ДА́ЛЬМАН ((Dahlmann) Фрыдрых Крыстаф) (13.5.1785, г. Вісмар, Германія — 5.12.1860),
нямецкі гісторык і паліт. дзеяч. Д-р філасофіі (1910). Праф. Кільскага (1812—29), Гётынгенскага (1829—37), Іенскага (1838—42) і Бонскага (з 1842) ун-таў. Адзін з распрацоўшчыкаў канстытуцыі каралеўства Гановер 1833. У рэвалюцыю 1848—49 у Германіі дэп. Франкфурцкага нацыянальнага сходу 1848—49, адзін з лідэраў «малагерманцаў» — прыхільнікаў аб’яднання герм. зямель (без Аўстрыі) пад вяршэнствам Прусіі. Аўтар прац «Крыніцазнаўства нямецкай гісторыі» (1830), «Гісторыя Даніі» (т. 1—3, 1840—43), «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (1844), «Гісторыя Французскай рэвалюцыі» (1845) і інш.
т. 6, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЕР (ням. Heller, Haller),
1) разнавіднасць дэнарыя (маса 0,5 г), які з 1200 чаканіў Імперскі манетны двор г. Гале (Швабія).
2) Адна з назваў дэнарыя 14 ст., які чаканіўся ў Кракаве.
3) На тэр. Беларусі з 2-й пал. 15 ст. сярэбраная манета, разменны намінал у адносінах да гроша пражскага. У 14—15 ст. адпавядаў 1/12, потым 1/16 гроша. Вядомы пад назвамі «гарэль», «галер», «пенязь галелы». У 17 ст. разменная манета, роўная 6 дэнарыям польскім або 2 шэлегам.
4) Разменная манета Чэхаславакіі (1/100 чэш. кроны).
І.Ф.Масько.
т. 5, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЕЗІС ГЛЕ́БЫ,
паходжанне і развіццё глебы з мацярынскай горнай пароды пад уздзеяннем прыродных умоў (фактараў глебаўтварэння). Пры ўзаемадзеянні з глебай гэтыя ўмовы вызначаюць яе цеплавы, водна-паветраны, біял. і пажыўны рэжымы, а таксама абмен мінер. рэчываў паміж глебай, раслінамі і грунтавымі водамі. Працэсы, што адбываюцца ў глебе, адлюстроўваюцца ў яе профілі, расчляняючы яго на генетычныя глебавыя гарызонты з адметнымі марфал. асаблівасцямі, фіз., фізіка-хім., хім. і біял. ўласцівасцямі. У глебе могуць быць выяўлены і рэліктавыя прыкметы, што сведчыць аб інш. працэсах глебаўтварэння, якія адбываліся ў мінулым, пры інш. комплексе прыродных умоў.
т. 5, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Леанід Леанідавіч) (н. 14.10.1940, г. Магілёў),
бел. дырыжор, педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1977), засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю (1964, клас І.Абраміса). З 1964 у Магілёўскім муз. вучылішчы (з 1973 дырэктар), з 1990 адначасова дэкан пед. ф-та філіяла Бел. акадэміі музыкі. Кіраўнік самадз. (у т. л. нар. аркестра Магілёўскага гар. Дома культуры) і студэнцкіх аркестраў нар. інструментаў муз. вучылішча і пед. ф-та акадэміі музыкі, якія пад яго кіраўніцтвам дасягнулі значнага выканальніцкага майстэрства. Сярод вучняў: П.Вандзілоўскі, В.Купрыяненка, С.Лясун, А.Сасноўскі.
т. 7, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬМЁНАК,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 640 м, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 6,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 2,5 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, на Пд парослыя лесам, на З і Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй глеістае. Зарастае да глыб. З м. Упадаюць 2 ручаі, на З выцякае ручай у воз. Поцех.
т. 7, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЛЮ́К (Лілія Васілеўна) (н. 2.2.1937, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне гідраэкалогіі. Д-р біял. н. (1992), праф. (1997). Скончыла БДУ (1959). У 1963—72 і з 1979 працуе ў ім. Навук. працы па метадах аптымізацыі экасістэм рыбаводных сажалак з мэтай павелічэння выхаду рыбапрадукцыі, вывучэнні структуры і функцыянавання зоапланктоннага згуртавання вадаёмаў пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння.
Тв.:
Пособие по биологии для поступающих в вузы. Мн., 1993 (у сааўт.);
Биология в вопросах и ответах: Уч. пособие. Мн., 1997 (разам з М.А.Лемязой, М.Дз.Лісавым).
т. 7, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЙНА,
возера ў Полацкім р-не, на мяжы з Глыбоцкім р-нам Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 40 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,64 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 6,2 км. Пл. вадазбору 2,6 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м (на ПдУ 4—5 м) параслі лесам, месцамі разараныя. Берагі пясчаныя, пад лесам, на Пн і З сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае, месцамі глеістае, глыбей дно сапрапелістае. З возера выцякае р. Быстрыца.
т. 8, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРО́Ў (Ярміл Іванавіч) (1755, с. Сінягор’е Кіраўскай вобл., Расія — 20.12.1796),
рускі паэт і перакладчык. Вучыўся ў Вяцкай семінарыі, з 1775 — у Славяна-грэка-лац. акадэміі, скончыў Маскоўскі ун-т (1779). З 1782 служыў у Маскве. Друкаваць вершы пачаў у 1773. Пад уплывам М.В.Ламаносава пісаў оды ў духу класіцызму. Перакладаў паэму «Тактыка» Вальтэра, раман «Метамарфозы» («Залаты асёл»; 1780—81) Апулея, «Песні Асіяна» (1792, з франц.), упершыню шасцістопным ямбам «Іліяду» Гамера (песні 1—6, 1787; песні 7—9, выд. 1811). Асобныя творы К. на бел. мову перакладаў Э.Валасевіч.
т. 8, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕО́Н (León),
феадальная дзяржава на ПнЗ Пірэнейскага п-ва ў 10—13 ст. Утварылася ў 909—910 пасля падзелу Астурыйскага каралеўства паміж сынамі ісп. правіцеля Альфонса III Вялікага (гл. Альфонсы) на Л., Галісію, Астурыю. У 924 Галісія і Астурыя аб’ядналіся з Л. у адзінае каралеўства са сталіцай у г. Леон. З 960 плаціў даніну Абдарахману III. У 988—1031 пад уладай Кардоўскага халіфата. У час Рэканкісты далучыў да сваёй тэрыторыі партуг. землі. У 1230 каралеўства аб’ядналася з Кастыліяй і стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва.
т. 9, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПКА ў мастацтве,
1) стварэнне скульптуры з мяккіх пластычных матэрыялаў (гліна, воск, пластылін). Існуе як самастойная тэхніка ў дэкар. і арнаментальнай скульптуры, дэкар -прыкладным мастацтве, і як пачатковая стадыя ў працэсе работы скульптара (выкананне эскізаў і мадэлей). Вырабы ствараюцца шляхам ручной фармоўкі з камяка гліны ці інш. матэрыялу або нанясеннем матэрыялу на метал. каркас спец. інструментамі — стэкамі.
2) Рэльефныя выявы (фігурныя, арнаментальныя) на фасадах і ў інтэр’ерах будынкаў, пераважна адлітыя або адпрасаваныя з гіпсу, бетону і інш. матэрыялаў. Пад Л. разумеюць таксама выяўленне аб’ёму, пластычнай формы ў жывапісе і графіцы.
т. 9, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)