КАЛІМАНТА́Н (Kalimantan),

Барнео, востраў у Малайскім архіпелагу, найбольшы з Вялікіх Зондскіх астравоў. Большая ч. вострава ўваходзіць у склад Інданезіі, на Пн частка тэр. Малайзіі (штаты Саравак і Сабах) і султанат Бруней. Абмываецца морамі Паўд.-Кітайскім, Сулу, Сулавесі, Яванскім, пралівамі Макасарскім і Карымата. Пл. 734 тыс. км², з прыбярэжнымі астравамі 746,5 тыс. км². Даўж. з ПдЗ на ПнУ каля 1100 км. Нас. 9,1 млн. чал. (1990). Берагі слаба расчлянёныя, нізінныя, забалочаныя. Бухтаў мала. Рэльеф пераважна горны. У цэнтр. ч. і на ПнУ глыбавыя нагор’і (г. Кінабалу 4101 м) і ўзгоркавыя плато. На ўзбярэжжах Пд і З нізіны. Геал. будову К. складаюць на ПнЗ стараж. дамезазойская Зондская платформа, на Пд і У кімерыйская і альпійская складкавасці. Горы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышт. сланцаў, нізіны — з алювіяльных адкладаў. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю, жал. і поліметал. руд. Клімат экватарыяльны. Т-ра на раўнінах 25—27 °C. Ападкаў 2000—3500 мм, у гарах да 5000 мм за год. Рэкі кароткія, паўнаводныя (найб. Капуас, Барыта, Махакам), у верхняй ч. парожыстыя, з вял. запасамі гідраэнергіі, у ніжняй — суднаходныя. Значная ч. вострава занята экватарыяльнымі лясамі (гілеямі) да выш. 1200—1500 м. Сярод лясной расліннасці пераважаюць дыптэракарпавыя, фікусы, пальмы, дрэвападобныя папараці, бамбук. Шмат ліян і эпіфітаў Вышэй 1500 м — субтрапічная і барэальная флора. Уздоўж узбярэжжаў мангравыя зараснікі. Сярод фауны трапляюцца чалавекападобныя (арангутангі) і інш. малпы, сланы, насарогі, тапіры, дзікі, птушкі, паўзуны і земнаводныя Вырошчваюць рыс, каўчуканосы, алейныя пальмы. Буйныя гарады: Пантыянак, Банджармасін (Інданезія), Кучынг (Малайзія), Бандар-Серы-Бегаван (Бруней).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДСКАЯ ШКО́ЛА,

мастацкая школа ў архітэктуры і жывапісе Паўн. Італіі (назва ад гіст. вобласці Ламбардыя) у 8—15 ст. У архітэктуры склалася на працягу 8—10 ст. Адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні т.зв. першага раманскага стылю ў Італіі. Узор яе царк. архітэктуры — 3-нефавая базіліка са слаба выражаным трансептам, крыптай і кампанілай. У інтэр’еры строгае рытмічнае чляненне, падкрэсленае сістэмай скляпеністых перакрыццяў, тэктанічны ўзор вонкавых сцен з лапатак, аркатурных фрызаў і аркадных, т. зв. карлікавых галерэй (цэрквы Сант-Амброджа ў Мілане, асн. буд-ва ў 11—12 ст.; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У росквіце было мастацтва разьбы на камені (майстры Нікалао, Бенедэта Антэламі і інш.). Готыка тут атрымала падкрэслена статычную інтэрпрэтацыю, набыла дэкар. характар (Міланскі сабор, пачаты ў 1386). Пабудовы эпохі Адраджэння (арх. А. Філарэтэ, Г. Салары, Дж. А. Амадэо) адметныя багаццем дэкар. уставак, якія падкрэсліваюць роўнядзь сцяны, наватарскімі па будове ўнутр. прасторы арх. кампазіцыямі (творчасць Д.Брамантэў).

Жывапіс у ламбардскага трэчэнта і ранняга кватрачэнта ўласцівы крохкая вытанчанасць форм, паэтычнасць. Ён развіваўся ў рэчышчы т. зв. інтэрнац. готыкі (мініяцюры ў рукапісных «гербарыях» і «лячэбніках», анімалістычныя малюнкі Дж. дэ Грасі). Значная роля ў развіцці жывапісу кватрачэнта належыць Пізанела. У 2-й пал. 15 ст. ўзмацніліся ўплывы фларэнтыйскага мастацтва і творчасці А.Мантэньі. У творах майстроў гэтага часу пераважалі пластычная яснасць кампазіцыі, змякчаны каларыт, святлоценявая мадэліроўка (В.​Фопа, Іль Берганьёне, Браманціна, Брамантэ). У эпоху Высокага Адраджэння асноватворным стаў уплыў мастацтва Леанарда да Вінчы і яго школы. У 2-й пал. 16 ст. ўтварылася асобная брэшыянская школа, у якой спалучыліся традыцыі Л.ш. і венецыянскай школы жывапісу.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРЫ́НА (італьян. neutrino памяншальнае ад neutrone нейтрон),

