Да пач. 20 ст. на Беларусі сістэма нар. асветы мела саслоўна-класавы характар. Сярэдняя і вышэйшая адукацыя з-за цяжкіх матэрыяльных умоў для дзяцей рабочых і сялян была маладаступная; чацвёра з кожных пяці дзяцей і падлеткаў не наведвалі школы. Пасля 1917 на дзярж. узроўні былі замацаваны найважнейшыя прынцыпы адзінай прац. школы: навучанне на роднай мове, сумеснае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак, поўнае аддзяленне школы ад царквы, сувязь навучання з грамадска-вытворчай працай. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР усе грамадзяне мелі права на адукацыю незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, веравызнання, сац. паходжання і маёмаснага становішча. Гэтыя правы забяспечваліся абавязковай агульнай 8-гадовай адукацыяй, ажыццяўленнем усеагульнай сярэдняй адукацыі моладзі, навучаннем у школе на роднай мове, бясплатнасцю ўсіх відаў адукацыі, выплатай стыпендый, пашырэннем сеткі дашкольных і пазашкольных устаноў, арганізацыяй розных форм вытв. навучання, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.
У 1974 Вярх. СаветБССР прыняў Закон «Аб народнай асвеце», асноўнымі прынцыпамі якой абвяшчаліся: роўнасць усіх грамадзян у атрыманні адукацыі незалежна ад расавай і нац. прыналежнасці, полу, адносін да рэлігіі, маёмаснага і сац. становішча; абавязковасць адукацыі для ўсіх дзяцей і падлеткаў, дзярж. і грамадскі характар усіх навуч.-выхаваўчых устаноў; свабода выбару мовы навучання, навучанне на роднай мове або на мове іншага народа СССР; бясплатнасць усіх відаў адукацыі, утрыманне часткі вучняў на поўным дзярж. забеспячэнні, стыпендыяльнае забеспячэнне навучэнцаў і студэнтаў і аказанне ім іншай матэрыяльнай дапамогі; сумеснае навучанне абодвух полаў; свецкі характар адукацыі, які выключаў уздзеянне рэлігіі.
У 1991 прыняты Закон «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (новая рэд. 2002), у якім запісана, што Беларусь як суверэнная дзяржава мае ўласную сістэму адукацыі і выхавання і гарантуе кожнаму свайму грамадзяніну магчымасць развіцця асобы, атрымання адукацыі, якая адпавядала б яе патрабаванням і здольнасцям, актыўнае далучэнне да культурна-гіст. спадчыны бел. народа і інш.нац. супольнасцей краіны. Дзяржава забяспечвае прыярытэтнае развіццё адукацыі, адпаведныя сац.-эканам. ўмовы функцыянавання гэтай сферы, правы грамадзян на атрыманне агульных і прафес. ведаў, засваенне агульнакульт. каштоўнасцей, абарону інтэлектуальнай уласнасці, таленту і адукаванасці. Былі распрацаваны Канцэпцыя рэформы агульнаадук. школы і Праграма рэалізацыі рэформы агульнаадук. сярэдняй школы (1996), у якой прадугледжвалася ажыццявіць рэформу ў Рэспубліцы Беларусь паступова ў 12 этапаў і завяршыць яе ў 2008/09 навуч. годзе. 1-ы з’езд настаўнікаў Беларусі, які адбыўся ў Мінску ў 1997, падтрымаў рэформу агульнаадук. школы і асн. палажэнні стратэгіі развіцця нац. сістэмы адукацыі. 2-гі з’езд настаўнікаў Беларусі (2001) паставіў задачу — забяспечыць да 2005 паступовы пераход да поўнага ахопу дзяцей 5-гадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы; завяршыць да 2008 пераход да абавязковай 10-гадовай адукацыі пры 4-гадовай пачатковай і 6-гадовай базавай школе, а да 2010—12-гадовай сярэдняй адукацыі; забяспечыць увядзенне ў дзеянне стандартаў зместу адукацыі на ўсіх яго ўзроўнях у адпаведнасці з сац. заказам грамадства і дзяржавы.
Сучасная нац. сістэма адукацыі Беларусі ўключае: удзельнікаў адукац. працэсу; адукац. стандарты, на аснове якіх распрацаванынавуч. планы і праграмы; установы адукацыі і іншыя арганізацыі, якія забяспечваюць эфектыўнае функцыянаванне сістэмы адукацыі; дзярж. органы кіравання адукацыяй, якія ўключаюць Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўленні і аддзелы адукацыі мясц. выканаўчых і распарадчых органаў. Асн. адукацыя складаецца з дашкольнай, агульнай базавай, агульнай сярэдняй, прафес.-тэхн., сярэдняй спец., вышэйшай, паслядыпломнай адукацыі.
