паменшаныя абагульненыя адлюстраванні зямной паверхні на плоскасці, якія паказваюць размяшчэнне, стан і сувязі розных прыродных і грамадскіх з’яў, іх змены ў часе, развіцці і перамяшчэнні. Складаюцца з геагр. элементаў, абумоўленых тэмай і прызначэннем карты. На свабодных месцах геаграфічных картаў размяшчаюць графікі і тэксты, што дапамагаюць пры выкарыстанні (умоўныя знакі, легенда), графікі для вымярэння адлегласцей і інш. Ад інш. адлюстраванняў зямной паверхні (аэраздымкаў, малюнкаў і інш.) адрозніваюцца матэм. законам пабудовы карты (картаграфічныя праекцыі), спосабам графічнага адлюстравання рэчаіснасці (умоўныя знакі) і генералізацыяй картаграфічнай. Выдаюцца як самаст. творы, разам з манаграфічнай л-рай аб прыродзе, часам складаюць серыю — атласы геаграфічныя. Класіфікуюцца паводле зместу, маштабу, тэр. ахопу, прызначэння.
Паводле зместу адрозніваюць агульнагеагр. і тэматычныя карты. Агульнагеаграфічныя карты адлюстроўваюць рэльеф, гідраграфію, расліннасць, населеныя пункты, шляхі зносін, дзяржавы і адм. граніцы. У гэты раздзел уваходзяць і тапаграфічныя карты. Тэматычныя карты паказваюць на фоне асн контураў зямной паверхі дадатковыя элементы і з’явы, што часта не маюць на зямной паверхні бачных контураў (ападкі, працягласць вегетац. перыяду, нахілы рэк і інш.), унутр. асаблівасці (салёнасць вод). Яны падзяляюцца на карты прыроды — агульныя фіз.-геагр., геал., геафіз., метэаралагічныя, кліматычныя, глебавыя, рэльефу (геамарфалагічныя, гіпсаметрычныя, батыметрычныя, марфаметрычныя), расліннасці, жывёльнага свету, гідралагічныя, ландшафтнага і прыроднага раянавання і інш. (гл. карты да арт.Геабатанічнае раянаванне, Геахімічнае раянаванне, Геамарфалагічнае раянаванне), карты сацыяльна-эканамічныя адлюстроўваюць грамадскія з’явы (насельніцтва, адукацыю, ахову здароўя і інш.), эканамічныя карты — становішча і развіццё гаспадаркі (прам-сці. сельскай і лясной гаспадаркі, транспарту, прыродных рэсурсаў і інш.). Паводле тэмы геаграфічныя карты падзяляюцца на галіновыя, або прыватныя (асобных галін прам-сці, т-ры, с.-г. і інш.), агульныя (агульнакліматычныя і інш.) і комплексныя; залежна ад ступені абагульнення — на аналітычныя і сінтэтычныя (сінаптычныя карты і інш.). Геаграфічныя карты бываюць буйнамаштабныя, або тапаграфічныя (1:10 000, 1:25 000, 1:50 000, 1:100 000 і 1:200 000), сярэднемаштабныя, або аглядна-тапаграфічныя (1:300 000, 1:500 000, 1:1 000 000), дробнамаштабныя, або аглядныя (драбней за 1:1 000 000). Паводле тэр. ахопу падзяляюцца на сусветныя, мацерыкоў, а таксама акіянаў, дзяржаў, абласцей і раёнаў; паводле прызначэння — на навук., даведачныя, турысцкія, дарожныя, навігацыйныя і інш.
Геаграфічныя карты ствараюцца з дапамогай здымкі (тапаграфічнай, аэрафотатапаграфічнай, касмічнай, спецыяльнай) або камеральным шляхам у выніку апрацоўкі разнастайных крыніц. Выкарыстоўваюцца як даведнікі на мясцовасці, дапаможнікі навучання, пры вырашэнні нар.-гасп., вайсковых і навук. задач. На Беларусі геаграфічныя карты складаюць і друкуюць на Мінскай картаграфічнай ф-цы, у картографа-геадэзічным аб’яднанні Белгеадэзія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На З Украіны. Утворана 4.12.1939. Пл. 21,8 тыс.км². Нас. 2730 тыс.чал. (1997), гарадскога 60%. Цэнтр — г.Львоў. Найб. гарады: Драгобыч, Чырванаград, Стрый, Самбар, Барыслаў.
