баявая браніраваная колавая машына, прызначаная для агнявой падтрымкі пяхоты ў баі, для разведкі, баявой аховы, патрулявання і сувязі.
Выкарыстоўваліся ў час 1-й і 2-й сусв. і грамадз. войнаў (у 1918 у Чырв. Арміі было 148 бронеаўтамабіляў). Ёсць на ўзбраенні армій Вялікабрытаніі («Саладзін» Мк2), Францыі («Панар» AML-90), інш. краін. Маюць 20—90-мм гармату, 1—2 кулямёты, часам гранатамёт і процітанк. кіроўную ракету. Маса да 12 т, запас ходу да 1000 км, скорасць да 105 км/гадз. У былой Сав. Арміі ў пасляваен. час тэрмін «бронеаўтамабіль» выйшаў з ужытку, а баявыя колавыя машыны атрымалі назву ў залежнасці ад асн.прызначэння (напр., бронетранспарцёр, баявая разведвальная машына).
Да арт.Бронеаўтамабіль: а — браніраваная разведвальна-дазорная машына; б — бронеаўтамабіль «Саладзін» (Вялікабрытанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
сукупнасць мерапрыемстваў па забеспячэнні вадой нас. пунктаў, прам-сці, транспарту і інш. праз сістэму гідратэхнічных збудаванняў. Для водазабеспячэння выкарыстоўваюць паверхневыя воды і прэсныя падземныя воды. Падзяляецца на камунальнае і вытворчае. Найб. спажыўцы вады — прадпрыемствы металург., хім., нафтаперапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, ЦЭЦ (падача вады на арашэнне адносіцца да воднай гаспадаркі, на ГЭС — да гідраэнергетыкі). Сістэма водазабеспячэння ўключае ачышчальныя (гл.Водаачыстка) і водазаборныя збудаванні, помпавыя станцыі, вадаводы, водаправодную сетку і інш., бывае гасп.-пітнога, вытв., проціпажарнага і аб’яднанага прызначэння. Сучасныя сістэмы цэнтралізаваныя: кожная забяспечвае вадой вял. групу спажыўцоў. Якасць вады для водазабеспячэння кантралюе сан. нагляд праз санэпідэмстанцыі. Для захавання неабходнай якасці пітной вады ствараюцца водаахоўныя зоны, зберагаюцца водаахоўныя лясы, ажыццяўляюцца інш. мерапрыемствы па ахове прыроды. Гл. таксама Водакарыстанне, Водаспажыванне.
рус. паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це (1832—33) удзельнічаў у паліт. гуртках, захапляўся франц. утапічным сацыялізмам. З 1856 у эміграцыі (Лондан, Жэнева). На фарміраванне светапогляду паўплывалі дзекабрысты і А.Герцэн, з якім выдаваў альманах «Полярная звезда» і газ.«Колокол». Адзін з заснавальнікаў рэв. арг-цыі «Зямля і воля» (1860-я г.). У лірычных творах заклікаў да барацьбы з самадзяржаўем, абгрунтоўваў ідэю грамадскага прызначэння паэзіі, прапагандаваў прынцыпы рэалізму (цыклы «Маналогі», «Успаміны дзяцінства», вершы «Памяці Рылеева», «Свабода», паэмы «Гумар», «Вёска», «Зімовы шлях», «Мацей Радаеў» і інш.). Аўтар аповесцяў, публіцыстычных і літ.-крыт. артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРАДАБУДАЎНІ́ЦТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Засн. ў 1976 у Мінску на базе Мінскага філіяла Цэнтр.н.-д. і праектнага ін-та горадабуд-ва (з 1970). Галаўная арг-цыя па горадабудаўніцтве Беларусі.
Аддзяленні (1996): навуковае (9 аддзелаў), праектнае (аддзелы: раённай планіроўкі, 2 арх.-планіровачныя, арх.-канструктарскі, 3 інжынерныя, аўтаматызацыі работ). Асн. кірункі дзейнасці: навук. даследаванні, распрацоўка навукова-метадычнай і нарматыўна-прававой дакументацыі ў галіне тэр. планіроўкі, горадабудаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя; распрацоўка дакументацыі па планіроўцы рэгіёнаў, планіроўцы і забудове гар. паселішчаў і асобных тэрыторый, развіцці трансп. і інж. інфраструктур; распрацоўка і эксплуатацыя геаінфарм. сістэм і банкаў даных у горадабудаўніцтве і буд. комплексе; распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на аб’екты жыллёва-грамадз.прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗЛАВО́Е ПІСЬМО́, кіпу,
сістэма перадачы інфармацыі пры дапамозе вузлоў на шнурах рознай даўжыні і колеру, якія былі прымацаваны да інш. шнура ці палкі. Існавала ў шэрагу народаў Паўд. Амерыкі. Узнікла ў вобласці Цэнтр. Андаў і дасягнула росквіту ў эпоху інкаў (15—16 ст.). На думку некаторых вучоных, кіпу змяшчаюць складаныя гіст. і паэтычныя тэксты. Але большасць даследчыкаў лічыць, што яны не мелі іншага прызначэння, акрамя запісу самых простых даных уліковага характару. Падобны прынцып перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся і пры стварэнні «пісьма» вампум (шнуры з нанізанымі ракавінкамі розных колераў), што было пашырана ў індзейцаў Паўн. Амерыкі. Вузлавое пісьмо існуе ў Паўд. Амерыцы і на яп. а-вах Рукю і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМО́МЕТР (ад дынама... + ...метр),
прылада для вымярэння сілы або моманту сілы. Бываюць: цягавыя — для вымярэння адной сілы (цягі) і вярчальныя — пары сіл (вярчальнага моманту); узорныя і рабочыя (агульнага прызначэння, спецыяльныя); пераносныя і стацыянарныя; мех. (спружынныя, рычажныя), гідраўл., эл. і інш.
