УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ І ВАЙСКОВЫЯ ФАРМІРАВАННІ НА БЕЛАРУСІ ў 9 — ПАЧ. 20 ст.
Паводле гіст. крыніц і меркаванняў бел. вучоных, ужо ў 6—9 ст. на тэр. Беларусі правадыры славянскіх плямён мелі ўзбр. дружыны для абароны сваіх вотчын ад нападаў суседзяў, а таксама для пашырэння ўласных уладанняў. У эпоху стараж. дзяржаў-княстваў (з 9 ст.) ваенна-дружынная арганізацыя Полацкага, Тураўскага, Навагрудскага і інш. княстваў складалася з княжацкіх дружын (ядро войска), апалчэнцаў-гараджан і сялян. Як сведчаць «Аповесць мінулых гадоў» і інш.гіст. крыніцы, у 9—10 ст. войскі («светлые») полацкіх князёў, у т. л. ў складзе кааліцыйных сіл, хадзілі ў паходы на Візантыю і інш. краіны, падпарадкоўвалі суседнія народы, якія плацілі ім даніну. На ўзбраенні ваяроў былі дзіды (пікі), лукі, баявыя сякеры, коп’і, мячы, скураныя шчыты і інш., з 12 ст. — шаблі, пазней з’явіліся самастрэлы (арбалеты), цяжкія даспехі (шлемы, латы, кальчугі, металічныя шчыты), а таксама сценабітныя, каменекідальныя машыны і інш. аблогавыя прыстасаванні.
У склад дружыны князі набіралі найб. адданых воінаў, часткова сваякоў. На чале войска стаяў сам князь або яго сыны. Дружына звычайна складалася з 2 частак: «старэйшая» дружына або «моцныя мужы» (згадваецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай»), у якую ўваходзілі найб. адданыя і вопытныя воіны, і малодшая дружына («дзецкія»), якая ахоўвала князя ў мірны час і ваен. паходах, выконвала яго асабістыя даручэнні (напр., у адпаведнасці з пастановай Любецкага з’езда 1097 Святаполк Ізяславіч «яко князь Туроўский», атрымаўшы вял. тэрыторыі «аб оне стороне Прыпяти», у т. л. Кіеўскае княства, трымаў у Кіеве тураўскую дружыну «маладую», «новую»), Найважнейшыя цэнтры ўсх. славян Полацк і Тураў мелі моцныя ўмацаванні, вялікую дружыну, а таксама народнае апалчэнне з гараджан і жыхароў навакольных вёсак. Сабранае апалчэнне называлі палком, узначальваць які князь прызначаў ваяводу (военачальніка) з лепшых і вопытных дружыннікаў. Удзел у апалчэнні лічыўся ганаровым абавязкам. Знатныя гараджане ўзбройвалі і аснашчалі апалчэнцаў, за баявыя поспехі адорвалі іх грашыма, каштоўнасцямі, зброяй і даспехамі; рамеснікі пастаўлялі зброю і рыштунак; сяляне выраблялі транспартныя сродкі, у т. л. лодкі для перамяшчэння войск па рэках і азёрах, давалі харчы, коней і фураж. Побач з дружыннікамі і апалчэнцамі ў складзе полацкага войска дзейнічалі наёмнікі (у 10—11 ст. пераважна варагі). Аб’яднанае войска вяло барацьбу часцей за ўсё з суседнімі плямёнамі і княствамі (напр., у Нямігскай бітве 1067), а таксама з іншаземцамі.
З 13 ст. землі Беларусі ўвайшлі ў склад ВКЛ і сталі ядром дзяржавы, узбр. сілы якой лічыліся аднымі з наймагутнейшых у тагачаснай Еўропе. Яны не толькі паспяхова баранілі сваю краіну ад іншаземных захопнікаў, але і значна пашырылі яе межы. Напр., у выніку бітвы каля Сініх Вод 1362 войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам вял. князя Альгерда ўшчэнт разграмілі аб’яднаныя войскі Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў, пасля чаго Вялікае княства пашырыла свае межы да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Гіст. перамогай бел.-літ. і польскага войска завяршылася Грунвальдская бітва 1410. Сярод выдатных палкаводцаў 13—14 ст. — Давыд Гарадзенскі, Андрэй Полацкі, вял. князі Міндоўг, Гедзімін, Альгерд, Вітаўт.
Асновай узбр. сіл ВКЛ у сярэдневякоўі заставалася паспалітае рушэнне, ці абарона земская (ваеннаабавязаная ч. насельніцтва). Кожны абывацель (грамадзянін) княства, які валодаў зямлёй, абавязаны быў адбываць вайск. павіннасць — т.зв. земскую службу, памеры якой вызначаліся велічынёй зямельнага надзелу і колькасцю сялянскіх гаспадарак, што належалі землеўладальніку. Колькасць ратнікаў (драбаў) была прапарцыянальная колькасці ўласных сялянскіх службаў (служба — адзінка абкладання павіннасцямі, якая ўключала звычайна 2 ці 3 «дымы», або гаспадаркі). Свабодныя землеўладальнікі, шляхта павінны былі з’яўляцца на службу з цяжкім узбраеннем, на конях, у суправаджэнні світы; інш. ваеннаабавязаныя (больш бедныя землеўладальнікі) камплектавалі лёгкую конніцу. Усе яны стваралі харугвы паводле ваяводстваў. Больш знатныя і багатыя магнаты, ваяводы, кашталяны і епіскапы рыхтавалі свае ўласныя харугвы. Гарады вылучалі пэўную колькасць апалчэнцаў, ваен. павозак. Паветы і ваяводствы ўтрымлівалі таксама атрады наёмнага войска.
Паводле Прывілея 1387 і інш. статутных актаў у ВКЛваен. паход (пагоня) лічыўся абавязкам кожнага, хто мог трымаць зброю ў руках. Князі са сваімі васаламі таксама выконвалі агульнадзярж. вайск. службу; атрады («почты»), што ім падпарадкоўваліся, выкарыстоўваліся асобна ад павятовых атрадаў баяр-шляхты. Зборам ваяводскіх і павятовых харугваў кіравалі харунжы і кашталян. Пасля рэгістрацыі (палявога попісу) войска пераходзіла пад уладу гетманаў. Звычайна войска ўзначальваў вял. князь, які з’яўляўся галоўнакамандуючым; часам ён даручаў кіраваць арміяй гетману, найб. здольнаму ваяводу ці інш. вышэйшым саноўнікам. Попісы войска 1534, 1565, 1567 і інш. звычайна мелі рэгістрацыйна-ўліковы характар і складаліся гетманам (адсюль назва — гетманскія) непасрэдна на месцы збору войска. У некат. выпадках (напр., попіс 1534, які пачаўся каля Мінска) рэгістрацыя вайскоўцаў праходзіла і ў час маршу, што было абумоўлена загадам вял. князя гетману Ю.Радзівілу спешна рухацца да «ўскраінных» замкаў. У адрозненне ад гетманскіх попісаў перапіс 1528 меў рэгістрацыйна-даведачны характар: яго функцыі заключаліся ў тым, каб паказаць, хто з шляхты і інш. катэгорый насельніцтва абавязаны несці ваен. службу і павінен плаціць падатак на выпадак магчымай вайны. У Статуце Вял. княства Літоўскага 1588 дакладна зафіксаваны абавязкі харунжых, кашталянаў, ваявод і інш. дзяржаўцаў. Кашталяны (а дзе іх не было — маршалкі) збіралі шляхту са сваіх паветаў і рухаліся на злучэнне з харунжым. Часткі харугваў «павінны былі рушыць да ваяводы... А потым ужо ўсе разам... да месца», прызначанага вял. князем або гетманам. Месца збору войска вызначалася залежна ад ваен.-стратэг., паліт. і інш. абставін (напр., у 1534 — Мінск, 1565 — Ракаў, 1567 — Маладзечна і інш.). Мабілізацыйнай дакументацыі і збору ўсяго шляхецкага войска надавалася асаблівае значэнне ў 16 ст., калі вызначаўся лёс ВКЛ у бясконцай і надзвычай цяжкай ваен-паліт. канфрантацыі з Вял. княствам Маскоўскім.
Мабілізацыйныя рэсурсы, паводле попісаў войска Вялікага княства Літоўскага, дазвалялі мець узбр. сілы да 70 тыс.чал. Аднак у 1567 войска налічвала 50 тыс. ратнікаў, у т. л. 28 тыс. коннікаў. Большую ч. паспалітага рушэння складала дробная і сярэдняя шляхта (з 16 ст. службу адбывалі і сельскія войты, з 17 ст. — і мяшчане). З 17 ст. паветы і ваяводствы выстаўлялі і наёмнае войска, значна меншае па колькасці, але больш баяздольнае. Мяшчане забяспечвалі армію зброяй, удзельнічалі ў буд-ве і абароне гар. умацаванняў, замкаў і інш. фартыфікацыйных збудаванняў. Пешыя ратнікі мелі на ўзбраенні ручніцы, сякеры, алебарды, бердышы; конніца, у залежнасці ад прызначэння (драгуны, гусары, рэйтары, казакі), узбройвалася тарчамі, дзідамі, сагайдакамі і інш. Войска ВКЛ мела на ўзбраенні таксама артылерыю (у ВКЛ з’явілася ў канцы 14 ст.). З сярэдзіны 16 ст. ў Вільні, а пазней у інш. гарадах ВКЛ існавалі людвісарні, дае выраблялі гарматы. Да 16 ст. ўсе пагранічныя замкі Беларусі мелі на ўзбраенні пушкі мясц. і замежнай вытв-сці. Артылерыя падзялялася на дзярж., прыватную і гарадскую, паводле прызначэння — на палявую і фартыфікацыйную. Пасля рэформы 1623—38 яна вылучана ў асобны корпус, які ўпершыню ўзначаліў ген. М.Абрамовіч Беларусы таксама служылі ў кароннай артылерыі, напр., ген.-лейт. К.Семяновіч — аўтар ідэі шматступеньчатай ракеты.
З канца 16 ст. ўсё большую ролю адыгрывала рэгулярнае і наёмнае войска, якое мела адпаведную вывучку і лепшую зброю. Гал. ударнай сілай войск ВКЛ 16 ст. была конніца: цяжкаўзброеная (камплектавалася багатай шляхтай і магнатамі), да якой належалі кап’яносцы, гусары і конныя аркебузёры; сярэдняя (камплектавалася пераважна з бел.-літ. татараў), да якой таксама належалі пяцігорцы і казакі, а з 1676 і панцырнікі; лёгкая (камплектавалася воінамі з бяднейшых асяродкаў). У 1-й пал. 17 ст. ў Рэчы Паспалітай з’явілася лёгкая нерэгулярная кавалерыя, арганізаваная А.Ю.Лісоўскім (адсюль назва «лісоўчыкі»). Яе атрады ваявалі на баку Лжэдзмітрыя II у 1608—11, былі на службе ў Жыгімонта III, у складзе войска імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фердынанда III і інш. (пасля 1636 фарміраванні «лісоўчыкаў» распушчаны).
Паводле ваенна-іерархічнай лесвіцы ВКЛ войска ўзначальваў камандуючы — гетман найвышэйшы (з 17 ст. гетман літоўскі), які прызначаўся часова для арганізацыі абароны краю або кіраўніцтва войскам на пэўным напрамку. Пасля заканчэння вайны пасада скасоўвалася, але пазней (з 1581) стала пажыццёвай. Памочнікам вялікага гетмана з 16 ст. быў палявы гетман (гетман польны, палявы правадыр). Звычайна на пасаду гетманаў прызначаліся прадстаўнікі знатных і магутных магнацкіх родаў. Талент палкаводцаў, тактычныя перавагі і стратэг. мысленне былі гал. фактарамі шэрагу буйных перамог войск ВКЛ. Сярод военачальнікаў 16—17 ст. асабліва вызначыліся М.Глінскі ў Клецкай бітве 1506, К.Астрожскі ў Аршанскай бітве 1514, М.Радзівіл у Ульскай бітве 1564, Я.К.Хадкевіч (з войскам у 4 тыс.чал. 27.9.1605 разбіў 11-тысячнае войска шведаў) і інш.
З сярэдзіны 17 ст.ВКЛ была ўцягнута ў паласу разбуральных войнаў, сярод якіх найб. жорсткімі лічацца вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночная вайна 1700—21. У выніку ваен. дзеянняў на тэр. Беларусі былі вычарпаны амаль усе матэрыяльныя рэсурсы. З таго часу ў абставінах сац.-паліт. нестабільнасці баяздольнасць арміі ВКЛ знізілася да таго, што войскі асобных магнатаў колькасна і якасна перавышалі дзярж.ўзбр. сілы. Так, войскі магнатаў Агінскіх у канцы 17 ст. налічвалі 20 тыс.чал. У барацьбе з Сапегамі, якая ў 1697—1702 прыняла формы грамадз. вайны, Агінскія разам з Вішнявецкімі атрымалі перамогу.
У гэты час зыход бітваў на палях Еўропы вызначалі рэгулярная, добра ўзброеная і навучаная пяхота і артылерыя. Наспявалі рэформы, пачатак якім паклала стварэнне ў Гродне Камісіі вайсковай Вялікага княства Літоўскага (10.3.1765) — калегіяльнага органа, які сканцэнтраваў у сваіх руках пытанні арганізацыі і забеспячэння войск. Камісіі ўдалося пераканаць сойм у неабходнасці павелічэння ваен. бюджэту і правесці рашэнні па арганізацыі войска ВКЛ; быў створаны Гродзенскі кадэцкі корпус, які рыхтаваў афіцэраў для арміі ВКЛ.
Аднак развіццё вайск. рэформ запаволіў выбух Барскай канфедэрацыі 1768—72, што паслужыла нагодай для ўвядзення рас. войск на тэр. федэратыўнай дзяржавы і першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Пад націскам ваен. сілы сойм, які ратыфікаваў першы падзел, абвясціў утварэнне новага дзярж. ін-та, т.зв. Рады няспыннай, якая складалася з 5 дэпартаментаў. Адзін з іх (Дэпартамент вайсковы) аддаваўся пад уладу 4 гетманаў (2 каронных і 2 літоўскіх). Сойм 1773—75 ухваліў павелічэнне вайск. бюджэту і колькасці арміі да 30 тыс.чал. У ВКЛ пачалося фарміраванне 2 дывізій, 2 брыгад кавалерыі нарадовай, 5 палкоў пярэдняй стражы і інш. Сойм 1776—78 прызнаў, што колькасці войска ў 30 тыс.чал. немагчыма дасягнуць з-за недахопу грошай. таму было вырашана мець армію ў 24 тыс.чал. У 1788 практычна грошай хапіла толькі на ўтрыманне 4,5 тыс. жаўнераў. Гал. перашкодай для павелічэння колькасці войска, найперш пяхоты, была немагчымасць увядзення рэкруцкай сістэмы, з дапамогай якой набіраліся ўсе войскі моцных суседзяў (шляхта ВКЛ баялася страціць працоўныя сялянскія рукі, дбаючы больш пра ўласны дабрабыт, чым пра бяспеку дзяржавы). Нягледзячы на ўсе складанасці, ішла праца над павышэннем узроўню баявой падрыхтоўкі хоць і нешматлікага войска Пачала адраджацца артылерыя, дзякуючы ініцыятыве камандуючага коннай артылерыяй А.Бруля і генерала артылерыі літоўскай К.Сапегі. У 1776 у Варшаве заснавана Каралеўская школа артылерыі, выпускнікі якой у 1792—94 склалі касцяк спецыялістаў у гэтай галіне. Значная частка выпускнікоў школы ўдзельнічала ў паўстанні 1794.
У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) уся тэр. Беларусі ўвайшла ў склад Рас. імперыі, значная частка ўзбр. сіл ВКЛ — у яе армію. Яшчэ ў 1772 у складзе рас. арміі на тэр. Беларусі былі сфарміраваны некат. падраздзяленні, потым створаны Бел. гусарскі полк (1775—83), Бел. егерскі батальён (1777), Імператарская бел. шляхецкая харугва (1784) і інш. У 1796—99 у склад рас. войска прынята больш за 40 тыс. ураджэнцаў Беларусі, а з 1801 па 1812 — больш за 100 тыс.чал. Толькі ў 1-й арміі ген. Барклая дэ Толі ў 1812 6 дывізій былі ўкамплектаваны выхадцамі з Беларусі. Шмат фарміраванняў рас. арміі мелі бел. найменні: Беларускі егерскі корпус, Віцебскі пяхотны полк, Гродзенскі гусарскі полк, Магілёўскі пяхотны полк, Мінскі пяхотны полк, Полацкі пяхотны полк, Нясвіжскія палкі (карабінеры і 4-ы грэнадзёрскі) і інш.
Паводле распараджэння Напалеона I і рашэння Камісіі Часовага праўлення ВКЛ у 1812 некалькі тыс.чал. былі прызваны ў склад літоўскіх войск, якія павінны былі забяспечыць парадак у тыле франц. арміі. Ні колькасна, ні па ўзроўні баявой падрыхтоўкі армія ВКЛ не адпавядала патрабаванням, каб весці ваен. дзеянні. Рэшткі гэтага войска (большая частка загінула ў баях) уключаны ў армію Царства Польскага (у складзе Рас. імперыі).
У 1817 у рас. арміі на тэр.зах. губерняў сфарміраваны Літоўскі асобны корпус, у склад якога ў розныя часы ўваходзілі Нясвіжскі карабінерны, Гродзенскі гусарскі, Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі, шэраг інш.вайск. фарміраванняў. Корпус налічваў каля 40 тыс.чал.мясц. ураджэнцаў. Многія з іх прымалі ўдзел у паўстанні 1830—31, таму з мая 1831 часці корпуса перайменавалі, некат. з іх расфарміравалі Войскі Рас. імперыі, што знаходзіліся на тэр. Беларусі, складаліся з пяхоты, кавалерыі, артылерыі і інж. часцей. Для падрыхтоўкі ваен. кадраў у губернскіх гарадах былі створаны кадэцкія карпусы. З ліку беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі папаўняліся рас. афіцэрскі і генеральскі карпусы: І.У.Гурка, М.В.Без-Карніловіч, А.І.Вількіцкі, А.А.Непакайчыцкі, У.У.Ходзька, М.Ф.Чарняеў і інш. Афіцэры А.Баранцэвіч, Я.Ваньковіч, П.Высоцкі, А.Гелгуд, Я.Кашыц, А.А.Лянкевіч, Л.Нарбут, А.Парадоўскі, Р.Рагінскі, С.Сангін, Р.Траўгут, В.Урублеўскі, Ю.Эйтмановіч, Ф.Юндзіл і інш. ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64.
Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі прымалі ўдзел у войнах, якія вяла Рас. імперыя ў 19 ст. У час руска-турэцкай вайны 1877—78 на Балканах асабліва вызначыўся ген. І.У.Гурка, а таксама многія афіцэры і салдаты. У гонар ратнага подзвігу беларусаў у 1898 на Мінскіх ваенных могілках узведзены храм-помнік Аляксандра Неўскага, дзе на мармуровых плітах залатымі літарамі выпісаны імёны 118 пехацінцаў і артылерыстаў, што загінулі ў баях за балгарскі горад Плевен (Плеўна).
У пач. 20 ст.гал. родам войск заставалася пяхота. Вышэйшым такт. аб’яднаннем сухапутных войск быў армейскі корпус (АК), які складаўся з 2 пях. дывізій, кав. дывізіі, 2 брыгад пешай артылерыі і дывізіёна коннай артылерыі. На тэр. Беларусі дыслацыраваліся часці 2-га АК (штаб у Гродне), 4-га АК (штаб у Мінску), 19-га АК (штаб у Брэст-Літоўску). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў склад АК уваходзілі казацкі полк, корпусная артылерыя (марцірны дывізіён), авіязвяно (авіяатрад з 3—6 самалётаў), сапёрны батальён, падраздзяленні сувязі і тылу, сан. і ваен.-гасп. падраздзяленні і ўстановы пяхотных дывізій. Штабы дывізій размяшчаліся ў Мінску, Бабруйску, Гродне, Брэст-Літоўску і інш. З 1902 у Брэст-Літоўску размяшчаўся асобны артыл. полк, крапасная сапёрная рота (сфарміравана ў 1891) і крапасны ваен. тэлеграф (сфарміраваны ў 1890). У 1901 у Брэст-Літоўску створана крапасное паветраплавальнае аддзяленне, якое ў 1907 перафарміравана ў паветраплавальны крапасны батальён. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння Брэсцкай крэпасці Буд-ва вялося з лета 1913 да восені 1914. У жн. 1915 гарнізон крэпасці разам з узбраеннем і маёмасцю эвакуіраваны (15.8.1915 крэпасць занялі герм. войскі. Тут быў падпісаны Брэсцкі мір 1918). Напярэдадні 1-й сусв. вайны на базе некат. паветраплавальных падраздзяленняў сфарміраваны першыя авіяц. атрады, адзін з якіх (5-ы, што базіраваўся ў Гродне) стаў узорным ва ўсёй рас. арміі.
