САЮ́ЗНЫ САВЕ́Т ДЛЯ ЯПО́НІІ Існаваў у 1945—52. Створаны ў адпаведнасці з рашэннем нарады міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Маскве (снеж. 1945) як кансультацыйны орган саюзных дзяржаў пры амер. галоўнакамандуючым акупацыйнымі войскамі саюзнікаў у Японіі. Знаходзіўся ў Токіо. Уключаў прадстаўнікоў ЗША, СССР, Кітая, Вялікабрытаніі (апошні прадстаўляў таксама Аўстралію, Новую Зеландыю і Індыю), Нідэрландаў; пазней да іх далучыліся прадстаўнікі Пакістана і М’янмы. Меў права прыпыняць рашэнні амер. акупацыйнай адміністрацыі да ўзгаднення пытання з усімі членамі савета. У цэлым адыгрываў станоўчую ролю ў распрацоўцы агульнай паліт. лініі саюзнікаў у справе пераўтварэнняў пасляваен. Японіі (аграрная рэформа, дэмакратызацыя паліт. жыцця і інш.). Распушчаны ў крас. 1952 пасля ўступлення ў сілу Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРА́САВА-РА́ТАМСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — сак. 1942 у в. Тарасава і пас. Ратамка Мінскага р-на (кіраўнікі П.​М.​Бортнік, А.​І.​Вольскі, П.​Ф.​Кургаеў, В.​І.​Лошыцкі, Я.​У.​Саблер). Падпольшчыкі (28 чал.) вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, ратавалі і лячылі воінаў Чырв. Арміі. якія трапілі ў акружэнне. Па заданні Мінскага патрыят. падполля для стварэння партыз. атрада збіралі зброю і боепрыпасы, і да канца сак. 1942 група падпольшчыкаў і чырвонаармейцаў была падрыхтавана да выхаду ў лес. У ноч На 3 крас. фашысты арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі кіраўнікоў і шмат удзельнікаў падполля. Паблізу в. Тарасава ў гонар падпольшчыкаў помнік.

т. 15, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМІ́Н Яўхім Майсеевіч (15.1.1909, в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 30.6.1941),

адзін з кіраўнікоў Брэсцкай крэпасці абароны 1941 у Вял. Айч. вайну. Скончыў Пскоўскую акруговую парт.-сав. школу (1929). З 1926 на парт. і прафс. рабоце ў Пскове. З 1932 у Чырв. Арміі. Удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Украіну восенню 1939. З крас. 1941 палкавы камісар у Брэсцкай крэпасці. 22.6.1941 арганізаваў і кіраваў абаронай каля Холмскіх варот цытадэлі, з 24 чэрв. — нам. камандзіра зводнай баявой групы абаронцаў крэпасці. Цяжка паранены трапіў у палон, расстраляны ням. фашыстамі каля Холмскіх варот. Яго імем названы вуліцы ў Брэсце, Лёзне, Мінску і Пскове.

Літ.:

Смірноў С.С. Брэсцкая крэпасць. Мн., 1967.

т. 16, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕКМАЦІЯ́Р Гульбедзін (н. 1948, прав. Кундуз, Афганістан),

палітычны і дзярж. дзеяч Афганістана. Вучыўся ў Кабульскім ун-це. У 1969 адзін са стваральнікаў радыкальнай ісламісцкай арг-цыі «Мусульманская моладзь». У 1975 удзельнічаў у няўдалым паўстанні Ісламістаў супраць рэжыму М.Дауда; пасля паражэння ўцёк у Пакістан, дзе стварыў Ісламскую партыю Афганістана — найбуйнейшую з арг-цый маджахедаў (гл. Муджахіды), якія з восені 1978 вялі ўзбр. барацьбу супраць рэжыму Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА), а ў снеж. 1979 — лют. 1989 — і супраць сав. войск. Пасля звяржэння ўлады НДПА (крас. 1992) Х. у 1993—94 і 1996—97 — прэм’ер-міністр Ісламскай Дзяржавы Афганістан. Пасля захопу ў вер. 1996 Кабула талібамі эмігрыраваў.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУЛЫ́М,

рака, правы прыток р. Об, у Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі. Даўж. 1799 км, пл. бас. 134 тыс. км². Утвараецца пры зліцці рэк Белы і Чорны Іюс, што бяруць пачатак у Кузнецкім Алатау. Ад месца зліцця да г. Ачынск — горная рака, ніжэй цячэ па Чулыма-Енісейскай катлавіне, дзе разбіваецца на рукавы і часта перамяшчаецца; потым у шырокай пойме Чулымскай раўніны са шматлікімі азёрамі і старыцамі, рэчышча з многіх рукавоў. Гал. прытокі: Кемчуг, Чычкаюл (справа), Кія, Яя (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з пач. ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 785 м³/с. Сплаўная. Суднаходная на 1173 км ад вусця. На Ч. гарады Назарава, Ачынск, Асіна.

