Першыя звесткі па эканам. геаграфіі асобных гарадоў Беларусі (Віцебск, Полацк) паявіліся ў летапісах 11 ст. і ў пісцовых кнігах Пінскага і Клецкага княстваў, Гродзенскай эканоміі (16 ст.), у польскай літаратуры 17—18 ст., у працах К.І.Арсеньева па эканам. раянаванні Характарыстыка бел. губерняў маецца ў ваенна-статыстычным аглядзе Рас. імперыі за 1848—52. У 1861—64 і 1883—86 выдадзены працы па асобных губернях і гарадах (П.В.Баброўскі, А.С.Дэмбавецкі, І.Зяленскі, М.В.Каяловіч, А.Г.Кіркор, А.П.Сапуноў, А.М.Семянтоўскі). Эканоміка-геагр. звесткі збіраў Паўн.-Зах. аддзел рускага геагр. таварыства. Грунтоўныя звесткі па эканам. геаграфіі і статыстыцы пазямельнай маёмасці асобных частак Беларусі даў у сваіх працах П.П.Сямёнаў-Цян-Шанскі.
Развіццё эканам. геаграфіі як навукі пачалося ў 20 ст. Першыя эканоміка-геагр. даследаванні тэр. Беларусі праводзіліся ў сувязі з планам ГОЭЛРО, работамі Дзяржплана і Камісіі ВЦВК (1921—22) па раянаванні краіны, з будаўніцтвам Бел.ДРЭС, развіццём і размеркаваннем асобных галін прамысловасці. У 1920-я г. выкананы работы з аналізам нац. даходу, складу насельніцтва (Г.І.Гарэцкі), класіфікацыяй гар. паселішчаў (М.В.Азбукін). У 1919 выдадзена праца А.А.Смоліча «Геаграфія Беларусі» (перавыдавалася ў 1922, 1923, 1993). Уклад у эканоміка-геагр. навуку зрабілі вучоныя АН Беларусі і ВНУ пры складанні планаў развіцця нар. гаспадаркі ў даваенныя часы. У 1930-я г. пачалося комплекснае вывучэнне Палесся. Уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР патрабавала комплекснага геагр. вывучэння зах. раёнаў. У 1934 пры БДУ створана кафедра эканам. геаграфіі. У 1940 выдадзена кніга Я.Г.Ракава і В.А.Дзяменцьева «Эканамічная геаграфія БССР», дзе ўпершыню комплексна апісаны прырода, насельніцтва і гаспадарка рэспублікі. Даследаваліся асобныя галіны прамысловасці: тарфяная (М.Т.Раманоўскі), ільняная (І.І.Трухан), піўная (С.П.Маргелаў).
У пасляваенныя гады праблемы эканам. геаграфіі вывучаліся і распрацоўваліся ў НДІ эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання, у Ін-це эканомікі АН Беларусі, на кафедрах эканам. геаграфіі БДУ, Ін-та нар. гаспадаркі, Брэсцкага, Магілёўскага і Мінскага пед. ін-таў. У 1958—73 надрукаваны гісторыка-эканам. нарыс пра гарады Беларусі (Слуцк, Асіповічы, Магілёў, Гомель, Віцебск, Брэст, Гродна, Бабруйск, Орша, Маладзечна, Рэчыца, Пінск, Мазыр і інш.). У 1962 вучоныя БДУ апублікавалі эканоміка-геагр. даследаванні пра вобласці Беларусі (А.С.Акінчыц, В.П.Барадзіна, С.М.Мельнічук). У 1969 выходзіць манаграфія М.Т.Раманоўскага «Развіццё мануфактурнай прамысловасці Беларусі (другая палавіна 18 — першая палавіна 19 ст.)». У 1970—90-я г. даследуюцца народная гаспадарка (Я.М.Александровіч, Г.П.Астапенка, Я.Г.Гуцаў, П.І.Рогач, У.С.Шаплыка), прамысл. вузлы і вялікія прадпрыемствы (А.Я.Малышаў, Л.А.Паўловіч), харч. прамысловасць (У.І.Гладкі, Ф.С.Фешчанка), фарміраванне і тэр. арганізацыя абл.АПК (У.У.Некрыш), сельская гаспадарка (Р.А.Жмойдзяк, Н.І.Жураўская, Ф.С.Марцінкевіч, У.Я.Навуменка, Г.С.Смалякоў), размяшчэнне насельніцтва і населеных пунктаў (А.У.Багдановіч, С.А.Польскі, Л.І.Спіжанкоў), выдаюцца падручнікі для ВНУ і сярэдняй школы (К.Р.Кірыенка, С.І.Сідор, І.І.Трухан).
У наш час вядуцца работы па праблемах сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі (Л.В.Казлоўская), па вывучэнні сусв. эканомікі, геапалітыкі (І.І.Пірожнік), эканомікі выкарыстання прыродных рэсурсаў (А.У.Тамашэвіч), рэкрэацыйнай геаграфіі (У.М.Зайцаў, Г.Р. Патаева, І.І.Пірожнік, Т.А.Федарцова), дэмаграфіі і геаграфіі насельніцтва (К.А.Анціпава, Б.А.Манак).
Літ.:
Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі: Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення. Мн., 1992;
Пирожник И.И. Международный туризм в мировом хозяйстве. Мн., 1996;
Социально-экономическая география Республики Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕЙНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ
звязана з нараджэннем, шлюбам і пахаваннем чалавека, Ахоплівала сферу сямейных адносін, працоўную дзейнасць чалавека, яго побыт і жыццё, сац. і маральна-этычныя ідэалы, абрады і звычаі. Складвалася пад уплывам язычніцтва, пазней — хрысціянства. У беларусаў найлепш захавалася радзінная паэзія са спецыфічна нац. ў ёй хрэсьбіннымі песнямі. Гал. дзеючыя персанажы радзіннай абраднасці: парадзіха, бабка-павітуха, бацька нованароджанага, кум, кума. Засцерагальныя абрады і песні павінны былі ахоўваць здароўе парадзіхі і дзіцяці, а таксама забяспечыць шчаслівую долю нованароджанага, якая паводле нар. перакананняў залежала ад бабкі-павітухі, кумоў. У хрэсьбіннай паэзіі вылучаліся заклінальныя, велічальныя, жартоўныя і бяседныя песні, прыгаворкі, зычэнні, тосты. Хрэсьбінныя жартоўныя песні развейвалі ідэальныя вобразы ўдзельнікаў урачыстага застолля. Найб. старажытныя — заклінальныя і велічальныя песні, якія вызначаліся ўстойлівай традыцыйнасцю вобразаў-персанажаў, паэтыкі, мелодыкі. Велічальныя песні багатыя на эпітэты, параўнанні. Асабліва каларытна абмалёўваўся вобраз бабкі, шанаванне якой падкрэслівалася трапнымі параўнаннямі. Песні пра кума і куму часта мелі жартоўна-эратычны характар. Большасць заклінальных песень звернута да бабкі, раскрываюць яе дзеянні, што скіраваны забяспечыць шчаслівую долю немаўляці; у многіх песнях яна заклінае пра гэта Бога. У застольна-бяседных творах адлюстроўваліся гасціннасць гаспадароў, урачыстасць падзеі, нацыянальна-адметныя традыцыі.
Вясельныя песні, прыпеўкі, прыгаворкі, тосты беларусаў суправаджалі сватанне, заручыны, выпяканне каравая, пасад і інш. этапы вяселля. У многіх выпадках падказвалі наступныя рытуальныя дзеянні. Песні, зычэнні, тосты, што выконвалі асноўныя ўдзельнікі шлюбнай урачыстасці, павінны былі магічна спрыяць шчасцю маладых, іх дабрабыту. У час суборнай суботы (дзявочы вечар) спявалі песні з матывамі адшукання руты, каліны для вяночка, завівання вянка, развітання з сяброўкамі, непазбежнасці расставання з бацькамі. Традыцыйна склаўся каравайны рытуал з песнямі, у якіх гіпербалізуецца колькасць выкарыстаных прадуктаў, персаніфікуюцца каравай (сімвалізаваў жаніха і нявесту), печ, дзяжа, лапата і інш.; каларытна малююцца вобразы каравайніц. Спявалі песні, у якіх гучала скарга нявесты, павянчанай з нялюбым. Сумам прасякнуты песні нявесты-сіраты, якая просіць нябожчыкаў бацькоў блаславіць яе шлюб. Перад ад’ездам маладога да нявесты гучалі песні, у якіх адлюстроўваўся пераход хлопца ў стан жанатага мужчыны. Застольныя песні маглі быць лірычныя, жартоўныя, велічальныя і інш. Багатымі сродкамі маст. выразнасці жартоўныя песні добразычліва высмейвалі сватоў, дружкаў, баяр, маршалкаў і інш. удзельнікаў вяселля. Часам жартоўна супрацьпастаўляліся жаніх і нявеста.
Пахавальны і памінальны рытуал складваўся на Беларусі на працягу многіх стагоддзяў. Асноўныя жанры гэтых абрадаў — галашэнні, псалмы, духоўныя вершы. Уся абраднасць прасякнута верай у замагільнае жыццё, у наяўнасць неўміручай душы ў чалавека. Хаўтурныя галашэнні — імправізаваныя творы, у якіх традыцыйна выкарыстоўваліся стэрэатыпныя нар. формулы, маст. прыёмы і сродкі для аплаквання памерлых. Некат. будуюцца на рытарычных пытаннях, памяншальна-ласкальных формах прыметнікаў і назоўнікаў. З эмацыянальнай узрушанасцю ў галашэннях аплаквалася заўчасная смерць немаўляці, выказваліся любоў і пашана да блізкага чалавека, горыч перажыванняў, раскрывалася нялёгкае жыццё памерлага, бязмерная роспач асірацелых дзяцей, удавы, бацькоў. Песні-псалмы — творы духоўна-маралізатарскага характару. Яны бытавалі як разнавіднасць канта і выконваліся на хаўтурах, трацінах, дзевяцінах, Радаўніцу. Крыніцамі духоўных вершаў была хрысціянская апакрыфічная літаратура. Вершы перадавалі старазапаветныя і новазапаветныя сюжэты, славілі святых, праведнікаў, асуджалі грэшнікаў. Сямейна-абрадавая паэзія, цесна звязаная з жыццём, побытам, узаемаадносінамі ў грамадстве, вызначалася ўстойлівай традыцыйнасцю, жывучасцю, поліфункцыянальнасцю ў найважнейшыя вехі жыцця чалавека. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Радзінная паэзія» (1971, укладальнікі М.Грынблат, В.Ялатаў), «Вяселле. Абрад» (1978, укладальнік К.Цвірка), «Вяселле. Песні» (т. 1—6, 1980—88, укладальнікі Л.Малаш, З.Мажэйка), «Пахаванне. Памінкі. Галашэнні» (1986, укладальнікі У.Васілевіч, Т.Варфаламеева), «Вяселле. Мелодыі» (1990, укладальнікі З.Мажэйка, Т.Варфаламеева), «Радзіны. Абрад. Песні» (1998, укладальнікі Г.Пятроўская, Т.Кухаронак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬКЛАРЫСТЫКА
Бел. фалькларыстыка як самастойная навука пра вусна-паэт., музычную, харэаграфічную, тэатральную нар. творчасць пачала фарміравацца ў пач. 19 ст. і склалася ў 20 ст. Першыя пісьмовыя ўпамінанні пра нар.-паэт. творы трапляюцца ў «словах» Кірылы Тураўскага (12 ст.), летапісах і хроніках 14—16 ст., дзелавых дакументах (лісты Ф.Кміты-Чарнабыльскага, 1573—74; апісанні бел. сямейных абрадаў і ўзоры пахавальнага галашэння ў кн. «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» Я.Ласіцкага, 1582, і інш.). У 1618 С.Рысінскі апублікаваў (у Любчы, на лац. мове разам з польскімі) бел. прыказкі, запісаныя на Полаччыне і Віцебшчыне. 15 бел. песень трапілі ў рукапісны спеўнік 1733 (апубл. ў 1970 А.Макмілінам і Ц.Дрэйгам у «Оксфардскіх славянскіх запісках», т. 3). Бел. купальскую песню з апісаннем абраду змясціў А.Меер у «Апісанні Крычаўскага графства» (1786, апубл. ў 1901). У 1816—17 Віленскі універсітэт распрацаваў інструкцыю па зборы фалькл.-этнагр. матэрыялаў. Паводле яе М.Чарноўская ў 1817 апублікавала працу «Рэшткі славянскай міфалогіі, якія захаваліся ў звычаях вясковага люду на Беларусі (Магілёўская губ.)». Адзін з першых збіральнікаў і даследчыкаў бел., рус., укр. і польскага фальклору З.Даленга-Хадакоўскі распрацаваў праграму комплекснага вывучэння культуры славян, сабраў каля 3 тыс. песень (не надрукаваны). У 1837—46 Я.Чачот выдаў у Вільні 6 зборнікаў бел.нар. песень (каля 1 тыс. тэкстаў на польскай і часткова бел. мовах). Кніга 6-я пад назвай «Вясковыя песенькі з-пад Нёмана і Дзвіны» (1846) — першае асобнае выданне арыгінальных бел. песень. Багаты фалькл.-этнагр. матэрыял змясцілі А.Рыпінскі ў кн. «Беларусь» (1840) і Я.Тышкевіч у «Апісанні Барысаўскага павета» (1847). У 1-й пал. 19 ст.бел. фальклор збіралі і вывучалі Я.Баршчэўскі, К.Вуйціцкі, Л.Галамбёўскі, Т.Зан, Р.Зянькевіч, А.Кіркор, А.Міцкевіч, Р.Падбярэскі, У.Сыракомля і інш. Фалькларыстычныя працы гэтага перыяду каштоўныя фактычным матэрыялам і вял. колькасцю запісаў вусна-паэт. твораў. Аднак большая частка запісаў перакладалася на польскую або рус. мовы, перапрацоўвалася, публікавалася недакладна. Збіральніцкая дзейнасць адыграла важную ролю ў выпрацоўцы прынцыпаў і методыкі збору нар. твораў, іх публікацыі і вывучэнні.