Першыя баявыя вылеты рас. лётчыкаў у небе Беларусі адбыліся ў 1914. Авіяцыя вяла разведку, карэкціравала агонь артылерыі, дастаўляла розныя данясенні і выконвала задачы сувязі. У пач. 1915 для аховы Стаўкі вярх. галоўнакамандавання (у Баранавічах, потым у Магілёве) створаны другі знішчальны авіяатрад. На тэр. Беларусі прайшоў баявы шлях эскадры баявых паветр. караблёў «Ілья Мурамец», якія базіраваліся ў Лідзе і Станькаве. У небе Беларусі на Зах. фронце дзейнічала 3-я знішчальная авіяц. група і асобны знішчальны авіяатрад з гвардзейскіх афіцэраў, які непасрэдна падпарадкоўваўся вял. князю Аляксандру Міхайлавічу. 29.8.1917 упершыню ў гісторыі авіяцыі ў небе над Беларуссю выпрабаваны авіяц. рэактыўныя снарады. У час 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі знаходзілася 2-я па колькасным складае групоўка знішчальнай і разведвальнай авіяцыі, самы буйны франтавы авіярамонтны парк у Брэсце.
Значная колькасць вайскоўцаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў складзе рас. арміі прымала ўдзел у 1-й сусв. вайне. Сярод іх камандуючы Зах. фронтам В.І.Гурка, каманд. арміяй Я.А.Радкевіч, камандзіры злучэнняў А.В.Станкевіч, А.В.Собалеў і многія інш.
Р.Ч.Лянькевіч, А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Княжацкі дружыннік 12 ст. Малюнак В.Ляхора.Княжацкі дружыннік 13 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 14 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Гусар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Маёр палка коннай гвардыі 1792. Малюнак В.Ляхора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Калу́жа ’лужына’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.; Сцяц., Словаўтв.; слаўг., Яшк., вусн. паведамл.), ’балоціна’ (гродз., Сл. паўн.-зах., 2, 381, параўн. ілюстрацыю: «Жабы па калужах водзяцца»), ’калдобіна’ (хойн., Шатал.), калужына ’лужына пасля дажджу на дарозе’ (кліч., Жыв. сл.; Касп., Мат. Гом.; слаўг., Яшк., вусн. паведамл.), бых., ветк., рэч., Яшк.), ’азярына са светлай вадой на лузе’ (рэч., Яшк.), калужка ’лужына’ (жытк., Яшк.), калужынка (віц., Шн.), калужэнька (брэсц., КЭС), далей адзначаюцца формы калюжа ’лужына’ (Мат. Гом.), ’мокрае месца, лужына, балоціна’ (жытк., Яшк.), калюжына ’тс’ (БРС, ТСБМ, Мат. Гом.), ’выбоіна, яма на дарозе ад кола, яміна’ (Гарэц., Нас.). Укр.калюжа ’лужына’, зах.калюжа ’тс’, ’гразь’, ’гразь, прынесеная вадой’, бук. ’брудная вада’; рус.калужа ’стаячая вада, ціна, гразь’ (паўдн.), вельмі пашыраны дэрыват калужина ’лужына і пад.’ (цвяр., ярасл., кастр., кур., вяп., уладз., ніжнегар., перм. і да т. п.), ’бруднае, мокрае месца; дрыгва’, ’выбоіна на дарозе’ і інш., кур., зах.-бран., тульск. і інш. калюжа ’лужына’, кур. ’вада ў выбоінах’, паўдн., тульск. і інш. ’балоцістае месца, дрыгва, гразь’, кур., данск. калюжына ’лужына’ смал., пск., маск. ’невялікая, але глыбокая выбоіна, дзе ў час дажджу збіраецца вада’, пск., смал. ’балоцістае месца, твань’, калюжка і інш., польск.kałuża ’невялікае паглыбленне са стаячай балоцістай вадой’ (ст.-польск. з XV ст., таго ж часу і дыял.kałuż ’твань, дрыгва’), ст.-польск. ’лагчына, канава з бруднай вадой і да т. п.’, ’невялікая сажалка’, дыял. форма яшчэ kałuża, чэш.kaluž, kaluže ’лужына’, слова адзначаецца і ў гаворках, славац.kaluża ’брудная вада, лужына’, славен.kalúža ’лужына’, серб.-харв.уст., дыял.kàluža ’гразь, лужына’, серб.ка̀љужа ’тс’. Слав. прыклады дазваляюць рэканструкцыю праслав.kaluža, kalʼuža, якое, відаць, з’яўляецца навацыяй да формы kaluga (параўн. калюжа, гл.). Лічыцца вытворным ад kalъ (фармант ‑ug‑ja), гл. Слаўскі, 2, 35–36, з падрабязным аглядам літаратуры, варыянт з мяккім зычным у аснове, відавочна, таксама стары. Махэк (2, 237) падтрымлівае сувязь з kalъ, аднак падкрэслівае, што тут хутчэй за ўсё гаплалогія з *kalo‑luža, аб чым пісалі яшчэ Лось, Фасмер і інш. Трубачоў (Эт. сл., 9, 127) звяртае ўвагу на фармальныя цяжкасці пры такім тлумачэнні (‑lʼuža ў параўнанні з luža, таксама і на несупадзенне арэалаў kaluža і luža). Шэраг аўтараў спрабавалі вытлумачыць слова як злажэнне пачатковага фарманта ka і luža (так Маліноўскі, PF, 5, 117; Фасмер, 2, 170; яшчэ Міклашыч, 153). Цікава адносна сувязі з kalъ або luža прывесці інфармацыю, якую падае Шымкевіч, Корнеслов, 133, з уключэннем назвы расліны калужніцы ў артыкул «Лугъ». Аўтар адзначае: «Въ Рейфовомъ Лексиконѣ слово лужа занимает мѣсто особаго корня». Прыведзеная аргументацыя супроць версіі *kalo‑luža датычыць таксама і спробы разглядаць лексему як прэфіксальную. Апрача гэтага, неабходна адзначыць, што як магчымае прэфіксальнае слова kałuža Шымкевіч прыводзіць шэраг ненадзейных прыкладаў, для якіх такі спосаб утварэння не з’яўляецца натуральным. Неабходна заўважыць, многія дэрываты ад kalъ > пацвярджаюць прынятую намі версію, параўн. укр.калюка ’вялікая гразь’, польск.дыял.kaleń ’лужына’. З вытворных звяртаюць на сябе ўвагу, магчыма, усх.-слав.калужына і далей славен.kalužati se, серб.-харв.калу́жати се ’пэцкацца, вазіцца ў гразі’ ў параўнанні з серб.-харв.калу̀гати се і бел.тураў.калюжыцца ’пэцкацца ў гразь у калюзе’; апошнія прыклады, магчыма, неабходна разумець як старажытныя ўтварэнні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус.рай, польск., в.-луж., н.-луж.raj, чэш.ráj, славац.raj, славен.ràj, серб.-харв.pȃj, балг.рай, макед.paj, ст.-слав.рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ.rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл.*rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав.*rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч.παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав.*rajь з авест.rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд.rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав.*rajь з інд.-іран.rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е.roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав.рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест.źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд.jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл.*iroi‑ (параўн. і.-е.*erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр.вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр.обрій ’гарызонт’, рус.дыял.ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус.ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск.wyraj ’тс’, польск.iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел.вір ’вір, вадаварот’, рус.вир, выр ’тс’, славен.ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтагаславен.rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус.дыял.вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус.дыял.райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус.проводить в последний путь, рус.дыял.птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен.večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл.rīan ’рака, дарога’, ням.Rain ’мяжа’, швед.ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл.*radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.
Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк.ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап.рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус.паўдн.раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран.rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).
Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус.уладз., раз.рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ БАРОКА (канец 16—1-я пал. 18 ст.).
Контррэфармацыя, што пачалася ў ВКЛ у 1570-я г., абумовіла ўзнікненне ў бел. літаратуры інш. кірунку, уздзеянне якога на творчасць пісьменнікаў паступова нарастала. Ідэолагі контррэфармацыі імкнуліся аднавіць традыцыі дарэнесансавай царк. культуры, хоць і не адмаўлялі дасягненняў эпохі Адраджэння. Кніга езуіта П.Скаргі «Жыціі святых» (1579) знаёміла правасл. чытачоў з багатай еўрап. агіяграфічнай літаратурай, прадстаўленай у новым барочным ракурсе. Моцнае ўздзеянне познасярэдневяковай літаратуры заўважаецца ў творчасці уніяцкага палеміста і гістарыёграфа Л.Крэўзы. Айч. традыцыі павучальнага і ўрачыстага красамоўства спрабаваў адрадзіць у сваіх пропаведзях правасл. апалагет Л.Карповіч. Элементы сярэдневяковага светапогляду заўважаюцца ў творчасці Афанасія Філіповіча. На працяглы час вядучым жанрам стала царк.-палемічная літаратура, якая развівалася з улікам рытарычных дасягненняў рэфармацыйнай публіцыстыкі, але яе асн. зместам стала палеміка вакол праблем, звязаных з прыняццем царк. уніі. Важную ролю адыгрывалі брацтвы, якія садзейнічалі кансалідацыі патрыят. сіл бел. і ўкр. народаў у барацьбе супраць польска-каталіцкага ўплыву і асімілятарскай палітыкі вярхоў Рэчы Паспалітай. Шырокі літ. рух перыяду позняга Адраджэння і ранняга барока ўключаў у пісьменніцкую дзейнасць людзей рознай культурна-рэліг. і моўнай арыентацыі (вялікае распаўсюджанне атрымалі творы, напісаныя беларусамі па-польску), рознага сац. паходжання і адукацыі, эстэт. густу і літ. таленту, што ў цэлым адыграла важную ролю для эпохі барока. Найб. глыбокім філас. і тэалагічным зместам вызначаюцца творы ініцыятара і прапагандыста царк. уніі П.Скаргі, які ў сваіх трактатах акрэсліў выгоды, што атрымаюць праваслаўныя ў выніку уніі, і пераконваў у неабходнасці развіцця ў Беларусі і Літве еўрап. сістэмы адукацыі, якая паслужыць пашырэнню сапраўднай навукі, росту інтэлектуальнага і культ. ўзроўню насельніцтва. Блізкія ідэі выказваў І.Пацей у шэрагу кніг, напісаных на польскай і бел. мовах («Унія», 1595; «Гармонія», «Рэляцыя», абедзве 1608, і інш.). З палемічнымі мэтамі аўтар выкарыстоўвае магчымасці маст. апавядання і аб’ектыўна паказвае цяжкае становішча правасл. царквы, знаёміць з умовамі і атмасферай, якая пануе сярод насельніцтва і змагароў за праваслаўе. Істотнае значэнне для развіцця палемічнай літаратуры меў калект.зб. «Пасланне да лацін з іх жа кніг» (каля 1580), складзены правасл. манахамі Супрасльскага манастыра. З гэтага твора пачынаецца сатырычны паказ каталіцызму, што ў далейшым паспрыяла станаўленню гумарыстычнай традыцыі.
Адным з найбуйнейшых прадстаўнікоў палемічнай л-ры быў аўтар «Трэнаса» М.Сматрыцкі. Сімвалізуючы становішча правасл. царквы ў вобразе жанчыны-маці, пісьменнік перасягнуў палемічную задачу і па-майстэрску адлюстраваў стан псіхалогіі чалавека, які жыве на пераломе эпох. Пасля прыняцця уніі М.Сматрыцкі ўжо выступіў супраць уласных твораў і пачаў абараняць ідэю аб’яднання цэркваў. Істотны ўклад у развіццё палемічнай публіцыстыкі зрабілі І.В.Руцкі, І.Кунцэвіч, М.Бранеўскі, С. і Л. Зізаніі, Г.Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, С.Косаў і інш. У выніку абвостранай барацьбы многія творы выходзілі ананімна або пад псеўданімамі (Арталог, Філалет, Клірык Астрожскі; «Антырызіс», «Перасцярога» і інш.). Сярод іх літ.-маст. якасцямі вызначаецца «Апакрысіс»’Хрыстафора Філалета, дзе аўтар намаляваў карціну сапраўднага жыцця народа і духавенства, з нац. пазіцый выкрыў спробы паланізацыі бел. і ўкр. насельніцтва.
Ва ўмовах крызісу рэнесансавага светапогляду, новых гіст.-палітычных рэалій (унія ВКЛ і Польшчы) развіццё агульнадзярж. бел.-літоўскага летапісання прыпыняецца, аднак працягваюць складацца мясц. летапісы. Выдатны помнік гіст. прозы таго часу — Баркулабаўскі летапіс, змест якога цесна звязаны з сял. побытам і нар. ўяўленнямі пра розныя гіст. падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. У творы назіраецца павелічэнне ролі аўтарскага пачатку, некаторыя фрагменты змяшчаюць прамыя аўтабіягр. запісы. Пашырэнне культ. узаемасувязей з замежнымі краінамі выклікала цікавасць да гісторыі інш. народаў і зямель, што прывяло да пашырэння хранографаў. На аснове перакладзеных на бел. мову хронік М.Стрыйкоўскага і М.Бельскага, а таксама перакладных сярэдневяковых хронік, гіст. аповесцей і інш. крыніц у 17 ст. складзена «Вялікая хроніка» — своеасаблівая кампіляцыя па сусв. гісторыі. Спалучэнне розных літ. крыніц пры вызначальнай ролі летапісання назіраецца ў гісторыка-мемуарнай літаратуры, якая асабліва актыўна пашырылася пасляваен. падзей, паўстання Б.Хмяльніцкага і інш. У багатых зместам дыярыушах І.Будзілы, Я.П.Сапегі, С. і Б.К. Маскевічаў, П.К.Абуховіча складаецца ўяўленне пра індывід. характар, яго супярэчнасці і зменлівасць, што матывуецца як воляй чалавека, так і знешнімі абставінамі. Адначасова ў гісторыка-мемуарнай літаратуры ўмацоўваецца аўтарскі пачатак, робіцца стаўка на самавыяўленне шляхам пісьменніцкай творчасці, а ў лацінамоўным «Дыярыушы» А.С.Радзівіла (1656) выяўляюцца элементы творчай задумы і маст. фантазіі. Станаўленне літ. апісанняў вандровак звязана з дыярыушамі А.Каменскага-Длужыка, Т.Білевіча і інш.
Этапнай з’явай было ўзнікненне парадыйна-сатыр. прозы: «Прамова Мялешкі» (2-я чвэрць 17 ст.), «Ліст да Абуховіча» (1655). Творчая задума і маст. фантазія ўпершыню становяцца фактарамі, што абумовілі існаванне гэтых твораў як з’яў уласна маст. літаратуры. Бурнае развіццё перажывала паэзія, дзе пануючым відам заставаліся панегірычныя вершы. Эпікграмы складалі Ф.Даманеўскі, С.Косаў, І.Палоўка, М.Сматрыцкі, С.Собаль, І.Труцэвіч, Ф.Утчыцкі, але большасць твораў гэтага жанру ананімная. Эпікграмы ствараліся на магнатаў, граматыкі, гербы гарадоў і інш., але, нягледзячы на тэматычную стракатасць, змест іх быў даволі вузкі, а маст. сродкі шаблонныя. Сярод ананімных вылучаюцца эпікграмы, прысвечаныя Агінскім, Хадкевічам і Валовічам. Прывітальныя вершы знакамітым асобам пісалі Сімяон Полацкі, І.Яўлевіч і інш. Складаліся розныя дыдактычныя творы: царк.-павучальныя (А.Мужылоўскі, Хрыстафор Філалет, Афанасій Філіповіч) і маральна-павучальныя (Я.Даманеўскі, Л.Зізаній, Л.Мамоніч). Асветніцкім зместам вылучаліся «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю» Я.Даманеўскага (Любча, 1620—23). У іх аўтар асуджае паразітызм шляхты, проціпастаўляючы яму «натуральнае» жыццё сялян, і з выкарыстаннем побытавых дэталей апісвае бел. гарады 17 ст. Выкладанне граматыкі, рыторыкі і паэтыкі ў навуч. установах прадугледжвала напісанне студэнтамі вершаў на розныя тэмы, у т. л. асветніцкіх (або школьных), у якіх у даходлівай форме апісваліся і тлумачыліся малавядомыя рэчы, з’явы, выкрываліся маральныя заганы і інш. Майстрам школьнай паэзіі быў Сімяон Полацкі, які ўзбагаціў бел. літаратуру новымі тэмамі і ідэямі, формамі і жанрамі, узняў сілабічнае вершаскладанне на больш высокую ступень. Дзякуючы яго асветніцкай і паэт. дзейнасці ў Маскве, вершаскладанне і першая паэт. школа з’явіліся ў Расіі. Новым відам паэзіі была лірыка, прадстаўленая патрыят. вершам Я.К.Пашкевіча «Полска квітнет лаціною...» (1621). Твор прысвечаны ролі бел. мовы ў жыцці краю, напісаны правільным 4-стопным харэем, што служыць паказчыкам высокага ўзроўню паэт. майстэрства аўтара. Патрыят. тэматыка распрацавана ў польскамоўнай паэме Т.Яўлевіча «Лабірынт...» (1625) — цалкам свецкім дэмакр. творы.
Асобнае месца ў гэты час займала лац. паэзія розных відаў і жанраў. З дзейнасцю паэтаў-новалаціністаў звязана ўзнікненне першых літ. гурткоў пры двары Радзівілаў (Б.Будны, Д.Набароўскі, С.Рысінскі) і ў Віленскай акадэміі (М.Кміціц, С.Лаўксмін, М.К.Сарбеўскі і інш.). Значны ўклад у развіццё прыгожай славеснасці зрабіў «славянскі Гарацый» М.К.Сарбеўскі, аўтар од, гімнаў, рытарычных прамоў і цыкла літ.-знаўчых прац па тэорыі красамоўства, рыторыцы і паэтыцы барока. Высокамаст. вершы, прысвечаныя ваенным падзеям, складаў С.Рысінскі. Працягам гераізацыі гіст. мінулага Беларусі, распачатай Я.Вісліцкім і Міколам Гусоўскім, з’яўляецца паэма Я.Радвана «Радзівіліяда» (1588). У цэнтры твора — падзеі Лівонскай вайны 1558—83. Але для ўвасаблення творчай задумы аўтар выкарыстоўвае сродкі ант. паэтыкі, напаўняе класічную форму гісторыяй сям’і Радзівілаў, якая цікавіць паэта толькі ў сувязі з гісторыяй Айчыны. У драматургіі ўмацоўвалася творчая фантазія, вымысел як прынцып літ. творчасці. Інтэрмедыі ўсё больш нагадваюць займальныя замалёўкі з жыцця ніжэйшых слаёў грамадства. У творах дзейнічаюць абагульненыя тыпы (селянін, яўрэй, студэнт, казак, шляхціц, поп), але паступова героі атрымліваюць уласныя імёны. Сімпатыі аўтараў інтэрмедый цалкам на баку селяніна, які прадстае прасцяком толькі знешне і з гонарам выходзіць са складаных сітуацый. Сярод перакладных пераважаюць займальныя і павучальныя творы: «Траянская гісторыя», «Рымскія дзяянні», «Вялікае зярцала» і інш.
У 1-й пал. 17 ст. ў бел. літаратуры пачаўся працэс дыферэнцыяцыі і трансфармацыі літ. родаў і жанраў, выпрацоўваліся маст.-эстэт. прынцыпы творчасці. Адно з галоўных яе дасягненняў — узнікненне і развіццё цікавасці да прыватнага жыцця чалавека невысокага сац. стану. Творча асімілюючы дасягненні зах.-еўрап. літаратур на ўсходнеслав. глебе, бел. літаратура стала пасрэдніцай паміж літаратурамі еўрап. Захаду і слав. Усходу.
У складаных умовах перыяду позняга барока (2-я пал. 17—1-я пал. 18 ст.) пачаўся пераход ад даўняй да літаратуры Новага часу. У 1696 бел. мова была забаронена для афіц. ўжытку, а з 1730-х г. спынілася бел. кнігадрукаванне (акрамя Магілёўскай друкарні, што выдавала кнігі на бел. варыянце царкоўнаслав. мовы). Літаратура на бел. мове стала пераважна рукапіснай і ананімнай. Глыбокі ўнутраны крызіс, нашэсце армій, паліт. заняпад феад. дзяржавы, паланізацыя інтэлігенцыі, шляхты і часткі гар. насельніцтва, памяншэнне правоў ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай і інш. спарадзілі да 1740-х г. адносны застой у культ. развіцці. Змена сац. умоў і гіст. сітуацыі патрабавала ад літаратуры змены ўнутр. фактараў існавання, пераразмеркавання сваіх магчымасцей і рэзерваў. У пераходны перыяд вырасла роля вуснай нар. творчасці, што абумовіла росквіт свецкай ананімнай лірыкі, якая бытавала ў складзе ананімных рукапісных зборнікаў (Аршанскага, Варшаўскага, Курніцкага, Маскоўскіх і інш.). У лірыцы склаліся 3 асн. разнавіднасці, супараўнальныя з трыма стылямі маст. барока. Духоўная паэзія «высокага» стылю прадстаўлена вершамі і кантамі, аднак у цэлым адбывалася яе разбурэнне знутры. Амаль спынілася развіццё эпічнай духоўнай паэзіі. Адзіны яе прыклад — паэма «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» А.(Яна) Белабоцкага, напісаная з тыповай барочнай ускладненасцю: штучныя, экспрэсіўныя карціны пакут грэшнікаў мала пераконваюць чытача, больш значнымі з’яўляюцца карціны сац. крытыкі; царкоўнаслав. мова месцамі заблытаная і цяжкая для ўспрыняцця. На скрыжаванні «высокага» і «сярэдняга» стыляў развівалася грамадска-філас. лірыка, у якой закраналіся гал. праблемы чалавечага існавання. Упершыню з’явіліся матывы долі-нядолі (вершы «Куды толькі ні пайду, нідзе шчасця не знайду...», «Хадзіў казак у чужы строны...» і інш.), бесчалавечнасці прыгону, суму па лепшых часах (вершы «Было ліха шмат на свеце...», «Я сірата, не маю радзімы...» і інш.). У грамадска-філас. лірыцы чалавек раскрываўся як маленькая часцінка космасу. Асэнсаванне гэтай сувязі чалавека з сац. асяроддзем было ўжо з’явай новай бел. літаратуры.
