МІЖМАЛЕКУЛЯ́РНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

узаемадзеянне паміж малекуламі з насычанымі хім. сувязямі. Існаванне М.ў. ўпершыню ўлічыў Я.​Д.​Ван дэр Ваальс пры тлумачэнні ўласцівасцей рэальных газаў і вадкасцей (гл. Ван-дэр-Ваальса ўраўненне). Асобны выпадак М.ў. — вадародная сувязь.

Характар М.ў. залежыць ад адлегласці паміж малекуламі (r). Пры вялікіх r (rl, дзе l — лінейныя памеры малекул, што ўзаемадзейнічаюць) электронныя абалонкі малекул не перакрываюцца, паміж малекуламі пераважаюць сілы прыцягнення (далёкадзейныя сілы), якія маюць эл. прыроду. Далёкадзейныя сілы падзяляюць на арыентацыйныя (сілы ўзаемадзеяння паміж палярнымі малекуламі), індукцыйныя (паміж палярнымі і непалярнымі малекуламі), дысперсійныя (паміж любымі малекуламі). Пры малых r (rl), калі электронныя абалонкі малекул перакрываюцца, пераважаюць сілы адштурхоўвання, якія з’яўляюцца кароткадзейнымі сіламі. Энергія адштурхоўвання залежыць ад r так, як у выпадку абменнага ўзаемадзеяння, што прыводзіць да ўтварэння хім. сувязі. М.ў. звычайна апісваецца патэнцыяльнай энергіяй узаемадзеяння U(r) (патэнцыялам М.ў.), а сіла ўзаемадзеяння ƒ — функцыяй ƒ = −dU(r)/dr. Тэарэт. вызначэнне залежнасці U(r) ці эксперым. вымярэнне ƒ практычна немагчымыя з-за вельмі вял. колькасці малекул, што ўзаемадзейнічаюць, і малых значэнняў r. Звычайна залежнасць U(r) падбіраюць эмпірычна так, каб праведзеныя з яе дапамогай разлікі розных характарыстык рэчыва адпавядалі эксперым. даным. М.ў. вывучаюць рознымі фіз. метадамі, асн. з іх: метад малекулярных пучкоў і дыфракцыйныя метады. Пры даследаванні М.ў. усё часцей выкарыстоўваюць разліковыя метады квантавай хіміі.

Літ.:

Межмолекулярные взаимодействия: От двухатомных молекул до биополимеров: Пер. с англ. М., 1981.

Крывая залежнасці патэнцыяльнай энергіі U(r) міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ад адлегласці r паміж малекуламі; r = σ — найменшая магчымая адлегласць паміж нерухомымі малекуламі; ε — глыбіня патэнцыяльнай ямы (вызначае энергію сувязі малекул).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́ННАСЦЬ,

сукупнасць расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Характарызуецца колькасцю і спалучэннем відаў, наяўнасцю розных жыццёвых форм раслін, іх прасторавай структурай і дынамікай. Пакрывае амаль усю паверхню мацерыкоў (акрамя ледзяных пустынь унутр. тэр. Антарктыды, Грэнландыі, самых высокіх раёнаў горных масіваў і сухіх пустынь), знаходзіцца ў акіянах і інш. вадаёмах. Утварае важны кампанент біясферы (фітасферу), звязана з асаблівасцямі клімату, воднага рэжыму, глебы, рэльефу, а таксама з жывёльным светам, разам з якім фарміруе розныя біягеацэнозы. Адыгрывае найважн. ролю ў першасным сінтэзе арган. рэчыва і кругавароце рэчываў. Размеркаванне Р. мае пераважна занальны характар і звязана з кліматычнымі паясамі (асабліва на раўнінах, а ў гарах выяўляецца верт. пояснасцю). У розных класіфікацыях адрозніваюць Р. водную, мезафітную, ксерафітную, галафітную, або драўнінную, травяністую, кустовую, хмызняковую. Асн. класіфікацыйныя адзінкі — асацыяцыя, фармацыя, тып. Некалькі дзесяткаў тыпаў Р. сушы характарызуюць самыя буйныя біёмы: тундру, лясны (тайга, трапічныя лясы і інш.), саванну, стэп, пустыню і інш. На Беларусі прыроднае расліннае покрыва займае 67,2% тэр., якая адносіцца да 2 буйных батаніка-геагр. абласцей — Еўрапейскай таежнай хвойна-лясной (барэальнай) і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (немаральнай). Пашырана Р. лясная (35,6%), лугавая (17,1%), балотная (12,2%) і хмызняковая (2,3%). Асобны тып утварае водная Р. — макрафіты. Паводле прыродна-кліматычных умоў вылучаюць 3 геабат. падзоны: дубова-цемнахвойныя лясы (Паўночная), грабава-дубова-цемнахвойныя лясы (Цэнтральная) і шыракаліста-хваёвыя лясы (Паўднёвая). На Р. адмоўна ўплываюць гасп. дзейнасць чалавека, тэхнагеннае забруджванне прыродных экасістэм, змены экалагічных умоў, таму яна патрабуе рацыянальнага выкарыстання, пастаяннай аховы і аднаўлення. Вывучае Р. геабатаніка, фітацэналогія і экалогія. Гл. таксама Геабатанічнае раянаванне і іл. да яго, Расліны, Флора.

