Лотва ’чарада, плойма (дзяцей)’ (Касп.), рус. пск. лотва некрещеная! — лаянка; ’шалёнае зборышча’, польск. Lotwa ’Латвія’. Лексема паходзіць ад этноніма як абагульняючае слова для мноства людзей (з незразумелай мовай). Параўн. яшчэ рус. пск. латыш ’чалавек, які гаворыць неразборліва’. Паходзіць з незасведчанай у балтыйскіх помніках назвы для краіны і яе насельніцтва *Latuvā, Latvā (Атрэмбскі, Gramatyka, 1, 3), параўн. назву вёскі Лотва Мядзельскага р‑на, ст.-бел. Лотва (у Стрыйкоўскага) і інш. Больш падрабязна гл. Непадкупны (Связи, 151–152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоцман ’чалавек, які адказвае за стан усіх плытоў’ (гродз., Нар. сл.), ’асоба, якая праводзіць судны па фарватэры’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), запазычана з рус. мовы, у якой гэта запазычанне з гал. loodsman ці з с.-н.-ням. lôtsman (< англ. loadsman) у эпоху Пятра I (Фасмер, 2, 525). Аднак лоцманъ сустракаецца яшчэ ў пск. і смал. летапісах XV–XVII стст. (Філін, Происх., 612), таму можна гаварыць пра самастойнае і больш ранняе запазычанне ў ст.-бел. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляпя́нка, ліпʼя́йка, лыпʼя́нка, лыпля́нка, ляплёнка, ляпонка ’жылая глінабітная пабудова’, ’зямлянка’. Укр. ліпля́нка, ліпʼя́нка ’хата з гліны’, польск. lepianka, lepʼånka, lepi̯onka ’тс’, ст.-польск. lepianka, lepionka ’нешта злепленае’, каш. lepʼȯnka яшчэ азначае ’гліняная падлога’, ’гліняная пабудова’; чэш. ходск. lepenka ’гліна, змешаная з саломай і вотруб’ем, якой абмазваўся вільчык страхі’. У зах.- і паўд.-слав. мовах гэта лексема мае значэнне ’кардон’, ’толь’, ’наклейка’. Узыходзіць да прасл. формы lěpjen‑ъka ’нешта злепленае’ (Слаўскі, 4, 162). Да ляпі́ць (гл.) < прасл. lěpiti ’мазаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́длуґ, во́длуг ’паводле, у параўнанні’ (Мал., Шат., Сцяц., Жд., Янк. Мат.), вэ́длуг (тураў., Выг. дыс.), вэ́длук (Бір. Дзярж.). Ст.-бел. ведлугъ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. według (< vъ‑dъlg‑, vъ‑dьig‑; аб польскім слове гл. Брукнер, 90). Бел. форму водлуг можна лічыць адаптацыяй (першая частка трансфармавалася паводле ўсх.-слав. во‑ < въ). Таму вельмі няпэўнымі здаюцца меркаванні Яшкіна, Бел.-польск. ізал., 154–155 (форма ‑длуг ясна ўказвае на польскую фанетыку: długi). Гл. яшчэ Булахаў, Веснік БДУ, № 1, 1973, 59–61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гадаты́вус ’рэзанёр, гаварун’ (ужывалася пераважна шляхтай, Нас.). Запазычанне з польск. gadatywus ’тс’. Гэта апошняе ўтворана ў польск. мове на базе дзеяслова gadać ’балбатаць, гаварыць’ і суфіксальнай часткі ‑tywus (паводле лац. слоў на ‑t‑ivus). У польск. мове гэта спачатку, можа, жартоўнае ўтварэнне (параўн. яшчэ іншыя лацінізаваныя польскія ўтварэнні ад gadaćgadateusz, gadeus ’гаварун’). Але бел. гадатыўка ’гаваруха, гаварлівая (гаворыцца пераважна ў колах шляхты)’ (Нас.) ўтворана на беларускай глебе ад гадатывуспольск. мове слова gadatywka няма, гл. SW).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галяле́ць ’блішчаць (пра ваду на лугах і палях)’ (Янк. III). Няяснае слова. Магчыма, ёсць нейкая сувязь са слав. *galo ’прагаліна і да т. п.’, але такая этымалогія застаецца вельмі гіпатэтычнай (няма дадатковых даных), хоць з семантычнага боку яе можна прыняць (*galo ’прагаліна’ — ’прагаліна, голае месца’ > ’голае месца з вадой, што блішчыць’, нарэшце, самастойны дзеяслоў галяле́ць). Трэба звярнуць увагу на тое, што *galo ў некаторых мовах (дыялектах) значыць проста ’возера’ (напр., укр. га́ло; гл. яшчэ Талстой, Геогр., 104–109).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глузд ’розум, развага’ (БРС). Рус. глузд, укр. глузд. Слова, якое вядома толькі ва ўсх.-слав. мовах (агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 155–156). Архаічнасць структуры слова (можна меркаваць, што тут маем вынік першапачатковай экспрэсіўнай гемінацыі: *glud‑d‑ > *gluzd‑; гл. у Трубачова, там жа), нягледзячы на тое, што даная лексема зафіксавана на абмежаванай тэрыторыі, дазваляе аднесці яе да ліку праславянскіх. Суадносіцца з лексемамі *gluda, *gluta (так ужо ў Бернекера, 1, 309). Параўн. яшчэ глузды́ ў Касп.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гуз1 ’гуля, нарост’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк.), ’тупы канец снапа’ (Нас.). Прасл. *gǫzъ, *guzъ (падрабязна агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 7, 91–92) з’яўляецца экспрэсіўным утварэннем, роднасным грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gūžis ’качан’. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 343; Слаўскі, 1, 380–381; Траўтман, 101–102; Фасмер, 1, 471–472.

Гуз2 ’гузік’ (Шатал.). Ст.-бел. кгузъ, гузъ, кузъ ’тс’ (Булыка, Запазыч.). Або запазычанне з польск. guz ’тс’ або бел. новаўтварэнне з гу́зік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́хнуць ’дохнуць’ (БРС). Рус. дохнуть, укр. до́хнути, славац. dochnút. Фармальна ідэнтычны (акрамя націску) дзеяслоў з dъxnǫti ’дыхнуць’ (да *dъxati ’дыхаць’). Агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 177; параўн. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 179–180; Фасмер, 1, 533; Траўтман, 64–65. Звяртае на сябе ўвагу тое, што, відавочна, значэнне ’дохнуць’ развілося толькі ў некаторых слав. мовах (ва ўсх.-слав. і славац.). Гэтую з’яву можна лічыць семантычнай інавацыяй усх.-слав. моў (у славац. мове запазычанне з укр.?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пабраці́м ’той, хто звязаны з кім-н. пабрацімствам, названы брат’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., КЭС, лаг.). Рус., укр. побрати́м, польск. pobracim, чэш., славац. pobratim (з паўдн.-слав. моў — Махэк, 64), балг. побра́тим, серб.-харв. по̀братим, славен. pobrȃtim. Паводле Далабко (ZfSlPh, 3, 111), дэрыват ад pobratiti; параўн. серб.-харв. по̀братити ’зрабіць пабрацімам, братам’, славен. brátiti se, brȃtim se (гл. брат). У рус. усх. дыял. побрати́м яшчэ ’стрыечны брат’, пск. побрати́м, побрати́шка ’палюбоўнік, палюбоўніца’. Гл. таксама Фасмер, 3, 293.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)