ІКАНАБО́РСТВА,

рэлігійны рух у сярэднія вякі, накіраваны супраць хрысц. культу абразоў.

Яшчэ ў 7 ст. ў М. Азіі (некат. даследчыкі лічаць, што пад уплывам ісламу, які забараняў выявы чалавека) пачаліся выступленні супраць выкарыстання культу абразоў, крыжа і інш. як ідалапаклонства. І. найб. пашырылася ў 8—1-й пал. 9 ст. ў Візантыі, дзе яго ўзначалілі першыя імператары Ісаўрыйскай дынастыі. Леў III, які імкнуўся ўмацаваць дзярж. ўладу і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства, у 726 забараніў пакланенне абразам, канфіскоўваў царк. землі і маёмасць; яго пераемнікі патрабавалі поўнай забароны святых выяў у цэрквах Супраць І. выступілі візантыйскі багаслоў Іаан Дамаскін, сталічная знаць і манаства, падтрыманыя папствам. Барацьба цягнулася больш за стагоддзе, суправаджалася муштрамі, катаваннямі, выгнаннямі, знішчэннем абразоў, разбурэннем манастыроў. У час І. загінулі тысячы помнікаў рэліг. мастацтва. Але гал. мэта візант. імператараў была дасягнута — канфіскацыя царк. і асабліва манастырскіх зямель і раздача іх ваен.-служыламу саслоўю; візант. імператар стаў на чале правасл. царквы. Канчаткова культ абразоў у Візантыі адноўлены ў 843, але большасць секулярызаваных зямель царкве не вернута. Іканаборскі рух узмацніў супярэчнасці паміж усх. і зах. галінамі тады яшчэ адзінай хрысц. царквы.

І. было характэрнай рысай радыкальных кірункаў пратэстантызму (перш за ўсё кальвінізму) у шэрагу краін Зах. Еўропы ў эпоху Рэфармацыі (Нідэрланды, Германія, Францыя). Знішчэннем абразоў і інш. святынь суправаджалася Іканаборскае паўстанне 1566 у Нідэрландах.

Літ.:

Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988.

З.І.Малейка.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Андрэевіч) (17.9.1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 15.12.1994),

бел. крытык, літ.-знавец, празаік. Канд. філал. н. (1958), праф. (1983). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1949). Працаваў у Бабруйскім настаўніцкім ін-це (1952—54), Брэсцкім пед. ін-це (з 1954, у 1988—94 праф.). Літ. дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Ліг. прэмія імя І.Мележа 1994). Даследаваў зах.-бел. л-ру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у бел. л-ры 1920-х г. Працы К. вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літ. дзеячаў. Аўтар дакументальна-маст. твораў пра В.Таўлая («Аповесць пра Таўлая», 1964—65), зах.-бел. рэвалюцыянера і публіцыста А.Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кн. «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і Я.Брылем). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.

М.А.Тычына.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЛО́ССЕ»,

заходнебел. літ.-навук. часопіс. Выдаваўся ў 1935—39 у Вільні на бел. мове штоквартальна. Меў бібліягр. аддзел «Кнігапіс», вёў хроніку культ. жыцця ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчаў матэрыялы па бел. гісторыі, сац. псіхалогіі, этнаграфіі, культуры, краязнаўстве, мова- і літ.-знаўстве. З’яўляўся гал. трыбунай бел. інтэлектуальнага асяродка ў Зах. Беларусі ў 2-й пал. 1930-х г. Сваімі праграмнымі ўстаноўкамі садзейнічаў нац. адраджэнню, пашырэнню грамадска-культ. базы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У часопісе супрацоўнічалі М.Шкялёнак (рэдактар), Я.Шутовіч (адказны рэдактар, з 1937 рэдактар-выдавец), Н.Арсеннева, В.Багдановіч, М.Васілёк, А.Луцкевіч, М.Машара, У.Самойла, М.Танк, В.Таўлай, Р.Шырма і інш. Ідэйнае аблічча часопісу надаваў А.Станкевіч, які выступаў з публікацыямі па пытаннях нац. адраджэння, пра газ. «Мужыцкая праўда», «Гоман», Ф.Скарыну, Б.Эпімаха-Шыпілу і інш., з рэцэнзіямі на кнігі. Упершыню ў бел. друку ўзняў пытанне пра выкарыстанне псіхааналізу ў літ.знаўстве, разглядаў нац. самасвядомасць як фактар псіхічнага і духоўнага здароўя асобы. Выступаў з крытыкай рас. і польск. гісторыкаў, якія, фетышызуючы вайск. і дзярж. моц б. шляхецкай Рэчы Паспалітай і самадзяржаўнай Расіі, прыніжалі культуру ВКЛ. Сцвярджаў самабытнасць шляху бел. сялянства пасля адмены прыгоннага права. Публікаваў маст. творы зах.-бел. пісьменнікаў, перадрукоўваў творы пісьменнікаў БССР. Змяшчаў артыкулы пра Ф.Шаляпіна, Ш.Руставелі, М.Рэрыха і інш. Выйшла 20 кніжак. Спыніў дзейнасць у сувязі з набліжэннем 2-й сусв. вайны.

