Ласось ’рыба Salmo salar L.’ (Жук., ТСБМ). Укр. ло́сось, рус. лосо́сь, польск. łosoś, н.-луж., в.-луж. łosos, чэш., славац. losos. Прасл. lososь мае не толькі паўн. і.-е. адпаведнікі (ст.-в.-ням. lahs, ст.-ісл. lax ’ласось’), але і ўсх.: ст.-прус. lasasso, літ. lãšis, lašašà, лат. lasis ’тс’. Параўн. таксама тах. B laks ’рыба’. Асец. lκsκgʼ ’ласось’ з’яўляецца спецыфічнай скіфска-еўрапейскай ізаглосай, якая не мае адпаведнікаў у індаіранскіх мовах. Да і.-е. *lak̑s ’плямісты, стракаты’, параўн. рус. ласа́ ’яркая пляма’, лат. làse ’пляма, крапіна’ (Бернекер, 1, 734; Фрэнкель, 341–342; Фасмер, 2, 522; Слаўскі, 5, 211–213; Геаргіеў, Introd., 294; Абаеў, 2, 32 з літаратурай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарака́н ’насякомае чорнай або рыжай афарбоўкі’, ’смярдзючы чорны жук’ (Ласт.), ’падобны на прусака, але чорны’ (Некр. і Байк., Арх. Вяр., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТСБМ, Касп.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прусак, рыжы таракан’ (валож., Жыв. св.), тарако́н ’прусак’ (ігн., Сл. ПЗБ), тараґан ’тс’ (лях., Янк. Мат.), тарака́н ’тс’ (Нас.), ст.-бел. таракан ’тс’ (1640 г., КГС). З рус. тарака́н ’тс’, у якой вядома з XVI ст., запазычанне з цюркскіх моў, відаць, з тат. тарака́н (taraḳan), звязваюць таксама са ст.-рус. то́рхан, та́рхан (ганаровы тытул), што са ст.-цюрк. таркан (гл. Дабрадомаў, Бел. лекс., 43; Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 518; Чарных, 2, 228; Орлась, RS, 32, 1, 31–37).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аўсянка 1 ’рыбка Leucaspius delineatus, вярхоўка’ (Жук., 214), укр. вівсянка, рус. овсянка, польск. owsianka, славац. ovsianka, чэш. ovesnice, ovesnička. Ад авёс ’дробныя рыбкі’, параўн. укр. овес, рус. овес, польск. owies ’тс’, названыя так з-за падабенства да рассыпанага па паверхні вады аўса, параўн. іншыя назвы — вярхоўка, маляўка (гл. Ледэр, Fischn., 69; Усачова, Этимология, 1971, 181; Брукнер, 388).

Аўся́нка 2 ’птушка Emberiza’ (Бяльк., БелСЭ), укр. вівсянка, рус. овсянка, балг. овеса́рка. Ад авёс, параўн. іншыя назвы малых птушак — прасянка, канаплянка, што звязана са спосабам харчавання (гл. Федз.–Доўб., Птицы, 384).

Аўся́нка 3 ’каша з аўсяных круп’ (БРС, Бяльк., КЭС, лаг., Сцяшк., Вешт.), укр. вівсянка, рус. овсянка, польск. oswianka. Сцяжэнне атрыбутыўнай канструкцыі, параўн. аўсяная каша (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марэна 1 ’травяністая (паў)кустовая расліна Rubia, з якой атрымліваюць чырвоную фарбу’ (ТСБМ). Рус. марена́, паўд.-сіб., іркуцк. маря́ный ’чырвоны, пунсовы (аб небе на захадзе сонца)’, польск. marzana, чэш. mařena, mořena, ст.-чэш. mařana. Да мара́ць (Фасмер, 2, 573), Махэк₂ (352) лічыць, што гэта лексема няяснага паходжання, магчыма, яшчэ праеўрапейскага.