Прырода. Л.в. размешчана ў межах Валынскага і Падольскага ўзв. На Пд — адгор’і Усх. Карпат (найвыш. пункт вобласці — г. Пікуй, 1406 м). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны і буры вугаль, азакерыт, сера, калійная і кухонная солі, буд. матэрыялы. Крыніцы мінер.вод (больш за 100) і тарфяная лек. гразь. Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. 13—18 °C. Ападкаў ад 650 мм да 1000 мм (у гарах) за год. Гал. рэкі: Днестр, Зах. Буг (бас.р. Вісла), Стыр (бас.р. Прыпяць). Глебы пераважна шэрыя і цёмна-шэрыя ападзоленыя, дзярнова-падзолістыя, перагнойна-карбанатныя, у далінах рэк алювіяльна-лугавыя. Каля 1/3 тэрыторыі займаюць лясы (дуб, граб, бук, хвоя); горныя лугі, балоты. Запаведнік Расточча.
Гаспадарка. Шматгаліновая эканоміка Л.в. мае індустр.-агр. характар. На долю прам-сці прыпадае больш за 75 валавога прадукту. Паліўна-энергет. базу складаюць мясц. вуглі (Львоўска-Валынскі бас.), нафта (раёны Барыслава, Драгобыча і інш.), прыродны газ (Дашава, Рудкі). Дабратворская ДРЭС і шэраг ЦЭЦ. Развіты машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабіле-, станка- і прыладабудаванне, вытв-сцьс.-г. машын, паліграф. абсталявання, радыётэхнікі), нафтаперапр., хім., нафтахім. і хіміка-фармацэўтычная (вытв-сць сернай кіслаты, лакаў, фарбаў, серы, калійных угнаенняў, штучнага валакна, фармацэўтычных прэпаратаў), харч. (цукр., мясная, малочная, плодаагароднінакансервавая, алейна-тлушчавая, кандытарская), лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, абутковая, скургалантарэйная), паліграф., дрэваапр., у т. л. мэблевая, і цэлюлозна-папяровая прам-сць.
Вытв-сць буд. матэрыялаў, у т. л. цэменту, шкляных вырабаў, у т. л. хрусталю, фарфора-фаянсавага посуду. Маст. промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, вытв-сць ганчарных і шкляных вырабаў, дываноў). С.-г. ўгоддзі займаюць 1174 тыс.га, у т. л. ворныя землі 815 тыс.га (1997). Вял. масівы асушаных зямель (каля 500 тыс.га). Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень), тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец) культур, бульбы, агародніны. Садоўніцтва. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. Пчалярства. Даўж. чыгунак 1309 км. Асн. чыгункі: Чоп—Стрый—Львоў—Кіеў, Ужгарад—Самбар—Львоў, Львоў—Івана-Франкоўск—Чарнаўцы. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,7 тыс.км (1997). Па тэр. вобласці праходзяць нафтаправод «Дружба» і газаправоды «Брацтва», Дашава—Кіеў і інш. Бальнеалагічныя і бальнеагразевыя курорты: Трускавец, Любень-Вялікі, Моршын, Няміраў, Шкло. Цэнтр турызму і гарналыжнага спорту — Слаўскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПнЗеўрап.ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.7.1944. Пл. 55,3 тыс.км². Нас. 738 тыс.чал. (1997), гарадскога 71%. Цэнтр — г.Ноўгарад. Найб. гарады: Баравічы, Старая Руса, Валдай, Чудава.
Палавіну тэр. вобласці займае Прыільменская нізіна, на ПнУ — Ціхвінская града (выш. да 280 м), на ПдУ — Валдайскае ўзв. (выш. да 299 м). Карысныя выкапні: торф, буры вугаль, вогнетрывалыя і буд. гліны, вапнякі, кварцавыя пяскі, сапрапель. Крыніцы мінер. і радонавых вод, лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і ўмерана цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 16 °C. Ападкаў 540—750 мм за год. Найб. рэкі: Волхаў, Мста, Ловаць, Шалонь, Пала. Азёры: Ільмень, Валдайскае, Велле, Пірас, на ПдУ — частка воз. Селігер. Глебы дзярнова-падзолістыя, на ПдЗ ад воз. Ільмень дзярнова-карбанатныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хвойныя (хвоя, елка) і драбналістыя (бяроза, асіна, вольха) лясы. Каля 20% тэр. пад балотамі, хмызнякамі і вадой. Вял. масівы паплавоў і сенажацяў пашыраны на берагах воз. Ільмень, р. Волхаў і ў вусцях рэк Мста і Ловаць. На ПдУ вобласці Валдайскі нац. парк.