Дз.​С.​Голад.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Апрача́, апро́ч ’акрамя’, апро́ч ’асобна’ (Янк. Мат., Янк. I, Яруш.), апры́ч ’апрача’ (Касп.), апрі́ч ’апрача, асобна’ (Бяльк., Яруш.), опричёнки (Мядзв.), апрічо́ннік, апрічо́ння ’асобніна, прыгатаванае асобна’ (Бяльк.). Ст.-рус. опрочь, опроче ’апрача; асобна’, опричь ’апрача’, адкуль у старабеларускую мову ўжо ў XV ст. (Карскі, 1, 69). Рус. опри́чь ’апрача’, дыял. опричи́, опро́чь, опрочи́, укр. опрі́ч, опрі́че, дыял. опро́че ’апрача’, ’асобна’. Польск. oprócz, prócz ’апрача’, памор. proč ’тс’, ст.-польск. oprócz ’без’, ’акрамя’. Магчыма, славен. opríčen, ’сучасны’, pròč ’прэч’. Формы з карэнным о/а і і/ы маюць, напэўна, рознае паходжанне, прычым першасна апроч, апрача азначала ’акрамя, апрача’, апрыч і пад. ’асобна’; пазней адбылася кантамінацыя значэнняў, у выніку чаго цяпер абодва гэтыя значэнні ёсць у абедзвюх формах. Апроч, апрача — роднасныя з рус. прочий ’іншы’, прочь ’прэч’ і пад., якія Фасмер (3, 386) слушна выводзіць з кораня *prok‑ услед за Міклашычам, Младэнавым, Брукнерам, Праабражэнскім. Ст.-слав. прокъ азначала ’астатак’, а прочей тлумачылася як параўнальная форма да прыметніка прокъ, прокыи ’лішні’, а‑ трэба лічыць хутчэй за ўсё пратэзай. Заходнеславянскія формы з ‑е‑ (польск. precz > бел. прэч) тлумачаць як рэфлекс форм з ‑ъ‑ (адкуль і ‑о‑ ў рус. прочь) (Голуб-Копечны, 298). Формы апрыч і пад., магчыма, роднасныя з чэш. pryč ’прэч’; тлумачэнне вакалізму як звязанага з ъ, o, а тут сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі (гл. Праабражэнскі, 1, 654; Брукнер, 437). Старажытнарускія формы опришь, опрись, оприсьнъ (побач з опричьнъ), укр. опришок ’разбойнік’ (< ’чужы’, ’асобны’?) указваюць на магчымасць трактаваць ч як замену былога ш ці c, якія ў сваю чаргу звязаны з х; і.-е. коранем слова магло б быць *preu̯s (Покарны, 809–810, 845), параўн. прыскаць, прышч (тое, што выскачыла з-пад скуры’); для значэння ’разбойнік’ параўн. выскачка той, хто выскаквае з агульнай групы’, для значэння ’асобна’ — ’тое, што выскаквае з адзінай групы’. Гэта гіпотэза паходжання нявытлумачанага слова патрабуе, аднак, пэўных удакладненняў у сувязі з ст.-бел. опришный (XV ст., Карскі, Труды, 313), опршине (XV ст., Карскі, 1, 389), опричьныйасобны, спецыяльны, уласны’ (1562, Карскі, Труды, 206). Параўн. Хрэст. гіст., 1, 483; Гіст. мовы, 1, 107, 196. Булахаў (Працы IM, 7, 142) няўпэўнена сцвярджае, што ў такіх прыкладах шн на месцы чьн фанетычна. Але Карскі (1, 389) адзначаў, што ў старажытных помніках такая з’ява вельмі рэдкая, а прыклады даў толькі са словам опришный, опришне; Гіст. лекс., 92, адносіць опришный да паланізмаў, запазычаных у XV ст., аднак у польскай мове таго часу такое слова не адзначаецца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІНДАЕЎРАПЕ́ЙСКІЯ МО́ВЫ адна з найб. сем’яў моў Еўразіі, якая на працягу апошніх 5 стагоддзяў пашырылася таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Аўстраліі, часткова ў Афрыцы. Развівалася ў выніку распаду і драбнення агульнаеўрап. прамовы, якая існавала не пазней 4-га тыс. да н.э. Найб. верагодная прарадзіма індаеўрапейцаў — тэр. на Пн і З ад Чорнага мора. Блізкія паміж сабою І.м. аб’ядноўваюць у групы, сярод якіх вылучаюцца: індыйскія, іранскія, славянскія, балтыйскія, кельцкія, італійскія, германскія, раманскія (пра кожную гл. асобны арт.). Грэчаская, албанская, армянская мовы (гл. асобныя арт.) утвараюць самастойныя групы.

