і інш.), рухавікоў (рэактыўныя снарады, тарпеды), скідваннем з вышыні (авіяц. бомбы) або кіданнем уручную (ручныя гранаты). Некаторыя боепрыпасы ўстанаўліваюцца на мясцовасці або ў вадзе (міны, фугасы). Паводле прызначэння адрозніваюць боепрыпасы асн. (для паражэння цэляў), спец. (для асвятлення, задымлення, распаўсюджвання агітацыйнай л-ры і інш.), дапаможныя (вучэбныя, халастыя, для спец. выпрабаванняў); паводле характару забеспячэння — са звычайным выбуховым рэчывам, ядзерныя боепрыпасы, аб’ёмнага выбуху, хім. (асколачна-хім.) і інш. Частка боепрыпасаў расходуецца на баявую падрыхтоўку войскаў. Захоўваюцца боепрыпасы ў спец. абсталяваных сховішчах і складах, якія строга ахоўваюцца, большасць з іх з’яўляюцца часткай баз ваенных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАСТВО́РЫ.
Выкарыстоўваюць для каменнай муроўкі, мантажу зборных бетонных і жалезабетонных канструкцый, аховы метал. канструкцый і закладных дэталяў ад карозіі, для гідра-, цепла- і гукаізаляцыі будынкаў і збудаванняў. Атрымліваюць з сумесі вяжучага рэчыва (з вадой, часам без яе), дробнага запаўняльніку і дабавак (пры неабходнасці). Яны здольныя зацвердзяваць, склейваць каменныя матэрыялы і ўтвараць ахоўныя слаі буд. канструкцый.
Адрозніваюць будаўнічыя растворы: муравальныя, аддзелачныя (тынкавальныя, дэкаратыўныя) і спецыяльныя (ін’екцыйныя, тампанажныя, гарача- і кіслотаўстойлівыя, рэнтгенаахоўныя, акустычныя); цяжкія (шчыльнасць больш за 1500 кг/м³) і лёгкія (менш за 1500 кг/м³); цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя і мяшаныя (цэментна-гліняныя, цэментна-вапнавыя, вапнава-гіпсавыя, палімерцэментныя, цэментна-перхлорвінілавыя). Будаўнічыя растворы рыхтуюць звычайна на аўтаматызаваных растворных з-дах і вузлах, дастаўляюць на буд. аб’екты ў спец. аўтацыстэрнах або аўтамабілях-самазвалах. Для зімовай муроўкі і тынкоўкі ў сумесь уводзяць процімарозныя дабаўкі, для павышэння тэхнал. якасцей і тэхн. характарыстык — пластыфікавальныя і паветраўцягвальныя дабаўкі. У дэкар. Будаўнічыя растворы дабаўляюць святло-, шчолача- і кіслотаўстойлівыя пігменты, спец. запаўняльнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАЦЭМЕ́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
танкасценныя будаўнічыя канструкцыі з дробназярністага бетону, арміраванага частымі тканымі ці зварнымі сеткамі з тонкага дроту. Армацэментавыя канструкцыі лёгкія, трывалыя, воданепранікальныя, адрозніваюцца дысперсным размеркаваннем трэшчын і замаруджаным іх раскрыццём. Выкарыстоўваюцца як апорныя і агараджальныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, пры буд-ве рэзервуараў, вадаводаў, невял. суднаў, водаахоўных элементаў метрапалітэна і г.д.
Адрозніваюць армацэментавыя канструкцыі з дысперсным арміраваннем (да 4 тонкіх сетак з дроту дыям. 0,7—1 мм на 1 см таўшчыні канструкцыі) і камбінаваным (2 тонкія сеткі і 1 каркасная з дроту дыям. 3—4 мм). Іх робяць пераважна ў выглядзе тонкіх (10—30 мм) прасторавых канструкцый складкаватага і хвалепадобнага профіляў пралётам да 75 м. Канструкцыі пралётам да 18 м складаюцца з аднаго элемента, больш за 18 м — з некалькіх. Армацэментавыя канструкцыі вырабляюцца ў спец. матрыцах ці напырскваннем бетоннай сумесі.
