ХАРЭЗМІ́ (аль-Харэзмі) Мухамед бен Муса

(787, г. Хіва — каля 850),

сярэднеазіяцкі вучоны. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, гісторыі. Аўтар асноватворных трактатаў па арыфметыцы і алгебры («Кніга аб узнаўленні і проціпастаўленні» — «Кітаб аль-джэбр ва-л-мукабала»), пераклад якіх на лац. мову ў 12 ст. паўплываў на развіццё матэматыкі ў Зах. Еўропе. Упершыню разгледзеў алгебру як самаст. дысцыпліну, прапанаваў правілы дзеянняў з алг. велічынямі і правілы рашэння ўраўненняў. Ад уведзенага Х. тэрміна «аль-джэбр» паходзіць назва «алгебра». З прац Х. ў навук. ўжытак у Еўропе ўведзена дзесятковая сістэма лічэння, якая ўзнікла ў Індыі, і арабскія лічбы. Імя аль-Х. (лац. Algorithmi) увайшло ў матэматыку як агульная назва сістэмы вылічэнняў (алгарытм).

Тв.:

Рус. пер. — Математические трактаты. Ташкент, 1964.

Літ.:

Юшкевич А.П. История математики в средние века. М., 1961.

т. 16, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАРАСТО́ЎСКІ Дзмітрый Аляксандравіч (н. 16.10.1962, г. Краснаярск, Расія),

расійскі спявак (барытон). Нар. арт. Расіі (1995). Скончыў Краснаярскі ін-т мастацтваў. З 1985 саліст Краснаярскага т-ра оперы і балета, з 1987 — Марыінскага т-ра. З 1989 спявае ў найбуйнейшых т-рах свету: «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», «Ла Скала» і інш. Валодае прыгожым тэмбрам голасу, выдатнай тэхнікай бельканта. Сярод партый: Яўген Анегін, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Сільвіо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Жэрмон, Радрыга («Травіята», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Рычард («Пурытане» В.​Беліні). У канцэртным рэпертуары рус. нар. песні, рамансы. Лаўрэат XII Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1987, 1-е месца), міжнар. конкурсаў (у Тулузе, Францыя, 1988, Гран-пры; «Залаты Арфей», Парыж, 1992, і інш.). Дзярж. прэмія Расіі 1991.

т. 16, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕРАШКО́Ў Аляксей Дзмітрыевіч (18.2.1893, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 18.3.1960),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейтэнант (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1922) і ўдасканалення каманднага саставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў, баёў на Зах. фронце ў 1919—20 (камандзір роты, батальёна, палка), вайны ў Іспаніі 1936—39. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941 — камандзір брыгады, дывізіі, корпуса. Дывізія на чале з ім вызначылася пры абароне г. Тула ў 1941; 14.1.1945 стралк. корпус пад камандаваннем ген.-маёра Ц. прарваў абарону праціўніка на левым беразе р. Вісла (Польшча), фарсіраваў р. Варта, за 15 дзён з баямі прайшоў 400 км і ўступіў на тэр. Германіі. Да 1953 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 17, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАНРА́ВАЎ Міхаіл Клаўдзіевіч (29.7.1900, г. Уладзімір, Расія — 4.3.1974),

савецкі вучоны ў галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Чл.-кар. Міжнар. акадэміі астранаўтыкі (1968). Д-р тэхн. н. (1958). Герой Сац. Працы (1961). Засл. дз. нав. і тэхн. Расіі (1970). Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1925). Працаваў на прадпрыемствах авіяц. прам-сці. З 1932 у Групе вывучэння рэактыўнага руху. З 1934 у Рэактыўным НДІ (нач. аддзела). Адначасова з 1960 у Маскоўскім авіяц. ін-це. Навук. працы па даследаванні вадкасных рухавікоў, праектаванні вышынных ракет. Кіраваў стварэннем першай сав. ракеты на гібрыдным паліве (1933), адзін з гал. стваральнікаў першых у свеце міжкантынент. ракеты-носьбіта, ШСЗ, пілатуемых касм. караблёў, аўтам. міжпланетных станцый. Ленінская прэмія 1957.

Тв.:

Ракетная техника. М., 1935.

Літ.:

Пионеры и создатели ракетной техники. М., 1975.

У.​С.​Ларыёнаў.

М.К.Ціханраваў.

т. 17, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУЛУКІ́ДЗЕ Тамара Рыгораўна (19.12.1903, Тбілісі — 9.2.1991),

грузінская актрыса, бел. пісьменніца, перакладчык. Жонка К.Пальчэўскага. Засл. арт. Грузіі (1934). Скончыла Тбіліскі тэатр. ін-т (1924). Працавала ў Т-ры імя Ш.​Руставелі (Тбілісі, 1926—36 і 1956—59), Сыктыўкарскім і Курскім лялечных т-рах (1946—50). Сярод роляў: Афелія («Гамлет» У.​Шэкспіра), Амалія («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Ксенія («Разлом» Б.​Лаўранёва). У 1936 і 1950 рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1956. З 1959 жыла ў Мінску. Друкавалася з 1933. Пісала на груз., бел. і рус. мовах. У бел. друку з 1959. Аўтар дзіцячых п’ес (зб. «Тваё слова гонару», 1973), нарысаў (зб. «Блакітны факел», 1965), кн. «Да дзяцей прыйшоў важаты» (1967), апавяданняў пра т-р (зб. «Калі ўздымаецца заслона», 1963) і кн. «Усяго адно жыццё» (1983). Перакладала на груз. мову творы бел. і інш. пісьменнікаў.

