ПАЛА́ТА ЦЫВІ́ЛЬНАГА СУДА́,

вышэйшы судовы орган па цывільных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. Ў 1778 уведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) па цывільных справах для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці суда 1-й інстанцыі разглядала цывільныя справы з коштам іску не ніжэй за 500 руб. Да адмены Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 на тэр. Беларусі (да 1840) цывільныя справы разглядаліся ў палаце на падставе заканадаўства Рас. імперыі (справы, якія закраналі інтарэсы казны) і норм мясц. права. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. 6.2.1797 паводле ўказа Паўла I П.ц.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. У якасці 1-й інстанцыі разглядалі справы па спрэчках аб гарадах, маёнтках, якія знаходзіліся на тэр. розных паветаў. У дачыненні судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 паводле ўказа Сената П.ц.с. аб’яднаны з палатамі крымінальнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.

А.​У.​Марыскін.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

По́- прыстаўка для абазначэння розных прасторавых, часавых і іншых адносінаў. Надае значэнні: назоўнікам — ’прадмет, падобны да таго, што названа ўтваральным словам, але не з’яўляецца ім у поўнай меры’: по́гуд ’невыразны гул’ (Сцяшк. Сл.), по́кут ’покуць’, по́кліть ’свіран, клець’ (Тарн.); прыметнікам і прыслоўям — ’некаторае ўзмацненне якасці’ ці ’прысутнасць яе ў малой меры’: по́даўна ’даволі даўно, даўнавата’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), по́дыўна ’тс’ (Бяльк.), по́даўка, по́цесна ’цеснавата’, по́вісокі ’высакаваты’, по́малы ’малаваты’, по́цемна ’цемнавата’, по́весел ’пад чаркай’ (Нас.), по́велікі ’велікаваты’ (ТС). Паводле Цвяткова, по‑ ў апошніх формах генетычна суадносіцца з паказчыкам вышэйшай ступені параўнання ў балгарскай мове: по‑високвышэйшы’ (Цвяткоў, Запіскі, 51); а таксама ў македонскай мове: помлад ’маладзейшы’. У тым жа значэнні вядома большасць славянскіх моў: укр. по́широкий ’трохі шырэйшы’, по́твердний ’цвердаваты’, польск. pobielawy ’белаваты’, чэш. posilný ’даволі моцны, трохі мацнейшы’, в.-луж. počorni ’чарнаваты’, н.-луж. pocarny ’тс’, славен. počrn ’тс’, серб.-харв. подобар ’даволі добры’; гэта дазваляе рэканструяваць праслав. *po‑ з адпаведным значэннем, параўн. лат. padargs ’задарагі, дарагаваты’, што выводзіцца са значэння ’пасля, за’ адпаведнага прыназоўніка (ESSJ, 1, 189; БЕР, 5, 395; Скок, 2, 692–693; ESJSt, 11, 667), гл. па1, па2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзярж. улады ў Беларусі ў 1991—96. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканад. улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў (першыя выбары ў Вярх. Савет Беларускай ССР, які з’яўляўся прадстаўнічым і заканад. органам саюзнай рэспублікі да набыцця ёю самастойнасці, адбыліся ў 1938). Парадак дзейнасці Вярх. Савета, яго органаў і дэпутатаў вызначаўся Канстытуцыяй 1994, законам «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама Рэгламентам Вярх. Савета. Для арганізацыі работы Вярх. Савета выбіраліся Старшыня, яго намеснікі, ствараліся камісіі. Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці — спец. і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярх. Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў дэпутатаў усіх узроўняў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правядзенне рэсп. рэферэндумаў, вызначэнне асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, інш. пытанні. Выдаваў «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Старшыні Вярх. Савета: М.​І.​Дземянцей (1990—91), С.​С.​Шушкевіч (1991—94), М.​І.​Грыб (1994—96), С.​Г.​Шарэцкі (з 10.1.1996 да 27.11.1996). Дзейнасць Вярх. Савета спынена 27.11.1996 у выніку праведзенага рэферэндуму і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), паводле якой функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (КІМ),