Дадатковая адукацыя можа ажыццяўляцца на ўсіх узроўнях асн. адукацыі, а таксама ўключае пазашкольнае выхаванне і навучанне, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. Нац. сістэма адукацыі ажыццяўляе сваю дзейнасць на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990), «Аб правах дзіцяці» (1993, са зменамі і дапаўненнямі 2000), «Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі«(2003), «Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (спецыяльнай адукацыі)» (2004), «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» (2004).
Дзярж. палітыка ў сферы адукацыі грунтуецца на наступных прынцыпах: прыярытэт адукацыі; абавязковасць агульнай базавай адукацыі; ажыццяўленне пераходу да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі; даступнасць дашкольнай, прафес.-тэхн. і на конкурснай аснове сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі; пераемнасць і непарыўнасць узроўняў і ступеней адукацыі; нац.-культ. аснова адукацыі; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, правоў чалавека, гуманіст. характару адукацыі; навуковасць; экалагічная накіраванасць адукацыі; дэмакр. характар кіравання адукацыяй; свецкі характар адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,
устойлівая сістэма выразных сродкаў харэаграфічнага мастацтва. У ёй распрацаваны пазіцыі ног, рук, корпуса, галавы, асн. позы, рухі (прысяданні, скачкі, вярчэнні) са строга вызначанымі правіламі выканання. Асн. прынцып К.т. — вываратнасць (свабодны разварот ног вонкі ад сцягна), якая садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю магчымасцей чалавечага цела. Тэрмін «К.т.» узнік у Расіі ў 19 ст. і стаў агульнапрынятым для абазначэння пэўнага віду харэаграфіі ў адрозненне ад інш. відаў (народны танец, характарны танец, танец мадэрн).
К.т. склаўся гістарычна шляхам адбору найб. выразных, рэалістычна ўмоўных рухаў. Тэарэтычна сістэма К.т. распрацоўвалася з 16 ст. ў Італіі (Ф.Кароза, Ч.Негры і інш.), Францыі (П.Башан, Р.Фёе, Ж.Ж.Навер і інш.), адкуль прыйшла асн. тэрміналогія, і ў Расіі. К.г. цесна звязаны з прафес. музыкай, якая дае вобразную і часавую аснову, вызначае змест, настрой, метрарытм танца. Муз. харэаграфічная рэформа П.Чайкоўскага і М.Петыпа адкрыла неабмежаваныя магчымасці для развіцця балетнага мастацтва. Рус. школа К.т. з яе нац. акрэсленасцю, высакароднасцю і драм. асэнсаванасцю пластычнай мовы зрабіла вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі. На аснове яе традыцый фарміруюцца розныя нац. балетныя т-ры, у т. л. ў краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі і Афрыкі.
На Беларусі К.т. пачаў развівацца з сярэдзіны 18 ст. ў буйных прыватнаўласніцкіх т-рах, пры якіх існавалі школы, дзе зах.-еўрап. харэографы Л.Дзюпрэ, Ф.Г.Ле Ду, Г.Петынеці, А.Пуціні, Ф.Марыні, бел. балетмайстар А.Лойка і інш. навучалі прыгонных (гл.Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Слуцкая балетная школа, Шклоўская балетная школа, Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза). Пазней бел. артысты паспяхова працавалі ў буйных прафес. балетных трупах Варшавы, Пецярбурга і інш. Авалоданне сродкамі К.т. ляжыць у аснове сучаснай харэаграфічнай адукацыі, якая пачалася ў 1928 у харэаграфічным класе Бел.муз. тэхнікума, працягвалася ў 1930-я г. ў Бел. студыі оперы і балета і балетнай школе пры Дзярж. т-ры оперы і балета БССР, з 1945 у Дзяржаўным харэаграфічным каледжы Рэспублікі Беларусь, выпускнікі якога складаюць аснову трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Ваганова А.Я. Основы классического танца. 4 изд. Л.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ,
працэс атрымання вырабаў (адлівак) з расплаўленых матэрыялаў (металаў, горных парод, керамічных матэрыялаў, пластмас і інш.), залітых у ліцейную форму і пасля зацвердзявання апрацаваных. Адзін з найб.эканам. спосабаў вырабу дэталей і загатовак складанай формы і розных памераў. У ліцейнай вытворчасці выкарыстоўваюць больш за 50 разнавіднасцей Л., у т. л.бесперапыннае ліццё, вакуумнае ліццё, каменнае ліццё.
