ПЁТР З ГАНЁНДЗА (Пётр Гезка з Ганёндза; паміж 1525—30, мяст. Гонёндз Падляскага ваяв., Польшча — 15.9.1573),

ідэолаг левай, сялянска-плебейскай плыні Рэфармацыі на Беларусі і ў Літве, антытрынітарый. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1551), удасканальваў веды ў Італіі, Швейцарыі. У 1554 праф. сафістыкі ў Падуанскім ун-це. Паслядоўнік рэліг.-філас. вучэння ісп. вучонага М.​Сервета і сац.-паліт. ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Адмаўляў царк.-тэалагічную і філас. схаластычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасці, сац. няроўнасці, войнаў, феад. права, свецкай улады, пакарання смерцю. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах, палемізаваў з С.Будным. Выдаў на лац. мове творы «Супраць боскасці Ісуса Хрыста» (1557), «Аб першахрысціянскай царкве» (1563?; не зберагліся), на польскай мове «Пра трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысціянскае хрышчэнне» (усе каля 1570). Яго паслядоўнікі Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі, М.​Чаховіц.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;

Падокшын С.А., Сокал С.Ф. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд. Мн., 2000.

С.​А.​Падокшын.

т. 12, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЯСТ», Польская народная партыя «Пяст» (PSL «Piast»; Polskie Stronnictwo Ludowe «Piast»),

палітычная партыя ў Польшчы ў 1913—31. Узнікла ў снеж. 1913 у выніку расколу галіцыйскай Польскай нар. партыі (ПСЛ). Ініцыятар стварэння — групоўка, што ўтварылася вакол штотыднёвіка «Piast» («Пяст»; 1913). Кіраўнік — В.Вітас (прэм’ер-міністр у 1920—21, 1923, 1926). Прадстаўляла памяркоўную ч. сял. руху. На выбарах 1919 у сейм «П.» атрымаў 42 месцы і ў далейшым займаў паз шыю паліт. цэнтра, якая паступова схілялася ўправа. Выступаў у абарону дэмакратыі і прыватнай уласнасці, за умацаванне падкантрольнай парламенту выканаўчай улады. Агр. палітыка Польшчы (законы пра асаднікаў і асадніцтва, прыватную парцэляцыю зямлі, польскую каланізацыю ўсх. зямель і інш.) праводзілася па ініцыятыве або з удзелам «П.», які ў 1923 заключыў пагадненне аб узгодненай палітыцы з нацыянал-дэмакр. партыяй. З 1926 у апазіцыі да санацыйнага рэжыму. У 1931 ПСЛ «П.» уз’яднаўся з ПСЛ «Вызволенне» і Стронніцтвам хлопскім, стварыўшы Стронніцтва людовэ (Народную партыю).

Літ.:

Borkowski J. Ludowcy w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1987.

А.​А.​Цітова.

т. 13, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ РАСІ́І (РППВР),

палітычная арг-цыя неанародніцкага кірунку ў 1899—1902. Узнікла ў Мінску на базе нарадавольскіх гурткоў па ініцыятыве Я.А.Гальперына і Л.​М.​Радзівонавай-Клячко пры ўдзеле К.К.Брэшка-Брашкоўскай і Р.А.Гершуні. Сац. склад — рабочыя, рамеснікі і навучэнцы, у т. л. шмат яўр. моладзі. Аб’ядноўвала каля 40 рабочых гурткоў (каля 200 удзельнікаў); акрамя Мінска парт. групы дзейнічалі ў Дзвінску, Беластоку, Пецярбургу, Екацярынаславе, Жытоміры, Бярдзічаве. Мінская група ў пач. 1900 налічвала 60 чал. Праграмны дакумент — падп. брашура «Свабода» (Мінск, 1900). Гал. мэта — пабудова ў Расіі сацыялізму. Меркавалася шляхам тэрору супраць прадстаўнікоў улады дамагчыся спачатку ліберальнай, а потым рабочай канстытуцыі. Значную ч. дзейнасці РППВР складала прапагандысцкая работа сярод моладзі, інтэлігенцыі, рабочых і салдат шляхам стварэння гурткоў асветы і бібліятэк. Партыя мела некалькі падп. друкарань. У крас. 1900 паліцыя разграміла Мінскую групу РППВР. Уцалелыя гурткі ў 1902 далучыліся да сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Літ.:

Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февраль 1917 г.). Мн., 1994.