міжнароднае аб’яднанне камуніст. маладзёжных арг-цый у 1919—43. Быў секцыяй Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). Засн. на 1-м устаноўчым кангрэсе ў Берліне па ініцыятыве Камінтэрна прадстаўнікамі левых маладзёжных арг-цый 13 краін (Расіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Чэхаславакіі), якія раней уваходзілі пераважна ў Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі. Сярод іх былі прадстаўнікі камсамольскіх арг-цый Літвы і Беларусі. На апошнім, 6-м кангрэсе КІМ (1935) аб’ядноўваў 56 асобных арг-цый (секцый) з 52 краін (3773 тыс. чл., у т. л. 3500 тыс. чл. ВЛКСМ). Бел. камуніст. моладзь прадстаўлялі секцыі ВЛКСМ, а ў 1924—38 і Камуністычнага саюза моладзі Польшчы, у склад якога ўваходзіў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Меў на мэце аб’яднаць моладзь для барацьбы за эканам., паліт. і культ. правы моладзі, выхаванне яе ў духу марксізму-ленінізму, супраць пагрозы сусв. вайны і інш. З 1935 пал уплывам рашэнняў 7-га кангрэса Камінтэрна праводзіў тактыку яднання рабочай моладзі ў адзіным антыфаш. фронце, што дазволіла склікаць міжнар. кангрэсы моладзі ў Жэневе (1936) і ЗША (1938), далучыць да руху за мір каля 40 млн. маладых людзей розных краін. Вышэйшы орган — кангрэс (акрамя 1-га, усе адбыліся ў Маскве ў 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т (знаходзіўся ў Маскве), які выбіраў прэзідыум і сакратарыят. У сувязі з роспускам Камінтэрна Выканком КІМ прыняў рашэнне аб самароспуску.

Літ.:

Привалов В.В. Коммунистический интернационал молодежи: Страницы истории. 2 изд М., 1979.

т. 7, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ГА АРА́БСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (ЛАД),

міжнар арганізацыя, засн. ў 1945 на канферэнцыі ў Каіры (Егіпет) прадстаўнікамі Ірака, Саудаўскай Аравіі, Лівана, Егіпта, Сірыі, Трансіарданіі (з 1950 Іарданія), Йемена (з 1962 Йеменская Араб. Рэспубліка; з 1990 у складзе Йеменскай Рэспублікі, ЙР). Пазней да Лігі далучыліся Лівія (1953), Судан (1956), Марока (1958), Туніс (1958), Кувейт (1971), Алжыр (1962), Нар.-Дэмакр. Рэспубліка Йемен (з 1990 у складзе ЙР), Аман (1971), Аб’яднаныя Араб. Эміраты (1971), Бахрэйн (1971), Катар (1971), Маўрытанія (1973), Самалі (1974), Джыбуці (1977). З 1964 права дарадчага голасу маюць прадстаўнікі Палесціны. Мэта арг-цыі — садзейнічаць умацаванню эканам., паліт. і культ. адносін паміж арабскімі краінамі. Вышэйшы орган — Савет Лігі, складаецца з кіраўнікоў і прэм’ер-міністраў араб. краін ці упаўнаважаных. Штаб-кватэра ў Каіры. Ліга прызнана ААН як рэгіянальная арг-цыя і мае пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Йорку. Эфектыўнасць рашэнняў Савета Лігі зніжаецца абавязковасцю іх выканання толькі тымі краінамі, якія за іх галасавалі. У ходзе Блізкаўсходняга канфлікту Ліга заняла крайне адмоўную пазіцыю ў адносінах да Ізраіля, каардынуючы палітыку супрацьстаяння яўр. дзяржаве. У 1979 за заключэнне Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў Егіпет быў выключаны з Лігі (адноўлены ў 1989), а штаб-кватэра Лігі перанесена ў Туніс (да 1990). Сур’ёзны раскол у Лізе адбыўся ў час Кувейцкага крызісу 1990—91, калі адны араб. краіны падтрымалі Кувейт, другія — Ірак. У галіне навук.-тэхн. супрацоўніцтва створана сумесная сістэма сувязі — АРАБСАТ. Дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы: Араб. фонд эканам. і сац. развіцця, Араб арг-цыя па пытаннях асветы, культуры і навукі і інш.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ АЛІМПІ́ЙСКІ КАМІТЭ́Т (MAK; International Olympic Committee),

