ГУ́СЕЎ (Віктар Міхайлавіч) (30.1.1909, Масква — 23.1.1944),

рускі паэт і драматург. Асн. тэма зб-каў вершаў «Паход рэчаў» (1929), «Слова брыгадзіра» (1932), «Сыны дыктатуры» (1934) і інш. — пафас працы. Аўтар папулярных песень «Полечка-поле», «Як за Камай за ракой» і інш., п’есы ў вершах «Слава» (1936), камедый «Дружба» (1938), «Вясна ў Маскве» (1941), кінасцэнарыяў «Свінарка і пастух» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946). Бываў на Беларусі, перакладаў вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1955;

Пьесы. М., 1959.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДА́ЙЦІС ((Dovydaitis) Іонас) (12.7.1914, Вільня — 20.9.1983),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1964). Скончыў Каўнаскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1938). У раманах «Вялікія падзеі ў Наўямесцісе» (1953), «Блакітныя азёры» (1964), «Цяжкі свет» (1966), «Чалавек ад машын» (1980), кнігах апавяданняў і нарысаў (у 1947—81, 12 зб-каў) рэалістычна адлюстраваў жыццё рабочых і тэхн. інтэлігенцыі Літвы ў пасляваенны перыяд. Пачынальнік прыгодніцкага жанру ў літ. л-ры (раманы «Шкляныя галубы», 1960, «Дзіўнае вяселле», 1972, «Коні грому», 1975, «Коні Пяркунаса», 1983; зб-кі апавяданняў, аповесцей). Выступаў у жанры дакумент. прозы, нарыса. На бел. мову асобныя творы Давідайціса пераклаў В.​Яцкевіч.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАРГІ́У ((Georgiu) Георгій Канстанцінавіч) (н. 30.3.1922, г.п. Вулканешты, Малдова),

малдаўскі пісьменнік. Скончыў Кішынёўскі пед. ін-т (1956). Першая кніга апавяданняў і аповесцей «Пачатак вясны» (1955) пра жыццё пасляваен. калгаснай вёскі. Аўтар зб-каў «Дарогі і сцяжынкі» (1958), «З усімі разам» (1960), «Тварам да людзей» (1966), аповесці «Вялікая Мядзведзіца» (1969), раманаў «Цяплынь зямлі» (1965) і «Веснавы снегапад» (1974), кніг для дзяцей («Калыханка», 1958; «Капітаны «Маланкі», 1964, і інш.). У яго творах надзённыя праблемы сучаснасці, моладзі. На бел. мову творы Геаргіу пераклалі А.​Васілевіч, Я.​Каршукоў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Гронкі радасці. Мн., 1986.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЬНІЧ (сапр. Бембель Алег Андрэевіч, н. 16.12.1939, Мінск),

бел. паэт. Сын А.Бембеля. Вучыўся ў БПІ (1956—59), скончыў Мінскае муз. вучылішча (1963) і Бел. кансерваторыю (1969). Настаўнічаў, працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (1974—83, 1984—87), у 1991—93 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф.​Скарыны. Друкуецца з 1979. Паэзія пераважна рэлігійна-быційнай тэматыкі. Аўтар зб-каў паэзіі «Рэха малітвы», «Саната ростані» (абодва 1988), «Малітвы за Беларусь» (1989), філас.-сацыялагічнага даследавання «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» (1985), прысвечанага лёсу і сучаснаму стану бел. мовы. Выступае як публіцыст.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎ (Георгій Уладзіміравіч) (10.11.1894, г. Каўнас, Літва — 27.8.1958),

рускі паэт. Прыхільнік акмеізму (зб-кі вершаў «Адплыццё на востраў Цытэру», 1912; «Святліца», 1914; «Верас», 1916; «Сады», 1921; «Лампада», кн. 1—2, 1922). Ў 1923 эмігрыраваў у Францыю. Асн. тэма зб-каў вершаў «Ружы» (1931), «Партрэт без падабенства» (1950) — трагічная адзінота выгнанніка. Вершы поўныя тугі, стомленасці, рамантызацыі мінулага. Аўтар суб’ектыўных мемуараў пра «сярэбранае стагоддзе» «Пецярбургскія зімы» (1928), раманаў «Трэці Рым» (1929—31), «Распад атама» (1938) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1994.

