рака на ПдЗ Украіны і ў Малдове (часткова на мяжы гэтых краін). Даўж. 1352 км. Пл. вадазбору 72,1 тыс.км². Бярэ пачатак на паўн.-ўсх. схілах Укр. Карпат на выш.каля 900 м. Упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. У вярхоўях — горная рака, ніжэй г. Галіч (Украіна) цячэнне больш спакойнае. У нізоўях цячэ ў шырокай даліне па Прычарнаморскай нізіне. Асн. прытокі: Стрый, Рэут (справа), Серэт, Збруч (злева). Жыўленне дажджавое і снегавое. Летнія паводкі; ледастаў (са снеж. да сак.) няўстойлівы.
Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 339 м³/с. На Д. — Дубасарская ГЭС і вадасховішча. Выкарыстоўваецца для арашэння, лесасплаву (у вярхоўях). Суднаходная ад г. Сарока (Малдова) да вусця (з перарывам каля Дубасарскай ГЭС). На Д. гарады Сарока, Рыбніца, Бендэр, Ціраспаль (Малдова), Магілёў-Падольскі (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙК ((Drake) Фрэнсіс) (каля 1540, Кроўндэйл, каляг. Плімут, Вялікабрытанія — 28.1.1596),
англійскі мараплавец. Віцэ-адмірал (1588). На флоце з 15 гадоў. Кіраўнік шэрагу антыіспанскіх пірацкіх экспедыцый у Вест-Індыю (1567—77, 1586); у час экспедыцыі 1577—80 (выйшла з Плімута) здзейсніў 2-е (пасля Ф.Магелана) кругасветнае плаванне, прайшоў Магеланаў праліў, выявіў новы праліў (у 19 ст. названы Дрэйка праліў), даказаў, што Вогненная Зямля не выступ Паўд. мацерыка, а асобны архіпелаг, адкрыў бухту Сан-Францыска. Меў падтрымку з боку каралевы Лізаветы I Цюдар. У 1587 здзейсніў напад на порт Кадыс (Іспанія). У 1588 фактычна камандаваў англ. флотам пры разгроме ісп.«Непераможнай армады». Памёр у час чарговай пірацкай экспедыцыі.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. [Т]. 2. С. 315—320.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРНАП’Я́Н (Datura),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічнай і трапічнай зонах, асабліва ў Цэнтр. Амерыцы, некаторыя — ва ўмераным поясе. На Беларусі 2 віды: Д. смярдзючы (D. stramonium), трапляецца каля жылля, на засмечаных месцах, агародах пераважна ў паўн. раёнах, і фіялетавы (D. tatula), трапляецца як заносны від зрэдку на чыг. насыпах і сметніках.
Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым, уверсе разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем, з непрыемным дурманлівым пахам (адсюль назва). Лісце простае, чаргаванае, зубчастае або лопасцевае, зялёнае ці з цёмна-фіялетавымі жылкамі, на чаранках. Кветкі буйныя, 5-членныя, двухполыя, белыя, сінявата- ці пурпурова-фіялетавыя, размешчаны па адной у развілках сцябла; вяночак з доўгай вузкай трубкай і шырокім складкаватым адгінам. Плод — яйцападобная 4-гнездавая каробачка з шыпамі. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ ФУ (712, каляг. Сіянь, Кітай — 770),
кітайскі паэт. Шмат вандраваў па Кітаі з Гао Шы і Лі Бо (сяброўства з якім у многім вызначыла яго далейшы творчы лёс). З 746 жыў у сталіцы Чан’ані. У творчасці гэтага перыяду пераважалі тэмы нар. пакут, спагады беднякам, выкрыцця тых, хто прагнуў вайны: «Песня пра баявыя калясніцы», «З сталіцы ў Фэнсянь». У час антыўрадавага мяцяжу ў 756 пакінуў сталіцу, жыў на чужыне. У творах таго часу пачуццё болі за свой народ і краіну («Вёска Цянцунь», цыклы вершаў «Тры чыноўнікі» і «Тры расстанні»). З 759 жыў у Чэнду, напісаў каля 1000 вершаў, у цэнтры якіх — імкненне ахвяраваць сабой дзеля людзей. Стыль Д. адметны яснасцю, акварэльнай празрыстасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРЧА́ЛКІ, кветкавыя мухі (Syrphidae),
сямейства насякомых падатр. караткавусых круглашыўных атр. двухкрылых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Найб. трапляюцца каля вады на кветках, травяністых раслінах, лісці дрэў і інш. На Беларусі найб. вядомыя Ж.: бугрыстая (Eumerus tuberculatus), цыбульная (E. strigatus), чмелявідка празрыстая (Volucella pelluceus), шараноска (Sphaerophoria scripta).
Даўж. 5—15 мм, радзей да 25 мм. Цела часта ярка афарбаванае; многія вонкавым выглядам нагадваюць джалячых перапончатакрылых — пчол, вос, чмялёў. Крылы празрыстыя з 3 радыяльнымі жылкамі. Вусікі 3-членікавыя. Вочы самцоў пераважна судакранаюцца, самак падзелены лбом. Добра лётаюць. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі жывуць у сцёкавых водах, гнаі, у гнёздах пчол, мурашак і інш. Лічынкі — драпежнікі, дэтрытафагі, расліннаедныя. Дарослыя кормяцца нектарам кветак. Апыляльнікі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ АЎРА́МІЯ СМАЛЕ́НСКАГА»,
помнік стараж.-рус. агіяграфічнай л-ры. Напісаны каля 1240 манахам Селішчанскага манастыра (каля Смаленска) Яфрэмам у жанры аповесці старажытнарускай. Найб. раннія спісы пач. 16 ст.