У 2-й пал. 19 ст. склаліся больш спрыяльныя ўмовы для станаўлення і развіцця фалькларыстыкі як самастойнай філал. навукі. Пашырылася збіральніцкая дзейнасць, з’явіліся вял. па колькасці твораў зборнікі, запісы сталі больш дакладнымі. Выйшлі «Народныя песенькі пінскага люду» Р.Зянькевіча (1851), «Беларускія прыказкі» П.Шпілеўскага і «Народныя беларускія песні» Е.Паўлоўскай (абедзве 1853), «Віленская губерня» А.Карава (1861), «Смаленская губерня» М.Цэбрыкава (1862), «Гродзенская губерня» П.Баброўскага (1863), «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі» А.Занкевіча (1897) і інш. У зб. «Народныя рускія казкі» (1855—64) А.Афанасьеў змясціў 20 бел. казак. Фалькларыстычная дзейнасць актывізавалася са стварэннем у Вільні ў 1867 Паўн.-Зах. аддзела Пецярбургскага Рус. геаграфічнага т-ва. У «Запісках Рускага геаграфічнага таварыства па Аддзяленні этнаграфіі» надрукаваны зб. «Беларускія песні» І.Насовіча і «Беларускія народныя песні» П.Шэйна (абодва 1873).
У фалькларыстыцы 2-й пал. 19 ст. існавалі гістарычная, міфалагічная і міграцыйная тэорыі. Прыхільнікі міфалагічнай школы (А.Багдановіч, Ф.Буслаеў, М.Доўнар-Запольскі, А.Кіркор, Я.Ляцкі, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, П.Шпілеўскі, П.Шэйн і інш.) лічылі найважнейшымі ў фальклоры стараж. творы, спрыялі актывізацыі збірання і вывучэння нар.-паэт. творчасці. Пазіцыі міфалагічнай школы пэўны час падзялялі А.Весялоўскі і А.Пыпін, якія пазней сталі прыхільнікамі міграцыйнай тэорыі і сканцэнтравалі сваю ўвагу на даследаванні культурна-гіст. сувязей, на параўнальным вывучэнні вуснай паэзіі розных народаў. Станоўча паўплываў на бел. вучоных гіст. кірунак у навуцы, тэарэтыкі якога звязвалі ўзнікненне фалькл. твораў з пэўнымі гіст. падзеямі.
Абуджэнню і разгортванню сістэматычнай працы па зборы фалькл. і этнагр. матэрыялаў садзейнічала спец. праграма П.Шэйна (1867). Дзякуючы інтэнсіўнай працы шырокай сеткі карэспандэнтаў (больш за 200) ён у 1887—1902 выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (3 тамы ў 4 кнігах), дзе змясціў песні, казкі, анекдоты, драм. батлеечныя творы, апісанні абрадаў, гульняў, жылля, адзення і інш. Больш за 500 песень, пераважна вясельных, апублікаваў А.Дамбавецкі ў кн. «Спроба апісання Магілёўскай губерні» (т. 1—3, 1882—84). Своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця, культуры і побыту беларусаў стаў шматтомны «Беларускі зборнік» Е.Раманава (вып. 1—9, 1885—1912, выдадзены няпоўнасцю, частка загінула ў Вял.Айч. вайну). Ён жа апублікаваў «Магілёўскую даўніну» (вып. 1—3, 1900—03), «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12). Багаты збор бел. фальклору ў выданнях «Смаленскі этнаграфічны зборнік» У.Дабравольскага (ч. 1—4, 1891—1903), «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» А.Сержпутоўскага (1911). Бел.нар. творы змешчаны ў зборніку ўкр. этнографа і фалькларыста П.Чубінскага «Працы этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край» (т. 1—7, 1872—79). Грунтоўныя зборы па бел. фальклоры апублікавалі А.Гурыновіч, М.Доўнар-Запольскі, М.Нікіфароўскі, З.Радчанка, М.Янчук і інш.Бел. фалькларыстыку папоўнілі даследаванні Я.Ляцкага па бел. міфалогіі і замовах, Дз.Булгакоўскага па песнях, прыказках, прымаўках і загадках, Ю.Крачкоўскага па дзіцячых гульнях. Збіральніцкую дзейнасць разгарнуў польскі фалькларыст М.Федароўскі. У яго фундаментальнай працы «Люд беларускі» (т. 1—3, 1897—1903; т. 4, 193 5; т. 5—6, 1958—60; т. 7, 1969; т. 8, 1981; «Вяселле», 1991) змешчаны казкі, легенды, паданні, анекдоты, песні, прыказкі, прымаўкі, павер’і, творы інш. жанраў.
У 19 — пач. 20 ст.бел. фальклор сістэматычна не даследаваўся. Пэўныя абагульненні гісторыі збірання і вывучэння бел.нар. твораў пададзены ў «Гісторыі рускай этнаграфіі» А.Пыпіна (т. 4, 1892), казак — у кн. «Руская народная казка» С.Саўчанкі (1914). Аналіз асобных твораў зроблены ў працах А.Весялоўскага, А.Патабні, М.Сумцова. Першае даследаванне асн.фалькл. жанраў і іх паэтыкі ажыццявіў Я.Карскі ў працы «Беларусы» (т. 3, ч. 1, 1916). Асобныя праблемы навукі разглядаліся ў публікацыях А.Багдановіча, А.Лабады, М.Янчука.
У 1920—30-я г. ў перыяд. друк сталі трапляць песні і прыпеўкі пра тагачасную рэчаіснасць, якія выдаваліся за фальклор. Такія творы ўвайшлі ў зб. «Ленін і Сталін у беларускай народнай творчасці» (1937), «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938) і інш.Вял. ролю ў развіцці фалькларыстыкі адыграла стварэнне ў 1929 Бел.АН (з 1936 — АНБССР, з 1991 — АН Беларусі, з 1997 — Нац.АН Беларусі) і сектара этнаграфіі і фальклору ў Ін-це гісторыі. У выніку шматлікіх экспедыцый сабраны багаты матэрыял, на аснове якога, а таксама папярэдніх публікацый рыхтаваўся да выдання 3-томны збор бел.нар. песень. Выйшаў толькі 1-ы том «Песні беларускага народа» ў 1940, складальнік М.Грынблат; рукапісы астатніх загінулі ў Вял.Айч. вайну. У гэты том увайшлі прыгонніцкія, чумацкія, бурлацкія, салдацкія, жартоўныя песні; многія з нотным запісам. У ліку найб. каштоўных выданняў даваеннага часу — «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926) і «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930) А.Сержпутоўскага, «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» А.Шлюбскага (ч. 1—2, 1927—28), «Народныя песні з мелодыямі» М.Гарэцкага і А.Ягорава (1928), тэарэтычныя даследаванні М.Нікольскага «Міфалогія і абрадавасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях і вераваннях беларускага сялянства» (1933) і інш. Праблемам бел. фальклору прысвечаны арт. З.Бядулі, У.Дубоўкі, К.Крапівы, А.Шлюбскага і інш. Значная збіральніцкая і даследчыцкая праца вялася ў Зах. Беларусі і Латвіі: «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (1929), «Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» С.Сахарава (1940). Багаты фалькл. архіў АН Беларусі знішчаны ням. фашыстамі ў Вял.Айч. вайну.
У пасляваенны час аднавіў работу сектар этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі АН Беларусі. На базе яго і сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры ў 1957 створаны Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Збіранне, публікацыя і даследаванне бел. вусна-паэт. твораў набыло сістэмны мэтанакіраваны характар. Шырока разгарнулася збіранне фальклору перыяду Вял.Айч. вайны. Тэарэтычныя даследаванні яму прысвяцілі Л.Бараг, Г.Барташэвіч, М.Грынблат, І.Гутараў, Л.Мухарынская, А.Фядосік. Выйшлі кн. «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» Ф.Янкоўскага (1957, 3-е выд. 1992), «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (т. 1—4, 1959—76), «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961). Выдадзены шэраг рэгіянальных фалькл. зборнікаў: «Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны» (укладальнік Н.Гілевіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобласць» (укладальнік В.Захарава, абодва 1973); «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні беларускага Палесся» (1983—84), «Песні беларускага Падняпроўя» (1999, усе З.Мажэйка, апошні — з Т.Варфаламеевай); «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць» (1989, укладальнікі В.Захарава, Р.Кавалёва, В.Ліцьвінка, У.Раговіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобласць» (1995, укладальнікі В.Ліцьвінка, Г.Кутырова); «Песенны фальклор Палесся» У.Раговіча (т. 1—3, 2001—04), «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Магілёўскае Падняпроўе» (т. 1, 2001, укладальнікі Т.Варфаламеева, В.Басько, М.Козенка і інш.), «Вяселле на Гомельшчыне: Фальклорна-этнаграфічны зборнік», «Народная міфалогія Гомельшчыны» (абодва 2003, укладальнікі І.Штэйнер, В.Новак) і інш. Вылучаюцца зборнікі Н.Гілевіча, у якіх у адпаведнасці з жанрава-відавой прыналежнасцю сістэматызаваны нар. творы: «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). З 1970 выдаецца серыя «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986), у якой класіфікаваны і сістэматызаваны матэрыял з экспедыцый, раней апублікаваных крыніц, архіваў, выпрацаваны прынцыпы тэксталагічнай работы, навук. каменціравання і інш. Выдадзена 45 тамоў. Звод серыі — самы поўны збор лепшых узораў нар. песень, казак, легенд, паданняў, прыпевак, прыказак, прымавак, загадак, жартаў, гумарэсак, анекдотаў, гульняў, пахавальных галашэнняў, а таксама тэарэт. матэрыялаў для вывучэння гісторыі фальклору і даследавання праблем гуманітарных навук, мастацтвазнаўства і інш. Значны ўклад у развіццё бел. фалькларыстыкі зрабілі М.Анцаў, А.Грыневіч, Г.Цітовіч, М.Чуркін і інш.