т. 17, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБА́Н Барыс Тарасавіч (н. 22.5.1923, Масква),

Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Скончыў 3-е Ленінградскае артыл. вучылішча (1942), Ваен. акадэмію бранятанк. і механіз. войск (1951). У Чырв. Арміі з ліп. 1941. У Вял. Айч. вайну з крас. 1942 на Бранскім, Цэнтр. і 1-м Бел. франтах. Камандзір мінамётнага ўзвода ст. лейтэнант Ш. у час Курскай бітвы 1943 падбіў з процітанк. ружжа 2 бронетранспарцёры і танк праціўніка; акружаны гітлераўцамі, закідаў іх гранатамі і вынес параненага разведчыка. Як камандзір батарэі вызначыўся ў баях каля г.п. Радуль Чарнігаўскай вобл.: 15 кастр. арганізаваў пераправу на падручных сродках батарэі, якая адбіла некалькі контратак ворага, чым паспрыяла наступленню асн. сіл палка. Да 1985 у Сав. Арміі.

Б.Т.Шабан.

т. 17, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1925—28 У КІТА́І,

нацыянальная рэвалюцыя, якая мела на мэце аб’яднанне Кітая пад уладай Нац. партыі (Гаміньдана, ГМД) і скасаванне ў краіне ўплыву імперыяліст. дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі). Выклікана станам паліт. хаосу, у якім Кітай апынуўся пасля паражэння Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 і смерці ў 1916 прэзідэнта Кіт. Рэспублікі Юань Шыкая, калі ўлада на месцах апынулася ў руках мясц. ваен. правіцеляў — мілітарыстаў і Кітай фактычна перастаў існаваць як адзіная дзяржава. Рух 4.5.1919 спрыяў уздыму ў краіне грамадска-паліт. актыўнасці, на хвалі якой лідэр кіт. нацыяналістаў Сунь Ятсен абвясціў у кастр. 1919 пра стварэнне ГМД. У крас. 1921 ч. дэпутатаў кіт. парламента, які быў разагнаны мілітарыстамі ў 1917, на сходзе ў г. Гуанчжоў абрала Сунь Ятсена прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі, але яго ўрад не прызнала міжнар. супольнасць. У гэтых умовах у 1922—23 Сунь Ятсен заключыў саюз з СССР і Камуністычным інтэрнацыяналам. У абмен на фін. і ваен. дапамогу ён пагадзіўся на саюз ГМД з Кітайскай камуністычнай партыяй (КПК). На 1-м кангрэсе ГМД (студз. 1924) ГМД рэарганізавана на ўзор ВКП(б). Пры дапамозе сав. ваен. саветнікаў (М.В.Блюхер і інш.) на Пд Кітая створана Нац.-рэв. армія (НРА) Расстрэл 30.5.1925 паліцыяй брыт. сетльмента (квартал для іншаземцаў з уласнай адміністрацыяй) студэнцкай дэманстрацыі ў Шанхаі рэзка актывізаваў антыімперыялістычны рух у краіне. 1.7.1925 ГМД стварыў у Гуанчжоў Нац. ўрад на чале з Ван Цзінвэем. У выніку 1-га этапу Паўночнага паходу 1926—28 (ліп. 1926 — сак. 1927) Нац. ўрад пашырыў сваю ўладу на Пд ад р. Янцзы, у т. л. на такія буйныя гарады, як Шанхай, Нанкін і Ухань. Адначасова павялічваліся супярэчнасці паміж ГМД і КПК, якая заклікала да разгортвання шырокай агр. рэвалюцыі, што выклікала незадаволенасць кіраўніцтва ГМД і афіцэраў. Лідэр правых гаміньданаўцаў Чан Кайшы (галоўнакамандуючы НРА) адмовіўся падпарадкавацца Нац. ўраду, які знаходзіўся ў г. Ухань, абвясціў у крас. 1927 пра разрыў з КПК і пачаў супраць яе рэпрэсіі, потым стварыў у Нанкіне ўласны ўрад. Уханьскі нац. ўрад працягваў супрацоўніцтва з КПК. Кіраўніцтва КПК палічыла, што ў Кітаі склаліся перадумовы для сацыяліст. рэвалюцыі і ў ліп. 1927 ініцыіравала разрыў з уханьскім ГМД. У адказ той пачаў рэпрэсіі супраць КПК. Камуніст. паўстанні ў жн.—снеж. 1927 пацярпелі паражэнне (гл. Наньчанскае паўстанне 1927). У лют. 1928 адноўлена адзінства ГМД і створаны аб’яднаны Нац. ўрад на чале з Чан Кайшы. У выніку 2-га этапу Паўн. паходу (крас.—снеж. 1928) б.ч. Кітая прызнала ўладу нац. ўрада, што дазволіла кіраўніцтву ГМД абвясціць у кастр. 1928 пра сканчэнне ваен. этапу нац. рэвалюцыі.

