стылізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стылізаваць.

2. у знач. прым. Які мае выразныя прыкметы стылізацыі (у 1 знач.), з’яўляецца вынікам стылізацыі. Стылізаваная аповесць. □ Упершыню гледачы ўбачылі прыгожа, па-мастацку стылізаваныя беларускія вопраткі, агністыя жартоўныя беларускія народныя танцы. Рамановіч. Над грабніцай мазаічны партрэт Людовіка на ўвесь рост. Вакол партрэта стылізаваныя залатыя ліліі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упара́дкавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

1. Навесці ў сябе належны парадак, справіцца з чым‑н., ухадзіцца. [Бацька:] — Дык ты [сын] едзь... але пачакай: з’ездзіш па клункі .. Упарадкуйся тут. Бо не будзе чакаць ярына: авёс жа трэба сеяць. Баранавых. // Пайсці на лад, наладзіцца. Жыццё горада паступова ўпарадкавалася.

2. Стаць добраўпарадкаваным. Разросся горад над Пінай, паглынуў ваколіцы і ўпарадкаваўся, папрыгажэў. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які валодае магічнай, звышнатуральнай сілай. Чарадзейнае зелле. □ Вельмі шкада, што цуды бываюць толькі ў казках, што толькі з чарадзейнага рога ўсяго многа. Сяркоў.

2. Незвычайны па сіле ўплыву, уздзеяння; які захапляе, чаруе. [Міхась Чарот] мне неяк прызнаваўся, што гэтая жанчына мела над ім нейкую чарадзейную ўладу. Рамановіч. Слова ў літаратурным мастацкім творы — гэта чарадзейны знак. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́сень, ‑я і ‑ю, м.

1. ‑я. Дрэва сямейства маслінавых з перыстым лісцем і цвёрдай драўнінай, якая выкарыстоўваецца ў мэблевай прамысловасці. Ля самага лесу маю ўвагу прыцягнулі тры высозныя ясені. Ігнаценка. Купчастыя ліпы і ясені Шалаш па-над студняй сплялі. Астрэйка. / ‑ю; у знач. зб. Пасадка ясеню.

2. ‑ю; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Мэбля з ясеню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Выр, вырь ’вырай, цёплыя краіны, куды адлятаюць птушкі на зіму’ (Яшк., бых., Рам., 8), вырь ’паварот’ (Нас.), выръ, виръ ’вір’ (Шн., Песні). Няясна. Магчыма, зваротнай дэрывацыяй ад вырай, вырья або ўкраінізаваная форма ад вір (гл.), якая потым была збліжана з вырай у семантычных адносінах. Але параўн. рус. цвяр. вырь, бырь ’вір’, выр ’месца хуткага цячэння вады, вір; яма, над якой утвараецца вір’, якія па фанетычных прычынах не могуць быць аб’яднаны з вір (Фасмер, 1, 370). Гл. яшчэ Безлай, ССл, 1976, 5, 65 і наст., дзе аб сувязі рус. вырь, вырий і славен. ir(ij) ’балота’, а таксама іншы славенскі матэрыял.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́сла (свісло́) ‘вага ў студні з жураўлём’ (люб., ДАБМ, камент., 809). Ад *сві́саць ‘звісаць’ з суф. ‑л(о), прадуктыўным у гэтай катэгорыі (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 49). Відаць, самастойнае ўтварэнне, падобнае да ўкр. сви́слі ‘ніжні канец плаўнай сеткі’, сви́сель ‘тс’, балг. свисло́ ‘звязка вінаградных гронак, прыгатаваных для сушэння’ і пад., якія, паводле Борыся (Czak. stud., 73), не працягваюць прасл. *sъvislь ‘выступаючая частка страхі пад шчытом будынку, застрэшак’, рэканструяванага на падставе харв. чак. svȉsla ‘застрэшак над стайняй або паветкай’; кайк. svisle ‘шчыт хаты з дошак, франтон’, славен. svísli ‘выступаючая частка страхі над франтонам’, ‘жэрдкі на знешняй сцяне дома, на якіх сушаць кукурузу’, ‘гарышча на сена, салому’, ‘клуня’, старое чэш. svisel, svisla ‘шчыт дому, франтон’, в.-луж. swisle ‘тс’, н.-луж. swisl ‘тс’, польск. дыял. świśla ‘адтуліна ў страсе для падавання сена на гарышча’, каш. svisle ў звароце pu̯y svislax lazëc ‘гультайнічаць, бадзяцца па начах’, першапачаткова дзеепрыметнікаў на ‑lъ, параўн. чэш. svislý, рус. сви́слый, а таксама дыял. свес ‘застрэшак’ (даўг., Сл. ПЗБ), што, магчыма, сведчыць пра старую тыпалагічную мадэль падобных утварэнняў ад вісець (гл.), звісаць. Параўн. таксама Сной₂, 716; ЕСУМ, 5, 192.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РА, Рэ,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі і рэлігіі бог сонца. Яго ўяўлялі сокалам, на галаве якога сімвал бажаства — сонечны дыск. Паводле пашыранага міфа Р. ўдзень плыве па нябесным Ніле на барцы Манджэт і асвятляе зямлю, увечары перасаджваецца ў барку Месектэт і сплывае ўніз, у царства нябожчыкаў, дзе плыве па падземным Ніле, а раніцай зноў з’яўляецца на гарызонце. Культ Р. ўзнік, верагодна, ў пач. 3-га тыс. да н.э., у сярэдзіне 3-га тыс. яго пачалі шанаваць як цара і бацьку багоў, творцу сусвету і людзей. Егіп. фараоны прымалі тытул «сын Ра». Пазней Р. атаясамлівалі з Амонам (Амон-Ра), Горам (Ра-Гарахуці) і інш. багамі, над выявамі якіх пачалі змяшчаць сонечны дыск.

