рага́ч, ‑а, м.

1. Самец аленя, лася і некаторых іншых рагатых жывёл. І раптам: роў ласёў... Ён скаланае зямлю і неба. Два велізарныя рагачы на маіх вачах б’юцца насмерць. Карамазаў.

2. Ніжняя частка хвойнага дрэва з вывернутым коранем; корч. [Талаш:] — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны.. рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. У ельніку ля лазы на сухастоіне каркала варона, моцна і дзярката: падлятала ўгару і зноў садзілася на доўгі выгнуты рагач. Пташнікаў.

3. Драўляная саха; драўляная частка сахі. Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сёй памаленьку. Прыказка.

4. Абл. Вілкі, якімі ставяць у печ або вымаюць з печы гаршкі, чыгуны. — Будзе ўжо булькаць! От расхадзіўся.. — ласкава прыгаворвае да чыгуна [бабка] і, падхапіўшы яго рагачом, выцягвае з печы на прыпечак. Каліна.

5. Разм. Раганосец. Вінаватая фрау, шмат маладзейшая за свайго рагача, на каленях прасіла не ганьбіць яе — не заяўляць у паліцыю і не пісаць нічога сыну на фронт. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пень, пэньніжняя частка ствала спілаванага або зламанага дрэва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ, Ян., ТС), ’бервяно’ (віл., воран., Сл. ПЗБ), ’дрэва наогул’ (чэрв., барыс., Сл. ПЗБ), ’куча галля, ламачча’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’смаляны пень на падпал; хлыст дрэва’, ’пень с карэннем; шышак’: пень, апенак, ’цвёрдая частка пяра; адросткі пер’яў’, пе́нне, пення ’адросткі пер’яў’ (Сл. ПЗБ), пень ’вулей, калода’ (Скарбы), ’калодачны вулей’ (Нікан., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’ляжачы вулей’ (ЛА, 1), ’частка снапа ад перавясла да зрэзу’ (мін., лаг., Шатал.), сюды ж пеньчужо́к ’аб’едзенае жукамі сцябло бульбы’ (Сл. ПЗБ), ’някемлівы, нездагадлівы’ (міёр., З нар. сл.; барыс., Сл. ПЗБ; Мат. Маг.; Нас.): параўн. укр. пень, рус. пень, польск. pień, н.- і в.-луж. pjeńk, чэш., славац. peň, славен. pẹ̑nj, pȃnj, серб.-харв. па̑њ, макед. пен, балг. пън. Прасл. *pьnʼь, роднаснае з літ. pínas ’галіна’, ст.-інд. pínāka‑ ’кій’, ст.-грэч. πίνας ’бервяно, дошка’, ст.-в.-ням. witu‑vîna, ст.-н.-ням. vîne ’куча дроў’ (Фасмер, 3, 233; Бязлай, 3, 7–8; Махэк₂, 443; Покарны, 830).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БУРГУ́НДЫЯ (Bourgogne),

гістарычная вобласць у Францыі, у бас. р. Сона. Уключае дэпартаменты Кот-д’Ор, Сона і Луара, Эн, часткова Іона. Пл. каля 30 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1990). Гал. горад — Дыжон. Займае паўд.-ўсх. ўскраіну Парыжскага басейна, паўн.-ўсх. адгор’і Цэнтр. масіву (лясістае плато Марван выш. да 902 м), раўніну па р. Сона, зах. схілы гор Юра. Клімат умераны. Рэкі бас. Соны, Луары звязаны каналамі. Славутая вінаробчая вобласць. Асн. індустр. вузел — раён Ле-Крэзо, дзе развіты здабыча каменнага вугалю, чорная металургія, металаапрацоўка, машынабудаванне. Вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, алейных і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Асн. трансп. вузел — г. Дыжон. Пячоры Арсі-сюр-Кур; рэгіянальны прыродны парк Марван; некалькі курортаў.