Л. у какіль атрымліваюць фасонныя шчыльныя адліўкі з дакладнымі памерамі, меншымі прыпускамі на мех. апрацоўку (з чыгуну, сталі, алюмінію, магніевых і інш. сплаваў). Л. ў абалонкавыя формы (разавыя, зробленыя з сумесі кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай смалы) дае адліўкі з шчыльнай аднароднай дробназярністай структурай і высокімі мех. якасцямі, з гладкай паверхняй. Эфектыўнае ў буйнасерыйнай вытв-сці пры вырабе адлівак масай да 100 кг. Л. па выплаўляльных мадэлях робіцца ў нераздымных абалонках з дробназярністага вогнетрывалага матэрыялу. Рабочая поласць утвараецца пасля выплаўлення з абалонкі патрэбнай мадэлі (з парафіну, стэарыну і інш.) Дае складаныя адліўкі з высокай (прэцызійнай) дакладнасцю. Л. пад ціскам вядуць у прэс-формы, якія запаўняюць металам або пластмасай (тэрмапластам, рэактапластам) і гумавымі сумесямі з вял. скорасцю пад высокім ціскам. Пасля астывання, зацвердзявання або вулканізацыі матэрыял набывае канфігурацыю ўнутр. поласці. Дае складаныя вырабы з высокай дакладнасцю. Спосаб высокапрадукцыйны.
На Беларусі даследаванні ў галіне Л. металаў вядуцца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, БПА, ліцейнай вытворчасці Беларускім навукова-даследчым канструктарска-тэхналагічным інстытуце, Гомельскім тэхн. ун-це і інш.Распрацаваны новыя спосабы Л. (намарожваннем, Л. у какіль з штучным паветраным зазорам, Л. на вярчальныя валкі-крышталізатары, бесперапыннае цэнтрабежнае Л. і інш.), адпаведныя машыны, абсталяванне, сродкі аўтаматызацыі вытв. працэсаў і інш.
Д.М.Кукуй.
Схема ліцця бесперапынным намарожваннем: 1 — літніковая сістэма; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — гатовая адліўка, якая няспынна выцягваецца з астываючага і цвярдзеючага металу.Да арт.Ліццё. А — ліццё ў какіль: 1 — какіль; 2 — стрыжань; 3 — метал; 4 — адліўка. Б — дакладнае ліццё па выплаўляльных мадэлях: 1 — васковая мадэль; 2 — нанясенне на мадэль слоя керамічнага парашку; 3 — зафармоўванне мадэлі ў апоку; 4 — заліўка металу, які расплаўляе воск і займае яго месца; 5 — ачыстка гатовай адліўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯХІ́МІЯ (ад радые... + хімія),
раздзел хіміі, які вывучае фізіка-хім. і хім. ўласцівасці радыеактыўных ізатопаў элементаў (радыенуклідаў), метады іх выдалення і канцэнтравання. Асн. раздзелы: агульная Р., якая вывучае агульныя заканамернасці паводзін радыенуклідаў, іх стан у ультрамалых канцэнтрацыях у растворах, газах і цвёрдых рэчывах; хімія радыеактыўных элементаў, якая вывучае хім. ўласцівасці радыеактыўных элементаў, прыкладная Р., якая ўключае сінтэз мечаных злучэнняў, выкарыстанне радыенуклідаў у хім., біял. і інш. даследаваннях (гл.Ізатопныя індыкатары), а таксама праблемы атрымання і перапрацоўкі ядз. гаручага, перапрацоўкі радыеактыўных адходаў і інш. У Р. выкарыстоўваюцца спецыфічныя высокаадчувальныя метады вымярэння колькасці радыенуклідаў, што абумоўлена радыеактыўнасцю даследуемых рэчываў.
Станаўленне Р. звязана з адкрыццём у 1898 радыеактыўных элементаў радыю і палонію (П.Кюры, М.Складоўская-Кюры). У 1-й трэці 20 ст. ўстаноўлены законы суасаджэння і адсорбцыі радыенуклідаў з ультраразбаўленых раствораў (К.Фаянс, Ф.А.Панет, В.Р.Хлопін, О.Ган і інш.), распрацаваны асновы метаду ізатопных індыкатараў (Дз.Хевешы і Панет) і эманацыйны метад даследавання фіз.-хім. уласцівасцей цвёрдых цел. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці (І. і Ф. Жаліо-Кюры) стала пачаткам новага этапу ў развіцці Р.; былі атрыманы радыенукліды нерадыеактыўных рэчываў пры апрамяненні іх нейтронамі (Э.Фермі з супрацоўнікамі), першыя штучныя радыеактыўныя элементы тэхнецый (1937), астат, нептуній, плутоній (1940). Далейшае развіццё Р. звязана з атрыманнем штучных радыенуклідаў усіх элементаў перыяд. сістэмы (акрамя гелію і літыю), што ёсць у прыродзе, актыноідаў, а таксама трансактыноідных элементаў.
