САКАЛО́Ў (Уладзімір Мікалаевіч) (18.4.1928, г. Ліхаслаўль Цвярской вобл., Расія — 24.1.1997),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1952). Друкаваўся з 1948. Першая кніга — «Раніца ў дарозе» (1953). У зб-ках вершаў і паэм «На сонечным баку» (1961), «Змена дзён» (1965), «Розныя гады» (1966), «Снег у верасні» (1968), «Другая маладосць» (1971), «Гарадскія вершы», «Позняя раніца» (абодва 1977), «Дзякуй, музыка» (1978), «Сюжэт» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Новыя часы» (1986), «Наведванне» (1992) і інш. паэтызацыя штодзённага, непарыўнасць грамадзянскага і асабістага, тэмы горада, прыроды, кахання, узаемаадносін творцы і мастацтва, творцы і жыцця.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981;

Избранное. М., 1989;

Стихотворения. Поэмы. М., 1987;

Стихи Марианне. М., 1996.

т. 14, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВО́НСКІ О́РДЭН,

каталіцкая і ваен.-паліт. арг-цыя ням. рыцараў-крыжакоў на тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі (гіст. Лівоніі) у 1237—1562, а таксама ўтвораная ордэнам феад. дзяржава. Створаны з рэшткаў разгромленага князямі ВКЛ у бітве пры Шаўляі (1236) ордэна мечаносцаў, які ў 1-й трэці 13 ст. падначаліў і прымусова хрысціянізаваў большасць лат. і эст. плямён; існаваў як частка Тэўтонскага ордэна. Ленная залежнасць рыцараў Л.о. ад мясц. біскупаў спынілася каля 1360. З 2-й пал. 15 ст. ў выніку аслаблення Тэўтонскага ордэна Л.о., якому належала каля ​2/3 лат. і эст. зямель, стаў фактычна незалежнай феад. дзяржавай. Ордэн складаўся з паўнапраўных членаў — братоў (400—500 чал. да 16 ст., 120—150 у сярэдзіне 16 ст.), святароў і паўбратоў (рамеснікаў і служачых). На чале яго стаяў пажыццёва выбраны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе ці Вендэне (цяпер Цэсіс, Латвія). З канца 14 ст. пры магістру існаваў савет з 5—6 вышэйшых чыноўнікаў, які вызначаў усю палітыку ордэна. Мясц. кіраванне ў абласцях, на якія быў падзелены Л.о., належала комтурам (военачальнікам) і фогтам (чыноўнікам пераважна з суд. функцыямі). Войска (каля 4 тыс. чал. у пач. 15 ст.) складалася з братоў з іх узбр. слугамі — кнехтамі і васалаў, а з канца 14 ст. таксама і з наёмнікаў. Л.о. у 13—15 ст. вёў войны супраць Полацкага княства, ВКЛ, Ноўгарада і Пскова, умешваўся ў іх паліт. справы. Ён удзельнічаў у войнах Маск. дзяржавы з ВКЛ 1500—03 (на баку ВКЛ) і 1512—22 (на баку Масквы).

Разгромлены маск. войскамі ў 1560 у час Лівонскай вайны 1558—83, яго тэрыторыя падзелена паміж ВКЛ (большая частка), Даніяй і Швецыяй. Як ордэн і дзяржава скасаваны 5.3.1562.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зрыць, зрыю, зрыеш, зрые; зак., каго-што.

1. Скапаць, перакапаць лычом (пра жывёл). Свінні зрылі ўвесь выган.

2. Скапаць, пакрыць ямамі. Салдаты зрылі акопамі ўвесь узлесак. □ У гэтым баку і вёску, і сядзібы, і далёкае поле людзі звалі Ямскімі... Пайшлі ўсе, мусіць, ад месца, якое тут немаведама калі зрылі і перакапалі ў адны ямы. Пташнікаў.

3. Рыючы, капаючы, зраўняць з зямлёй. Але гісторыю не сцерці І горы гэтыя не зрыць! Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напра́ва, прысл.

У правы бок; проціл. налева. Сябры падышлі да пераезду і павярнулі направа. Шыловіч. // На правым баку, з правага боку. Налева ад дарогі стаяў прыгожы домік з чырвонай цэглы.. А направа, за вузкай грэбелькай з гарбатым мосцікам, віднеўся невялічкі вадзяны млын. Чарнышэвіч. / у знач. прыназ. (у спалучэнні з «ад»). Направа ад дарогі рос Авёс, Налева — памідоры спелі. Корбан.

•••

Направа і налева — без разбору, усім, усіх і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагусці́, ‑гуду, ‑гудзеш, ‑гудзе; ‑гудзём, ‑гудзяце, ‑гудуць; пр. прагуў, ‑гула, ‑гуло; заг. прагудзі; зак.