У 5 ст. на тэр. рассялення ням. племя бургундаў узнікла каралеўства Бургундыя з цэнтрам у Ліёне. У 534 далучана да Франкскай дзяржавы. У 843 падзелена на 2 каралеўствы: Верхняя (Транс’юранская) і Ніжняя (Цыс’юранская) Бургундыя, якія ў 933 аб’яднаны Рудольфам II у адзінае каралеўства Бургундыя, або Арэлят (цэнтр у Арлі). З 1032 у складзе Свяшчэннай Рым. імперыі. У 14 ст. б.ч. Бургундыі ўвайшла ў склад Франц. каралеўства, паўд.-ўсх. ч. — у склад Швейцарскага саюза. На частцы тэр. каралеўства бургундаў, якая ў 843 адышла да Зах.-франкскага каралеўства, утварылася герцагства Бургундыя са сталіцай у Дыжоне. У 1031—1361 пад уладай пабочнай лініі франц. дынастыі Капетынгаў. У 14—15 ст. бургундскія герцагі пераўтварылі герцагства Бургундыя ў самастойную дзяржаву. Герцаг Філіп Смелы [1364—1404], які заснаваў новую дынастыю бургундскіх герцагаў — Валуа, далучыў да Бургундыі Фландрыю, Артуа і Франш-Кантэ. Яго ўнук Філіп Добры [1419—67] далучыў графствы Булонь, Нідэрланды і Люксембруг. Бургундыя стала моцнай дзяржавай, цэнтрам рыцарскай культуры Зах. Еўропы. Герцаг Карл Смелы [1467—77] імкнуўся далучыць да Бургундыі Латарынгію і Эльзас, але пацярпеў паражэнне ў т.зв. бургундскіх войнах, якія вёў з франц. каралём Людовікам XI. У выніку Бургундская дзяржава распалася. Тэр. Бургундскага герцагства (разам з Пікардыяй) увайшла ў склад Франц. каралеўства і стала правінцыяй Бургундыя з самакіраваннем; у 1790 падзелена на дэпартаменты Сона і Луара, Эн, Кот-д’Ор, Іона. Нідэрл. ўладанні перайшлі да Габсбургаў (канчаткова ў 1482 пасля смерці дачкі Карла Смелага Марыі Бургундскай і спынення бургундскай дынастыі).

Да арт. Бургундыя. Музей прыгожых мастацтваў (былы палац герцагаў Бургундскіх) у Дыжоне. 1682. Арх. Ж. Ардуэн-Мансар.

т. 3, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ВЕ́НГРЫЯ, Аўстра-Венгерская манархія, Дунайская манархія,

дуалістычная (двухадзіная) дзяржава ў 1867—1918. Пл. 676,615 тыс. км², нас. 52,8 млн. чал. (1914). Гал. адм. цэнтры — Вена і Будапешт. Створана ў выніку рэарганізацыі Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў на аснове пагаднення (чэрвень 1867) паміж Аўстрыяй і Венгрыяй. Падзялялася (па р. Лейта) на 2 часткі: Аўстрыйскую імперыю («Каралеўствы і землі, прадстаўленыя ў рэйхсраце»),

ці Цыслейтанію (тэр. на З ад Лейты: Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Ціроль, Штырыя, Карынтыя, Зальцбург, Форарльберг, Багемія, Маравія, Сілезія, Крайна, Далмацыя, Герц і Градзішка, Істрыя, Трыест з вобласцю, Галіцыя, Букавіна), і Каралеўства венграў («землі свяшчэннай венгерскай кароны»), ці Транслейтанію [тэр. на У ад Лейты: Венгрыя, Харватыя, Славенія, Славакія, Трансільванія, Закарпацкая Украіна, Ваяводзіна, порт Рыека (Фіуме)]. Венгрыя і Аўстрыя прызнаваліся суверэннымі часткамі дзяржавы. Узначальвалася аўстр. імператарам (ён жа венг. кароль), улада якога фармальна абмяжоўвалася ў Аўстрыі рэйхсратам, у Венгрыі — сеймам. Імператарамі Аўстра-Венгрыі былі Франц Іосіф I і Карл I. Разам з самаст. аўстр. і венг. мін-вамі дзейнічалі 3 агульныя мін-вы (замежных спраў, ваен.-марское, фінансавае), падпарадкаваныя імператару. Агульнадзярж. канстытуцыі не было. Выдаткі на агульныя справы вызначаліся для абедзвюх частак манархіі ў пэўнай прапорцыі, рэгуляваліся пагадненнем рэйхсрата і сейма. Заканадаўчая ўлада ажыццяўлялася т.зв. дэлегацыямі, якія склікаліся штогод (па 60 чал. ад рэйхсрата і сейма). Пасля эканам. спаду 1873—95 гаспадарка Аўстра-Венгрыі ажывілася і набыла аграрна-індустрыяльны кірунак (да 1900 65—85% прамысл. прадукцыі давала Цыслейтанія, гал. чынам яе чэшскія землі), значныя капіталы ў яе ўкладалі інвестары (пераважна Германія). У сельскай гаспадарцы панавала буйн. памешчыцкае землеўладанне. У знешняй палітыцы Аўстра-Венгрыя арыентавалася на Германію, была чл. Траістага саюза 1882. У 1878 акупіравала, у 1908 анексіравала Боснію і Герцагавіну (гл. Баснійскі крызіс 1908—09), што прывяло да пагаршэння адносін з Расіяй. Як саюзнік Германіі ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне. Распалася ў кастр.ліст. 1918 у выніку паражэння ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. На яе тэр. ўтварыліся самаст. дзяржавы Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія, частка зямель увайшла ў склад Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў, Румыніі, Польшчы. Гл. таксама гіст. нарыс у арт. Аўстрыя.