На Беларусі развіццё Р. пачалося ў 1969, калі ў Ін-це ядз. энергетыкі АН была створана радыехім. лабараторыя па даследаванні радыенуклідаў у растворах, вывучэнні працэсаў гідролізу катыёнаў і сорбцыі гідракомплексаў радыенуклідаў, па распрацоўцы метадаў ачысткі раствораў радыеактыўных рэчываў, а таксама спосабаў дэзактывацыі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) даследаванні фіз.-хім. стану, хім. трансфармацыі і міграцыі радыенуклідаў у глебе, глебава-раслінным покрыве, вадзе, паветры праводзяцца ў Ін-це радыеэкалагічных праблем і Ін-це радыебіялогіі Нац.АН і БДУ.
Літ.:
Несмеянов А.Н. Радиохимия. 2 изд. М., 1978;
Келлер К. Радиохимия: Пер. с нем. М., 1978;
Нефедов В.Д., Текстер Е.Н., Торопова М.А. Радиохимия. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З»,
1) серыя сав. (рас.) касм. караблёў (КК) аднаразовага выкарыстання для арбітальных палётаў вакол Зямлі; праграма іх распрацоўкі (з 1962) і запускаў (з 1966). Прызначаліся для вырашэння тэхн. і навук. задач у каляземнай касм. прасторы, дастаўкі экіпажаў (1—3 чал.) на борт арбітальных станцый і вяртання касманаўтаў на Зямлю; былі і беспілотныя мадыфікацыі. У 1967—81 на арбіты выведзены 40 «С.», у т. л. 2 беспілотныя. Маса запраўленага і ўкамплектаванага «С.» да 6,9 т, даўж. 7,2 м, дыяметр 2,7 м.
Аб’ём жылых адсекаў 10,45 м³. Плошча панэлей сонечных батарэй да 14 м². Працягласць аўтаномнага палёту да 30 сут, у складзе арбітальнага комплексу — да 180 сут. На арбіту выводзіцца аднайм. ракетай-носьбітам з касмадрома Байканур.
Складаецца з 3 адсекаў, якія злучаны паміж сабой і аддзяляюцца пры пасадцы: спускальны апарат, дзе знаходзіцца экіпаж у час старту, стыкоўкі, расстыкоўкі і пасадкі; арбітальны (бытавы) адсек са стыковачным агрэгатам; прыборна-агрэгатны адсек з рухальнай устаноўкай. На базе «С.» распрацаваныКК «С. Т» (запускі ў 1979—86) і «С. ТМ» (з 1986) для дастаўкі экіпажаў адпаведна на арбітальныя станцыі «Салют» і «Мір» і вяртання касманаўтаў на Зямлю. «С. ТМ» выкарыстоўваецца як карабель-выратавальнік для Міжнар.касм. станцыі. Запушчаны 15 «С. Т» і 32 «С. ТМ» (2000). На аснове «С.» створаны таксама грузавы трансп.КК «Прагрэс».
2) Сав. (рас.) 3-ступеньчатыя ракеты-носьбіты (РН) для вывядзення на каляземныя арбіты пілатуемых і аўтам.касм. апаратаў. Стартавая маса (разам з КК) ~310 т, макс маса карыснага грузу ~7 т. Пры дапамозе РН «С.» з 1966 выводзіліся ў космас некаторыя ШСЗ серыі «Космас», цяпер выводзяцца КК «С.» і «Прагрэс». Запускаюцца з касмадромаў Байканур і Плясецк. РН «С.» з дадатковай 4-й ступенню, якая выкарыстоўвалася з 1961 для запуску ў космас некаторых касм. апаратаў серый «Венера», «Зонд», «Космас, «Маланка», «Марс», «Месяц», «Прагноз», называлася РН «Маланка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАНІ́МІКА (ад грэч. topos месца + onyma імя, назва),
раздзел анамастыкі, які вывучае ўласныя назвы геагр. аб’ектаў (тапонімы), заканамернасці іх узнікнення, развіцця, ужывання, пашырэння, значэнне і структуру, таксама пытанні напісання тапонімаў і перадачы іх з адной мовы на іншую. Падзяляецца на агульную і рэгіянальную Т. (даследуе тапанімію — геагр. назвы на пэўнай тэрыторыі, якія ўключаюць айконімы — назвы паселішчаў, гідронімы — назвы рэк, азёр, мікратапонімы — назвы ўрочышчаў і інш.). Цесна звязана з мовазнаўствам, гісторыяй, этнаграфіяй, картаграфіяй, тапаграфіяй, геаграфіяй, геалогіяй, дэмаграфіяй і інш.
Вылучылася ў самаст. навуку ў пач. 20 ст. Вялікі ўклад у развіццё Т. зрабілі вучоныя: К.Буга, А.І.Сабалеўскі, А.А.Шахматаў, бел. З.Я.Тараноўскі і Ю.Ю.Трусман.