«Сярэдняе» (і часткова «нізавое») барока прадстаўлена любоўнай лірыкай, што стваралася ў непасрэднай сувязі з музыкай. Каханне выяўляецца як супярэчлівае пачуццё, на якім ляжыць барочны цень смерці. Агульны пафас любоўных вершаў трагічны — чалавек адчуў непадуладныя волі стыхіі ў самім сабе. У «нізавой» любоўнай лірыцы, звязанай з праявамі своеасаблівага «эратызму», уласцівага літаратуры класіцызму на Захадзе, у жартоўным плане абыгрываліся інтымныя адносіны палоў («Аб раі салодкія ўспаміны», «Апісанне персяў жаночых» Ф.У.Радзівіл). Адпор варожаму і незразумеламу асяроддзю давала «нізавая» сатыр. лірыка («Хадзіў чэрнчык улечкою...», «Ляцеў, ляцеў чорны жук...» і інш.). Пераходнымі паміж сатыр. лірыкай позняга барока і бурлескна-сатыр. паэзіяй Асветніцтва былі «звярыныя гратэскі» Д.Рудніцкага. У алегарычным апісанні нягод птушак, насякомых, дробных жывёл угадваецца жыццё дробнамаёнткавай шляхты, што церпіць ад драпежнікаў-магнатаў. Асаблівае месца ў «зніжанай» духоўнай лірыцы займаюць калядныя песні з адлюстраваннем жыцця бел. селяніна і яго светаўспрымання («У Бэтлееме, убогім доме»). Дзякуючы гумару і быт. характару дзеяння хрысц. святыя становяцца падобнымі да звычайных зямных людзей. Грамадска-культ. ўмовы пераходнага перыяду не былі спрыяльнымі для шматбаковага развіцця эпічных жанраў, асабліва «высокіх»: маст. барока не магло асэнсаваць складаныя ўзроўні сац. адносін у гіст. працэсе, яно толькі эмацыянальна адчувала новае ў жыцці, чым і абумоўлены росквіт лірыкі.
Тагачасная гіст. проза прадстаўлена нешматлікімі хронікамі і набліжанымі да іх дыярыушамі (Я.А.Храпавіцкага, С.Незабітоўскага і інш.). Найб. значны гіст. твор — Магілёўская хроніка Т.Сурты і Ю.Трубніцкага, якая нагадвае летапіс, што з канца 17 ст. пераходзіць у дзённік горада і складаецца з асобных апавяданняў. Стыль помніка вызначаецца рэзкімі кантрастамі, прагай да сенсацыйнасці, незвычайнасці апісанага. У творы шмат вострадраматычных эпізодаў і займальных аповедаў, якія перамяжоўваюцца са звычайнымі дзелавымі запісамі, намаляваны яркія вобразы знакамітых гіст. асоб 1-й пал. 18 ст. З «сярэднім» стылем барока былі звязаны аўтабіягр. жанры літаратуры. Мемуарыстыка прадстаўлена дыярыушамі Я.Цадроўскага, Т.Г.Абуховіча, К.Завішы і інш. У іх адчуваецца індывід. далучанасць аўтараў да падзей, што вяло да пашырэння жанру дзённіка. Змена звычайных і незвычайных фактаў жыцця, пададзеных у люстры індывід. уражанняў і пачуццяў, становіцца асноватворным прынцыпам апавядання ў дзённіках М.К.Радзівіла Рыбанькі, невядомага ашмянскага шляхціца і шматлікіх інш. творах. У 18 ст.літ. апісанні вандраванняў складалі Я.Комар, Я.К.Сапега, Л.Сяніцкі і інш. На скрыжаванні розных жанраў узнікае маст.аўтабіягр. проза. У «Жыцці і пакутах...» І.Турчаноўскага (каля 1746) яшчэ моцнай застаецца сувязь з мемуарыстыкай 17—18 ст., аднак з дапамогай фантазіі нязначныя знешнія падзеі разгортваюцца ў ланцуг прыгод, што аддаляе літ. героя ад рэальнага аўтара і ўключае персанаж у жыццёвую стыхію. Яшчэ ў большай ступені літ.-маст. пачатак выявіўся ў творы С.Р.Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (каля 1760), які сведчыць пра станаўленне ў Беларусі жанру прыгодніцкага рамана. Паколькі аспект адкрыцця чалавечай асобы ў эпоху Адраджэння стрымліваўся агульнаграмадскімі ідэямі і сярэдневяковымі традыцыямі, то бел. барока ў многіх адносінах брала на сябе функцыі Адраджэння, чым садзейнічала далейшай дэмакратызацыі, секулярызацыі і гуманізацыі бел. літаратуры.
На працягу 18 ст. шырока распаўсюджваліся часткова перакладныя, часткова арыгінальныя гумарыстычныя зборнікі анекдотаў («Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» К.А.Жэры і інш.); узмацнялася сатыр. плынь, звязаная з развіццём літ. традыцыі, закладзенай у «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча» і блізкай да сатыр. лірыкі. Сатыра набывала востры антыклерыкальны і антыфеад. характар. У «Казані рускім», «Казані рускім схізматычным» і інш. з «высокага» ў «нізкае» ператвараліся асобныя біблейскія вобразы і сюжэты (пра стварэнне свету і першых людзей), у карыкатурным выглядзе выстаўляліся носьбіты ідэалаў ранейшых эпох — хрысц. святыя і юродзівыя («Грамата... да святога Пятра»), парадзіраваліся высокія жанры павучальнага і ўрачыстага красамоўства, рытарычнай паэзіі і прозы, афіц.дзярж. дакументы і аджылая феад. рэчаіснасць («Прамова русіна», «Другая прамова русіна пра нараджэнне Хрыста»). У сатыр. творах часта сустракаюцца прымаўкі і прыказкі, вобразныя параўнанні, насычаныя духам сац. і нац. пратэсту. Шырокае распаўсюджанне тэатр. дзеяў абумовіла далейшае развіццё драматургіі. Да сярэдзіны 18 ст. склаліся школьны, прыдворны (і аматарскі), народны кірункі развіцця драматургічнага мастацтва. У школьным т-ры працягвалася эвалюцыя інтэрмедыі, якая трансфармавалася ў самаст. жанр, незалежны ад сюжэта драмы («Селянін і студэнт», «Селянін і вучань-уцякач» і інш.). Героі набываюць індывід. рысы («Змітрок і Свірыд»), а змест твораў — рэзкае сац.- і нац.-вызваленчае гучанне: героі-сяляне глядзяць на панскую культуру як на чужую [«Селянін у касцёле», інтэрмедыі да драмы «Уваскрэсенне мёртвых» Г.Каніскага (1747) і інш.]. З развіццём інтэрмедыі звязана ўзнікненне ў пач. 18 ст.бел. камедыі. Хоць першая камедыя «Вакханалія» (1725) напісана па-польску і сюжэт яе быў далёкі ад бел. рэальнасці, у ёй разам з польскімі панамі і антычным мудрацом дзейнічаюць сяляне Васіль і Селівон, якія размаўляюць па-беларуску. У далейшым інтэрмедыя канчаткова саступае месца камедыі. Станаўленне прыдворнай драматургіі звязана з імем Ф.У.Радзівіл, якая распрацавала адмысловую методыку творчай адаптацыі зах.-еўрап. і ант. п’ес і сюжэтаў на бел. глебу. Прыдворны тэатр паступова ператвараўся ў аматарскі (М.Радзівіл). У нар. тэатры ажыццяўляліся пастаноўкі па біблейскіх і гіст. сюжэтах («Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», якое напачатку існавала ў школьным асяроддзі, «Цар Максімілян» і інш.). Своеасаблівай з’явай стала батлейка — пераробка школьнай драмы для пастаноўкі ў лялечным тэатры. На працягу ўсяго перыяду ў час нар. свят разыгрываліся розныя гульні з элементамі тэатралізацыі, у якіх выкарыстоўваліся напаўфалькл. тэксты і сюжэты. У перыяд барока ўласна маст. творчасць канчаткова вылучылася з агульнай масы пісьменства, склалася сістэма сучасных літ. родаў і пачалася жанравая дыферэнцыяцыя; узнікла цікавасць да нар. жыцця, паглыбіліся ўяўленні пра каштоўнасць і непаўторнасць чалавечай асобы, узмацнілася сувязь літаратуры з вусна-паэт.нар. творчасцю. Багатая і разнастайная літ. спадчына Беларусі даўняга перыяду — праўдзівае люстра багатага і складанага духоўнага жыцця бел. народа на працягу стагоддзяў, каштоўны пласт нац. культуры, непаўторная і арганічная старонка агульнаеўрап. літ. працэсу свайго часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НІЯ (España), Каралеўства Іспанія (Reino de España),
дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве; уключае таксама Балеарскія а-вы ў Міжземным м. і Канарскія а-вы ў Атлантычным ак.; І. належаць гарады Сеута і Мелілья ў Афрыцы (на Пн Марока). Мяжуе на Пн з Францыяй і Андорай, на З з Партугаліяй, на Пд з брытанскім уладаннем Гібралтар. На Пн абмываецца Біскайскім зал., на ПнЗ і ПдЗ — Атлантычным ак., на ПнУ і У — Міжземным м. Падзяляецца на 50 правінцый, 47 з іх знаходзяцца на паўвостраве, а 3 — астраўныя (2 на Канарскіх а-вах, 1 на Балеарскіх а-вах). Правінцыі аб’яднаны ў 17 аўтаномных абласцей: Каталонія, Краіна Баскаў, Галісія, Андалусія, Валенсія, Эстрэмадура, Кастылія-Леон, Кастылія-Ла-Манча, Астурыя, Навара, Мурсія, Ла-Рыёха, Арагон, Кантабрыя, Мадрыд, Балеарскія а-вы, Канарскія а-вы. Пл. 504,8 тыс.км². Нас. 39,6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Мадрыд. Дзярж. мова — іспанская; афіцыйна карыстаюцца таксама каталанскай, баскскай, галісійскай мовамі. Нац. свята — Дзень ісп. нацыі (12 кастр., дата адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі).
Дзяржаўны лад. І. — спадчынная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, роля якога ў асноўным мае прадстаўнічы характар. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Ген. картэсы), складаецца з кангрэса дэпутатаў (350 чл.) і сената (208 чл.), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Законы, якія прымаюцца парламентам, зацвярджае кароль. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе партыя, якая атрымала перамогу на выбарах у картэсы.
Пры каралі існуе кансультатыўны орган — Савет каралеўства. У Краіне Баскаў створаны аўт. ўрад. Суд. сістэма складаецца з цывільных і ваен. судоў. Суддзі назначаюцца ўрадам. У структуры цывільных судоў Вярх. суд, 15 апеляцыйных, 50 правінцыяльных і больш за 9 тыс.мясц. судоў.
Прырода. І. — гарыстая краіна. Пласкагор’і і горы займаюць 90% тэрыторыі. Цэнтр.ч. займае стараж., моцна разбуранае пласкагор’е Месета, прыўзнятае па краях. Яно акаймавана маладымі гарамі: на Пн Кантабрыйскімі, на ПнУ Іберыйскімі, на Пд Андалускімі з найвыш. вяршыняй — г. Муласен (3478 м). Цэнтр. Кардыльера (выш. да 2592 м) падзяляе Месету на Старакастыльскае (на Пн) і Новакастыльскае (на Пд) пласкагор’і. На ПнУ краіны — горы Пірэнеі (выш. да 3404 м, пік Анета) і Каталонскія горы. На ПнУ уздоўж р. Эбра знаходзіцца Арагонская раўніна, на ПдЗ уздоўж р. Гвадалквівір — Андалуская нізіна. Карысныя выкапні: медныя, ртутныя, свінцова-цынкавыя, жалезныя, вальфрамавыя, хромавыя, уранавыя руды, каменны вугаль, калійныя солі, сера, гаручыя сланцы. Клімат на б.ч. краіны міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай вільготнай зімой. На пласкагор’і клімат блізкі да кантынентальнага, на Пн — да ўмеранага з прыкметамі марскога. Сярэдняя т-растудз. ад 8,4 °C на Пн да 12,3 °C на Пд, жн. ад 18—20 °C на Пн да 26 °C на Пд. Ападкаў 350—500 мм за год, на Пд і У месцамі менш за 200 мм, на ПнЗ 900—1000 мм, у гарах 1500—2000 мм. Рачная сетка густая, але рэкі малаводныя. Найбольшыя рэкі: Таха, Дуэра, Эбра і Гвадалквівір. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і ў энергет. мэтах. Глебы: буразёмы, чырваназёмы, шкілетныя камяністыя, на Пн месцамі падзолістыя, у далінах рэк і на нізінах урадлівыя алювіяльныя. Развіты эразійныя працэсы. На Пн і ПнЗ лістападныя шыракалістыя лясы (дуб, бук, каштан). На астатняй тэр. пераважаюць міжземнаморскія ксерафітныя лясы і хмызнякі (маквіс, гарыга). Пад лясамі каля 10% тэрыторыі, пад хмызнякамі каля 30%. З жывёл характэрныя ліс, барсук, воўк, пірэнейскі мядзведзь, каменны казёл, генета, алжырскі вожык і інш. Да 400 відаў птушак. Шмат відаў яшчарак і змей. 11 нац. паркаў, буйныя заказнікі і рэзерваты.
Насельніцтва. Каля 2/3 — іспанцы. Да карэннага насельніцтва адносяцца таксама каталонцы (каля 5 млн.чал., у Каталоніі і на Балеарскіх а-вах), галісійцы (каля 3 млн.чал., у Галісіі), баскі (каля 1 млн.чал., на ўзбярэжжы Біскайскага зал. каля мяжы з Францыяй). Жывуць таксама партугальцы, цыганы і інш. 98% вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. 78,5 чал. на 1 км². Найб. густа (да 500 чал. на 1 км²) заселены прыморскія раёны і наваколле Мадрыда. Натуральны прырост каля 1%. У гарадах жыве 77% насельніцтва. У 55 гарадах жыве больш як па 100 тыс. жыхароў. Найбольшыя гарады (млн.ж., 1991): Мадрыд — 3, Барселона — 1,6, Валенсія — 0,8, Севілья — 0,7, Сарагоса — 0,6. У прам-сці і буд-ве занята 33% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве — 11%, у абслуговых галінах — 56%.
Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. І. заселена з часоў ніжняга палеаліту (400 тыс. — 100 тыс.г. назад). У 2-м тыс. да н.э. насельніцтва І. ведала меднарудную і бронзаліцейную вытв-сць, займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. З 7 ст. да н.э.
пачалася сістэм. каланізацыя паўд. і ўсх. ўзбярэжжа І. фінікійцамі і стараж. грэкамі. У 7—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Міжземнага м. склалася культура ібераў. У 5—3 ст. да н.э. на тэр. І. рассяліліся кельты, якія прыйшлі на паўвостраў праз Пірэнеі. У выніку змяшэння іх з іберамі ўзнікла плем. група — кельтыберы. Да канца 3 ст. да н.э. большая частка тэр. І. апынулася пад уладай Карфагена. 3218 да н.э. пачалося заваяванне І. рымлянамі, якое з-за супраціўлення мясц. плямён доўжылася да канца 1 ст. да н.э. У час рым. панавання мясц. насельніцтва (акрамя баскаў) раманізавана (прыняло лац. мову, рым. звычаі, законы і вераванні), адбыліся эканам. і культ. пераўтварэнні (засн. гарады, створана тыповая для Рым. імперыі інфраструктура — дарогі, масты, акведукі). У 1 ст.н.э. ў І. пачало пранікаць хрысціянства. У 409 на тэр. І. ўварваліся вандалы, аланы, свевы, у барацьбе з якімі рымляне выкарыстоўвалі дапамогу вестготаў. У 2-й пал. 5 ст. вестгоцкі кароль Эйрых захапіў амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва і разарваў саюз з Рымам. У пач. 6 ст. сюды перамясціўся цэнтр каралеўства вестготаў. У 585 вестготы далучылі да сваіх уладанняў дзяржаву свеваў, у пач. 7 ст. адваявалі ісп. землі ў візантыйцаў; прынялі каталіцтва і з дапамогай царквы стварылі дзяржаву са сталіцай у Таледа. У 711—718 амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва заваявалі арабы (маўры) і стварылі эмірат, які ўваходзіў у склад халіфата Амеядаў; у 756 Амеяды заснавалі незалежны Кардоўскі эмірат, у 929 — Кардоўскі халіфат. Найб. магутнасці араб. дзяржава дасягнула пры Абдарахмане III [912—961], У 1031 Кардоўскі халіфат распаўся на мноства дробных эміратаў. Яшчэ ў 8 ст. на Пн паўвострава ўзніклі цэнтры супраціўлення араб. заваяванню. У 718 пасля паражэння маўраў каля Кавадонгі ўзнікла каралеўства Астурыя; з гэтага часу пачалася Рэканкіста — адваяванне народамі Пірэнейскага п-ва захопленых маўрамі зямель. Другім цэнтрам супраціўлення стала Навара, якая ў сярэдзіне 9 ст. дамаглася незалежнасці ад арабаў і франкаў.