У 20 ст. выяўлены пісьмовыя помнікі 2 мёртвых груп моў анаталійскай (на тэр. Турцыі) і тахарскай (на тэр. Кітая). Мёртвыя мовы ёсць у індыйскай (санскрыт, пракрыты), іранскай (авестыйская і стараж-перс), славянскай (стараслав., стараж.-рус. і палабская), германскай (гоцкая) і інш. групах. Ад некаторых І.м. (фракійскай, ілірыйскай) зберагліся толькі рэшткі эпіграфічнага і анамастычнага матэрыялу. Сваяцтва І.м. выяўляецца ў агульнасці грамат. будовы, якой характэрна флектыўнасць. Параўнальна-гіст. абследаванні І.м. даюць магчымасць выявіць генетычныя сувязі паміж імі, а таксама рэканструяваць фаналаг. сістэму, грамат. будову і асн. лексіку індаеўрап. прамовы, не засведчанай дакументамі. Некаторыя І.м. (слав., балтыйскія) зберагаюць флектыўную будову, некаторыя (англ., франц. і інш.) у працэсе развіцця ператварыліся ў мовы аналітычнай будовы. Адны групы І.м. павялічыліся колькасна (індыйскія, германскія, раманскія, слав.), іншыя скараціліся (кельцкія). Англ., франц., рус. і ісп. сталі мовамі міжнар. зносін. І.м. вывучае індаеўрапеістыка.

Літ.:

Мейе А Введение в сравнительное изучение индоевропейских языков: Пер. с фр. М.; Л., 1938;

Савченко АН. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. М., 1974;

Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Ч.] 1—2. Тбилиси, 1984;

Мартынов В.В. Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968.

В.​В.​Мартынаў.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВО́РЫ,

гамагенныя сістэмы пераменнага саставу, утвораныя 2 ці большай колькасцю рэчываў (кампанентаў). Паводле агрэгатнага стану адрозніваюць газападобныя, ці газавыя сумесі (напр., паветра), вадкія і цвёрдыя (гл. Цвёрдыя растворы). Адносная колькасць кампанента ў Р. (гл. Растваральнасць) характарызуецца яго канцэнтрацыяй. Звычайна тэрмін «Р.» адносяць да вадкіх сістэм.

