РАТА́Н-600, радыётэлескоп Расійскай АН з дыяметрам кальца каля 600 м, найбуйнейшы радыётэлескоп з антэнай пераменнага профілю. Знаходзіцца на Паўн. Каўказе паблізу станіцы Зелянчукская. Прызначаны для вывучэння касм. радыёвыпрамянення ў дыяпазоне ад 8 мм да 21 см. Дакладнасць вызначэння вуглавых каардынат крыніц радыёвыпрамянення да 0,1.

Радыётэлескоп РАТАН-600.

т. 13, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗЕ́Я,

вадасховішча на мяжы Магілёўскага і Чавускага р-наў, каля вёсак Гародня і Мядзвёдаўка. Створана на р. Рудзея ў 1986. Пл. 3,8 км², даўж. 12 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 7,6 м, аб’ём вады 8,3 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі і адпачынку.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬДЭМАР (Valdemar),

каралі ў сярэдневяковай Даніі.

Вальдэмар I Вялікі (14.1.1131 — 12.5.1182), кароль у 1157—82. Праўнук па маці кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха. Ажыццявіў шэраг паходаў супраць палабскіх славян і падпарадкаваў каля 1169 в-аў Руяну (Руген). Заклаў асновы цэнтралізаванай феад. манархіі ў Даніі.

Вальдэмар II Пераможца (1170—28.3.1241), кароль у 1202—41. На пач. 13 ст. падпарадкаваў шэраг паўн.-герм. тэр., але страціў іх у 1227 пасля паражэння ў бітве з ням. феадаламі пры Борнхёведзе. У 1219 захапіў Паўн. Эстонію (Эстляндыю).

Вальдэмар IV Атэрдаг (каля 1320—24.10.1375), кароль у 1340—75. Аднавіў каралеўскую ўладу над большай ч. краіны. Пасля паўстання эстаў 1343—45 прадаў Паўн. Эстонію (1346) Лівонскаму ордэну. У вайне з ням. гандл. саюзам Ганзай 1367—70 за панаванне на Балтыйскім м. пацярпеў паражэнне, заключыў ганебны для Даніі Штральзундскі мір 1370.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФАЛА (Buffalo),

горад на ПнУ ЗША, штат Нью-Йорк. Засн. ў канцы 18 — пач. 19 ст. 323,4 тыс. ж., з прыгарадамі 1,19 млн. ж. (1992). Размешчаны каля ўсх. берага воз. Эры і вытоку р. Ніягара, на суднаходным канале, які злучае Вял. азёры праз р. Гудзон з Атлантычным ак. Порт на воз. Эры, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Міжнар. аэрапорт. Праз Буфала адбываецца значная ч. гандлю ЗША з Канадай. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Чорная металургія, металаапрацоўка. Разнастайнае машынабудаванне (вытв-сць цеплавога і інш. прамысл. абсталявання, станкоў, аўтамабільных дэталяў і вузлоў, авіяц. тэхнікі, электронных кампанентаў і сродкаў сувязі і інш.). Хім., цэлюлозна-папяровая, харч. (пераважна мукамольная і мясакансервавая) прам-сць. 2 ун-ты. Цэнтр ядзерных даследаванняў. Музей навукі. Маст. галерэя Олбрайт-Нокс. Каля Буфала — ГЭС на р. Ніягара.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАРКТЫ́ЧНАЯ ПЛАТФО́РМА,

старажытная дакембрыйская тэктанічна стабільная структура зямной кары, якая займае ўсх. частку Антарктыды. Адносіцца да платформаў Гандванскай групы. На З абмежавана байкалідамі Трансантарктычных гор. Пл. каля 8 млн. км2. Магутнасць зямной кары каля 40 км. Крышталічны фундамент мае архейскі ўзрост і складзены з парод гранулітавай і амфібалітавай фацый метамарфізму (эндэрбіты, чарнакіты, гнейсы, крышт. сланцы), якія прарваны інтрузіямі магматычных парод. Пароды фундамента выходзяць на падледавіковую паверхню ўздоўж узбярэжжа, адкуль паступова апускаюцца ў бок Трансантарктычных гор. Платформавы чахол пашыраны ў зах. частцы (магутнасць 3000—4000 м). Пераважаюць рыфейска-ніжнепалеазойскія вулканагенна-асадкавыя пароды (магутнасць да 2000 м), якія ўтвараюць дэпрэсіі на З і аўлакагены на У. Верхнепалеазойскія пароды на антарктычнай платформе развіты спарадычна (кангламераты, пясчанікі, каменныя вугалі пермскага ўзросту, агульнай магутнасцю да 1300 м). Верхнюю частку чахла складаюць сярэдняюрскія базальты, магутнасць якіх дасягае 1500 м.

М.​А.​Нагорны.

т. 1, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́НЬКА (Armillaria),

род базідыяльных грыбоў парадку агарыкальных. Каля 12 відаў. Касмапаліты. На Беларусі трапляюцца апенька сапраўдная, або восеньская (A. mellea), апенька марнеючая (A. tabescens) і апенька скараспелая, або ранняя (A. praecox). Факультатыўныя паразіты (на старых або аслабленых дрэвах), часцей існуюць як сапратрофы. Растуць групамі на пнях, ствалах, каля дрэў у хвойных і лісцевых лясах. Ядомыя (спажываюцца смажаныя, вараныя, салёныя, сушаныя і марынаваныя).