У канцы 8 — пач. 9 ст. франкі адваявалі ў арабаў Каталонію. У 865 вызваленыя франкамі землі вылучыліся ў Ісп. марку ў складзе 7 графстваў, у канцы 9 ст. яны сталі фактычна незалежнымі раннефеад. дзяржавамі. Працяглая барацьба за вызваленне ад араб. панавання (скончана ў 1492) абумовіла асаблівасці развіцця І. Сяляне некат. абласцей дамагліся аслаблення прыгоннай залежнасці, гарады — шырокага самакіравання і вольнасцей, рыцарства і феад. вярхі атрымалі маёнткі арабаў, духавенства захапіла б.ч.араб. зямель і стала значнай паліт. сілай у І.; умацавалася і каралеўская ўлада. З устанаўлення дынастычнай уніі Кастыліі і Арагона (1479) пачалося фактычнае аб’яднанне ісп. зямель у адзіную дзяржаву. Пасля адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі (1492) іспанцы ў 1-й пал. 16 ст. пачалі каланізацыю Мексікі, Перу, Балівіі, Чылі, ч. Аргенціны і інш. абласцей у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Калан. ўладанні пашыраліся і за кошт ісп. заваяванняў у Еўропе (у 1512 — Верхняй Навары, у 1516 — Нідэрландаў), пазней у Афрыцы. У 1519 ісп. кароль Карл I з дынастыі Габсбургаў абвешчаны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (Карл V). У 1516—1600 І. — наймагутнейшая ў ваен. і паліт. адносінах краіна Еўропы. Але яе эканоміка, якая грунтавалася пераважна на даходах з калоній, была няўстойлівая. Каралеўская ўлада не спрыяла развіццю ўнутр. вытв-сці і гандлю, заняпад якіх паскорыла інквізіцыя (уведзена ў 1480). Пасля знішчэння ісп. флоту ў вайне 1588 з Англіяй І. перастала панаваць на моры. ПасляНідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. ад І. аддзяліліся Паўн. Нідэрланды. У выніку шматлікіх войнаў 17 ст. значная ч.ісп. уладанняў у Еўропе адышла да Англіі, Галандыі і Францыі. Вял.ваен. выдаткі збяднялі краіну. Разам з тым панаванне Габсбургаў (каля 1530 — каля 1680) было т.зв. «залатым векам» у гісторыі ісп. культуры (росквіт л-ры, жывапісу, архітэктуры, дзейнічалі 32 ун-ты). Са спыненнем лініі ісп. Габсбургаў І., яе еўрап. і калан. ўладанні сталі аб’ектам саперніцтва з боку еўрап. дзяржаў. Вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 скончылася ўсталяваннем у І. дынастыі франц.Бурбонаў (заснавальнік Філіп V) і падзелам ісп. уладанняў у Еўропе. Філіп V распачаў рэформы, скіраваныя на ўпарадкаванне і цэнтралізацыю дзяржавы. Звязаная дагаворамі з Францыяй, І. была ўцягнута ў войны супраць Вялікабрытаніі (1739—48, 1762—63, 1779—83). Карл II [1759—88] правёў шэраг рэформ у духу асветнага абсалютызму, скіраваных пераважна на ажыўленне эканомікі і павелічэнне дзярж. даходаў (заснаваны эмісійны банк, гандл. кампаніі і дзярж. мануфактуры, устаноўлены мытны пратэкцыянізм, свабода гандлю з калоніямі). У 1767 з І. выгнаны езуіты і канфіскавана іх маёмасць. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 І. ваявала (1793—95) супраць Францыі. Паражэнні ісп. войск прывялі да Базельскага міру 1795 (гл.Базельскія мірныя дагаворы 1795), дапоўненага дагаворам аб франка-ісп. абарончым і наступальным саюзе. Паводле франка-ісп. дагавора 1807 аб заваяванні і падзеле Партугаліі франц. войскі ўвайшлі на тэр. І. Франц. агрэсія выклікала магутны нац.-вызв. рух і стала штуршком да першай ісп. рэвалюцыі 1808—14, мэтамі якой былі выгнанне французаў і ажыццяўленне ліберальных рэформ. Прагрэс. заканадаўства (Кадыская канстытуцыя 1812), дэкрэт 1811 аб адмене сеньярыяльных правоў памешчыкаў, ліквідацыя інквізіцыі і інш.) было ажыццёўлена толькі часткова. Шырокі партыз. рух (герылья), які разгарнуўся ў І., прымусіў французаў адступіць за Пірэнеі. (Пра рэвалюцыю 1808—14 і наступныя 4 рэвалюцыі гл. ў арт.Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя.) Выступленні супраць феад.-абсалютысцкага рэжыму выліліся ў 2-ю ісп. рэвалюцыю 1820—23. Кароль мусіў прысягнуць канстытуцыі 1812, але закон 1821 аб ліквідацыі феад. права памешчыкаў на зямлю не быў рэалізаваны. У 1823 паводле рашэння Свяшчэннага саюза ў І. ўступілі франц. войскі, з дапамогай якіх рэвалюцыя была задушана. У выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 І. страціла на амер. кантыненце ўсе калоніі, акрамя Кубы, Пуэрта-Рыка і Філіпін. Пасля смерці ў 1833 Фердынанда VII пачаліся спрэчкі за трон паміж яго дачкой Ізабелай II і братам донам Карласам, які аб’яднаў вакол сябе прыхільнікаў кансерватыўнай арыентацыі. Паражэнне карлістаў у грамадз. войнах 1833-39, 1847-49, 1872—76 (гл.Карлісты, Карлісцкія войны) прывяло да перамогі лібералаў. У ходзе 3-й ісп. рэвалюцыі 1834—43 канчаткова ліквідаваны інквізіцыя, маяраты, сеньярыяльныя правы памешчыкаў, усталявана канстытуцыйная манархія Праўленне Ізабелы II характарызавалася пастаянным саперніцтвам паміж гал. ліберальнымі групоўкамі — памяркоўнай і прагрэсістаў, частымі зменамі кабінетаў і канстытуцыі, існаваннем дыктатарскіх рэжымаў (генералаў Б.Эспартэра, Р.Нарваэса, Л.О’Донеля). У ходзе 5-й рэвалюцыі 1868—74 Ізабела II выгнана з І. (1868). Выбраны ў 1870 на трон Амадэй Савойскі (сын караля Італіі Віктара Эмануіла II) не здолеў узяць пад кантроль паліт. сітуацыю ў краіне і ў 1873 адрокся ад прастола; у І. ўстаноўлена першая рэспубліка (1873—74). Рэсп. ўрад не меў шырокай падтрымкі ў грамадстве, у выніку перавароту 1874 у І. адноўлена манархія Бурбонаў. Яе сац.-паліт. асновай стаў блок зямельнай арыстакратыі і буйной буржуазіі, юрыд. аформлены канстытуцыяй 1876 і пагадненнем паміж Кансерватыўнай і Ліберальнай партыямі аб пачарговым кіраванні дзяржавай. Былі ўведзены значныя грамадз. свабоды, узніклі прафсаюзы, у 1879 засн.Іспанская сацыялістычная рабочая партыя (ІСРП). У выніку іспана-амерыканскай вайны 1898 І. страціла апошнія калан. ўладанні: Кубу, Пуэрта-Рыка і Філіпіны. У пач. 20 ст. І. заставалася пераважна агр. краінай (53% зямлі належала латыфундыстам). Абмежаваны ўнутр. рынак, адсутнасць значнага айч. капіталу і актыўнай урадавай палітыкі былі прычынамі сац. напружанасці, запаволенага тэмпу развіцця эканомікі, яе крызісаў. Унутр. сітуацыю ўскладнялі сепаратысцкія рухі, асабліва моцныя ў найб. развітых рэгіёнах — Каталоніі і Басконіі.
У 1-ю сусв. вайну І. захоўвала нейтралітэт. У 1918—23 яе эканоміка апынулася ў чарговым крызісе; пад уплывам рэв. падзей у Еўропе актывізаваўся рабочы рух. Урадавыя крызісы і паражэнне ісп.калан. войск у Марока стварылі ўмовы для ўвядзення ў 1923 ген. М.Прыма дэ Рывера ваен. дыктатуры, якую падтрымаў кароль Альфонс XIII. Былі распушчаны картэсы, забаронена дзейнасць паліт. партый. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 у значнай ступені закрануў і І. У 1930 Прыма дэ Рывера мусіў пайсці ў адстаўку, а пасля перамогі рэспубліканцаў на муніцыпальных выбарах 1931 пакінуў краіну кароль Альфонс XIII. 14.3.1931 І. абвешчана рэспублікай. Пачалася 6-я Іспанская рэвалюцыя 1931—39. Картэсы прынялі рэсп. канстытуцыю, якая абвясціла аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне ўсеаг. выбарчага права і дэмакр. свабод. У 1932 каталонцы дамагліся стварэння свайго аўт. раёна. На выбарах у картэсы ў 1936 перамог Нар. фронт, створаны камуністамі, сацыялістамі і рэспубліканцамі; сфарміраваны леварэсп. ўрад, прэзідэнтам абраны М.Асанья. 18.7.1936 пачаўся ваен. мяцеж, які перарос у грамадз. вайну (1936—39). Мяцежнікам дапамагалі фаш. Германія і Італія, рэспубліканцам — СССР і добраахвотнікі з многіх краін свету, у т. л. з Беларусі (гл.Інтэрнацыянальныя брыгады). Вайна скончылася ўсталяваннем дыктатуры ген. Ф.Франка Баамондэ; усе партыі, акрамя Іспанскай фалангі, былі забаронены, ліквідаваны дэмакр. свабоды. У 1939 І. далучылася да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» У 2-ю сусв. вайну яна захоўвала нейтралітэт (на баку Германіі на ўсх. фронце ваявала толькі добраахвотная т.зв. «блакітная дывізія»). Пасля вайны І. апынулася ў паліт. і эканам. ізаляцыі, у 1946—48 закрыта франкаісп. граніца. Франка быў вымушаны праводзіць палітыку эканам.аўтаркіі, ажыццяўляць дзеянні, якія б сведчылі аб грамадскай падтрымцы яго рэжыму (т.зв. іберыйскі варыянт фашызму). У выніку рэферэндуму 1947 І. зноў абвешчана манархіяй (з пажыццёвым захаваннем за Франка пасады кіраўніка дзяржавы). У 1950-я г. ў краіне пачала фарміравацца шырокая паліт. апазіцыя рэжыму Франка. У 1960-я г. разгарнуўся хрысц.-дэмакр. рух, актывізавалася дзейнасць рэспубліканцаў і лібералаў, нацыяналіст. партый Каталоніі, Галісіі і Басконіі, узніклі рабочыя і сял. камісіі, нелегальныя студэнцкія арг-цыі; шырыўся забастовачны рух, звужалася сац. база франкізму. Перыяд «халоднай вайны» ў міжнар. адносінах спрыяў выхаду І. з ізаляцыі шляхам збліжэння з зах. краінамі (у 1953 падпісаны канкардат з Ватыканам і ваен. пакт з ЗША). З 1960-х г. пачаліся спробы лібералізацыі гаспадаркі, наладжвання эканам. адносін з Захадам: І. ўступіла ў міжнар.фін. арг-цыі. прыцягваліся замежныя інвестыцыі, хуткімі тэмпамі ішла мадэрнізацыя эканомікі. У 1969 пераемнікам Франка на пасадзе кіраўніка дзяржавы і будучым каралём абвешчаны Хуан Карлас I (унук Альфонса XIII). Пасля смерці Франка (1975) у І. вызвалены паліт. зняволеныя, легалізаваны ўсе паліт. партыі і прафсаюзы, распушчаны франкісцкі Нац. рух. У 1977 адбыліся першыя дэмакр. парламенцкія выбары. Паліт. лад краіны вызначыла Канстытуцыя 1978, якая таксама гарантавала ўсім гіст. правінцыям І. магчымасць стварэння рэгіянальных аўтаномій. У крас. 1979 сфарміраваны першы канстытуцыйны ўрад А.Суарэса Гансалеса. Працэс пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі адбыўся мірным шляхам, дзякуючы легальнаму характару пераўтварэнняў, нейтралізацыі арміі (у 1981 сарвана спроба кансерватыўных ваенных ажыццявіць дзярж. пераварот), імкненню паліт. лідэраў розных арыентацый да кансенсусу ў асн. грамадска-паліт. пытаннях. У 1982 на выбарах перамагла ІСРП, якая сфарміравала аднапарт. ўрад на чале з Ф.Гансалесам Маркесам. Сацыялісты зноў перамаглі на выбарах 1986, 1989, 1993. На датэрміновых парламенцкіх выбарах 1997 адносную большасць упершыню атрымала Нар. партыя на чале з Х.М.Аснарам. І. — чл.ААН (з 1955), НАТА (з 1982), Еўрап. Саюза (з 1986), Зах.-Еўрап. Саюза (з 1988). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Народная партыя, Іспанская сацыялістычная рабочая партыя, Камуніст. партыя І. і інш.Прафс. канфедэрацыя Рабочыя Камісіі, Усеагульны саюз працоўных.
Гаспадарка. І. — індустрыяльна-агр. краіна. Па аб’ёме валавога ўнутр. прадукту (ВУП) — 568 млрд.дол. (1995) — займае 15-е месца ў свеце (на 1 чал. у год — 14,3 тыс.дол.). На долю дзярж. сектара прыпадае каля 30% ВУП. Прам-сць дае 34% ВУП, сельская гаспадарка — 6, абслуговыя галіны (у т. л. замежны турызм і адпачынак) — 60%. Адна са старэйшых галін прамысловасці — горназдабыўная. Здабываюць ртуць, пірыты, жалеза, медзь, свінец, серабро, вальфрам, золата, уран і інш. Здабыча ртутных руд сканцэнтравана на Пд Месеты (Альмадэн), пірытаў — на Пд Сьера-Марэны (Рыо-Тынта, Тарсіс), у Мурсіі і Астурыі. Жал. руды здабываюць пераважна на Пн, вальфрамавыя — на З Галісіі, уранавыя — пераважна ў цэнтр. раёнах. У 1993 здабыта (млн.т): каменнага вугалю — 18,1, бурага вугалю — каля 25, жал. руды — 1,6, свінцу — 0,05, цынку — 0,26, калійнай солі — 0,6, каменнай солі — 3,2; ртуці штогод атрымліваюць каля 1,5 тыс.т, серабра — каля 0,2 тыс.т. Энергетыка базіруецца на ўласных паліўных рэсурсах і імпартаваных нафце і газе. ЦЭС у партовых гарадах і вугальных басейнах.
ГЭС (пераважна на Пн) даюць 25% электраэнергіі, АЭС — 36%. У 1995 атрымана 154,1 млрд.кВтгадз электраэнергіі. Буйны спажывец электраэнергіі — чорная і каляровая металургія. Асн. цэнтры чорнай металургіі на Пн (Більбао і Хіхон). У 1993 атрымана 5,4 млн.т чыгуну і 13 млн.т сталі. Каляровая металургія развіваецца пераважна на мясц. рэсурсах, выплаўка свінцу ў раёне Сьера-Марэны, у Андалусіі і каля Картахены, цынку і алюмінію — на Пн краіны, медзі — у Уэльве, Кордаве, гарадах на ўзбярэжжы Біскайскага заліва. Штогод атрымліваюць каля 160 тыс.т медзі, каля 350 тыс.т алюмінію. Сярод галін машынабудавання найб. развіта вытв-сцьтрансп. сродкаў. У краіне дзейнічае каля 40 суднаверфяў. Гал. цэнтры суднабудавання на Пн (Більбао, Сантандэр, Хіхон), у Галісіі (Эль-Фероль, Віга), на У (Барселона, Валенсія, Картахена, Балеарскія а-вы), на Пд (Уэльва, Кадыс). Аўтазаводы (філіялы замежных фірм) у Мадрыдзе, Барселоне, Вальядалідзе, Віга. У год выпускаецца кал 2 млн. легкавых аўтамашын і каля 400 тыс. матацыклаў. Важнейшыя цэнтры станкабудавання — Каталонія, Краіна Баскаў, гарады Мадрыд, Валенсія і Сарагоса. Электронная прам-сць канцэнтруецца ў Барселоне і Мадрыдзе, хім. і нафтаперапр. — у прыморскіх раёнах Каталоніі, Валенсіі, Астурыі, а таксама ў Мадрыдзе. Буйнейшыя нафтаперапр. і нафтахім. комплексы ў гарадах Уэльва, Альхесірас, Тарагона, Пуэртальяна. Ў 1993 перапрацавана 45,8 млн.т нафты. Значная вытв-сцьбуд. матэрыялаў. У 1993 выпушчана 22,7 млн.т цэменту. Развіта тэкст.прам-сць, асабліва вытв-сць шарсцяных і шаўковых тканін. Асн. цэнтры ў Каталоніі (Барселона, Тарагона, Сабадэль, Манрэса), Валенсіі (Алькой, Арыўэла), Кастылія-Леоне, Краіне Баскаў, Арагоне і Андалусіі. Разнастайныя галіны харч. прам-сці. Па значэнні і тэхн. аснашчанасці вылучаюцца галіны, якія працуюць на знешні рынак: вінаробная, алейная, плодаагароднінная і рыбакансервавая. Вінаробныя з-ды ў Каталоніі, Арагоне, Андалусіі, па перапрацоўцы агародніны і садавіны — на У і ПдУ, рыбакансервавыя — у партовых гарадах на ПнЗ. Працуюць цукр., тытунёвыя, мукамольныя і інш. прадпрыемствы. Ёсць прадпрыемствы гарбарнай, швейнай, папяровай і дрэваапр. прам-сці.
І. — краіна высокаразвітай сельскай гаспадаркі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 70% тэр. краіны, каля палавіны іх апрацоўваецца (разам з насаджэннямі аліўкавых і фруктовых дрэў), каля палавіны — пад пашай і лугамі. Арашаецца каля 3,6 млн.га, у асноўным на ПдУ. Пераважаюць 2 тыпы гаспадарак: латыфундыі (гал. чынам у Андалусіі і Эстрэмадуры) і дробнатаварныя сял. гаспадаркі. Земляробства па кошце прадукцыі перавышае жывёлагадоўлю. Штогадовы збор (млн.т): пшаніцы — каля 5, ячменю — 9, кукурузы — каля 2, рысу — каля 0,3, бульбы — каля 4, памідораў — каля 3, вінаграду — каля 4,5, апельсінаў — каля 2,5, мандарынаў — каля 1,5, лімонаў — каля 0,6. Пшаніцу, авёс, ячмень вырошчваюць на багарных землях Месеты, Арагона, Андалусіі, кукурузу — на Пн, рыс — на арашальных землях у нізоўях р. Эбра і на Пд (самая высокая ўраджайнасць у свеце — 60—70 ц/га). Бабовыя культуры (гарох, фасоля) вырошчваюць усюды, але найб. у Андалусіі, бульбу — на Пн, раннюю — на ПдУ і Пд. На У і ў даліне р. Эбра вырошчваюць агародніну (перац, памідоры, цыбулю, шпінат і інш.), якая мае экспартнае значэнне. Развіта плантацыйная гаспадарка экспартнага кірунку — вінаградарства, вырошчванне аліў і цытрусавых. Па плошчы вінаграднікаў І. займае 2-е месца ў Еўропе пасля Францыі. Найб. вінаграду вырошчваюць у засушлівых раёнах цэнтра, у бас. рэк Эбра і Дуэра. Вырабляюцца вядомыя марачныя віны: Херэс, Малага, Рыёха, Мансанілья і інш. (3-е месца ў свеце пасля Францыі і Італіі). І. займае 1-е месца ў свеце па зборы аліў. Вырошчванне іх сканцэнтравана ў Андалусіі, Кастылія-Ла-Манчы, Эстрэмадуры, Мурсіі. Важнае экспартнае значэнне маюць цытрусавыя, асабліва апельсіны. Найб. іх вырошчваюць у аўт. абласцях Валенсіі (2/3 збору), Мурсіі, Андалусіі і на Балеарскіх а-вах, там жа вырошчваюць міндаль (1-е месца па экспарце ў Еўропе), абрыкосы, персікі, гранаты, інжыр і інш., на Пн краіны — яблыкі, слівы, грушы, вішню, чарэшню. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг і фінікі (на Пд Андалусіі), тытунь (Эстрэмадура і Андалусія), бавоўнік (Эстрэмадура і Арагон). Развіццё жывёлагадоўлі стрымліваецца слабай кармавой базай. Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Пн і ПнЗ, авечак — у засушлівых цэнтр. раёнах, у Эстрэмадуры і Арагоне, свіней — у Галісіі і Каталоніі, абедзвюх Кастыліях. Спецыфічная галіна — развядзенне быкоў для карыды (Андалусія). Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 4,8, свіней — 18, авечак — 24,8, коз — 2,8, коней — 0,26. Разводзяць таксама аслоў і мулаў. Птушкагадоўля. У 1993 вылаўлена 1,33 млн.т рыбы. Ловяць гал. чынам сардзіну, тунца, макрэль. Асн. рыбалоўныя парты на ПнУ (Віга, Ла-Карунья, Эль-Фероль). Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны (на Пн), кары коркавага дубу (пераважна на З і ПнЗ). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 14,4 тыс.км, аўтадарог 324 тыс.км. Марскі транспарт абслугоўвае каля 90% знешнегандл. абароту. Флот налічвае больш за 400 разнастайных суднаў грузападымальнасцю ў 3,2 млн. брута-рэгістравых т. Гал. парты: Барселона, Більбао, Валенсія, Картахена, Малага, Ла-Карунья, Хіхон, Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе. Развіты паветр. транспарт. 42 аэрапорты, буйнейшыя з іх міжнар. аэрапорты Барахас каля Мадрыда (16 млн. пасажыраў за год) і ў Барселоне (10 млн. пасажыраў). Есць некалькі нафта- і прадуктаправодаў, якія праходзяць ад узбярэжжа ўглыб краіны. І. — краіна развітога турызму, які з’яўляецца найб. дынамічнай галіной эканомікі. Па даходах ад турызму (21,9 млн.дол. у 1994) І. займае 4-е месца ў свеце. Штогод яе наведвае больш за 60 млн.чал., больш за 80% — з краін Еўропы. Асн. раёны турызму — узбярэжжа Міжземнага м. (Коста-Брава ў Каталоніі, Коста-дэль-Соль — у Андалусіі і Коста-Бланка ў Валенсіі), Балеарскія і Канарскія а-вы. У 1995 экспарт склаў 85 млрд.дол., імпарт — 110 млрд.дол. І. экспартуе трансп. абсталяванне (27%), машыны і інш. абсталяванне (16%), прадукцыю металургічнай прам-сці (9%), садавіну, віны, інш.
прадукты сельскай гаспадаркі. У імпарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання (больш за 40%), паліва (10%), прадукцыя хім. прам-сці (8%). Асн.гандл. партнёры: Францыя (20% экспарту і 16% імпарту), Германія (па 16% экспарту і імпарту), Італія (10% экспарту і 11% імпарту), а таксама ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. Грашовая адзінка — песета.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 197,5 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў 75,8 тыс. (з іх 75 тыс. у грамадз. гвардыі), рэзерву 431,9 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках 128,5 тыс.чал., на ўзбраенні 776 танкаў, каля 2 тыс. бронетранспарцёраў, 773 гарматы (у т. л. 208 самаходных), больш за 500 гармат зенітнай артылерыі, 175 верталётаў і інш. У ВПС 30 тыс.чал. асабовага складу, 199 баявых самалётаў. У ВМС 39 тыс.чал., з якіх 7,2 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 34 баявыя караблі (у т. л. 1 авіяносец), 32 патрульныя і 13 дэсантных катэраў, 18 баявых самалётаў і 25 верталётаў марской авіяцыі.
