ДЫФРА́КЦЫЯ РЭНТГЕ́НАЎСКІХ ПРАМЯНЁЎ,

з’ява, што выяўляецца пры пругкім рассеянні рэнтгенаўскіх прамянёў крышталямі (або малекуламі вадкасцей і газаў), пры якім з першаснага пучка прамянёў узнікаюць другасныя адхіленыя пучкі той жа даўжыні хвалі.

Д.р.п. эксперыментальна выяўлена ням. фізікамі М.​Лаўэ, В.​Фрыдрыхам і П.​Кніпінгам (1912) як доказ хвалевай прыроды рэнтгенаўскіх прамянёў. Крышталь з’яўляецца натуральнай трохмернай дыфракцыйнай рашоткай (адлегласці паміж атамамі аднаго парадку з даўжынёй хвалі λ); напрамак дыфракцыйных максімумаў у агульным выпадку падпарадкоўваецца ўмовам Лаўэ: a(cosα − cosα0) = hλ, b(cosβ − cosβ0) = kλ, c(cosγ − cosγ0) = lλ, дзе a, b, c — памеры крышт. рашоткі, α0, β0, γ0 — вуглы, што ўтварае падаючы прамень, α, β, γ — рассеяны прамень з восямі крышталя, h, k, l — цэлыя лікі (індэксы Мілера). Дыфракцыйную карціну назіраюць на нерухомым крышталі з выкарыстаннем поліхраматычнага выпрамянення (Лаўэ метад), пры вярчэнні або ваганнях крышталя, а таксама на полікрышталях пры асвятленні монахраматычным выпрамяненнем (гл. Дэбая—Шэрэра метад). Д.р.п. выкарыстоўваецца для даследаванняў атамнай структуры рэчыва, рашэння задач матэрыялазнаўства, у рэнтгенаўскай спектраскапіі. Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз, Рэнтгенаграфія матэрыялаў.

Літ.:

Иверонова В.И., Ревкевич Г.П. Теория рассеяния рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1978.

М.​М.​Аляхновіч.

т. 6, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,

найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.

Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 10​2) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4∙10​2 + 7∙10​1 + 3∙10​0 = 473. Гл. таксама Лічэнне.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КІ МО́ВЫ,

найдрабнейшыя непадзельныя адзінкі вуснай мовы, што выконваюць функцыю адрознення і атаясамлівання гукавых абалонак слоў. Не з’яўляючыся носьбітамі значэння, гукі мовы фарміруюць слыхавы вобраз марфемы, слова, выказвання, якія дзякуючы замацаваным за імі ў свядомасці носьбітаў мовы лексічным і грамат. значэнням дазваляюць ажыццяўляць моўную сувязь.

У анатама-фізіял. плане гукі мовы вызначаюцца становішчам сукупнасці органаў мовы (артыкулятараў) у час іх вымаўлення (гл. ў арт. Артыкуляцыя). У акустычным плане — гэта перыядычныя і неперыядычныя гукавыя хвалі, што накладваюцца адна на адну або чаргуюцца ў часе і ўтвараюць бесперапынную моўную плынь. Дыскрэтнасць (раздзельнасць) гукаў мовы вызначаецца зменай крыніцы гуку (квазіперыядычнай, шумавой, імпульсна-шумавой, яе адсутнасцю), якая згладжваецца зменай рэзанатараў (аб’ёму поласцей рота, носа і глоткі). У залежнасці ад крыніцы і функцыі ў складзе гукаў мовы падзяляюцца на галосныя гукі і зычныя гукі (выбухныя, фрыкатыўныя, афрыкатыўныя і плаўныя). На аснове здольнасці адрозніваць марфемы і словы ўся разнастайнасць гукаў мовы аб’ядноўваецца ў адносна невял. групу фанем, што дае магчымасць носьбітам мовы ўспрымаць фізічна нятоесныя гукі з розных фанет. пазіцый як адзін і той жа гук.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НІЙ (лац. Germanium),

Ge, хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 32, ат. м. 72,59. Прыродны складаецца з 5 стабільных ізатопаў, найб. колькасць ​74Ge (36,54%). У зямной кары 1,5∙10​−4% па масе. Належыць да рассеяных элементаў. Адкрыты ў 1886 К.А.Вінклерам, названы ім у гонар яго радзімы (Германія).

