бла́зан і бла́зен, ‑зна, м.
Разм.
1. Пра непаўналетняга чалавека, хлапчука; блазнюк. [Старшыня:] — І хто гэта дазволіў, каб нейкі блазан, учарашняе дзіця, маё заслуж[а]нае імя няславіў і аўтарытэт падрываў? Быкаў.
2. Малады чалавек несур’ёзных паводзін. — Эт, блазан, ды і толькі! — абсек Дразда злосны Косця і пайшоў па вуліцы. Карпюк. // Той, хто сваімі паводзінамі любіць пацяшаць другіх. [Маша Славіку:] — Блазен! Калі-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкі. Шамякін.
3. Уст. Асоба пры двары манарха ці феадала, якая павінна была весяліць гаспадара і гасцей. Покуль размову вялі яны з панам, блазан у бубен парнуў нечакана. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.
1. Зрабіць усё, многае. Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку: — Толькі ж глядзі, каб усю работу нарабіў. Якімовіч. Мы парабілі цяпер такія галубятні, што ніхто не далезе, ніхто не дастане. Брыль.
2. і без дап. Папрацаваць некаторы час. Малады цыган трохі парабіў у калгасе і пасля падаўся ў горад. Чыгрынаў.
•••
Нічога не паробіш; што (ж) паробіш — пра неабходнасць зрабіць не так, як хочацца, змірыцца з тым, што ёсць. Турсевіч цмокнуў, журботна паківаў галавою. — Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад параніць.
2. у знач. прым. Які атрымаў раненне, мае рану. Праходзілі групамі і па адным параненыя чырвонаармейцы. Чорны. Кожны дзень праз вёску везлі фурманкамі пакалечаных, параненых людзей. Галавач. // Пашкоджаны пры раненні (пра якую‑н. частку цела). Міколку, аднак, было не да смеху,.. вельмі садніла параненая шчака. Лынькоў. Параненая рука пачала пухнуць, рана загнаілася. Ставер.
3. у знач. наз. пара́нены, ‑ага, м.; пара́неная, ‑ай, ж. Чалавек, які атрымаў раненне. Тадора Міронаўна працавала на кухні, даглядала параненых. Брыль. [Санітарка] спяшаецца, каб у час дапамагчы параненаму. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. каго. Расстраляць, забіць усіх, многіх. Коннікі пачалі страляць, маючы адзін намер пастраляць арыштаваных, якія не ведалі, што гэта робіцца, і, ашаломленыя, стаялі. Чорны. Праз які тыдзень у вёсцы не мяўкаў ні адзін кот, не гаўкаў ні адзін сабака — усіх іх пастраляў Пэпік. Сачанка.
2. Страляць некаторы час. Часамі хадзіў Лабановіч у лес, каб пастраляць у цэль з гэтага рэвальверчыка. Колас. Да балота падбегла некалькі эсэсаўцаў.. Пастралялі, пастралялі, колькі лічылі патрэбным, павярнулі назад. Шамякін.
3. што. Расходаваць пры стрэльбе. — Вінтоўка ў нас была, толькі без патронаў. Пастралялі здуру.. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кале́цтва, ‑а, н.
1. Пашкоджанне арганізма, якое робіць цяжкім або немагчымым яго нармальнае функцыяніраванне. [Арлоўскі] радаваўся, што, не зважаючы на цяжкае калецтва, ён яшчэ патрэбен людзям. Паслядовіч. Нават каб і мог ён [Зыгмунт] дзе-небудзь знайсці работу, дык не можа з-за свайго калецтва стаць на яе. Чорны. // Псіхічны стан арганізма з такім пашкоджаннем. Ласкавасць ад усяго свету, а не ад аднаго толькі чалавека, выратуе дзіцячую душу ад псіхалагічнага калецтва. Чорны.