На долю прам-сці прыпадае больш за 47% валавога ўнутр. прадукту. Вядучыя галіны — машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., электраэнергетыка, лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, харч., буд. матэрыялаў. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць тэлевізары, відэамагнітафоны, тэлевізійныя сістэмы, кінескопы, паўправадніковыя прылады, машыны для хім. прам-сці, мед. інструменты, дрэваапр. станкі, прылады для АЭС і інш. Авіярамонт. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю шкловалакна, метанолу, сінт. аміяку, азотных угнаенняў. Развіты лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая (вытв-сць фанеры, драўнянавалакністых пліт, мэблі, піламатэрыялаў, цэлюлозы, паперы, запалак), шклофарфоравая, харч., лёгкая, у т. л. льноперапрацоўчая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Нар. промысел — вышыванне красцецкай «белай строчкай» (г.п. Крэстцы). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — ільнаводства і малочна-мясная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі займаюць 751,6 тыс.га, з іх 466,7 тыс.га ворныя землі. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, авёс, ячмень) і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Ільнаводства пераважна на Пд вобласці. На долю жывёлагадоўлі прыпадае 68% с.-r. прадукцыі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Даўж. чыгунак 1149 км, аўтадарог 8530 км. Асн. чыгункі Масква—С.-Пецярбург, Балагое—Пскоў, С.-Пецярбург—Дно, Ноўгарад—Луга; гал. транзітная аўтадарога Масква—С.-Пецярбург. Суднаходства па рэках Волхаў, Мста, азёрах Ільмень, Валдайскае. Газаправоды Таржок—Ноўгарад—Чудава—С.-Пецярбург, Валдай—Старая Руса—Рыга, нафтаправод Яраслаўль—Кірышы. Бальнеалагічны курорт Старая Руса, курортная мясцовасць Валдай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пла́ўкі1 (пла́вкый) ’пакаты, спадзісты’ (драг., Клім.; в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), ’пакаты (аб страсе)’ (ЛА, 4), укр.плавки́й, рус.арханг., кур.пла́вкий ’плаўны’. Адназоўнікавае ўтварэнне з суф. ‑к‑i са значэннем ’мае ў сабе тое, што названа ўтваральным словам’ ад *plavъ, параўн. польск.pław — пра цякучую ваду. Спачатку прыметнік меў суф. ‑ьn‑ъ — *plavьnъ: пла́ўны ’пакаты (аб страсе)’ (полац., чэш., круп., чавус., ЛА, 4), плы́ўны ’тс’ (барыс., тамсама), пла́ўны ’павольны, без ветру (пра дождж)’ (Сл. ПЗБ), пазней у некаторых дыялектах адбылася мена суф. ‑ьn‑ъ на больш характэрны ‑ъk‑ъ, як у гнуткі, грузкі, даўкі, коўзкі, мулкі.
Пла́ўкі2 мн. л. ’паплаўкі (з бярозавай кары)’ (рас., навагр., Сл. ПЗБ), рус.прыбалт.плавки́ ’змацаваныя паміж сабой дзве вязкі саломы ці чароту, на якіх дзеці вучацца плаваць’. Семантычнае ўтварэнне ад плаваць, гл. плыць, або з польск.pław, pławik ’паплавок’, ’кавалкі кары, коркі, дрэва, прымацаваныя да аднаго края рыбацкай сеткі’, параўн. аднак яшчэ ст.-рус.плавокъ ’паплавок’ (1608 г.).
Пла́ўкі3 ’кароткія, шчыльныя мужчынскія трусы для плавання’ (ТСБМ). З рус.пла́вки ’тс’.
Пла́ўкі4 ’тлустае сала, якое выдзяляе шмат тлушчу’ (пін., стол., ЛА, 4), пло́вкэ (сало) ’тс’ (стол., тамсама), пла́ўкі ’багаты тлушчам’ (ТС), ’слізкі’, ’слабкі (нітка, вяроўка)’ (Сл. ПЗБ); плаўкі́ ’слізкі, гладкі’ (саліг., Нар. словатв.), пла́вко ’гладка, лёгка’ (ТС). Укр.плавки́й ’роўны, гладкі, слізкі’, рус.валаг.пла́вкий ’які лёгка плыве’. Да пла́віць, якое з плыць, плы́сці (гл.). Семантыка развівалася ў напрамку: ’здольны плавіцца’ > ’багаты тлушчам’ > ’слізкі, гладкі’.
Пла́ўкі5 ’жоўты плывунец, Utricularia L. (?)’ (Сцяшк. Сл.). Да пла́ваць < плыць, плы́сці (гл.). Расліны не маюць каранёў і нібыта “плаваюць” у стаячых водах зарослых вадаёмаў і балот.