незараджаная элементарная часціца з групы лептонаў. Мае спін ​1/2 і масу, намнога меншую за масу электрона. Па стат. уласцівасцях адносіцца да ферміёнаў. Удзельнічае ў слабых і гравітацыйных узаемадзеяннях (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц, з-за вельмі малой масы слаба ўзаемадзейнічае з рэчывам, характарызуецца вял. пранікальнай здольнасцю, напр., свабодна праходзіць праз Зямлю і Сонца.

Вядома 3 тыпы Н.: электроннае Н. νe, мюоннае Н. νµ, таоннае Н. ντ і адпаведныя ім антычасціцы ν—e, ν—µ, ν—τ (звесткі аб ντ і ν—τ ускосныя і магчыма, што ντ ≡ ν—τ ). Кожны з тыпаў Н. пры ўзаемадзеянні з інш. часціцамі можа пераўтварыцца ў адпаведны зараджаны лептон, а калі масы спакою Н. адрозныя ад 0 і лептонныя зарады не захоўваюцца, магчымы асцыляцыі Н. — пераўтварэнні аднаго тыпу Н. ў другі (прапанавана Б.М.Пантэкорва ў 1957). Існаванне электроннага Н. прадказана В.Паўлі (1930—33) на падставе законаў захавання энергіі і імпульсу ў рэакцыях β-распаду, эксперыментальна ν—e зарэгістравана амер. фізікамі Ф.​Райнесам і К.​Коўэнам ў 1953—56. Выпрамяняюцца Н. пры пераўтварэннях атамных ядраў (β-распадзе, захопе электронаў і мюонаў), распадах элементарных часціц і інш. Працэсы, якія вядуць да ўтварэння Н., адбываюцца ў рэчыве Зямлі і яе атмасферы за кошт касм. выпрамянення, у нетрах Сонца, зорак і інш. (гл. Нейтрынная астраномія, Нейтрынная астрафізіка). Штучна Н. атрымліваюць з дапамогай магутных ядз. выпрамяняльнікаў, ядз. рэактараў, паскаральнікаў зараджаных часціц.

Літ.:

Марков М.А. Нейтрино. М., 1964;

Понтекорво Б.М. Нейтрино. М., 1966;

Рекало М.П. Нейтрино. Киев, 1986.

С.​Сацункевіч.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ляні́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які схільны да ляноты, ухіляецца ад працы. Хітрым чалавекам стаў сын Амяльяніхі. Ды не толькі хітрым, але і лянівым. Кавалёў. [Барабаха:] — [Наймічка] на ўсе штукі здатная, толькі да работы лянівая. Якімовіч. / у знач. наз. ляні́вы, ‑ага, м. Цяжкая праца толькі для лянівых. Бічэль-Загнетава. Санлівага не дабудзішся, а лянівага не дашлешся. Прыказка. // Які выяўляе ляноту. — Цяпер маю ахвоту ў цяньку пасядзець пад гэтымі дубамі — лянівым і рахманым голасам сказаў Іван Мацкевіч. Бядуля.

2. Вялы, павольны (пра рухі, паходку і пад.). Праз паўгадзіны сяброўкі пляліся ўжо лянівай паходкай людзей, якім няма куды і няма чаго спяшацца. «Звязда». // перан. Які павольна, слаба дзейнічае. Спакойнае мора задумана і ціха плёскала на берагі лянівай белапеннай хваляй. Самуйлёнак. Недалёка за імшыстымі стваламі дрэў паблісквае лянівымі хвалямі рэчка. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціка́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цікавага.

2. Павышаная пільная ўвага да каго‑, чаго‑н. Жывейшая цікавасць да фальклору ў Купалы падтрымлівалася на працягу ўсяго жыцця. Шкраба. Сцёпка гаварыў так проста і разумна, што яго слухалі з вялікай цікавасцю. Колас. З цікавасцю разглядаем мы вялізную магутную птушку. В. Вольскі. // Важнасць, значэнне чаго‑н. [Багуцкі:] — Для камандавання Чырвонай Арміі такія дакументы маюць не малую цікавасць. Па іх адразу відаць, дзе, на якіх участках у немцаў слаба. Лынькоў. [Хлопцы] заспяшалі як мага хутчэй ад чыгункі, якая ў гэту ноч ужо не ўяўляла для іх ніякай цікавасці. Шахавец.

