тако́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які заслугоўвае ўвагі, пахвалы або неадабрэння; асаблівы. Пайшла гаворка пра навіны з фронту. — Нічога вельмі такоўскага добрага, — дастаў Марынчук з кішэні гімнасцёркі недакурак. С. Александровіч. Другі б, напэўна, рукі апусціў і духам заняпаў, А Скрыпунок быў не такоўскі, Хоць ён не стаў Чайкоўскім, А «залатую жылу» адкапаў! Валасевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвіль, ‑і, ж.

1. Плесневы налёт на чым‑н., які ўзнікае ад сырасці, гніення і пад.; бросня. Хлебная цвіль. □ Дно і сценкі [бочкі] аплылі слізкаю цвіллю. Самуйлёнак. Рачная плынь.. ішла правей, пакідаючы збоч ціхую, зарослую цвіллю завадзь. Карамазаў.

2. перан. Праяўленне чаго‑н. застойнага, шкоднага. Здымем адвечную цвіль, Здымем вякоў павуціну. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаня́ і шчанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня сабакі, а таксама ваўчыцы, лісы і пад. Сука шызая ў палацы Радзівіла Прынесла шывых трох шчанят. А. Александровіч. / Разм. груб. Пра дзіця. [Лабыш:] Ты што, сапраўды спадзяешся стаць маім зяцем?.. Лепш я шчанят тваіх гадаваць буду, а дачкі сваёй за цябе, галетніка, не аддам. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«ДЗЯ́ДЗЬКА АНТО́Н»,

перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з польск. агітацыйнай брашуры «Бацька Шыман», якая з’яўляецца перапрацоўкай рус. публіцыстычнай брашуры А.​Іванова (В.​Варзара) «Хітрая механіка» (Цюрых, 1874). Выдадзена ў 1892 М.Абрамовічам у Тыльзіце (на тытуле для канспірацыі пазначана Вільня) пад назвай «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем...». Да тыльзіцкага выдання мела дачыненне інтэрнац. студэнцкая арг-цыя ў Маскве (уваходзілі Абрамовіч, В.​Вароўскі, Н.​Чарноцкі і інш.). Пераклад разлічаны на бел. чытача. Твор напісаны ў форме навук.-папулярнай гутаркі па палітэканоміі, удала спалучае агітацыйную публіцыстыку і маст. прозу. Апавядальнік Антон, які раней настаўнічаў, працаваў на ф-ках, абураецца, што мужык жыве «ў бядзе, голадзе дый холадзе», аналізуе аграрнае пытанне, стан нар. асветы, выдаткі на цара і царскую сям’ю, дзярж. апарат, армію, заклікае бел. сялян браць прыклад з рускіх, якія выступаюць супраць цара. Гутарка заканчваецца заклікам (у польскім арыгінале яе няма): «А цяпер — проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!» Ранейшым варыянтам «Дз.А.» з’яўляецца «Старая прысказка», выдадзеная К.​Гучкоўскім у 1887 у Львове (канфіскавана паліцыяй, вядомы экз. зберагаецца ў Цэнтр. гіст. архіве Украіны ў Львове). У 1903 выдадзены ў Лондане новы пераклад і новая апрацоўка брашуры пад назвай «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць» (перавыд. ў Пецярбургу ў 1907, забаронена цэнзурай). Аўтарства твора доўгі час памылкова прыпісвалася А.​Гурыновічу.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 77—82, 118, 122, 155;

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. 2 выд. Мн., 1984.

В.​У.​Скалабан.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАГЛЯ́НЕ СО́НЦА І Ў НА́ША АКО́НЦА»,

першая легальная бел. выдавецкая суполка. Існавала ў Пецярбургу ў 1906—14. Створана па ініцыятыве Б.Д.Эпімах-Шыпілы; ставіла перад сабой асветныя мэты. Выдавала кнігі (38 назваў, агульным тыражом больш за 100 тыс. экз.), навук.-папулярныя і публіцыстычныя брашуры, паштоўкі з краявідамі Беларусі і партрэтамі бел. пісьменнікаў. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К.​Л.​Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай. Асн. частка тыражу трапляла на Беларусь. Дзейнасць пачала з выдання падручнікаў для школ, сярод якіх «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа (1909). У 1907—09 наладзіла выданне літ. спадчыны ў падпісной серыі «Беларускія песняры» (творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча і інш.). З аб’яўленых 8 кніг да сак. 1908 выйшла 6, кожная тыражом 4300 экз. Выдала першыя кнігі Я.​Купалы («Жалейка», 1908), З.​Бядулі («Абразкі»), Ц.​Гартнага («Песні», абедзве 1913). Асобнымі кнігамі перавыдала творы Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы» (1909), «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» (1910). Ў 1910—13 літаграфскім спосабам выдала рэпертуарную серыю драм. твораў («Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Сватанне» А.​Чэхава, «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, «Хам» Э.​Ажэшкі, «Паўлінка» Купалы). Суполцы належыць спроба стварэння літ.-мастацкага альманаха «Маладая Беларусь». Дзейнасць суполкі прыпынена ў сувязі з 1-й сусв. вайной.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 169—184;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Саламевіч Я. Выйшлі з светлага знання сяўбою // Маладосць. 1986. №6;Туронак Ю. «Загляне сонца...» і Вацлаў Іваноўскі // Спадчына. 1992. № 2.