Ахова здароўя. За аказанне мед. паслуг бярэцца плата, якая часткова кампенсуецца са страхавога фонду. Цалкам кампенсуецца кошт лячэння ў шпіталі. У 1989 пасляродавы водпуск для маці прадоўжаны да 16 тыдняў. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,2, жанчын 82 гады. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 234 чал., урачамі — 1 на 246 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 2 да 5 гадоў (каля 50% з іх прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю дае 8-гадовая асноўная (няпоўная сярэдняя) школа (навучанне з 6-гадовага ўзросту), якая мае 3 ступені: пач. (1—2-і кл.), сярэднюю (3—5-ы кл.), старэйшую (6—8-ы кл.). Поўную сярэднюю адукацыю дае 3-гадовая сярэдняя школа і аднагадовы спец. курс, які дае права паступлення ва ун-т. У праграме сярэдняй школы абавязковыя прадметы (ісп. мова і л-ра, замежная мова, уводзіны ў лац. мову) і спец. прадметы на выбар: матэматыка, фізіка, хімія, геаграфія, гісторыя, філасофія, асновы канстытуцыі, маляванне, музыка, рэлігія або этыка і мараль і інш. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя прафес.-тэхн. школы і прафес.-тэхн. аддзяленні поўных сярэдніх школ, што рыхтуюць рабочых для вытв-сці. На іх базе працуюць 3—4-гадовыя прафес.-тэхн. і камерцыйныя школы (рыхтуюць спецыялістаў сярэдняй адукацыі з правам паступлення на 2-ю ступень ун-та або ў вышэйшую тэхн. школу). У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, політэхн. ун-ты, вышэйшыя тэхн. школы і інш. Праграмы разлічаны на 3 цыклы: 1-ы (3-гадовы курс па фундаментальных навуках), выпускнікі якога атрымліваюць дыплом спецыяліста сярэдняга звяна, што дае права працягваць адукацыю; 2-і (2-гадовы) дае прафес. дыплом; 3-і (2-гадовы) — дактарантура, рыхтуе спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі і навук. супрацоўнікаў. У 1996/97 навуч.г. ў І. больш за 30 ун-таў, у іх ліку 20 дзярж., ёсць прыватныя, 2 каталіцкія — Саламанкскі універсітэт і ун-т Опус Дэі (з 1904) у г. Сантандэр. Буйнейшыя ун-ты: у Мадрыдзе (з 1508), Барселонскі універсітэт, у Валенсіі (з 1510), Гранадзе (з 1526), Вальядалідзе (з 1346), Севільі (з 1502). Найб. б-кі: Нац. (з 1712), універсітэцкая, Муніцыпальная перыядычная (мае адну з буйнейшых калекцый перыядычнай л-ры ў свеце) у Мадрыдзе, б-ка Каталоніі (з 1914) у Барселоне. Ген. архіў Каралеўства ў Сіманкасе (каля Вальядаліда), Нац.гіст. архіў у Мадрыдзе, Архіў Індый у Севільі. Буйнейшыя музеі: Прада (з 1819), Нац.археал. (з 1867) у Мадрыдзе, маст. ў Барселоне, Кордаве, Валенсіі, Севільі; Музей Амерык, Каралеўскі Палац, музеі арміі, флоту, Муніцыпальны, Правінцыяльны археал. ў Севільі і інш. Найвышэйшая навук. ўстанова — Ін-т І. (аб’ядноўвае 8 акадэмій; засн. ў 1938 на ўзор Ін-та Францыі). Цэнтральная н.-д. ўстанова — Найвышэйшы Савет па навук. даследаваннях (з 1940), які арганізуе фундаментальныя даследаванні па ўсіх галінах навукі, кіруе комплекснымі і полідысцыплінарнымі даследаваннямі; пад яго кіраўніцтвам працуе каля 100 н.-д. ін-таў і інш. устаноў. Н.-д. работу праводзяць таксама ун-ты.
Друк, радыё, тэлебачанне. Мае разгалінаваную сетку сродкаў масавай інфармацыі. Выходзіць каля 120 штодзённых газет, часопісаў і інш.перыяд. выданняў. Вядучае месца займаюць штодзённыя газ. «ABC» («АБэСэ», з 1905), «La Vanguardia» («Авангард», з 1881), «Pais» («Краіна», з 1976), «Diario-16» («Газета 16», з 1976), «El Correo Catalan» («Каталонская пошта», з 1876), «El Dia de Cataluna» («Дзень Каталоніі», з 1987) і інш.Інфарм. агенцтвы: Эдыторыял Фаланге Эспаньёла (з 1939). Радыёвяшчанне з 1919. Дзярж. радыё (Нац. радыё І.) трансліруе 5 агульнанац. праграм, мае рэгіянальныя станцыі. Самастойныя радыёстанцыі дзейнічаюць у Мадрыдзе і ў буйных правінцыяльных гарадах. Радыё Экстэр’ёр Эспанья вядзе трансляцыі на 16 мовах на Еўропу, Аўстралію, Паўд. і Паўн. Амерыку, Паўн. Афрыку. Існуе больш за 300 прыватных станцый, аб’яднаных у асацыяцыю Эспаньёла дэ ла Радыёдыфузьён Прывада.
Тэлебачанне з 1951. 2 агульнанац. праграмы, працуюць рэгіянальныя станцыі. Дзейнасць радыё і тэлебачання кантралюецца і каардынуецца дзярж. кампаніяй Іспанскае радыё і тэлебачанне.
Літаратура. Развіваецца на іспанскай (кастыльскай), а таксама на каталанскай, галісійскай і баскскай мовах. Уласна іспанская літаратур а зарадзілася адначасова з фарміраваннем літ.ісп. мовы і нац. самасвядомасці ў перыяд Рэканкісты. Барацьба народаў Пірэнейскага п-ва супраць араб. заваявання шырока адлюстравана ў нар. паэзіі, асабліва ў гераічным эпасе (паэмы «Песня пра майго Сіда», «Радрыга» і інш.). Тагачасная лірыка прадстаўлена т.зв. сельскімі песнямі (вільянсіка), напісанымі пад уплывам араб. паэзіі. У феад.-клерыкальнай «вучонай л-ры» вылучалася рэліг.-філас. і дыдактычная лірыка Г. дэ Берсеа. Станаўленне маст. прозы ў 13—14 ст. звязана з творчасцю караля Альфонса X Мудрага, Хуана Мануэля (зб. навел «Граф Луканор»). У 15 ст. асабліва былі пашыраны нар. рамансы і сатыр. паэзія (творчасць маркіза дэ Сантыльяны, Х. дэ Мены, сатыры Х.Руіса). Для твораў ранняга Адраджэння характэрны ўплыў еўрап. Рэнесансу («італьянская школа» на чале з Гарсіласа дэ ла Вэгай); уплыў італьян. л-ры адчувальны ў рыцарскім (ананімны «Амадыс Гальскі», 1508) і пастаральным раманах. У фарміраванні нац. драмы значную ролю адыграў раман-драма Ф. дэ Рохаса «Селестына». У 2-й пал. 16 ст. ў паэзіі вылучаліся рэліг.-філас. лірыка «саламанкскай школы» (Х. дэ ла Крус, Л. дэ Леон), грамадз. лірыка «севільскай школы» (Ф. дэ Эрэра) і вершаваны эпас (паэма «Араўкана» А. дэ Эрсільі). Канец 16 — пач. 17 ст. адметны росквітам нац. тэатра (Х. дэ ла Куэва, Л.Ф. дэ Вэга Kapnio і яго школа, Л.Велес дэ Гевара). Маст. вяршыня ісп. Адраджэння — творчасць М. дэ Сервантэса і найперш яго раман «Дон Кіхот». Залаты век ісп. л-ры — эпоха барока (17 ст.). У лірыцы гэтага перыяду адзначаны 2 процілеглыя тэндэнцыі — гангарызм з ускладненай метафарычнасцю мовы (Л. дэ Гонгара-і-Арготэ) і кансептызм, які адстойваў канцэптуальна-сэнсавую насычанасць маст. тэксту (Ф.Хеведа-і-Вільегас, Б.Грасіян-і-Мара лес). Дасягнулі росквіту сатыра і шахрайскі раман (М.Алеман-і-дэ-Энера, Кеведа-і-Вільегас), вылучыліся дыдактычныя і эстэт. трактаты Грасіян-і-Маралеса. Тэатр эпохі барока прадстаўлены рэліг.-філас. драмамі Тырса дэ Маліны і маральна-філас. драмамі «гонару» П.Кальдэрона дэ ла Баркі. Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася моцным франц. уплывам, частковай стратай нац. своеасаблівасці і маст. недасканаласцю. Сярод найб. вядомых твораў байкі Т. дэ Ірыяртэ, паэзія М.Х.Кінтаны, п’есы Н. і Л.Маратынаў. Рамантызм ісп. л-ры меў глыбока нац. карані і найб. адлюстраваны ў творах А. дэ Сааведры (паэт.зб. «Гістарычныя рамансы») і Х. дэ Эспранседы. Да гіст. мінулага І. звярталіся А.Гарсія Гуцьерэс (п’есы «Трубадур», «Сімон Баканегра»), Х.Сарылья-і-Мараль (стварыў рамант. варыянт легенды пра Дон Жуана). У прозе 1-й пал. 19 ст. пануючым паступова стаў кастумбрызм — бытапісальная проза, блізкая да рэалізму (нарысы С.Эстэбанеса Кальдэрона, Р. дэ Месанера Раманаса, сатыр. публіцыстыка М.Х. дэ Лары). З сярэдзіны 19 ст. пачалося развіццё рэаліст. прозы — раманы Х.М. дэ Перэды («Сатылеса», «Горныя вяршыні»), Х.Валеры («Пепіта Хіменес», «Донна Лус»), апавяданні П.А. дэ Аларкона (зб. «Нацыянальныя гісторыйкі»). Некат. творы пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму (цыкл «валенсіянскіх раманаў і апавяданняў» В.Бласка Ібаньеса, раманы Э.Парда Басан). Найб. значны твор ісп. крытычнага рэалізму — серыя з 46 раманаў «Нацыянальныя эпізоды» (1873—1912) Б.Перэса Гальдоса. Выразнікамі крызісу ісп. грамадства і культуры на рубяжы стагоддзяў сталі пісьменнікі «Пакалення 1898 года», якія ўзнімалі пытанні нац. самасвядомасці, проціпастаўлялі афіц. ідэі ідэю нац. адраджэння. Значны ўплыў у гэты перыяд экзістэнцыялізму (філас.-псіхал. раманы, навелы і эсэ М. дэ Унамуна, лірыка А.Мачада-і-Руіса). Паэзія развівалася ў рэчышчы ісп.-амер. мадэрнізму і імпрэсіянізму (Х.Р.Хіменес, Р.М. дэль Валье Інклан), проза і драматургія пазначаны ўплывам крытычнага рэалізму і натуралізму (П.Бароха-і-Несі, Х.Бенавентэ-і-Марцінес). Ісп. авангардызм 1-й трэці 20 ст. прадстаўлены творамі Р.Гомеса дэ ла Серны, В.Уідобра і інш. У паэзіі вядучым становіцца «Пакаленне 1927 года» (Ф.Гарсія Лорка, Р.Альберці, Х.Гільен, П.Салінас), якое імкнулася сінтэзаваць авангардную паэтыку з традыцыямі фальклору, рэнесансавай, барочнай і рамант. лірыкі (неагангарызм), стварыць новы тэатр («тэатр сацыяльнага дзеяння» Гарсія Лоркі). У перыяд грамадз. вайны 1936—39 набыла вядомасць лірыка М.Эрнандэса. У ліку першых твораў, апазіцыйных франкізму, былі раннія раманы Х.Х.Селы («Сям’я Паскуаля Дуартэ», «Вулей») і раман «Нішто» К.Лафарэт, напісаныя ў стылі трэмендызму (ад ісп. tremendo страшны). На змену т.зв. гарсіласізму прыйшла сац. паэзія В.Алейксандрэ, Д.Алонса. Новы росквіт рэаліст. рамана пачаўся ў 1950-я г. (раманы «Востраў», «Асаблівыя прыкметы» Х.Гайтысола, трылогія «Таргашы» А.М.Матутэ, «Пяць гадзін з Марыо» М.Дэлібеса). Развівалася сац. паэзія (Б. дэ Атэра, Г.Селая) і драматургія (А.Буэра Вальеха, А.Састрэ). У 1980—90-я г. асаблівае значэнне набываюць школа «новага рамана» і постмадэрнізм (Гайтысола).
Баскская, галісійская і каталанская л-ры нац. меншасцей І. актыўна развіваюцца з канца 18 ст. (перыяд складвання адпаведных нацый). На працягу ўсяго 19 ст. пануючым кірункам у гэтых л-рах быў рамантызм (каталанскія паэты В.Балагер і Дж.Вердагер, галісійскія Р. дэ Кастра і Э.Пандаль, баскскі нар. паэт Х.М.Іпарагірэ, верш якога «Дуб Гернікі» стаў гімнам баскаў). Характэрныя для 1880-х г.рэаліст. тэндэнцыі адлюстраваны ў сац. і антыклерыкальнай паэзіі галісійца М.Кураса Энрыкеса, у п’есах стваральніка каталанскай драмы А.Гімеры. Аднак творчасць большасці пісьменнікаў гэтага перыяду развівалася ў рэчышчы кастумбрызму. На рубяжы 19—20 ст. у каталанскай л-ры вядучым стала «Пакаленне 1898 года», у творчасці якога супярэчліва спалучаліся ідэі еўрап. дэкадансу з пошукамі нац.-самабытных форм (Дж.Марагаль, Дж.Карнер і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны многія пісьменнікі звярнуліся да «левага» авангардысцкага мастацтва (каталанскія паэты Дж.Салват-Папасейт, Дж.В.Фойш, галісіец М.Мануэль Антоніо). У перыяд фаш. дыктатуры Франка л-ры нац. меншасцей былі пастаўлены па-за законам, многія пісьменнікі эмігрыравалі. Толькі з 1950-х г. аднавілася друкаванне кніг на нац. мовах — выйшла паэма «Баскі» Н. дэ Армаэчэа; у галісійскай л-ры вял. ролю адыгрывала група «новатрубадураў» на чале з А.Кункейра Морам. Побач з мадэрнісцкай л-рай паспяхова развіваюцца рэаліст. паэзія і навелістыка (паэзія, драматургія і проза баска Г.Арэсці, паэзія галісійца С.Э.Ферэйра Мігеса, проза і паэзія сучаснага каталанскага пісьменніка С.Эспрыу.
На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб. лірыкі Ф.Гарсіі Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975), камедыі Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго кахання» і «Дурнічка» (абедзве 1981). Асобныя вершы Гарсіі Лоркі, Р.Альберці, М.Сервантэса, А.Мачада-і-Руіса, Л. дэ Гонгара-і-Арготэ і інш. на бел. мову пераклалі К.Шэрман, А.Вярцінскі, П.Макаль, Р.Барадулін, М.Багун, В.Вольскі, Т.Кляшторны, М.Танк і інш.
Архітэктура. На тэр. І. з эпохі бронзы захаваліся паселішчы з землянымі ўмацаваннямі, абліцаваныя каменнымі плітамі грабніцы з дромасамі і прамавугольныя ў плане каменныя жытлы, з 6—5 ст. да н.э. — рэшткі цыклапічных каменных муроў ібераў. Рымскае панаванне прывяло да глыбокай раманізацыі мясц. культуры ў 1-я ст.н.э. (руіны рым. тэатраў, храмаў, акведукаў, арак, мастоў у Мерыдзе, Тарагоне, Сеговіі і інш.). Найб. раннія помнікі сярэдневякоўя належаць вестготам: манум., простыя па формах цэрквы з пышным разным дэкорам у інтэр’еры (Сан-Хуан у Баньёсе, 661). У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім спалучаліся маст. культуры халіфата Амеядаў і вестгоцкія традыцыі (Вял. мячэць у Кордаве). У канцы 11—15 ст. ў Паўд. І. склалася т.зв. іспанска-маўрытанскае мастацтва з цэнтрамі ў Валенсіі, Гранадзе (палац Альгамбра), Севільі і інш. У 2-й пал. 11 ст. фарміруецца раманскі стыль (сабор у Сант’яга-дэ-Кампастэла). У 10—12 ст. масарабы развівалі формы цаглянай архітэктуры (царква Сант’яга дэ Пеньяльба, каля 920). Помнікі готыкі (13—15 ст.) — саборы Леона, Бургаса, Таледа (кастыльская школа), Барселоны (каталонская школа), біржа («лонха») у Пальме (1426—51, арх. Г.Сагрэра). У 14—16 ст. ствараліся маўрытанскія паводле формы, канструкцый і дэкору будынкі з рысамі гатычнага стылю (пазней і рэнесансу): Санта-Марыя ла Бланка ў Таледа; званіца «Ла Хіральда» ў Севільі (1184—96, закончана ў 1568). Паводле традыцый маўрытанскай архітэктуры майстры-нехрысціяне стварылі т.зв. стыль «мудэхар» (цэрквы Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі, 1123; Сан-Сальвадор у Тэруэлі, 1186; Санта-Марыя ў Калатаюдзе, канец 15 ст.), якія кампазіцыяй і арнаментальным дэкорам нагадвалі мячэці. Завяршэнне Рэканкісты да канца 15 ст., аб’яднанне ісп. зямель, адкрыццё Амерыкі і прыток золата ў І. стымулявалі рост буд-ва ў гарадах. Традыц. схільнасць да пышнай дэкаратыўнасці спарадзіла своеасаблівую ісп. разнавіднасць архітэктуры Рэнесансу — стыль платэрэска. Яму ўласцівы дывановыя пакрыцці сцен, багатае скульпт. аздабленне парталаў будынкаў, алтароў і іканастасаў (калегія Санта-Крус у Вальядалідзе, 1487—91, арх. Э. дэ Эгас; палац Каса дэ лос Пікас у Сеговіі, 16 ст.). Поўнае асваенне ордэрнай сістэмы і афіц. палітыка караля Філіпа II у галіне архітэктуры прывялі да стварэння строгага і простага стылю дэсарнаментада (пазбаўлены арнаменту), або эрэраса (ад імя прыдворнага арх. Х.Б. дэ Эрэра, аўтара манум. палацава-манастырскага ансамбля Эскарыял пад Мадрыдам, 1563—84). У 17 ст. развівалася ісп. барока — чурыгерэска (звязана з сям’ёй арх. дэ Чурыгера: зах. фасад сабора ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, 1738—47, арх. Ф.Касас-і-Навоа; інтэр’ер сакрысціі кляштара Ла Картуха ў Гранадзе, 1727—64, арх. Л.Арэвала). Адкрыццё Акадэміі мастацтваў у Мадрыдзе (1744) спрыяла ўзнікненню акадэм. класіцызму (арх. В.Радрыгес, Х. дэ Вільянуэва). Найб. значныя пабудовы: Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64, арх. Радрыгес, італьян.арх. Дж.Б.Сакеці, Ф.Сабаціні, паводле праекта Ф.Ювары), Мадрыдскі парк (б. Буэн-Рэціра, 1868), помнік М.Сервантэсу (1927, арх. П.Мугуруса, скульпт. К.Валера) і інш. У 19 ст. панавала эклектыка, потым — мадэрн (А.Гаўдзі, А.Сорыо-і-Мата). У 1928 у Барселоне склалася «Група іспанскіх архітэктараў і тэхнікаў для садзеяння прагрэсу сучаснай архітэктуры», якая стаяла на пазіцыях функцыяналізму. Пасля ўстанаўлення ў І. фаш. дыктатуры (1939) наватарскія маст. пошукі былі часова прыпынены. У 1950-я г. пачалі ўзводзіць асобныя рабочыя пасёлкі (Валенсія), прадаўжалася рэканструкцыя Мадрыда. У буд-ве развіваецца функцыяналізм, распрацоўваюцца прынцыпы арганічнай архітэктуры (дзіцячы дом адпачынку Мірафлорэс дэ ла Сьера, 1959, арх. Х.А.Каралес, А. дэ ла Сота і інш.) і бруталізму (жылы дом у Сітжэсе, 1969). Вырашаюцца праблемы шырокай рэканструкцыі гарадоў і іх жылога фонду.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шматграннасць і складанасць маст. культуры І. абумоўлены рознасцю гіст. лёсаў яе асобных рэгіёнаў і этн. складу насельніцтва, спалучэннем культ. традыцый фінікійцаў, кельтаў, стараж. грэкаў, рымлян, германцаў, арабаў (маўраў). Да эпох палеаліту і неаліту адносяцца наскальныя паліхромныя размалёўкі ў пячорах (Альтаміра), ляпная арнаментаваная кераміка. У эпоху бронзы дасягнула росквіту ганчарнае мастацтва. Мастацтва ібераў у 8—4 ст. да н.э. развівалася пад грэч. і фінікійскім уплывамі. У 4—3 ст. да н.э.маст. культура І. вызначалася ўладай Карфагена, пазней Стараж. Рыма, што прывяло да яе раманізацыі. Вестгоцкі перыяд характарызуецца інтэр’ернай скульптурай у дараманскім стылі (капітэлі ў царкве Сан-педра дэ ла Наве, 9—10 ст.) і паліхромным стылем у дэкар.-прыкладным мастацтве. У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім своеасабліва спалучалася маст. культура Амеядскага халіфата і вестгоцкія традыцыі. У канцы 11—15 ст. на Пд І. склалася т.зв.Маўрытанскае мастацтва. Уласна ісп. мастацтва фарміравалася ва ўмовах Рэканкісты пад уплывам Францыі і Італіі ў культуры масарабаў. Каталіцкі аскетызм спалучаўся з яркасцю і багаццем форм маўрытанскай цывілізацыі. З 10 ст. развівалася мініяцюра, у якой адчувальны каралінгскія і атонаўскія ўплывы. У раманскі перыяд храмы ўпрыгожвала скульптура («Порцік славы» царквы ў Сант’яга-дэ-Кампастэла), высокага ўзроўню дасягнула размалёўка. Гатычны перыяд адметны распрацоўкай велічных заалтарных жывапісна-пластычных кампазіцый (рэтабла), размалёўкамі (фрэскі Ферэра Басы ў палацы Педральбес каля Барселоны), паліхромнай скульптурай, кніжнай мініяцюрай. Мастацтва 15 — пач. 16 ст. вызначалася драматызмам, экспрэсіўнасцю вобразаў, багатай арнаментыкай з выкарыстаннем залатых фонаў (Х.Уге, А.Беругетэ, Ф.Гальегас, А.Фернандэс). У 16 ст. рэнесансавы жывапіс развіваўся пад уплывам італьян. мастацтва (Э.Яньес дэ Альмедзіна, Х. дэ Хуанес, Л.Варгас), дасягнуў абвостранага трагізму ў карцінах Л.Маралеса, скульптурах Б.Ардоньеса, узвышанай духоўнасці ў творчасці Д.Эль Грэка Развіваўся парадны партрэт у творах А.Санчэс Каэльё, Х.Пантоха дэ ла Круса, А.Мора. 17 ст. — «залаты век» жывапісу І., перыяд станаўлення новых маст. цэнтраў (Валенсія, Севілья, Таледа); развіваўся стыль барока. Пад уплывам мастацтва М.Караваджа ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі, імкненне да драм. кантрасту ў маст. трактоўцы. Адухоўленае ўвасабленне жыццёвых вобразаў уласціва работам Ф.Рыбальты, Ф. дэ Эрэры Старэйшага, Х.Б.Майна, Х. дэ Рыберы, Ф.Сурбарана. Найб. росквіту ісп. мастацтва 17 ст. дасягнула ў творчасці Д.Веласкеса. У 2-й пал. 17 ст. гэтыя тэндэнцыі прадаўжалі Б.Э.Мурыльё, А.Пуга, А.Перэда. У паліхромнай скульптуры працавалі Г.Фернандэс, Х.Мартынес і інш. У мастацтве 18 ст. адчуваюцца моцныя ўплывы Францыі і Італіі. Развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: кераміка, злотніцтва (Х. дэ Арфе), маст. кавальства, ткацтва. Засн. каралеўская мануфактура габеленаў. Правадніком акад. класіцызму стала каралеўская АМ Сан-Фернанда (засн. ў 1752). Значнай з’явай у мастацтве была творчасць Ф.Гоі з яго экспрэсіўнай вобразнасцю і наватарскай жывапіснай манерай, якая стала прадвеснікам ідэй еўрап. рамантызму. У 19 ст. дамінавалі салонна-акад. тэндэнцыі, звязаныя з гіст. і фальклорнай тэматыкай (М.Фартуні і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся імпрэсіянізм і мадэрн. Рысы кубізму ўласцівы творам Манола, экспрэсіянізму — Х.Саланы. У рэчышчы парыжскай школы працавалі сюррэалісты С.Далі і Ж.Міро, кубісты Х.Грыс, П.Пікасо, які ў значнай ступені вызначыў кірункі развіцця сучаснага мастацтва. Працавалі мастакі-рэалісты (скульптары Х.Антоніо, В.Мача, Э.Бараль, жывапісцы Х.Лопес Мескіта, М.Бенедзіта Вівес, Р.Касас). У гады вайны з франкістамі гал. відам мастацтва стала графіка (плакат, карыкатура, нар. лубок). У сярэдзіне 20 ст. пашырыўся пейзажны жывапіс, у 1950—80-я г. — шматлікія мадэрнісцкія кірункі.