Плаўкі́ ’раска, Lemna minor L.’ (лельч., ЛА, 1). Да пла́ваць < плыць, плысці (гл.). Матывацыя: плоскія лісткі “плаваюць” — знаходзяцца на паверхні стаячых ці павольна плывучых вод. Параўн. іншыя роднасныя назвы раскі: в.-дзв.плаў, бабр.пла́ўня, саліг.плавунец, слон. плаву́чка, плаву́шка, круп.пуплаве́нь (тамсама). Знаходжанне раскі на паверхні вады атаясамлівае яе з паплаўком — гл. пла́ўкі2. Значэнне ’майнік’ (ТС), відаць, вызначана недакладна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕРХНЕБЯРЭ́ЗІНСКАЯ НІЗІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на Пд Віцебскай і Пн Мінскай абласцей, у бас. верхняга цячэння р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Мяжуе на ПнЗ са Свянцянскімі градамі, на ПнУ — з Ушацка-Лепельскім узв. і Чашніцкай раўнінай, на Пд — з Мінскім і Аршанскім узвышшамі, на З — з Нарачана-Вілейскай нізінай. Працягнулася з Пн на Пд на 105 км, з З на У на
15—100 км. Абс. вышыні рэльефу пераважна 160—180 м, змяншаюцца на Пд да 155 м пры ўпадзенні р. Гаўя ў Бярэзіну. Пл. каля 2,5 тыс.км².
Верхнебярэзінская нізіна прымеркавана да Беларускай антэклізы, на ПдУ — да Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле пераважаюць асадкавыя пароды пратэразою. У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 180 м) найб. пашыраны ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў. Асн. рысы сучасны рэльеф набыў пры дэградацыі ледавіка Ашмянскага стадыялу і ў выніку дзейнасці расталых вод паазерскага зледзянення.
У рэльефе Верхнебярэзінскай нізіны пашыраны зандравыя раўніны і азёрна-алювіяльныя нізіны. Каля краю паазерскага ледавіка, які з Пн падступаў да Верхнебярэзінскай нізіны, намнажаліся водна-ледавіковыя пясчаныя адклады раўніны. На спадзіста-хвалістай паверхні іх трапляюцца дэльты водна-ледавіковых патокаў (на Пн), тэрмакарставыя западзіны і эолавыя формы — дзюны, грады, узгоркі выш. да 5—7 м. На Пд Верхнебярэзінскай нізіны расталыя ледавіковыя воды падпруджваліся Барысаўскай градой, утваралася вял. возера. Пазней возера спушчана Бярэзінай, на яго месцы ўзнікла затарфаваная нізіна з рэшткавымі азёрамі. Найб. высокія ўчасткі рэльефу — спадзістахвалістыя марэнныя раўніны і канцовамарэнныя, моцна згладжаныя грады, увалы і ўзгоркі дняпроўскага зледзянення, што ўзнімаюцца над забалочанай нізінай на 30—40 м. Даліна Бярэзіны перасякае Верхнебярэзінскую нізіну з ПнЗ на ПдУ, яна сфарміравалася пасля адступання паазерскага ледавіка, слаба выпрацавана; мае надпоплаўную тэрасу выш. 3—4 м. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Гал. рэкі: Бярэзіна з прытокамі Поня, Гайна з Цной і Усяжай (справа), Чарніца, Сергуч, Вял. Рэчка, Жартайка (злева); Лукомка і Эса, вярхоўі Ушачы (бас.Зах. Дзвіны); Бярэзінская водная сістэма. На Верхнебярэзінскай нізіне шмат азёр — Межужол, Медзазол, Палік, Плаўна, Манец, Бярэшча, Вольшыца, Вокана, Домжарыцкае, Лукомскае і Сялява. Сярэднія т-ры студз. -7,2 °C, ліп. 17,2 °C, ападкаў 623 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках і суглінках, дзярнова-падзолістыя глеяватыя, тарфяна-балотныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хваёвыя, каля даліны Бярэзіны бярозава-асінавыя і асінава-альховыя. Вялікія балоты ў асноўным нізінныя, бязлесныя або парослыя рэдкалессем з бярозы пушыстай і хвоі, часткова меліяраваныя. Пад ворывам 20% тэр. У межах Верхнебярэзінскай нізіны Бярэзінскі біясферны запаведнік, частка гідралагічнага заказніка Галубіцкая пушча.
Н.К.Кліцунова.
Верхнебярэзінская нізіна ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
інжынерныя збудаванні для выкарыстання водных рэсурсаў або барацьбы са шкодным уздзеяннем воднай стыхіі. Бываюць агульныя (выкарыстоўваюцца ў розных галінах воднай гаспадаркі) і спецыяльныя (у адной галіне). Агульныя гідратэхнічныя збудаванні: водападпорныя (плаціны, дамбы); водапрапускныя (водазаборныя збудаванні, вадаскіды, у т. л.вадазлівы і вадаспускі, вадаводы, у т. л.трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, каналы, латакі) і рэгуляцыйныя збудаванні (гаці, паўгаці, агараджальныя валы, донныя парогі, берагаўмацавальныя збудаванні і інш.). Спецыяльныя гідратэхнічныя збудаванні: збудаванні для выкарыстання энергіі вады (будынкі гідраэлектрычных станцый, напорныя басейны, ураўняльныя рэзервуары і інш.); збудаванні воднага транспарту (суднаходныя шлюзы, суднападымальнікі, докі, прычалы, пірсы, лесаспускі і інш.); рыбагаспадарчыя (рыбапрапускныя збудаванні, рыбападымальнікі, рыбаводныя сажалкі і інш.); гідрамеліярацыйныя збудаванні; збудаванні для водазабеспячэння і каналізацыі (помпавыя станцыі, воданапорныя вежы, каптажы, ачышчальныя збудаванні, у т. л.аэратэнкі і інш.).
