механічныя генератары гукавых (або ультрагукавых) ваганняў, крыніцай энергіі якіх з’яўляецца высокаскарасны газавы струмень. Адрозніваюць свісткі (напр., Гальтана свісток), генератары (Гартмана генератар) і сірэны. Выкарыстоўваюцца ў кантрольна-вымяральнай і сігналізавальнай апаратуры, для распылення вадкасцей, атрымання або асаджэння аэразоляў, у розных тэхнал. устаноўках для інтэнсіфікацыі цепла- і масаабмену і інш.
Гальтана свісток мае сапло з вузкай кальцавой шчылінай, перад якой размешчаны пустацелы цыліндрычны рэзанатар з вострымі клінападобнымі краямі. Газ, што выходзіць пад невял. ціскам, накіроўваецца на востры край рэзанатара і ўзбуджае ў ім перыядычныя віхры. У Гартмана генератары з сапла выцякае звышгукавы газавы струмень. Рэзанатар размешчаны сувосна з саплом у зоне няўстойлівасці газавага струменя. Частата выпрамененага гуку залежыць ад памераў рэзанатара і адлегласці паміж ім і саплом. Прынцып дзеяння сірэн заснаваны на мех. перыядычным перарыванні газавага (або вадкаснага) струменя з дапамогай заслонкі, цыліндра або дыска з адтулінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОНД (франц. sonde),
1) у медыцыне — інструмент для даследавання (лячэння) пустацелых органаў, каналаў, ран і інш. Дазваляе вызначыць глыбіню і шырыню поласці, наяўнасць іншародных цел, змесціва органа, уводзіць дыягнастычныя і лекавыя сродкі і інш. 2) У метэаралогіі — шар з прыладамі для рэгістрацыі метэаралагічных даных верхніх слаёў атмасферы. Атрыманая інфармацыя перадаецца, напр., па радыё (радыёзонд) і рэгіструецца ў пункце выпуску З.) У ваеннай тэхніцы — металічны стрыжань (шчуп), які служыць, напр., для пошуку мін, снарадаў, авіябомбаў і інш. боепрыпасаў, якія знаходзяцца ў зямлі.
4) У электратэхніцы — металічны электрод для вывучэння (разам з электрометрам) размеркавання патэнцыялу ў эл. ланцугу.
5) У горнай справе — сукупнасць электродаў для вымярэння ў свідравіне эл. праводнасці горных парод. Дазваляе атрымліваць звесткі аб пародах, якія перасякала свідравіна, без падымання ўзораў на паверхню.
6) У рыбалоўстве — суднавая апаратура для кантролю параметраў рыбалоўнага трала і падводных абставін у час тралення. Служыць таксама для навядзення трала на скопішча рыбы, вызначэння ступені напаўнення яго рыбай і інш. 7) У акустыцы — прылада для вымярэння гукавога ціску ў зададзеным пункце гукавога поля. Уяўляе сабой вузкі акустычны хвалявод, злучаны з прыёмнікам гуку, напр. мікрафонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯРО́ВАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,
сістэма тэлебачання, у якой узнаўляецца каляровы відарыс аб’екта здымкі. Грунтуецца на колерных уласцівасцях зроку чалавека, колераметрыі, фарміраванні першасных сігналаў асн. колераў (чырвонага, зялёнага і сіняга). Выкарыстоўваецца ў тэлевізійным вяшчанні і прыкладным тэлебачанні; найб. пашыраныя сістэмы К.т. ПАЛ, НТСЦ і СЕКАМ.
