ПРАВАЛІ́НСКІ Уладзімір Міхайлавіч (н. 3.9.1948, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. эстрадны спявак. Засл. дз. культ. Беларусі (1991). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1977). Працаваў інжынерам. З 1981 нам. дырэктара Ін-та біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі. На эстрадзе з сярэдзіны 1980-х г. Валодае голасам прыгожага мяккага тэмбру, яго выкананне адметнае лірычнай напоўненасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў І.​Лучанка, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, В.​Войціка, А.​Чыркуна, Дз.​Яўтуховіча, У.​Будніка, Ф.​Жыляка і інш. на словы бел. паэтаў, шматлікія з якіх выканаў упершыню.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАСЦЯ́К»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. У кампазіцыйнай аснове танца 2 рады выканаўцаў мяшанага складу адзін супраць аднаго сыходзяцца да сярэдзіны танц. пляцоўкі, потым вяртаюцца на месца, выконваючы двайны прытуп з падскокамі на абедзвюх нагах папераменна, у заключэнні фігуры — двайны прытуп без падскокаў. Выконваецца пад гармонік ці інш. муз. інструмент і калект. выкананне прыпевак удзельнікамі абодвух радоў папераменна. Часам выконваецца варыянт асн. фігуры: адзін рад танцуе на месцы, 2-і на яго наступае, потым вяртаецца на месца, і наадварот. Пашыраны на Брэстчыне, Гомельшчыне. Існуе сцэнічны варыянт танца.

В.​З.​Савін.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТКІЛА́ВА Зураб Лаўрэнцьевіч (н. 12.3.1937, г. Сухумі, Грузія),

грузінскі і расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1979). Скончыў тбіліскія політэхн. ін-т (1960) і кансерваторыю (1965). З 1965 саліст Грузінскага т-ра оперы і балета, з 1974 — Вял. т-ра Расіі. Выкананне адметнае тэмпераментам і задушэўнасцю. Сярод лепшых партый: Атэла («Атэла» Дж.​Вердзі), Хазе («Кармэн» Ж.​Бізэ), Арзакан («Выкраданне Месяца» А.​Тактакішвілі). 1-я прэмія і Гран-пры на Міжнар. конкурсе вакалістаў імя Ф.​Віньяса (1970), 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе імя П.​Чайкоўскага (1970). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУЖЭ́БНІКІ, слугі,

ніжэйшая катэгорыя службовых асоб дзярж. або прыватнаўласніцкага кіравання ў ВКЛ у 14—17 ст. С. маглі быць шляхціцы, мяшчане, баяры і сяляне. Вышэйшую іх групу складалі дваране пры велікакняжацкім двары. С. былі пісарамі, дворнымі слугамі, збіралі даніну, прыводзілі ў выкананне пастановы органаў дзярж. кіравання і суда, наглядалі за пабудовай і рамонтам замкаў, мастоў, дарог, за парадкам у судах (возны, віж). «Устава на валокі» 1557 рэгламентавала правы і абавязкі сельскіх службовых асоб, якія карысталіся за службу 2 вольнымі ад павіннасцей валокамі зямлі. У гарадах меліся слугі месцкія, магістрацкія, купецкія.

Я.​А.​Юхо.

т. 15, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РТАВЫ КО́МПЛЕКС касмадрома,

частка касмічнага комплексу, якая забяспечвае дастаўку ракеты-носьбіта з касмічным апаратам з тэхн. пазіцыі на стартавую, устаноўку іх на пускавое ўстройства (стартавы стол), запраўку ракеты-носьбіта палівам, выпрабаванні, выкананне ўсіх тэхнал. аперацый па падрыхтоўцы да пуску, пуск, сачэнне на актыўным участку палёту. Уключае тэхнал. абсталяванне, збудаванні з тэхн. сістэмамі, пад’язныя пуці. Мае 1 ці некалькі пускавых установак, цэнтр кантролю і кіравання пускам, дапаможныя службовыя збудаванні і пляцоўкі. Бывае стацыянарны ці перасовачны. Адрозненне паміж С.к. вызначаецца тыпам ракет, якія з іх запускаюцца. Гл. таксама Касмадром.

У.​С.​Ларыёнаў.

Стартавы комплекс касмадрома.

т. 15, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВЫЯ ВЫДА́ТКІ,

сумы, патрачаныя ў сувязі з разглядам судовай справы. Па грамадз. і гасп. справах складаюцца з дзярж. пошліны па іскавых заявах і касацыйных скаргах, сум, што належаць аплаце сведкам і экспертам, на правядзенне агляду на месцы і выкананне рашэнняў суда, выдаткаў на пошукі адказчыка і інш. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С.в. спаганяюцца з адказчыка або з істца, калі яго дамаганні прызнаны неабгрунтаванымі. С.в. па крымін. справах спаганяюцца з асуджаных або могуць быць аднесены на кошт дзяржавы ў выпадку прызнання апошніх неплацежаздольнымі. Па шэрагу катэгорый грамадзянскіх спраў (аліментныя, працоўныя і інш.) істцы ад аплаты С.в. вызваляюцца.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХНІ́ЧНЫЯ ІНСПЕ́КЦЫІ ПРА́ЦЫ,

спецыяльныя органы прафсаюзаў, якія ажыццяўлялі нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, правіл і норм па яе ахове. З утварэннем Камітэта па інспекцыі працы пры Мін-ве працы Рэспублікі Беларусь 11.4.1997 функцыі Т.і.п. перайшлі да дзярж. інспектараў працы, якім дадзены правы правяраць на аб’ектах наймальніка выкананне заканадаўства аб працы, становішча бяспекі і гігіены працы, ажыццяўляць праверкі мін-ваў і інш. органаў дзярж. кіравання, выканаўчых і распарадчых органаў і наймальнікаў, выдаваць наймальніку і службовым асобам адпаведныя прадпісанні аб устараненні парушэнняў, накладваць на іх штрафы за парушэнне заканадаўства і да т.п.

т. 16, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ПАВА Галіна Іванаўна (27.3.1910, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 7.2.1985),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). У 1938—62 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яе выкананне вызначалася тэмпераментам, псіхал. дакладнасцю вобраза. У рэпертуары драм. і характарныя партыі: Часнікова («Страшны двор» С.​Манюшкі), Ганка («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Хрысцінка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Любоў, Салоха («Мазепа», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Азучэна («Трубадур» Дж.​Вердзі).

Л.​П.​Івашкоў.

т. 17, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пастро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.

Паставіць у строй, расставіць у пэўным парадку. Пастроіць у калону. Пастроіць у шарэнгу. □ Лясніцкі пастроіў разведчыкаў і падзякаваў ім за паспяховае выкананне задання. Шамякін. Перад самым адыходам Мошкін пастроіў свой атрад. Кулакоўскі. На пероне пастроілі .. [зняволеных] чацвёркамі, акружылі з усіх бакоў жандарамі і павялі. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́стаў, ‑става, м.

1. Начальнік мясцовай паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі.

2. У Маскоўскай Русі — службовая асоба, якая была прыстаўлена да каго‑, чаго‑н. для нагляду.

•••

Станавы прыстаў — у дарэвалюцыйнай Расіі — начальнік паліцэйскага ўчастка ў сельскай мясцовасці.

Судовы прыстаў — у дарэвалюцыйнай Расіі — чыноўнік судовага ведамства, які прыводзіў у выкананне рашэнне суда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)