У.А.Калеснік.

Вокладка часопіса «Калоссе». 1935.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1793,

асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты без абмеркавання 23.11(5.12).1793 Гродзенскім сеймам 1793. Яе праект распрацаваны К.Рачынскім, Ф.Машчынскім, Л.Тышкевічам пад наглядам царскага пасла Я.Я.Сіверса. Паводле К. Рэч Паспалітая захоўвалася як унітарная дзяржава ў складзе правінцый Кароны і княства Літоўскага, падзялялася на ваяводствы, а тыя — на 3 паветы (землі). Захоўваліся кардынальныя правы, гарантаваныя сеймамі 1768, 1775 і Канстытуцыяй 1791. Аднаўлялася выбарнасць караля. Вышэйшым заканад. органам краіны быў сейм, які склікаўся раз у 4 гады на 8 тыдняў. Рашэнні ў сейме прымаліся большасцю галасоў, акрамя самых важных пытанняў заканадаўства, падаткаў, арміі, на якія каралю давалася права вета. Выканаўчая ўлада належала Пастаяннай радзе з 24 чал., у т. л. 11 ад княства. Рада мела 6 дэпартаментаў, рыхтавала заканад. праекты, наглядала за іх рэалізацыяй. склікала сеймы нават без згоды караля. Паўната ўлады ў паветах належала парадкавым камісіям. Членаў камісіі выбіралі на мясц. сейміках з аселай шляхты. Немаёмная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў. Мяшчане атрымалі права набываць землі і шляхецкую годнасць, але не мелі прадстаўніцтва ў сейме. У якасці ўступкі рэформам Чатырохгадовага сейма захаваны зямянскія суды з выбарнымі пасадамі на дзярж. утрыманні. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для судоў быў Трыбунал, асобны для цывільных і духоўных спраў. Фактычна К. не выконвалася, бо страціла сілу ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795, пасля чаго Рэч Паспалітая перастала існаваць.

Я.С.Анішчанка.

т. 7, с. 598

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел. радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.Буднікам, Я.Глебавым, Э.Зарыцкім, І.Лучанком, Ю.Семянякам, Л.Захлеўным, У.У.Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Літ.:

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.

Т.Р.Ермаковіч.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЖЫЖАНО́ЎСКІ ((Krzyżanowski) Юльян) (4.7.1892, в. Стаянцы Масціскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 19.5.1976),

польскі літаратуразнавец і фалькларыст. Чл. Польскай АН у Кракаве (1933), Польскай АН (1951), Сербскай АН (1965). Скончыў Ягелонскі ун-т (Кракаў, 1914). У 1930—34 праф. Рыжскага, у 1934—39, 1945—62 — Варшаўскага ун-таў. У 1957—58 выкладаў у Калумбійскім ун-це ў Нью-Йорку. У 1969—73 у Ін-це літ. даследаванняў Польскай АН. Гал. праца — «Гісторыя польскай літаратуры ад старажытнасці да найноўшых часоў» (1969). Аўтар кніг «Паралелі: Параўнаўчыя даследаванні з пагранічча літаратуры і фальклору» (1935), «Польскі неарамантызм 1890—1918» (1963), «Навука пра літаратуру» (1966), манаграфій пра творчасць польск. пісьменнікаў, артыкула пра А.Рыпінскага «Польскі Тыртэй і дзекабрысты» (1954). Праблемам фальклору прысвяціў працы «У свеце народнай казкі» (1980), «Нарысы па фалькларыстыцы» (т. 1—3, 1980). Даследаваў зборнік апрацаваных бел. нар. казак, анекдотаў, апавяданняў з ваколіц Навагрудка «Польскі казачнік» А.Глінскага (т. 1—4, 1853), бел. фалькл. матывы ў творчасці А.Міцкевіча, этымалогію і гісторыю ўжывання прыказак і прымавак, пашыраных у польск. і ўсх.-слав. мовах («Разумнай галаве хопіць двух слоў», т. 1—2, 1958—60). У працы «Польская народная казка ў сістэматызаваным размеркаванні» (т. 1—2, 1947) сістэматызаваў матывы польск. нар. казак, многія з якіх сустракаюцца ў бел. фальклоры. Рэдактар і адзін з аўтараў «Слоўніка польскага фальклору» (1965). Дзярж. прэмія Польшчы 1964.