2. Калечанне, знявечанне. Пасля калецтва прыкра было бачыць князю кухара з заткнутым вухам, і ён ніколі ўжо не гукаў яго на параду аб стравах. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Паміраць у муках, канчацца. [Астаповіч] чуў, як трашчала сухое дрэва ў агні і як з агню рвуцца стогны і енкі тых, хто там канае ў нечалавечых пакутах. Чорны. [Лабыш:] Яна ўжо канае! Свечку, свечку нясіце! Козел. // Выражае найвышэйшую ступень хацення, жадання і пад. — Канае малы, просіць, каб паказаў яму крыгаход. Краўчанка.
2. перан. Канчацца, набліжацца да канца. Прыгажэй за ўсё гасцінец пад вечар, калі канае дзень, нікне ў рэдкай смузе. Пташнікаў. Пакуль рэдактар дачытваў і папраўляў сваю газету, агарак свечкі пачынаў канаць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кат, ката, М каце; мн. каты, ‑аў; м.
Асоба, якая прыводзіць у выкананне смяротны прыгавор, ўчыняе кару, катуе. — Не, няхай вешаюць. Да віселіцы буду ісці з паднятай галавой, і пакуль кат пакіне пятлю на шыю, шмат чаго паспею сказаць людзям, якіх, відаць, прыгоняць глядзець на маю смерць. Шахавец. З’явіліся два здаравенныя каты і сталі каля дзвярэй, спадылба паглядаючы на старога, чакаючы каманды, каб накінуцца на ахвяру. Гурскі. // перан. Жорсткі мучыцель, прыгнятальнік. Над краем шыбеніц, астрогаў Трыумфаваў каронны кат... Купала. Жандарскі палкоўнік, вядомы кат па ўсёй акрузе, быў ужо схоплен і ўкінуты ў пограб. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ляно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
1. Адсутнасць жадання працаваць, рабіць што‑н., займацца чым‑н. Пра бацьку ў вёсцы казалі, што праз ляноту сваю ён жыў у недагледжанай хаце. М. Стральцоў. // Стан вяласці, санлівасці. Лёнька аж прыжмурыў вочы: прыемна грэла ў спіну, цяпло расходзілася па целе і на ўсяго яго стала нагортвацца такая млявасць і нейкая лянота, што хоць пальцам не варушы. Капыловіч.
2. у знач. вык., каму з інф. Разм. Не хочацца, няма ахвоты. [Бондар:] — Ты далікатны! Так і выкіроўваеш, каб на баку паляжаць. Да таго ж лянота думаць... Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
малі́цца, малюся, молішся, моліцца; незак.
1. Звяртацца з малітвай да бога, святых. Акрамя няньчання дзяцей, у Васількі быў яшчэ адзін цяжкі абавязак — штодзень маліцца богу. Крапіва. А маці ноч бяссонную Малілася, каб бог Ад бед, ад гора чорнага Ёй сына пабярог. Панчанка. // перан. Вельмі моцна прасіцца. — Паночку, даражэнькі, — моліцца Сяргей, — няма ў мяне каня!.. Нікановіч.
2. перан.; на каго-што. Разм. Богатварыць, абагаўляць. [Маргарыта:] — Якія ж бываюць людзі, толькі падумаць! А Барыс жа на .. [Усевалада] маліўся. Скрыган. [Васіль:] — Я не намераны маліцца на лепшых звеннявых і на звенні, як вы робіце ў адносінах да Міхальчук. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мета́л, ‑у, м.
Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць, добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці. Лёгкія металы. □ Халаднаваты метал быў пакрыты васковай плёнкай тавоту. Паслядовіч. Метал, здавалася, сам знаходзіў літнік, каб папасці і забегчы ў форму. Скрыган. // Пра гукі, голас, якія нагадваюць металічны звон. Смелы, магутны, з металу скованы голас аэраплана залятае ў дзедаву хату. Колас.
•••
Высакародныя металы — золата, серабро, плаціна.
Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.
Невысакародныя металы — металы, якія акісляюцца, ржавеюць.
Цяжкія металы — металы з удзельнай вагой звыш 5 грамаў.
Чорныя металы — чыгун, жалеза, сталь.
[Грэч. metallon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)