Цвёрдае крохкае рэчыва серабрыстага колеру з метал. бляскам, tпл 938,25 °C, шчыльн. 5323 кг/м³ (25 °C), шчыльн. вадкага 5557 кг/м³ (1000 °C). Паўправаднік, шырыня забароненай зоны 0,66 эВ. Пры звычайных умовах устойлівы да ўздзеяння вады, кіслароду, разбаўленых к-т. Узаемадзейнічае з азотнай к-той, царскай гарэлкай, растворамі шчолачаў у прысутнасці акісляльніку (утварае солі германаты, пры награванні — з большасцю неметалаў. У паветры пры 700 °C акісляецца да германію дыаксіду. Пры сплаўленні з металамі ўтварае германіды — крохкія цвёрдыя рэчывы з метал. бляскам (напр., германід цырконію Zi5Ge3, tпл 2330 °C). Атрымліваюць з пабочных прадуктаў пры перапрацоўцы руд каляровых металаў, з попелу некаторых відаў вугалю, адходаў коксахім. вытв-сці. Выкарыстоўваюць у паўправадніковай тэхніцы для вырабу дыёдаў, транзістараў, тэрма- і фотарэзістараў; як кампанент сплаваў, матэрыял для лінзаў у прыладах інфрачырвонай тэхнікі і дэтэктараў іанізавальнага выпрамянення.

І.​В.​Боднар.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПІСЬМО́,

слоўна-складовая сістэма пісьма, якая абслугоўвала старажытнаегіпецкую мову (каля 4-га тыс. да н.э. — 3—4 ст. н.э.). Мела 3 разнавіднасці: іерагліфіка, іератыка і дэмотыка (гл. Дэматычнае пісьмо). Пачатковы этап Е.п. — малюнкавая ідэаграфія (гл. Ідэаграфічнае пісьмо) якая развілася з піктаграфічнага пісьма.

Кожны малюнак абазначаў канкрэтны прадмет, з часам малюнкі сталі набываць пэўную сімволіку (напр., малюнак пчалы стаў абазначаць не толькі пчалу, а і занятак, стараннасць, працавітасць). Большасць іерогліфаў маглі мець гукавое значэнне: абазначалі спалучэнне 2 і больш зычных гукаў або асобны гук (усяго 24). Галосныя гукі ў іерагліфічным Е.п. не абазначаліся. Фанаграмы ў ім пераважалі над ідэаграмамі. Іерогліфаў, што найчасцей ужываліся, было каля 700. Выкарыстанне папірусу і трысняговай палачкі выклікала выпрацоўку курсіву — іератыкі, якая з’яўлялася спрашчэннем іерагліфікі. Абедзве разнавіднасці ўжываліся паралельна каля 3000 гадоў. Іератыкай пісаліся літ., навук. творы, дзелавыя паперы і інш. У 8 ст. да н.э. з іератыкі развіўся новы курсіў — дэмотыка, якая характарызуецца наяўнасцю большай колькасці лігатур і большай курсіўнасцю. Е.п. ўпершыню (1822) дэшыфраваў франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

М.​А.​Паўленка.

Да арт. Егіпецкае пісьмо. Узор іератычнага пісьма (зверху); той жа тэкст у іерагліфічнай перадачы.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СЦІНА,

адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Адрозніваюць І. абсалютную і адносную. Абсалютная — поўныя (вычарпальныя) веды пра вывучаемы прадмет, якія не могуць быць абвергнуты наступным развіццём пазнання;адносная — няпоўныя (абмежаваныя аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі абставінамі) веды пра той жа прадмет. Гэтыя І. дыялектычна ўзаемазвязаны; абсалютная складаецца з адносных, у кожнай адноснай змяшчаецца «часцінка» абсалютнай І. Практыка пераконвае, што чалавецтва не ў стане пазнаць абсалютную І., але пастаянна набліжаецца да яе, да раскрыцця сутнасці быцця. Такім чынам, І. — дыялект. працэс, што ідзе ў кірунку ўсё большай паўнаты адлюстравання аб’екта і пераадольвае на сваім шляху памылковыя погляды. Найважнейшая праблема — адмежаванне І. ад памылак, пошук крытэрыя І. Яе імкнуліся знайсці ант. філосафы, не знайшоўшы такога рашэння, яны схіляліся да агнастыцызму і скептыцызму. Аб’ектыўныя ідэалісты разглядалі І. як вечныя, абсалютныя ўласцівасці ідэальных аб’ектаў (Платон), як божае адкрыццё (Аўгусцін). Суб’ектыўныя ідэалісты разумеюць І. як згоду мыслення з яго апрыёрнымі формамі (І.​Кант), як найб. простую ўзгодненасць адчуванняў (Э.​Мах, Р.​Авенарыус), форму псіхал. стану асобы (экзістэнцыялісты) і г.д. Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з аб’ектыўнасці зместу І., прызнае ў якасці гал. крытэрыя І. сац.-гіст. практыку людзей.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́СТЭРНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел тэорыі распазнавання вобразаў, у якім разглядаюцца задачы разбівання (класіфікацыі) дадзенай сукупнасці аб’ектаў на групы (кластэры) блізкіх паміж сабой паводле вызначаных прыкмет аб’ектаў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (напр., аўтаматызаваная дыягностыка захворванняў), крыміналістыцы (напр., у дактыласкапіі), метэаралогіі (прагназаванне надвор’я), геалогіі (аналіз новых радовішчаў), распазнаванне друкаванага ці рукапіснага тэксту, мовы чалавека і інш.

Задачы К.а. бываюць з зададзеным ці невядомым лікам кластэраў, без навучання і з навучаннем з дапамогай чалавека-эксперта, з саманавучаннем распазнавання вобразаў. У залежнасці ад складанасці пастаўленай задачы для адной і той жа сукупнасці аб’ектаў можна выбіраць розныя прыкметы і іх колькасць. Адной з праблем К.а. з’яўляецца выбар найменшай колькасці незалежных прыкмет, паводле якіх адбываецца разбіванне на кластэры. Дзве групы аб’ектаў лічацца рознымі кластэрамі, калі яны выразна раздзелены і канцэнтруюцца вакол сваіх цэнтраў, маюць розную шчыльнасць размяшчэння аб’ектаў, а адлегласць паміж аб’ектамі любога кластэра значна меншая за адлегласць паміж кластэрамі.

На Беларусі даследаванні па праблемах К.а. праводзяцца ў БДУ і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН.

Літ.:

Дюран Б., Оделл П. Кластерный анализ: Пер. с англ. М., 1977;

Т у Дж.Т., Гонсалес Р.К. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978.

С.​У.​Абламейка, В.​В.​Старавойтаў.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЭ́ННЕ, нумарацыя,

сукупнасць прыёмаў абазначэння (запісу) і назвы натуральных лікаў. Сістэмы Л. бываюць пазіцыйныя (найб. пашыраны) і непазіцыйныя. У большасці сістэм Л. лікі абазначаюцца паслядоўнасцю лічбаў.

Найб. дасканалыя пазіцыйныя сістэмы Л. грунтуюцца на прынцыпе, паводле якога адзін і той жа лікавы знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад месца, дзе ён знаходзіцца. Пэўны лік n адзінак (аснова сістэмы Л.) утвараюць адзінку 2-га разраду, n адзінак 2-га разраду — адзінку 3-га разраду і г.д. Асновай такіх сістэм можа быць любы лік, большы за 1, напр., 2 (двайковая сістэма лічэння), 5, 10 (дзесятковая сістэма лічэння), 12, 20, 40, 60. Першая такая сістэма (шасцідзесятковая вавілонская) узнікла каля 4 тыс. гадоў назад і выкарыстоўваецца пры вымярэнні і запісе вуглоў і часу. Існуюць простыя правілы пераводу лікаў з адной сістэмы Л. ў другую. У непазіцыйных сістэмах Л., якія выкарыстоўваюцца ў мадулярнай арыфметыцы, кожны лічбавы знак мае пастаяннае значэнне незалежна ад свайго месцазнаходжання ў запісе любога ліку. Напр., кожны цэлы лік ад 0 да 104 адназначна выяўляецца сваімі астачамі ад дзялення на 3, 5 і 7. Пры складанні, адыманні і множанні лікаў дастаткова аперыраваць толькі гэтымі астачамі, што значна павялічвае хуткасць вылічэнняў.

