здольнасць чалавека ўспрымаць і ацэньваць эстэт. ўласцівасці з’яў і прадметаў, адрозніваць прыгожае і агіднае. У выпадках ацэнкі твораў мастацтва густ эстэтычны называецца маст. густам. Праяўляецца пераважна як сістэма асобасных прыхільнасцей, якія арыентуюцца на агульнапрынятыя эстэт. ацэнкі. Уяўляе сабой эмацыянальна-рацыянальнае засваенне рэчаіснасці, выступае як адзінства эстэт. пачуцця і эстэт. ідэалу (найвышэйшага крытэрыя эстэт. ацэнкі). Праблема густу эстэтычнага атрымала асаблівае развіццё ў эстэтыцы 17—18 ст. (Б.Грасіян-і-Маралес). Франц. філосафы-асветнікі і эстэтыкі класіцызму (Н.Буало, Ш.Бацё, Ш.Л.Мантэск’ё, Вальтэр і інш.) трактавалі густ эстэтычны з пазіцый рацыяналізму і нарматывізму. У англ. сенсуалістычнай эстэтыцы (А.Шэфтсберы, Г.Хом і інш.) густ эстэтычны звязвалі з характарам чалавечых адчуванняў і этычнымі нормамі. Суб’ектыўнасць густу эстэтычнага акцэнтавалася Д.Юмам. Густ эстэтычны І.Кант абгрунтоўваў як прынцыповы суб’ектывізм і прыроджаны характар, лічыў з’явай адначасова грамадскай і індывідуальнай. Марксісцка-ленінская эстэтыка разглядала густ эстэтычны перш за ўсё як сац.-гіст. з’яву. У аналізе густу эстэтычнага рус.рэв.-дэмакр. эстэтыкі акцэнт рабіўся на сац.-гіст. ўмовы фарміравання асобы.
У бел.культуры цікавасць да праблемы густу эстэтычнага пачынаецца з эпохі Адраджэння (М.Гусоўскі, Ф.Скарына). У спасціжэнні прыроды густу эстэтычнага Сімяон Полацкі і М.Сарбеўскі абапіраліся на эстэтыку класіцызму і барока, Я.Чачот, В.Каратынскі зыходзілі з узвышанага эстэт. ідэалу, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына — з сац. рэальнасці. М.Багдановіч імкнуўся выявіць сутнасць густу эстэтычнага на аб’ектыўнай аснове, шукаў эстэт. магчымасці для выключэння суб’ектывізму, густаўшчыны, З.Бядуля зыходзіў з паняцця прыгожага, як агульначалавечай каштоўнасці. За ацэнкамі густу эстэтычнага заўсёды стаіць асоба ва ўсёй сваёй духоўнай непаўторнасці. Таму фарміраванне густу эстэтычнага выступае як адна з цэнтр. задач эстэт. выхавання і развіцця асобы.
Літ.:
Эстетическое воспитание на современном этапе: Теория, методология, практика. М., 1990;
Салееў В.А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся ў Мінску 5—16.2.1929. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 222 з дарадчым голасам ад 41 207 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздача ЦККП(б)Б (Я.Б.Гамарнік); даклад Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Я.М.Кроль); справаздача ЦКККП(б)Б (А.Я.Калнін); даклад аб пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі і культурыБССР 1928/29—1932/33 (М.М.Галадзед); аб вярбоўцы рабочых у партыю і чыстцы КП(б)Б (І.А.Васілевіч); аб рабоце прафсаюзаў (І.П.Рыжоў); выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
Гал. ідэя, што вызначыла ход з’езда і яго пастановы, — ідэя абвастрэння класавай барацьбы. Ставіліся задачы ўсямернага і няўхільнага павышэння ўдзельнай вагі прам-сці, асабліва буйной, калектывізацыі сельскай гаспадаркі з прыярытэтам калгаснай і саўгаснай формаў. Гал. разлік рабіўся на адм. пры мусовыя меры ў спалучэнні з маральнымі стымуламі, на энтузіязм, сацыяліст. спаборніцтвы і паліт. выхаванне. Курс на адзяржаўленне вытв-сці і размеркавання, выцяснення прыватнага капіталу з вытв-сці, фінансаў, гандлю, які выразна выявіўся ў 1926—27, набыў у рашэннях з’езда завершанае афармленне. Указвалася на неабходнасць павышэння тэмпаў ліквідацыі непісьменнасці, пашырэння сеткі школ, падрыхтоўкі маладых навук. сіл, якія выйшлі з пралет. асяроддзя. З’езд патрабаваў узмацніць барацьбу з праявамі шавінізму, нацыянал-дэмакратызму, нацыянал-ухілізму ў розных формах, што прыкрывала змену курсу ўсёй нац. палітыкі. Для БССР гэта азначала адмаўленне ад палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў 1920-я гады. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 77 чл. і 57 канд., ЦКК з 76 чал., Цэнтр.рэвіз. камісію з 7 чал.