Н.​Л.​Ракіцкая.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́СКІ (Браніслаў Францавіч) (21.6.1820, мяст. Вызна Слуцкага пав., цяпер г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 2.1.1880),

бел. і польскі мастак, пісьменнік. Чл.-кар. АН у Кракаве (1873). За ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках у час вучобы ў Дэрпцкім ун-це (1840-я г.) у 1846 арыштаваны, у 1847 сасланы ў Арэнбург, потым у Хіву, Туркестан. Разам з Т.Р.Шаўчэнкам (перапісваўся з ім у 1853—59) удзельнічаў як мастак у экспедыцыях па Аральскім краі і ў горы Каратау. У 1856 вярнуўся на радзіму, у в. Рачкавічы, дзе стварыў шэраг пейзажаў; жыў у в. Дарава каля Баранавічаў, у Мінску, каля Гродна (1857—59). Рабіў малюнкі да «Віленскага альбома» Я.​Вільчынскага, які выдаваўся ў 1848—60-я г. У пач. 1860-х г. эмігрыраваў за мяжу (Дрэздэн, Рым, Парыж), дзе стварыў афорты «Калізей у Рыме» (1864), «Від Сан-Мало». Памагаў паўстанцам 1863—64 у закупцы зброі. Сакратар Гісторыка-літ. т-ва і рэдактар яго «Штогоднікаў» (з 1866, Парыж), выпусціў ілюстраванае (22 афорты) выданне «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), а таксама ўспаміны пра сучаснікаў. Аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868), «З жыцця літвінкі» (пра мастачку А.​Скірмунт, 1876) і інш. Стварыў шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863—64 («Серакоўскі ў турме», 1863, і інш.), пейзажаў («Паток у Ціролі»). Сябраваў з Ц.​Норвідам, быў адрасатам яго паэт. ліста «Да Браніслава З.». Перапісваўся з А.​І.​Герцэнам.

Тв.:

(Из заметок Шевченко). // Т.​Г.​Шевченко в воспоминаниях современников. М., 1962.

Літ.:

Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960. С. 173—181.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вераго́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае рэчаіснасці, праўдападобны. Верагодныя чуткі. □ У мястэчку бытуюць самыя разнастайныя легенды, верагодныя і неверагодныя, пра майстэрства Багрыма. С. Александровіч. Калі ты пыталася ў мяне, чаму я так часта надоўга прападаю, то я прыдумваў што-небудзь больш верагоднае: хадзіў да сваякоў ці ездзіў у горад. Скрыган.

2. Дапушчальны, магчымы. Верагодны вывад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́я, ‑і, ж.

1. Тое, што і завея, завіруха (у 1 знач.). Сек яго [паравоз] вецер, марозіў мароз, Душыла зімовая вея. Панчанка. У тундры я пражыў гады, Там, помню, веі гэтак дзьмулі. А. Александровіч.

2. звычайна мн. (ве́і, ‑яў). Тое, што і вейкі. Шчокі пунсавелі ад марозу, а доўгія веі прыкрывалі неспакойны бляск чорных вачэй. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абла́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм.

1. Улада, уплыў. Свежы сустрэчны вецер асвяжыў мяне, на нейкую хвіліну адагнаў сон, які браў мяне ў сваю абладу. С. Александровіч.

2. Уладанне, прыналежнасць, здабытак. У сяле ўсялякія чуткі, усякая гутарка, што вядзецца патайна, без усякіх сведак, скора робіцца агульнай абладай. Колас.

3. Аправа (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маршчы́ністы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты маршчынамі. Весць аб арышце Панаса глыбока ўсхвалявала дзеда Талаша. Ён сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў. Колас. // З тварам, пакрытым маршчынамі. Я сустрэўся з .. [паляўнічымі] амаль пад вечар. Адзін малады, чырванашчокі, другі — сухі, маршчыністы. Кандрусевіч. // перан. Які мае няроўную, пакрытую складкамі паверхню. Кара на .. [дубе] маршчыністая, мае гузаватыя наросты. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)