3. Жаданне даведацца пра каго‑, што‑н.; цікаўнасць. Цікавасць гаспадыні была здаволена. Гартны. Праціснулася Ганна бліжэй к хаце, цікавасць брала, — што скажа яна [незнаёмая жанчына], калі гаворыць, што не так жыць трэба. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапта́цца, шапчуся, шэпчашся, шэпчацца; незак.

Гаварыць паміж сабой ціха, шэптам. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. І гэта было ўжо ў далёкім, здаецца, мінулым, калі мы ляжалі з.. [Жарнаком] побач пад зялёнымі жорсткімі коўдрамі і доўга шапталіся пра родныя вёскі, лугі... Брыль. // Ціхенька, па сакрэту займацца абгаворамі, плёткамі. А потым шапталіся [людзі] ў яго за спінаю пра заўчасную смерць яго бацькі — правізара Альшэўскага, пра катоўню ў Навагрудскай турме, пра Зосю. Бажко. [Усевалад:] — Цяпер .. [Галіна] падумае, што я помшчуся: знарок перавёў да сябе, каб .. [Барыса] прынізіць. За тое, што тайком шэпчацца з дырэктарам і не мае смеласці сказаць мне праўды ў вочы. Скрыган. // перан. Слаба, ледзь чутно шумець, шапацець, журчаць і пад. Ціха шэпчуцца чароты, І калышацца аер. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

энергі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны энергіі (у 2 знач.); дзейны, актыўны. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Які выражае актыўнасць, дзейную сілу. Барады ў старшыні няма і вусы выйшлі слаба, але твар энергічны і досыць прыгожы. Колас. // Прасякнуты сілай, энергіяй. Валатовіч энергічным рухам адсунуў ад сябе попельніцу, паперы. Шамякін. Яшчэ да таго, як паступіў у спартыўную школу, не раз, сустрэўшы на вуліцы, я захапляўся .. фігурай [Левандоўскага], даведзенай да дасканалай сіметрыі і прапорцыі. Таксама кідаліся ў вочы яго энергічная хада і добрыя манеры. Карпюк.

2. Рашучы, настойлівы. У адзін міг, відаць, па трапнаму загаду Адамчука, энергічным кідком рушыла наперад першае аддзяленне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́лаг 1 ’пасцель парадзіхі’, ’палок’ (Бяльк.), ’роды’ (Сл. ПЗБ), półah ’хвароба жанчыны ў час нараджэння дзіцяці’ (Варл.). Укр. поло́ги, по́лаг, зло́ги ’роды’, польск. połóg ’роды; час пасля родаў’. Прасл. *pologъ ад *po‑lěgati, гл. лягаць, ляжаць з чаргаваннем у корані, параўн. выраз логма ляжаць ’ляжаць, не маючы сіл падняцца’ (Нар. сл.), по́лог ’палатно над ложкам або калыскай’ (ТС), гл.

По́лаг 2 ’завеса над ложкам, шырма’, (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’вялікая посцілка, якой апіналі дзіця ў калысцы’ (светлаг., SOr, 39, 356), ’посцілка насіць траву’ (Жд. 3), ’рэдкае палатно’ (Ян.). Укр., рус. по́лог ’полаг’. Прасл. *po‑logъ < *logъ (гл. лог, логава). Відаць, першапачаткова ’месца ляжання, пасцель’, потым ’посцілка’ > ’кавалак тканіны’ > ’заслона’. Значэнне ’рэдкае палатно’, відаць, пад уплывам пологі́ ’слаба спрадзены’ (Уладз.), параўн. антанімічную пару кру́та і полога́ пре́жа (тамсама) і рус. дан. по́лог ’грубая мешкавіна’, што суадносяць з рус. пологий ’плоскі, пакаты’ (Фасмер, 3, 313); гл. палогі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРУ́БА (Aruba),

уладанне Нідэрландаў на аднайм. востраве ў архіпелагу М. Антыльскіх а-воў у паўд. частцы Карыбскага м. Пл. 193 км², нас. 65 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Араньестад. У складзе насельніцтва пераважаюць негры і мулаты, жывуць таксама іспанцы, галандцы, кітайцы і інш. Афіц. мова нідэрландская, пашыраны мовы мясц. крэолаў (пап’ямента), ісп. і англійская. Пануючая рэлігія — каталіцызм. Нац. свята — Дзень сцяга Арубы (18 сак.).