вышэйшы кіруючы орган сучаснага алімп. руху. Створаны 23.6.1894 (Парыж) па ініцыятыве П. дэ Кубертэна. МАК арганізуе Алімпійскія гульні. У першы склад МАК выбраны прадстаўнікі Аргенціны, Багеміі, Бельгіі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, ЗША, Італіі, Новай Зеландыі, Расіі, Францыі і Швецыі; яны сталі арганізатарамі нац. алімп. к-таў (НАК) у сваіх краінах. Статутны дакумент МАК — Алімпійская хартыя. У абавязкі МАК уваходзіць рэгулярнае правядзенне зімовых і летніх Алімп. гульняў, іх пастаяннае ўдасканаленне, кіраванне развіццём аматарскага спорту ў свеце. МАК прымае рашэнні аб прызнанні НАК і міжнар. спарт. федэрацый (МСФ); вызначае праграму Алімп. гульняў; з’яўляецца вышэйшай інстанцыяй пры вырашэнні пытанняў, звязаных з іх арг-цыяй і правядзеннем; выбірае алімпійскі горад; засноўвае і прысуджае алімп. ўзнагароды. Сесіі МАК збіраюцца штогод, у алімп. годзе двойчы — у час зімовых і летніх гульняў; праводзяцца алімп. кангрэсы. У перыяд паміж сесіямі работай кіруе Выканком МАК. У яго складзе: прэзідэнт (выбіраецца на 8 гадоў), 3 віцэ-прэзідэнты і 5 членаў (на 4 гады). Для кожнай краіны выбіраецца звычайна 1 член МАК. У сістэме МАК ёсць пастаянныя камісіі, якія займаюцца рознымі пытаннямі алімпійскага руху (камісіі па допуску спартсменаў да ўдзелу ў Алімп. гульнях; фінансавая, юрыд., мед., узнагародная, па культ. праграме, прэсе і інш.). Бюджэт складаецца з даходаў ад продажу правоў паказу Алімп. гульняў па тэлебачанні, ахвяраванняў і інш. Афіц. мовы МАК — франц. і англ. Выдае штомесячны бюлетэнь-часопіс «Revue Olympique» («Алімпійскі агляд») на франц., англ. і ісп. мовах, а таксама афіц. даведачную і інш. л-ру.

т. 10, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фігу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае непрамалінейныя абрысы, контуры; які мае складаную форму. Фігурны шакалад. □ [Галя] была ў чорнай шарсцяной сукенцы з фігурным выразам наперадзе, у сваіх чорных лакіраваных басаножках, з сумачкаю ў руках. Ваданосаў. // Які надае такую форму прадмету. Фігурны разец. // Які мае на паверхні ўзор, цісненне. Фігурныя пераплёты старых кніг.

2. Які выконваецца з фігурамі, апісвае пры сваім руху фігуру. [Славік:] — Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так. Шамякін. // Прызначаны для такога выканання. Фігурныя канькі.

3. Разм. Які мае прыгожую фігуру. Захар Лемеш — фігурны чалавек. Колас.

4. Які аднаўляе фігуры (у 4 знач.). Фігурны жывапіс. Фігурны клас.

5. У шахматах — які адбываецца з удзелам фігур. Фігурная атака на каралеўскім флангу.

•••

Фігурнае катанне — выкананне на каньках пэўнага комплексу элементаў, а таксама танцаў на лёдзе.

Фігурныя дужкі гл. дужка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

rank

I [ræŋk]

1.

n.

1) рад -у m., шарэ́нга f., строй -ю m.

the soldiers broke rank — жаўне́ры пару́шылі строй

in the rank of the unemployed — у ра́дзе беспрацо́ўных

2) ранг, чын -у m.; ступе́нь f., стано́вішча n., ста́тус -у m.

he has a rank of colonel — ён ма́е ранг палко́ўніка

a person of high rank — асо́ба высо́кага стано́вішча

3) катэго́рыя, кля́са f.

a poet of the highest rank — першакля́сны паэ́т

4) ты́тул -у m.

2.

v.t.

1) ста́віць, стро́іць у рад, шарэ́нгу

2) расклада́ць, разьмяшча́ць

to rank in order of size — разьмясьці́ць паво́дле велічыні́

3) мець вышэ́йшы ранг

A major ranks a captain — Маёр вышэ́йшы ра́нгам за капіта́на

II [ræŋk]

adj.