Літ.:
Стэнаграфічная справаздача XII з’езда КП(б)Б (5—14 лют. 1929 г.). Мн., 1929;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦКТ. 2. 1928—1932. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВАЯ МІКРАБІЯЛО́ГІЯ,
раздзел мікрабіялогіі, які вывучае склад і функцыі мікрабіяцэнозаў глеб, іх сувязь з раслінамі і ролю ў трансфармацыі арган. і мінер. рэчываў глеб. Даследуе ролю мікраарганізмаў у павышэнні ўрадлівасці глебы, у жыўленні раслін, распрацоўвае спосабы прыгатавання бактэрыяльных угнаенняў і сіласавання кармоў. Цесна звязана з глебавай энзімалогіяй, біяхіміяй, глебазнаўствам.
Як навука сфарміравалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. У яе развіцці важную ролю адыгралі працы нідэрл. вучонага М.Беерынка, які вылучыў і апісаў чыстыя культуры азотфіксавальных клубеньчыкавых бактэрый (1888) і азотабактэру (1901), рус. вучоных С.М.Вінаградскага (адкрыў з’яву хемасінтэзу), М.А.Красільнікава (працы па мікрафлоры глебы) і інш.
На Беларусі развіваецца з 1930-х г. З 1950-х г. даследаванні па глебавай мікрабіялогіі вядуцца ў НДІ глебазнаўства і аграхіміі, земляробства і кармоў, меліярацыі і лугаводства, у Нац.АН, БДУ, БСГА і інш.Асн. кірункі даследаванняў: узаемаадносіны мікраарганізмаў глебы і вышэйшых раслін, працэсы біял. фіксацыі атм. азоту, уплыў акультурвання глеб на мікробны цэноз (С.А.Самцэвіч), мікрафлора асн. тыпаў лясоў, глеб Палескай ніз. (П.П.Рагавой, М.І.Мільто, Г.І.Язубчык), мікрабіял. працэсы мінералізацыі арган. рэчыва тарфяна-балотных глеб пад уплывам меліярацыі і мех. апрацоўкі глебы (Ф.П.Вавула, Т.Г.Зіменка, Н.М.Курбатава-Белікава і інш.), уздзеянне экалагічных фактараў (цяжкія металы, пестыцыды, прамысл. адходы і радыенукліды) на мікраарганізмы глебы (В.І.Калешка, А.І.Двайнішнікава, Зіменка, А.С.Самсонава, Н.В.Гаўрылкіна, А.Г.Міснік, Л.А.Карагіна, Т.І.Каляда і інш.). Пытанням стварэння і выкарыстання бактэрыяльных прэпаратаў у раслінаводстве прысвечаны працы Зіменкі, Мільто, М.А.Троіцкага, Карагінай і інш.Гал. Задача глебавай мікрабіялогіі ў сучасных умовах — энергазберагальная біялагізацыя раслінаводства, накіраваная на зніжэнне ўзроўню выкарыстання сродкаў хімізацыі і атрыманне чыстай прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБОЖЖАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,
машына для ўборкі збожжавых культур прамым камбайнаваннем або раздзельным (двухфазным) спосабам. Абсталяваны адпаведнымі прыстасаваннямі, можа ўбіраць насеннікі траў і цукр. буракоў, кукурузу, сланечнік, зернебабовыя, крупяныя і інш.культуры. Пры прамым камбайнаванні З.к. ажыццяўляе ўборку за адзін праход: адначасова скошвае і абмалочвае збажыну, вылучае, ачышчае і збірае зерне ў бункер, скідвае салому ў капноўшчык або на поле (у валок ці рассыпае здробненую). Пры раздзельным спосабе ўборкі збажына ў стадыі васковай спеласці скошваецца жняяркай З.к. і ўкладваецца ў валкі, а калі зерне даспее і валкі падсохнуць, камбайн з дадаткова зманціраваным падборшчыкам (або з платформай-падборшчыкам) падбірае валкі і абмалочвае іх.