Марэна 2 ’рыба марона, Barbus barbus (L.)’ (Днепр, Жук.; Крыв.), паўд.-рус., волж. ма́рена, марена́ ’тс’. Да марона (гл.). Булыка (Лекс. запазыч., 144) прыводзіць ст.-бел. марена — назва іншай рыбы — ’ласось’ (пач. XVIII ст.), якое лічыць запазычаным з лац. marena праз ст.-польск. marena ’рыба сіг, Coregonus lavaretus marena’. Няпэўна. Гэта назва паходзіць з новав.-ням. Maräne. Параўн. таксама серб.-харв. мо̀руна ’бялуга’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БУЛГА́КАЎ (Міхаіл Афанасьевіч) (15.5.1891, Кіеў — 10.3.1940),

рускі пісьменнік. Скончыў мед. ф-т Кіеўскага ун-та (1916). Працаваў земскім доктарам у Смаленскай губ. У 1919 пачаў прафесійна займацца л-рай. Супрацоўнічаў у газ. «Гудок» (1922—26). У 1925—26 апубл. «Запіскі маладога ўрача». Першы зб. сатыр. апавяданняў «Д’ябаліяда» (1925) выклікаў спрэчкі ў друку. У рамане «Белая гвардыя» (1925—27), п’есах «Дні Турбіных» (напісана па матывах гэтага рамана, паст. 1926), «Бег» (1926—28, паст. 1957) настроі старой рус. інтэлігенцыі, еднасць яе з народам, роздум пра шляхі і выбар, думкі пра «белы рух» і лёс Расіі. У камедыях «Зойчына кватэра» (паст. 1926) і «Барвовы востраў» (паст. 1928) высмейвае быт і норавы нэпманскага асяроддзя, парадзіруе звычкі абмежаванага тэатр. свету. Літ. крытыка канца 1920-х г. адмоўна ацэньвала творчасць Булгакава, яго творы не друкаваліся, п’есы былі зняты са сцэны. З пач. 1930-х г. працаваў рэжысёрам-асістэнтам МХАТа, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» Гогаля (1932). У сатыр.-фантастычных аповесцях «Фатальныя яйкі» (1925) і «Сабачае сэрца» (1925, апубл. 1987) сцвярджэнне этычнай адказнасці інтэлігенцыі за вынікі сацыяльнага эксперыменту. «Майстар і Маргарыта» (1929—40, апубл. 1966—67) своеасаблівая форма філас. рамана, дзе сумешчаны гісторыка-легендарны, сучасна-бытавы і містыка-фантастычны планы дзеяння. У ім складанасць жыцця, вечная барацьба сіл стварэння і разбурэння. У гіст. драмах «Кабала святош» («Мальер», 1930—36, паст. 1943) і «Апошнія дні» («Пушкін», 1934—35, паст. 1943), у біяграфічнай аповесці «Жыццё спадара Мальера» (1932—33, апубл. 1962) паказвае несумяшчальнасць сапраўднага мастацтва з дэспатызмам манархіі. Незакончаны «Тэатральны раман» («Запіскі нябожчыка», 1936—37, апубл. 1965) — іранічная перыфраза гісторыі МХАТа 1920-х г., ён спалучае ў сабе споведзь і сатыру. Булгакаў — майстар дасканалай тэхнікі, імклівага сюжэта, валодаў жывой, гнуткаю мовай. Раман «Майстар і Маргарыта» на бел. мову пераклаў (1994) А.​Жук.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. Мн., 1989—90;

Записки на манжетах. М., 1988.

Літ.:

Творчество Михаила Булгакова: Исслед. и материалы... Кн. 1—2. СПб., 1991—94;

Мягков Б. Булгаковская Москва. М., 1993.

М.А.Булгакаў.

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВЕ́ЛА (італьян, novella літар. навіна),

малы эпічны від л-ры, які суадносіцца з апавяданнем, але адрозніваецца ад яго вострым цэнтраімклівым, нярэдка парадаксальным сюжэтам, адсутнасцю апісальнасці і кампазіцыйнай строгасцю. Паэтызуючы выпадак, Н. найб. поўна раскрывае ядро сюжэта — цэнтр. перыпетыю, зводзіць жыццёвы матэрыял у фокус адной падзеі.