Гідратэхнічныя збудаванні падзяляюцца таксама на рачныя, азёрныя, марскія і сеткавыя (размешчаныя на каналах асушальных, арашальных і абвадняльных сістэм); наземныя і падземныя. Пры неабходнасці іх аб’ядноўваюць у гідравузлы. У залежнасці ад асн. матэрыялу, з якога ўзводзяцца гідратэхнічныя збудаванні, адрозніваюць земляныя, каменныя, каменна-земляныя, бетонныя, жалезабетонныя, драўляныя, металічныя, з прагумаваных тканін і з сінт. матэрыялаў; у залежнасці ад спосабу ўзвядзення — насыпныя, намыўныя, выбухова-накідныя (робяцца накіраваным выбухам), маналітныя, зборныя і камбінаваныя. Пастаянныя гідратэхнічныя збудаванні (выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго перыяду эксплуатацыі) падзяляюцца на 4 класы капітальнасці, часовыя (выкарыстоўваюцца толькі ў перыяд буд-ва і рамонтаў, напр. перамычкі, адвадныя каналы і тунэлі, свідравіны для паніжэння ўзроўню грунтавых вод) адносяцца да 5-га класа. Буд-ва і выкарыстанне гідратэхнічных збудаванняў складаецца з 4 этапаў: вышуканні (вывучэнне рэльефу мясцовасці ў раёне буд-ва, гідралагічных характарыстык вадацёку, геал. будовы, клімату і інш.); праектавання (вызначэнне на аснове даных вышуканняў і водагасп. задачы асн. памераў і матэрыялаў збудаванняў, іх разлікі, выбар метадаў буд-ва); арганізацыя і правядзенне буд. работ у адпаведнасці з праектам збудаванняў; эксплуатацыя гідратэхнічных збудаванняў (кіраванне іх работай, нагляд за станам, бягучыя і капітальныя рамонты). Пры праектаванні выконваюць гідраўлічныя, гідратэхн. (фільтрацыйныя) і статычныя разлікі. Для адказных гідратэхнічных збудаванняў пры праектаванні робяць таксама лабараторныя даследаванні на мадэлях.
На Беларусі даследаванні і распрацоўку метадаў разліку гідратэхнічных збудаванняў вядуць Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, БПА і інш.Гл. таксама Гідратэхніка, Гідратэхнічнае будаўніцтва.
Літ.:
Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;
Гидротехнические сооружения: Справ. проектировщика. М, 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБУ́ГСКАЯ РАЎНІ́НА.
На ПдЗ Беларусі, на ПнЗ Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей, фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Слонімскім узв. і Баранавіцкай раўнінай на ПнУ і У, Загароддзем на ПдУ, Брэсцкім Палессем на Пд; на З заходзіць на тэр. Польшчы (Бельская раўніна). Паводле В.А.Дзяменцьева П.р. падзяляецца на Нараўска-Ясельдзінскую і Камянецкую раўніны, паводле іншых даследчыкаў — на Высокаўскую, Пружанскую, Косаўскую раўніны. Пераважныя выш. 175—200 м. Пл. 5,7 тыс.км². Праз паўн.ч. раўніны праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел.
У тэктанічных адносінах П.р. прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Платформавы чахол складзены з парод позняга пратэразою, ардовіку, сілуру; пашыраны адклады юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 60—80 м, у ледавіковых лагчынах да 160 м) залягаюць на подсцільнай паверхні, расчлянёнай ледавіковымі лагчынамі. У днішчы найб. глыбокай Нараўскай лагчыны даантрапагенавыя пароды ляжаць на глыб. 80 м ніжэй узр. м. У такіх лагчынах захаваліся адклады ніжняга і сярэдняга антрапагену, у т. л. і стараж. нараўская марэна. На П.р. найб. пашыраны адклады дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, у паніжэннях значныя тоўшчы паазерскага гарызонту, таксама галацэнавыя алювіяльныя, балотныя, схілавыя і інш. адклады.