З.к. бываюць: самаходныя, прычапныя і навясныя; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя; 1-, 2- і 3-барабанныя. Найб. пашыраны самаходныя З.к., якія складаюцца з жняяркі (хедара), малатарні, капноўшчыка або здрабняльніка саломы з дэфлектарам, бункера для зерня, рухавіка, хадавой часткі, органаў кіравання (у найноўшых — з камп’ютэрам). У краінах СНД выкарыстоўваюць пераважна самаходныя З.к. расійскай вытв-сці: аднабарабанныя СК-5М «Ніва» (прапускная здольнасць 5,5 кг/с) і «Дон-1500» (8 кг/с); двухбарабанныя «Енісей—1200» (6 кг/с); ротарныя СК-10 «Ротар» (10—12 кг/с) і інш. Двухбарабанныя З.к. эфектыўныя на ўборцы вільготнай збажыны і збожжавых культур, якія цяжка абмалочваюцца. Першы З.к. сканструяваў рус. вынаходнік А.Р.Уласенка ў 1868, серыйны выпуск З.к. ў СССР пачаўся ў 1929 на з-дзе «Камунар» у г. Запарожжа (Украіна).
На Беларусі выкарыстоўваюць у асноўным З.к. «Ніва», «Дон-1500», а таксама камбайны вытв-сці ФРГ (Е-525, Е-527, МЕГА-218) і Фінляндыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́Ц,
гарадскі пасёлак у Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Дзяржынскам, Стоўбцамі, Навагрудкам. За 31 км ад Валожына, 60 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Койданава, на лініі Мінск—Баранавічы. 5 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. У 1522 згадваецца як мястэчка Мінскага пав, ВКЛ, уладанне Салагубаў. У сярэдзіне 16 ст. ў І. пратэстанцкая абшчына, кальвінскі збор, школа, шпіталь. У 1606 пабудаваны касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 моцна разбураны. У 1702 заснаваны касцёл і кляштар францысканцаў. У пач. 18 ст. цэнтр графства. У 1709 згарэлі 210 двароў, касцёл. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мінскага пав. У 1869 адкрыта нар. вучылішча. У 1880-я г. ў І. 288 дамоў, 2 школы, 35 крам, 17 ганчарных майстэрань, 2 пастаялыя двары, 2 касцёлы, праводзіліся 2 кірмашы штогод. У 1888 у час пажару амаль поўнасцю згарэў. У 1897—2445 ж., 399 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1923 цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв., 2226 жыхароў. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 гар. пасёлак, да крас. 1962 цэнтр Івянецкага раёна. З 25.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, якія ў І. і раёне загубілі 2789 чал. У чэрв. 1943 партызаны разграмілі ў І. варожы гарнізон. У 1962—65 у Стаўбцоўскім, у крас.—снеж. 1962 і з 1965 у Валожынскім р-нах, з кастр. 1973 цэнтр сельсавета. У 1971—3,7 тыс. жыхароў.
