РЫДЛЕ́ЎСКІ (Лявон) (14.10.1903, в. Ульянавічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1953),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Вышэйшы політэхн. ін-т у Подзебрадзі (1929, Чэхаславакія). У 1917—20 навучэнец Слуцкай бел. гімназіі, сябра культ.-асв. т-ва «Папараць-кветка». Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 і антысав. партыз. руху на Палессі да 1921. У час навучання ў Чэхаславакіі ўваходзіў у Аб’яднанне бел. студэнцкіх арг-цый (АБСА) замежжа і Зах. Беларусі. З 1929 у Францыі; ініцыятар стварэння і адзін з кіраўнікоў «Хаўрусу беларускай працоўнай эміграцыі ў Францыі» ў Парыжы (1930—31). У 1939 уступіў у франц. замежны легіён; удзельнік франц. Супраціўлення ў гады 2-й сусв. вайны. У 1947 абраны сакратаром прэзідыума, пазней — віцэ-прэзідэнтам Рады БНР. У ліст. 1948 на 1-м сусв. з’ездзе бел. эміграцыі абраны старшынёй «Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі». Падтрымліваў цесныя сувязі з Бел. домам ордэна марыянаў і інш. рэліг. арг-цыямі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 13, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУМО́ВІЧ, Наўмовіч Міхась (н. 3.10.1922, в. Рамашкавічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, мастак, фізіятэрапеўт. Пасля сканчэння Навагрудскай бел. гімназіі (1944) мабілізаваны ў Бел. краёвую абарону, потым у дывізію СС «Беларусь». Восенню 1944 перайшоў да франц. партызан. З канца 1944 у Андэрса арміі. З чэрв. 1945 жыў у Італіі. З 1947 у Францыі, дзе скончыў Нац. вышэйшую школу мастацтва (ф-т скульптуры, 1953) і школу фізіятэрапіі (1955) у Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзярж. і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва. Узначальваў Аб’яднанне бел. работнікаў у Францыі (з 1946), Бел. незалежніцкую арг-цыю моладзі ў Францыі (1949—52), Аб’яднанне бел. студэнтаў, Бел. аб’яднанне камбатантаў. Рэдагаваў час. «Моладзь» (1948—54). З 1991 старшыня Беларускага хаўрусу. Аўтар больш як 10 скульпт. твораў з каменю, у т. л. помніка на магіле М.Равенскага, скульптур для касцёлаў, моста Аляксандра III і Новага моста (Парыж). Пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк. У 1950—60-я г. аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Я.​Купалы, «Сымон-музыка» Я.​Коласа, «Матчын дар» А.​Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Малюе і акварэллю. Узнагарода па анатоміі Prix Hugier (1949).

А.​С.​Ляднёва.

т. 11, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЬКО́Ў (Мікола) (12.6.1911, г. Люцын, цяпер г. Лудза, Латвія — 7.1.1995),

грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, журналіст, бібліёграф. Вучыўся ў Дзвінскай дзярж. бел. гімназіі. За сувязь з бел. эсэрамі ў Латгаліі ў 1926 асуджаны латв. ўладамі на 5 гадоў турмы. Пасля вызвалення займаўся пераважна журналістыкай, у т. л. выдаваў у Дзвінску (Даўгаўпілсе) бел. вучнёўскі час. «Школьная праца». У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. войскамі працаваў інструктарам на чыгунцы. З 1944 у Германіі, дзе арганізаваў і ўзначальваў Бел. дапамогавы к-т (1945?, заснаваў разам з С.Каўшом і В.Тумашам), Бел. бібліягр. службу (снеж. 1946, лагер для перамешчаных асоб у г. Ольдэнбург). З 1948 чл. Рады БНР у эміграцыі. У 1949—50 рэдагаваў час. «Баявая ўскалось». З чэрв. 1951 жыў у Нью-Йорку (ЗША). З вер. 1952 адзін з кіраўнікоў Саюза бел. журналістаў у ЗША. Уваходзіў у Крывіцкае (беларускае) навуковае таварыства. Адзін з заснавальнікаў (1955) і сакратар Гал. управы К-та незалежнай Беларусі. Укладальнік «Паказьніка беларускіх выданьняў на чужыне за 1945—50 гг.» (Нью-Йорк, 1952), рукапісных даведнікаў («Хто ёсць хто на эміграцыі», «Беларуская прэса на эміграцыі» і інш.) і «Слоўніка замежных словаў беларускай мовы».

А.​С.​Ляднёва.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Ян) (н. 20.1.1905, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. рэліг. дзеяч, выдавец, літаратар, мовазнавец. Скончыў гімназію ў Вільні, служыў у польскім войску. Скончыў Тэалагічную школу метадыстаў у Клярысаве (1930). Быў пастарам у Варшаве, у Дзярэчыне (цяпер Зэльвенскі р-н). З 1936 пастар у Варшаве, адначасова сакратар Польскай гадавой канферэнцыі метадыстаў. З сак. 1941 пастар у Германіі, дзе быў арыштаваны гестапа. Прапаведнік метадысцкай царквы з 1945 у Аўстрыі, з 1953 у ЗША. У 1962—66 выдаваў рэліг. час. «Сьветач хрыстовае навукі». Выдаў у перакладзе на бел. мову 6 кніг дыялогаў стараж.-грэч. філосафа Платона (1966—81), кнігу ням. філосафа В.​Гумбальта «Унутраная форма мовы» (1989). Складальнік і выдавец «Класічнага грэцка-беларускага слоўніка» (кн. 1—2, 1983—85), а таксама англа-бел. і бел.-англ. слоўнікаў (1993), якія ўключаюць больш за 10 тыс. слоў. У 1977 стварыў у ЗША Бел. харытатыўна-адукац. фонд з мэтай спрыяння развіццю бел. мовы і культуры і пашырэння ў краінах Захаду ведаў пра Беларусь. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1988—97), якія з’яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі Зах. Беларусі і бел. дыяспары.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы. Мартыралогія. Успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999. С. 154.

