Самава́р ’металічны прыбор для кіпячэння вады з награвальнай трубкай у сярэдзіне’ (ТСБМ, Др.-Падб.). З рус. самова́р ’тс’, якое ад сам і варить (Праабражэнскі, 2, 248; Брукнер, 480). Інакш Міклашыч, які бачыць у рускім слове запазычанне з цюрк. sanabar, што менш верагодна. Падрабязна аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 553.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Самалёт ’цяжэйшы за паветра лятальны апарат з рухавіком і, звычайна, нерухомымі крыламі’ (ТСБМ). З рус. самолёт ’тс’ або адаптаванага польск. samolot ’тс’, што не выключае і самастойнае ўтварэнне ад сам (гл.) і лятаць (гл.), параўн. самапла́ў ’тс’ і заўвагу Бузука: «вельмі прыгожае наваўтварэньне, якое я чуў у Асіпавічах» (Буз., 257), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БІЯТЭХНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

1) касмічнага карабля — сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемазалежных біял. і тэхн. сістэм ці аб’ектаў. Напр., бартавая біятэхнічная сістэма касм. карабля складаецца з падабранага ў залежнасці ад прызначэння і працягласці палёту біякомплексу і тэхн. сродкаў для забеспячэння аптымальных умоў яго функцыянавання.

У склад біякомплексу ўваходзяць спец. падабраныя ніжэйшыя і вышэйшыя расліны, жывёлы, мікраарганізмы, здольныя выдзяляць кісларод, утылізаваць адходы жыццядзейнасці чалавека, ажыццяўляць узнаўленне прадуктаў харчавання. Удзельнікам біякомплексу з’яўляецца і сам чалавек. Да тэхн. сродкаў адносяцца падсістэмы святло- і энергазабеспячэння, тэрмарэгулявання, блокі рэгенерацыі паветра і вады, мінералізацыі адходаў, касм. аранжарэя, кухня і інш. Біятэхнічная сістэма касм. карабля з’яўляецца замкнутай, калі яна цалкам забяспечвае экіпаж кіслародам, вадой і ежай.

2) Найпрасцейшыя біятэхнічныя сістэмы: электрастымулятар сэрца, маніпулятар для работы з радыеактыўнымі рэчывамі, біяпратэзы.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІНА́РНАЯ НАМЕНКЛАТУ́РА (ад лац. binarius двайны),

бінамінальная наменклатура, у сістэматыцы жывых арганізмаў назва відаў двайным імем паводле роду і віду. Упершыню ўведзена К.Лінеем (1758). Садзейнічала уніфікацыі назваў жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Ліней прапанаваў абазначаць віды лац. назвамі: 1-е слова (назва роду — назоўнік) пішацца з вял. літары, 2-е, што абазначае сам від, — з малой. Да двайной назвы віду дадаецца поўнае або скарочанае імя вучонага, які ўпершыню апісаў дадзены від. Напр., вінаград скальны — Vitis rupestris Scheele, пчала меданосная — Apis mellifera L., воўк — Canis lupus L., дзе L. — імя Лінея. Бінарная наменклатура замацавана міжнар. кодэксамі наменклатуры і прынята Міжнар. саюзам біял. навук.

Літ.:

Международный кодекс зоологической номенклатуры: Пер. с англ. и фр. 3 изд. Л., 1988.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАБІ́НСКАЯ (Марыя Пятроўна) (н. 22.5.1938, в. Карані Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва, мастацтвазнавец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1961), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працавала ў праектна-тэхнал. ін-це «Белмясцпрампраект», Рэсп. доме нар. творчасці, навукова-метадычным цэнтры культуры, цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. Аўтар-складальнік альбомаў, каталогаў, метадычных дапаможнікаў і ілюстрацый да іх і ў т. л. да энцыклапедычных выданняў («Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя», на рус. мове, т. 4), у якіх даследуе бел. нар. мастацтва: «Мастацтва сяла Неглюбка» (1976), «Арнамент беларускіх народных тканін» (1983), «Адраджэнне забытага рамяства» (1985), «Свет вачыма дзяцей» (1992) і інш. Адна са стваральнікаў краязнаўчага музея ў в. Моталь Іванаўскага р-на (1984—87).

Тв.:

Складзі ўзор сам. Мн., 1992;

Выцінанка. Мн., 1996.