Цэнтрам культу Р. быў г. Он (грэч. Геліопаль).

Ра ў вобразе сокала, які нясе сонечны дыск. Малюнак з «Кнігі мёртвых» Анхаі. Каля 1100 да н.э.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЫЦХАВЕ́ЛІ,

сабор у г. Мцхета, помнік сярэдневяковай архітэктуры Грузіі. Пабудаваны ў 1010—29 (арх. Арсукісдзе; аднаўляўся ў пач. 15 і 17 ст.) на месцы першай у Грузіі хрысц. царквы 4 ст. Грандыёзны крыжова-купальны, выцягнуты па падоўжанай восі будынак. Зах. частка падзелена на 3 нефы, над ёй — хоры. Купал утрымліваюць 4 свабодна пастаўленыя слупы. Гармоніі арх. аб’ёмаў падначалены ўрачысты рытм аркатур (на фасадзе, барабане купала) з тонкай, па-майстэрску выкананай арнаментальнай разьбой і рэльефамі. У інтэр’еры захаваліся фрагменты размалёвак 16—17 ст. Пад вял. аркай легендарны 4-гранны слуп «светыцхавелі» (жыватворчы), які даў назву храму. Перад алтаром размешчаны магілы груз. цароў. У ансамблі сабора таксама вароты каталікоса Мелхіседэка 11 ст. і агароджа 18 ст. Сабор С. ўключаны ЮНЕ́СКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. да арт. Грузія.

Літ.:

Памятники архитектуры Грузии. Л., 1973.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ, Чортаў камень,

геалагічны помнік прыроды, самы буйны валун на Беларусі. За 500 м на З ад в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл., за 400 м ад аўтадарогі Шуміліна—Бешанковічы. Ружовы граніт рапаківі з авоідамі палявога шпату (2—9 см у папярочніку). Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. (бачнай часткі) 11 м, шыр. 5,6 м, выш. над паверхняй зямлі 2,8 м, у абводзе 32 м, аб’ём 173 м³, маса 460 т. Прынесены ў час апошняга зледзянення каля 18 тыс. гадоў назад з Выбаргскага масіву Балтыйскага шчыта.

В.​Ф.​Вінакураў.

Вялікі камень каля в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРШНЭ́П (Lymnocryptes minimus),

птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн. ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт. палявання.

Гаршнэп.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)