1. Утварыць працяжны, нізкі гук, гул. Ды каманда: «Станавіся!» — Прагула, як гром. Астрэйка. / Пра гудкі паравоза, машыны і пад. Недзе недалёка прарэзліва прагуў паравоз. Кавалёў.

2. Праляцець, прайсці з гудзеннем. Недзе ў баку прагулі самалёты — іх не відаць было за хмаркамі, што ўсплывалі на паўдні, але гул аддаляўся ў напрамку фронту. Хадкевіч.

3. Гусці некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэвалюцы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рэвалюцыі, звязаны з ёю. Рэвалюцыйнае свята. Рэвалюцыйныя песні. Рэвалюцыйны сцяг. // Які стаіць на баку рэвалюцыі, прасякнуты духам рэвалюцыі, яе ідэямі. Рэвалюцыйны клас. Рэвалюцыйны пісьменнік. // Накіраваны на ажыццяўленне рэвалюцыі. Рэвалюцыйная барацьба. Рэвалюцыйны рух. // Устаноўлены рэвалюцыяй, у выніку рэвалюцыі. Рэвалюцыйная дыктатура рабочага класа. Рэвалюцыйны ўрад.

2. Які ўносіць карэнныя змены, пераўтварэнні ў якую‑н. галіну (навуку, тэхніку, мастацтва). Рэвалюцыйныя пераўтварэнні ў тэхніцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́рчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Сціснуцца ўсім целам, скруціцца, згорбіцца. Скурчыцца ад холаду. □ Мікола падцягнуў пад сябе ногі і скурчыўся, каб не замінаць вадзіцелю. Новікаў. Сцёпа скурчыўся, чакаючы, што бацька вось-вось яго ўдарыць. Курто.

2. Сагнуцца, падагнуцца. Пальцы рук.. [Гушкі] сціснуліся, скурчыліся. Чорны.

3. Зрабіцца няроўным, пагнутым; скруціцца, скрывіцца, выгнуцца. Альховы параснік на правым баку дарогі быў ссечаны, і лісце на галінах скурчылася і было зусім чорнае. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уту́лак, ‑лку, м.

Абл. Добраўпарадкаванасць жылля, быту; утульнасць. Утулку тут было болей, адчуваўся парадак і гаспадарскі спрыт: з трох бакоў двор абступілі будынкі — хата, хлеў, нейкая лёгкая паветка; у двары пры баку стаялі сані з рэштаю сена ў рэзгінах — пэўнае сведчанне таго, што гаспадар дома. Быкаў. Венскія крэслы ад сцяны.. былі перастаўлены да стала. І адразу пакой набыў нейкі адметны выгляд і ўтулак, ён як бы пашырэў, параскашнеў. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паўз, поўз, пыўз ’па’, ’уздоўж’, ’непадалёку’, ’каля’, ’міма’, ’праз’, ’вакол’ (ТСБМ, Кар., Шат., Гарэц., Мал., Чуд.; чэрв., ДАБМ, к. 221; пух., раг., чэрв., бярэз., Сл. ПЗБ), по̂з ’побач, міма, каля’ (Нікан.). Укр. повз ’міма’, рус. у прысл. поз‑доль, поз‑дол, повздоль ’уздоўж, паралельна’. Да па‑ (< прасл. po‑) і vz, — апошняе з прасл. ъz, да якога пазней далучылася v‑ як вынік зіяння (Мее, MSL, 20, 111; Гуер, Sb. filolog., 7, 23). Слав. vьz адпавядаюць літ. už‑, лат. uz‑ (ESSJ SG, 1, 276–281). Сюды ж паўзбоч, поўзбоч ’каля, уздоўж’ (ТС), ’у баку, каля’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), а таксама паўзбо́чча ’месца на схіле канавы, узгорка’ (Яшк.) і поўзверх ’па-над, блізка пад верхам’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БА́ДЭН (Baden),

гістарычная вобласць на ПдЗ Германіі. З 11 ст. ням. маркграфства. У 1535 падзялілася на маркграфствы Бадэн-Бадэн (каталіцкае) і Бадэн-Дурлах (пратэстанцкае). У 1771 яны зноў аб’яднаны. У 1806—1918 вял. герцагства са сталіцай у Карлсруэ. Закон аб выбарах, канстытуцыя Бадэна 1818 былі ўзорам ранняга герм. канстытуцыяналізму. У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў Бадэне адбыліся паўстанні, у т. л. Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849. У аўстра-прускай вайне 1866 Бадэн удзельнічаў на баку Аўстрыі, у 1870 уступіў у Паўн.-Германскі саюз, з 1871 у складзе Германскай імперыі. З 1919 рэспубліка ў складзе Веймарскай рэспублікі, пасля 1933 зямля фаш. Германіі. У 1945 Бадэн акупіравалі амер. (Пн) і франц. (Пд) саюзныя войскі. Пасля рэферэндуму 6.12.1951 Бадэн увайшоў у зямлю ФРГ Бадэн-Вюртэмберг.

т. 2, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)