т. 6, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННЕ ў граматыцы,

від сінтаксічнай сувязі членаў сказа або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). З. (злучальная сувязь), у процілегласць падпарадкаванню, звязвае некалькі раўнапраўных (аднатыпных і аднафункцыянальных) сінтакс. адзінак у адно цэлае: рад аднародных членаў сказа («Я сам люблю прыход вясны — малочнае цвіценне вішань, і спеў драздоў, і шум лясны». П.​Панчанка), складаназлучаны сказ («Я ніколі не ведаў спакою, і сэрца не знала сігналу адбою». М.​Танк). Вылучаюцца разнавіднасці злучальнай сувязі; спалучальная (злучнікі «і», «ды»), супастаўляльныя (злучнікі «а», «але»), пералічальна-размеркавальныя (злучнікі «ці», «то-то», «не то — не то») і паясняльныя (злучнікі «інакш», «гэта значыць»), Спалучальная і пералічальна-размеркавальная сувязь рэалізуюць адкрытыя, а супастаўляльная і паясняльная — закрытыя сінтакс. канструкцыі.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

П.​П.​Шуба.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,

бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.​Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́МСКАГА КАНА́ЛА ЗО́НА (Panama Canal Zone),

частка тэр. Панамы ў выглядзе паласы шырынёй 16,1 км па абодвух берагах Панамскага канала, статус якой у 1903—99 рэгуляваўся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. З 1903 у карыстанні ЗША. Кіравалася губернатарам, якога прызначаў прэзідэнт ЗША, з 1939 падпарадкавана ваен. мін-ву ЗША. Амер. ўрад пабудаваў у П.к.з. ваен.-марскія і авіяц. базы, атрымліваў вялізныя прыбыткі ад эксплуатацыі канала, а Панаме выплачваў адносна невял. арэндную плату. Паводле амер.-панамскага дагавора 1977 Панама з 1982 ажыццяўляе ў П.к.з. цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу. Прадугледжвалася ліквідацыя да 2000 ваен. баз ЗША, але ў канцы 1999 на тэр. зоны яшчэ заставалася 14 амер. ваен. фартоў. З 1.1.2000 пад кантроль Панамы перайшоў і сам Панамскі канал.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРФО́РМАНС, перфоманс (ад англ. performanse выступленне, выкананне, прадстаўленне),

форма сучаснага мастацтва, у аснове якога знаходзіцца дзеянне. У адрозненне ад хэпенінга будуецца па разлічанаму сцэнарыю, аўтарам і выканальнікам якога з’яўляецца сам мастак або група мастакоў. П. можа ажыццяўляцца як непасрэдна перад гледачом, так і ў выглядзе відэа- або кіназапісу. Узнік у авангардысцкіх кірунках 1960-х г. У 1970-я г. пашырыў межы выяўленчага мастацтва. Дазваляе мастакам вобразна рэагаваць на актуальныя сац. ці культ. праблемы, уключаць рэальную прастору ў працэс фарміравання вобразных задум, непасрэдна ўздзейнічаць на свядомасць і паводзіны гледача, часта як састаўны элемент акцыі. На Беларусі П. вядомы з 2-й пал. 1970-х г., сярод бел. перформераў найб. вядомыя А.​Вараб’ёў, І.​Кашкурэвіч, В.​Пятроў, Л.​Русава і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВА́ТНАЕ АБВІНАВА́ЧАННЕ,

форма вядзення па крымін. справах, якія ўзбуджаюцца толькі па скарзе пацярпелага або яго прадстаўніка і падлягаюць спыненню ў выніку прымірэння пацярпелага з абвінавачаным. Абвінавачанне падтрымлівае сам пацярпелы, таму называецца прыватным. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь у парадку П.а. разглядаюцца справы аб наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, выдаванні тайны ўсынаўлення, урачэбнай тайны, аб незаконным збіранні і распаўсюджванні інфармацыі пра прыватнае жыццё, паклёпе, абразе, парушэнні аўтарскіх і сумежных з імі правоў, парушэнні недатыкальнасці жылля, тайны перапіскі і тэлефонных размоў і ў інш., прадугледжаных у заканадаўстве выпадках (поўны пералік вызначаны крымін.-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь). Па справах П.а. дазнанне і папярэдняе следства не вядуцца, узбуджэнне справы ажыццяўляецца суддзёй, прымірэнне магчыма да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)