З 2-й пал. 20 ст. актывізаваліся тэарэт. даследаванні ў галіне гісторыі бел. фальклору. Выйшлі кн. «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» М.Нікольскага (1956), «Нарысы па беларускаму фальклору» К.Кабашнікава (1963), навуч. дапаможнікі «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (1966) пад рэд. М.Ларчанкі, «Беларускі фальклор: Хрэстаматыя» (1970, 4-е выд. 1996) К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі, «Беларуская народнапаэтычная творчасць» (1979), «Сімволіка беларускай народнай культуры» І.Крука (2000), падручнік К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі і інш. «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (2-е выд., 2000). Грунтоўна гісторыя бел. фальклору ад старажытнасці да 1960-х г. даследавана ў калект. працы «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць: Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне» (1967). Сістэмны аналіз гістарыяграфіі найважнейшых фалькл. жанраў рус. і ў многіх выпадках бел. фальклору разгледжаны ў кн. «Гістарыяграфія рускай фалькларыстыкі. 1917—1941» А.Марозава (1999). Асноўныя заканамернасці і кірункі развіцця фальклору, змены ў яго жанравым складзе даследаваны ў манаграфіях «Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі» (1969), «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні: Гістарыяграфічны нарыс» (1981) К.Кабашнікава; нар. сатыра ў кн. «Беларуская народная сатырычная проза» (1969), «Трапным народным словам: Сатыра і гумар у беларускай вуснай паэзіі і народнай драме» (1971), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) А.Фядосіка; паэтыка бел. фальклору ў працах «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971), «Паэтыка беларускай народнай прозы» (1983) М.Янкоўскага; «Паэтыка беларускай лірыкі. Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976) Н.Гілевіча; «Святло народнага слова» В.Коўтун (1984); «Паэтыка беларускіх абрадавых песень перыядаў каляндарных пераходаў: Семантыка. Вобразны лад. Кампазіцыя» Т.Івахненкі (2002). Даследаванню культу продкаў, архаічных рытуалаў і абрадаў на Тройцу прысвечана манаграфія В.Шарай «Каштоўнасна-нарматыўная прырода ўшанавання продкаў» (2002).
Асобныя віды і жанры бел. фальклору, іх паэтыка і маст. асаблівасці прааналізаваны ў манаграфіях «Наша родная песня» (1968) Н.Гілевіча, «Беларуская казка» Л.Барага (1969), «Беларуская частушка» І.Цішчанкі (1971); «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993) і «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект» (1998) А.Ліса; «Беларуская народная балада» (1978) Л.Салавей; «Усходнеславянская гумарыстычная песня» У.Васілевіча (1979); «Зімовая паэзія беларусаў» (1980), «Тайны народнай песні» (1994), «Святкаванне Каляд на Беларусі» (1998), «Беларускія загадкі» (2000), «Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі» (2001) А.Гурскага; «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.Барташэвіч (1985); «Святы і абрады беларусаў» В.Ліцьвінкі (3-е выд. 2001); «Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны: Да праблем лакальнага, агульнанацыянальнага ў фальклоры» (2001) і «Абраднасць і паэзія «Пахавання стралы» (2002) В.Новак. Упершыню ў славянскай фалькларыстыцы выдадзена фундаментальнае даследаванне ў 6 кнігах з серыі «Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка»: «Каляндарна-абрадавая паэзія» (А.Ліс, А.Гурскі і інш.), «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр» (А.Фядосік, Е.Емяльянаў і інш.; абедзве 2001), «Пазаабрадавая паэзія» (А.Гурскі, Г.Пятроўская, Л.Салавей і інш.), «Народная проза» (К.Кабашнікаў, А.Фядосік, А.Цітавец і інш.; абедзве 2002), «Міфалогія. Духоўныя вершы» (А.Ненадавец, А.Марозаў і інш., 2003), «Малыя жанры. Дзіцячы фальклор» (Т.Валодзіна, Г.Барташэвіч і інш., 2004). Функцыянальную прыроду абрадаў і звычаяў даследавалі Т.Валодзіна («Талака ў духоўнай культуры беларусаў», 1977), Г.Таўлай («Беларускае Купалле. Абрад, песня», 1986), А.Лозка («Беларускі народны каляндар», 1993), У.Сысоў («Беларуская пахавальная абраднасць: Структура абраду, галашэнні, функцыі слова і дзеяння», 1995, «З крыніц спрадвечных», 1997) і інш. Музычны фальклор даследавалі А.Аляхновіч, Т.Варфаламеева, З.Мажэйка, Л.Мухарынская, Т.Якіменка, В.Ялатаў і інш., муз. інструменты — І.Назіна, танцавальны фальклор — Ю.Чурко, М.Козенка, Л.Алексютовіч, сувязь бел. літаратуры і вуснапаэт. творчасці — М.Грынчык, В.Каваленка, А.Лойка, А.Макарэвіч, А.Мальдзіс, М.Тычына, І.Чыгрын і інш. Праблемы міфалогіі сістэмна даследаваны ў працах І.Казаковай «Сімволіка і семантыка славянскіх міфалагем (на матэрыялах беларускага фальклору)» (1990), «Міфалагемы і магія ў беларускім абрадавым фальклоры» (1997), А.Ненадаўца «Пакланіцеся дубу», «Святло таямнічага вогнішча» (абедзве 1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «За смугою міфа» (1999). Выдадзены кнігі пра збіральнікаў бел.нар. вусна-паэт. творчасці А.Багдановіча, З.Даленгу-Хадакоўскага, М.Нікіфароўскага, Е.Раманава, А.Сержпутоўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, М.Янчука.
Бел. фальклор збіралі і даследавалі рус. фалькларысты: П.Бяссонаў, В.Гусеў, П.Кірэеўскі, М.Краўцоў, Э.Памяранцава, В.Сакалова, І.Сахараў, І.Снегіроў, А.Цярэшчанка, К.Чыстоў і інш.; украінскія — А.Дэй, І.Хланта, Н.Шумада, В.Юзвенка і інш.; польскія — А.Баршчэўскі, У.Вярыга, М.Гайдук, З.Глогер, Э.Дмахоўская, Я.Карловіч, О.Кольберг, К.Машынскі, Ч.Пяткевіч, Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш.; чэшскія — Л.Куба, І.Поліўка, А.Чэрны, П.Шафарык. Асобныя фалькл. зборнікі апублікавалі А.Розенфельд (1904), С.Малевіч (1907). Зборнікі бел.нар. казак выдадзены на чэшскай (1957), нямецкай (1966—80), славацкай (1967), балгарскай (1964), польскай (1973, 1976, 1977) і інш. мовах. П.Айснер пераклаў на ням. мову 40 бел.нар. песень, А.Мільен — на французскую бел. калядныя, купальскія, талочныя, юраўскія і інш. песні («Песні расійскага народа»., 1893).
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;
Кабашнікаў К.П. Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Яго ж. Гісторыя беларускай этнаграфіі, пачатак XX ст.Мн., 1970;
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970;
Фядосік А.С. Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;
Яго ж. Беларуская савецкая фапькларыстыка. Мн., 1987;
Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і вывучэнне нар. творчасці ў 60-х гг. XIX — пач. XX ст.Мн., 1989;
Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991;
Касько У.К. Святло далёкай зоркі Мн., 1997;
Саламевіч І.У. Беларускі фальклор (1926—1963): Кароткі бібліягр.давед.Мн., 1964;
Грынблат М.Я. Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказ. (1945—70). Мн., 1972.
А.С.Фядосік.
Тытульны ліст кнігі «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі». Санкт-Пецярбург. 1897.Кнігі серыі «Беларуская народная творчасць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРАЗНА́ЎСТВА,
навука, якая вывучае тэатр як самастойны від мастацтва, яго паходжанне і развіццё, месца і ролю ў грамадстве, маст. і тэхнал. структуру, працэсы творчасці і ўспрымання; галіна мастацтвазнаўства. Зыходзячы з таго, што т-р складаецца з драматургіі, сцэн. мастацтва і гледача, то кожная з гэтых галін з’яўляецца прадметам вывучэння адпаведных раздзелаў Т. Яго асн. структурныя часткі: агульная тэорыя і гісторыя т-ра, тэатр. крытыка, сацыялогія т-ра, тэорыя драмы, рэжысура, акцёрскае мастацтва, псіхалогія і фізіялогія творчасці і глядацкага ўспрымання, сцэнаграфія, муз. афармленне спектакляў, тэатр. адукацыя і педагогіка, тэхніка сцэны, эканоміка і арг-цыятэатр. справы, крыніцазнаўства, бібліяграфія і інш. Звязана з гісторыяй культуры і побыту, філасофіяй, сацыялогіяй, эстэтыкай, псіхалогіяй, фалькларыстыкай, літ.-знаўствам, усімі мастацтвазнаўчымі навукамі.
Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і Рыме. Першыя тэатразнаўчыя творы паявіліся ў 16 ст. ў Францыі, Англіі, Германіі. З 17 ст. пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі і тэорыі т-ра. У Расіі Т. ўзнікла ў 18 ст. Значную ролю ў яго станаўленні адыгралі творы А.Пушкіна, М.Гогаля, А.Астроўскага, артыкулы В.Бялінскага, А.Грыгор’ева і інш.Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі працы К.Станіслаўскага, У.Неміровіча-Данчанкі, У.Меерхольда, У.Усеваладскага-Гернгроса, М.Марозава, П.Маркава, С.Данілава, Г.Гаяна і інш. тэарэтыкаў і практыкаў т-ра.
На Беларусі першыя звесткі пра з’явы паратэатральнай культуры, а таксама пра спектаклі Нясвіжскага т-ра Ф.У.Радзівіл у 1720—61 занатаваны ў «Дыярыушы князя Міхала Казіміра Радзівіла, ваяводы віленскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага». У 17—18 ст. першыя спробы асэнсаваць тэатр. працэсы зроблены ў працах М.К.Сарбеўскага («Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый»), Я.Фалькоўскага («Збор розных твораў», т. 3), Г.Каніскага («Правілы паэтычнага мастацтва») і Ф.Галянскага («Пра красамоўства і паэзію»). У 19 ст. на Беларусі і за яе межамі з’явіліся друкаваныя працы на польскай мове, у якіх разглядалася дзейнасць Гродзенскага і Нясвіжскага т-раў, змяшчаліся звесткі пра тэатралізаваныя дыялогі, якія праводзіліся ў езуіцкіх школах Гродна, Нясвіжа, Пінска, Полацка, Слоніма і Свіслачы, бел. інтэрмедыі 17 ст. і інш.Вял. значэнне для вывучэння гісторыі і практыкі бел.т-ра мелі запісы яго нар. форм, зробленыя ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. Е.Раманавым, П.Шэйнам, К.Гукоўскім, Я.Карскім, Дз.Даўгялам, К.Харламповічам, А.Кіркорам і інш. У публікацыях канца 19 ст. ў гіст. плане асвятлялася жыццё, у т. л. і тэатр., Мінска, Віцебска і Гродна. У пач. 20 ст. дзеячы культуры востра ставілі пытанне пра бел.нац.т-р (арт. М.Гарэцкага «Наш тэатр», 1913). Шмат увагі ідэі яго стварэння, асвятленню яго нар. і прафес. форм аддавалі газеты «Наша ніва» (1906—15), «Гоман» (1916—18), «Беларусь» (1919—20) і інш. У пачатку 20 ст. Т. вылучылася ў самастойную галіну навукі. Паяўленне прафес.дзярж. т-раў на Беларусі і шырокае развіццё аматарскай творчасці вызначылі задачы бел. Т. на новым этапе, асн. з якіх было вывучэнне гісторыі нац.сцэн. культуры: Ф.Аляхновіч «Беларускі тэатр» (1924), С.Грынкевіч «Аб тэатры» (1927), А.Некрашэвіч «Беларускі першы Дзяржаўны тэатр, 1920—1930» (1930) і інш. Значная ўвага ў канцы 1920-х — 1930-я г. аддавалася аналізу бел. драматургіі. У зб. «Драматургія: Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў...» (1934) змешчаны крытычныя выступленні па праблемах драматургіі пісьменнікаў Я.Коласа, К.Чорнага, В.Вольскага, У.Галубка, М.Клімковіча, Б.Мікуліча, І.Гурскага, Я.Рамановіча і інш. Сярод інш. прац па гэтай праблеме: «Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі» В.Вольскага (1934), «Тэатр і драматургія: Крытычныя артыкулы» М.Модэля (1935), якія, аднак, не пазбеглі суб’ектывізму ў ацэнках з’яў мастацтва. У пасляваен. перыяд бел. Т. прадоўжыла распрацоўку праблем сцэн. мастацтва і драматургіі. З арганізацыяй у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі ў 1957 сектара т-ра і кіно (з 1977 сектар, з 1986 аддзел т-ра) пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі, тэорыі і сучасных працэсаў развіцця бел.т-ра. Гэтыя праблемы распрацоўваліся ў працах У.Няфёда «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі» і «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965), калектыўнай «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), манаграфіях «У тэатр іду як у храм» І.Ліснеўскага (1997), «На скрыжаванні» Р.Смольскага (1999), «На мяжы стагоддзяў: Сучасны беларускі драматычны тэатр» Т.Гаробчанка (2002). У шэрагу тэарэт. прац разглядаюцца праблемы драматургічнага канфлікту («Роздум пра драматычны канфлікт» Няфёда, 1970); сцэн. інтэрпрэтацыі прозы («Радок, прачытаны тэатрам» У.Халіпа, 1973); узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне тэатр. культур розных народаў («Шляхі беларускага тэатра» У.Стэльмаха, 1964; «Беларуская драматургія ў тэатрах народаў СССР» А.Сабалеўскага, 1972, і інш.); эвалюцыі канцэпцыі гераічнага ў бел.тэатр. мастацтве («На сцэне — бессмяротнасць подзвігу», 1982; «Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70—80 гг.», 1987, Смольскага); сучаснай бел. рэжысуры («Пазначана часам: Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры» Смольскага, 1984; «Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў» Р.Баравіка, 2000) і інш.