На Беларусі даследаванне геагр. назваў пачалося ў 1-й пал. 19 ст. У 1830—90-я г. тлумачылі сэнс асобных бел. тапонімаў П.М.Шпілеўскі, А.Г.К.Кіркор, І.В.Турчыновіч; вывучалі гадранімію ў сувязі з даследаваннем стараж. рассялення славян і балтаў А.А.Качубінскі, І.Я.Спрогіс, А.Л.Пагодзін. Найб. інтэнсіўна развіваецца з 1960—70-х г. 1—3.12.1967 у Мінску адбылася 1-я бел. тапанімічная канферэнцыя. Даследаваны: геаграфія асн.бел. айканімічных тыпаў, выкарыстанне розных метадаў пры вывучэнні геагр. назваў і інш. Праведзена сістэматызацыя тапонімаў, вывучана іх структура (тапанімічныя асновы і словаўтваральныя сродкі), выяўлены балцкія элементы ў бел.геагр. назвах, паказана фарміраванне назваў паселішчаў у гіст. плане. Складзены слоўнікі назваў нас. пунктаў па абласцях (Я.Н.Рапановіч). Уклад у развіццё бел. Т. зрабілі М.В.Бірыла, В.А.Жучкевіч, В.П.Лемцюгова. Найб.распрацаваны гідраніміка, айканіміка, мікратапаніміка. Праводзіцца стандартызацыя тапонімаў краіны. Дзейнічаюць тапанімічныя камісіі пры Нац.АН Беларусі (з 1991) і пры Савеце Міністраў (з 1998).
Літ.:
Бірыла М.В., Ванагас А.П. Літоўскія элементы ў беларускай анамастыцы. Мн., 1968;
Жучкевич В.А. Общая топонимика. 3 изд. Мн., 1980;
Яго ж. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974;
Адамовіч Я.М. Мікратапанімічныя назвы. Мн., 1971;
Яшкін І.Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Мн., 1971;
Лемцюгова В.П. Беларуская айканімія. Мн., 1970;
Яе ж. Восточнославянская ойконимия апеллятивного происхождения. Мн., 1983;
Мікратапанімія Беларусі: Матэрыялы. Мн., 1974;
Рылюк Г.Я. Истоки географических названий Беларуси: (С основами общей топонимики). 2 изд. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАКЕ́Й З ША́ЙБАЙна лёдзе,
спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды, у кожнай да 22 гульцоў, у т. л. 2 варатары. Непасрэдна на пляцоўцы гуляюць не больш як 6 і не менш як 4 гульцы; у любы час яны могуць быць заменены запаснымі. Час гульні — 3 перыяды па 20 мін. Задача каманд — у адведзены час закінуць спец. клюшкамі як мага больш шайб у вароты сапернікаў. Дазваляюцца сілавыя прыёмы. Пляцоўка для гульні (61×30 м) па перыметры абнесена бартамі выш. 1—1,22 м ад паверхні лёду; памеры варот — 1,83×1,22 м. Інвентар: клюшка даўж. да 134,5 см з круком да 37,5 см і шайба — плоскі дыск з цвёрдай гумы таўшчынёй 25,4 мм, дыям. 76,2 мм.
Узнік у Канадзе ў 1860-я г. як варыянт хакея-бендзі. Правілы гульні распрацаваны ў 1879. апублікаваны ў 1886. З 1892 разыгрываецца Кубак Стэнлі (рэгулярныя спаборніцтвы прафес. каманд Паўн. Амерыкі). Міжнар. хакейная федэрацыя (ліга) засн. ў 1908. У 1914 створана Вышэйшая канада-амер. (нац.) хакейная ліга (НХЛ). яе чэмпіянаты разыгрываюцца з 1925. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца штогод з 1910, свету — з 1920 (раз у 4 гады; з 1930 — штогод). У праграме Алімп. гульняў з 1920. Чэмпіянаты СССР праводзіліся з 1946/47. У 1973 засн.Сусв. хакейная асацыяцыя.
