шчаўчо́к, ‑чка, м.

1. Рэзкі, кароткі, адрывісты гук, які ўтвараецца пры рэзкім сутыкненні, рабоце механізма і пад. Сухі, ледзь чутны шчаўчок пачуўся ў пакоі — патрон даў асечку. Лупсякоў.

2. Тое, што і пстрычка. Ад шчаўчка пігмея ляцяць тарчма, Паўзуны, бяскрылае зло, Накіп людская, свінушнік, карчма, Эстэцкіх гадзін, кубло. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заглы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак., у што.

Разм. Зайсці, заехаць, пранікнуць у глыб чаго‑н. Заглыбіцца ў лес. □ [Бацька з Алесем] спусціліся з тэрасы на круг гонару і заглыбіліся ў адну з радыяльных алей. Караткевіч. // перан. Цалкам аддацца якому‑н. занятку, унікнуць у сутнасць якой‑н. справы. Малашкін заглыбіўся ў працу над дакладам. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настаўля́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да наставіць.

настаўля́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго.

Навучаць, наказваць, як трэба рабіць што‑н.; даваць настаўленні (у 1 знач.). Праз цкую гадзіну.. [Алесь] пачуў у калідоры голас дзеда, які канчаў настаўляць кухара. Караткевіч. — Усё трэба [рабіць] ўмеючы, — быццам настаўляў дзед хлапца, быццам проста раіў. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмасці́ць, ‑машчу, ‑мосціш, ‑мосціць; зак., што.

1. Замасціць дадаткова. Падмасціць вуліцу.

2. Падлажыць, падаслаць пад каго‑н. што‑н. Падмасціць пад галаву падушку. □ Тату пасадзілі на сані, падмасцілі пад плечы куль саломы, і дзядзька Базыль, сцебануўшы каня, пагнаў да гасцінца. Каліна. Хлопцы ехалі, падмасціўшы пад сябе кажухі і сярмягі. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перга́ментны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з пергаменту (у 1 знач.). На стале, на крэслах, проста на падлозе ляжалі жаўтаватыя, пергаментныя, і белыя, папяровыя, скруткі карт, стальныя і гусіныя пер’і, чарніліцы з атрамантам. Караткевіч. // Які мае адносіны да пергаменту. Пергаментная майстэрня.

2. перан. Які нагадвае сваім выглядам пергамент; жаўтаваты. Пергаментны твар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыхаваць.

2. у знач. прым. Які трымаецца, захоўваецца ў тайне; затоены. На строгіх вуснах быў цень нейкай унутранай, прыхаванай усмешкі. Караткевіч. Лоўгач адчуваў, што ў Нэліных жартах ёсць нейкі іншы, прыхаваны сэнс, спрабаваў яго знайсці, а ён увесь час выслізгваў і хаваўся. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распу́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які распух, апух. Сцепаніда плакала, шморгала распухлым носам, туліла да грудзей малодшых — Валерку і Волечку. Асіпенка. [Хлопец] дакрануўся да распухлай губы. — Б’ешся ты здорава, — засмяяўся ён. Караткевіч.

2. перан. Разм. Які моцна павялічыўся ў памерах, аб’ёме. [Красікаў] запісваў у свой распухлы блакнот заданне на другую палову дня. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старарэ́чышча, ‑а, н.

Старое рэчышча ракі. Па Кавалёўцы даўно хадзілі чуткі, [я]шчэ Ягор быў малы, што недзе тут ляжала старарэчышча, і калі французскі імператар Напалеон уцякаў з Масквы, то ў гэтым месцы пусціў пад лёд сваю залатую карэту. Карамазаў. Дняпро заліў паплавы .. Старарэчышчы ператварылася ў пратокі, у доўгія азёры. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

статс-сакрата́р, ‑а, м.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — ганаровае прыдворнае званне вышэйшых чыноўнікаў. [Звяждоўскі:] — Быў я ў вялікай княгіні Гелены Паўлаўны. Кола вузкае. Статс-сакратар Карніцкі, што прыехаў з Варшавы, міністр унутраных спраў Панскай, Валуеў, яшчэ некалькі чалавек. Караткевіч.

2. У некаторых капіталістычных краінах — назва вышэйшых урадавых асоб, міністраў і пад.

[Ням. Staatssekretär.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фармазо́н, ‑а, м.

Разм. уст. Тое, што і франкмасон. Фармазоны здаліся.. [Загорскаму] аж да немагчымасці нуднымі, — сядзяць сабе.., як шчуры, са сваімі цыркулямі ды малаткамі, адцягнулі сцены чорным аксамітам, адабралі ад свету яго фарбы. Караткевіч. // перан. Вальнадумец. // Ужываецца як лаянкавае слова. [Войцік:] — Яму давяраюць. Дзіўна толькі, як не раскусілі гэтага фармазона? Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)