У манаграфіях тэатразнаўчага і літаратуразнаўчага характару аналізуецца творчасць драматургаў: Я.Купалы (М.Ярош, У.Карпаў, П.Васючэнка), К.Крапівы (Я.Усікаў, А.Макарэвіч, У.Карабан, С.Лаўшук, Сабалеўскі), Галубка (Л.Карабанава), А.Макаёнка (Усікаў), вывучаецца драматургія і праблемы яе развіцця, аналізуецца сцэн. ўвасабленне твораў бел., рус. і зарубежных драматургаў. Выдадзены манаграфіі, прысвечаныя асобным тэатр. калектывам Беларусі: «Першы тэатр» Рамановіча (1946), «Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы» (1970) і «Беларускі тэатр імя Якуба Коласа» (1976) Няфёда, «Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.)» Пятровіча (1983), «На тэатральных скрыжаваннях» Б.Бур’яна і Ліснеўскага (1967, пра Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі), «Лёс аднаго тэатра» Г.Герштэйн (2000, пра Дзярж.яўр.т-рБССР), «Тэатр лялек» Ан.Ляляўскага (1974) і інш.Нар. формы тэатр. мастацтва, дзейнасць прафес. і аматарскіх калектываў у гіст. і сучасных аспектах даследуюцца ў працах Г.Барышава, У.Іскрыка, М.Каладзінскага, Ю.Пашкіна, Ю.Сохара, А.Лабовіча, А.Есакова, А.Асташова, Пятровіча і інш.Выдадзенынавуч. дапаможнікі для студэнтаў тэатр. факультэтаў ВНУ, для школьных і дашкольных устаноў: «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (склад. Сабалеўскі, т. 1—2, 1975; т. 1—3, 2-е выд. 1997—2000), «Гісторыя беларускага тэатра» Няфёда (1982), «Лялечны тэатр у школе» Ан. Ляляўскага (1967), «Школьны тэатр Беларусі XVI—XVIII стст.» С.Міско (2000) і інш. Творчасць найб. буйных акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, тэатр. дзеячаў асвятляецца ў крытыка-бібліягр. нарысах. З 2-й пал. 1960-х г. выдаюцца працы мемуарнага характару: «Нататкі акцёра» Ц.Сяргейчыка, «Тэатр і час» Стэльмаха (абедзве 1973), «Тэатр — жыццё маё» П.Малчанава (1984), «Паўстагоддзя на сцэне» Г.Абуховіч (1987), «І кожны вечар у час прызначаны...: Паводле ўспамінаў З.І.Браварскай» І.Кірылюк (2001) і інш.Бел. Т. папулярызуе мастацтва т-ра: кнігі-альбомы «Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі» (1958), «Мастацтва беларускіх дэкаратараў» (1989), «Тэатры Беларусі» (1998, на бел. і англ. мовах) і буклеты пра асобныя т-ры. Аб нараджэнні новых раздзелаў Т. сведчаць працы «Тэатральны эксперымент: праблемы, пошукі, рашэнні» В.Навуменкі і «Тэатральныя далягляды» Р.Бузука (абедзве 1990), «Дзяржава, культура, рынак» (1996, сумесна з Ін-там Гётэ), «Сучасны беларускі тэатр: (Сацыялагічны замер)» Г.Юдчыц (1998) і інш., у якіх разглядаюцца пытанні фінансавання тэатр. справы, планавання творчага працэсу, аналізуюцца тэатр. рэформы, рэпертуар, спажывецкі рынак і інш. Пэўную каштоўнасць для распрацоўкі праблем развіцця нац.тэатр. культуры маюць публікацыі дакумент. матэрыялаў па гісторыі бел. мастацтва, бібліягр. даведнікі па драматургіі, рэжысуры і інш.Бел. Т. эвалюцыяніравала ад матэрыялаў пераважна апісальных і інфарм. да прац абагульняльнага характару, тэарэт. асэнсавання творчых працэсаў нац.сцэн. мастацтва, яго месца і значэння ў сістэме духоўнай культуры бел. народа. Вывучэнне гісторыі і тэорыі т-ра вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Бел. акадэміі мастацтваў і інш.
Літ.:
Глебка П.Ф. Мастацтвазнаўства Савецкай Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии М., 1972;
Горобченко Т. Белорусский театр // История театроведения народов СССР: Очерки, 1917—1941. М., 1985;
Яе ж. Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІГІЯЗНАЎСТВА
Як адносна самастойная галіна ведаў рэлігіязнаўства на Беларусі пачало складвацца ў 19 ст. Прадметам яго даследавання з’яўляюцца заканамернасці ўзнікнення і сутнасць рэлігіі і вальнадумства, гісторыя іх развіцця, функцыянавання і ўплыву на фарміраванне асобы, сусв. культуры і цывілізацыі ў цэлым. Рэлігія і вальнадумства, светапоглядна выключаючы адно аднаго, развіваліся паралельна ва ўзаемадзеянні як два кірункі грамадскага ўкладу жыцця. Сучаснае рэлігіязнаўства ўключае гісторыю рэлігіі, філасофію, сацыялогію і псіхалогію рэлігіі, гісторыю і тэорыю вальнадумства і атэізму.
Светапоглядная несумяшчальнасць навукі і рэлігіі ў сав. перыяд нярэдка пераносілася на ацэнку ідэалаг. арыентацыі ў дзейнасці царквы, што вяло да аднабаковай распрацоўкі асобных праблем рэлігіязнаўства. У працах бел. вучоных пераважалі крытыка рэлігіі і дзейнасці царквы, вывучэнне праблем вальнадумства і атэізму; пры гэтым найбольшая ўвага звярталася на атэістычнае выхаванне. Аналізу рэлігіі, яе паходжання і сутнасці, месца і ролі ў гісторыі прысвяцілі свае даследаванні М.М.Ніколькі, Г.М.Ліўшыц, У.М.Перцаў, Г.А.Гураў і інш. У 1920-я г.найб. шырока практыкавалася прыродазнаўчанавуковая крытыка рэлігіі. Агульныя праблемы паходжання і гісторыі хрысціянства, станаўлення і сутнасці яго веравучэння і культу адлюстраваны ў працах М.М.Нікольскага, Г.М.Ліўшыца, В.П.Оргіша, В.Р.Тарасенкі. Прычыны ўвядзення хрысціянства на Русі, яго месца і ролю ў гісторыі Рас. дзяржавы і Беларусі на розных этапах даследавалі М.М.Нікольскі, М.С.Корзун, Г.М.Філіст, В.А.Молакаў, В.М.Лісічкін, В.М.Чарапіца, Г.А.Мярзлова і інш. Каталіцкую царкву вывучалі Я.Н.Мараш, Я.М.Бабосаў, К.К.Койта, У.Г.Доктараў, Дз.М.Мацяс. У калектыўнай манаграфіі «Каталіцызм у Беларусі: традыцыяналізм і прыстасаванне» (1987) на гіст. і сацыялаг. матэрыяле выкладзена гісторыя каталіцкай царквы на Беларусі, дадзена характарыстыка стану і тэндэнцыі развіцця рэліг. свядомасці, духоўнага свету яе прыхільнікаў. Уклад у вывучэнне уніяцтва і Брэсцкай уніі 1596 зрабілі М.В.Каяловіч, Я.Н.Мараш, М.Гайдук, С.А.Падокшын, В.Ф.Гапановіч, Л.А.Царанкоў, Л.С.Абэцэдарскі, І.Ф.Рэкуц, Л.Я.Крыштаповіч, І.В.Катляроў. Праблема стараабрадніцтва і яго гісторыя на Беларусі раскрыта ў працах К.С.Пракошынай, Г.А.Чуднікавай, Т.П.Кароткай, А.Л.Гарбацкага. Гісторыю і дзейнасць рэліг. пратэстантызму і сектанцтва ў Беларусі вывучалі І.І.Акінчыц, А.В.Дзячэнка, К.С.Пракошына, Р.В.Надольскі, Т.Б.Блінова, С.Ф.Цярохін, Б.І.Камейша, Д.Хайтун, П.Капаевіч, П.М.Кірушын, Н.Бяліна-Падгаецкі, М.Я.Ленсу, В.Р.Языковіч, Г.А.Марціросаў, В.Д.Лапцёнак і інш. У 1969 выдадзена калектыўная манаграфія «Баптызм і баптысты (Сацыялагічны нарыс)» пад рэдакцыяй Ленсу і Пракошынай. У 1920—30-я г. па іудаізме, сіянізме і антысемітызме выдадзены працы М.М.Нікольскага, С.Я.Вальфсона, Г.Фарбера, Г.Ледата, А.Д.Кіржніца, Л.Розергаўза і інш. У пасляваен. гады гэтымі пытаннямі займаліся М.М.Нікольскі, Г.М.Ліўшыц, Я.К.Анішчанка, У.Я.Бягун, В.А.Семянюк. Гісторыя рэліг. канфесій у Беларусі адлюстравана ў калект. [«Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX стст.)» (1998), энцыклапедычны даведнік «Рэлігія і царква на Беларусі» (2001)] і індывід. працах А.Мартаса, А.У.Верашчагінай, А.В.Гурко, Т.В.Апіёка, Г.М.Шэйкіна і інш.
Заснавальнікам навук. аналізу Бібліі ў сав., рус. і бел. гістарыяграфіі з’яўляецца М.М.Нікольскі, які прысвяціў гэтай праблеме больш за 10 даследаванняў: «Ісус і першыя хрысціянскія абшчыны» (1918), «Керубы паводле звестак Бібліі і ўсходняй археалогіі» (1922), «Сляды магічнай літаратуры па кнізе Псалмоў» (1923), «Хецкія законы і іх уплыў на заканадаўства «Пяцікніжжа» (1928), «Апакаліптычная літаратура» (1929), «Праблемы крытыкі Бібліі ў савецкай навуцы» (1938), «Крызіс «крытычнай» біблеістыкі і задачы марксісцкай гістарычнай навукі» (1939) і інш.Выдадзены кнігі Г.М.Ліўшыца «Нарысы гістарыяграфіі Бібліі і ранняга хрысціянства» (1970), «Тэярдызм: спроба сінтэзу навукі і хрысціянства» (1970) Бабосава, «Філасофія сучаснага праваслаўя. Крытычны нарыс» (1968) В.А.Молакава. Аналізу Бібліі прысвечаны таксама працы Дз.І.Даўгялы, А.А.Круглова, В.Р.Тарасенкі, Ф.С.Таратунскага, Ленсу, В.А.Васільева, Г.В.Сінілы.