Армацэментавыя канструкцыі: а — панэль хвалепадобнага профілю; б — зборна-маналітная абалонка з армацэментавых элементаў (крыты рынак «Камароўскі» ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,
тып гандлёвых збудаванняў, якія складаюцца з шэрагу крам, злучаных у суцэльны корпус. У Зах. Еўропе пашыраны з часоў сталага сярэднявечча (Брэмен, Кракаў, Прага), у Расіі — у 17—19 ст. (Кастрама, Яраслаўль) у стылі класіцызму. На Беларусі вядомыя з 16 ст. Будавалі з цэглы, радзей з дрэва, пераважна ў гарадах і мястэчках. Замкнёныя гандлёвыя рады ўтваралі прамавугольную ці квадратную ў плане гандлёвую плошчу (у Полацку, Шклове, Брэсце, Антопалі, Паставах), П-падобныя аб’ядноўваліся з ратушамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У гэтым выявіліся рысы архітэктуры барока. У 2-й пал. 18—19 ст. сфарміраваліся гандлёвыя рады, вырашаныя аднарадным пагонам у цэнтры плошчы, з двухбаковай арыентацыяй крам (у Пружанах), Т-падобныя і двухрадковыя, якія ўтваралі гандлёвую вуліцу (у Пінску). Іх фасады часта аздаблялі галерэямі і аркадамі. Найбольшыя манум. гандлёвыя рады, якія апроч гандл. і складскіх уключалі адм.-грамадскія памяшканні і пабудовы, названыя гасцінымі дварамі.
Ю.А.Якімовіч.
Гандлёвыя рады ў Кракаве (Польшча).Гандлёвыя рады ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. 1896.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРБАЛО́ІД (ад гіпербала + грэч. eidos выгляд),
незамкнутая цэнтральная паверхня 2-га парадку. Бывае адна- і двухполасцевы; пры перасячэнні гіпербалоіда з плоскасцю ў залежнасці ад параметраў атрымліваюцца ўсе канічныя сячэнні, а таксама пара прамых (у выпадку аднаполасцевага гіпербалоіда). Праз кожны пункт аднаполасцевага гіпербалоіда праходзяць 2 прамыя (прамалінейныя ўтваральныя), якія цалкам ляжаць на яго паверхні, г. зн. аднаполасцевы гіпербалоід — лінейчастая паверхня, утвораная дзвюма сем’ямі прамых; выкарыстоўваецца як стрыжнёвая канструкцыя вежавых збудаванняў, напр. секцыі Шухаўскай радыёвежы на Шабалаўцы ў Маскве.
Кананічнае ўраўненне гіпербалоіда ў прамавугольнай сістэме каардынат: x2/a2 + y2/b2 − z2/с2 = 1 (аднаполасцевы), x2/a2 + y2/b2 − z2/с2 = -1 (двухлопасцевы); гіпербалоід неабмежавана набліжаецца да паверхні x2/a2 + y2/b2 − z2/с2 = 0 (асімптатычны конус; a, b, c — даўжыні паўвосяў гіпербалоіда). Калі a = b, то атрымаецца гіпербалоід вярчэння.
Гіпербалоід: а — двухполасцевы; б — аднаполасцевы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Мацвей Фёдаравіч) (1738, Масква — 7.11.1812),
рускі архітэктар, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў арх. школе Дз.Ухтамскага (1751—60). Упершыню ў Расіі распрацаваў і ажыццявіў канструкцыі купалоў вял. дыяметра для палацавых і грамадскіх збудаванняў. Сярод работ: Сенат (1776—87), ун-т (1782—93, пасля пажару 1812 перабудаваны Дз.Жылярдзі), Галіцынская бальніца (1796—1801), дамы-сядзібы Дзямідава (1779—91), Губіна (1790-я г.), цэрквы Піліпа Мітрапаліта (1777—88), Ушэсця (1790—93) — усе ў Маскве. У пабудовах рамант. кірунку пакідаў класічную аснову, для аздаблення фасадаў выкарыстоўваў дэкар. элементы стараж.-рус. архітэктуры (Пятроўскі палац у Маскве, 1775—82; цяпер Ваенна-паветр. акадэмія). Выдатны майстар інтэр’ера: зала шляхетнага сходу, Круглая зала ў будынку Сената, «залатыя пакоі» дома Дзямідава. У 1800—04 кіраваў складаннем планаў Масквы, стварыў серыі арх. альбомаў. Працаваў таксама ў графіцы. У 1792 арганізаваў арх. школу пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва.