Літ.:

Австро-Венгрия и славяно-германские отношения. М., 1965;

Полтавский М.А. История Австрии: Пути гос. и нац. развития. Ч. 2. От революции 1948 г. до революции 1918—1919 гг. М., 1992. С. 86—303.

т. 2, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прычо́лак1 ’скат чатырохскатнай страхі над папярочнай сцяной’ (ТСБМ, Сцяшк.), прычо́лак, прічо́лок, прычо́лкі ’сярэдні скат трохсотай страхі, звычайна з задняга боку будынка’, ’страха над тарцовай сцяной будынка’ (ельск., Шушк.; ТС), прычі́лок, прычо́лак, прычо́лкі ’франтон’ (іван., нараўл., гродз., ДАБМ, 778), прычо́лак ’закот (з саломы, дошак, шыферу)’ (Ян.), ’франтонная частка страхі’, ’ніжняя частка франтона’ (карэліц., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.), ’частка страхі, якая звісае над сцяной; напуск, стрэшка (з саломы)’ (Мат. Гом., ЛА, 4), прычо́лак ’вільчык’ (лід., барыс., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), прычі́лок ’тс’ (Сл. Брэс.). Рус. приче́лок, дыял. паўдн. ’франтон; выступ франтона’; ’скат страхі, даху’; ’тарцовы бок сцірты’; укр. причі́лок ’бакавая сцяна хаты; бок страхі, франтон’; ’бакавая сценка куфра’, польск. przyczółek ’франтон’, славен. pričélek ’гладкая паверхня каменя на сячэнні’. Прэфіксальна-суфіксальны дэрыват ад чало́ (гл.). Параўн. Банькоўскі, 2, 931.

Прычо́лак2 ’выступ каля коміна печы’ (Сцяшк.). Далейшае развіццё семантыкі ў прычо́лак ’прыбудова, прысценак, трысцень’ (ТС). Рус. дыял. приче́лок ’выступ каля коміна печы’; ’палічка пры ўваходзе ў камору са спускам у склеп, якая знаходзіцца каля печы’ і г. д., укр. причі́лок ’край, канец чаго-небудзь’. Этымалагічна тое ж, што і прычолак1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сра́ка ‘задніца, ягадзіцы’ (Нас., Шат., Сл. ПЗБ), ‘задняя частка тулава ў рака, насякомых’ (брасл., паст., драг., Сл. ПЗБ), перан. ‘камель (снапа)’ (віл., навагр., баран., Сл. ПЗБ), ‘ніжняя частка ступы’ (драг., Сл. ПЗБ), сра́чка перан. ‘частка бульбіны, якая не мае зародкаў парасткаў’ (шальч., Сл. ПЗБ), таксама сра́ка, сра́чка ‘пятка яйца’ (ЛА, 1). Укр., рус. сра́ка ‘задніца, ягадзіцы’, польск. sraka ‘тс’. Дэрыват ад прасл. *sьrati ‘cacare’, параўн. сраць, укр. сра́ти, рус. срать, польск. srać, в.-луж. srać, н.-луж. sraś, чэш. sráti, славац. srať, серб.-харв. сра̏ти, славен. sráti, балг. сера́, макед. сере. Прасл. *sьrati, *serǫ звязана чаргаваннем галосных з сур (гл.), рус. сор ‘смецце’. Роднасныя: лат. sãrņi ‘адкіды, бруд’, ст.-інд. śárdhate ‘псаваць паветра’, авест. sairya‑ ‘гной, памёт’, фрыз. skern ‘экскрэменты’ (Покарны, 947–948). Параўнанне з ст.-інд. sárati ‘цячэ’, sarás ‘рэдкі’, лац. serum ‘сыроватка’ (Младэнаў, 578; Махэк₂, 571) Фасмер (3, 740) лічыць менш верагодным. Усё да і.-е. кораня *sk̑er‑ ‘спаражняцца’; гл. Шустар-Шэўц, 1347–1348; Глухак, 573; Скок, 3, 315; Бязлай, 3, 303; ЕСУМ, 5, 396–397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пень, пня, м.

1. Ніжняя частка ствала з каранямі, якая застаецца ад спілаванага, ссечанага або зламанага дрэва. [Жонка] разам з сынам распаліла агеньчык на тым месцы, дзе некалі расла груша, а цяпер тырчаў з зямлі абгарэлы пень, паставіла чыгун з бульбай. Сіўцоў. [Жанчына:] — А вось у Шацілкі прыехалі: ні пала ні двара. У палатцы жылі, рыдлёўка і сякера — найпершыя машыны: пні карчавалі. Дадзіёмаў.