У вадкіх Р. адзін з кампанентаў наз. растваральнікам, астатнія — растворанымі рэчывамі. Растварэнне абумоўлена дыфузіяй і міжмалекулярным узаемадзеяннем. У Р. існуе блізкі парадак у адносным размеркаванні малекул (гл. Далёкі і блізкі парадак), але цеплавы рух малекул можа прыводзіць да флуктуацый шчыльнасці і канцэнтрацыі. Сувязь паміж малекуламі (іонамі) у Р. ажыццяўляецца за кошт Ван-дэр-Ваальса сіл і ў некаторых выпадках вадароднай сувязі. Пры хім. узаемадзеянні паміж малекуламі растворанага рэчыва і растваральніку магчыма ўтварэнне ўстойлівых комплексаў (гл. Сальватацыя). Уласцівасці рэальных Р. вызначаюцца характарам узаемадзеяння паміж малекуламі кампанентаў і адрозніваюцца ад уласцівасцей ідэальных Р., якія падпарадкоўваюцца Рауля законам.

Паводле наяўнасці або адсутнасці электралітычнай дысацыяцыі малекул раствораных рэчываў Р. падзелены на 2 асн. класы — Р. электралітаў і Р. неэлектралітаў. У асобны клас вылучаны Р. высокамалекулярных злучэнняў, якія паводле ўласцівасцей істотна адрозніваюцца ад Р. інш. рэчываў, што абумоўлена значным адрозненнем памераў малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Класіфікуюць Р. і паводле інш. прыкмет, напр., паводле прыроды растваральніку (Р. водныя і няводныя), значэння вадароднага паказчыка (кіслыя, нейтральныя, шчолачныя Р.). Водныя Р. адыгрываюць выключную ролю ў біял. працэсах. Выкарыстоўваюць Р. солей, кіслот і асноў у гідраметалургіі, няводныя Р. — у вытв-сці палімераў, фарбавальнікаў і інш.

Літ.:

Шахпаронов М.И. Введение в современную теорию растворов. М., 1976;

Герасимов Я.И., Гейдерих В.А. Термодинамика растворов. М., 1980;

Пригожин И.Р. Молекулярная теория растворов: Пер. с англ. М., 1990.

У.​С.​Камароў.

Растворапомпы: 1 — стацыянарная поршневая (плунжэрная); 2 — перасоўная поршневая.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пункт, ‑а, М ‑кце, м.

1. Пэўнае месца ў прасторы або на паверхні чаго‑н.; кропка. Сымон нічога не бачыць навокал сябе, вочы яго блішчаць, пазіраюць у адзін пункт. Колас. Апошнім пунктам у Еўропе, дзе мы спыніліся, быў Капенгаген, сталіца Даніі. Новікаў. За невялічкай вёскай каля выгану быў самы высокі пункт ваколіцы. Бядуля.

2. Месца, памяшканне, прыстасаванне і прызначанае для якіх‑н. мэт. Камандны пункт. Назіральны пункт. Зборны пункт. Перасыльны пункт. Дыспетчарскі пункт. Прызыўны пункт.

3. Асобны раздзел, параграф афіцыйнага дакумента або якога‑н. іншага тэксту, які абазначаецца лічбай або літарай. Пункт першы. Пункт «а». □ [Сакратар абкома:] — У вашых мерапрыемствах ёсць пункт аб разгортванні сацыялістычнага спаборніцтва. Сіўцоў. // Пытанне, тэма, прадмет, пэўнае месца (думак, меркаванняў і г. д.). І калі мацерыны разважанні даходзілі да гэтага пункта, яна гатова была.. разарваць Маню на кавалкі... Васілевіч.

4. Асобны момант, перыяд у развіцці чаго‑н. Калі ўжо ўсе гэтыя справы.. дайшлі да кульмінацыйнага пункта і, можна сказаць, катастрафічнага завяршэння, .. [Тварыцкі] сам вельмі выразна сфармуляваў свае адчуванні і сваю свядомасць таго, што Слава радасная і не ведае пакутнага жыцця. Чорны. Ульянін прыход на Гармізаў хутар быў паваротным пунктам у Арыніным жыцці. Колас.

5. Адно з асноўных паняццяў матэматыкі, механікі, фізікі: месца, якое не мае вымярэнняў, не падлягае вызначэнню. Пункт перасячэння прамых. Пункт апоры. Пункт сонцастаяння.

6. Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой агрэгатны стан. Пункт замярзання. Пункт кіпення. Пункт плаўлення.

7. Адзінка вымярэння друкарскіх літар і прабельнага матэрыялу.

