МЕЧАХВО́СТЫ (Xiphosura),

атрад марскіх членістаногіх жывёл кл. мерастомавых. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 12 выкапнёвых і 3 сучасныя роды; 5 сучасных відаў. 1 від пашыраны каля берагоў Паўн. і Цэнтр. Амерыкі, астатнія — у Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. Жывуць на мелкаводдзі, плаваюць брухам дагары, закопваюцца ў грунт.

Даўж. да 90 см. Цела сплошчанае, падзяляецца на ўкрытыя злітным хіцінавым шчытом галавагрудзі з 6 парамі канечнасцей (для перамяшчэння, захопу корму і яго драбнення) і брушка з хваставым шыпам (адсюль назва) і 6 парамі лістападобных канечнасцей са шматлікімі шчэлепнымі лісткамі. Пераважна драпежнікі, кормяцца малюскамі, бентасам, часам водарасцямі. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем. У Амерыцы і Японіі аб’ект промыслу.

Мечахвосты.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАСФЕРЭ́ЛА (Mycosphaerella),

род сумчатых грыбоў сям. мікасферэлавых. Каля 1000 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў, большасць якіх выклікаюць плямістасці раслін, асабліва лісця. Найб. вядомыя М.: кропкападобная (M. punctiformis), малінавая (M. rubi), парэчкавая (M. ribis), смуродная (M. sentina), суніцавая (M. fragariae) і інш.

Пладовыя целы (псеўдатэцыі) дыям. 0,5—0,8 мм, шарападобныя ці пляскатыя, паглыблены ў субстрат і маюць простую адтуліну (порус). Сумкі (ад 4—6 да 70—100) цыліндрычныя або булавападобныя ў псеўдатэцыях. Сумкаспоры (па 8—16) бясколерныя ці жаўтаватыя. Найб. актыўная канідыяльная стадыя (адносіцца да грыбоў родаў септорыя і цэркаспора). Сумчатая стадыя звычайна развіваецца на адмерлых і перазімавалых рэштках раслін.

С.​І.​Бельская.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАЛІ́ТЫ (ад мікра... + грэч. lithos камень),

у археалогіі дробныя дэталі складаных, састаўных прылад працы, якія вырабляліся з крэменю ў эпоху каменнага веку пераважна ў мезаліце. Матэрыялам для М. служылі невял. крамянёвыя абломкі тонкіх вузкіх пласцін або адшчэпаў, што апрацоўваліся спосабам стромкага рэтушавання іх краёў. Сярод М. вылучаюцца вастрыі некалькіх тыпаў і вырабы геаметрычна дакладных форм, мікраразцы, рэжучыя ўстаўкі з прытупленым рэтушшу краем і інш. М. звычайна ўстаўлялі ў пазы касцяных ці рэчавых апраў, у дрэўкі стрэл і наканечнікі дзідаў, з іх складалі лёзы кінжалаў, шыпы гарпуноў. Іх замацоўвалі ў прыладах з дапамогай смалы. Вытворчасць М. — характэрная рыса культур тардэнуаза, каморніцкай, кудлаеўскай, рудавостраўскай, яніславіцкай і інш. Пры раскопках трапляюцца на ПдУ Беларусі.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНО́РКА,

парода курэй яечнага кірунку. Выведзена ў Іспаніі (в-аў Менорка, адсюль назва). Разнавіднасці: чорная (крыху буйнейшая) і белая. Пашыраны М. англ., амер. і ням. тыпаў. Гадуюць пераважна ў міжземнаморскіх краінах, на Беларусі — аматары.

Тулава і шыя падоўжаныя, спіна прамая, грудзі шырокія, глыбокія. Галава сярэдніх памераў, грэбень ліста- (у пеўняў прамастойны) або ружападобны; вушныя мочкі белыя. Махавыя і рулявыя пёры моцна развітыя, у пеўняў коскі доўгія. Ногі высокія. У белых М. дзюба і ногі цялеснага колеру, у чорных — чорнага колеру, апярэнне бліскучае, з зялёным адлівам. Сярэдняя маса пеўняў 3—3,5 кг, курэй 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 150—180 яец за год. Маса яйца 60—65 г.

Мінорка (чорная): 1 — певень; 2 — курыца.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРМЕКАФІЛІ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...філія],

адна з форм сімбіёзу, заснаваная на выкарыстанні мурашкамі асаблівасцей будовы або выдзяленняў некат. раслін і жывёл. Расліны-мірмекафіты (да 3 тыс. відаў) пашыраны пераважна ў тропіках Паўд.-Усх. Азіі і Амерыкі. Мурашкі селяцца ў пустых ствалах раслін, калючках, міжвузеллях або кормяцца выдзяленнямі раслін. Адначасова яны ачышчаюць і абараняюць расліны ад шкоднікаў. Жывёлы-мірмекафілы (больш за 2 тыс. відаў членістаногіх) прыстасоўваюцца да жыцця ў мурашніках. Большасць іх корміцца адкладамі мурашак ці гніючым буд. матэрыялам мурашнікаў, некат. ператвараюцца ў нахлебнікаў — сімфілаў (напр., у энтамафауне Беларусі — жукі-ашчупнікі, некат. стафілініды, тлі). Мурашкі кормяць сімфілаў, як і свае лічынкі, сімфілы маюць спец. залозы і выдзяляюць рэчывы, якімі кормяцца мурашкі. Гл. таксама Каменсалізм.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯГЛАБІ́Н (ад мія... + глабін),