Аўтар — паплечнік Аўрамія — апісвае яго жыццё ад нараджэння ў багатай сям’і ў Смаленску і да скону. Пасля смерці бацькоў Аўрамій раздаў сваю маёмасць бедным і стаў манахам Селішчанскага манастыра, дзе сабраў вакол сябе кніжнікаў, перапісваў і пашыраў кнігі. Яго высокая адукаванасць, талент прапаведніка выклікалі зайздрасць мясц. духавенства, манахаў, гарадскіх улад. Аўрамій цярпеў здзекі. І ўсё ж стаў агульнапрызнаным.
У «Жыціі...» створаны новы тып хрысц. героя, які канфліктуе не з язычнікамі, а з адзінаверцамі, якія адмоўна ставяцца да інтэлектуальна вышэйшай за іх асобы. Паказана і грамадскае жыццё Смаленска — культ. цэнтра, звязанага з гісторыяй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУЛЬ (кірг. гарачае возера),
бяссцёкавае возера ў Кыргызстане, у Паўн. Цянь-Шані, у межах Ісык-Кульскай катлавіны, на выш. 1608 м. Пл. 6236 км² (па інш. даных 6330 км²). Даўж. 178 км, шыр. да 60 км, глыб. да 668 м. Пл. вадазбору 21,9 тыс.км². Упадае больш за 50 рэк; найб. з іх Джэргалан і Цюп. Берагі расчлянёны слаба, глыбокія залівы толькі на У і ПдУ. Зімой не замярзае. Т-ра вады на паверхні летам да 20, зімою каля 2,7 °C. Вада саленаватая (каля 6%). Рыбалоўства (голы асман, чэбак, сазан, марынка, стронга). Суднаходства. Асн. парты: Рыбачае і Прыстань-Пржавальск. На І.-К. курорты Чалпон-Ата і Тамга. Возера ў складзе Ісык-Кульскага запаведніка. На беразе — магіла М.М.Пржавальскага. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛАБАРО́Д (Tragopogon),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Паўн. Афрыцы, на Каўказе. На Беларусі трапляюцца К.: беларускі (T. bjelorussicus), усходні (T. orientalis), лугавы (T. pratensis, нар. назва казялок), няпэўны (T. dubium). Растуць на лугах, у хмызняках, каля дарог. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны К. Кемулярыі (T. kemulariae); К. парэялісты (T. porrifolus) зрэдку культывуецца аматарамі як агародніна (белы аўсяны корань).
Шмат- ці двухгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і млечным сокам. Сцябло разгалінаванае ці простае выш. 25—80 см. Лісце суцэльнакрайняе, лінейнае або ланцэтнае. Кветкі пераважна жоўтыя, двухполыя, язычковыя з 5-зубчастым вяночкам, сабраныя ў буйныя кошыкі. Плод — сямянка з чубком. Лек., карм., меданосныя і дэкар. расліны. Ядомыя, карані маюць інулін; сурагат кавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЎРО́ТКІ (Rotatoria),
клас чарвей падтыпу першаснаполасцевых. 3 атр., каля 2000 відаў. Пашыраны па ўсім свеце ў вадзе. На Беларусі каля 100 відаў. Уваходзяць у склад бентасу і планктону.
Адзіночныя, каланіяльныя, рухомыя і прымацаваныя формы.
Даўж. 0,01—2,5 мм. Бясколерныя і каляровыя, двухбаковасіметрычныя. Цела выцягнутае ці шарападобнае, звычайна падзелена на галаву, тулава і нагу, укрыта кутыкулай або панцырам. На галаве калаўротны апарат — сістэма раснічак, з дапамогай якіх К. перамяшчаюцца і кормяцца. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Размнажэнне аднаполае (партэнагенез) або спалучаецца з двухполым (гетэраганія). Пры неспрыяльных умовах К. ўпадаюць у анабіёз. Паліфагі, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі, дэтрытам; ёсць драпежнікі і паразіты беспазваночных і раслін. Удзельнічаюць у ачышчэнні вадаёмаў; корм для планктонаедных малявак рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАХА́РЫ (Kalahari),
паўпустынная вобласць у цэнтр. частцы Паўд. Афрыкі, на тэр. Анголы, Батсваны, Замбіі, Зімбабве, Намібіі і ПАР; упадзіна, якая супадае з аднайм. сінеклізай Афр. платформы. Даўж. з Пн на Пдкаля 2000 км, шыр. больш за 1200 км, пл.каля 630 тыс.км². Пераважныя выш. 900—1000 м. Абмежавана на У і З ступеньчатымі плато і глыбавымі хрыбтамі, на Пн водападзелам рэк Конга—Замбезі, на Пд далінай р. Аранжавая. На раўніннай паверхні чырв. і белыя пяскі, дзюны (выш. да 100 м), западзіны з саланчакамі. Клімат трапічны, на Пн ад р. Замбезі субэкватарыяльны. Ападкаў ад 150 мм за год на Пд да 1000 мм на Пн. Расліннасць на Пн — рэдкалессі, паркавыя саванны з акацыямі, баабабамі, на Пд — паўпустыні і пустыні. Найб.нац. паркі: Калахары-Хемсбак (ПАР), Этоша (Намібія) і інш.