Літ. Н. ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі («Дэкамерон» Дж.​Бакачыо), потым у Англіі, Францыі і Іспаніі (Дж.​Чосер, Маргарыта Наварская, М.​Сервантэс). Росквіт Н. прыпадае на эпоху рамантызму (Л.​Цік, Г. фон Кляйст, Э.Т.​А.​Гофман, П.​Мерымэ, Э.​По). У канцы 19 — пач. 20 ст. да Н. звярталіся Гі дэ Мапасан, О.​Генры, Л.​Пірандэла, С.​Цвэйг, Р.​Акутагава і інш. У мадэрнісцкай л-ры ўзоры Н. даў Ф.​Кафка. У рус. л-ры прадстаўлена А.​Чэхавым, Л.​Андрэевым, І.​Буніным; прадуктыўна развівалася ў 1920-я г. (І.​Бабель, У.​Іванаў, А.​Грын, М.​Зошчанка, В.​Каверын і інш.). Замежная навелістыка апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена імёнамі Х.​Л.​Борхеса, Х.​Картасара, Г.​Бёля, Ф.​О’Конара, І.​Зінгера, Дж.​Чывера і інш.

У бел. л-ры пра Н. можна гаварыць хутчэй як пра разнавіднасць апавядання. Цікавыя прыклады навелістычнага асэнсавання рэчаіснасці прыпадаюць на гады агульнага маст. ўздыму — пач. 20 ст., 1920-я г., перыяд Вял. Айч. вайны: «Малады дубок» і «Сяргей Карага» Я.​Коласа, «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі, «Літоўскі хутарок» М.​Гарэцкага, «Парфір Кіяцкі» і «Вялікае сэрца» К.​Чорнага, «Над Бугам» і «Астап» М.​Лынькова, «Двое Жвіроўскіх» М.​Зарэцкага, «Кнак» П.​Галавача, «Над Кроманню» Я.​Нёманскага, «Ілька» В.​Каваля, «Прыгранічны манастыр» Р.​Мурашкі. Прыкметныя поспехі ў бел. навелістыцы дасягнуты ў 1950—80-я г.: яркія ўзоры Н. стварылі Я.​Брыль («Галя»), Я.​Скрыгай («Наталя»), В.​Выкаў («Адна ноч»), Б.​Сачанка («Дзік-бадзяга»), В.​Адамчык («Кароль Нябожа») і інш. У апошнія дзесяцігоддзі да жанру Н. звярталіся І.​Пташнікаў («Тры пуды жыта»), А.​Кудравец («Елачка»), А.​Жук («Жонка героя»), В.​Гігевіч («Райка»), У.​Арлоў («Місія папскага нунцыя»), Г.​Марчук («Хаос») і інш.

С.​Л.​Андраюк.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Зуёк ’птушка Charadrius dubius ці Charadrius hiaticula’. Рус. зуёк, зуй ’тс’, у гаворках таксама назва іншых птушак (Tringa minuta, T. temincei, Totanus calidris, T. fuscus і інш.), серб.-харв. зу̏јак ’жук Scarabeus stercoririus’. Ст.-рус. зуй ’назва птушкі’ (XVII ст.). Зуёк памянш. да зуй, назвы птушкі, верагодна, гукапераймальнай (параўн. серб.-харв. зy̑j ’гудзенне’, зык. Гараеў, 119; Фасмер, 2, 108; Шанскі, 2, З, 114; Антропаў, дыс. Праабражэнскі пярэчыць Гараеву, але этымалогіі не дае). Младэнаў (ССУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 64) услед за Міклашычам (404) падводзіць пад корань *zu‑ < і.-е. *gʼheu̯‑, *gʼhou̯‑ (параўн. зваць), у Покарнага (1, 413) *gʼhau‑, *gʼhau̯ə‑ ’крычаць, зваць’, прычым піша, што гэта можа быць гукапераймальнае слова. Скок (3, 664) лічыць zújati гукапераймальным, адкуль і зујак. Параўн. яшчэ з зуй 1, зуй 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагу́лька 1 ’сукаватая палка’ (Юрч. СНЛ), ’укапаная ў зямлю верхавіна сасны з сукамі, прызначаная для прасушкі посуду’ (Бяльк.), ’карова з вялікімі рагамі’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’колюшка’ (гродз., Жук.). Утворана ад рагу́ля (гл.) з дапамогай памяншальна-ласкальнага суфікса ‑к‑a. Матывацыяй паслужыла тое, што ўсе гэтыя прадметы маюць вострыя, падобныя да рагоў часткі.