Фабрыка маст. керамікі. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў (1702—05), Івянецкі Аляксееўскі касцёл (1905—07), сядзіба (пач. 20 ст.). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Івянецкая кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка, прызначаная для аднаго муз. інструмента, ансамбля інструментаў або аркестра. Пачатковыя формы І.м. (сігналы, гукапераймальныя, магічна-абрадавыя найгрышы) вядомы з глыбокай старажытнасці. Розныя жанры І.м. прадстаўлены ў муз. культурах розных народаў свету. У еўрап.прафес. музыцы найб. пашыраны жанры мініяцюры, варыяцый, санаты, квартэта, квінтэта, трыо, сюіты, сімфоніі, сімфанічнай паэмы, канцэрта, фантазіі. Беларусы маюць разнастайны па жанрах і відах інстр. фальклор (гл.Народная музыка, Народныя інструментальныя ансамблі). У 11—12 ст. развіццё І.м. на Беларусі звязана з ваен., гар. і княжацкім замкавым побытам, дзейнасцю скамарохаў. З 15 ст. з будаўніцтвам касцёлаў культывуецца арганная музыка. Найб. ранні ўзор свецкай быт. ансамблевай І.м. т. зв.«Полацкі сшытак». Значны рост муз.культуры Беларусі ў канцы 18—19 ст., паяўленне таленавітых выканаўцаў-інструменталістаў, шматлікіх аркестраў і ансамбляў стымулявалі кампазітарскую інстр. творчасць. ААбрамовіч, І.Глінскі, М.Ельскі, Ф.Міладоўскі, Н.Орда стварылі багатую л-ру для скрыпкі і фп. (апрацоўкі нар. песень і танцаў, вальсы, мазуркі. паланэзы, накцюрны, маршы, праграмныя характарыстычныя п’есы, варыяцыі, санаты, скрыпічныя канцэрты). У перыяд станаўлення бел.прафес. кампазітарскай школы (1920—30-я г.) паявіліся першыя нац. сімфоніі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, камерна-ансамблевыя творы, п’есы для духавых інструментаў, зарадзілася традыцыя выкарыстання ў прафес. музыцы нар. інструментаў (найперш бел. цымбалаў). У пасляваен. гады інтэнсіўна развіваюцца жанры сімфоніі, канцэрта, санаты, расшыраецца кола муз. інструментаў і складаў, для якіх бел. кампазітары пішуць творы, асвойваюцца новыя жанры (напр., камерная сімфонія, канцэрт для аркестра, таката, бурлеска і інш.). Значныя дасягненні ў сферы І.м. маюць кампазітары Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, А.Багатыроў, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, І.Жыновіч, В.Капыцько, С.Картэс, А.Мдывані, П.Падкавыраў, Ф.Пыталеў, Дз.Смольскі, Р.Сурус, Э.Тырманд, Я.Цікоцкі, М.Чуркін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ГІСТО́РЫІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1929 на базе гіст. кафедраў Інстытута беларускай культуры. Спачатку называўся Ін-там гіст.навук. У 1950-я г.ін-т стаў каардынацыйным цэнтрам рэспублікі па вывучэнні гісторыі Беларусі.
Асн. кірункі дзейнасці: археал. палявыя даследаванні помнікаў першабытнаабшчыннага ладу (каменнага, бронзавага, жал. вякоў) і сярэдневякоўя; вывучэнне, класіфікацыя і аналіз атрыманых даных, распрацоўка на іх аснове праблем ранняй гісторыі насельніцтва Беларусі; даследаванне па пісьмовых крыніцах сац.-эканам., грамадска-паліт., дзярж., нац.-культ. развіцця, замежных сувязей Беларусі; даследаванні па спец.гіст. навуках і інш. Аддзелы (1998): археалогіі каменнага і бронзавага вякоў, археалогіі жал. веку, археалогіі сярэдневяковага перыяду, археалогіі і гісторыі Полацкай зямлі, гісторыі Беларусі 13—18 ст., гісторыі Беларусі 19 — пач 20 ст., ваен. гісторыі Беларусі сав. перыяду, сац.-эканам. і паліт. гісторыі сав. перыяду, гісторыі нац.-культ. развіцця Беларусі 20 ст., нац. і міжнар. адносін, спец.гіст. навук; група гіст. навукі, цэнтр.навук. архіў Нац.АН Беларусі. Аспірантура (з 1934), савет па каардынацыі гіст. даследаванняў (з 1960), дактарантура (з 1988). У ін-це працавалі акад.АНБССР П.В.Горын, З.Х.Жылуновіч (Цішка Гартны), У.М.Ігнатоўскі, І.С.Краўчанка, С.Ю.Матулайціс, М.М.Нікольскі, У.М.Перцаў, У.І.Пічэта, В.А.Сербента, В.К.Шчарбакоў, А.М.Ясінскі, чл.-кар. Н.В.Каменская, І.Я.Марчанка, П.Ц.Петрыкаў, К.І.Шабуня, працуюць акад. І.М.Ігнаценка, М.П.Касцюк (з 1989 дырэктар). Ін-там падрыхтаваны і выдадзены «Гісторыя Мінска» (1967), «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 1—2, 1970—72), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95), 3-томная «Гісторыя сялянства Беларусі» (т. 1, 1997), 4-томная «Археалогія Беларусі» (т. 1, 1997) і інш.