1) буйны́, разро́слы (пра расьлі́ны)

2) ёлкі, сьмярдзю́чы

3) кра́йні, празьме́рны; і́сны

rank nonsense — по́ўная лухта́

4) гру́бы; непрысто́йны, цыні́чны, агі́дны

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

цэнтр, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Пункт перасячэння якіх-н. восей, ліній у фігуры, пункт засяроджання якіх-н. адносін у целе (спец.).

Ц. акружнасці.

Ц. цяжару.

2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго-н., аднолькава аддаленая ад краёў, канцоў чаго-н.

Ц стала быў заняты кнігамі.

Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера.

3. Месца, дзе сканцэнтравана якая-н. важная дзейнасць, кіраўніцтва чым-н.

Ц навуковай думкі.

Гандлёвы ц.

4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой-н. мясцовасці, краіны.

Абласны ц.

Адміністрацыйны ц.

5. Вышэйшы орган кіравання якой-н. дзейнасцю.

Дырэктывы цэнтра.

6. Вядучая ўстанова, аддзел такой установы, які кіруе пэўнай галіной дзейнасці.

Ц. радыёвяшчання.

Сінаптычны ц.

Ц. кіравання палётамі касмічных апаратаў.

7. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую або іншую функцыю арганізма.

Дыхальны ц.

Рухальны ц.

8. Дэталь станка з конусным канцом, які служыць для падтрымкі рухомых загатовак пры іх апрацоўцы (спец.).

Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай і хакейнай камандах.

(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, выклікаць усеагульны інтарэс.

|| прым. цэ́нтравы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Ц. пункт.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

МЕТАДЫ́СТЫ,

паслядоўнікі аднаго з кірункаў пратэстантызму. Узніклі ў 1729 у межах англіканства (гл. Англіканская царква), афіцыйна вылучыліся з яго ў 1795. Заснавальнік — Дж.​Уэслі (1703—91). М. лічылі сваёй гал. мэтай безумоўнае, метадычнае (адсюль назва) выкананне рэліг. запаветаў, увасабленне іх у жыццё шляхам місіянерскай дзейнасці і асабістым прыкладам. Аснову М. складалі студэнты Оксфардскага ун-та, якія ў перыяд прамысл. рэвалюцыі ў Англіі звярнуліся да «простага люду» з ідэямі цярплівасці і пакорлівасці лёсу. На падставе рознага разумення ідэі выратавання М. падзяліліся на 2 плыні: адны набліжаліся да кальвінізму і адстойвалі прынцыпы абранасці, наканаванасці лёсу, асабістай веры, а другія падзялялі вучэнне Я.​Армінія аб свабодзе волі. Суполкі («класы») М. складаліся з 12—20 чал. і падпарадкоўваліся «акругам», якія ўзначальваліся суперінтэндантамі. Вышэйшы кіруючы орган М. — штогодняя канферэнцыя. У 1881 створаны Сусв. савет М., які арганізуе сусв. канферэнцыі М. З 1813 існуе місіянерскае т-ва М. З 1943 М. ўдзельнічаюць у дзейнасці Сусв. савета цэркваў. М. спалучаюць 2 формы царк. арг-цыі: епіскапальную (ЗША) і прэсвітэрыянскую (Вялікабрытанія); у канцы 20 ст. прэсвітэрыянскія М. робяць захады да аб’яднання з англіканамі. У канцы 1990-х г. было больш за 32 млн. М. У Зах. Беларусі ў 1920-я г. амер. М. заснавалі сваю місію з цэнтрам у Вільні. Аддзяленні місіі дзейнічалі ў Клецку, Лідзе, Шчучыне і інш. У пропаведзях і спевах М. выкарыстоўвалі бел. мову, выпускалі на ёй сваю л-ру. У 1944 у Беларусі мелася 10 метадысцкіх суполак: у Клецку, Лідзе, Нясвіжы, Шчучыне, Юрацішках (Іўеўскі р-н), Лідскім (2), Маладзечанскім (2), Пінскім р-нах. Дзейнасць М. у Беларусі заняпала.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)