Вулканічны востраў выш. 188 м, акружаны рыфамі, рэльеф узгорысты. Клімат субэкватарыяльны, сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 м за год. Працуюць прадпрыемствы па ачыстцы нафты, вырабе цыгарэт, спіртных (ром) і безалкагольных напіткаў, суднаверф. Сельская гаспадарка развіта слаба з-за малой урадлівасці глебаў і недахопу прэснай вады. Вырошчваюць алоэ, якое выкарыстоўваюць у касметычных і фармацэўтычных вырабах. Нязначная жывёлагадоўля. Развіта рыбалоўства. Турызм. Асн. частка прадуктаў харчавання імпартуецца. Даўж. аўтадарог каля 380 км. Гал. порт — Араньестад, побач міжнар. аэрапорт. Гандлёвыя партнёры — Венесуэла, ЗША Нідэрланды, Вялікабрытанія. Цесныя эканам. сувязі з федэрацыяй Нідэрландскіх Антыльскіх а-воў. Грашовая адзінка — арубскі гульдэн (фларын).

Задоўга да адкрыцця еўрапейцамі в-аў Аруба насялялі індзейцы, якія ўпрыгожылі пячоры малюнкамі, што па старажытнасці не саступаюць дагістарычным малюнкам у пячорах Альтаміры (Іспанія) і Ласко (Францыя). У 1499 Іспанія аб’явіла востраў сваім уладаннем. У 1634 захоплены галандцамі. Да пач. 19 ст. востраў неаднаразова мяняў дзярж. прыналежнасць, з 1816 уладанне Нідэрландаў. Да 1863 быў буйным цэнтрам гандлю рабамі ў Вест-Індыі. Да 1986 Аруба ўваходзіла ў склад федэрацыі Нідэрландскіх Антыльскіх а-воў. З 1.1.1986 мае статус тэр. Нідэрландаў з унутр. самакіраваннем. Асн. паліт. партыі — Выбарчы рух народа і Народная партыя Арубы; Федэрацыя прафсаюзаў в-ва Арубы і інш.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЧАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

металічныя матэрыялы, паверхня якіх не паддаецца хім. разбурэнню пад уздзеяннем паветра або інш. акісляльнага газавага асяроддзя пры высокіх т-рах; неметал. матэрыялы (напр., бетон), што не паддаюцца хім. і мех. разбурэнню пры высокіх т-рах. Гарачаўстойлівасць металаў і сплаваў вызначаецца ўласцівасцямі акаліны, якая перашкаджае дыфузіі газаў у глыб металу і развіццю газавай карозіі металаў.

Гарачаўстойлівая сталь слаба акісляецца пры т-ры больш за 550 °C, што абумоўлена шчыльнай і тонкай плёнкай легіравальных элементаў. Мех. ўласцівасці яе паляпшаюць тэрмаапрацоўкай. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці труб, цеплаабменнікаў, дэталей кацельных установак, турбін і інш. Гарачаўстойлівыя сплавы характарызуюцца значным супраціўленнем газавай карозіі металаў пры высокай т-ры (800—1200 °C). Звычайна маюць нікелевую, жалезную або жалеза-нікелевую аснову, а таксама хром, крэмній, алюміній, якія ўтвараюць на паверхні ахоўныя аксідныя плёнкі. Іх гарачаўстойлівасць павышаюць тэрмічнай апрацоўкай, алітаваннем, храміраваннем, нанясеннем розных пакрыццяў. Ідуць на выраб камер згарання, жаравых труб, сапловых лапатак газавых турбін, фарсажных камер і інш. Гарачаўстойлівы бетон захоўвае фіз.-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні т-р да 1770 °C і вышэй. Вяжучымі для яго з’яўляюцца гліназёмісты цэмент, вадкае шкло, партланд-цэмент і інш., запаўняльнікамі — тугаплаўкія і вогнетрывалыя горныя пароды, бой вогнетрывалых вырабаў і інш. Ідзе на будаўніцтва цеплавых агрэгатаў, фундаментаў прамысл. печаў і інш. Гарачаўстойлівы чыгун мае ўстойлівасць супраць інтэнсіўнага акіслення і павелічэння памераў у розных газавых асяроддзях пры павышаных т-рах. Ахоўныя вокісныя плёнкі на ім утвараюцца легіраваннем алюмініем, хромам і крэмніем. Ідзе на выраб дэталей пячнога абсталявання, карпусоў гарэлак і інш.

Г.​Г.​Паніч.

Канструкцыя з гарачаўстойлівых матэрыялаў (тунэльная печ з гарачаўстойлівага жалезабетону); 1 — панэль скляпення; 2 — сценавая панэль; 3 — цеплаізаляцыя; 4 — фундаментны блок.

т. 5, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)