Літ.:

Юрьев М.Ф. Революция 1925—1927 гг. в Китае. М., 1968;

Делюсин Л.П., Костяева А.С. Революция 1925—1927 гг. в Китае: пробл. и оценки. М., 1985;

ВКП(б), Коминтерн и национально-революционное движение в Китае: Док. Т. 1—3. М., 1994—98;

История Китая. М., 1998.

В.​У.​Адзярыха.

т. 13, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́Ц,

гарадскі пасёлак у Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Дзяржынскам, Стоўбцамі, Навагрудкам. За 31 км ад Валожына, 60 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Койданава, на лініі Мінск—Баранавічы. 5 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. У 1522 згадваецца як мястэчка Мінскага пав. ВКЛ, уладанне Салагубаў. У сярэдзіне 16 ст. ў І. пратэстанцкая абшчына, кальвінскі збор, школа, шпіталь. У 1606 пабудаваны касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 моцна разбураны. У 1702 заснаваны касцёл і кляштар францысканцаў. У пач. 18 ст. цэнтр графства. У 1709 згарэлі 210 двароў, касцёл. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мінскага пав. У 1869 адкрыта нар. вучылішча. У 1880-я г. ў І. 288 дамоў, 2 школы, 35 крам, 17 ганчарных майстэрань, 2 пастаялыя двары, 2 касцёлы, праводзіліся 2 кірмашы штогод. У 1888 у час пажару амаль поўнасцю згарэў. У 1897—2445 ж., 399 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1923 цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв., 2226 жыхароў. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 гар. пасёлак, да крас. 1962 цэнтр Івянецкага раёна. З 25.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, якія ў І. і раёне загубілі 2789 чал. У чэрв. 1943 партызаны разграмілі ў І. варожы гарнізон. У 1962—65 у Стаўбцоўскім, у крас.—снеж. 1962 і з 1965 у Валожынскім р-нах, з кастр. 1973 цэнтр сельсавета. У 1971—3,7 тыс. жыхароў.

Фабрыка маст. керамікі. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў (1702—05), Івянецкі Аляксееўскі касцёл (1905—07), сядзіба (пач. 20 ст.). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл. Івянецкая кераміка).

Гарадскі пасёлак Івянец. Плошча Свабоды.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1898,

