час, ‑у, м.

1. Працягласць існавання ўсіх з’яў рэчаіснасць якая вымяраецца вякамі, гадамі, гадзінамі, мінутамі і пад. Час не стаіць і не чакае. Колас. Празрыста-быстраю ракой плыву, І хвалям у затоку не аднесці, Хоць час пасыпаў снегам галаву, І мне яго не змесці, не атрэсці. Пушча. // Мера працягласці ўсяго, што існуе ці адбываецца. Сонечны час. Зорны час. Сярэдні сутачны час. □ Было адзінаццаць гадзін ночы па маскоўскаму часу. Шамякін. // Паслядоўная змена мінут, гадзін, дзён і пад. У марах ды ў гаворцы час бяжыць хутка, і мужчыны не заўважылі, як апынуліся перад ганкам перасяленцкага пункта. Пальчэўскі.

2. Больш-менш пэўны прамежак у паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў і пад., у які што‑н. адбываецца. Траціць час. Бавіць час. □ За час сваёй доўгай хваробы .. [Марылька] навучылася вось так ляжаць, глядзець і думаць... Брыль. [Пніцкі:] Цяпер жыву, работы хапае.. А пасля не тое яшчэ будзе. Дай ты адно нам час умацавацца. Чорны. // Пара года, месяца, дня і пад. Ранні час. □ Бывала ў восеньскі час, пасучы статак, Андрэй не раз прыходзіў слухаць гэты гоман [дубоў]. Дуброўскі. Добра пасядзець тут [ля доміка] летнім вячэрнім часам, калі паціху згасаюць размаітыя фарбы дня. Навуменка. // Вольныя ад асноўнага занятку гадзіны, дні, якія можна прысвяціць якой‑н. іншай справе. Дырэктар сустрэў суддзю стрымана. — Няма мне часу па рыбалках ездзіць. План трэба выконваць. Капусцін. Нялёгка Леніну было ў тыя дні. Але і тады Уладзімір Ільіч знаходзіў час, каб з выключнай любоўю аднесціся да людзей, дапамагчы ім. Мяжэвіч.

3. Нейкі пэўны момант у паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў і пад. Назначыць дакладны час сходу. □ У гэты ж час хрыпла і прыдушана закукавала зязюля... Нікановіч. // Адпаведны момант, спрыяльная пара для якіх‑н. дзеянняў, для разгортвання чыёй‑н. дзейнасці. Стары, сухенькі, мітуслівы, хапаўся сам і падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час, божкаў, каб пратрымалася надвор’е. Мележ. // у знач. вык. Наступіла пара. Час класціся спаць. Час збіраць ураджай. □ Час быў выходзіць. А чалавек усё стаяў і глядзеў. Шыцік. [Дзед:] — Час нам ісці, відаць, там і чаканкі ўсе даўно хлопцы паелі, нас з табой чакаючы... Лынькоў.

4. Перыяд, эпоха, пэўная колькасць гадоў у жыцці чалавецтва, дзяржавы, народа і пад. Каржакевіч быў досыць папулярны яшчэ з дарэвалюцыйнага часу. Крапіва. Меркаванне, што вінавата ў гэтым яе становішча, здавалася Лёдзі дзікім: хіба можа быць такое ў наш час. Карпаў.

5. У філасофіі — усеагульная аб’ектыўная форма існавання матэрыі, якая праяўляецца ў працягласці і паслядоўнасці, неад’емна ад руху. У свеце няма нічога, апрача рухаючайся матэрыі, і рухаючаяся матэрыя не можа рухацца інакш, як у прасторы і ў часе. Ленін.

6. У лінгвістыцы — форма дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння або стану да моманту гаворкі або да якога‑н. іншага моманту. Прошлы час. Цяперашні час. Будучы час.

•••

Даўномінулы час — асобая форма дзеяслова прошлага часу ў некаторых мовах, якая абазначае дзеянне, што адбылося (адбывалася) раней другога дзеяння прошлага часу.

Дэкрэтны час — паясны час, пераведзены для тэрыторыі СССР на адну гадзіну ўперад.

Каменданцкі час — забарона без асобага дазволу з’яўляцца на вуліцах населенага пункта ў пэўны час пры аб’яўленні ваеннага або асаднага становішча.