У.М.Казбярук.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАНО́К (Уладзімір Елісеевіч) (3.7.1907, в. Востраў Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 4.11.1984),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, дзярж. і парт. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў БСГА (1931), ВПШ пры ЦК КПСС (1956). З 1941 1-ы сакратар Лепельскага райкома КП(б)Б. Са жн. 1941 да чэрв. 1944 1-ы сакратар Лепельскага падп. райкома КП(б)Б, адначасова з сак. 1942 камандзір партыз. атрада № 68, са жн. 1942 камісар партыз. брыгады Чашніцкай «Дубава», з ліп. 1943 камандзір партыз. брыгады Лепельскай імя Сталіна. У снеж. 1943 узначаліў аператыўную групу ЦК КП(б)Б і БШПР па Полацка-Лепельскай партызанскай зоне. З 1944 у апараце ЦК КПБ, старшыня Полацкага і Гомельскага аблвыканкомаў, 1-ы сакратар Палескага, Віцебскага абкомаў КПБ. З 1962 1-ы нам. Старшыні СМ БССР, міністр вытворчасці і нарыхтовак с.-г. прадуктаў БССР. З 1974 нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі КПСС у 1961—76. Чл. ЦК КПБ з 1949, канд. у чл. Бюро ЦК КПБ з 1962 і з 1976, чл. Бюро ЦК КПБ у 1966—76. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1946, БССР у 1951—55 і з 1963. Нам. Старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1968—74. Аўтар кніг «У баях за Радзіму» (3-е выд., 1964), «Партызаны прымаюць бой» (1976).

У.Е.Лабанок.

т. 9, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНСЕРЭ́) расійскія мастакі; бацька і сын.

Яўген Аляксандравіч (24.8.1848, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 4.4.1886), скульптар. У 1867 і 1876 вывучаў маст. ліццё ў Парыжы. Майстар дробнай, пераважна жанравай скульптуры, анімаліст. Сярод твораў: «Тройка» (1868), «Сакалінае паляванне» (1872), «Запарожац пасля бітвы» (1873), «Кіргізскі касяк адпачывае» (1880), «Арабская конная гульня» (1884), «Святаслаў» (1886). Яўген Яўгенавіч (4.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 13.9.1946), графік і жывапісец. Акад. жывапісу (з 1912). Засл. дз. маст. Грузіі (1933). Нар. мастак Расіі (1945). Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у Пецярбургу (1892—95), у акадэміях Каларосі і Жуліяна ў Парыжы (1895—98). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Выкладаў у Тбіліскай АМ (1922—34), Маскоўскім арх. ін-це, Усерасійскай АМ у Ленінградзе (1934—38). Зазнаў уплывы А.Бенуа і К.Сомава. Творчасць вызначаецца імкненнем да жыццёвай пераканаўчасці, канкрэтнасці ў перадачы гіст. эпохі, цікаўнасцю да нар. жыцця. Выконваў сатыр. малюнкі для часопісаў «Жупел», «Адская почта», «Зритель» (1905—08), ілюстраваў творы Л.Талстога, М.Лермантава і інш. Аўтар станковых работ «Нікольсхі рынак у Пецярбургу» (1901), «Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле» (1905), «Караблі часоў Пятра I» (1911), серыі «Трафеі рускай зброі» (1942), манум. размалёвак у будынках Казанскага вакзала (1933—34, 1945—46) і гасцініцы «Масква» (1937) у Маскве. Афармляў спектаклі ў Малым т-ры ў Маскве. Дзярж прэмія СССР 1943.

Літ.:

Подобедова О.И. Е.Е.Лансере. М., 1961.

