нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць тур. панавання 18.4—23.5.1876. Падрыхтавана Балг.рэв.цэнтр. к-там (знаходзіўся ў г. Джурджу, Румынія) і рэв. к-тамі ў Балгарыі. Пачалося датэрмінова (прызначалася на 1 мая) з-за пагрозы арышту кіраўнікоў. Найб. размаху дасягнула ў паўд. Балгарыі (Плоўдзіўская рэв. акруга з цэнтрам у г. Панагюрыштэ). 17 мая каляв. Казладуй высадзіўся сфарміраваны ў Румыніі атрад Х.Боцева (у арганізацыі атрада ўдзельнічаў і беларус М.К.Судзілоўскі), які дайшоў да г. Враца, але там быў разбіты. Слаба падрыхтаванае і дрэнна ўзброенае паўстанне жорстка задушана тур. ўладамі; загінула каля 30 тыс. паўстанцаў. Рэпрэсіі тур. войскаў у час разгрому паўстання выклікалі абурэнне прагрэс. грамадскасці свету, садзейнічалі абвастрэнню міжнар. становішча і сталі адной з прычын рус.-тур. вайны 1877—78 (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.), у выніку якой Балгарыя была вызвалена ад тур. панавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАСЦЯБЛО́ВЫЯ ІМХІ́, сапраўдныя імхі (Bryopsida, або Musci),
клас мохападобных. 3 падкл.: андрэевыя імхі, брыевыя імхі і сфагнавыя імхі. Каля 15 тыс. відаў (паводле інш. звестак да 25 тыс.). На Беларусі каля 315 відаў. Пашыраны ўсюды, асн. дамінанты ніжняга яруса балотных, лясных, лугавых фітацэнозаў, першасныя глеба і торфаўтваральнікі. Ствараюць суцэльнае мохавае покрыва.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя расліны з радыяльна або двухбакова аблісцелым сцяблом (даўж. 1 мм — 60 см), прымацаваныя да субстрату рызоідамі (акрамя сфагнавых). Лісце сядзячае, суцэльнае, рознае па анат. будове. Размнажэнне вегетатыўнае, палавое і бясполае. Спарагоны на ножках, верхавінкавыя ці бакавыя. Каробачка ад цыліндрычнай да грушападобнай, прамастойная ці гарызантальная, з каўпачком. Споры аднаклетачныя. Маюць водаахоўнае значэнне ў жыцці лесу; часам спрыяюць забалочванню мясцовасці, значна ўплываюць на агульную забяспечанасць сушы вільгаццю.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны, хвощи, папоротники, голосеменные растения. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУСКАЎНІ́ЦА (Pholiota),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. страфарыевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных шыротах, некат. ў тропіках і субтропіках. На Беларусі каля 10 відаў. Найб. вядомыя Л.: вуглялюбная, або агнёўка вуглялюбная (P. carbonaria), звычайная (P. squarrosa), вогненная (P. flammans), залацістая (P. aurivella). Агульная нар. назва іх — воўчы грыб. Паўпаразіты, актыўна разбураюць драўніну, трапляюцца на ствалах мёртвых і жывых дрэў, ламаччы і інш. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 12 см, ад паўшарападобнай да распасцёртай, з лускавінкамі або голая, клейкая ці сухая. Агульнае пакрывала рана знікае. Пласцінкі зыходныя па ножцы або прырослыя. Ножка з лускавінкамі, з кольцам ці без яго. Мякаць мяккая, бураватая, у некат. горкая, мае слабы пах рэдзькі. Споры гладкія, пераважна ржава-жоўтыя. Грыбы неядавітыя, ёсць ядомыя, але не спажываюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААНЗУ́НДСКІ АРХІПЕЛА́Г, Заходне-Эстонскі архіпелаг. У Балтыйскім м., тэр. Эстоніі. Пл.каля 4 тыс.