Адрозніваюць К.т. з адначасовай (найб. пашырана) і пачарговай перадачай тэлевізійных сігналаў (відарыса і гуку), для фарміравання і перадачы па каналах сувязі якіх выкарыстоўваюць спец. метады кадзіравання каляровай інфармацыі Асн. патрабаванне да сістэм вяшчальнага К.т. — сумяшчальнасць з сістэмамі чорна-белага тэлебачання. Для гэтага фарміруюцца сігналы яркасці і 2 колерарозныя, якія ўтвараюць сігнал колернасці. Відэасігнал займае такую ж паласу частот, што і сігнал чорна-белага тэлебачання і таму перадаецца па тых жа каналах сувязі. У каляровым тэлевізары відэасігналы вылучаюцца шляхам дэкадзіравання тэлевізійных сігналаў і падаюцца на кінескоп ці інш. ўзнаўляльную прыладу (у чорна-белых тэлевізарах выкарыстоўваецца толькі сігнал яркасці). Паляпшэнне якасці відарыса ў К.т. дасягаецца ў сістэмах тэлебачання павышанай якасці і асабліва ў сістэмах высокай выразнасці. У СНД, у т. л. на Беларусі, эксплуатуецца (з 1967) сав.-франц. сістэма К.т. з адначасовай перадачай сігналаў СЕКАМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СТАВАНГАРД (ад пост... + авангард),
неаавангард, у музыцы ўмоўная назва розных плыней сучаснага зах.-еўрапейскага муз. мастацтва, для якіх характэрна адмаўленне ад эстэт. установак авангарда. Тэрмін зацвердзіўся ў канцы 1960-х г. Выявіўся ў змешванні розных стыляў (гл.Полістылістыка), тэхнік пісьма ў адным творы (напр., «Атмасферы» Дз.Лігеці). Разрыў паміж пераўскладненай авангарднай музыкай і ўспрыманнем яе публікай прывёў да ўзнікнення музыкі мінімалістаў з культам прастаты, звароту да традыц. музыкі ўсх. культур з іх запаволеным успрыманнем часу. Для П. характэрны пошук новых уласцівасцей гуку (у галіне санорыкі, мікрахраматыкі, электроннай музыкі), панаванне т.зв. афармальнай музыкі: «адкрытых» твораў, ці якія «развіваюцца» (усе віды алеаторыкі, «момантавая музыка», «жывая электронная музыка», «музыка дзеяння» і інш., у якіх муз. твор прадстаўлены не як вынік творчай дзейнасці, а як працэс). Яскравыя вынаходніцтвы П. — формульная, мультыформульная і суперформульная кампазіцыі. Рысы П. найб. уласцівы творчасці кампазітараў Л.Берыо, Г.Генцэ, К.Штокгаўзена, П.Булеза, Л.Нона. У бел. музыцы П. у чыстым выглядзе не знайшоў увасаблення, пэўныя яго прыёмы выкарыстоўваюць А.Сонін («Прысвячэнне Сапфо»), Дз.Смольскі («Актафонія») і інш.
Літ.:
Соколов А.С. Музыкальная композиция XX в.: Диалектика творчества. М., 1992.
1. Прыстасаванне для аслаблення сілы гуку або шуму ад работы рухавіка, механізма і пад. Бурмакоў ўключыў глушыцель, але і прыглушанае выццё, здавалася, урывалася ва ўсе куткі карабля, ледзь не даводзячы людзей да вар’яцтва.Шыцік.
2. Прыстасаванне ў мнагаструнных музычных інструментах для спынення хістання струн; дэмпфер.
3.перан. Той, хто заглушае якія‑н. імкненні або ініцыятыву. Глушыцель крытыкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́снасць1, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан яснага; ясната. Яснасць неба. Яснасць позірку. Яснасць гуку. □ У вясковай сіняватай яснасці ярка відаць былі палі.Асіпенка.Новы дзень настаў, але яснасці ў сям’ю Вішнёвых ён не прынёс.Грамовіч.Твае мне любы месячныя ночы І яснасць зор, што свецяць над табой.Журба.
•••
Унесці яснасцьгл. унесці.
я́снасць2, ‑і, ж.
Уст. Тое, што і светласць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пстрык, ужываецца гукапераймальна для абазначэння рэзкага кароткага гуку (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ’шчаўчок па носе або па вуху’, ’папрок’ (Нас.), пстры́каць, пстры́кнуць ’даваць пстрычку (пстрычкі)’; ’шчоўкаць, ляскаць (пальцамі)’, ’хутка і лёгка рухацца, пырхаць’, ’раптоўна ўспыхваць, пыхкаць, сыпаць іскрамі (пра агонь)’ (ТСБМ, Нас., ТС), ’скакаць’ (астрав., Сл. ПЗБ), пстры́кнуць ’рэзка штурхнуць нагой’; ’ускочыць’; ’сфатаграфаваць’ (Жд. 2, 3). Гукаперайманне, параўн. аналагічнае польск.pstryk ’пстрык’, pstrykać ’шчоўкаць’, ’фатаграфаваць’. Польскі дзеяслоў фіксуецца з 1776 г., утвораны ад prztyk, prztykać (Банькоўскі, 2, 959).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сап1 ’заразная хвароба коней і іншых непарнакапытных, якая небяспечна і для людзей’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ). Укр., рус.сап ’тс’, польск.дыял.sapa ’катар носу, насмарк’, sapy ’сап’. Звязана чаргаваннем галосных з *sopeti (гл. сапсці́), гл. Фасмер, 3, 558; Брукнер, 481.
Сап2 ’багна’, ’нізкае месца’ (Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і сап1; назва па гуку, які робіць багна, калі па ёй ідуць. Значэнне развілося, відаць, пад польскім уплывам, параўн. польск.sapowisko ’багно’ ад sapać ’сапсці’.