Л.​У.​Языковіч.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ МО́ВА,

мова, якая з’яўляецца сродкам вусных і пісьмовых зносін нацыі. Складваецца з мовы народнасці ў перыяд станаўлення нацыі. Функцыянуе ў некалькіх разнавіднасцях: літаратурная мова, прастамоўе, мясц. гаворкі і сац. дыялекты. Вышэйшая форма Н.м. і неабходная ўмова яе існавання — літ. мова, якая лічыцца ўзорнай і прызнаецца ўсімі носьбітамі гэтай Н.м. Адна з найб. істотных прымет нацыі — Н.м. Звычайна адна нацыя атаясамліваецца з адной Н.м. (напр., рускія — з рускай, французы — з франц. мовай). Аднак у сучасным свеце дастаткова распаўсюджаны сітуацыі, калі адна нацыя карыстаецца некалькімі мовамі (напр., у Швейцарыі функцыянуюць 4 дзярж. мовы) або адна мова можа абслугоўваць моўныя патрэбы некалькіх нацый (напр., англ. мова ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах). У апошнім выпадку фарміруюцца нац. варыянты адной мовы: англ. брытанская, англ. амерыканская, англ. аўстралійская і г.д.

Сучасная літ. беларуская мова як найвышэйшая форма Н.м. пачала складвацца ў 19 ст. Асаблівасцю яе фарміравання было тое, што новая бел. літ. мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай — мовай бел. народнасці — і складвалася на нар.-гутарковай аснове. Толькі ў 1920-я г. бел. мова набыла ўсе правы і функцыі Н.м. і пасля некалькіх стагоддзяў перапынку пачала абслугоўваць усе сферы моўнага жыцця бел. нацыі. Значнае пашырэнне грамадскіх функцый спрыяла і развіццю самой бел. Н.м., найперш яе літ. формы. На сучасным этапе бел. Н.м. паспяхова выконвае свае функцыі ў розных сферах зносін паміж людзьмі, на ёй ствараецца разнастайная маст. л-ра, выдаюцца газеты і часопісы, друкуюцца навук. працы, яна гучыць па радыё і на тэлебачанні, што з’яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню яе развіцця. Сучасная бел. Н.м. — сродак зносін бел. нацыі — функцыянуе ў 2 асн. разнавіднасцях: літ. мова і мясц. народныя гаворкі. Літ. бел. мова абслугоўвае сферы вусных і пісьмовых зносін, мясц. гаворкі з’яўляюцца сродкам вусных зносін пераважна жыхароў сельскай мясцовасці. Хоць сфера функцыянавання нар. гаворак істотна звузілася і значна зменшылася кола іх носьбітаў, яны працягваюць адыгрываць важную ролю ва ўзбагачэнні лексічных сродкаў літ. мовы. Асаблівасцю існавання сучаснай бел. Н.м. з’яўляецца яе функцыянаванне і развіццё ва ўмовах двухмоўя, г.зн., што моўныя патрэбы адной бел. нацыі абслугоўваюць 2 Н.м. — бел. і руская.

Літ.:

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Взаимоотношение развития национальных языков и национальных культур. М., 1980.

А.​А.​Лукашанец.

т. 11, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСМА́НАЎ (Іван Антонавіч) (26.10.1917, пас. Амутнінск Удмурцкай Рэспублікі — 5.7.1974),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1970), праф. (1971). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1957). З 1946 на Мінскім трактарным з-дзе, з 1963 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Асн. працы па пытаннях бухгалтарскага ўліку, калькулявання і сабекошту прамысл. прадукцыі, эканомікі машынабудавання, эканам. аналізу.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ УЧИ́ТЕЛЬ»,

культурна-асветны часопіс. Засн. на сродкі настаўніцкага гуртка Віцебскай губ. Выйшаў адзін выпуск у лютым 1909 у Пецярбургу на рус. мове. Змяшчаў артыкулы на пед. тэмы, інфармаваў пра дзейнасць бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, бел. культ.-асв. арг-цый і інш., выступаў за ўвядзенне бел. мовы ў школах Беларусі.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІТО́Н (Аляксандр Навумавіч) (20.12.1911, г. Марыупаль — 6.5.1969),

бел. скрыпач і педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Праф. (1947). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1935). У 1937—51 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Выступаў як саліст і ансамбліст, меў у рэпертуары і творы бел. кампазітараў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу скрыпачоў, віяланчэлістаў і піяністаў (1937—38). Пасля 1951 працаваў у Грузіі і Расіі.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ (Васіль Іванавіч) (н. 3.1.1926, Мінск),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1970), праф. (1972). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1948). З 1951 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па мех. і тэхнал. уласцівасцях металаў, па кантактным узаемадзеянні металаў і сплаваў.

Тв.:

Высокоскоростная деформация металлов. Мн., 1976 (у сааўт.);

Диаграмма состояния железоуглеродистых сплавов. Мн., 1992.

т. 3, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТЧА́ННІКАЎ (Кім Аляксандравіч) (9.5.1924, в. Рэпкі Валынскай вобл., Украіна — 13.12.1981),

бел. вучоны ў галіне санітарыі і гігіены. Д-р мед. н. (1972). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957). З 1957 у Бел. сан.-гігіенічным НДІ, з 1972 у Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту. Навук. працы па даследаванні таксікалогіі інсектыцыдаў, эксперым. тэрапіі атручэння фосфарарганічнымі злучэннямі, спартыўнай гігіене.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)