Машынны час — час, за які выконваецца работа ці вытворчая аперацыя машынай або механізмам.

Мясцовы час — час, які ўстанаўліваецца для пэўнага геаграфічнага пояса, раёна, для пэўнай мясцовасці.

Адзін час — на працягу нейкага часу; некалі, даўней.

Ад часу да часу; час ад часу — калі-нікалі, зрэдку.

Апошні час — незадоўга да цяперашняга моманту.

Без часу — заўчасна, не пражыўшы адведзены час.

Благі час — нядобры час, ліхая гадзіна.

Выйграць час гл. выйграць.

Да пары да часу гл. пара́.

Да часу — а) раней тэрміну. — Мы скончылі ўжо, — растлумачыў .. [Міхась]. — Скончылі да часу і цяпер прыбіраем кожны сваё. Скрыган; б) часова. Зрабілі некалькі брыгад: абсталяваць хоць да часу будоўлю пад .. жывёлу. Чорны.

Засячы час гл. засячы.

З цягам часу гл. цяг ​1.

З часам — у будучым, некалі.

Каліф на час гл. каліф.

На першы час — для пачатку чаго‑н.

На скорым часе — неўзабаве, хутка.

На той час — некалі, у мінулым, раней.

На часах — на апошнім месяцы цяжарнасці (пра жанчыну).

Пад час — калі-нікалі, зрэдку.

Па часе — пасля таго, як ужо што‑н. здарылася.

Самы час — іменна такі, які патрэбна, пара.

Сімвал часу гл. сімвал.

Судны час — тое, што і судны дзень (гл. дзень).

Тым часам — адначасова з гэтым, у той самы момант. Тым часам ля ракі ўзнялася, зноў страляніна. Лынькоў.

Увесь час — пастаянна, бесперастанку.

У добры час — пажаданне поспеху, удачы каму‑н.

У свой час — а) некалі, калісьці, раней, у мінулым. І ліпы ўздоўж нашай вуліцы пасадзіў у свой час таксама адзін з паноў Стахоўскіх, — тлумачыць стары краязнаўца. В. Вольскі; б) своечасова, калі ў чым‑н. будзе патрэба, неабходнасць. — Усё ў свой час. Рабіць так, як дамовіліся, — сказаў Хукін. Алешка.

У хуткім часе — хутка, неўзабаве, у блізкай будучыні.

У час — своечасова, у патрэбны момант.

Час б’е чый або каго-чаго — а) падыходзіць, набліжаецца канец; б) падыходзіць час што‑н. рабіць.

Час не трывае (не чакае) — нельга далей адкладваць, трэба спяшацца з выкананнем чаго‑н.

Час прабіў — прыйшла, настала пара для чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́ла, ‑ы, ж.

1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія чалавека, жывёліны. Быў.. [малодшы брат] дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу. Якімовіч. [Яўген Лубян] зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Шамякін. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі І носам рые, рве зубамі, І ўвесь пружыніцца і рвецца, Але нічога не ўдаецца, І ўсё слабее ў воўка сіла. Колас. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Фізічная магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Рука заблыталася ў водарасцях, і.. [Андрэй Міхайлавіч] раптоўна страціў сілы. Самуйлёнак. Пад цёплым душам да Шуры вярнуліся сілы. Ставер. Да работы ёсць ахвота, Сілы маю — хоць адбаў. Гурло. // Фізічнае ўздзеянне, насілле. [Сухадольскі:] А я вам заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч. // Жыццёвая энергія, жыццяздольнасць каго‑, чаго‑н. Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла. Колас.

2. Здольнасць чалавека да духоўнай дзейнасці, да праяўлення сваіх разумовых ці душэўных уласцівасцей (волі, розуму, характару і пад.). Сіла характару. Сіла волі. □ Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. Вялікія ідэі ў творы можа несці на сабе толькі чалавек з усімі яго супярэчнасцямі, слабасцямі і сілаю духу. Скрыган. // Сукупнасць фізічнай, духоўнай і разумовай энергіі чалавека, неабходнай для якога‑н. дзеяння, учынку і пад. Там галасы абуджэння. — Звонам вясны ў вушах, Сілай жыцця нятленнай Там маладзее душа! Звонак. Ва ўсім абліччы.. чалавека.. было столькі ўпэўненасці, столькі глыбокай унутранай сілы. Лынькоў. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Здольнасць, магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Палохала адказнасць, не ставала веры ў свае сілы. Карпаў.