У.​Я.​Казлякоў.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́НІЦА»,

грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 22.12.1921 да 16.2.1922 у Вільні на бел. мове штодзённа. Рэдактар-выдавец В.Адамовіч. Надрукавала стэнаграму Бел. з’езда, скліканага ў снеж. 1921 у Вільні прыхільнікамі Польшчы. Насуперак рашэнню Бел. нац. к-та аб байкоце беларусамі выбараў у Віленскі сейм агітавала насельніцтва за ўдзел у выбарах і выставіла спіс сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Пасля выбараў інфармавала аб дыскусіях у сейме пра будучы лёс Віленшчыны. Шмат увагі аддавала пытанням рээвакуацыі бежанцаў з Сав. Расіі, якія пакінулі Зах. Беларусь у час 1-й сусв. вайны. Публікавала дыскусійныя матэрыялы («Аб рэлігійнай уніі на Беларусі» М.​Каляды, «Беларуская інтэлігенцыя і будаўніцтва Беларусі» пад крыптанімам «С-с» і інш.), агляды міжнар. становішча, выказванні і інтэрв’ю членаў польскага ўрада, весткі з Сав. Беларусі. Змясціла творы Я.​Піліпава, Адамовіча (над псеўд. Дзяргач), А.​Шуляка і інш. Закрыта ў сувязі з завяршэннем акцыі афіц. далучэння Віленшчыны да Польшчы. Выйшлі 32 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

палі́цыя, ‑і, ж.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі і капіталістычных краінах, а таксама ў час Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваных раёнах — сістэма асобых органаў дзяржаўнага апарату для аховы існуючага ладу і ўстаноўленых парадкаў. Палітычная паліцыя. Крымінальная паліцыя. □ Муж [Эміліі] два гады назад быў забіты паліцыяй на першамайскай дэманстрацыя. Маўр.

2. зб. Паліцэйскія. Паліцыя акружыла дом Бычкоўскіх. На двор нікога не пускалі. «Маладосць». — Паліцыя! — крыкнуў нехта. Чалавек дваццаць паліцыянтаў білі без разбору — па людзях, па конях. Пестрак.

3. Разм. Памяшканне, дзе знаходзяцца паліцэйскія органы; паліцэйскі ўчастак.

[Ням. Polizei ад грэч. politeia — кіраванне дзяржавай.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бланкі́зм

[ад фр. L. Blanqui = прозвішча фр. рэвалюцыянера (1805—1881)]

палітычная плынь у французскім сацыялістычным руху 19 ст., прыхільнікі якой лічылі, што капіталізм можна звергнуць не шляхам класавай барацьбы, а праз захоп улады групай змоўшчыкаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

палі́цыя

(с.-лац. policia, ад гр. politeia = урад, дзяржаўны лад)

адміністрацыйны орган для аховы бяспекі існуючага ладу і падтрымання парадку ў некаторых краінах (напр. крымінальная п., палітычная п.), а таксама асобы, якія служаць у гэтым органе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

радыкалі́зм

(фр. radicalisme, ад с.-лац. radicalis = карэнны)

1) палітычная плынь, прыхільнікі якой падвяргаюць крытыцы існуючую сістэму і настойваюць на неабходнасці карэнных пераўтварэнняў і рэформ;

2) перан. рашучы спосаб дзеянняў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

спе́ласць, ‑і, ж.

1. Якасць і стан спелага (у 1 знач.). Спеласць пшаніцы. Спеласць лесу. Спеласць глебы.

2. перан. Высокая ступень развіцця чаго‑н.; дасканаласць. Ідэйная спеласць. Палітычная спеласць. □ Сапраўдная творчая спеласць прыйшла да Э. Самуйлёнка значна пазней, калі ён напісаў раман «Будучыня» і п’есу «Пагібель ваўка». Кучар. Па шырыні абагульненняў, па спеласці пачуцця і выразнасці малюнка гэта [«Палессе»], бясспрэчна, адзін, з лепшых вершаў Броўкі. Бярозкін.

•••

Вясковая спеласць — фаза спеласці збожжа перад поўным паспяваннем.

Малочная спеласць — пачатковая фаза выспявання зерня збожжавых, калі яно напоўнена малочна-белай вадкасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

арэ́на

(лац. arena = пясок)

1) пакрытая пяском пляцоўка ў цэнтры старажытнарымскага амфітэатра, на якой адбываліся баі гладыятараў, конныя спаборніцтвы і інш.;

2) круглая пляцоўка ÿ цырку для выступленняў;

3) перан. поле дзейнасці (напр. літаратурная а., палітычная а.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)