Літ.:
Власюк А.И., Каплун А.И., Кипарисова А.А.Казаков. М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЖЫ,
востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.
У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЎШЫЦ (Мордух Насонавіч) (17.4.1918, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 7.3.1997),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1946 працаваў у праектных ін-тах Мінска (з 1969 гал. архітэктар ін-та «Белкамунпраект», у 1974—78 — ін-та «Белжылпраект»). Найб. значныя работы: у Мінску — планіроўка жылых кварталаў (1950-я г.) і жылыя дамы па вуліцах Я.Коласа (1951), Чырвонай (1953) і Камуністычнай (1954, абодва ў сааўт.), праспекце Ф.Скарыны (1956), 2-я чарга тэхнал. ін-та (1967), адм. карпусы Дзяржкамсельгастэхнікі і Мінпрамбуда, Мін-ва мантажных і спец.буд. работ (усе 1970), адм. будынкі на праспекце Ф.Скарыны (1953) і па вул. Савецкай (1976; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву), ін-т «Белжылпраект» (1981); праект рэканструкцыі гіст. цэнтра Гродна (1971, кіраўнік аўтарскага калектыву), серыі тыпавых праектаў жылых дамоў, гандл.збудаванняў і інш. грамадскіх будынкаў (усе 1957—69); планіроўка цэнтр. плошчы (1960) у Барысаве; помнік танкістам каля Дома афіцэраў у Мінску (1952) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАЛІТЫ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ, мегаліты (ад мега... + lithos камень),
старажытныя збудаванні з вял. неапрацаваных або груба апрацаваных камянёў. Да такіх збудаванняў належаць дальмены, кромлехі, менгіры, пахавальныя і крапасныя цыклапічныя пабудовы. Пашыраны па ўсім свеце (за выключэннем Аўстраліі), пераважна ў прыморскіх рэгіёнах. На тэр. Еўропы самыя стараж. М.з. вядомы з эпохі энеаліту, значна пашырыліся ў бронзавым веку. Найб. вядомы на атлантычным узбярэжжы Зах. Еўропы, у Міжземнамор’і, на Каўказе. Сусветна вядомым М.з. з’яўляецца Стонхендж у Англіі, які, на думку многіх даследчыкаў, быў стараж. астранамічнай абсерваторыяй. На Беларусі да М.з. можна аднесці нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., куды з даўніх часоў прыносяць ахвяраванні мясц. жыхары. Помнікамі рытуальна-астранамічнага прызначэння, верагодна, можна лічыць вял. валуны на беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., складзеныя ў выглядзе квадрата 15 × 15 м, адкрытага з аднаго боку (гл.арт.Камяні).
Э.М.Зайкоўскі.
Да арт.Мегалітычныя збудаванні. Стонхендж. Цэнтральная частка пабудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМЕ́ЕР, Німеер Суарыс Філью (Niemeyer Soares Filho) Оскар (н. 15.12.1907, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія), бразільскі архітэктар; адзін з заснавальнікаў сучаснай школы браз. архітэктуры. Замежны ганаровы чл.АМСССР (1983). Скончыў Нац.маст. школу ў Рыо-дэ-Жанейра (1934). Наватарская распрацоўка жалезабетонных канструкцый, пошукі іх эстэт. выразнасці вызначылі ў асн. работах Н. смеласць і свабоду планіровачных вырашэнняў, экспрэсію і пластычнае багацце форм: комплекс спарт. і відовішчных збудаванняў у Пампульі каля Белу-Арызонты (1942—43), у Рыо-дэ-Жанейра — банк Баавіста (1946), уласны дом Н. (1953), гасцініца «Насіянал» (1970); Музей прыгожых мастацтваў у Каракасе (Венесуэла; 1955—56). Паводле праектаў Н. забудоўваўся (з 1957) г. Бразілія з незвычайнымі па формах адм. і грамадскімі пабудовамі. У 1960—70-я г. праектаваў і будаваў грамадскія будынкі ў Гане, Італіі, Ліване, Францыі і інш.Міжнар. Ленінская прэмія 1963.