Сутнасць рэліг. свят, таінстваў і абрадаў прааналізаваны ў працах М.М.Нікольскага, Г.М.Ліўшыца, В.А.Фядосіка, У.А.Васілевіча, В.Дз.Ліцвінкі, А.А.Лозкі, І.І.Крука, С.Р.Шуцкага. Праблеме несумяшчальнасці навукі і рэлігіі прысвечаны даследаванні Г.А.Гурава, В.А.Молакава, І.А.Рабкова, Васільева і інш. Гісторыю ісламу на Беларусі, яго веравучэнне і культ. даследавалі С.У.Думін, І.Б.Канапацкі, А.І.Лакотка, М.С.Мамаразакаў, А.І.Смолік. Выдадзена калект. праца «Вывучэнне і захаванне культурнай спадчыны татарскага народа ў Беларусі» (1999). Пытанні сацыялогіі рэлігіі і рэлігійнасці насельніцтва Беларусі ў розныя перыяды даследавалі Вальфсон, С.М.Рывес, Б.Э.Быхоўскі, Я.М.Бабосаў, С.Д.Лапцёнак, Г.М.Сакалова, А.М.Елсукоў, Д.К.Безнюк. Узаемаадносіны царквы і дзяржавы на розных этапах аналізавалі М.Шэйман, А.А.Круглоў, І.Ф.Рэкуц, А.А.Цітавец, Л.Я.Землякоў і інш. Адносіны бел. народа да рэлігіі і вераванняў даследавалі А.К.Сержпутоўскі, А.Ф.Фядосік, С.І.Васілёнак, М.М.Нікольскі, К.П.Кабашнікаў, І.М.Лушчыцкі, Л.Л.Кароткая, агульныя пытанні рэлігіязнаўства — А.С.Карлюк, І.М.Лушчыцкі, А.А.Круглоў, В.В.Кудраўцаў, П.І.Касцюковіч, В.А.Адзіночанка і інш.
Гісторыя вальнадумства і атэізму ў Беларусі, погляды асобных мысліцеляў мінулага (Ф.Скарына, С.Будны, К.Лышчынскі, К.Каліноўскі і інш.) асветлены ў працах С.А.Падокшына, К.С.Пракошынай, І.М.Лушчыцкага, С.К.Майхровіча, А.А.Біралы, А.А.Круглова, Н.П.Жука, І.В.Саверчанкі, М.А.Алексютовіча, А.Ф.Смірнова, Я.І.Парэцкага, В.Д.Дружчыца, Я.Л.Неміроўскага, В.Ф.Шалькевіча. Станаўленню і развіццю атэістычнай думкі прысвечана калектыўная манаграфія «З гісторыі вальнадумства і атэізму ў Беларусі» (1978) пад рэдакцыяй Бабосава і Ліўшыца. Вальнадумства і атэізм на розных этапах гісторыі разглядаюцца ў працах Г.М.Ліўшыца, «Вальнадумства і атэізм у старажытнасці і сярэднія вякі» (1973), «Вальнадумства і матэрыялістычная філасофія ў Заходняй Еўропе (2-я палова XVII ст.)» (1975), «Французскія асветнікі XVIII ст. пра рэлігію і царкву» (1976), «Атэізм Людвіга Феербаха» (1978), «Атэізм рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў» (1979) і інш. Распрацоўваюцца розныя праблемы рэлігіязнаўства з розных светапоглядных і ідэалаг. пазіцый.
Літ.:
Никольский Н.М. Религия как предмет науки. Мн., 1923;
Яго ж. Яўрэйскія і хрысціянскія святы, іх паходжанне і гісторыя. Мн., 1930;
Вальфсон С.Я. Сучасная рэлігійнасць. Мн., 1930;
Алексютовіч М.А. Скарына, яго дзейнасць і светапогляд. Мн., 1958;
Бабосов Е.М. Современный католицизм и наука. Мн., 1964;
Лаптенок С.Д. Семья и религия Мн., 1967;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая поло.вина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Яго ж. Унія. Дзяржаўнасць. Культура: (Філасофска-гіст. аналіз). Мн., 1998;
Прокошина Е.С. Очерки свободомыслия и атеизма в Белоруссии в XIX в. Мн., 1973;
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;
Мараш Я.Н. Католическая церковь в истории Белоруссии. Мн., 1981;
Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Крит. анализ. Мн., 1983;
Круглов А.А. Свобода совести. Мн., 1986;
Яго ж. Развитие атеизма в Белоруссии (1917—1987 гг.). Мн., 1989;
Оргиш В.П. Античная философия и происхождение христианства. Мн., 1986;
Надольский Р.В. Баптизм в прошлом и настоящем. Мн., 1987;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни Мн., 1990;
Мельников А.А. Путь непечален: история свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЬ Мікалай Васілевіч (1.4.1809, с. Вялікія Сарочынцы Палтаўскай вобл., Украіна — 4.3.1852),
рускі пісьменнік, пачынальнік крытычнага рэалізму ў рус. л-ры. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1828). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу (1829—31). Выкладаў гісторыю ў Пецярбургскім ун-це (1834—35). З 1836 жыў пераважна за мяжой (Італія, Германія, Швейцарыя, Аўстрыя, Францыя). У 1840 у Вене перажыў цяжкую нервовую хваробу, якая адбілася на яго светаадчуванні і прадвызначыла наступныя душэўныя зрывы. З 1848 у Расіі. Першы твор — паэма-ідылія «Ганц Кюхельгартэн» (1829). Літ. вядомасць прынесла кн. аповесцей «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (ч. 1—2, 1831—32), у якой створаны паэт. вобраз Украіны, яскравыя малюнкі нар. жыцця і побыту, шырока выкарыстаны ўкр. фальклор. Зб-кі «Міргарад» і «Арабескі» (абодва 1835) засведчылі станаўленне пісьменніка на пазіцыях рэалізму і народнасці. У аповесці «Тарас Бульба» (1835, новая рэд. 1842) у эпічна-былінным стылі ўславіў барацьбу ўкр. народа за нац. вызваленне ў 17 ст. Як глыбокі рэаліст і бязлітасны сатырык выступіў у т.зв. «пецярбургскіх аповесцях» («Нос», «Партрэт», «Неўскі праспект», «Запіскі вар’ята» і інш., 1835—42), у «Аповесці пра тое, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам» (1834). Наватарскі характар драматургіі камедыі «Рэвізор» (паст. 1836) дазволіў увасобіць у вобразах чыноўнікаў павятовага горада аблічча ўсёй тагачаснай Расіі. Сярод інш.драм. твораў Гогаля камедыі «Жаніцьба», «Гульцы», «Тэатральны раз’езд пасля паказу новай камедыі» (усе 1842) і інш.Маст. адкрыццём стаў вобраз «маленькага чалавека» з аповесці «Шынель» (1842), у якой Гогаль стаў на абарону зняважанай чалавечай годнасці. Вяршыня творчасці Гогаля — паэма-раман «Мёртвыя душы» (т. 1, 1842), дзе ў вобразах надзвычайнай маст. і псіхал. ёмістасці пісьменнік увасобіў маральнае аблічча сучаснага яму грамадства. Духоўныя пошукі 1840-х г. прывялі Гогаля да вывучэння багаслоўскіх прац, гісторыі царквы. Яго «Выбраныя мясціны з перапіскі з сябрамі» (1847) сталі адным з самых палемічных твораў рус. л-ры. У ёй Гогаль выказаў веру ў мажлівасць лепшага ўладкавання Расіі, яе месіянскую ролю, заснаваную на вернасці ідэалам праваслаўя і маральнага ўдасканалення чалавека. Большасць крытыкаў убачыла ў кн. пераход пісьменніка да рэліг. пропаведзі. В.Бялінскі абвінаваціў Гогаля ў крывадушнасці і жаданні стварыць гімн уладам. Грамадскае непрыняцце «Выбраных мясцін...» у многім вызначылі далейшы лёс Гогаля і яго творчасці. За 10 дзён да смерці Гогаль спаліў рукапіс 2-га т. «Мёртвых душ». З імем Гогаля ў рус. л-ры звязана станаўленне крытычнага рэалізму, т.зв.натуральнай школы. М.Чарнышэўскі ўвёў ва ўжытак нават паняцце «гогалеўскі перыяд рускай літаратуры».
Творчасць Гогаля зрабіла ўплыў на бел. л-ру (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Колас, М.Гарэцкі, З.Бядуля, К.Чорны, К.Крапіва, Я.Брыль і інш.). На бел. мову яго творы перакладалі М.Краўцоў, Крапіва, М.Лужанін, М.Машара, М.Паслядовіч, А.Бачыла, П.Місько, В.Рабкевіч і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзеныкн. Гогаля «Жаніцьба» (1937), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950), «Мёртвыя душы» (1950), «Рэвізор» (1951), «Тарас Бульба» (1954) і інш. Першыя пастаноўкі п’ес Гогаля на Беларусі адбыліся ў 19 ст. («Рэвізор», 1848; «Жаніцьба», 1850; «Цяжба», 1853; «Запіскі вар’ята», 1888, і інш.). У 1945 «Рэвізор» паст. ў Бел. т-ры Я.Коласа. У Тэатры-студыі кінаакцёра «Беларусьфільма» ажыццёўлены арыгінальныя пастаноўкі «Запіскі вар’ята» (1983) і «Фантазіі паводле Гогаля» (1987).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—14. М., 1937—52;
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1984—86;
Бел.пер. — Зачараванае месца // Наша ніва. 1909. № 9;
Тарас Бульба. Рэвізор. Мёртвыя душы. Мн., 1990.