Д. мае пругкі элемент, які дэфармуецца пад уздзеяннем сілы, і адліковае прыстасаванне для рэгістрацыі вымеранага намагання. З дапамогай Д. вымяраюць сілы ад некалькіх ньютанаў да 1 МН. Выкарыстоўваюць пры выпрабаваннях і эксплуатацыі машын, для вымярэння сілы рэзання або момантаў сіл, што ўзнікаюць пры апрацоўцы металаў (інструментальны Д.), мускульных намаганняў і інш. Д. з пішучым прыстасаваннем наз.дынамографам, з адліковым або паказвальным прыстасаваннем — работамерам ці імпульсіметрам.
Рабочы спружынны дынамометр (работамер): 1, 4 — захваты; 2 — корпус з пругкім элементам; 3 — цыферблат са шкалой; 5 — стрэлка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕ́НТ (ад лац. instrumentum прылада),
прылада працы чалавека або выканаўчы механізм машыны. Адрозніваюць І. ручны (долата, малаток, зубіла і інш.), станочны (разцы, фрэзы, свердлы і інш.) і механізаваны з эл., гідраўл. або пнеўматычным прыводам (т.зв. ручныя машыны — свідравальныя, шліфавальныя, рубільныя, апіловачныя, кляпальныя, шабравальныя і інш.).
Найб. пашыраны дрэварэзальны інструмент, кавальскі інструмент, металарэзны інструмент, слясарна-зборачны інструмент, сталярна-цяслярскі інструмент, а таксама рознага прызначэнняабразіўны інструмент. Асобную групу складае вымяральны 1.: вугламеры, глыбінямеры, мікрометры, нутрамеры, штангенінструмент, калібры, канцавыя меры, лінейкі, цыркулі і г.д. (гл.Вымяральная тэхніка). Да І. адносяць таксама: некаторыя прыстасаванні, штампы, ліцейныя мадэлі, какілі; І. для хірург. аперацый у медыцыне і ветэрынарыі (гл.Хірургічныя інструменты); музычныя інструменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАСАМЕ́НТ (франц. connaissement),
дакумент аб умовах дагавору перавозкі грузу марскім шляхам; распіска, якая выдаецца капітанам судна або агентам марскога трансп. прадпрыемства (параходства) грузаадпраўшчыку з пацвярджэннем прыняцця грузу да перавозкі і абавязацельствам дастаўкі яго ў порт прызначэння і выдачы адрасату (грузаатрымальніку). З’яўляецца каштоўнай паперай. Трымальнік гэтага дакумента атрымлівае права распараджацца грузам. Адрозніваюць К.: лінейны у якім выкладзена воля адпраўшчыка па заключэнне дагавору перавозкі грузу чартарны — пагадненне аб найме судна для выканання рэйса або на вызначаны час; берагавы пацвярджае прыём грузу ад адпраўшчыка на беразе (на складах перавозчыка); бартавы выдаецца, калі тавар пагружаны на судна. Паняцце К., яго неабходныя рэквізіты і ўмовы складання вызначаны ў кодэксе гандл. мараплавання. Адсутнасць рэквізітаў пазбаўляе К. функцый тавараразмеркавальнага дакумента, і ён не з’яўляецца каштоўнай паперай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕ́РВЫ (франц. conserves ад лац. conservo захоўваю),
харчовыя прадукты расліннага або жывёльнага паходжання, якія прайшлі адпаведную апрацоўку і змешчаны ў герметычную тару для працяглага захоўвання.
Бываюць мясныя (натуральныя, кулінарна апрацаваныя, у выглядзе паштэтаў, фаршаў, каўбас, субпрадуктаў), мяса-раслінныя (мяса з гарохам, фасоляй і інш.), рыбныя (у т. л. прэсервы), малочныя, агароднінныя (закусачныя, для першых і другіх страў і інш.) і фруктовыя; агульнага прызначэння, спецыяльныя, для дзіцячага і дыетычнага харчавання. У працэсе вырабу К. з прадуктаў выдаляюць неядомыя часткі, дадаюць тлушч, цукар, прыправы, вітаміны, апрацоўваюць цяплом або хім. рэчывамі (гл.Кансерваванне). К. расфасоўваюць і герметычна закрываюць (закрутачнай машынай) у бляшаную, алюмініевую, шкляную або палімерную тару. Захоўваюць у сухім месцы пры т-ры 0—20 °C. Шмат відаў К. вырабляюць прадпрыемствы Беларусі (гл.Кансервавая прамысловасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ ГАЛО́ЎКА,
вузел у апаратуры для магнітнага запісу, узнаўлення і сцірання інфармацыі на магнітных носьбітах. Форма і канструкцыя М.г. залежаць ад прызначэння адпаведнай апаратуры. Выкарыстоўваецца ў прыладах гука- і відэазапісу, выліч. і вымяральнай тэхніцы, аўтаматыцы і інш.
Найб. пашыраныя індукцыйныя М.г., што маюць магнітаправод (асяродак) для канцэнтрацыі магн. патоку і абмотку (адну ці некалькі), на якую падаюцца (пры запісе ці сціранні) або з якой здымаюцца (пры ўзнаўленні) эл. сігналы інфармацыі. Асяродак вырабляецца з магнітамяккіх матэрыялаў і мае рабочы зазор (прамежак, запоўнены, напр., фольгай з берыліевай бронзы), які забяспечвае магн. сувязь з носьбітам інфармацыі.