Літ.:
Институт истории АН Беларуси: Краткий очерк. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАНІ́СТЫКА,
комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем гісторыі, мовы, філас. і культ. спадчыны народаў Ірана і іранамоўных народаў, а ў найноўшы час — таксама — эканам., сац. і паліт. праблем Ірана і іранамоўных краін. Узнікненне І. ў Зах. Еўропе стымулявалася развіццём гандл. і дыпламат. зносін з Іранам. У 13—14 ст. з’явіліся першыя апісанні падарожжаў у іранамоўныя краіны Дж. дэ Плана Карпіні, Марка Пола і інш., пазней — італьян. падарожніка П. дэла Вале, франц. Ж.Тавернье, ням. А.Алеарыя і інш. У 17 — пач. 18 ст. паявіліся першыя пераклады твораў іранскіх класікаў і гіст. крыніц, слоўнікі, гіст. даследаванні. Як навука І. склалася ў сярэдзіне 19 ст. У Расіі першыя звесткі пра Іран — з часу падарожжа Афанасія Нікіціна (15 ст.), навук. працы па І. — з канца 18 ст. Колькасць іх павялічылася ў 19 ст. ў сувязі з актывізацыяй палітыкі Расіі ў Іране. Найб. значныя працы па І. стварыў В.У.Бартальд, які распрацоўваў сац.-эканам. пытанні. У б.СССР І. інтэнсіўна развівалася ў 1950—80-я г. Даследаваліся праблемы нац. гісторыі і культуры іранамоўных народаў, іх нац.-вызв. барацьба, паліт. і сац. пытанні (З.А.Арабаджан, Б.Г.Гафураў, А.І.Калеснікаў, В.С.Кузняцоў, Н.В.Пігулеўская, В.В.Струвэ і інш.); выдадзены шэраг манаграфій, калект. прац і зборнікаў. У самаст. галіны вылучыліся іранская філалогія (М.С.Андрэеў, І.І.Зарубін, Б.У.Мілер, І.М.Аранскі, А.А.Фрэйман і інш.), літаратуразнаўства і тэксталогія (С.Айні, Я.Э.Бертэльс, А.М.Болдыраў і інш.). Пытанні І. ў сучаснай Расіі распрацоўваюцца ў ін-тах этнаграфіі, філасофіі, сусв. эканомікі і міжнар. зносін, сусв. л-ры і мовазнаўства АН Расіі, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, у Ін-це краін Азіі і Афрыкі пры Маскоўскім ун-це. Праблемы І. даследуюцца ў навук. установах краін Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, вядучых краін Еўропы, Азіі і Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́ЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры Еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.7.1944. Пл. 29,9 тыс.км². Нас. 1097 тыс.чал., гарадскога 72% (1996). Цэнтр — г.Калуга. Найб. гарады: Обнінск, Людзінава, Сухінічы, Кондрава, Малаяраславец, Кіраў.
Прырода. Паверхня — узгорыстая раўніна, густа расчлянёная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Большая ч.тэр. занята Смаленскім і Сярэднярускім узвышшамі. Пераважаюць вышыні 150—250 м, найб. 279 м. Карысныя выкапні: буры вугаль, фасфарыты, вапнякі, гліны, кварцавыя пяскі, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 18 °C. Гадавая колькасць ападкаў 550—650 мм. Гал. рэкі: Ака з прытокамі Жыздра, Угра, Шаня, Таруса, Пратва (бас.р. Волга), Балва і Снопаць (бас.р. Дняпро). Многа штучных вадаёмаў, найб. Людзінаўскае вадасховішча. Глебы на Пн і ПдЗ дзярнова-падзолістыя, у цэнтры і на У шэрыя лясныя. Пад лесам (хвоя, елка, бяроза, асіна) каля 40% тэр. У межах К.в. Угрынска-Жыздрынскі нац. парк і запаведнік «Калужскія засекі».