Паверхня раўнінная, пласкахвалістая, ускладнена краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (грады, увалы) выш. да 10 м. Для паўн.ч. характэрны рэльеф водналедавіковых раўнін, на Пд пашыраны далінныя зандры. Даліны буйных рэк тэрасаваныя, уключаюць пойму, 1-ю і 2-ю надпоймавыя тэрасы. У паўн.-зах. напрамку раўніну перасякае шырокая (да 10 км) лагчына сцёку талых ледавіковых вод (глыбіня ўрэзу да 3—5 м). Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 572 мм за год. Найб.р. Буг з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця Правай Лясной і Левай Лясной) і Пульва, Белая (прыток Правай Лясной), Нараў з Нараўкай, Ясельда і канал Вінец. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы рознай ступені ападзоленасці ў спалучэнні з дзярнова-падзолістымі забалочанымі. У катлавінах і лагчынах развіты пераважна тарфянабалотныя і дзярнова-глеевыя, па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя глебы. Лясістасць П.р. невысокая (9,7%), за выключэннем паўн. ускраіны, дзе знаходзіцца б.ч. ляснога масіву Белавежская пушча. Захаваліся пераважна хваёвыя лясы, яловыя мяшаныя з дубам, дубровы з дамешкам хвоі, елкі і ясеню. Пашыраны другасныя бародаўчатабярозавыя лясы. У слабасцёкавых паніжэннях чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Пераважаюць нізінныя балоты, часткова асушаныя. Па далінах рэк заліўныя лугі. Пад ворывам ад 50% на Пд да 25% на Пн, пад сенажацямі і пашай — 10—15%. На тэр. раўніны нац. парк Белавежская пушча, гідралаг. заказнік Дзікае.
У.Я.Навуменка.
Прыбугская раўніна каля в. Пелішча Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МЕРАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў Расійскай Федэрацыі на ПдУЗах. Сібіры. Утворана 26.1.1943. Пл. 95,5 тыс.км². Нас. 3037 тыс.чал. (1997), гарадскога 87%. Цэнтр — г.Кемерава. Найб. гарады: Новакузнецк, Пракоп’еўск, Бялова, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Анжэра-Суджанск.
Прырода. К.в. займае Кузнецкую катлавіну (выш. да 500 м), размешчаную паміж Салаірскім кражам (выш. да 590 м) і Кузнецкім Алатау (выш. да 2178 м). На Пд хрыбты Горнай Шорыі, на Пн частка Зах.-Сіб. раўніны. Карысныя выкапні: каменны вугаль (найбуйнейшы ў Расіі Кузнецкі вугальны басейн), буры вугаль (зах.ч.Канска-Ачынскага вугальнага басейна), сідэрытавыя (на ПнУ), магнетытавыя (радовішча Таштагол і Шэрэгеш у Горнай Шорыі), марганцавыя (Усінскае), поліметал. (Салаір) руды, золата, нефеліны (Кія-Шалтыр), вермікуліт, трэмаліты, баксіты, фасфарыты, тальк, прыродныя цэаліты, буд. матэрыялы (больш за 135 радовішчаў, з іх 50 эксплуатуюцца). Крыніцы мінер.вод. Клімат кантынентальны з працяглай зімой і кароткім цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. ад -17 °C да -22 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 300—500 мм, у гарах да 900 мм за год. Рэкі належаць да бас.р. Об (найб. Том, Іня, Кія, Яя, Чумыш), багатыя гідраэнергіяй (гідрарэсурсы 261 тыс.кВтгадз на 1 км², 2-е месца ў Расіі пасля Іркуцкай вобл.). Глебы на раўніне ў Кузнецкай катлавіне чарназёмныя, у перадгорнай і горнай частках шэрыя лясныя, падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 4,5 млн.га (запасы драўніны 598 млн.м³), пераважаюць хвойныя (піхта, кедр, хвоя), лесастэпы з бярозава-асінавымі колкамі, стэпы — кавыльна-ціпчаковыя.