На Беларусі Х. з ш. развіваецца з 1947; з 1948 бел. хакеісты ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР. Нац. чэмпіянаты Беларусі разыгрываюцца з 1993. Найб. вядомыя спецыялісты ў галіне Х. з ш.: засл. трэнеры Беларусі П.Ф.Баранаў, А.М.Варывончык, А.В.Грышын. Л Я.Кантаровіч, У.В.Крыкуноў, А.В.Мураўёў, В.І.Стаін і інш. Зборная Беларусі — чэмпіён Спартакіяды народаў СССР (1986). Юнацкая зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў групах «C» (1993) і «B» (1994), чэмпіён свету ў групе «B» (1999, 2001). Маладзёжная зборная Беларусі — чэмпіён свету ў групах «C» (1997) і «B» (1998, 2000). Нац. зборная Беларусі — чэмпіён свету ў групах «C» (1995) і «B» (1997, 2002), заняла 4-е месца на XIX зімовых Алімп. гульнях (2002, г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫЧНАЯ ФІЗІКА
Матэматычная фізіка на Беларусі развіваецца з 1950-х г. у БДУ і ін-тах Нац.АН Беларусі. Даследаваліся краявыя задачы тэорыі цеплаправоднасці і цепла- і масапераносу, укараняўся метад інтэгральных пераўтварэнняў для рашэння розных краявых задач тэорыі пераносу цяпла і рэчыва (А.В.Лыкаў з супрацоўнікамі). У Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі ў 1959—64 распрацоўваліся метады рашэння краявых задач тэорыі цеплаправоднасці (А.В.Іваноў з супрацоўнікамі); з 1962 даследуецца матэматычная тэорыя хваль, у т. л. краявыя задачы тэорыі дыфракцыі хваль (Я.А.Іваноў, Л.В.Чаркесаў і інш.) і некаторыя краявыя задачы на спалучэнне разнавідных дыферэнцыяльных ураўненняў і іх сістэм, задач тэорыі ваганняў стрыжняў і бэлек (С.І.Гайдук). У БДУ вывучаны несамаспалучаныя задачы для некаторых гіпербалічных сістэм на плоскасці (В.Ф.Ждановіч), даследавана вырашальнасць шэрагу краявых задач (М.І.Брыш, В.І.Карзюк, М.І.Юрчук і інш.), распрацаваны метады энергетычных няроўнасцей даследавання краявых задач для дыферэнцыяльна-аператарных ураўненняў вышэйшых парадкаў (М.І.Юрчук і інш.) і краявых задач у нецыліндрычных абласцях (В.І.Карзюк і інш.), атрымаў сваё развіццё выкарыстаны Я.А.Івановым метад тэарэм складання для ўраўненняў Гельмгольца і сістэм ураўненняў Максвела (В.Ц.Ерафеенка і інш.), даследаваліся некарэктныя ў сэнсе Ж.Адамара—І.Г.Пятроўскага задачы (М.І.Юрчук і інш.), зроблена гаматэтычная класіфікацыя эліптычных ураўненняў, сістэм і краявых задач для іх (А.Ц.Ус, У.І.Шаўчэнка і інш.).
Літ.:
Иванов А.В. Операционный метод в задачах теплопроводности и тепло- и массопереноса // Теплофизика в литейном производстве. Мн., 1963;
Лыков А.В. Теория теплопроводности. М., 1967;
Иванов Е.А. Дифракция электромагнитных волн на двух телах. Мн., 1968;
Юрчук Н.И. Метод квазиобращения для задачи управления начальным условием для уравнения теплопроводности с интегральным краевым условием // Дифференциальные уравнения. 1998. Т. 34, №4;
Корзюк В.И. Метод энергетических неравенств и операторов осреднения // Вестн. БГУ, Сер. 1. 1996. №3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАМАТАЛОГІЯ
Даследаванні па стаматалогіі на Беларусі пачаліся на адпаведнай кафедры мед. факультэта БДУ (1926), у навукова-практычным ін-це аданталогіі Наркамата аховы здароўя БССР (1928) пад кіраўніцтвам І.М.Старобінскага і стаматалагічным ін-це (1940). Больш інтэнсіўна стаматалогія пачала развівацца ў пасляваенны час з адкрыццём адпаведных кафедраў у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (К.І.Бердыган) і Мінскім мед. ін-це (Ю.А.Мятліцкі). Бердыган і Т.В.Фокіна распрацоўвалі метады лячэння траўмаў сківіц, Старобінскі — хірургічнай стаматалогіі, Мятліцкі — аднаўленчай хірургіі сківічна-тваравай вобласці. У 1960-я г.распрацаваны метады процірэцыдыўнай тэрапіі герпетычнага стаматыту, спосабаў лячэння парадантыту і актынамікозу слізістай абалонкі рота (Т.Ф.Акалот, Г.П.Саснін); шэраг спосабаў пластычных аперацый у дарослых (Г.У.Кручынскі) і дзяцей (Э.М.Мельнічэнка, Фокіна). У апошнія дзесяцігоддзі прапанавана навукова абгрунтаваная праграма прафілактыкі карыесу з выкарыстаннем фтарыраванай солі, наладжана яе вытворчасць. Распрацавана канцэпцыя ўзаемасувязі стану поласці рота ў дзяцей з інфекцыйнымі і інш. захворваннямі (Мельнічэнка); прапанаваны метады зубапратэзавання на аснове выкарыстання новых пластычных матэрыялаў (Л.С.Вялічка). У Мінскім мед. ун-це і Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі працуюць спецыялісты розных кірункаў стаматалогіі: А.С.Арцюшкевіч (біямеханіка траўмаў сківіц), Вялічка (артапедычнае лячэнне хвароб перыядонту), Л.М.Дзедава (фізіятэрапія ў перыяданталогіі), П.А.Леус (прафілактыка карыесу), І.К.Луцкая (фізіялогія зуба), С.А.Навумовіч (лячэнне зубасківічных анамалій), Т.М.Церахава (прафілактыка і лячэнне зубасківічных дэфармацый), А.П.Чудакоў (аднаўленчая хірургія сківічна-тваравай вобласці). Шырокую вядомасць атрымалі даследаванні Чудакова па першаснай аўтаастэапластыцы прыроджаных шчылін паднябення ў дзяцей і метады пластычнага аднаўлення вялікіх дэфектаў твару і шыі.