3. Энергія, здольная выконваць якую‑н. работу, выводзіць цела, матэрыю са стану спакою або змяняць кірунак, хуткасць руху. Сіла цяжару. Цэнтрабежная сіла. □ Магутная сіла зямнога прыцяжэння пераадолена! Гамолка. Ракі непакорнай Грымучая сіла Днямі, начамі Турбіны няспынна круціла. Танк.

4. Прававая дзейнасць; правамоцтва. Сіла закону. // Фінансавая дзейнасць (каштоўных папер, грошай). Пакупная сіла рубля.

5. Улада, магутнасць. Сіла дзяржавы. Сіл калектыву. Сіла кіраўніцтва. □ [Бандароўна пану:] — Пі, гуляй з сваёй раўнёю, Покі ваша сіла, — Бандароўне больш да твару — Чымся ты — магіла. Купала. [Сымон:] — Ой, не, дзедку: проціў сілы Можна ставіць толькі сілу. Колас. // Здольнасць рабіць уплыў, уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Сіла прывычкі. □ Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную, сцвярджальную сілу шчырага кахання. Дзюбайла. Гунава глядзеў на.. [Тапурыя] ва ўпор, неадрыўна і востра, добра ведаючы сілу гэтага погляду. Самуйлёнак. // Здольнасць рабіць уражанне, пераконваць. Сіла доказаў. □ Здавён, аднак, у сілу слова веру! Лойка. Глядзіцца сцэна з неаслабнай увагай. Сіла яе — у глыбокай, хвалюючай дынаміцы. «Полымя». // Пра таго, хто (або тое, што) адыгрывае галоўную ролю ў чым‑н. Камуністы — магутная сіла Радзімы, У агні, быццам сталь, яны загартаваны. Танк. Нарэшце людзей на палетак Паклікала спелае лета. Камбайны — галоўная сіла, Пара і для іх наступіла. Смагаровіч.

6. Разм. Самае істотнае, галоўнае; сутнасць, сэнс. Чалавек павінен адчуваць сябе паўнапраўным гаспадаром у калгасе, — вось у чым сіла. Кулакоўскі. А сіла ў тым, на мой погляд, Які выконваеш загад. Колас.

7. Ступень праяўлення чаго‑н.; інтэнсіўнасць, напружанасць. Сіла ветру. Сіла выбуху. □ Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю. Колас. Гэты купалаўскі верш літаральна абляцеў усю Беларусь. Сіла яго дзейснасці была незвычайная. Кудраўцаў. // Велічыня, значнасць, глыбіня (разумовых ці душэўных якасцей, уражанняў, перажыванняў). Сіла таленту. Сіла гневу. □ Сіла і слабасць Талстога з вычарпальнай паўнатой ускрыты Леніным. «Маладосць». [Зёлкін:] Якая сіла канструктыўнага розуму ў Аляксандра Пятровіча. Крапіва. Сцёпкаў непакой дасяг[нуў] сваёй найбольшай сілы тады, калі ён ехаў апошнюю станцыю. Колас. Гэта тэма невымерная... У ёй і выпрабаванне волі, і боль адчаю, і сіла надзей, і веліч перамог. Скрыган.

8. Тое, што вымушае каго‑н. дзейнічаць так ці інакш. Карп рушыў на сваю сялібу — невядомая сіла цягнула яго туды. Шамякін. Нейкая сіла штурханула Пятра Сарокіна ў хату. Данілевіч.

9. часцей мн. (сі́лы, сіл). Матэрыяльная аснова, якая можа быць крыніцай якой‑н. энергіі. Сілы прыроды. Цяглавая сіла. □ Упёрся Даніла сваім целам на мосце на парэнчу ды стаяў, поглядам мераў вадзяную сілу. Баранавых.

10. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Частка грамадства, група, якая вызначаецца якімі‑н. характэрнымі прыкметамі ці накіраванасцю ў сваёй дзейнасці. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Сілы міру. Сілы сацыяльнага прагрэсу. □ У 90‑я гады XIX ст. на гістарычную арэну ў якасці самастойнай палітычнай сілы выходзіць расійскі рабочы клас. Івашын. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.

