інкарпара́цыя, ‑і, ж.

1. Кніжн. Далучэнне, уключэнне ў свой склад чаго‑н. Інкарпарацыя новых абласцей.

2. У юрыспрудэнцыі — сістэматызацыя выдадзеных у розны час законаў у алфавітным, храналагічным парадку ці па асобных галінах права без унясення змен у іх змест. Інкарпарацыя дзеючых законаў БССР.

3. У лінгвістыцы — спосаб сінтаксічнай сувязі паміж словамі, пры якім галоўны член словазлучэння зліваецца з залежнымі членамі ў фанетыка-марфалагічны комплекс, аналагічны слову.

[Лац. incorporatio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і́дал, ‑а, м.

1. Статуй, скульптура, якім язычнікі пакланяліся як бажаству. Дзікунскі ідал. □ Не веру ідалам паганым, Што выразаюць разьбяры, Бажкам не веру маляваным, Што мажуць фарбай маляры. Купала.

2. перан. Пра таго, хто з’яўляецца прадметам абажання або нізкапаклонства. Жанчына павінна быць жанчынай, а не муміяй, якая дзеля свайго ідала адраклася ад усяго зямнога. Лобан.

3. Лаянк. Нягоднік. — Жартачкі — сто гусей перадушыў — ідал! Ваданосаў.

[Ад грэч. eidōlon — скульптура, малюнак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацвярдзе́ць, ‑ее; зак.

Зрабіцца цвёрдым, каляным. Зацвярдзела зямля, і кожны крок чалавека стаў аддавацца звонкім гулам. Шчарбатаў. Трэба было разліваць сталь, і Барашкін узяў у рукі тонкі жалезны лом, на якім.. зацвярдзеў метал ранейшай плаўкі. Савіцкі. // перан. Стаць суровым, строгім. Прыветлівая ўсмешка знікла з твару гаспадыні. А дзяўчынка, убачыўшы, як адразу зацвярдзеў твар жанчыны, ужо вельмі шкадавала, што паслухалася маці і абяцала папрасіць грошай. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згіб, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. згібаць — сагнуць (у 1, 2 знач.).

2. Дугападобны паварот; звіліна, крывізна. Вера з акна мансарды бачыла толькі круты згіб ракі і зялёную роўнядзь лучкі. Асіпенка. / Пра лініі цела, рысы твару. Згіб хрыбетніка. Згіб шыі.

3. Месца, па якім што‑н. сагнута або згібаецца. Лакцявы згіб. □ На пацёртым згібе дакумента цьмяна вырысоўвалася машынапісная дзевятка, падобная на васьмёрку. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

квадра́т, ‑а, М ‑раце, м.

1. Роўнастаронні прамавугольнік. // Пра ўсё, што мае такую форму. [Любка] сядзела і абыякава ўглядалася ў шэры квадрат акна, за якім было пуста і глуха. Лынькоў. А навокал — шырокімі палатнінамі паслалася калгаснае поле, парэзанае на роўныя квадраты сеткай палявых дарог. Зарэцкі.

2. Здабытак ад памнажэння якога‑н. ліку на самога сябе. Квадрат ліку 5 раўняецца 25.

•••

Узвесці ў квадрат гл. узвесці.

[Ад лац. quadratus — чатырохвугольны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

млын, ‑а, м.

1. Машына для здрабнення розных матэрыялаў, якая выкарыстоўваецца ў горнай, хімічнай і інш. галінах прамысловасці.

2. Прадпрыемства, на якім мелюць збожжа; будынак з устаноўленымі ў ім прыстасаваннямі для размолу збожжа. Паравы млын. Ветраны млын. □ На беразе Марачанкі сярод поплаву відна была будыніна — вадзяны млын. Лобан. Рачулка чыстая з-за млына Цячэ праз травы і камлі. Лось.

•••

Ліць ваду на млын каго, чый гл. ліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невераго́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць неверагоднага (у 1, 3 знач.). Неверагоднасць здагадкі. Неверагоднасць чутак.

2. Што‑н. неверагоднае, немагчымае. Марынцы хацелася слухаць Паходню, у якога, як ёй здавалася, было безліч цікавых гісторый, — ён прайшоў шлях, у якім сапраўднасць змешваецца з неверагоднасцю. Хадкевіч.

•••

Да неверагоднасці — надзвычайна, у самай высокай ступені. Гіпотэзы.. былі смелыя да неверагоднасці і грунтаваліся больш на здагадках, чым на навуковай аснове. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўтаймава́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога цяжка, немагчыма ўтаймаваць, стрымаць, сцішыць. Светлае, ласкавае неба, неўтаймаваны.. акіян прыцягвалі да сябе позірк. Гамолка. Пасля вячэры неўтаймаваная моладзь сабралася на клубнай пляцоўцы зноў. Васілевіч. // Уласцівы такому чалавеку. Неўтаймаваная натура. // Надзвычайны ў сваім праяўленні, вельмі моцны. — Што, я ў цябе пытаюся? — .. [бацька] зноў кінуў на Міхася позірк, у якім было поўна неўтаймаванай лютасці. Дамашэвіч. Усе жылі адным неўтаймаваным жаданнем — наперад, наперад! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павесяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць, зрабіцца вясёлым, весялейшым. Дзеці разварушыліся, павесялелі і выйшлі з таго стану замкнёнасці, у якім яны яшчэ так нядаўна былі. Колас. А калі Міхаська пачаў бегаць у школу ды пакрысе чытаць буквар, бацька павесялеў яшчэ больш. Якімовіч. // Стаць, зрабіцца лепшым, прыгажэйшым і пад. Горад, здавалася, пасвятлеў і павесялеў. Грахоўскі. Добра расце ўсё, зямля неяк павесялела, быццам бы маладою стала. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падло́га, ‑і, ДМ ‑лозе, ж.

1. Насціл у памяшканні, па якім ходзяць. Паркетная падлога. □ Глеб Іванавіч устаў і захадзіў па цеснай хаце, прыслухоўваючыся, як рыпіць падлога пад нагамі. Дуброўскі. Млын калаціўся, скрыпеў падлогаю, гуў камянямі. Чорны.

2. Дол, ніз (пераважна ў жыллёвым памяшканні). Насцілу ў хаце яшчэ не было, падлога засталася земляная. Кавалёў. У зямлянку з дзвярэй прарвалася вада, яна залівала гліняную падлогу. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)