•••

Мёртвы пункт (спец.) — стан звёнаў механізма, калі яны знаходзяцца ў імгненнай раўнавазе.

Населены пункт — горад, пасёлак, вёска і пад., дзе жывуць людзі.

З пункту гледжання (погляду) якога або каго — у пэўных адносінах, разглядаючы што‑н. з таго або іншага боку.

Пункт погляду (гледжання) — пэўны погляд на рэчы, пэўныя адносіны да чаго‑н.

[Ням. Punkt.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпо́ха, ‑і, ДМ эпосе, ж.

1. Вялікі прамежак часу ў развіцці прыроды, грамадства, навукі і г. д., які вызначаецца якімі‑н. характэрнымі асаблівасцямі. Савецкая эпоха. Эпоха Адраджэння. □ Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла эпоху пераходу ад капіталізму да сацыялізма ў сусветным маштабе. «Звязда». // Асобны перыяд у гісторыі, развіцці якой‑н. навукі, віду мастацтва і пад. Яго [Я. Купалы] творчасць складае цэлую эпоху ў мастацкім развіцці беларускага народа, з’яўляецца славутай старонкай у гісторыі беларускай культуры. Івашын. // Перыяд у развіцці грамадства, звязаны з жыццём і дзейнасцю выдатнага чалавека. Эпоха Скарыны. Эпоха Пятра I.

2. У геалогіі — падраздзяленне геалагічнага перыяду. Верхняя эпоха мелавога перыяду мезазойскай эры.

3. У астраноміі — момант, з якога пачынаюць адлік часу, звязаны з рухам якога‑н. нябеснага цела.

•••

Сучасная эпоха — гістарычны перыяд пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізма і будаўніцтва камуністычнага грамадства, крушэння каланіялізму і перамогі нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый.

[Ад грэч. epochē — прыпынак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асо́ба (БРС, Нас., Яруш.). Рус., укр., балг. особа, серб.-харв. о̀соба, польск., чэш., славац., славен. osoba, в.-луж., н.-луж. wosoba. У старабеларускай са значэннем ’форма, сукупнасць рыс, твар’ (Гіст. мовы, 1, 219). У ст.-рус., ст.-слав. толькі особь, ст.-рус. особѣ ’особна’. Літ. asabà ’асоба’ з польскай ці беларускай (Фрэнкель, 18). У польск. osoba з XV ст. Звычайна лічаць, што назоўнік утвораны з прыслоўнага выразу о собѣ ’особна’ (Фасмер, 3, 162). Гэта, аднак, незвычайны шлях утварэння назоўнікаў. Хутчэй трэба лічыць утвораным з вядомага ўжо ў стараславянскіх помніках дзеяслова особити (сѧ) ’жыць асобна’ як бяссуфіксны назоўнік. Рускае слова, вядомае з пачатку XVIII ст., Вінаградаў, Очерк, 32; Фасмер лічыць запазычаным з польскай, а Шанскі, КЭСРЯ, 315, — агульнаславянскім. Улічваючы час фіксацыі рускага слова (прыкладна на стагоддзе пазней, чым у заходнерускіх помніках), магчыма, трэба пагадзіцца з Вінаградавым і інш. Позняя фіксацыя і старабеларускія значэнні гавораць у карысць таго, што беларускае слова трэба лічыць запазычаным з польскай, дзе пашырана, магчыма, пад чэшскім уплывам. Дзеяслоў *osobiti ўтвораны непасрэдна ад прыслоўнага выразу *о sobě ці, хутчэй, ад праславянскага прыметніка *osobъ, што захаваўся ў выглядзе асобы, утворанага ад *о sobě; адсюль і асобны (*osobьnъ); ад асоба ’персона’ — асабовы, асабісты (магчыма, на польскай глебе).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́рпус, -а, мн. ко́рпусы, -аў і карпусы́ і (з ліч. 2, 3, 4) ко́рпусы, карпусо́ў, м.

1. мн. ко́рпусы, -аў. Тулава чалавека або жывёліны.

Павярнуцца ўсім корпусам.

Падацца корпусам уперад.

2. мн. карпусы́, -о́ў. Аснова, каркас, знешняя абалонка чаго-н.

К. гадзінніка.

К. судна.

3. мн. карпусы́, -о́ў. Асобны будынак на агульнай пляцоўцы або асобная частка будынка.