км². Больш за 500 астравоў, найбольшыя з іх Саарэмаа, Хійумаа, Муху, Вормсі. Берагі моцна парэзаныя. Паверхня раўнінная (выш. да 54 м). Астравы складзены пераважна з вапнякоў, якія месцамі ўкрыты ледавіковымі і марскімі адкладамі. Шмат азёр. Клімат умерана цёплы з мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. -4 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Большая ч. паверхні астравоў занята лугамі і лясамі; па берагах пясчаныя дзюны з хваёвымі лясамі. Глебы пераважна дзярнова-карбанатныя і забалочаныя. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Запаведнікі: Війдумяэ і Вільсандзі. Значныя гарады: Курэсаарэ (в. Саарэмаа) і Кярдла (в. Хійумаа). У раёне М.а. ў перыяд 1-й і 2-й сусв. войнаў адбыліся вядомыя ваен. аперацыі (гл.Маанзундскія аперацыі ў 1-ю сусв. вайну і Маанзундскія аперацыі ў Вял.Айч. вайну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНА́НДР (Menandros; каля 342 да н.э., Афіны — каля 291 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт. Прадстаўнік т.зв. новай атычнай, ці сямейна-быт., камедыі. Напісаў больш за 100 твораў. Некаторыя з іх былі вядомы праз рымскіх пераймальнікаў Плаўта і Тэрэнцыя. Арыгіналы выяўлены і апублікаваны ў 20 ст.: поўны тэкст камедыі «Сугней», амаль цалкам «Саміянка», 1-я пал. камедыі «Шчыт», вял. эпізоды з камедый «Трацейскі суд», «Адрэзаная каса», фрагменты з «Сікіёнца» і «Ненавіснага». Узбагаціў традыц. камедыйныя тыпы новымі, індывід. рысамі. З гуманіст. пазіцый у духу этыкі філосафа Эпікура разглядаў маральныя праблемы, пытанні быту, сям’і, чалавечых адносін. Адметныя дасціпным сюжэтам, тонкім гумарам, вытанчаным стылем, яго камедыі паўплывалі на творчасць П.Кальдэрона дэ ла Баркі, Лопэ дэ Вэгі, У.Шэкспіра, Мальера, К.Гальдоні, А.Астроўскага.
Тв.:
Рус.пер. — Комедии. Фрагменты. М., 1982.
Літ.:
Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІ́РУЮЧЫЯ МУ́ШКІ (Agromyzidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца М.м. (мінёры): шмат’едная (Phytomyza atricornis, або Ph. horticola), капусная (Ph. ruflpes), заразіхавая (Ph. orobanchia), злакавыя (з роду Agromyza), падкорнікі (з роду Phytobia).
Даўж. 0,9—4 мм. Цела і ногі кароткія, грудзі масіўныя, брушка шырокае. Крылы роўныя з целам або крыху даўжэйшыя. Спінка звычайна светлая, ногі і бакі грудзей жоўтыя. 1—2 генерацыі за год. Зімуюць у фазе кукалкі. Лічынкі расліннаедныя, выгрызаюць шчылінападобныя поласці — міны (адсюль назва) у парэнхіме лісця, радзей у сцёблах; у некат. развіваюцца ў камбіі маладых дрэў, у суквеццях ці насенні складанакветных, утвараюць галы. Большасць манафагі і алігафагі, некат. паліфагі. Каля 150 відаў — шкоднікі с.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛО́ЎСКІ ((Michałowski) Пётр) (2.7. 1800, г. Кракаў, Польшча — 9.6.1855),
польскі мастак; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся малюнку ў М.Стаховіча, Ю.Брадоўскага і Ф.Лампі ў Кракаве (1816—18), жывапісу ў Н.Т.Шарле ў Парыжы (1832—33). Удзельнік паўстання 1830—31. Ствараў батальныя і жанравыя сцэны. Творы вызначаюцца дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю вобразнага ладу, псіхалагізмам, танальнай напружанасцю, яркімі колеравымі акцэнтамі, смелай і эфектнай манерай пісьма: «Напалеон на кані» (каля 1832—37), «Схватка кірасіраў», «Пераправа артылерыі цераз раку», «Кракусы», «Бітва пад Самасьерай», «Блакітныя гусары», «Блакітны хлопчык», «Конны кірмаш» (усе 1840-я г.) і інш., серыя партрэтаў сялян («Селянін у капелюшы», каля 1846). Аўтар малюнкаў «Араб на кані», «Французскія паштальёны», «Конюх утаймоўвае першэронаў» і інш.
