ФІЗІЯЛОГІЯ І БІЯХІМІЯ РАСЛІН
Сістэматычныя даследаванні па фізіялогіі раслін на Беларусі пачаліся ў 1920-я г. М.М.Гайдуковым у БДУ і БСГА. Вывучалася храматычная адаптацыя ў раслін. З 1928 кафедры гэтых устаноў узначальваў Ц.М.Годнеў, які разам з супрацоўнікамі (А.С.Вечар, М.М.Ганчарык, С.У.Калішэвіч, В.Ф.Купрэвіч і інш.) даследаваў прыроду і механізмы функцыянавання фотасінтэтычнага апарату: біясінтэз хларафілу, будову пластыд, змяшчэнне пігментаў у расл. клетцы, сувязі фотасінтэзу з прадукцыйнасцю раслін. У 1950-я г. ў Ін-це біялогіі АН Беларусі распрацоўваліся пытанні стану хларафілу ў раслінах і спецыфічныя механізмы яго ўтварэння (Н.К.Акуловіч, Ц.М.Годнеў, У.Л.Калер, А.А.Шлык), рост і развіццё раслін на тарфяных глебах (Н.М.Стасенка, Р.І.Царова, В.М.Цярэнцьеў). Для вывучэння біясінтэзу хларафілу ўпершыню на Беларусі быў выкарыстаны метад мечаных атамаў. Асн. вынікі даследаванняў апублікаваны ў манаграфіі Ц.М.Годнева «Хларафіл. Яго будова і ўтварэнне ў расліне» (1963; адзначана ў 1967 прэміяй АН СССР імя К.А.Ціміразева). З канца 1950-х г. у Ін-це біялогіі АН Беларусі даследуюцца механізмы выбіральнага ўздзеяння гербіцыдаў і рэгулятараў росту на расліны (А.П.Валынец, В.П.Дзеева, С.М.Маштакоў, Н.В.Санько, З.І.Шэлег), фізіялогія і біяхімія бульбы (А.С.Вечар, М.М.Ганчарык), лубіну (А.В.Міроненка), функцыі некаторых форм пластыд раслін (А.С.Вечар, У.М.Рашэтнікаў), біяхімія пладова-ягаднага вінаробства (А.С.Вечар, Л.А.Юрчанка). У 1960—70-я г. ў Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі М.М.Ганчарык і яго вучні атрымалі фундаментальныя вынікі па параўнальным уздзеянні бясхлорных і хлорзмяшчальных калійных угнаенняў на фізіялогію, біяхімію і прадукцыйнасць с.-г. раслін; даследавалі структурна-функцыянальную ўзаемарэгуляцыю ў хларапластах (В.М.Іванчанка), электрадыфузійныя ўласцівасці і іонную пранікальнасць клетачных мембран (С.Г.Галакціёнаў, М.М.Ганчарык, У.М.Юрын), фізіялогію і прадукцыйнасць раслін пры імпульсным дажджаванні (Б.І.Лягенчанка, Ч.А.Раманоўскі). Значныя вынікі атрыманы ў даследаванні морфафізіялагічных заканамернасцей і шляхоў рэалізацыі патэнцыяльнай прадукцыйнасці збожжавых на ўзроўні асобнай расліны і монавідавых супольнасцей (С.А.Калер, М.А.Ламан, Н.М.Стасенка, К.І.Хмурэц, Б.Н.Янушкевіч), распрацаваны фізіялагічныя абгрунтаванні кірункаў селекцыі на высокую прадукцыйнасць і ўстойлівасць раслін (С.І.Грыб, М.А.Ламан, М.Ц.Чайка). Заснавальнікам патафізіялогіі раслін на Беларусі з’яўляецца В.Ф.Купрэвіч. Яго вучні даследуюць фізіёлага-біяхімічную прыроду патагенезу, заканамернасці спалучанай эвалюцыі расліны-гаспадара і паразіта (Д.К.Гесь, В.В.Карпук, Г.М.Падчуфарава, Г.І.Спірыдонава, З.Я.Сярова, Л.С.Юшко), антыбіятычную актыўнасць, уздзеянне і ахоўныя ўласцівасці фізіялагічна актыўных рэчываў (А.П.Валынец, С.М.Палянская, Р.А.Прохарчык, У.П.Шуканаў).
Вывучаюцца пратэіназна-інгібітарная сістэма і яе роля ў бялковым метабалізме раслін (В.В.Буснюк, В.І.Домаш), арганізацыйныя структуры і сістэмы рэгуляцыі воднага гамеастазу раслін, асаблівасці функцыянавання аквапарынаў (С.А.Анкуд, Т.С.Гігалашвілі, Л.Р.Емяльянаў, Ж.І.Казлова, А.В.Плакс, У.Г.Рэуцкі). З 1990-х г. вядуцца даследаванні па абгрунтаванні іанітапоннай тэхналогіі круглагадовага атрымання міні-клубняў бульбы ў біятэхнічных комплексах, біяфізічных метадах экспрэс-дыягностыкі патэнцыяльнай прадукцыйнасці і ўстойлівасці збожжавых культур (У.А.Баброў, Т.Г.Янчэўская і інш.). У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі вывучаюцца фізіялогія і біяхімія культуры тканак і пратапластаў, трансгенных раслін (І.В.Галдзянкова, У.М.Рашэтнікаў, А.У.Спірыдовіч, Т.І.Фаменка), рэакцыя раслін урбанізаваных ландшафтаў на ўздзеянне тэхнагеннага забруджвання навакольнага асяроддзя (Я.А.Сідаровіч, А.А.Сяргейчык, С.А.Сяргейчык).
Літ.:
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972;
Новые направления в физиологии растений. М., 1985;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.
М.А.Ламан.
т. 18, кн. 2, с. 561