Музыка. Вытокі ісп. музыкі ў муз. культуры ібераў. Ісп.муз. фальклор мае выразныя лакальныя адрозненні. Найб. архаічная музыка баскаў, у т. л. песня і танец сарсіка. У фальклоры Галісіі пераважаюць лірычныя песні; з танцаў найб. пашыраны муньейра са спевамі і муз. суправаджэннем. Падобныя рысы характэрны для фальклору Каталоніі, Балеарскіх а-воў, Валенсіі. У Каталоніі было развіта мастацтва трубадураў (13—14 ст.). Агульнаісп. рысаў найбольш у нар. музыцы Кастыліі і Леона з характэрнымі для яе метрычнай разнастайнасцю, перавагай трохдольнасці, поліметрыяй і непарыўнай сувяззю танца і спеваў. Асн. жанры — сегідылья, фанданга, балеро, руэда, чарада, танада, хота. Музыцы Андалусіі характэрны стыль кантэ фламенка (група танцаў і песень Паўд. І.) і ўласна андалусійская музыка, песні і танцы якой генетычна звязаны з фанданга і сегідыльяй ці паходзяць ад стараж.ісп. форм. Гал.муз. інструменты — гітара і кастаньеты. У 13 ст. пашырыліся героіка-эпічныя песні, якія ў 14—15 ст. у нар. асяроддзі ператварыліся ў рамансы. З муз.-паэтычных форм у 13—14 ст. развіваліся кантыгі, альбады, серэнады, пастурэлі, рэтраэнсы, вільянсіка і кантарсільо, якія далі пачатак песенным муз. формам кансьён, танада, копла, серанілья. З танцаў у 15—16 ст.найб. папулярныя сарабанда, чакона, эскараман, пазней — фанданга, сегідылья, балеро, танга. У канцы 15 ст. высокага ўзроўню дасягнула прафес. музыка І. (кампазітары Х. дэ Анчыета, Ф.Пеньялоса, Х. дэль Энсіна). У эпоху Адраджэння расквітнела ісп.вак. поліфанія, найперш культавая (К. дэ Маралес, Ф.Герэра, Т.Л. дэ Вікторыя), а таксама інстр. музыка, пераважна для віуэлы (віёлы), на аснове якой фарміравалася віртуознае мастацтва варыяцыйнай распрацоўкі. Найб. вядомыя ісп. віуэлісты 16 ст.: Л.Мілан, Э. дэ Вальдэрабана, М. дэ Фуэнльяна, Л. дэ Нарваэс, А.Мудара. Імітацыйна-поліфанічны стыль і варыяцыйны метад зацвердзіліся ў арганнай музыцы 16 ст. (буйнейшы майстар А. дэ Кабесон). Муз. тэатр І. фарміраваўся з ранняга сярэдневякоўя (захаваўся ўрывак з містэрыі «Пакланенне вешчуноў»). У 14 ст. зарадзіліся свецкія формы муз.т-ра. У эпоху Адраджэння паявіліся т.зв. эклогі (драм. сцэны з музыкай на рэліг. і свецкія сюжэты; заснавальнік Энсіна). У 17 ст. склалася спецыфічная ісп. форма опернага жанру — сарсуэла (блізкая да аперэты, найб. пашырэнне набыла ў 19 ст.). У 2-й пал. 18 ст. фарміруецца лірычная муз. камедыя танадылья (Л.Місан, П.Эстэве, Б. дэ Ласерна, М.Гарсія). Сярод кампазітараў канца 17 — пач. 18 ст. Х.Кабанільес, А.Літэрэс, А.Салер, В.Марцін-і-Салер. Значную ролю ў развіцці інстр. музыкі І. адыграў Д.Скарлаці. У 19 ст. адкрыты кансерваторыі і оперныя т-ры ў Мадрыдзе (1830 і 1850) і Барселоне (1847). Музыку нац. арыентацыі пісалі Ф.Тарэга, Ф.Пухоль, К. дэль Кампа-і-Сабалета. У канцы 19 ст. пачаўся рух за адраджэнне нац.муз. культуры І., т.зв. рэнасім’ента, на чале з Ф.Педрэлем (буйнейшыя прадстаўнікі І.Альбеніс, Э.Гранадас. М. дэ Фалья). У гады ісп. рэвалюцыі 1931—39 пашырылася масавая песня, у т. л.рэв.-патрыятычная. У 2-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Х.Гурыдзі, О.Эспла, Ф.Момпу, С.Бакарысе, Х.Баўтыста, Х.Радрыга, Р.Альфтэр, Г.Піталуга, К.Паласіо, П.Сарасабаль. Сярод выканаўцаў канца 19—20 ст.: спевакі Ф.Віньяс Дордаль, М.Гай, М.П.Р.Гарсія, Э. дэ Ідальга, К.Супервія, В. дэ Лос Анхелес, Т.Берганса, П.Дамінга, М.Кабалье, Х.Карэрас, П.Ларэнгар; дырыжоры Э.Ф.Арбос, Х.Ітурбі (і піяніст), А.Архента; піяністы А. дэ Лароча, Х.Турына, Р.Віньес; скрыпачы П.Сарасатэ, П.Эскудэра, Х.Манен; віяланчэлісты П.Касальс, Г.Касадо; гітарысты М.Льябет, А.Сеговія, Тарэга; арфіст Н.Сабалета. У І. працуюць (1987): Нац. асацыяцыя музыкі, Асацыяцыя муз. культуры, т-ва «Музычная моладзь Іспаніі», Сімф. аркестр Ісп. радыё і тэлебачання, філарманічны аркестр, Ісп.ін-т мастацтвазнаўства, оперны т-р «Лісеа» ў Барселоне; нац. кансерваторыя ў Мадрыдзе і інш. Праводзяцца фестывалі, у т. л. Тыдні сярэдневяковай музыкі ў г. Эстэлья, міжнар. конкурс вакалістаў імя Віньяса (з 1963, Барселона) і інш.
Тэатр. Тэатр. паказы ў І. вядомы з часоў уладання рымлян. У сярэдневякоўі ставіліся літургічныя драмы, містэрыі, маралітэ; з нар. паказамі («здзеклівымі гульнямі») выступалі хуглары. У 16 ст. папулярнымі былі аўтас сакраменталес (свяшчэнныя дзействы), пасас (фарсы) Л. дэ Руэды, камедыі Б.Торэса Наара, інтэрмедыі і драмы М.Сервантэса. Паявіліся паўпрафес. і прафес. трупы. Манаполію на тэатр. паказы атрымалі царк. брацтвы, якія будавалі спец. памяшканні — каралі (у Мадрыдзе, Барселоне, Валенсіі, Севільі і інш.). Росквіту т-р І. дасягнуў у эпоху Адраджэння. Дэмакр. і гуманіст. кірунак развіваўся ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, Тырса дэ Маліны, П.Кальдэрона дэ ла Баркі. У прыдворных т-рах 17 ст. ставіліся феерычныя, пышна аформленыя спектаклі. У 1665 дзейнасць т-раў была забаронена на 15 гадоў. З 18 ст. папулярнасць набыў муз.т-р, асабліва італьян. опера; у драме пераважаў дэкламацыйны стыль класіцызму. У муз.-драм. жанрах сайнеце, сарсуэле, танадыльі захоўваліся рэаліст. традыцыі. У 19 ст. адбыўся ўздым ісп.т-ра, адкрыты т-ры «Эспаньёль» у Мадрыдзе (1849), «Лісеа» ў Барселоне (1847) і інш. Пашырана была рамант. драма і быт. камедыя. З 2-й пал. 19 ст. пераважалі оперы-буфа, вар’етэ, рэвю франц. ўзору. Асобныя трупы і акцёры прытрымліваліся рэаліст. традыцый (т-р Камедыі, акцёры Э.Марыо, Р.Кальва). У пач. 20 ст. ў рэпертуары т-ра пераважалі камедыі і меладрамы. Мадэрнісцкія тэндэнцыі сцвярджалі Х.Бенавентэ-і-Марцінес, Г.Марцінес Сьера і інш., рэалістычныя — Ф.Дыяс дэ Мендоса. М.Герэра, М.Ксіргу. Пасля абвяшчэння І. рэспублікай узмацніліся тэндэнцыі да адраджэння дэмакр. традыцый класічнай драматургіі (студэнцкі т-р «Ла Барака», які заснаваў Ф.Гарсія Лорка, «Т-р педагагічных місій» А.Касоны). У 1936—39 дзейнічалі перасоўныя трупы «Герыльяс дэ тэатра» («Тэатр.партыз. атрады»). З усталяваннем франкісцкага рэжыму многія тэатр. дзеячы эмігрыравалі. У 1950-я г. ставіліся п’есы тагачасных замежных аўтараў (Б.Брэхта, Дж.Б.Прыстлі, А.Мілера). У 1960-я г. ў некаторых т-рах аднавіліся пастаноўкі класічнай нац. драматургіі (т-ры «Эспаньёль», «Бельяс Артэс» у Мадрыдзе). Прадстаўнікі руху «Новы тэатр» пратэставалі супраць дыктатуры, цэнзуры, тэатр. рэалізму (незалежныя т-ры «Лос Галіярдас» у Мадрыдзе, «Лос Катарас» у Каталоніі, «Эль Тэатра Лебрыяна» ў Андалусіі і інш.). У гэтым кірунку развівалася творчасць драматургаў, схільных да т-ра абсурду і тэатр. жорсткасці (Л.Рыяза, М.Марцінес Медыера), сюррэалізму (Ф.Ньева), абстракцыі (Х.Руібаль). З наданнем ісп. правінцыям аўтаноміі развіваецца нар.т-р, але гал. асяродкам тэатр. жыцця застаюцца Мадрыд і Барселона. Сярод рэжысёраў апошніх дзесяцігоддзяў — Х.Тамаё, Х.Л.Алонса, М.Нарас, К.Пласа, В.Гарсія, акцёраў — Н.Эсперт, Х.Л.Гомес, Х.М.Радэра.
Кіно. Вытворчасць фільмаў у І. пачалася ў канцы 19 ст. («Выхад з дзённай месы з царквы Пілар у Сарагосе», 1896, рэж. Э.Хімена). Напачатку здымаліся дакумент. рэпартажы і кароткаметражныя фільмы. Першы маст. фільм выпушчаны ў 1905. Першыя кінастудыі створаны ў Барселоне (1906). У 1920-я г. кінавытворчасць развівалася ў Мадрыдзе, дзе выпускалі пераважна забаўляльныя стужкі, а таксама экранізацыі вядомых ісп. празаікаў і драматургаў (30—40 фільмаў штогод; найб. вядомыя рэжысёры — Б.Пероха, Ф.Рэй). У 1931—36 кінастудыі пераабсталяваны, выпуск фільмаў павялічыўся, створаны Савет па кінематаграфіі (1933). Сярод лепшых рэжысёраў гэтага часу — Л.Буньюэль («Андалускі пёс», 1928; «Залаты век», 1930; «Зямля без хлеба», 1932). У 1934 пастаўлены першы гукавы фільм («Вада ў глебе», рэж. Э.Ф.Ардавін). Грамадз. вайна 1936—39 стала тэмай шэрагу фільмаў; мадрыдская кінастудыя «Фільм папулар» выпускала кінахроніку «Сучасная Іспанія». У час дыктатуры Франка ўведзена цэнзура, пашырыліся фільмы, на якія ўплывалі стужкі фаш. Германіі і Італіі. У 1940—50-я г. найчасцей здымаліся муз. камедыі і ісп.-італьян. вестэрны. Прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Х.А.Бардэм, Л.Г.Берланга, Муньёс-Суай), на творчасць якіх паўплываў неарэалізм («Гэта шчаслівая пара», рэж. Бардэм і Берланга). Вядомасць за межамі І. атрымалі фільмы Берлангі «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), Бардэма «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956). На творчасць кінематаграфістаў 1960-х г. паўплываў фільм італьян.рэж. М.Ферэры «Каляска», зняты ў І. ў жорсткай рэаліст. манеры з элементамі «чорнага» гумару. Гал. падзеяй нац. кіно стала стужка Буньюэля «Вірыдыяна» (1961) пра духоўныя праблемы ісп. грамадства. Маладыя рэжысёры К.Саўра, Ф.Рэгейра, М.Пікаса, М.Сумерс і інш. заснавалі кірунак «Новае іспанскае кіно», сярод прадстаўнікоў якога самабытны кінарэжысёр Саўра («Сад уцех», 1970; «Ганна і ваўкі», 1972; «Выкармі гругана», «Эліза, маё жыццё», абодва 1975, і інш.). Дэмакратызацыя грамадства ў 1970-я г. садзейнічала развіццю ісп. кіно. Сусв. вядомасць атрымаў рэж. П.Альмадавар («Матадор», 1986; «Жанчыны на мяжы нервовага зрыву», 1988; «Звяжы мяне», 1989; «Кіка», 1993, і інш.). Сярод акцёраў: Ф.Рабаль, А.Маліна, А.Белен, А.Бандэрас, В.А́брыль. У І. больш за 100 кінакампаній, якія займаюцца вытворчасцю і пракатам. Сістэма кінаадукацыі ўключае Барселонскі і Мадрыдскі ун-ты, Дзярж.ін-т радыё і тэлебачання. Нац. фільматэка ў Мадрыдзе і Каталонская ў Барселоне, Міжнар. кінаархіў, архіў хронікі і дакумент. кіно ў Мадрыдзе. Сярод міжнар. кінафестываляў: агляд дакумент. і кароткаметражнага кіно ў Більбао, агляд кіно ў Валенсіі, фестывалі ў Сан-Себасцьяне і фантаст. кіно ў Сітжэсе.
Беларусы ў Іспаніі. Бел. асяродак у І. пачаў складвацца ў пач. 1950-х г. і быў прадстаўлены пераважна студэнтамі-беларусамі Мадрыдскага ун-та, якія ў 1952 заснавалі Бел. акадэмічнае згуртаванне (старшыня Я.Сурвіла). Пры Цэнтры па вывучэнні краін усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Сурвілы. Супрацоўнікі Інстытута беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе (1952—60) вялі навук. даследаванні па гісторыі бел. дзяржавы, прапаганду ведаў пра Беларусь сярод народаў І. і Зах. Еўропы. З 1958 працавала бел. рэдакцыя на Мадрыдскім нац. радыё. Беларусы вялі культ.-асв. дзейнасць. У 1954—55 у Мадрыдзе прайшлі канцэрты бел. музыкі і нар. песень для студэнтаў і навукоўцаў каледжаў. На семінарах і канферэнцыях навукоўцы чыталі даклады і рэфераты па беларусазнаўству, бел. моладзь прадстаўляла Беларусь у дні нац. свят, у час культ. мерапрыемстваў, на міжнар. сімпозіумах і канферэнцыях. У 1960-я г. многія беларусы пакінулі краіну і бел. дзейнасць спынілася.
Літ.:
Уотт У.М., Какиа П. Мусульманская Испания: Пер. с англ.М., 1976;
Испания, 1918—1972 гг.: Ист. очерк. М., 1975;
Понеделко Г.Н. Государство в экономике Испании: взгляд в прошлое и современность. М., 1991;
Проблемы испанской истории. М., 1992;
Ланда Р.Г. В стране аль-Андалус через тысячу лет. М., 1993;
Хенкин С.М. Испания после диктатуры: (соц.-полит. пробл. перехода к демократии) М., 1993;
Менендес Пидаль Р. Избр. произв.: Исп. лит. средних веков и эпохи Возрождения: Пер. с исп. М., 1961;
Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;
Яго ж. Испанская литература XIX—XX вв. М., 1982;
Штейн А.Л. История испанской литературы. М., 1994;
Arean C. La pintura española de Altamira al siglo 20. Madrid, 1971;
Фалья М. де. Статьи о музыке и музыкантах: Пер. с исп. М., 1971;
Мартынов И.И. Музыка Испании. М., 1977;
Marco T. Historia de la musica espanola. Vol. 1—6. Madrid, 1983—84.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета. навук. ўстановы), К.М.Міхееў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў Іспаніі).