Літ.:
Piotr Michałowski. Warszawa, 1959;
Janoziński J. Piotr Michałowski: Życie i twórczość 1800—1855. Wrocław, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ЙНІК, клематыс (Clematis),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 300 (па інш. звестках ад 150 да 400) відаў. Пашыраны ва ўмеранай і цёплай зоне. У Зах. Еўропе выведзена больш за 2000 разнавіднасцей і сартоў. На Беларусі трапляецца на У і ПдУ па схілах рачных далін і яроў, на сухіх лугах і ўзлесках; у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН інтрадукавана каля 30 відаў. Найб. вядомыя П.: вінаградалісты (C. vitalba), Жакмана (C. jackmanii), фіялетавы (C. viticella). У Чырв. кнігу Беларусі занесены П. прамы, або жыгунец (C. recta).
Шматгадовыя травы ці дравяністыя расліны з павойнымі, лазячымі або прамымі сцёбламі. Лісце супраціўнае, простае або складанае, трайчаста-рассечанае або складанаперыстае. Кветкі адзіночныя ці ў суквецці, белыя або жоўтыя, у інтрадукаваных відаў рознай афарбоўкі. Плод — шматарэшак. Дэкар. расліны, некат. віды лек. і ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОТ,
бясколерная салёная вадкасць, якая выдзяляецца потавымі залозамі. Састаў П. залежыць ад віду жывёлы, тыпу яго потавых залоз, стану арганізма, інтэнсіўнасці потавыдзялення і колькасці розных рэчываў у крыві. У чалавека П. мае 98—99% вады, каля 0,1% мачавіны, арган. к-ты, аміяк, тлушчы, хлорысты натрый (каля 0,3%) і інш. Рэакцыя П. бывае кіслай (pH 3,8—6,2) або шчолачнай (пры раскладанні мачавіны і выдзяленні аміяку). У капытных з П. выдзяляюцца бялкі (таму спацелы конь мае «запенены» выгляд). У некат. жывёл П. мае пігменты (напр., у бегемота і самца вял. кенгуру ён чырвоны). У чалавека выдзяляецца 0,5—12 л П. за суткі ў залежнасці ад мышачнай нагрузкі, т-ры навакольнага асяроддзя, колькасці выпітай вады. Пры паталаг. стане П. можа мець глюкозу (цукр. дыябет), жоўцевыя пігменты, цысцін (цыстынурыя), часам эрытрацыты — крывавы П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБАЛТЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА.
жуцаўская культура, археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. жылі на ПнЗ Беларусі і ПдУ Прыбалтыкі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, жывёлагадоўляй і земляробствам; карысталася крамянёвымі прыладамі працы і зброяй, вырабляла каменныя шліфаваныя сякеры лодкападобнай формы, свідраваныя матыкі. Жыло каля вадаёмаў у прамавугольных жытлах на слупах, з двухсхільным дахам. Унутры іх размяшчаліся адкрытыя агнішчы, выкладзеныя камянямі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у скурчаным становішчы; пахаванні адзінкавыя і групавыя. З керамічных вырабаў найб. пашыранымі былі гаршкі з выразнай шыйкай і амфары, арнаментаваныя гарыз. шнуравымі адбіткамі, насечкамі, нарэзкамі, наколамі, наляпнымі гафрыраванымі каўнерыкамі-валікамі. Сустракаюцца ўпрыгожанні з зубоў жывёл, бурштыну, стылізаваныя фігуркі чалавека і інш.Найб. выразныя матэрыялы П.к. на бел. Панямонні выяўлены на стаянках Лічыцы, Ярэмічы, Русакова, у пахаваннях каляпас. Краснасельскі.