складаны бялок мышцаў чалавека і жывёл, які звязвае малекулярны кісларод, што пераносіцца гемаглабінам ад лёгкіх і перадае яго акісляльным сістэмам клетак. Паводле саставу і ўласцівасцей блізкі да гемаглабіну. Ёсць пераважна ў мышцах, якія працуюць рытмічна (напр., сэрца, дыяфрагма, мускульны страўнік птушак). Многа М. ў водных млекакормячых, якія доўгі час не дыхаюць (напр., у дэльфінаў, цюленяў). М. чырв. колеру. Мал. м. 17 000. Малекула М. складаецца з аднаго поліпептыднага ланцуга (каля 150 амінакіслотных рэшткаў) і жалезапарфірынавага комплексу — гема. З кіслародам злучаецца лягчэй за гемаглабін, утварае оксіміяглабін (рэакцыя абарачальная). У чалавека ў складзе оксіміяглабіну да 14% кіслароду ад агульнага яго запасу ў арганізме, у цюленя — 47%.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАНУКЛЕЁЗ ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, хвароба Філатава,

вострая вірусная інфекцыйная хвароба чалавека, якая характарызуецца ліхаманкай, танзілітам, павелічэннем усіх груп лімфатычных вузлоў, печані і селязёнкі. Апісаны Н.Ф.Філатавым у 1885. Узбуджальнік — вірус Эпстайна-Бар. Крыніца інфекцыі — хворыя людзі і носьбіты М.і. Заражэнне адбываецца пры непасрэдным кантакце (напр., пры пацалунках), паветрана-кропельным шляхам. Хварэюць пераважна дзеці. Пасля 40 гадоў большасць людзей імунныя да М.і. Прыкметы: агульная слабасць, павышэнне т-ры цела да 38—39 °C, боль у горле пры глытанні, цяжкае дыханне праз нос, павялічаныя лімфавузлы, асабліва задняшыйныя. У хворых на М.і. адутлаваты твар, з 3—4-га дня з’яўляецца танзіліт з налётамі на міндалінах, зрэдку высыпка на скуры і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў, А.​А.​Збароўская.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ХАЙ-НАДЗЬ ((Moholy-Nagy) Ласла) (20.7.1895, Бачбаршад, Венгрыя — 24.11.1946),

венгерскі скульптар, дызайнер, фотамастак. Працаваў пераважна ў Германіі (1920—33) і ЗША (з 1937). У 1923—28 праф. «Баўгауза», у 1937 заснаваў т.зв. Новы «Баўгауз» у Чыкага. Зазнаў уплывы К.​Малевіча і Л.​Лісіцкага. У канцы 1910 — пач. 1920-х г. ствараў графічныя работы ў духу супрэматызму («На белым фоне», 1923, і інш.) і прасторавыя абстрактныя кампазіцыі («Пластыка ў нікелі», 1922, і інш.) У 1920-я г. займаўся фотамастацтвам у галіне мантажу («Мілітарызм» і інш.) і партрэта («У.​Маякоўскі» і інш.). Пазней даследаваў працэс формастварэння, выразныя магчымасці святла ў празрыстых і паўпразрыстых прасторавых канструкцыях, што знайшло практычнае выкарыстанне ў дызайне і светлавой рэкламе.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛ (ад лац. mulus),

гібрыд каня (кабылы) і асла (самца); свойская жывёла. Вядомы з 3-га тыс. да н.э. Гадуюць пераважна ў Азіі, Афрыцы, Амерыцы і Паўд. Еўропе. Ад кабылы наследуе велічыню цела, шырокія і глыбокія грудзі, масць, хвост, здольнасць да хуткага руху; ад асла — вял. грубую галаву, доўгія вушы, кароткія шыю і грыву, звіслы крыж, трываласць і працаздольнасць. Больш здольныя да акліматызацыі, даўгавечныя (жывуць да 40—50 гадоў), менш успрымальныя да хвароб, непатрабавальныя да корму і догляду. Звычайна бясплодныя. Адрозніваюць тыпы М.: уючны (выш. ў карку 110—140 см, маса 300—400 кг) і запражны (140—170 см, 400—700 кг). Гл. таксама Лашак.

Л.​Л.​Галубкова.

Мул.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВЕ́ЙКА (Іван Андрэевіч) (н. 21.10. 1921, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1939), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1964). З 1948 у любанскай раённай газеце Друкуецца з 1936. Аўтар зб. вершаў «Песня над палямі» (1955). Піша пераважна для дзяцей: зб-кі «Ручаінкі» (1956), «Вось якія мы» (1958), «Пра работу і ляноту» (1960), «Дружная сямейка» (1961), «Сняжынкі-смяшынкі» (1962), «Сем колераў вясёлкі» (1965), «Лясное возера» (1970), «Мы таксама падрасцём» (1971), «Дуб і дубок» (1977), «Няхай сонца не заходзіць» (1981), «Я прыдумаў казку» (1985). У кн. «Прынёс з вайны» (1991) — франтавыя запісы, вершы, апавяданні пра аднапалчан і інш.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)