К. фабрыкі.

Карпусы дзіцячай бальніцы.

4. мн. карпусы́, -о́ў. Вайсковае злучэнне з некалькіх дывізій.

Стралковы к.

Камандаванне корпусам.

5. мн. няма. Сукупнасць асоб адной прафесіі, якога-н. аднаго афіцыйнага або службовага становішча.

Дыпламатычны к.

Афіцэрскі к.

6. мн. карпусы́, -о́ў. У дарэвалюцыйнай Расіі: сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова.

Кадэцкі к.

Марскі к.

7. мн. ко́рпусы, -аў. Сукупнасць, поўны збор якіх-н. тэкстаў, аб’яднаных нейкай агульнай прыкметай; электронны рэсурс (спец.).

К. паэтычных тэкстаў.

Лінгвістычны к.

8. Назва аднаго з размераў друкарскага шрыфту.

|| прым. ко́рпусны, -ая, -ае (да 2, 3 і 7 знач.) і карпусны́, -а́я, -о́е (да 4 і 6 знач.).

Корпусны плуг.

Корпусныя даследаванні.

Карпусны камандзір.

Корпусная лінгвістыка — раздзел мовазнаўства, які займаецца распрацоўкай і стварэннем корпусаў тэкстаў, а таксама іх выкарыстаннем у якасці інструмента для лінгвістычных даследаванняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БЛОК (англ. block) у тэхніцы, 1) асобны механізм або дэталь грузапад’ёмных машын у форме кола з жолабам па акружнасці для каната, ланцуга, троса, шнура. Выкарыстоўваецца для змены напрамку дзеяння сілы (нерухомы блок), выйгрышу ў сіле ці шляху (рухомы блок), часам для перадачы вярчальнага моманту. Для атрымання значнага выйгрышу ў сіле выкарыстоўваюць камбінацыю блокаў — паліспаст.

2) Сукупнасць вузлоў, збудаванняў, якіх-н. частак, аб’яднаных па прызначэнні, размяшчэнні і інш. (напр., турбінны блок, энергаблок кацёл-турбіна-генератар).

3) Частка механізма, прыстасавання, якая складаецца з функцыянальна аб’яднаных, часта аднатыпных элементаў (напр., блок цыліндраў, блок сілкавання).

4) У будаўніцтве — зборны (сценавы) ці мантажны (аб’ёмны) элемент, што выкарыстоўваецца пры ўзвядзенні будынкаў.

Блокі сценавыя бываюць суцэльныя і пустацелыя (у т. л. з цеплатэхн. эфектыўнымі пустотамі) Вырабляюцца з лёгкіх, ячэістых ці цяжкіх бетонаў, цэглы і прыроднага каменя; выпускаюцца таксама керамічныя пустацелыя (шчылінныя) і сілікатабетонныя. Адрозніваюць блокі дробныя (сценавыя камяні) стандартнага памеру (напр., 19 × 19 × 38 см), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве 2—3-павярховых будынкаў, і буйныя (напр., фундаментныя), што вырабляюцца па спец. нармалях і ідуць на буд-ва тыпавых шматпавярховых будынкаў. Блок аб’ёмны выкарыстоўваецца найчасцей у выглядзе сан.-тэхн. кабін, частак ліфтавых шахтаў, трансфарматарных падстанцый, часам — пакояў і кватэр. Бываюць: з жалезабетону (найб. пашыраны), азбестацэменту, металу, дрэва, пластмасы; маналітныя (суцэльнафармаваныя) і састаўныя (з асобных панэляў).

5) У суднабудаванні — частка аб’ёму судна, якое будуецца паточным спосабам. Блокі збіраюць і зварваюць з секцый у кандуктарах, а секцыі робяць на стэлажах і стэндах. Корпус судна і надбудовы падзяляецца на асобныя блокі па ўмовах эканамічнасці вытв-сці, трываласці і інш. 6) Блок кніжны — лісты кнігі, змацаваныя ніткамі, дротам ці клеем і падрыхтаваныя да ўстаўкі ў пераплётную накрыўку.

Схемы блокаў рознага прызначэння: а — накіравальны; б — ураўняльны; в — рухомы для выйгрышу ў сіле.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)