11. часцей мн. (сі́лы, сіл). Войскі. Узброеныя сілы. Марскія сілы. □ Асноўныя сілы і спыніліся на ўскраіне лесу. Лынькоў. На вакзале .. [Дзічкоўскага] чакалі прадстаўнікі паветраных сіл. Алешка. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. Прыйшлі дні вялікіх партызанскіх баёў з грознай сілай ворага. Чорны.

12. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Людзі, якія складаюць які‑н. вытворчы калектыў; людзі падобнай прафесіі. Педагагічныя сілы. Артыстычныя сілы. □ Наша беларуская літаратура мае добрыя творчыя сілы. Дуброўскі.

13. у знач. прысл. сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго‑н. Сіламі калектыву. □ Многа ўвагі Ірына аддавала спектаклям у Мінскай гімназіі, дзе яна вучылася. Тут часта арганізоўваліся сіламі навучэнцаў пастаноўкі, якімі кіравалі педагогі. «Полымя».

14. каго-чаго. Разм. Велізарная колькасць, мноства. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з’язджалася... Грахоўскі. [Валодзя:] — Бачыце ж, ні за што сам [сусед] не ўзяўся. Відаць, грошай сілу мае, а грошы, яны, брат, такія ўчэпістыя, што могуць не толькі шафу ці канапу на пяты паверх зацягнуць. Сабаленка.

•••

Адваротная сіла закона — пашырэнне дзеяння закона на тое, што адбылося да яго выдання.

Жывая сіла — людзі і жывёла (пры супрацьпастаўленні тэхніцы, механічнай сіле).

З пазіцыі сілы гл. пазіцыя.

Конская сіла (уст.) — адзінка вымярэння магутнасці.

Прадукцыйныя сілы — сукупнасць сродкаў вытворчасці і людзей, якія прыводзяць іх у рух.

Рабочая сіла — здольнасць чалавека да працы, г. зн. сукупнасць яго фізічных і духоўных магчымасцей, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.

Агульнымі сіламі — усе разам, супольна.

Ад сілы — самае большае. Чалавек быў яшчэ зусім малады, яму было ад сілы гадоў васемнаццаць. Лынькоў.

Брацца (убірацца) у сілу гл. брацца.

Выбіцца з сіл гл. выбіцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сілы гл. высмактаць.

З апошніх (астатніх) сіл — колькі ёсць магчымасці, з гранічным напружаннем (рабіць што‑н.).

З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).

З усёй сілай — з выкарыстаннем усіх магчымасцей. Я таксама з усёй сілай Крыкнуў бы раз-пораз. Колас.

З усёй (усяе) сілы; на ўсю (поўную) сілу; з усіх сіл — з найбольшым напружаннем, інтэнсіўнасцю; што ёсць моцы.

(Не) па сіле каму; (не) пад сілу каму — пра адпаведнасці (неадпаведнасць) магчымасцей, здольнасцей каго‑н. рабіць што‑н. Гарэнка вырашыў, што адна работа яму па сіле, работа вартаўніка. Вышынскі. Калі справа не пад сілу, Дык на плечы не бяры. Лужанін.

Не сіла — пра немагчымасць зрабіць што‑н. Не сіла яго [Яначкі] на гэтую работу: ногі дрыжаць, рукі млеюць. Крапіва.

(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што‑н.

Не шкадуючы сіл гл. шкадуючы.

Нячыстая сіла — чорт, д’ябал.

Па меры сіл гл. мера.

Сваімі (уласнымі) сіламі — самастойна.

Увайсці (увабрацца) у сілу гл. увайсці.

У сіле — а) у стане фізічнага і духоўнага росквіту; з вялікімі магчымасцямі. Навошта мне піць ваша зелле: Я ў сіле, яшчэ малады. Смагаровіч; б) у разгары, у росквіце. Хоць сведчаць грымоты. Што жнівень У сіле яшчэ і красе, Ды ўжо нашай вуліцай лівень Лісты да рачулкі нясе. Гілевіч.

Усімі сіламі — прыкладваючы ўсе намаганні, усё старанне.

Уступіць у сілу гл. уступіць.

Цераз (праз) сілу — звыш магчымасцей, жадання.

Цёмныя сілы — пра тое, што прыпыняе зло, шкоду.

Што (колькі) ёсць сілы — тое, што і што (колькі) ёсць духу (гл. дух).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)