садзьму́ць, ‑дзьму, ‑дзьмеш, ‑дзьме; ‑дзьмём, ‑дзьмяце; зак., каго-што.

Скінуць, знесці з паверхні чаго‑н. струменем, павевам ветру. Дзе-нідзе вецер і зусім садзьмуў з дарогі снег, кары заносіла ўбок, і Ігналь ледзь утрымліваўся на капылах. Лупсякоў. Стаяць на ганку было трудна: вось-вось садзьме вецер у гурбу, якая ўжо асталявалася па той бок ганка, дзе было зацішней. Колас. / у безас. ужыв. Бацьку .. з ложка нібы ветрам садзьмула. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сало́ма, ‑ы, ж.

Сухія сцёблы злакавых раслін, якія застаюцца пасля абмалоту. Жытняя салома. Аўсяная салома. □ Пахла прэллю са страхі, токам, свежай, нядаўна памалочанай іржаной саломай. Мележ. // Сцёблы злакавых раслін на корані. [Васіль:] — Баюся, што наша жыта пагоніць у салому, а колас можа быць дрэнны. Шамякін. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Сіла і салому ломіць. Прымаўка.

•••

Снег саломаю тушыць гл. тушыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сва́цця, ‑і, ж.

1. Жанчына, якая сватала нявесту жаніху ці жаніха нявесце. — Ну, матушка, калі буду жаніцца, дык вас за сваццю вазьму, — сказаў Лабановіч. Колас.

2. Маці мужа ў адносінах да жончыных ці маці жонкі ў адносінах да мужавых бацькоў. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.

•••

Пераезная свацця — чалавек, які часта мяняе месца свайго прабывання дзе‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сенако́с, ‑у, м.

1. Касьба травы на сена. Пачаўся сенакос. □ Пажоўклі травы, якія не паспелі адрасці пасля нядаўняга сенакосу. Шахавец.

2. Месца, адведзенае для касьбы сена. Людзі зразумелі, што пастаў час ператварыць нашы неўрадлівыя сенакосы ў высокаўраджайныя палі. Асіпенка. Там сцелюцца між хвойніку паплавы сенакосу, упіраючыся ў маленькія засценкі і хутаркі. Гартны.

3. Час уборкі сена. Для Якуба самаю вясёлаю і радаснаю парою года быў час сенакосу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіняво́кі, ‑ая, ‑ае.

З сінімі вачыма. У.. [Васіля] ўжо двое дзяцей, такіх жа сінявокіх і рухавых, як сам. Лынькоў. / у паэт. ужыв. Разросся чабор сінявокі Па схілах пустога пагорка. Колас. Ой, пабачыў бы ты дзівы На стэпу шырокім! Новай песняй прывітаў бы Дняпро сінявокі. Купала. / у знач. наз. сіняво́кі, ‑ага, м.; сіняво́кая, ‑ай, ж. Ці пачуе сінявокая, Што хаджу непадалёку я, Што хаджу непадалёку я, Ці падасць сустрэчы знак? А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Шынель, скручаны ў трубку і звязаны па канцах для нашэння цераз плячо. Ідуць байцы, як хвалі, У скатках цераз плечы, А сонца зорыць з жалем На іх з глыбінь — сінечы. Колас. Ты цяпер сам, як бацька. На вучэнні ўначы Аўтамат свой і скатку Там нясеш на плячы. Прыходзька. // Які‑н. прадмет, скручаны ў трубку. Грышка ўзяў палатку, Цітка — коўдраў скатку. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаці́на, ‑ы, ж.

Разм.

1. зб. Чатырохногая сельскагаспадарчая жывёла. Пасвіць скаціну. □ Ужо дамоў пастух скаціну гнаў. А. Александровіч. Уся вёска ў пушчы, там і каровы, уся дробная скаціна, коні, адзежа і ўсё дабро... Нікановіч. / Адна такая жывёліна. Раман злёгку, з любасцю патрапаў па шыі коніка і прамовіў: Эх ты, конік, мой конік!.. Скаціна ты, скажу табе, неразумная! Колас.

2. Груб., лаянк. Пра грубага, бяздушнага, подлага чалавека. [Лабыш да Анатоля:] Эх ты, скаціна бязрогая... Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

склада́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скласціся (1–5 знач.).

2. Мець у сваім складзе каго‑, што‑н., быць складзеным з каго‑, чаго‑н. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода. Колас. Складаўся гэты тэатр з аднаго чалавека, скрыначкі і дзесяткаў двух цвыркуноў. Маўр. Няхітры гарнітур [Трахіма] складаецца са зрэбнай кашулі і шарачковых портак. Крапіва.

3. Зал. да складаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

справа́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Разм. Імкнучыся пазбавіцца ад каго‑н., адправіць куды‑н., выправадзіць. Каб не мучыць доўга брата ў кутку пад палацямі, Параска стараецца хутчэй справадзіць сябровак з хаты або сама бяжыць з імі на двор. Якімовіч. // Збыць што‑н.; пазбавіцца ад чаго‑н. І вось, зашыўшыся на печы, Ён [Алесь] разважае недарэчы: Як тут зрабіць і што парадзіць? Куды б «закон» яму справадзіць? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрыя́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спрыяць.

2. Добра зычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н., добразычлівасць. — Можа, ваша школа мае якія-небудзь прэтэнзіі да валаснога праўлення? — у тым жа тоне спрыяння распытваў далей пісар. Колас.

•••

Прынцып найбольшага спрыяння — у міжнародным праве — адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання міждзяржаўных эканамічных адносін, адпаведна якому кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца прадастаўляць іншай тыя ж правы і льготы, што і любой трэцяй дзяржаве.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)