абню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Абнюхаць адзін аднаго (пра жывёл). Калі [Андрэй] запрог.. [кабылу] у плуг разам з Гнядым, то яны спачатку абнюхаліся, потым пагрызліся, але хутка памірыліся. Чарнышэвіч. // перан. Разм. груб. Пазнаёміцца, завесці сувязі. [Хоміч:] — Я гэтаму хлюсту, Зыгмусю, буду зубы загаворваць, а ты ідзі бяры.. [Чэсю] танцаваць. Раз, другі, пакуль троху абнюхаецеся, а тады — з вачэй. Брыль.
2. Разм. Абнюхаць вакол сябе, прынюхацца. Воўк выйшаў на дарогу, абнюхаўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абра́днасць, ‑і, ж.
1. Сукупнасць абрадаў якога‑н. культу. Свята зімы ўключае ў сябе многія элементы зімовай народнай абраднасці, якая склалася ў кожнага народа на працягу стагоддзяў.
2. Абрадавы звычай. З прычыны гэтага адпала неабходнасць усякіх далейшых ахвяр, а разам з тым адпала і падстава для мноства рэлігійных абрадаў; але вызваленне ад абраднасцей, якія затруднялі або рабілі немагчымымі зносіны з іншаверамі, было першай умовай, сусветнай рэлігіі. Энгельс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абвінава́чанне, ‑я, н.
1. Прызнанне каго‑н. вінаватым у чым‑н. [Галена:] — Я тады набралася гора, пакуль не з’явіўся сам гэты хлопец і не папрасіў зняць абвінавачанне, бо ён памыліўся. Чорны. Адносна Лабановіча пракурор заўважыў, што гэты падсудны, хоць і мала фігуруе ў абвінавачанні, але, як гаворыць народная прыказка, — па абліччы апостал, а па зубах сабака. Колас.
2. Спец. Той бок у судовым працэсе, які абвінавачвае. Сведкі абвінавачання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Абмеркаваць, асэнсаваць, сабрацца з думкамі. Віктар не хадзіў самотна па вуліцы пасля таго, як балюча пакрыўдзіў бацьку і жонку, не шукаў такога прытулку, дзе можна было б спакойна абдумацца, заглянуць самому сабе ў душу. Кулакоўскі.
2. Перадумаць, прыйсці да іншага рашэння. Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.
1. Набыць усё неабходнае на новым месцы жыхарства, у новых умовах. Была зямелькі там валока, Дзе можна б моцна і глыбока Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца — Было на чым разварушыцца. Колас.
2. Звыкнуцца з новымі ўмовамі жыцця, прывыкнуць да жыцця на новым месцы. Крыху абжыўся Данілка на бойні, але ўсё роўна думка аб вёсцы не давала спакою. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клёкат, ‑у, М ‑каце, м.
1. Перарывісты крык, характэрны для некаторых птушак. Бусліны клёкат. □ Гучаць мелодыі, і сэрца рвецца Туды, дзе ружамі цвітуць даліны, Дзе вінаграднік ля дарогі ўецца, А ў небе клёкат чуецца арліны. Гілевіч.
2. Гукі, якія ўтвараюцца пры кіпенні, бульканні вадкасцей. Клёкат вады.
3. Пра глухія перарывістыя гукі ў горле, грудзях. Сын гаварыў спакойным тонам, але з нейкім слабым клёкатам у глотцы. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калдо́біна, ‑ы, ж.
Выбоіна, ямка на дарозе. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ў бакі, то гойдала і калыхала, як човен на хвалях. Краўчанка. Адзін з грузавікоў.., заходзячыся сіплым выццём, спрабаваў выбрацца з калдобіны, але калёсы буксавалі. Мележ. // Паглыбленне, упадзіна на мясцовасці або на дне вадаёма. Прыходжу нарэшце з кошыкам па грыбы — зноў свежыя калдобіны чарнеюць. Ігнаценка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калідо́р, ‑а, м.
Праход, які злучае асобныя часткі кватэры, будынка. Калідор гасцініцы. Калідор інтэрната. □ Павялі [салдаты Міколку з дзедам] з пакоя ўсё тымі ж доўгімі змрочнымі калідорамі. Лынькоў. З аднаго пакоя ў другі цераз калідор.. прабегла маленькая старая жанчына з прасам у руках. Арабей. // Вузкі доўгі праход, прастора, абмежаваная з абодвух бакоў. Наверсе свішча вецер,.. але тут, у гэтым калідоры між стромкіх скал, яшчэ больш-менш ціха. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; пр. загрыз, ‑ла; зак., каго.
1. Грызучы зубамі, давесці да смерці; разарваць. Ваўкі загрызлі каня.
2. перан. Разм. Змучыць, давесці да цяжкага душэўнага стану папрокамі, прыдзіркамі і пад. — Глядзі ж не забудзься каня папасвіць, а то Рыгор загрызе нас з табою. Якімовіч. // Замучыць (пра пачуцці). — Ох, унучак, хаця ў сумлення і няма зубоў, але яно можа загрызці да смерці. Капусцін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замя́цца, ‑мнуся, ‑мнешся, ‑мнецца; ‑мнёмся, ‑мняцеся; зак.
1. Збянтэжана спыніцца, затаптацца на месцы ў нерашучасці. — Сюды ці не сюды? — замяўся я ля парога. Карпюк. // Завагацца, не ведаючы што рабіць. Селянін крыху замяўся, яшчэ раз недаверліва зірнуў на сяброў, але ўзяў кніжачку і пракламацыі. Колас.
2. Спыніць гаворку, збянтэжыўшыся або падбіраючы патрэбнае слова. Алесь замяўся, круцячы ў руках без патрэбы шапку і стараючыся нешта сказаць. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)