Гаспадарка. Гал. галіна прам-сці — вугальная, сканцэнтравана ў Кузбасе (94,4 млн.т, 1996, 40% здабычы Расіі). Асн. цэнтры здабычы: Пракоп’еўск, Новакузнецк, Анжэра-Суджанск, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Бялова, Междурэчанск і інш.Вытв-сць электраэнергіі 27 млрд.кВтгадз (1996). Кемераўская, Том-Усінская, Паўд.-Кузбаская, Бялоўская ДРЭС. Вытв-сць чорных металаў на Кузнецкім металургічным камбінаце, з-дах: Зах.-Сібірскім поўнага цыкла, Новакузнецкім ферасплаваў і металургічным няпоўнага цыкла ў Гур’еўску. Каляровая металургія прадстаўлена вытв-сцю алюмінію і цынку. Хім.прам-сць пашырана ў Кемераўскім вузле: коксахім. з-д, Новакемераўскі хім. камбінат, азотна-тукавы з-д, аніліна-фарбавы, капронавай пражы. Металаёмістае машынабудаванне арыентавана на патрэбы вугальнай, металургічнай і хім. прам-сці. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, шыферу, шкла, жалезабетонных канструкцый і дэталяў). Развіта лясная, дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч. і лёгкая прам-сць. Сельская гаспадарка прыгараднага характару. Больш за 65% с.-г. прадукцыі дае малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Развіты пчалярства, пушны промысел, зверагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,7 млн.га (60% займаюць ворныя землі). Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, авёс), бульбу, агародніну. Аснову трансп. сеткі складаюць чыгункі. Транскантынентальная чыг. магістраль, Паўладар—Барнаул—Новасібірск—Абакан і шэраг чыг. ліній на Кузбас: Новасібірск—Бялова—Новакузнецк з адгалінаваннямі на Кемерава, Гур’еўск, Таштагол. Даўж. чыгунак 1,8 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,7 тыс.км. Суднаходства па р. Том. Нафтаправод Ніжнявартаўск—Анжэра-Суджанск—Краснаярск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́НА (ад франц. moraine),
марэнныя адклады, скопішчы несартаванага ці слабасартаванага абломкавага матэрыялу, які пераносіцца або адкладваецца ледавікамі і ўтварае марэнны рэльеф. Матэрыял М. складаецца з валуноў, глыб, галькі, жвіру, змешаных з пяском, алеўрытам і глінай. Характэрнымі літалагічнымі рознасцямі з’яўляюцца валунны супесак і валунны суглінак. Колер М. ад чырвона-бурага да зеленавата-шэрага з рознымі адценнямі. Грануламетрычны склад М.: фракцыя памерам больш за 1 мм — 7% (валуны, галька, жвір), 1—0,1 мм — 68% (пяскі, алеўрыт), менш за 0,01 мм — 25% (гліны). На Беларусі сярод валуноў пераважаюць метамарфічныя і магматычныя пароды (граніты, гнейсы, габра), прынесеныя ледавіком з Фенаскандыі. Галька і жвір часцей складзены з мясц. асадкавых парод (даламітаў, вапнякоў і інш.). У мінералагічным складзе пераважаюць ільменіт, амфіболы, гранаты, мінералы групы эпідоту, лейкаксен, рутыл, гідраксіды жалеза, гліністыя мінералы (гідраслюды, каалініт, мантмарыланіт і інш.).
Адрозніваюць М. сучасных рухомых ледавікоў і адкладзеныя. Рухомыя М. падзяляюцца на паверхневыя і ўнутраныя (уласцівыя далінным або міжгорным ледавіковым патокам) і донныя (трапляюцца ва ўсіх тыпах ледавікоў). Паверхневыя М. ўтвараюцца з абломкавага матэрыялу, знесенага са скалістых схілаў даліны або адкладзенага пры адтаванні з тоўшчы лёду. Па размяшчэнні на паверхні ледавіка вылучаюць бакавую і сярэдзінную М. Бакавая М. ўтварае валы ўздоўж 2 бакоў ледавіковага «языка». Пры зліцці ледавікоў бакавыя М. аб’ядноўваюцца ў адзін вал па сярэдзіне ледавіка — сярэдзінныя М. (можа быць некалькі). Унутраная М. ўключана ў тоўшчу лёду. Донная М. ўяўляе сабой адарваны ад ложа абломкавы матэрыял, заключаны ў прыдонных слаях лёду. Адкладзеная М. — найб. характэрны тып ледавіковых адкладаў, утвараецца з усіх тыпаў рухомых М. у час руху, прыпынку і канчатковага раставання ледавіка. Падзяляецца на асноўную, абляцыйную і канцавую. Найб. пашырана на тэрыторыях, якія перакрываліся ў антрапагенавы перыяд мацерыковымі льдамі. Асноўная М. — масіўная, радзей лускаватая ці плітчастая, мае абломкавы матэрыял, складае ў асн. раўніны і нізіны, дзе залягае ў выглядзе пластоў. Утвараецца пераважна з доннай М. Часта перакрыта тонкім слоем абляцыйнай М., або М. адтавання, якая ўзнікае ў стадыі дэградацыі ледавіка з унутранай М. і верхніх слаёў доннай М. Гэты тып М. пашыраны ў паласе развіцця форм рэльефу пасіўнага (мёртвага) лёду (камаў, озаў і іх масіваў). Канцавыя М. складаюцца з абломкавага матэрыялу, які намнажаўся ў франтальнай ч. ледавіка, дае часта перамяшаны прынесены і мясц. матэрыял. Назіраюцца дыслацыраваныя слаі парод, ёсць глыбы адорвеняў плейстацэнавых і даплейстацэнавых парод. Сярод іх часта ўтвараюцца напорныя М. Канцавыя М. складаюць узвышшы і канцова-марэнныя грады.