Літ.:
Белинский В.Г. О Гоголе. М., 1949;
Чернышевский Н.Г. Очерки гоголевского периода русской литературы. М., 1953;
Н.В.Гоголь в воспоминаниях современников. М.; Л., 1952;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАНА́Х (ад араб. аль-манах каляндар),
зборнік літаратурных твораў, часта аб’яднаных адной тэмай, жанрам і г.д.; у стараж. часы календары-даведнікі. Першы літ. альманах — «Ľ Almanach des muses» («Альманах музаў», Парыж, 1764—1833). Першым рус. альманахам лічаць «Российский Парнас» (1771). Першыя бел. альманахі ўзніклі як раздзелы «Календаря Северо-Западного края» (М., 1889—90) і «Северо-Западного календаря» (Мн., 1891—92). У наступныя гады выйшлі альманахі: «Калядная пісанка на 1904 год» (Пб., 1903, арг-цыя«Круг беларускай народнай прасветы і культуры»), «Велікодная пісанка» (1904, тая ж арг-цыя), «Маладая Беларусь» (сш. 1—3, 1912—13, бел. выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца»), «Зборнік «Нашай нівы» (вып. 1—2. Вільня, 1912; з паэмай Я.Купалы «Курган», раздзеламі «Новай зямлі» Я.Коласа і інш.), «З аколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912, на польск. мове), «Колас беларускай нівы» (1913, лацінкаю на бел. мове, Гродзенскі гурток бел. моладзі), «Калядная пісанка, 1913 год» (Вільня, 1913, друкарня М.Кухты), «Велікодная пісанка» і «Дзень штукарства» (там жа, абодва 1914), «Могилёвский альманах за 1913 год» (Магілёў, 1914), «Літаратурны зборнік «Вольнае Беларусі» (Мн., 1917), «Зажынкі» (М., 1918, Белнацком; з творамі Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, Ф.Шантыра і інш.). У 1920—30-я г. ў Сав. Беларусі выйшлі альманахі: літ.-навук. веснік «Адраджэнне» (Мн., 1922); «Мы ідзем» (Мн., 1929, выданне польскіх пісьменнікаў); «Уздым» (кн. 1—2, Бабруйск, 1926—28), «Камсамолія» (Мн., 1927), «Пачатак» (Віцебск, 1926), «Світанне» (Віцебск, 1927), «Наддзвінне» (Полацк, 1926), «Дняпроўскія ўсплёскі» (Магілёў, 1927; усе — філій літ. аб’яднання «Маладняк»), «Звенья» (1926, Мінскага аб’яднання рус. пісьменнікаў «Звенья»), «Ранне» (Магілёў, 1929, акруговых філій БелАПП), «Рытмы будавання» (Віцебск, 1931, іх жа), «Цагліна ў падмурак» (1931, Бел. секцыя Ленінградскай АПП), «Ударнікі» (з 1931, Мінская АПП, у 1932—34 выпускаў Аргкамітэт СП БССР), «Літаратура і мастацтва» (кн. 1—5, Мн., 1933—36), «Бальшавіцкая моладзь» (1934), «Аднагодкі» (1935), «Бойцы» (№ 1—2, 1935—36) і інш. У Зах. Беларусі выйшлі альманахі: «Зборнік «Беларускіх ведамасцяў» (№ 1—3. Вільня, 1921, скл. М.Гарэцкі), «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928, арг-цыя маладых пісьменнікаў Зах. Беларусі «Веснаход»). У Айч. вайну выходзіў альманах «Беларусь» (М., 1943; Мн., 1945). Пасля вайны выдадзены альманахі: «Отчизна» (з 1945; з 1947 «Советская Отчизна», з 1952 часопіс, з 1960 «Нёман»), «На сонечных сцежках» (кн. 1—3, 1950—53); «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Нарач» (кн. 1—2, 1957—58), «Дняпро» (1957), «Нёман» (кн. 1—2, 1956—58), «Брэст» (1958), «Літаратурны Гомель» (1958; усе абл.літ. аб’яднанняў); «Падарунак» (1958), «Узлёт» (1965), «Натхненне» (1967), «Мары юнацкія» (1969), «Універсітэт паэтычны» (1971), «Вёсны» (1977), «Вусны» (1985), «Квадра» (1990; усе літ. аб’яднання БДУ); «Дзень паэзіі» (1965—71), «Далягляды» (з 1975), «Сучаснік» (з 1977), «Братэрства» (з 1982), «Вобраз» (з 1981), «Шляхам гадоў» (вып. 1—4, 1990—94), «З гісторыяй на «Вы» (вып. 1—3, 1991—94), «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—95), «Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная» (1986), «Галасы Прыдняпроўя: Магілёўшчына літаратурная» (1991), «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» (1992; усе — выд-ва «Мастацкая літаратура»); «Ветразь» (з 1985, выд-ва «Юнацтва»); «Свіцязь» (1989, альманах бібліяфілаў, выд-ва «Беларусь»); «Культура беларускага замежжа» (кн. 1—3, 1993—94), «Беларуская драматургія» (вып. 1—2, 1994—95, абодва выд-ва «Навука і тэхніка»). З 1990 у абл. і раённых гарадах Беларусі пачалі выходзіць альманахі: «Ксэракс беларускі» (вып. 1—5, Полацк, 1991—94), «Магілёўшчына» (вып. 1—4, Магілёў, 1990—93), «Рунь» (вып. 1—3, Паставы, 1991—93), «Магістраль» (вып. 1—2, Гомель, 1993—94), «Дняпроўскія хвалі» (Магілёў, 1993), «Золак над Шчарай» (Слонім, 1994), «Галасы з Парнаса» (Горкі, 1995). Выд-ва «Універсітэцкае» з 1995 пачало выпускаць гіст. альманах «Адраджэнне». Бел. альманахі выходзяць і за межамі Беларусі: «Ля чужых берагоў» (Мюнхен, 1955, выд-ва «Бацькаўшчына», з творамі Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, М.Сяднёва, Р.Крушыны, А.Салаўя, Х.Ільяшэвіча, Ю.Віцьбіча і інш.бел. пісьменнікаў-эмігрантаў); «Белавежа» (Беласток, 1965, 1971, 1980, з творамі бел. пісьменнікаў Беласточчыны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́Н (Milano),
горад на Пн Італіі, у цэнтр.ч. Паданскай раўніны. Адм. ц. вобласці Ламбардыя і прав. Мілан. 1,5 млн.ж., з прыгарадамі каля 4,5 млн.ж. (1998); другі па колькасці насельніцтва (пасля Рыма) горад краіны. Важны вузел чыгунак і аўтадарог, злучаны суднаходнымі каналамі з р. По. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар.Гал.прамысл., важны навук. і культ. цэнтр краіны. Больш за 50% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў прам-сці (каля 10 % занятых ва ўсёй прам-сці краіны), якая мае шматгаліновы характар. Вядучая галіна — машынабудаванне: вытв-сць абсталявання для металургіі і інш. галін прам-сці, аўтамаб., авіяц., трактарная прам-сць, вытв-сць матацыклаў, веласіпедаў, с.-г. машын, чыг. рухомага саставу і абсталявання, матора-, прылада- і станкабудаванне, электратэхн., радыёэлектронная, ваенная прам-сць. Развіты нафтаперапр., хім., гумавая прам-сць, металургія (асабліва вытв-сць якасных сталей). Прадпрыемствы тэкст., харч., швейнай, гарбарна-абутковай і інш. галін. Найбуйнейшы цэнтр выдавецкай справы ў Італіі. Метрапалітэн. У М. знаходзяцца праўленні вядучых канцэрнаў краіны, банкі, гандл. і фондавая біржы. У М. — шэраг ВНУ, у т. л. 3 ун-ты, кансерваторыя, акадэмія выяўл. мастацтваў, і навук. устаноў, у т. л. Акадэмія л-ры. Нац.б-ка, б-ка Амбразіяна і інш. Міланская прамысл. выстаўка.
Засн. ў 4 ст. да н.э. інсубрамі (адно з кельцкіх плямён). З 196 пад уладай Рыма, буйны эканам. цэнтр Рым. імперыі. У 313 выдадзеныМіланскі эдыкт. У 539 разбураны остготамі, у 569 заваяваны лангабардамі. З 774 пад уладай Каралінгаў. З канца 10 ст. ўладанне архіепіскапа, буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (выраб зброі, шоўку, сукна). Вайна (патарыя) гараджан супраць архіепіскапа прывяла да ўтварэння ў М. камуны (1147). Горад падтрымаў вайну папства супраць ням. імператара Фрыдрыха I Барбаросы, у 1162 разбураны яго войскамі. Адбудаваны на сродкі Ламбардскай лігі. У 1176 гараджане ўдзельнічалі ў разгроме імперскіх войск пад Леньяна. Паводле Канстанцкага міру 1183 за М. замацаваны правы камуны. З 1277 пад уладай тыраніі Вісконці, з 1395 сталіца Міланскага герцагства. У 14 ст. адзін з гал. цэнтраў гандлю і вытв-сці ў Еўропе (вырабы з жалеза, тэкстыль), горад чаканіў сваю манету. З 1450 уладанне роду Сфорца, пры двары якіх працавалі Д.Брамантэ і Леанарда да Вінчы. Пасля смерці апошняга Сфорца (1535) М. захапіў імператар Карл V і аддаў горад свайму сыну Філіпу II (каралю Іспаніі). У 1706 заваяваны Аўстрыяй. У 1796 акупіраваны Напалеонам, з 1797 сталіца Цызальпінскай рэспублікі, з 1802 — Італьян. рэспублікі, з 1805 — Італьян. каралеўства. У (815—59 у складзе Аўстрыі, цэнтр Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. У 1859 вызвалены, разам з Ламбардыяй у складзе Сардзінскага каралеўства, з 1861 — адзінага Італьян. каралеўства. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. М. ператварыўся ў буйны гандл.-прамысл. і фінансавы цэнтр з моцным рабочым рухам. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны.
Аблічча сярэдневяковага М. вызначалася авальным планам з радыяльнай сеткай вуліц і цэнтрам на пл. П’яцца даль Дуома. Захаваліся фрагменты стараж.-рым. пабудоў, помнікі раннехрысц. і раманскага дойлідства: касцёлы Сан-Ларэнца Маджорэ (пачаты ў 4 ст., перабудаваны ў 11 і 16 ст., мазаікі 4—5 ст.), Сант-Амброджа (9—12 ст.; клуатры — з 1492, арх. Брамантэ), Сант-Эўсторджа (12—13 ст.; капэла Партынары, 1462—68, арх. Мікелоца, фрэскі В.Фопы). У М. — гатычны сабор (1386—1856, арх. А. і Ф. дэльі Аргані, С.Арсеніга, М.Фрызоне, К.Салары, П.Тыбальдзі і інш.), замак Кастэла Сфарцэска (пачаты ў 1450, арх. Дж. да Мілана, А.Філарэтэ, Брамантэ, фрэскі паводле эскізаў Леанарда да Вінчы; у 1952—56 рэканструяваны пад музей), рэнесансавыя касцёлы Санта-Марыя дэле Грацые (1466—97, арх. Г.Салары, Брамантэ; у трапезнай размалёўка «Тайная вячэра» Леапарда да Вінчы), Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра (1479—83, арх. Брамантэ, фасад 19 ст.); шэраг збудаванняў у стылях барока і класіцызму, у т. л.т-р«Ла Скала» (1778, арх. Дж. П’ермарыні). Сярод пабудоў у сучасных стылях: вышынныя будынкі Пірэлі (1956—60, арх. Дж.Понці, А.Раселі; выш. 130 м), Торэ Веласка (1956—58) і інш. Музеі: Нац. навукі і тэхнікі Леанарда да Вінчы, марскі, карцінныя галерэі Брэра, Амбразіяна. Тэатры «Ла Скала», «Пікала-тэатр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНОМІКА ТРАНСПАРТУ
Пытанні эканомікі транспарту і яго падгалін (чыг., аўтамаб., рачнога і паветранага транспарту) у даваенныя і ў першыя гады пасля Вял.Айч. вайны на Беларусі распрацоўвалі спецыялісты адпаведных трансп. арг-цый, Дзяржплана БССР. З 1953 вядучай установай па вывучэнні эканам. праблем транспартнага комплексу рэспублікі стаў Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (з 1993 Бел.дзярж.ун-т транспарту). Тут даследавалі праблемы эканам. эфектыўнасці комплекснай механізацыі пагрузачна-разгрузачных і пуцявых работ, уніфікацыі вагавых норм паяздоў пры новых відах цягі, уплыву якасных паказчыкаў выкарыстання рухомага саставу на эканам. вынікі работы чыгункі (А.І.Шаляляеў, З.І.Патапенка, У.Г.Перцаў і інш.). Цяпер вучоныя-эканамісты гэтай ВНУ праводзяць эканам. аналіз дзейнасці Бел. чыгункі, вывучаюць пытанні ўдасканалення метадалогіі бухгалтарскага і падатковага ўліку, прадукцыйнасці працы, сабекошту транспартных работ і паслуг, эфектыўнасці міжнародных грузавых перавозак (А.А.Міхальчанка, В.Г.Гізатуліна, І.А.Елавой, М.Д.Малькевіч). Ва ун-це распрацавана Праграма развіцця Бел. чыгункі да 2010 і Комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу на Бел. чыгунцы да 2020.
З 1960-х г. у Ін-це эканомікі АН Беларусі, НДІ эканомікі і эканам.-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР (з 1994 Н.-д.эканам.ін-тМін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь) вывучаліся праблемы рацыяналізацыі перавозак масавых грузаў, абгрунтавання асн. кірункаў развіцця ўсіх відаў транспарту на перспектыўны перыяд (І.Я.Галаванчыкаў, П.А.Дармаян, С.І.Анохін, А.І.Мараў, М.Г.Кучэўскі, В.Р.Вяршыніна і інш.). З 1990-х г. даследуюцца пытанні ўдасканалення структуры кіравання, сістэмнага рэфармавання, фін. і інвестыцыйнай дзейнасці галіны, эфектыўнасці міжнар. перавозак, выкарыстання інфраструктуры марскіх партоў для перавалкі знешнегандл. грузаў, распрацоўваюцца прагнозы і праграмы развіцця транспарту Беларусі на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую перспектыву (М.Г.Кучэўскі, В.Ц.Семчанка, Т.М.Шынкевіч, Л.М.Міхневіч, Ю.І.Сяпцілка і інш.).