Літ.:
Бердыган К.И. Клиника и лечение повреждений челюстно-лицевой области. Мн., 1961;
Метлицкий Ю.К. Стоматология в Белорусской ССР // Здравоохранение Белоруссии. 1967. №11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕКТРАСКАПІЯ І ЛЮМІНЕСЦЭНЦЫЯ
Даследаванні ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі на Беларусі пачалі інтэнсіўна развівацца ў пач. 1950-х г. у АН Беларусі і БДУ па ініцыятыве А.Н.Сеўчанкі і Б.І.Сцяпанава. У наш час даследаванні вядуцца ў ін-тах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, агульнай і неарганічнай хіміі, фотабіялогіі Нац.АН Беларусі; на кафедрах і ў НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах. У гэтай галіне фізікі сфарміраваліся вядомыя навук. школы М.А.Барысевіча, М.А.Ельяшэвіча, А.Н.Сеўчанкі і Б.І.Сцяпанава. Многія вынікі, дасягнутыя ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі ў 1950-я г., сталі асновай хуткага развіцця на Беларусі лазернай фізікі.
У галіне малекулярнай спектраскапіі М.А.Барысевічам і яго вучнямі (А.П.Блахін, В.У.Грузінскі, Г.А.Залеская, У.А.Павядайла, Г.Б.Талстарожаў, В.А.Таўкачоў, С.А.Ціхаміраў і інш.) устаноўлены заканамернасці фарміравання спектральна-люмінесцэнтных характарыстык малекул у газавай фазе і працякання працэсаў унутры- і міжмалекулярных узаемадзеянняў, суадносіны паміж спектрамі люмінесцэнцыі і паглынання, квантавым выхадам і працягласцю люмінесцэнцыі; распрацаваны метады вызначэння фотафізічных і тэмпературных характарыстык узбуджаных станаў малекулярных асяроддзяў; адкрыта з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул; атрыманы важныя звесткі аб кінетыцы звышхуткіх рэлаксацыйных працэсаў у газавай і кандэнсаванай фазах, а таксама ва ўмовах струменнага ахаладжэння і інш.
Б.І.Сцяпанавым і яго вучнямі (П.А.Апанасевіч, В.П.Грыбкоўскі, А.П.Казачэнка, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, А.М.Самсон і інш.) развіты эфектыўныя метады разліку і прааналізавана структура спектраў паглынання і люмінесцэнцыі малекулярных асяроддзяў з улікам вымушанага выпрамянення і цеплавога фону; дадзена фізічна абгрунтаваная класіфікацыя другаснага выпрамянення; устаноўлены універсальныя суадносіны паміж спектрамі паглынання і люмінесцэнцыі (універсальныя суадносіны Сцяпанава); развіта спектраскапія адмоўных светлавых патокаў, выяўлены заканамернасці дзеяння магутнага выпрамянення на спектральныя характарыстыкі асяроддзяў.
Пад кіраўніцтвам А.Н.Сеўчанкі выкананы даследаванні па спектраскапіі уранілавых (Л.В.Валадзько, А.І.Камяк, Дз.С.Умрэйка і інш.) і рэдказямельных (В.В.Кузняцова, Г.Я.Малашкевіч, В.С.Хаменка) злучэнняў у крышталях і растворах; устаноўлена сувязь спектральна-люмінесцэнтных уласцівасцей са структурай гэтых злучэнняў і створаны асновы спектральна-структурнага аналізу каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў; распрацаваны антыстоксавы візуалізатары інфрачырвонага выпрамянення. Вяліся даследаванні па палярызаваным узбуджэнні люмінесцэнцыі, у т. л. двухфатонным узбуджэнні (В.А.Гайсёнак, А.М.Саржэўскі і інш.). Выкананы цыкл работ па даследаванні спектральнымі метадамі флуктуацый мікраструктуры і фотафізікі раствораў складаных арганічных злучэнняў (Б.А.