На тэр. Беларусі пашыраны плейстацэнавыя М. Яны адсутнічаюць у далінах рэк урэзаных у даплейстацэнавыя пароды і на невял. размытых участках на Пд краіны. Сярэдняя магутнасць М. аднаго зледзянення 5—30 м, макс. да 100 м. М. займаюць 50% аб’ёму плейстацэнавай тоўшчы, перамяжаюцца з інш. генетычнымі тыпамі адкладаў.
Яны з’яўляюцца рэльефа- і глебаўтваральнымі пародамі, адыгрываюць ролю маркіроўных гарызонтаў пры стратыграфічным расчляненні плейстацэнавых адкладаў, служаць водаўпорам для грунтавых і напорных вод і сыравінай для прам-сці буд. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі, найвыш.ч. Беларусі і Беларускай грады. Займае паўн.-зах. і цэнтр.ч. Мінскай вобл. Мяжуе з Ашмянскім узвышшам на З, Нарачана-Вілейскай нізінай і Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Пн, Аршанскім узвышшам на У, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ, Капыльскай градой і Верхнянёманскай нізінай на Пд і ПдЗ. Далінай р. Сэрвач (прыток р. Вілія) аддзелена ад Свянцянскіх град. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ больш як на 180 км, з З на У на 143 км, пл. 7,5 тыс.км². Найб. вышыні: самая высокая на Беларусі Дзяржынская гара (345 м) на Пд, Лысая гара (342 м) і Маяк (335 м) у цэнтр. частцы. Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі больш за 150 м. Частка Чарнаморска-Балтыйскага водападзелу.
М.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх.ч.Беларускай антэклізы. Паверхню даантрапагенавых адкладаў, якія залягаюць у цокалі, утвараюць пароды верхняга пратэразою, сярэдняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады ўтвораны нараўскім, бярэзінскім, дняпроўскім, сожскім і паазерскім зледзяненнямі, а таксама ў міжледавіковыя перыяды (белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі, гл. адпаведныя арт.), вызначаюцца літалагічнай стракатасцю, нявытрыманай магутнасцю (100—300 м). М.ў. — складаны вузел краявых ледавіковых утварэнняў. Асн. роля ў фарміраванні рэльефу належыць сожскаму ледавіку. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі сілікатныя і будаўнічыя, торф, мінер. воды.
Рэльеф градавы і буйнаўзгорысты. Вылучаюцца больш дробныя ўзвышшы: Івянецкае, Радашковіцкае (уключае Аляхновіцкае), Лагойскае, Плешчаніцкае (гл. адпаведныя арт.), Докшыцкае, Валожынскае; Івянецка-Мінскі вуглавы (лёдападзельны) масіў і Валожынска-Лагойска-Докшыцкі франтальны пояс краявых ледавіковых утварэнняў. Пашыраны стараж. лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод (даўж. некалькі дзесяткаў кіламетраў, карытападобныя). Частка з іх выкарыстана далінамі рэк Бярэзіна, Іслач, Усяжа, Цна, Уса, Пціч, Свіслач, Гайна, Вілія, Ілія, Уша, Рыбчанка і інш. Скразныя даліны рэк Ілія—Гайна, Вілія—Поня злучаюць бас. Балтыйскага і Чорнага мораў. Трапляюцца стараж. лагчыны, якія не ўнаследаваны сучаснай гідрасеткай, т.зв. «мёртвыя» даліны. Да міжградавых дэпрэсій, лагчын сцёку, схілаў град прымеркаваны камы, камавыя масівы, озы і озавыя грады. Рачная сетка належыць да бас.р. Нёман (р. Вілія з прытокамі Сэрвач, Дзвінаса, Ілія; Бярэзіна, Іслач, Сула, Уса і інш.) і р. Дняпро (Бярэзіна з Поняй, Гайнай, Плісой, Свіслаччу; Пціч). Вадасховішчы на Свіслачы (Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды), на Вячы (Вяча). Пцічы (Воўчкавіцкае вадасховішча). У межах М.ў. праходзіць гал. канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Пераважаюць глебы дзярнова-палева-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам 10—20% тэрыторыі на Пд і 40—50% на Пн (буйныя масівы хваёвых лішайнікава-кусцікавых лясоў). У далінах рэк яловыя паўднёватаежныя лясы (шыракаліста-яловыя асацыяцыі з дубам, клёнам, ліпай і густым падлескам з ляшчыны, рабіны і інш.). Уздоўж рэк і ручаёў вольха чорная. Асн. частка балот асушана. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі. На М.у. ландшафтны заказнік рэсп. значэння — Прылуцкі.