Рагу́лька 2 ’дзяўчына ў сярэдзіне карагоду на Вялікдзень’ (пін., Кольб.). Сюды ж рагу́лька ’песня-вяснянка’ (беласт., Ніва, 1974, 12 мая; Федар.), відаць, перанос семантыкі з ’дзяўчына, якая спявае песню’ > ’песня-вяснянка’. Няясна; магчыма, ад рагулька 1 ’сукаватая палка’ як сімвал сусветнага дрэва, што знаходзілася, паводле народных вераванняў, у цэнтры сусвету, параўн. вясельнае дрэўца ў цэнтры т. зв. рагатага каравая (пра апошні гл. Іванаў, Тапароў, Зб. Крапіве, 167–169), параўн. ра́лец (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́пушка ’невялікая прэснаводная рыба сямейства ласасёвых’ (ТСБМ), ра́пушка, ря́пушка ’сялява, Coregonus albula L.’ (Жук.). Параўн. рус. ря́пушка ’тс’. Паводле Усачовай (Зб. Бернштейну, 1971, 467 і карта), назва характэрна пераважна для паўночна-заходняй Расіі і суадносіцца з вепс. ŕäpus, фін. rääpus, эст. räabus, rääbis ’тс’, ад якіх узніклі рус. ря́пуша, ря́пуха, адкуль з суфіксам ‑к(а) утворана назва, гл. Фасмер, 3, 538, які адмаўляе сувязь з лат. rempans ’кароткі і тоўсты’ і ням. Raupe ’вусень’, а таксама з рабы, гл. Праабражэнскі, 2, 242; Усачова, Слав. ихт. терм., 88. Не звязана з польск. rapa ’назва рачной рыбы’ (< ням. Rapfen, гл. Брукнер, 454) і н.-луж. rapa ’карп’ (< с.-н.-ням. rape ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1207). Гл. таксама Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 187–189.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гру́па, ‑ы, ж.

1. Некалькі чалавек, прадметаў і пад., якія знаходзяцца блізка адзін ад аднаго. Група дамоў. □ На ўзлеснай вуліцы, якая была дагэтуль бязлюднай, раптам з’явілася група дзяўчат і хлопцаў. Шахавец. // Графічны малюнак, скульптура або фатаграфічны здымак некалькіх асоб. Скульптурная група.

2. Сукупнасць прадметаў, з’яў, рэчываў, аб’яднаных паміж сабой якой‑н. агульнай прыметай, уласцівасцю і пад. Група крыві. □ У значнай колькасці вугор водзіцца ў возеры Нарач і некаторых азёрах Нарачанскай групы. Матрунёнак.

3. Аб’яднанне некалькіх асоб, арганізацыя, падраздзяленняў і пад., звязаных агульнымі мэтамі, ідэямі, сумеснай дзейнасцю. Камсамольская група. Ударная група войск. Група армій. □ А калі ў партызанскай групе сур’ёзна загаварылі аб узрывах чыгункі, .. [Ірына] проста сказала: — Гэта зраблю я... Лынькоў. // Аб’яднанне некалькіх асоб для сумесных заняткаў. Група падоўжанага дня. □ Жэня Жук — адзіная ў групе дзяўчына — з крэйдаю ў руках нешта тлумачыла.. ля дошкі. Карпаў.

[Ням. Gruppe.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)