Гаспадарка. Прамысловасць шматгаліновая: маш.-буд. і металаапр. (турбіны, цеплавозы, электратэхн. вырабы, прылады, помпы, пуцеўкладчыкі), лёгкая (шарсцяная, гарбарная, трыкатажная, швейная, маст. вырабаў), харч. (мясная, плодакансервавая, крухмальная), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (піламатэрыялы, мэбля, запалкі, папера), буд. матэрыялаў (шкло, фаянс, жалезабетонныя вырабы, цэгла), хім. (вырабы з пластмасы і палімерных матэрыялаў). Здабыча бурага вугалю (Падмаскоўны вугальны бас.), торфу, буд. матэрыялаў. Першая ў свеце АЭС (Обнінск). Пад с.-г. ўгоддзямі 46,6% тэр. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, грэчка, ячмень, пшаніца, авёс), бульбу, агародніну, кармавыя культуры, з тэхнічных — лён-даўгунец. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Свіна-, авечка-, птушкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 361,4, свіней — 153. Па тэр. К.в. праходзяць чыгункі Масква—Сухінічы—Унеча, Вязьма—Калуга—Тула, Смаленск—Сухінічы—Бялёў, Вязьма—Людзінава—Бранск; аўтадарогі Масква—Малаяраславец—Рослаўль, Масква—Калуга—Арол. Суднаходства па р. Ака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад лац. convergo набліжаюся, сыходжуся),
у біялогіі — набыццё падабенства далёкімі па паходжанні арганізмамі ў выніку прыстасавання іх да аднолькавых умоў існавання. Найчасцей закранае асобныя органы і абумоўлена падабенствам іх функцый, радзей ахоплівае ўвесь арганізм. Напр., канвергентнымі з’яўляюцца форма цела ў акул і тунцоў (рыб) і кітападобных (млекакормячых), форма цела ў скакальных млекакормячых, мікраскапічная будова хіцінавых утварэнняў насякомых і касцей вышэйшых жывёл. Падабенства прыкмет, якое з’явілася ў выніку К., наз.аналогіяй у адрозненне ад гамалогіі — падабенства, заснаванага на паходжанні розных груп ад агульнага продка шляхам дывергенцыі. Канвергентна могуць развівацца цэлыя біяцэнозы, што ўключаюць рады канвергентных відаў. У фізіялогіі — сыходжанне многіх нерв. імпульсаў да аднаго і таго ж нейрона (устаўнога ці эферэнтнага); стварае гал. перадумовы для інтэгратыўнай дзейнасці нерв. сістэмы. У этнаграфіі — незалежнае ўзнікненне аднолькавых, падобных з’яў (рыс, форм) у матэрыяльнай і духоўнай культуры, мове, самасвядомасці, сац. структуры і інш. этнасац. прыкметах розных народаў. этн. і этнагр. груп. Узнікае на глебе аднолькавых сац.-эканам., паліт., прыродна-геагр., этнагенетычных і інш. фактараў ці выпадкова. Напр., у эпоху ранняга сярэдневякоўя на землях Беларусі. Украіны і Расіі склаліся аднолькавыя формы і з’явы жыццядзейнасці (земляробства, жывёлагадоўлі, жылля, промыслаў і рамёстваў), абумоўленыя падобнымі прыродна-геагр. ўмовамі. У мовазнаўстве — збліжэнне або аб’яднанне некалькіх моўных сістэм у адну. Найб. пашыраны тып К. — стварэнне адзінай літ. мовы на аснове аб’яднання мясц. дыялектаў з перавагай рыс аднаго дыялекту. Сустракаюцца і інш. тыпы К., якія адбываюцца ў выніку кантактавання моў: кайнэ, піджыны, крэольскія мовы. Да К. адносяць і збліжэнне моў у выніку ўплыву агульнага для іх субстрату. Яна ахоплівае асобныя элементы моўнай сістэмы (фаналагічную сістэму, лексіку) або мову ў цэлым. К. і процілеглая ёй дывергенцыя — узаемазвязаныя моўныя працэсы.
І.У.Чаквін (у этнаграфіі), А.Г.Лукашанец (у мовазнаўстве).