В.​І.​Бернік.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л КІРУЛА́РЫЙ (Michaēl Kerularios; каля 1000—1058),

канстанцінопальскі патрыярх у 1043—58. Паходзіў са знатнай сям’і. У 1040 быў адным з арганізатараў змовы супраць візант. імператара Міхаіла IV, пасля яе правалу сасланы і пастрыжаны ў манахі. Змяніў на патрыяршым прастоле Аляксея Студыта. Імкнуўся да ўзвышэння ролі канстанцінопальскага патрыяршаства. У 1054 адкрыта абвясціў прынцып перавагі духоўнай улады над свецкай. Адстойваў незалежнасць царквы ад імператарскай улады (у 1057 прымусіў імператара адмовіцца ад права прызначэння на некаторыя вышэйшыя царк. пасады), закрыў у Візантыі падпарадкаваныя Рыму цэрквы і манастыры. Адмовіўся прызнаць вяршэнства папы над усх. царквой, імкнуўся пашырыць праваслаўе і ў Паўд. Італіі. 16.6.1054 у Канстанцінопалі рым. легат кардынал Гумберт адлучыў М.К. ад царквы, той у сваю чаргу адлучыў Гумберта і аб’явіў прыхільнікаў зах. царквы ератыкамі (у ліп. 1054 адбыўся канчатковы падзел усх. і зах. хрысціянскіх цэркваў). У 1057 М.К. паспрыяў уступленню на прастол імператара Ісаака I Камніна, але адносіны паміж імі абвастрыліся ў выніку канфіскацый імператарам царк. і манастырскай маёмасці. У ліст. 1057 арыштаваны і сасланы. Адмовіўся добраахвотна адрачыся ад патрыяршага прастола і памёр, не дачакаўшыся суд. працэсу, прызначанага імператарам.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАПЕРАПРАЦО́УКА,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўцы нафты для атрымання розных відаў паліва, змазачных матэрыялаў, бітумаў, парафінаў і інш. нафтапрадуктаў. Працэсы Н. падзяляюцца на першасныя (адбываюцца без змен хім. будовы кампанентаў нафты) і другасныя (накіраваны на пэўную змену структуры нафтавых вуглевадародаў). Перапрацоўцы нафты папярэднічаюць працэсы стабілізацыі (выдаленне раствораных газаў), абязводжвання і абяссольвання.

Асн. працэс першаснай Н. — перагонка нафты (тэрмічнае раздзяленне яе на часткі ці фракцыі з атрыманнем прамагоннага бензіну, газы, рэактыўнага, дызельнага і кацельнага паліва, топачнага мазуту). Прамагонныя бензіны складаюць да 25% ад масы нафты, маюць невысокую дэтанацыйную ўстойлівасць і патрабуюць далейшай апрацоўкі. Балансавы дэфіцыт светлых нафтапрадуктаў і павышэнне іх якасці дасягаецца пры другасных працэсах Н. — каталітычным крэкінгу, каксаванні, гідракрэкінгу, рыформінгу, ізамерызацыі, полімерызацыі, алкіліраванні і інш. Ачыстка нафтапрадуктаў, атрыманых пры першасных і другасных працэсах, уключае выдаленне сярністых, азоцістых і кіслародных злучэнняў, смалістых рэчываў, цвёрдых парафінаў. Светлыя нафтапрадукты спачатку апрацоўваюць водным растворам шчолачы ці сернай к-ты. Сярністыя злучэнні з іх выдаляюць метадам каталітычнай гідраачысткі пры наяўнасці каталізатара і вадароду. Для ачысткі масляных фракцый карыстаюцца сернай к-той, селектыўнымі растваральнікамі (фенолам, фурфуролам, нітрабензолам і інш.) і спец. адсарбентамі. Дэасфальтызацыя масляных фракцый ажыццяўляецца вадкім прапанам. Гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)