А.Н.Сеўчанкам і Ц.М.Годневым закладзены асновы даследаванняў па фатоніцы біялагічна важных злучэнняў тыпу хларафілу, гему і іх аналагаў (парфірынаў і металапарфірынаў). Устаноўлены шляхі перадачы паглынутай светлавой энергіі, сувязі спектраскапічных уласцівасцей з малекулярнай структурай і асаблівасці фотахімічных і цемнавых пераўтварэнняў; выяўлена і вывучана з’ява «выпальвання» спектральных правалаў (Г.П.Гурыновіч, Б.М.Джагараў, К.М.Салаўёў, М.П.Цвірка). М.А.Ельяшэвіч стымуляваў выкарыстанне метадаў радыёспектраскапіі і разам з вучнямі (Б.І.Бяляеў, Л.І.Грачыхін, Л.І.Кісялеўскі, Л.Я.Мінько, У.Я.Плюта, В.М.Снапко, У.Дз.Шымановіч і інш.) развіў спектральныя метады даследавання плазмы і дыягностыкі зямных аб’ектаў з касмічных апаратаў. Атрыманы важныя вынікі па люмінесцэнцыі бялкоў і яе выкарыстанні ў навук. даследаваннях і практыцы (І.Дз.Валатоўскі, С.В.Конеў, У.М.Мажуль, Л.Р.Пікулік, К.І.Слабажаніна, Я.А.Чарніцкі). Работы па інфрачырвонай спектраскапіі цэлюлозы, пачатыя ў канцы 1950-х І.М.Ярмоленкам, перараслі ў інтэнсіўныя даследаванні вагальных спектраў вугляводаў (мона-, ды- і поліцукрыдаў) з мэтай устанаўлення структуры і ўласцівасцей рэчываў гэтага класа (Р.Г.Жбанкоў). Метадамі спектраскапіі камбінацыйнага рассеяння, у асаблівасці гіганцкага, вывучаецца будова біялагічна актыўных рэчываў, у т. л. лекавых прэпаратаў (Г.А.Гачко, С.А.Маскевіч і інш.). На аснове спектраскапічных метадаў распрацаваны фотарэфрактыўныя і вадкія крышталі (ВК) для аптычных сістэм апрацоўкі інфармацыі (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч і інш.); вывучаюцца міжмалекулярныя ўзаемадзеянні ў ВК і распрацоўваюцца ВК-матэрыялы для электрааптычных устройстваў (А.А.Мінько і інш.). Праведзена вялікая праца па ўкараненні метадаў атамнага спектральнага аналізу ў заводскіх лабараторыях (У.С.Буракоў, А.А.Янкоўскі). Вынікі даследаванняў па спектраскапіі і люмінесцэнцыі значна ўплываюць на развіццё хіміі, геахіміі, біяхіміі, экалогіі, распрацоўку вытворчых тэхналагічных працэсаў. Для правядзення даследаванняў і аналізаў метадамі спектраскапіі і люмінесцэнцыі створаны цэнтры калектыўнага карыстання высакаякасным абсталяваннем: Аддзел аўтаматызаваных спектраскапічных вымярэнняў у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Цэнтр крыягенных даследаванняў у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Аддзел фізіка-хімічных метадаў даследаванняў у Ін-це фізіка-арганічнай хіміі Нац.АН Беларусі. З 1964 выдаецца міжнар. часопіс «Журнал прикладной спектроскопии». Дасягненні бел. вучоных у галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі адзначаны Ленінскай прэміяй (М.А.Барысевіч, В.У.Грузінскі, В.А.Таўкачоў), 2 Дзяржаўнымі прэміямі СССР (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч, К.М.Салаўёў), 4 Дзярж. прэміямі Беларусі (М.А.Барысевіч, А.П.Блахін, Б.А.Бушук, І.Дз.Валатоўскі, Я.С.Варапай, В.А.Гайсёнак, І.М.Гуліс, Г.П.Гурыновіч, С.В.Конеў, У.М.Мажуль, У.А.Павядайла, Л.Р.Пікулік, А.М.Рубінаў, К.М.Салаўёў, К.І.Слабажаніна, В.А.Таўкачоў, У.І.Томін, Я.А.Чарніцкі).
Літ.:
Степанов Б.И. Люминесценция сложных молекул. Мн., 1955;
Бураков В.С., Янковский А.А. Практическое руководство по спектральному анализу. Мн., 1960;
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;
Степанов Б.И., Грибковский В.П. Введение в теорию люминесценции Мн., 1963;
Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры целлюлозы и ее производных. Мн., 1964;
Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;
Кузьмицкий В.А., Соловьев К.Н., Цвирко М.П. Спектроскопия и квантовая химия порфиринов // Порфирины: спектроскопия, электрохимия, применение. М., 1987;
Воропай Е.С., Торпачев П.А. Техника фотометрии высокого амплитудного разрешения Мн., 1988;
Панов В.П., Жбанков Р.Г. Внутри- и межмолекулярные взаимодействия в углеводах. Мн., 1988;
Черницкий Е.А., Слобожанина Е.И. Спектральный люминесцентный анализ в медицине. Мн., 1989;