Літ.:

Берберова Н. Курсив мой. М., 1996.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НБЕР (Вера Міхайлаўна) (10.7.1890, г. Адэса, Украіна — 11.11.1972),

руская пісьменніца. Аўтар паэт. зб-каў «Мэта і шлях» (1925), «Сыну, якога няма» (1927), «Напаўголаса» (1932), «Анкета часу» (1971), аповесці «Месца пад сонцам» (1928), нарысаў. Подзвігу блакаднага Ленінграда прысвяціла зб. вершаў «Душа Ленінграда» (1942), «Амаль тры гады (Ленінградскі дзённік)» (1946) і паэму «Пулкаўскі мерыдыян» (1941—43; Дзярж. прэмія СССР 1946). Выдала кн. «Натхненне і майстэрства» (1957), зб. вершаў «Красавік» (1960), успаміны «Старонкі дзён перабіраючы...» (1967). На бел. мову асобныя вершы І. пераклала Э.​Агняцвет.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1-4. М., 1965—66;

Избранное. М., 1981.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ЖЭФ ((József) Атыла) (11.4.1905, Будапешт — 3.12.1937),

венгерскі паэт. Вывучаў філалогію ў Сегедскім і Венскім ун-тах і ў Сарбоне. Першы зб. вершаў «Папрашайка прыгажосці» (1922). Працаваў у жанрах санета, паслання, пейзажнай замалёўкі, балады, оды і інш. У ранніх творах істотны ўплыў экспрэсіянізму і сюррэалізму. Аўтар зб-каў «Не я крычу» (1925), «Ні бацька, ні маці» (1929), «Пні карчуй і не скуголь» (1931), «Ноч ускраіны» (1932), «Мядзведжы танец» (1934), «Вельмі балюча» (1936). Паэзія мае выразны філас. характар, у ёй спалучаюцца гратэск і лірызм, адметная метрычнай і страфічнай разнастайнасцю, асацыятыўнасцю. Скончыў самагубствам.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1980.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЎНЕЎ (Рурык) (сапр. Кавалёў Міхаіл Аляксандравіч; 23.2.1891, Тбілісі — 20.2.1981),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). Друкаваўся з 1909 Першы зб. «Самаспаленне» (кн. 1, 1913). Разам з С.​Ясеніным, А.​Марынгофам і інш. ўваходзіў у групу імажыністаў (зб. паэзіі «Сонца ў труне», 1921). Аўтар зб-каў вершаў «Золата смерці» (1916), «Мая краіна» (1943), «Памяць і час» (1969), «Цёплыя лісты» (1978), вершаў і ўспамінаў «Часы і галасы» (1978). Раманы «Няшчасны анёл» (1917), дылогія «Каханне без кахання» (1925) і «Адкрыты дом» (1927), «Герой рамана» (1928).

Тв.:

Избранное, 1907—1981. М., 1985.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМКО́ (Яўген Ігнатавіч) (н. 17.9.1920, в. Беражна Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). Працаваў рэдактарам раённых газ. на Міншчыне і Гродзеншчыне, у Літ. музеі Я.​Купалы, у 1951—70 у Сав. Арміі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў, казак і інш. для дзяцей «Звяры таксама плачуць» (1985), «Разам з дзядулем» (1997), дакумент. аповесці «Атрад «Камсамольскі» (1987), кн. «Нёманскія замалёўкі» (1989). Напісаў успаміны пра У.​С.​Караткевіча, пра дзейнасць партызан у Вял. Айч. вайну на Беларусі (зб-кі «У прынёманскіх лясах», 1975; «За край родны», 1978; абодва ў сааўт.).

т. 8, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСЯНКО́Ў (Мікола) (Мікалай Сяргеевіч; н. 11.2.1935, в. Перарост Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971), БДУ (1982). У 1956—69 у Гомельскай лесаўпарадчай экспедыцыі. З 1971 працаваў у газетах і часопісах, на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1985 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Піша пра родны край, асабіста перажытае. Аўтар зб-каў вершаў «Жывіца» (1966), «Без прывалу» (1969), «Дуброва» (1990, Літ. прэмія імя А.​Куляшова, 1991), апавяданняў «Завязь» (1987); раманаў «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997). У творах — трывога за лёс роднай зямлі, яе людзей і прыроды.

М.Кусянкоў.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)