У Бел.н.-д. і тэхнал. ін-це аўтамаб. транспарту (з 2000 Бел.НДІ транспарту «Транстэхніка» Мін-ва транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь) займаліся пытаннямі павышэння прадукцыйнасці працы, удасканалення матэрыяльнага стымулявання, паляпшэння тэхніка-эксплуатацыйных паказчыкаў выкарыстання аўтамабіляў (С.І.Цярэшка, В.М.Удавенка, А.Д.Лугаўцоў, А.І.Мараў, П.М.Грабенік і інш.). Цяпер ін-т удзельнічае ў распрацоўцы прагнозаў, праграм і праектаў сац.-эканам. развіцця транспартнага комплексу, дзярж. транспартнай палітыкі, бізнес-планаў, маркетынгавых і інвестыцыйных праектаў, стварэнні сучасных сістэм і тэхналогій перавозкі грузаў, пасажыраў, тэхн. абслугоўвання рухомага саставу (Л.С.Стукалаў і інш.). На пошук шляхоў эканоміі і рацыянальнага выкарыстання матэрыяльна-тэхн. і прац. рэсурсаў пры ўкараненні новых матэрыялаў, тэхнал. працэсаў і сродкаў механізацыі ў буд-ве маставых і дарожных палотнаў накіравана дзейнасць навук. супрацоўнікаў Бел. дарожнага НДІМін-ва транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. У Бел.нац.тэхн. ун-це даследуюцца праблемы эфектыўнасці міжнар.аўтамаб. перавозак і лагістычных транспартна-тэхнал. сістэм, лізінгу аўтатранспартных сродкаў, маркетынгу транспартнай дзейнасці, пытанні энергазберажэння транспарту, надзейнасці транспартнага абслугоўвання галін эканомікі (Р.Б.Івуць, В.І.Пахабаў, М.Н.Піліпук, А.А.Тозік, А.Дз.Малаковіч).
Па эканоміцы транспарту выдадзенынавуч. дапаможнікі: «Тэорыя аналізу гаспадарчай дзейнасці» В.Г.Гізатулінай (2000), «Транспарт: Агульны курс» В.П.Ярашэвіча (2001), «Асновы маркетынгу» В.І.Пахабава і В.В.Тарэлкі (2001), «Кіраванне транспартным комплексам: Міжнародны курс» Л.С.Стукалава (2002), «Маркетынг на транспарце» М.І.Шкурына (2003) і інш.
Літ.:
Никитенко В.Г., Гуцев Е.Г. Транспорт в народно-хозяйственном комплексе БССР. Мн., 1978;
Менжинский А.И. Развитие автотранспорта общего пользования в Белорусской ССР за 60 лет. Мн., 1980;
Методические положения анализа и прогнозирования развития транспорта в условиях реформирования экономики. Мн., 1998;
Еловой И.А. Эффективность логистических транспортно-технологических систем (теория и методы расчетов). Ч. 1—2. Гомель, 2000;
Сенько В.И. Экономические методы и модели в планировании вагонного хозяйства. Гомель, 2001;
Кучевский Н.Г. Транспорт Беларуси: интеграционные процессы. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОВАЗНАЎСТВА
Навуковыя даследаванні бел. мовы ўзніклі ў 16 ст., напачатку ў Выглядзе тлумачэнняў незразумелых стараслав. лексем і выразаў «простай», ці тагачаснай старабел. мовай (найперш у выданнях Ф.Скарыны і інш. перакладчыкаў рэліг. тэкстаў — С.Буднага, В.Цяпінскага), а пасля ў выглядзе буквароў, граматык, слоўнікаў стараслав. мовы, дзе метамовай, або мовай апісання, служыла старабел. мова. Незразумелыя царкоўнаславянскія «глосы» (словы) Ф.Скарына тлумачыў бел. лексемамі (напр., «кивотъ — скриня», «риторъ — мовца», «тимпанъ — бубен» і інш.). Аналагічнай бел. метамовай карысталіся С.Будны і В.Цяпінскі (напр., у С.Буднага «благодарение — дякованье», «врач — лекарь», «миръ — покой»; у В.Цяпінскага «верыга — ланцуг», «мучитель — катъ», «зло — лихо» і г.д.).
Першая граматыка ўсх. славян напісана на тэр. тагачаснай Беларусі ў Вільні — «Кграматыка словеньска языка...» (ананімная, 1586). У 1596 там жа надрукавана «Грамматіка Словенска...» Л.Зізанія, дзе ў выглядзе пытанняў і адказаў з дапамогай старабел. мовы апісваліся фанетычныя і марфалагічныя рысы стараслав. мовы. Самай значнай лінгвістычнай працай пач. 17 ст. стала «Грамматіки славенския правилное Синтагма» М.Сматрыцкага, выдадзеная ў 1619 у Еўінскай друкарні (пад Вільняй). Гэтая кніга амаль паўтара стагоддзя лічылася ва ўсх. славян найбольш аўтарытэтнай і глыбокай працай па мовазнаўстве. Паводле яе ўзору створаны першыя навуковыя граматыкі сербскай, балгарскай, рус. моў. «Граматыкі» Л.Зізанія і М.Сматрыцкага, напісаныя на аснове царкоўнаславянскай мовы, адлюстроўвалі некаторыя рысы жывой бел. гаворкі і прызначаліся для ўсяго «грэка-славянскага» свету. Калі ў гэтых лінгвістычных працах старабел мова выкарыстоўвалася пераважна ў якасці метамовы, а аб’ектам апісання служыла стараслав. мова, то створаная ў Сарбоне (Францыя) І.Ужэвічам на лац. мове «Граматыка словенская» (1643) прысвечана апісанню ўласна старабел. і стараўкраінскай літаратурнай мовы Гэтая кніга ў 18—19 ст. была вядома славістам у 2 рукапісных варыянтах (упершыню яна надрукавана ў 1970 у Кіеве, у 1996 выдадзена ў Мінску). З інш. лінгвістычных прац, створаных беларусамі ў 17 ст., вылучаюцца «Азбука» Сімяона Полацкага, напісаная для навучання грамаце будучага расійскага цара Пятра I, і «Граматыка» І.Капіевіча, якой карыстаюцца і цяпер тыя, хто ўжывае кірыліцкае пісьмо (балгары, беларусы, рускія, сербы, украінцы і інш.).
Адначасова з граматычнымі апісаннямі мовы на тэр. Беларусі надрукаваны першыя сярод усх. славян слоўнікі, найбольш вялікім і грунтоўным з якіх быў «Лексис...» Л.Зізанія (1596, Вільня). У гэтым слоўніку змешчаны пераклад на старабел. мову 1061 царкоўнаславянскага слова, а для перакладу выкарыстана больш за 2000 старабел. лексем, многія з якіх захаваліся і ў сучаснай мове без змен свайго значэння («лазня», «нікчэмны», «дзякаваць», «вяселле», «чакаць», «праца», «іншы», «ручнік» і г.д.). Пісьмовы варыянт старабел. літаратурнай мовы фактычна быў выведзены з афіцыйнага ўжытку ў 1696, калі Беларусь знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля і Рас. імперыі. У пач. 19 ст. збіральнікі бел. фальклору (Я.Чачот, П.Шпілеўскі, А.Кіркор і інш.), зыходзячы з асаблівасцей гаворак, складалі слоўнікі мясцовых слоў. Цікавасць да этнаграфічнага, фальклорнага і гістарычнага матэрыялаў абумовіла з’яўленне напачатку спарадычных, несістэматызаваных навуковых апрацовак бел. мовы ў выглядзе слоўнікаў, нататак, артыкулаў і першых рукапісных граматык П.Шпілеўскага, К.Нядзведскага (не выдадзены). Пра бел. мову і яе асаблівасці згадвалі ў сваіх працах А.Брукнер (Польшча), П.Уладзіміраў, А.Шахматаў, М.Карпінскі (Расія), К.Апель (Германія) і інш. Да ліку асобных прац па фанет. і марфал. адметнасцях бел. мовы належаць працы К.Калайдовіча, Ф.Галатузава, І.Нядзёшава. Значныя навук. здабыткі ў 19 ст. па бел. мовазнаўстве ў лексікаграфічных працах І.Насовіча, Ф.Шымкевіча, М.Гарбачэўскага і інш. У 1840 Ф.Шымкевіч склаў слоўнік «Збор слоў літоўска-рускай (бел.) мовы», які ўключаў каля 3000 намінатыўных адзінак (слоў, устойлівых выразаў); прыведзеныя словы перакладзены на рус., англ., венг., дацкую, лат., літ., ням., польскую, сербскую, славацкую, фін., чэш., швед. і інш. мовы. «Слоўнік беларускай мовы» І.Насовіча (1870) уключаў у сваю рэестравую (левую) частку больш за 30 тыс. слоў, сабраных аўтарам пераважна ў Магілёўскай губ. Акрамя прыведзеных лексікаграфічных прац, захаваўся рукапіс «Апісанне Крычаўскага графства, ці былога староства» А.Меера (1786), дзе побач з гістарычнымі, этнаграфічнымі, геаграфічнымі апісаннямі гэтай мясцовасці змешчана каля 600 бел. слоў, кожнае з якіх мае лац. ці рус. пераклад або тлумачэнне; словы размеркаваны па тэматычных рубрыках, а ўнутры іх па алфавіце. Гэтую працу можна лічыць адной са спроб ідэаграфічнага апісання бел. лексікі. Рукапісны «Слоўнік беларускай гаворкі» П.Шпілеўскага (1845) ахоплівае каля 1,5 тыс.бел. лексем. Лексікаграфічныя матэрыялы прадстаўлены ў працах Я.Чачота, К.Калайдовіча і інш. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. мовазнаўства Я.Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры кнігі гэтай манаграфіі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. Бел. мову ён аналізаваў як самастойную слав. мову, у той час як афіцыйная навука лічыла яе дыялектным адгалінаваннем велікарускай мовы. Першыя навуковыя спробы апісання новай бел. літаратурнай мовы, заснаванай амаль цалкам на народных гаворках, сведчаць пра з’яўленне на лінгвагеаграфічнай карце свету адметнай слав. мовы, якая дзякуючы сваім глыбінным караням захавала ў найбольш чыстым выглядзе адну з самых старажытных і развітых моў Еўропы.
Унутранымі фактарамі развіцця бел. лінгвістыкі сталі з’яўленне ў пач. 20 ст. легальнага перыядычнага бел. друку (газеты «Наша доля», «Наша ніва» і інш.), а таксама літаратурных твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, З.Бядулі, М.Зарэцкага, К.Чорнага і інш. Гэтым было абумоўлена стварэнне прац па апісанні, унармаванні і кадыфікацыі бел. слова, самай значнай з якіх стала «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевіча (1918, 5-е факс. выд. 1991), дзе сцісла, але навукова і грунтоўна вызначаны асноўныя моўныя нормы, якія і зараз выкарыстоўваюцца бел. дыяспарай і некаторымі сучаснымі недзярж. выданнямі Беларусі пад неафіцыйнай назвай «тарашкевіца».
У 1920-я г. на Беларусі разгарнулася шырокая лексікаграфічная дзейнасць. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, вынікам працы якой стала выданне 24 выпускаў бел. навуковай тэрміналогіі, апублікаваны бел.-рус. і рус.-бел. перакладныя слоўнікі, напр., «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» М.Байкова і С.Некрашэвіча (1926) і інш., а таксама слоўнікі, прысвечаныя вайсковай тэрміналогіі (М.Байкоў і А.Бараноўскі), праву (М.Гуткоўскі), батаніцы (З.Верас), дыялектныя слоўнікі Віцебшчыны (М.Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.Шатэрнік) і інш. Распрацоўваліся тэарэтычныя пытанні вывучэння і апісання бел.нар. гаворак, лінгвагеаграфіі ў публікацыях М.Байкова, І.Ваўка-Левановіча, Я.Карскага, П.Растаргуева і інш. У 1928 П.Бузук надрукаваў манаграфію «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», дзе разгледзеў фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці гаворак цэнтр. і ўсх. Беларусі, а таксама сумежных абласцей Расіі і Украіны. Лексічная база бел. мовы папаўнялася рознымі шляхамі: у выніку стварэння новых слоў і словазлучэнняў на ўласнай моўнай базе, шляхам запазычання, за кошт дыялектнай лексікі.
У 1922 створаны Інстытут бел. культуры, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі і ўключаў у свой склад Інстытут мовазнаўства. З адкрыццём БДУ (1921) і шэрагу пед. ін-таў пашырылася падрыхтоўка лінгвістычных кадраў і вяліся даследаванні ў галіне бел. мовазнаўства. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 праведзена Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, дзе акрамя айчынных спецыялістаў прынялі ўдзел замежныя лінгвісты і пісьменнікі (М.Фасмер, Ю.Галомбак, Я.Райніс і інш.). Па выніках працы канферэнцыі ўтворана камісія бел. літаратурнай мовы, якая падрыхтавала і апублікавала ў 1930 праект новага правапісу. У 1933 створана асобная камісія, якая распрацавала новы праект, прыняты СНКБССР пад назвай «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Гэтым упершыню ў гісторыі бел. літаратурнай мовы заканадаўча замацаваны пэўныя нормы бел. правапісу і граматыкі. Правіламі 1933 карысталіся ў Савецкай Беларусі да 1957, калі СМБССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага бел. правапісу», скарэкціраваўшы тагачасныя моўныя нормы.