Шапка ў маладых апенек выпуклая, пазней плоская, гладкая або лускаватая, сухая, зрэдку слізістая, дыям. да 12 см, жоўта-бурая або жаўтавата-карычневая. Пласцінкі жоўта-белыя, бураватыя. Ножка з добра выяўленым кольцам, рэдка без яго. Апенькай часта наз. грыбы інш. родаў, напр. ядомая апенька летняя (Kuehneromyces mutabilis), а таксама ядавітыя апенька несапраўдная серна-жоўтая (Nematoloma fasciculare) і апенька несапраўдная цагельна-чырвоная (N. sublateritium).

В.​С.​Гапіенка.

Апенькі: 1 — летняя; 2 — восеньская.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (партуг. Ilhas dos Açores Астравы ястрабаў),

архіпелаг у Атлантычным ак., на З ад Пірэнейскага п-ва. Пл. 2,3 тыс. км². Працягваецца з З на У прыблізна на 600 км. Складаецца з 9 буйных а-воў (Сан-Мігел, Тэрсейра, Піку, Сан-Жоржы, Флорыш і інш.) і некалькіх рыфаў. Уваходзіць у склад Партугаліі. Нас. 243,4 тыс. чал. (1981). Астравы вулканічнага паходжання, маюць горны рэльеф з вяршынямі да 2351 м (г. Піку на в-ве Піку), стромкія берагі. Разнастайныя праяўленні сучаснага вулканізму (фумаролы, мінер. і тэрмальныя крыніцы). Частыя землетрасенні. Клімат субтрапічны, акіянскі. Сярэдняя т-ра студз. каля 14 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. На схілах субтрапічныя горныя лясы і кусты. Плантацыі бананаў, цытрусавыя, вінаградарства. Цэнтр марскіх і паветраных трансатлантычных ліній паміж Еўропай, Афрыкай і Амерыкай. Найб. гарады і парты: Понта-Дэлгада, Анграду-Эраіжму, Орта.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЙДА́ХА (Idaho),

штат на ПнЗ ЗША. Уваходзіць у групу горных штатаў Далёкага Захаду. Пл. 214,3 тыс. км²; нас. 1099 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Бойсе. Найб. гарады Айдаха-Фолс і Пакатэла. Гар. насельніцтва каля 50%. На б. ч. тэрыторыі адгор’і Скалістых гор (выш. да 3857 м), на З ускраіна Калумбійскага плато, на Пд пласкагор’е Вял. Басейн і раўніна р. Снейк. Клімат кантынентальны, змякчаецца Ціхім акіянам. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (серабро, свінец, сурма, малібдэн, ртуць, золата, кобальт, ванадый, цынк, фасфаты, паўкаштоўныя камяні), харч. (асабліва перапрацоўка бульбы), лясная і дрэваапр., хім., радыёэлектронная, каляровая металургія. У таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі пераважае раслінаводства. Гал. культуры: бульба (каля1/4 збору краіны), пшаніца, кукуруза, ячмень, цукр. буракі, хмель. Садоўніцтва (пераважна яблыкі). Пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Транспарт аўтамаб., чыгуначны. Штат перасякаюць 2 транскантынентальныя чыг. магістралі. Развіты турызм.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЧНЫ ЦВЕТ (Anagallis),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, як занесеныя ў Паўн. Амерыцы; 1 від — у тропіках абодвух паўшар’яў. На Беларусі пераважна ў паўд. і паўд.-зах. раёнах трапляюцца зрэдку як пустазелле на палях, агародах, пустках, каля дарог вочны цвет палявы (Anagallis arvensis) і вельмі рэдка як пустазелле, а таксама на сухіх схілах і ў хмызняках вочны цвет блакітны (Anagallis foemina).

Адна-, двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым распасцёртым ці ўзнятым сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, супраціўнае, найчасцей сядзячае. Кветкі звычайна адзіночныя на доўгіх кветаножках у пазухах лістоў, з кола- або лейкападобным чырв. блакітным ці белым вяночкам. Плод — шарападобная каробачка. Лек. (мачагонны, патагонны, жаўцягонны, слабільны сродак) і ядавітыя расліны. Садовыя формы некаторых відаў (напр., гібрыдная буйнакветная Anagallis grandiflora) вырошчваюць як дэкаратыўныя.

Вочны цвет палявы.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАМАРА́ЎСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Вялікамараўскае княства, Багемскае княства,

раннефеадальная дзяржава зах. славян на Пд Маравіі ў 9 — пач. 10 ст.; першае буйное паліт. ўтварэнне ў цэнтр.-еўрап. рэгіёне. Сталіца — г. Велеград (месцазнаходжанне дакладна невядома). Засн. каля 833 князем Маймірам I (п. каля 846), які далучыў да Маравіі суседняе Нітранскае княства. Пры кн. Расціславе [846—870] адбіты ўварванні ўсх. франкаў (855 і 869), запрошаны з Візантыі місіянеры Кірыла і Мяфодзій (863), створана ўласнае архіепіскапства, падпарадкаванае папу рымскаму, на чале з Мяфодзіем (869). Пры кн. Святаполку [870—894] дзяржава пасля часовай страты незалежнасці (870—874) дасягнула найб. магутнасці (далучаны землі Чэхіі, Лужыцы, Сілезіі, Малой Польшчы, Паноніі. Значнае развіццё ў культуры краіны набыло культавае буд-ва. Пасля смерці Святаполка пачаўся распад Вялікамараўскай дзяржавы (у 895 аддзяліліся чэхі, у 897 — сербы-лужычане). Разгромлена ў 906 качэўнікамі-венграмі.

Літ.:

Краткая история Чехословакии. М., 1988. С. 14—22.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)