Я.Я.Лансерэ. Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле. 1905.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕМ ((Lem) Станіслаў) (н. 12.9.1921, г. Львоў, Украіна),

польскі пісьменнік; майстар навук. фантастыкі. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Вучыўся ў Львоўскім мед. ін-це (1939—41), скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1948). Друкуецца з 1946. У шматлікіх творах у жанры навук.-філас. фантастыкі (раманы «Астранаўты», 1951; «Дзённік, знойдзены ў ваннай», «Салярыс», абодва 1961, апошні экранізаваны ў 1972, рэж. А.Таркоўскі; «Голас Неба», 1968; «Насмарк», 1976; «Мір на зямлі», «Фіяска», абодва 1987, і інш.) разглядае ролю вынаходніцтваў у лёсе чалавецтва, узнімае праблемы маральнай адказнасці чалавека за вынікі сваіх дзеянняў. Аўтар дэтэктыўнага («Следства», 1959) і аўтабіягр. («Высокі замак», 1966) раманаў, зб-каў навук.-фантаст. апавяданняў «Сезам» (1954), «Зорныя дзённікі» (1957), «Уварванне з Альдэбарана» (1959), «Кніга робатаў» (1961), «Казкі робатаў» (1964), «Кіберыяда», «Паляванне» (абодва 1965), «Апавяданні пра пілота Піркса» (1968), «Бяссонніца» (1971). Яго проза адметная драматызмам калізій, глыбокім псіхалагізмам, багаццем палітры камічнага. Выдаў філас.-сацыялагічныя даследаванні «Дыялогі» (1957), «Сума тэхналогіі» (1964), філас.-літаратуразнаўчыя працы «Філасофія выпадку» (1968), «Фантастыка і футуралогія» (т. 1—2, 1970), літ. нарысы. На бел. мову асобныя творы Л. перакладаў М.Валошка. Дзярж. прэмія Польшчы 1976.

Тв.:

Бел. пер. — Прыгоды Піркса: Апавяданні. Мн., 1992;

Салярыс. Мн., 1994;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—2. Мн., 1992;

Собр. соч.: В 10 т. Т. 1—5. М., 1992—94.

Літ.:

Bereś S. Rozmowy ze Stanisławem Lemem. Kraków, 1987;

Lem w oczach krytyki światowej. Kraków, 1989.

Е.А.Лявонава.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС»,

бел. кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў. Існавала ў 1968—98. Створана як вытворча-творчае аб’яднанне кінастудыі «Беларусьфільм» на базе Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1987 кінастудыя. Выпускала дакумент., хранікальна-дакумент., навукова-папулярныя, навучальныя, тэхніка-прапагандысцкія фільмы, кіначасопісы («Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі», «Мастацтва Беларусі», «Навука і тэхніка Беларусі» і інш.). Многія фільмы атрымалі ўзнагароды на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях: «Боль мой — Хатынь» (рэж. П.Аліфярэнка), «У агні жыцця» (рэж. 1. Вейняровіч; абодва 1970), «Балада аб мужнасці і любві» (1972, рэж. Вейняровіч), «Зямля мая — лёс мой» (рэж. Ю.Лысятаў, Р.Ясінскі), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (рэж. С.Лук’янчыкаў; абодва 1978), «Атакуе ўся каманда» (1983, рэж. У.У.Цяслюк) і інш. Дзярж. прэміі Беларусі прысуджаны фільмам «Генерал Пушча» (1968, сцэнарый А.Вялюгіна, рэж. Вейняровіч), «Мы з Беларусі», «Бацькоўскае поле» (абодва 1982; рэж. Лысятаў). Сярод інш. фільмаў: «Птушка ікс» (1973, рэж. Дз.Міхлееў, аператар У.Цяслюк), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1974, сцэнарый Л.Браслаўскага, рэж. В.Сукманаў і Ясінскі), трылогія «Жанчына з забітай вёскі», «Немы крык» і «Жменя пяску» (1976, рэж. В.Дашук), «Іван Мележ» (1977, рэж. Лысятаў), «Дэсант на Чару» (1979, рэж. Ясінскі), «Маці салдацкая» (1981, рэж. М.Жданоўскі), «Тады я не плакала» (1984, рэж. Дашук), «Полацкая жамчужына» (1988, рэж. С.Гайдук), «Крэва» (1996, рэж. Жданоўскі), «Канікулы для сіраты» (1998, рэж. Г.Адамовіч). Сярод рэжысёраў таксама А.Алай, В.Аслюк, С.Галавецкі, М.Заслонава, І.Калоўскі, А.Канеўскі, А.Карпаў, І.Пікман, М.Скітовіч, Б.Стральцоў, Ю.Цвяткоў, П.Шамшур, У.Шаталаў; аператары В.Арлоў, Ю.Плюшчаў, С.Пятроўскі, І.Рамішэўскі і інш.

Г.У.Шур.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)