У даваенны час падрыхтаваны і выдадзены лінгвістычныя працы Ц.Ломцева, К.Гурскага і інш., прысвечаныя фанетыцы, арфаграфіі, марфалогіі, сінтаксісу бел. мовы і скіраваныя на збліжэнне з правіламі і нормамі адпаведных раздзелаў рус. мовы. У 1937 выдадзены самы вялікі на той час перакладны «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.Александровіча, які ўключаў 40 тыс. рэестравых слоў. Методыцы выкладання бел. мовы прысвечаны і працы Я.Коласа. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны буйнейшыя бел. мовазнаўцы М.Байкоў, П.Бузук, І.Воўк-Левановіч, М.Гарэцкі, С.Некрашэвіч, Б.Тарашкевіч і інш., што разам з Вялікай Айчыннай вайной істотна прыпыніла развіццё бел. мовазнаўства, многія пытанні якога ў 1950-я г. пачалі распрацоўваць фактычна на новых навуковых прынцыпах.
У 1952 у АН Беларусі адноўлены Інстытут мовазнаўства (з 1956 імя Я.Коласа), які быў адкрыты ў 1929, але ў 1935 рэфармаваны ў Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы. З адкрыццём спецыяльнай лінгвістычнай установы звязана разгорнутае навуковае апісанне бел. мовы на ўсіх яе ўзроўнях і па ўсіх раздзелах лінгвістыкі (фанетыка, марфалогія, словаўтварэнне, лексіка, сінтаксіс, фразеалогія, стылістыка), а таксама ў моўных разнавіднасцях (дыялекталогія, мастацкая літаратура, публіцыстыка, навука і інш.). Значныя вынікі атрыманы ў апісанні дыялектаў, за кошт якіх у вялікай ступені папоўніўся лексічны фонд бел. літаратурнай мовы. Вынікам сумеснай працы акадэмічных работнікаў і выкладчыкаў ВНУ стаў «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (т. 1—3, 1957—61), падручнікі і навучальныя дапаможнікі М.Булахава, М.Гурскага, М.Жыдовіч, Ц.Ломцева, М.Марчанкі, Ю.Мацкевіч, П.Юргелевіча і інш. Найбольш значныя працы пасляваеннага перыяду — фундаментальныя акадэмічныя «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.Крапівы, М.Булахава, П.Шубы (т. 1—2, 1962—66), «Беларуская граматыка» пад рэд. М.Бірылы і П.Шубы (ч. 1—2, 1985—86), энцыклапедыя «Беларуская мова» пад рэд. А.Міхневіча (1994, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Грунтоўнай працай у галіне лінгвістыкі стаў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963, Дзярж. прэмія СССР 1968) — першае поўнае лінгвагеаграфічнае апісанне адной з усходнеславянскіх моў, дзе налічваецца 338 лінгвістычных карт, паказана тэр. пашырэнне фанетычных (64 карты), акцэнталагічных (15), марфалагічных (115), сінтаксічных (21), лексічных (121) з’яў бел. гаворак. Лагічны працяг гэтай працы — «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. М.Бірылы і Ю.Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98, Дзярж. прэмія Беларусі 2000), які складаецца з 1791 карты з паказаннем геаграфічнага размеркавання дыялектных лексем. У выглядзе рэгіянальных слоўнікаў надрукаваны лексічныя матэрыялы асобных гаворак Беларусі: «Дыялектны слоўнік» Ф.Янкоўскага (в. 1—3, 1959—70), «Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» пад рэд. М.Жыдовіч (в. 1—3, 1970—77), «Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), а таксама шматлікія выданні слоўнікаў дыялектнай лексікі М.Абабуркі, І.Бялькевіча, М.Каспяровіча, Я.Камароўскага і Е.Мяцельскай, П.Сцяцко, Л.Шаталавай, М.Шатэрніка, Г.Юрчанкі, Р.Яўсеева і інш. Істотным здабыткам бел. лексікаграфіі сталі кн. «Беларуская антрапанімія» М.Бірылы (т. 1—3, 1966—82), 6 выпускаў слоўніка айконімаў Я.Рапановіча, працы Я.Адамовіча, В.Жучкевіча, В.Лемцюговай, А.Мезенка, М.Судніка, Г.Усціновіч, І.Яшкіна і інш.
У пасляваенны час рознымі выдавецтвамі апублікавана шмат перакладных слоўнікаў, у т. л. «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.Коласа, К.Крапівы, П.Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.Крапівы (1962) з пазнейшымі дапоўненымі і дапрацаванымі перавыданнямі, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.Абрэмбскай-Яблонскай і М.Бірылы (Варшава, 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.Лемцюговай (1980), «Беларуска-расейскі слоўнік» Я.Станкевіча (Нью-Йорк, 1989), «Польска-беларускі слоўнік» пад рэд. Г.Цыхуна (2004) і інш.Выдадзены «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. М.Судніка і М.Крыўко (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.Бардовіча і Л.Шакуна (1975, 2-е выд. 1989), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» А.Бардовіча, М.Круталевіча і А.Лукашанца (2000), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.Клышкі (1976, 2-е выд. 1993), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік іншамоўных слоў» А.Булыкі (т. 1—2, 1999), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.Грабчыкава (1994), «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.Мажэйкі і Я.Супруна (т. 1—5, 1976—92), а таксама «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Скарыны» У.Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.Пазнякова (1988), Н.Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы «Нашай нівы» (у 5 т.; т. 1, 2003). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—21, 1982—2002), «Слоўнікам мовы Янкі Купалы» (т. 1—4, 1997—2002). У працы В.Кіпеля і З.Саўкі «Беларускія слоўнікі...» (2002) змешчаны звесткі пра больш як 2000 бел. лексікаграфічных выданняў. Важнае месца займаюць тэрміналагічныя слоўнікі (больш як 260 найменняў), большасць з якіх надрукаваны ў 1992—95 (каля 150). Самыя вялікія тэрміналагічныя выданні — «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік» (у 2 т.; 1997—98, каля 157 000 рэестравых слоў), «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994, каля 75 000 паняццяў), «Руска-беларускі слоўнік для вайскоўцаў» (1996, каля 30 000 загаловачных слоў).
Асобныя манаграфіі прысвечаны апісанню фанетыкі бел. мовы (М.Бірыла, Л.Вардамацкі, Л.Выгонная, Я.Івашуціч, А.Крывіцкі, А.Падлужны, Э.Смулкова, В.Чэкман, Ф.Янкоўскі і інш.), сярод якіх вылучаецца грунтоўная калектыўная акадэмічная праца «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989, пад рэд. А.Падлужнага). Даследаванне прыватных марфалагічных катэгорый прадстаўлена ў манаграфіях М.Жыдовіч і А.Наркевіча (назоўнік), М.Булахава (прыметнік), Ю.Мацкевіч (дзеяслоў), Т.Сцяшковіч (займеннік), П.Вярхова (лічэбнік), П.Шубы (прыназоўнік, прыслоўе, дзеяслоў) і інш. Характарыстыка сінтаксісу бел. мовы выкладзена ў працах Л.Бурака, А.Міхневіча, А.Наркевіча, Л.Падгайскага, В.Протчанкі, П.Сцяцко, М.Яўневіча і інш. Пытанні словаўтварэння разглядаюцца ў кнігах А.Лукашанца, М.Паўленкі, М.Прыгодзіча, Л.Шакуна і інш. Лексіка бел. мовы з дыяхранічнага пункту гледжання асветлена ў калектыўнай працы «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), а таксама ў кнігах А.Баханькова, М.Булахава. Стан сучаснай бел. лексікі даследаваны ў кнізе «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994, пад рэд. А.Баханькова). Пэўныя перыяды развіцця і функцыянавання лексікі бел. мовы адлюстраваны ў даследаваннях М.Абабуркі, А.Булыкі, В.Краснея, М.Крукоўскага і інш. Фразеалагічны матэрыял прадстаўлены ў шматлікіх слоўніках дыялектнага тыпу (М.Даніловіч, Я.Камароўскі і Е.Мяцельская, Г.Юрчанка, Ф.Янкоўскі і інш.) і літаратурнага, у т.л перакладных (І.Кісялёў, І.Лепешаў, З.Санько і інш.). Тэарэтычнай распрацоўцы праблем бел. фразеалогіі прысвечаны манаграфічныя даследаванні А.Аксамітава, М.Даніловіча, У.Коваля, І.Лепешава, Г.Параскевіч, Ф.Янкоўскага і інш.
Гісторыя бел. мовы, пачатак вывучэння якой звязаны з дзейнасцю Я.Карскага, В.Ластоўскага, Я.Ваўка-Левановіча, якія асвятлялі пераважна перыяд старабел. пісьменства, даследавалася і замежнымі славістамі А.Мартэлем, Х.Стангам і інш. У 2-й пал. 20 ст. гісторыя бел. мовы разглядалася ў спецыяльных працах М.Булахава, М.Булыкі, Н.Вайтовіч, А.Груцы, А.Жураўскага, І.Крамко, У.Свяжынскага і інш. З фундаментальных прац па гісторыі бел. літаратурнай мовы вылучаюцца кн. Л.Шакуна «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (1963, 2-е выд. 1984, Дзярж. прэмія Беларусі 1986) і калектыўная «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» А.Жураўскага, І.Крамко, А.Юрэвіч, А.Яновіч (т. 1—2, 1967—68). Параўнальнаму і тыпалагічнаму даследаванню бел. мовы прысвечаны працы У.Анічэнкі, К.Гурскага, А.Лукашанец, Б.Плотнікава, А.Супруна і інш.
У 1980—2000-я г.бел. лінгвісты даследуюць практычна ўсе значныя аспекты і раздзелы сучаснага мовазнаўства; вял. значэнне надаецца пытанням культуры мовы і стылістыкі, агульнага і слав. мовазнаўства. У галіне матэматычнай і прыкладной лінгвістыкі даследуюцца праблемы лінгвастатыстыкі (М.Лясохін, К.Лук’яненкаў, В.Нешытой, Б.Плотнікаў), семіялагічных аспектаў мовы (В.Грыб, В.Мартынаў, Б.Плотнікаў), камп’ютэрнай апрацоўкі моўнай інфармацыі (А.Зубаў, В.Мартынаў, А.Соўпель), камп’ютэрны аналіз і сінтэз вуснага маўлення (Б.Лабанаў). Даследаванні бел. мовы ў камп’ютэрнай лінгвістыцы прывялі да стварэння практычна дзейных сістэм праграмавання па аўтаматычным перакладзе дзелавых тэкстаў з рус. мовы на бел. (Б.Плотнікаў, А.Соўпель) і інш. відаў электроннай апрацоўкі тэкстаў, да складання праграм праверкі бел. арфаграфіі (У.Вараб’ёў), напісання электронных слоўнікаў бел. мовы (А.Дабралюбаў), распрацоўкі інфармацыйных тэхналогій па стварэнні машыннага корпуса сучаснай бел. мовы (У.Кошчанка), энцыклапедый і падручнікаў бел. мовы (М.А.Ярмаш) і інш.
У наш час лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.пед. універсітэце, Мінскім лінгвістычным універсітэце, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Гомельскім і Гродзенскім універсітэтах і інш. Дзейнічае Бел. асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навуковы штогоднік Інстытута мовазнаўства Нац.АН Беларусі «Беларуская лінгвістыка», навуковыя «Веснікі» універсітэтаў і інш.Бел. мовазнаўцы ўдзельнічаюць у міжнар. навуковых канферэнцыях і з’ездах славістаў, у рэалізацыі міжнар. праекта па стварэнні «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» і г.д.
Літ.:
Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;
Плотнікаў Б.А. Кароткая гісторыя беларускай мовы і мовазнаўства. Мн., 2002;
Беларуская мова: Інтэрнет і камп’ютэр. Мн., 2002;
Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова: Лінгв. кампендыум. Мн., 2003;
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр.давед.Т. 1—3. Мн., 1967—93.