вайна паміж Іспаніяй і ЗША за ўплыў на Кубе, Філіпінах і інш. астраўных тэрыторыях. Адбылася ва ўмовах уздыму нац.-вызв. руху на Кубе (з 1895) і Філіпінах (з 1896), аслаблення тут калан. улады Іспаніі і ўзмацнення пазіцый ЗША (кантралявалі тытунёвую прам-сць, вытв-сць і экспарт цукру-сырцу на Кубе, абяцалі падтрымаць кубінскіх і філіпінскіх паўстанцаў у іх барацьбе за незалежнасць ад Іспаніі). Фактычна інспіравана ЗША, якія пасля ўзрыву 15.2.1898 на рэйдзе порта Гавана (Куба) амер. браняносца «Мейн» (загінулі ўсе 260 маракоў) абвінавацілі ў гэтым Іспанію і 25 крас. абвясцілі ёй вайну. У крас.—маі 2 амер. эскадры (17 і 6 караблёў) блакіравалі паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Кубы, дзе знаходзіліся 200 тыс. ісп. вайскоўцаў, 3 ліп. каля порта Сант’яга-дэ-Куба патапілі эскадру, што прыбыла з Іспаніі (7 караблёў). Амер. дэсант (18 тыс. чал.) і кубінскія паўстанцы 16 ліп. занялі Сант’яга-дэ-Куба, у пач. жн. поўнасцю разбілі ісп. войскі на Кубе. У ліп.—жн. амерыканцы занялі зах. частку Пуэрта-Рыка. У ходзе баёў на Філіпінах амер. эскадра (6 караблёў) 1 мая знішчыла ў бухце Манілы ісп. флот (10 устарэлых караблёў). Амер. дэсант (15 тыс. чал.) і мясц. паўстанцы пасля аблогі 13 жн. ўзялі г. Маніла. Пазбаўленая флоту і магчымасці падтрымаць свае войскі на Кубе і Філіпінах, 13 жн. Іспанія капітулявала. Паводле Парыжскага міру (падпісаны 10.12.1898, ратыфікаваны 6.2.1899) Іспанія ўступіла ЗША Пуэрта-Рыка, в-аў Гуам і (за 20 млн. дол.) Філіпіны (сталі калоніяй ЗША у выніку амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901). Фармальна атрымаўшы незалежнасць, Куба была акупіравана амер. войскамі і стала пратэктаратам ЗША.

Літ.:

Фонер Ф.С. Испано-кубино-американская война и рождение американского империализма, 1895—1902: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1977.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 7, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКАЯ ІНСПЕ́КЦЫЯ (РСІ, Рабкрын),

орган дзярж. кантролю ў Сав. Расіі і інш. сав. рэспубліках, потым у СССР і саюзных рэспубліках у 1920—34. Папярэднікамі РСІ былі органы рабочага кантролю, якія дзейнічалі з часу Лют. рэвалюцыі 1917. Паводле дэкрэта ВЦВК ад 7.2.1920 Наркамат дзярж. кантролю РСФСР рэарганізаваны ў Нар. камісарыят РСІ. На Беларусі ў ліп. 1920 у складзе Ваенрэўкома ССРБ утвораны аддзел РСІ, які ў жн. пераўтвораны ў Камісарыят РСІ Ваенрэўкома ССРБ, а ў снеж. — у Наркамат РСІ ССРБ. XII з’езд РКП(б) (крас. 1923) прыняў рашэнне пра аб’яднанне органаў парт. і дзярж. кантролю ў адзін — Цэнтр. кантрольную камісію — Наркамат РСІ (ЦКК—НК РСІ), хоць яны захавалі пэўную самастойнасць. НК РСІ былі дадзены правы канчаткова зацвярджаць штаты наркаматаў і цэнтр. дзярж. устаноў, ліквідоўваць арг-цыі і прадстаўніцтвы, змяняць арганізац. структуры ўстаноў і прадпрыемстваў, накладваць пакаранні і нават звальняць кіруючых асоб за безгаспадарчасць, бюракратызм і валакіту. Паводле рашэння XVII з’езда ВКП(б) (студз.—лют. 1934) замест ЦКК—НК РСІ створаны Камісія парт. кантролю пры ЦК ВКП(б) і Камісія сав. кантролю пры СНК СССР. ЦКК КП(б)Б рэарганізавана ў Камісію парт. кантролю пры ЦК КП(б)Б; пастановай ЦВК і СНК БССР ад 8.3.1934 НК РСІ БССР і Камісія выканання пры СНК БССР скасаваны, а на іх аснове створаны Камісія сав. кантролю пры СНК БССР і адпаведныя структуры на месцах.

Да крас. 1919 органы дзярж. кантролю на Беларусі ўзначальваў С.​І.​Берсан. Наркомы РСІ ССРБ: С.​Н.​Найхін (1921—22), А.​Д.​Руманаў (1922—23). Старшыні ЦКК КП(б)Б — наркомы РСІ БССР: Р.​Я.​Рудэрман (1923—24), В.​П.​Грузель (1924—25), В.​А.​Радус-Зяньковіч (1925—27), А.​Я.​Калнін (1927—32), І.​А.​Лычаў (1932—34).

Літ.:

Злотник М.И. Деятельность органов партийно-государственного контроля БССР в государственном строительстве (1917—1934 гг.). Мн., 1969.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)