т. 17, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫГЕЛЬНІ́ЦКАЯ Фаня Абрамаўна (парт. псеўд. Фейгла, Валя; 22.3.1906, г. Беласток, Польшча —7.11.1988),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Удзельнік Вял. Айч. вайны. Жонка А.А.Альшэўскага. Скончыла Мінскую школу КПЗБ (1925), Камуніст. ун-т імя Свярдлова ў Маскве (1930). У 1923—25 кіраўнік Цэнтр. парт. сувязі КПЗБ. З 1926 сакратар Пінскага, Баранавіцкага, у пач. 1930-х г. — Слонімскага акр. к-таў КПЗБ. У 1927—28 чл. Часовага краявога сакратарыята ЦК КПЗБ, у 1932—33 упаўнаважаны ЦК КПЗБ па Віленскім краі і чл. Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ. У 1933 прыгаворана польскімі ўладамі да 7 гадоў турмы. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з 1939 на сав. рабоце ў Беластоку. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток). У 1944—63 на парт. і сав. рабоце ў Гродне і Гродзенскай вобл.

І.​А.​Карпюк.

т. 17, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫДЫНЖА́ПАЎ Гамбажап Цыдынжапавіч (3.5.1905, улус Любчыкан Баргузінскага р-на, Бурація — 1980),

бурацкі акцёр, рэжысёр, драматург; адзін з заснавальнікаў бурацкага прафес. т-ра. Нар. арт. СССР (1940). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1934). З 1934 маст. кіраўнік Бурацкага муз.-драм. т-ра, з 1948 гал. рэжысёр Бурацкага т-ра драмы імя Х.​Намсараева, у 1948—60 — Бурацкага т-ра оперы і балета (усе ў г. Улан-Удэ). Сярод роляў: Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра), Платон Крэчат («Платон Крэчат» А.​Карнейчука) і інш. Паставіў оперы «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1943), «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага (1953) і інш. Аўтар лібрэта муз. драмы «Баір» (з А.​Шадаевым; паст. 1938), п’ес «Сын народа», «Снайпер» (абедзве паст. 1943), кінасцэнарыя «Залаты дом» (1959, у сааўт.) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 17, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТР ПАДРЫХТО́ЎКІ КАСМАНА́ЎТАЎ імя Ю.​А.​Гагарына (з 1968). Засн. ў 1960. Знаходзіцца ў Зорным гарадку. Прызначэнне — адбор і падрыхтоўка касманаўтаў да палётаў на ўсіх тыпах пілатуемых касмічных апаратаў па нац. і міжнар. касм. праграмах.

Мае вучэбна-трэніровачную (баракамеры, сурдакамеры, тэрмакамеры і інш. трэнажоры, поўнапамерныя макеты касм. караблёў і адсекаў арбітальных станцый і інш.), даследчую, лётную (самалёты і верталёты для ўдасканалення навыкаў пілатавання, мадэліравання стану бязважкасці і інш.) базы. У Цэнтры прайшлі падрыхтоўку (на 1.1.2003) больш за 300 сав. (рас.) касманаўтаў і прадстаўнікоў інш. краін (паводле праграм «Інтэркосмас», «Еўра-Мір», «Мір-НАСА», «Міжнар. касм. станцыя» і інш.), у т. л. 5 прадстаўнікоў Беларусі (У.В.Кавалёнак, П.І.Клімук, Б.М.Белавусаў, А.І.Дзядкоў і А.У.Шчукін — гл. Дадатак). Першы нач. Цэнтра — Я.​А.​Карпаў (1960—63), з 1991 — Клімук.

Літ.:

Космическая академия. М., 1987.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎКАЛЮ́К Віктар Раманавіч (н. 18.8.1926, г. Анжэра-Суджанск Кемераўскай вобл., Расія),

бел. артыст аперэты (лірычны тэнар). Засл. арг. Беларусі (1968). Скончыў студыю пры Ленінградскім т-ры імя Ленінскага камсамола (1947). Працаваў у розных т-рах краіны. З 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, у 1970—90 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Камед. акцёр яскравага таленту, творчая палітра якога вызначалася разнастайнасцю вострахарактарных вобразаў. Сярод партый у бел. рэпертуары: Трынтрава, Віктор, Пустарэвіч, Даніла, Цар («Рабінавыя каралі», «Пяе «Жаваранак», «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі), Мацей («Несцерка» Р.​Суруса). З інш. роляў: Боні і князь Валяпюк, Зупан («Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Амедэй і Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава) і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 17, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТО́КГАЎЗЕН (Stockhausen) Карлхайнц (н. 22.8.1928, Мёдрат, каля г. Кёльн, Германія),

нямецкі кампазітар, муз. тэарэтык; адзін з вядучых прадстаўнікоў муз. авангардызму. Вучань А.Месіяна і інш. З 1963 кіраўнік студыі электроннай музыкі Зах.-герм. радыё. У 1971—77 праф. Кёльнскай вышэйшай школы. У імкненні да стварэння універсальнай «музыкі ўсяго свету» звяртаецца да розных муз. сродкаў, у т. л. электроннай музыкі, розных тэхн. прыстасаванняў. З канца 1960-х г. для яго музыкі характэрны сузіральна-медытатыўны характар. Сярод твораў: «Спевы отракаў» (для 5 магнітафонаў, 1956), «Спіраль» (для саліста і кароткахвалевага прыёмніка, 1969), «Сірыус» (для сапрана і ансамбля, 1977) і інш. Выступае як дырыжор, піяніст і гукарэжысёр у выкананні асабістых твораў. Аўтар прац па псіхалогіі муз. ўспрымання, праблемах муз. часу. У 1978 адбыўся Міжнар. конкурс кампазітараў яго імя (Італія).

т. 17, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)