2. Адно дрэва будаўнічага лесу. [Цесць:] — Можа б у земаддзеле пнёў колькі лесу далі, як хутаранцу? Кажуць, даюць цяпер на будоўлю. Лобан. // Ствол дрэва. Адны з іх [асколкаў] тонка, як пчолы, звінелі па версе, збіваючы галінкі і лісце, другія .. злосна чокалі, уядаючыся ў галлё і пні. Брыль.

3. перан. Пра бесталковага, абыякавага да ўсяго чалавека.

•••

Валіць цераз пень калоду гл. валіць.

Глухі як пень гл. глухі.

На пень брахаць гл. брахаць.

На пні — пра не зрэзанае (лес, збожжавыя расліны і пад.). Пажаўцела поле. Збожжа ссыхалася на пні. Бядуля. — Ну, якая ўжо там грэчка! — Брат малодшы кажа: — Ветрам выдзьме! Не паспеўшы, Уся на пні паляжа. Колас.

Стаяць (сядзець) як пень гл. стаяць.

Цераз пень калоду — дрэнна, абы як (рабіць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),

абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.​Б.​Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.​Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.​І.​Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙10​12 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙10​18 т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;

Сытник К.М., Брайон А.В., Гордецкий А.В. Биосфера, экология, охрана природы: Справ. пособие. Киев, 1987.

Г.​А.​Семянюк.

Агульная структура біясферы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАН,

1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.

Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д. Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст.пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст. Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл. Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл. Ганчарны горан).

4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.

У.​М.​Сацута.

Старадаўні кавальскі горан.
Схема прамысловага кавальскага горна: 1 — трубаправод ад вентылятара; 2 — фурма; 3 — выцяжная труба з каўпаком; 4 — каробка горна.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРКУ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на Пд Усх. Сібіры, у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 767,9 тыс. км². Нас. 2795 тыс. чал., гарадскога 79% (1996). У складзе І.в. Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга. Цэнтр — г. Іркуцк. Найб. гарады: Ангарск, Брацк, Усолле-Сібірскае, Усць-Ілімск, Усць-Кут, Чарамхова, Тулун.

Прырода. І.в. размешчана на ПдУ Сярэднесібірскага пласкагор’я (выш. 500—700 м). У яе межах на ПнУ Паўночна-Байкальскае і Патамскае нагор’і (выш. да 1720 м), на Пд хрыбты Усх. Саяна (выш. да 2875 м) і Прыбайкалля (Прыморскі, выш. 1728 м, і Байкальскі, выш. 2572 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. руда, золата, слюда, магнезіт, графіт, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 °C (на Пд) да -33 °C (на Пн), ліп. 17—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў на пласкагор’і 400 мм, на паўн.-зах. і зах. схілах гор да 800 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас. Енісея і Лены; найб. Ангара (з прытокамі Іркут, Кітой, Белая, Ака, Ія, Уда, Біруса, Ілім); Ніжняя Тунгуска, Лена (з прытокамі Віцім і Кірэнга). Уздоўж паўд.-ўсх. мяжы вобласці воз. Байкал з в-вам Альхон. Глебы пераважна падзолістыя, на Пд у лесастэпавых раёнах шэрыя лясныя і чарназёмы, у гарах горныя лясныя і горныя тундравыя. Пад лесам каля 80% тэр. вобласці (хвоя, лістоўніца). Прыбайкальскі нац. прыродны парк.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці: паліўная (Іркуцкі і Чарамхоўскі вугальныя басейны), энергетыка (Брацкая, Іркуцкая, Мамаканская, Усць-Ілімская ГЭС, вытв-сць электраэнергіі 55,2 млрд. кВт-гадз, 1996), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, лесахім., чорная і каляровая металургія (сталь, алюміній); горназдаб. (жал. руда, каменны вугаль, золата, слюда, тальк, соль), маш.-буд. і металаапр. (абсталяванне для горназдаб. прам-сці і каляровай металургіі, станкі), хім. і нафтахім., буд. матэрыялаў, харчовая, мукамольна-крупяная і камбікормавая, лёгкая, шкляная і фарфора-фаянсавая. С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн. га, у т. л. пад ворывам 1,8 млн. га. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс) і кармавых культур; вырошчваюць бульбу, гародніну. Малочнамясная жывёлагадоўля, авечка- і свінагадоўля, на Пн пушны промысел, алене- і зверагадоўля. На воз. Байкал, рэках Ангара і Лена — рыбалоўства. Тэр. І.в. перасякае Транссібірская чыг. магістраль, зах. ўчастак Байкала-Амурскай магістралі. Гал. аўтадарогі: Маскоўскі тракт, Култук — мяжа Манголіі, Тулун—Брацк—Усць-Ілімск, Іркуцк—Качуг. Трубаправод Туймазы—Ангарск. Суднаходства па рэках Лена, Віцім, Ангара, воз. Байкал. Курорты: Ангара, Усолле, Усць-Кут.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 7, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)