Герб і сцяг Іспаніі.Да арт.Іспанія. Горы Пірэнеі на поўначы краіны.Да арт.Іспанія. Буйнейшы партовы горад і прамысловы цэнтр Галісіі — Віга.Да арт.Іспанія. Панарама ў цэнтры Мадрыда.Да арт.Іспанія. Краявід на Андалускай нізіне.Да арт.Іспанія. «Дворык ільвоў» у комплексе Альгамбра ў г. Гранада. 13—14 ст.Да арт.Іспанія. Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64).Да арт.Іспанія. Мадрыдскі парк (былы Буэн-Рэціра; 1868).Да арт.Іспанія. Помнік М.Сервантэсу ў Мадрыдзе. 1927.Да арт.Іспанія. Царква Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі. 1123.Да арт.Іспанія. Эль Грэка. Партрэт па эта А.Паравісіна. 1609.Да арт.Іспанія. Ф.Гоя. Партрэт Антоніі Саратэ. Каля 1811.Да арт.Іспанія. П.Пікасо. Аматарка абсенту. 1901.Да арт.Іспанія. Ж.Міро. Чарада. 1940.Да арт.Іспанія. Фрагменты танцаў «Арагонская хота» (зверху) і «Фанданга».Да арт.Іспанія. Фрагмент танца ў стылі кантэ фламенка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́Я, Візантыйская імперыя,
дзяржава ў 4 — сярэдзіне 15 ст., якая ўзнікла ў выніку распаду Рымскай імперыі ў яе ўсх. частцы. Сталіца — г.Канстанцінопаль. У перыяд найвышэйшага росквіту займала тэр. Балканскага п-ва, М. Азіі, Сірыі, Палесціны, Егіпта, Італіі, астравоў Міжземнага м., Паўн. Афрыкі, ч. Пірэнейскага п-ва, Закаўказзя, Крыма. У 3 ст. пачалося адасабленне ўсх. частак Рымскай імперыі, якія вызначаліся высокім узроўнем развіцця эканомікі і дзе крызіс рабаўладальніцкай гаспадаркі меў менш вострыя формы. Напады варвараў, сац. рухі і ўнутр. міжусобіцы ў зах.ч. Рымскай імперыі пагражалі існаванню ўсёй дзяржавы. Гэта прымусіла імператара Канстанціна І [324—337] перанесці паліт. цэнтр імперыі на Усход. Прыняцце ім хрысціянства паспрыяла перамяшчэнню сюды і цэнтра ідэйнага жыцця. Новая сталіца імперыі, Канстанцінопаль, была засн. на месцы стараж. мегарскай калоніі Візантый (адсюль пазнейшая назва імперыі). Доўгі час сталіца імперыі наз. Новым Рымам. Самі візантыйцы называлі сябе рымлянамі (па-грэчаску рамеямі), а імперыю — рамейскай. Візант. імператары наз. васілеўсамі («царамі») рамеяў. Канчатковы падзел Рымскай імперыі адбыўся ў 395, пасля смерці апошняга імператара адзінай рымскай дзяржавы Феадосія I. Імператарам Усх. (Візант.) імперыі стаў Аркадзій [395—408], Зах. — яго брат Ганорый [396—423]. На тэр. Візантыі жылі грэкі, сірыйцы, копты, армяне, грузіны, яўрэі, элінізаваныя малаазійскія плямёны, фракійцы, ілірыйцы, дакі, готы, славяне, арабы, печанегі, полаўцы і інш.Гал. роля ў эканоміцы, паліт. жыцці і культуры Візантыі належала грэч. насельніцтву. Дзярж. мова імперыі ў 4—6 ст. лацінская, з 7 ст. грэчаская.
Ранні перыяд у гісторыі Візантыі (4 — сярэдзіна 7 ст.) характарызаваўся разлажэннем рабаўладальніцкага ладу і пачаткам фарміравання феадалізму. Асаблівасці аграрных адносін у ранняй Візантыі — захаванне значнай колькасці свабоднага сялянства, шырокае распаўсюджанне каланата і доўгатэрміновай арэнды, больш інтэнсіўная, чым на Захадзе, раздача рабам участкаў зямлі на правах пекулія. У 7 ст. праца калонаў і рабоў у буйных памесцях стала выцясняцца працай вольных сялян — арандатараў. Гарады Візантыі 4—5 ст. у асноўным заставаліся ант. рабаўладальніцкімі полісамі, новыя гарады, што ўзніклі пасля 5 ст., былі ўжо гандлёва-рамеснымі і адм. цэнтрамі. Візантыя вяла ажыўлены гандаль з Індыяй, Цэйлонам, Кітаем, Іранам, Сярэдняй Азіяй, Аравіяй, Эфіопіяй, Брытаніяй, Скандынавіяй; доўгі час была гегемонам у гандлі з зах.-еўрап. дзяржавамі па Міжземным м. У 7 ст., калі гарады-полісы канчаткова заняпалі, цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся ў вёску. У 4—5 ст. Візантыя была цэнтралізаванай ваен.-бюракратычнай манархіяй. Уся ўлада належала імператару (васілеўсу), дарадчым органам пры ім быў Сенат. Усё свабоднае насельніцтва падзялялася на саслоўі. Сур’ёзнай грамадскай сілай з 5 ст. сталі своеасаблівыя паліт. партыі — дзімы. Пануючай рэлігіяй Візантыі з 4 ст. стала хрысціянства. У 4—7 ст. тут выпрацавана хрысц. дагматыка, склалася царк. іерархія. З канца 4 ст. пачалі ўзнікаць манастыры. У выніку барацьбы розных плыняў у хрысціянстве (арыянства, нестарыянства і інш.) пануючым у Візантыі з 6 ст. стала праваслаўе (пры імператару Юстыніяне I). З 370-х г. імперыя пастаянна абаранялася ад нападаў варвараў, якія ў 400 ледзь не захапілі Канстанцінопаль; у 570—80-я г. яна адбіла націск остготаў. Пры імператару Юстыніяне І [527—565] Візантыя дасягнула апагея сваёй паліт. і ваен. магутнасці. Першыя гады яго праўлення адзначаны буйнымі нар. рухамі (паўстанне самарыцян у Палесціне 529—530, паўстанне «Ніка» 532 у Канстанцінопалі). Пры Юстыніяне праведзена кадыфікацыя грамадз. права, узмацнілася цэнтралізацыя дзяржавы, створана моцная армія, адбіты націск персаў на У, славян на Пн, ажыццёўлены значныя заваяванні на З. Пры пераемніках Юстыніяна ў Візантыі настаў перыяд заняпаду. У канцы 6 ст. выступленні нар. нізоў адбываліся ў Канстанцінопалі, хваля сял. паўстанняў пракацілася па Егіпце, не спыняліся масавыя рухі ва ўсх. правінцыях — пастаянных асяродках ерасей і сепаратызму. У пач. 7 ст. пагрозлівы характар набылі хваляванні ў візант. арміі. У часы імператара Фокі [602—610] унутр. смуты перараслі ў грамадз. вайну, якая ахапіла М. Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет. На рубяжы 6—7 ст. Візантыя страціла значную ч. сваіх уладанняў на Захадзе і Усходзе.
З сярэдзіны 7 ст. ў Візантыі інтэнсіўна развіваецца феадалізм. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў вёсках пераважалі свабодныя сял. абшчыны. Гарады па-ранейшаму былі ў заняпадзе. У 7—8 ст. важныя змены адбыліся ў адм. сістэме: дыяцэзы і правінцыі былі заменены ваен.-адм. акругамі — фемамі, уся ваен. і грамадз. ўлада ў якіх належала камандзіру фемнага войска — страцігу. Свабодныя сяляне-страціёты, якія складалі войска, залічваліся ўрадам у разрад спадчынных уладальнікаў зямельных участкаў. Фемны лад быў сведчаннем дэцэнтралізацыі дзяржавы. Разам з тым ён спрыяў умацаванню ваен. патэнцыялу імперыі ў часы Льва III [717—741 ] і Канстанціна V [741—775], дазволіў дамагчыся поспеху ў войнах з арабамі і балгарамі. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў Візантыі пачаўся шырокі рэліг.-паліт. рух — іканаборства. Яго ўзначалілі імператары Ісаўрыйскай дынастыі, якія імкнуліся ўзняць прэстыж цэнтр. улады і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства. У сярэдзіне 7 ст. ў Зах. Арменіі зарадзіўся нар.-ерэтычны рух паўлікіян, які з замкнёнай ерэтычнай секты перарос у 9 ст. ў масавы антыфеад. рух. Антыфеад. паўстанне Фамы Славяніна ў 821—825 ахапіла тэр. М. Азіі, ч. Фракіі і Македоніі. 2-я пал. 10 ст. — перыяд стварэння ў Візантыі цэнтралізаванай феад. манархіі з моцнай дзярж. уладай, разгалінаваным бюракратычным апаратам кіравання. Асн. формай эксплуатацыі сялянства стала цэнтралізаваная рэнта, якая спаганялася ў выглядзе шматлікіх падаткаў. Фарміраванне асн. інстытутаў феадалізму ў Візантыі завяршылася ў 11—12 ст. Сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей (парыкаў), свабодныя абшчыны захаваліся толькі на ўскрайках імперыі. Паступова пашырылася пронія (форма ўмоўнага феад. землеўладання). Урад раздаваў феадалам правы экскусіі (асобная форма імунітэту). З 2-й пал. 9 ст. пачаўся ўздым візант. гарадоў, якія набываюць рысы, характэрныя для гарадоў сярэдневяковага тыпу. Асн. фігурай у гар. рамеснай вытв-сці становіцца свабодны рамеснік, уладальнік невял. майстэрні. Візант. мараплаўства і гандаль, нягледзячы на канкурэнцыю арабаў і нарманаў, адыгрывалі гал. ролю ў бас. Міжземнага м.Візант. царква пры патрыярху Фоцію (858—867) стала адстойваць ідэю раўнапраўя духоўнай і свецкай улады, заклікала да інтэнсіўнай хрысціянізацыі суседніх народаў, спрабавала ўвесці праваслаўе ў Маравіі, правяла хрысціянізацыю Балгарыі. Паліт. і дагматычныя рознагалоссі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і папскім прастолам прывялі ў 1054 да афіц. разрыву (схізмы) паміж усх. і зах. цэрквамі. Канчатковы падзел цэркваў адбыўся пасля 1204. Знешняя палітыка Візантыі пры імператарах Македонскай дынастыі (867—1056) характарызавалася пастаяннымі войнамі. Візантыя адваявала ў арабаў Верхнюю Месапатамію, ч. Сірыі і М. Азіі, Крыт, Кіпр, вярнула пад свой пратэктарат Грузію і Арменію, заваявала Балгарыю. Пасля асады Канстанцінопаля кіеўскім кн. Алегам (907) Візантыя вымушана была заключыць у 911 гандл. дагавор, які спрыяў развіццю гандл. сувязей Русі і Візантыі па шляху з «варагаў у грэкі». Русь дапамагла імператару Васілію II задушыць мяцеж Фокі Варды [987—989]. У 1030—80-я г. Візантыю скаланулі ўнутр. смуты, барацьба правінцыяльных феадалаў супраць сталічнай знаці і чыноўніцтва. Пагоршылася і знешнепаліт. яе становішча: у выніку разгрому візант. арміі войскамі сельджукаў у 1071 пры Манцыкерце Візантыя страціла Арменію і ч. М. Азіі; на працягу 11 ст. яна вымушана была адбіваць націск печанегаў; да 1071 нарманы заваявалі Паўн. Італію. Зацяжны крызіс завяршыўся кансалідацыяй усіх сіл імперыі вакол дынастыі Камнінаў (1081—1185). Яны ўмацавалі дзяржаву і армію, адваявалі ў сельджукаў амаль усё Малаазійскае ўзбярэжжа, часова падпарадкавалі Сербію і Венгрыю, змагаліся за гегемонію ў Італіі, прадухілілі канфлікты з удзельнікамі 1-га і 2-га крыжовых паходаў. Але ў 1176 візант. армія была разгромлена сельджукамі каля Мірыякефалона, у 1185 нарманы захапілі Дзірахій і Фесалонікі. На ўсіх сваіх межах Візантыя вымушана была перайсці да абароны. Выкарыстаўшы нар. паўстанне ў Канстанцінопалі (1181), да ўлады прыйшоў прадстаўнік бакавой галіны Камнінаў Андронік І [1183—85]. Але ваен. няўдачы, незадаволенасць гараджан, тэрор у адносінах да вышэйшай феад. знаці выклікалі новы мяцеж. Улада перайшла да дынастыі Ангелаў (1185—1204), праўленне якой азнаменавала заняпад унутр. і знешняй магутнасці Візантыі. Узмацніліся феад. раздробленасць, незалежнасць кіраўнікоў правінцый ад цэнтр. улады, заняпалі гарады, аслабелі армія і флот. Пачаўся распад імперыі: у 1187 адпала Балгарыя, у 1190 — Сербія; Венецыя выцясняла з Візантыі сваіх канкурэнтаў Геную і Пізу. У канцы 12 ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж Візантыяй і Захадам: папства імкнулася падпарадкаваць візант. царкву рымскай курыі. Уплывовыя сілы на Захадзе дамагліся, каб 4-ы крыжовы паход (1202—04) быў накіраваны не на Палесціну і Сірыю, а ў Канстанцінопаль, які і быў захоплены 13.4.1204 войскамі крыжаносцаў на чале з Баніфацыем Манферацкім. Візант. імперыя часова перастала існаваць.
На заваяванай крыжаносцамі тэр. Візантыі была засн. Лацінская імперыя (1204—61). Лаціняне душылі ў Візантыі грэч. культуру, італьян. гандляры перашкаджалі адраджэнню візант. гарадоў. Супраціўленне мясц. насельніцтва не дазволіла крыжаносцам пашырыць сваю ўладу на Балканскі п-аў і М. Азію. Тут узніклі незалежныя грэч. дзяржавы Нікейская імперыя (1204—61), Трапезундская імперыя (1204—1461) і Эпірскае царства (1204—1337). У 1261 нікейскі імператар Міхаіл VIII Палеалог пры падтрымцы грэч. насельніцтва Лацінскай імперыі адваяваў Канстанцінопаль, аднавіў Візант. імперыю і засн. новую дынастыю Палеалогаў (1261—1453). Апошнія стагоддзі існавання некалі вял. імперыі азмрочаны значнымі стратамі тэрыторыі, нестабільнасцю эканомікі, бясконцымі феад. ўсобіцамі і ўзмацненнем тур. пагрозы. 29.5.1453 туркі-асманы на чале з султанам Мехмедам II Фатыхам пасля двухмесячнай асады захапілі і разрабавалі Канстанцінопаль. У 1460 заваёўнікі пакарылі Марэю, у 1461 — Трапезундскую імперыю.
Імперыя спыніла сваё існаванне, яе тэр. ўвайшла ў склад Асманскай імперыі.
Візантыйская культура. У гісторыі візант. цывілізацыі адметнае месца належыць візант. культуры — значнаму этапу еўрап. і сусв. культуры. У Візантыі існавала моўная і канфесійная супольнасць. Пры ўсёй шматэтнічнасці імперыі гал. яе этнічным ядром былі грэкі, у культ. жыцці дамінавала грэч. мова. У Візантыі панавала хрысц. рэлігія ў форме праваслаўя. Культуру Візантыі ад культур зах.-еўрап. краін адрознівала наяўнасць элементаў усх. цывілізацый, што рабіла яе сувязным звяном паміж Усходам і Захадам. Гал. тыпалагічныя асаблівасці візант. культуры: плённы сінтэз грэка-рым., усх. і зах. культур з перавагай першай, працяглае і ўстойлівае захаванне ант. традыцый, адрозненне правасл. рэлігіі ад каталіцкай, панаванне дзярж. дактрыны і дамінуючая роля Канстанцінопаля. Усё гэта спрыяла цэнтралізацыі візант. культуры, захаванню свецкай гар. культуры і адукаванасці. Візант. цывілізацыя зрабіла вял. ўплыў на развіццё культур многіх краін сярэдневяковай Еўропы (Паўд. Італія, Сіцылія, Далмацыя, дзяржавы Балканскага п-ва, Стараж. Русь, народы Закаўказзя, Паўн. Каўказа, Крыма). Гэта выявілася ў рэлігіі і філасофіі, грамадскай думцы і касмалогіі, пісьменнасці і адукацыі, паліт. ідэях і праве, ва ўсіх галінах мастацтва — л-ры і дойлідстве, жывапісе і музыцы.
Асвета. Захаваўшы традыцыі ант. адукаванасці, асвета ў Візантыі да 12 ст. знаходзілася на больш высокім узроўні, чым у інш. краінах Еўропы. Пач. адукацыю (навучанне чытаць і пісаць) тут атрымлівалі ў прыватных школах граматыстаў на працягу 2—3 гадоў. Да 7 ст.навуч. праграма грунтавалася пераважна на міфалогіі язычніцкіх рэлігій, пазней — на хрысц. Псалтыры. Сярэднюю адукацыю («энкікліяс педыа») атрымлівалі пад кіраўніцтвам настаўніка — граматыка або рытара па ант. дапаможніках. У праграму навучання ўваходзілі арфаграфія, грамат. нормы, вымаўленне, прынцыпы вершаскладання, красамоўства, часам — тахіяграфія (мастацтва скарочанага пісьма) і ўмельства складаць дакументы. Да вучэбных прадметаў адносілася і філасофія, пад якой разумеліся самыя розныя дысцыпліны (багаслоўе, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, логіка, этыка, палітыка, эканоміка, вучэнне аб навакольнай прыродзе). У праграмы некат. школ уключалася гісторыя. У Візантыі былі манастырскія школы. У 4—6 ст. функцыянавалі вышэйшыя школы (у Афінах, Александрыі, Бейруце, Антыёхіі, Газе, Кесарыі Палесцінскай), што засталіся з эпохі антычнасці. Створаная ў 425 вышэйшая школа ў Канстанцінопалі (аўдыторый) паступова выцесніла астатнія вышэйшыя школы. Паводле легенды, будынак канстанцінопальскай школы ў 726 спалены імператарам Львом III разам з настаўнікамі і кнігамі. З сярэдзіны 9 ст. пачынаюцца спробы аднаўлення вышэйшай школы. Магнаўрская школа (у Канстанцінопалі), якой кіраваў Леў Матэматык, рыхтавала вышэйшых свецкіх і духоўных саноўнікаў. Яе праграма абмяжоўвалася прадметамі агульнаадук. цыкла. У сярэдзіне 11 ст. ў Канстанцінопалі адкрыты юрыд. і філас. школы, што рыхтавалі чыноўнікаў. У 12 ст. вышэйшая школа аддадзена пад апякунства царквы, на яе ўскладзена задача барацьбы з ерасямі. У канцы II ст. адкрыта Патрыяршая школа, у праграму якой уваходзіла тлумачэнне Свяшчэннага пісання і рытарычная падрыхтоўка. У школе, створанай у 12 ст. пры царкве св. Апосталаў у Канстанцінопалі, апрача традыц. прадметаў, выкладалі медыцыну. Пасля 1204 вышэйшая школа ў Візантыі спыніла сваё існаванне. Дзярж. школы ўсё больш выцясняліся школамі пры манастырах, дзе пасяліліся вучоныя.
Антычныя б-кі не перажылі ранневізант. перыяд.Александрыйская бібліятэка разбурана ў 391; публічная б-ка ў Канстанцінопалі (засн. каля 356) згарэла ў 475. Пра б-кі больш позніх часоў вядома мала. Існавалі б-кі імператара, патрыярха, манастыроў, вышэйшых школ і прыватных асоб.
Тэхніка. Візантыя атрымала ў спадчыну ант. тэхніку сельскай гаспадаркі (драўляны бясколавы плуг, малацільны волак, у які запрагалі жывёлу, штучнае арашэнне) і рамёствы, што дало магчымасць ёй да 12 ст. заставацца перадавой дзяржавай Еўропы ў манументальным буд-ве, суднабудаванні (з 9 ст. стаў выкарыстоўвацца косы ветразь), ювелірным, шаўкаткацкім рамёствах і інш. Аднак імкненне да захавання ант. традыцый запавольвала тэхн. прагрэс і выклікала адставанне (з 12 ст.) большасці візант. рамёстваў ад зах.-еўрапейскіх (выраб шкла, карабельнае рамяство, тэкст.вытв-сць).
Матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Візант. матэматыка 4—6 ст. зводзілася ў асноўным да тлумачэння і распаўсюджвання твораў ант. аўтараў (Эўкліда, Архімеда, Арыстоцеля і інш.). Даследаваліся задачы квадратуры круга і падваення куба. У некат. пытаннях візант. навука пайшла далей за антычную: Іаан Філапон (6 ст.) прыйшоў да высновы пра незалежнасць скорасці падзення цел ад іх масы; Анфімій з Тралаў прапанаваў новае тлумачэнне дзеяння запальных люстраў. Хуткае развіццё прыродазнаўчых навук пачалося з сярэдзіны 9 ст. і асабліва ў 13—14 ст. Вучоны-энцыклапедыст Леў Матэматык (9 ст.) упершыню выкарыстаў літары ў якасці алгебраічных сімвалаў. Даследчык твораў Дыяфанта Максім Плануд (13 ст.) напісаў «Арыфметыку на ўзор індыйцаў», выкарыстаўшы ў ёй арабскія лічбы, а яго вучань Мануіл Масхопулас даследаваў магічныя квадраты, карыстаючыся пры гэтым элементамі камбінаторнага аналізу. У 14 ст. Іаан Педыясім напісаў «Геаметрыю» і трактат аб падваенні куба, а Ісаак Аргір — «Геадэзію» і трактат аб здабыванні квадратных каранёў. Даследаванні па астраноміі грунтаваліся на традыцыях араб. і перс. вучоных, аб чым сведчыць зводная праца Феодара Мелітыяніта «Астраномія ў трох кнігах» (1361). У 14 ст. Нікіфар Грыгара прапаноўваў рэформу календара і прадказваў зацьменні Сонца. Астр. назіранні падпарадкоўваліся патрабаванням астралогіі, якая ў Візантыі была вельмі пашырана. У касмалогіі біблейскія ўяўленні спалучаліся з дасягненнямі эліністычнай навукі (уяўленне пра шарападобнасць Зямлі, элементы геліяцэнтрычнай сістэмы свету і інш.). Хімія давала практычныя навыкі для вырабу фарбавальнікаў, каляровай палівы, шкла і інш. У ранневізант. перыяд была пашырана алхімія, магчыма, з ёй звязана адно з буйнейшых вынаходстваў канца 7 ст. — т.зв. «грэчаскі агонь» (лёгкаўзгаральная сумесь нафты, салетры і інш., якая выкарыстоўвалася ў ваен. справе). У 4 ст. ўрач Арыбасій з Пергама стварыў мед. энцыклапедыю, урач Нікшба — падручнік па хірургіі, Сімяон Сіф склаў кнігу аб уласцівасцях ежы (11 ст.), Нікалай Мірэпс — дапаможнік па фармакалогіі (13 ст.). У Канстанцінопалі існавалі бальніцы са спец. аддзяленнямі (хірург. і інш.), а таксама мед. вучылішчы пры гэтых бальніцах. Пачатак геаграфіі ў Візантыі паклалі афіц. апісанні абласцей, гарадоў, царк. дыяцэзаў. Каля 535 Іерокл склаў «Сінекдэм» — апісанне 64 правінцый і 912 гарадоў, якое лягло ў аснову больш позніх геагр. твораў. Захаваліся апісанні падарожжаў купца Касмы Індыкаплова (6 ст.) у Аравію, Усх. Афрыку, на Цэйлон, Іаана Фокі (12 ст.) — у Палесціну, Андрэя Лівадзіна (14 ст.) — у Палесціну і Егіпет, Канана Ласкарыса (канец 14 або пач. 15 ст.) — у Германію, Скандынавію і Ісландыю. Візантыйцы ўмелі складаць геагр. карты.
Філасофія. Асн. ідэйныя крыніцы візант. філасофіі — Біблія і грэч. класічная філасофія (у асноўным Платон, Арыстоцель, стоікі). У 4—7 ст. у філасофіі панавалі 3 кірункі: неаплатанізм (Ямвліх, Юліян Адступнік, Прокл), што ва ўмовах крызісу ант. свету адстойваў уяўленне аб гарманічным адзінстве Сусвету; гностыка-маніхейскі дуалізм, які зыходзіў з уяўлення пра непрымірымы раскол Сусвету на царствы Дабра і Зла; хрысціянства. Асноўным у развіцці багаслоўя 4—7 ст. было сцвярджэнне вучэння аб Тройцы і богачалавецтве Хрыста. Прызнаючы існую розніцу паміж «зямным» і «нябесным», хрысціянства дапускала магчымасць звышнатуральнага (дзякуючы дапамозе богачалавека) пераадолення гэтага расколу (Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі). У сферы касмалогіі паступова ўсталявалася біблейскае ўяўленне аб тварэнні. Антрапалогія (Немесій, Максім Спаведнік) зыходзіла з уяўлення аб чалавеку як цэнтры светабудовы і трактавала яго як мікракосм — мініяцюрны адбітак Сусвету. У этыцы цэнтр. месца займала праблема выратавання. Зазнаўшы моцны ўплыў неаплатанізму, філасофія, асабліва містыка (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт), зыходзіла з магчымасці не столькі карпаратыўнага (праз царкву), колькі індывідуальнага (праз асабістае «абожанне» — фіз. дасягненне чалавекам боскасці) выратавання. Працягваючы традыцыі александрыйскай школы (Клімент Александрыйскі, Арыген), філосафы прызнавалі важнасць ант.Культ. спадчыны.
Завяршэнне станаўлення візант. багаслоўя супадае з заняпадам гарадоў у 7 ст. Таму перад філас. думкай Візантыі паўстала задача не творчага развіцця, а захавання культ. каштоўнасцей ва ўмовах напружанай эканам. і паліт. сітуацыі. Іаан Дамаскін прынцыпам сваёй дзейнасці абвяшчаў кампілятыўнасць. Разам з тым ён імкнуўся да стварэння сістэм выкладання хрысц. веравучэння з уключэннем у праграму абвяржэння ерасей. Яго «Крыніца ведаў» — першая філас.-багаслоўская «сума», якая зрабіла вял. ўплыў на зах. схаластыку. Асн. ідэйныя дыскусіі 8—9 ст. спрэчкі іканаборцаў і іконапаклоннікаў былі працягам багаслоўскіх дыскусій 4—7 ст. Праціўнікі іканаборства (Іаан Дамаскін, Феодар Студыт) разглядалі абразы як матэрыяльныя вобразы нябеснага свету, як пасрэдніцкае звяно, што звязвае «верх» і «ніз». На 2-ю пал. 9—10 ст. прыпадае дзейнасць эрудытаў, якія імкнуліся адрадзіць антычнасць. З 11 ст.філас. барацьба набывае новыя рысы ў сувязі з зараджэннем візант. рацыяналізму. Паслядоўныя містыкі (Сімяон Багаслоў) супрацьпастаўлялі халоднай сістэме эмацыянальнае «зліццё» з бажаством; рацыяналісты знаходзілі ў багаслоўскай сістэме процілегласці. Міхаіл Псел паклаў пачатак новых адносін да ант. спадчыны як да цэласнай з’явы. Яго паслядоўнікі (Іаан Італ, Яўстрацій Нікейскі, Соцірых), апіраючыся на фармальную логіку, ставілі пад сумненне шэраг багаслоўскіх дактрын. Распад Візантыі пасля 1204 на шэраг дзяржаў выклікаў абвостранае адчуванне трагічнасці ўласнага становішча. 14 ст. — час новага ўздыму містыкі (ісіхазм — Грыгорый Сінаіт, Грыгорый Палама). Страціўшы надзею на захаванне сваёй дзяржавы, не верачы ў рэформы, ісіхасты абмяжоўвалі этыку рэліг. самаўдасканаленнем, распрацоўвалі фармальныя «псіхафізічныя» метады малітвы, якія адкрывалі шлях да «абожання». Адносіны да ант. традыцыі становяцца дваістымі: з аднаго боку, у аднаўленні стараж. інстытутаў бачылі апошнюю магчымасць ажыццяўлення рэформаў (Пліфан), з другога — веліч антычнасці спараджала пачуццё адчаю, уласнай творчай бездапаможнасці (Георгій Схаларый).
Гістарычная навука. У візант.гіст. навуцы 4 — сярэдзіне 7 ст. яшчэ захоўваліся ант. традыцыі, панаваў язычніцкі светапогляд. Вострая сац.-паліт. і ідэалаг. барацьба ў Візантыі ў гэты перыяд знайшла адлюстраванне ў творах гісторыкаў як свецкага (Аміян Марцэлін, Яўнапій, Алімпіядор, Засім, Прыск Панійскі, Пракопій Кесарыйскі, Агафій Мірынейскі, Менандр Праціктор, Феафілакт Сімаката), так і царк. кірункаў. Стварэнне хрысц.гіст.-філас. канцэпцыі звязана з дзейнасцю Яўсевія Кесарыйскага і яго паслядоўнікаў (Сакрат, Сазамен, Феадарыт Юрскі, Явагрый), паводле якіх гісторыя не вынік сукупных чалавечых намаганняў, а тэлеалагічны працэс. У хроніцы 6 ст. Іаана Малалы зарадзілася імкненне да глабальнага ахопу гісторыі чалавецтва, што знайшло свой працяг у сусв. хроніках 8—9 ст. Вядомасцю карысталіся «Хранаграфія» Феафана Спаведніка, «Брэвіярый» («Кароткая гісторыя») патрыярха Нікіфара і хроніка Георгія Амартола. У творах гісторыкаў 11—12 ст. (Міхаіл Псел, Нікіфар Врыеній, Ганна Камніна, Іаан Кінам, Нікіта Ханіят) выразна выявілася аўтарская пазіцыя, апавяданне набліжана да сучаснасці, храналагічны прынцып выкладання адыходзіў на задні план, характарыстыкі дзеючых асоб набывалі індывід. афарбоўку. Паслялац. заваявання Візантыі гістарыяграфія працягвала развівацца ў Нікейскай імперыі («Хроніка» Георгія Акрапаліта). У гістарыяграфіі позняй Візантыі выразна выяўляліся гуманіст. рысы: цікавасць да чалавечай асобы, да прыроды, сусвету. Побач з біблейскай канцэпцыяй гіст. працэсу развіваліся новыя гіст.-філас. тэорыі, у прыватнасці тэорыя заканамернай змены сусв. манархій. Апошняе стагоддзе існавання імперыі і яе гібель апісаны ў творах гісторыкаў Георгія Сфрандзі, Духі, Лаоніка Халкакандзіла, Міхаіла Крытавула.
Юрыдычная навука. Характэрныя для культуры Візантыі традыцыяналізм і імкненне да сістэматызацыі найб. выразна выявіліся ў юрыд. навуцы. Пачатак гэтаму пакладзены сістэматызацыяй рым. права, складаннем збораў цывільнага права; найб. значны з іх Corpus juris civilis (6 ст.), на якім пазней і грунтавалася візант. права. Задача правазнаўцаў абмяжоўвалася ў асноўным тлумачэннем і пераказам збораў. У 6—7 ст. гэты зборнік права часткова перакладзены з лац. на грэч. мову. Падобныя пераклады ляжаць у аснове кампілятыўнага зборніка Васілікі (9 ст.), які часта перапісваўся з каментарыямі. Складаліся і розныя даведачныя дапаможнікі, у т. л. «сінопсісы», дзе артыкулы па асобных пытаннях права размяшчаліся ў алфавітным парадку. Юрыд. навука Візантыі вывучала таксама кананічнае права, якое грунтавалася на пастановах (правілах) царк. сабораў. Уздым юрыд. навукі пачаўся ў 11 ст., калі ў Канстанцінопалі была засн. вышэйшая юрыд. школа. Спроба абагульніць практыку канстанцінопальскага суда зроблена ў 11 ст. ў зборніку суд. рашэнняў, т.зв. «Піры» («Вопыт»), У 12 ст. правазнаўцы Візантыі (Іаан Занара, Арысцін, Феодар Валсамон), імкнучыся ўзгадніць нормы кананічнага і рым. права, выпусцілі шэраг тлумачэнняў да правіл царк. сабораў. У Візантыі існаваў натарыят. У 13—14 ст. асобныя правінцыяльныя канцылярыі выпрацоўвалі лакальныя тыпы фармуляраў для складання дакументаў.
Літаратура. У ранневізант. перыяд захоўваліся традыцыі стараж.-грэч. л-ры, якая ўсё больш трапляла пад уплыў хрысціянства. Ант. традыцыі выразна прасочваюцца ў свецкай паэзіі і прозе (Нон Панапалітанскі, Агафій Мірынейскі, Павел Сіленцыярый, Георгій Пісіда). У патрыстычнай л-ры (Васілій Кесарыйскі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст) ідэі ранняга хрысціянства спалучаліся з неаплатанічнай філасофіяй, ант. рытарычныя формы — з новым ідэйным зместам. Хрысц. ідэалогія ўсталёўвалася ў гімнаграфіі (Яфрэм Сірын, Раман Салодкапевец), агіяграфіі (Афанасій Александрыйскі, Паладый Яленапольскі), хранаграфіі (Іаан Малала). У 7—9 ст.ант. традыцыі амаль знікаюць, развіваецца пераважна рэліг.л-ра. Асн. жанры прозы — хроніка (Феафан Спаведнік) і жыціе; у перыяд іканаборства асаблівы ўздым перажывае агіяграфічная л-ра (Нікіта з Амніі). У паэзіі выступаюць Андрэй Крыцкі, Іаан Дамаскін, Феодар Студыт. Свецкую тэматыку распрацоўваюць Іаан Граматык, Ігнацій Антыяхійскі, паэтэса Касія. Да 9 ст. адносяць афармленне рэліг. рамана «Варлаам і Іаасаф». З сярэдзіны 9 ст. ствараюцца літаратуразнаўчыя зборы («Мірыябібліён» Фоція — першая спроба крытыка-бібліягр. л-ры), слоўнікі (Суда). Сімяон Метафраст склаў збор візант. жыцій. У 9—12 ст. у л-ры Візантыі з’яўляюцца перадрэнесансавыя тэндэнцыі: цікавасць да складанага чалавечага характару, суб’ектыўнае светаўспрыманне, станоўчыя адносіны да антычнасці; развіваюцца свецкая паэзія (Хрыстафор Мітыленскі, Феодар Продрам), гераічны эпас («Дыгеніс Акрыт») і эратычны раман (Нікіта Яўгеніян, Яўстафій Макрэмваліт). Вядучыя пісьменнікі 11—12 ст. — Феафілакт Балгарскі, Яўстафій Салунскі, Міхаіл Ханіят, Нікіта Ханіят, Нікалай Месарыт. Вял. значэнне набыла выкрывальная л-ра (ананімныя «Філапатрыс» і «Тымарыён»). Узнікаюць новыя формы арганізацыі літ. творчасці — літ. гурткі, якія аб’ядноўваюцца вакол уплывовага мецэната. Познавізант. л-ру вызначае кампілятыўнасць, у ёй пануе багаслоўская палеміка. Распад імперыі абумовіў з’яўленне ў л-ры трагічных матываў (пісьменнікі-гуманісты Пліфан, Мануіл Хрысалор, Вісарыён Нікейскі, Феодар Метахіт). Сярод фалькл. помнікаў «Радоскія любоўныя песні» і сатыр. творы «Апавяданне для дзяцей пра чатырохногіх», «Птушкалоў». Падзенне візант. сталіцы апісана ў паэт. «Манодыі на ўзяцце Канстанцінопаля» Іаана Яўгеніка.
Архітэктура. На архітэктуру Візантыі ранняга перыяду значна ўплывала культура Б. Усходу — М.Азіі, Сірыі, Палесціны. У часы Канстанціна пачалося масавае буд-вахрысц. храмаў. У 4—5 ст. склаліся 2 іх тыпы: базіліка і цэнтрычны купальны. У 5 ст. пабудаваны новыя крапасныя сцены, шматпавярховыя дамы ў Канстанцінопалі. У 6 ст. ў час росквіту візант. мастацтва пры Юстыніяне з’явіліся Вял. палац у Канстанцінопалі (каля 528), іпадром, аркі, тэрмы, акведукі. У купальнай базіліцы найб. паслядоўна адлюстраваліся характэрныя для 6 ст. тэндэнцыі да грандыёзнасці і велічнай святочнасці (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Блізкія па асэнсаванні маст. вобраза і арганізацыі прасторы рысы ўвасобіліся ў архітэктуры царквы св. Ірыны ў Канстанцінопалі (530-я г.) — базілікі, перакрытай двума купаламі, размешчанымі па восі сярэдняга нефа. Развівалася буд-ва крыжова-купальных храмаў (царква св. Апосталаў у Канстанцінопалі). Важным цэнтрам тагачаснай архітэктуры была Равена — сталіца остгоцкай дзяржавы Тэадорыха; тут узведзены палац Тэадорыха, базіліка Сант-Апалінарэ Нуова, арыянскія цэрквы і баптыстэрыі, царква Сан-Вітале з багатым інтэр’ерам і сціплым вонкавым выглядам (547). Архітэктура 7 ст. вызначалася больш сціплымі памерамі і кампазіцыяй (царква Успення ў Нікеі). У перыяд найвышэйшага росквіту візант. мастацтва (9—12 ст.) канчаткова склаўся тып крыжова-купальнага храма: Неа («Новая») 5-купальная царква, пабудаваная Васіліем I у Канстанцінопалі (881); царква Мірэлеён (10 ст.) і інш. Пазней развіваліся варыянты гэтага тыпу. У класічным варыянце крыжова-купальнага храма купал узводзіўся пры дапамозе ветразяў на стаячых апорах: цэрквы манастыра Ліпса, Мірэлеён (10 ст.), манастыр Пантакратара (у 12 ст.) у Канстанцінопалі, царква Божай Маці ў Салоніках (1028) і інш. На тэр. Грэцыі быў пашыраны тып храма з купалам на тромпах (храм Каталікон у манастыры Хосіяс Лукас у Факідзе, 11 ст., і інш.). Царк. архітэктура 14—15 ст. у асноўным паўтарала старыя тыпы (цэрквы Фетые і Мала-Гюрані ў Канстанцінопалі, 14 ст.; царква Апосталаў у Салоніках, 1312—15). У Містры пабудаваны цэрквы з рысамі базілікі і крыжова-купальнага храма. У архітэктуры сярэднявечча выкарыстоўваліся некат. матывы італьян. дойлідства і свецкія рэнесансавыя тэндэнцыі (царква Панагіі Парыгарытысы ў Арце, каля 1295; палац Тэкфур-серай у Канстанцінопалі, 14 ст.; палац уладароў Містры, 13—15 ст., і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Фарміравалася на аснове раннехрысц. і перадвізант. мастацтва 3—5 ст. Абсалютная перавага жывапісу над аб’ёмнай скульптурай стала характэрнай рысай мастацтва Візантыі. Арх.-пейзажны фон змяняецца абстрактна-ўрачыстым залатым; выявы становяцца плоскаснымі, прапорцыі і колеравы лад набываюць умоўны, сімвалічны характар. У шэрагу твораў заўважаліся жыццёвыя назіранні, рысы якіх увасобіліся ў мазаіках 4—6 ст.: цэрквы св. Георгія ў Салоніках (канец 4 ст.), Сан-Вітале ў Равене (каля 547), Панагіі Канакарыі на Кіпры (6 ст.). У перыяд іканаборства цэрквы ўпрыгожвалі хрысц. сімваламі і дэкар. размалёўкамі. У перыяд «македонскага рэнесансу» (9—10 ст.) завяршаецца фарміраванне іерархічнай сістэмы маст. афармлення храма: фрэскі, мазаікі, іканастас уключаліся ў цэласную кампазіцыю крыжова-купальнай пабудовы і адлюстроўвалі хрысц. мадэль сусвету (мазаікі ў саборы св. Сафіі ў Канстанцінопалі, 9—11 ст., царкве Успення ў Нікеі, 9 ст., абраз св. Панцеляймона, 10 ст.). У кніжнай мініяцюры назіраецца наследаванне ант. узорам («Парыжская псалтыр», 10 ст.). «Камнінаўскі» перыяд адметны развіццём правінцыяльных школ, яркім каларытам, віртуознасцю манеры, разнастайнасцю вобразаў: мазаікі ў манастырах Хосіяс Лукас у Факідзе, Неа Моні на в-ве Хіяс, Дафні каля Афін, саборы ў Тарчэла, фрэскі ў царкве Панагіі Кувелітысы ў Касторыі, у пячорных цэрквах Кападокіі (усе 11 — 12 ст.). Пра скульптуру 9—15 ст. даюць уяўленне рэльефныя абразы і дэкар. разьба. Развіваецца дэкар.-прыкладное мастацтва: шматколерная перагародчатая эмаль, ткацтва, вырабы з металу і слановай косці. Позні перыяд мастацтва Візантыі характарызуецца стылістычнай шматаблічнасцю правінцыйных школ, узмацненнем свецкага пачатку, адлюстраваннем гіст. і тагачасных падзей. Перыяд найвышэйшага яго ўздыму, т.зв. «палеалогаўскі рэнесанс», адметны захапленнем ант. традыцыямі, эмацыянальным багаццем вобразаў, увядзеннем элементаў пейзажу і архітэктуры ў жывапісныя кампазіцыі: мазаікі ў цэрквах манастыра Хора ў Канстанцінопалі, Апосталаў у Салоніках (пач. 14 ст.), фрэскі ў цэрквах Перыўлепта і Пантанаса ў Містры (2-я пал. 14 — 1-я пал. 15 ст.).
Музыка. Вытокі візант. музыкі ў перс., копцкай, яўр., арм. песеннасці, познагрэч. і рым. меласе. Яна аб’ядноўвала элементы сірыйскага, слав. і араб.муз. мастацтва. У літ. крыніцах ёсць звесткі пра вандроўных спевакоў-музыкантаў (гістрыёнаў, мімаў). Пры імператарскім двары гучала свецкая музыка — акламацыі (прывітальныя воклічы і вершаваныя ўслаўленні), харавыя поліхраніі (мнагалецці) і эўфеміі (святочныя акламацыі, часткі прыдворнай літургічнай службы); музыка інстр. ансамбляў (трубачоў, цымбалістаў), ігра на гідраўласе, пнеўматычным аргане. У натаваных помніках захавалася выключна культавая музыка, чыста вакальная і аднагалосая. Найб.стараж. віды культавых спеваў — літургічны рэчытатыў і псалмодыя. З 4 ст. пашырыліся трапары, якія паступова (6—7 ст.) выцеснілі псалмодыю. У 5—6 ст. пачаўся росквіт гімнатворчасці (Раман Салодкапевец). У 7—8 ст. узоры канона стваралі гімнографы Андрэй Крыцкі, Касма Маюмскі. Іаан Дамаскін, пазней Іосіф Гімнограф і інш. адыгралі вял. ролю ў фарміраванні актоіха, у якім гімны змяшаліся ў адпаведнасці з сістэмай асмагласся. З 9 ст. важнейшы цэнтр гімнатворчасці — Студыцкі манастыр у Канстанцінопалі, дзе служыў распеўшчык Феодар Студыт. З 10 ст. стаў пашыраным жанр стыхіры. Новы ўздым гімнічнага мастацтва ў 14—15 ст. звязаны з дзейнасцю Іаана Кукузеля ў Афонскім манастыры. Помнікі візант. музыкі захаваліся ў розных відах натацыі. У 8 ст. пачало складвацца неўменнае пісьмо (гл. ў арт.Нотнае пісьмо). Для пазначэння рытму, дынамікі і характару выканання існавалі хейранамічныя знакі (умоўная жэстыкуляцыя для кіравання хорам). Праблема расшыфроўкі ранневізант. натацыі поўнасцю не вырашана. Асн. прынцыпы сярэдне- і познавізант. натацыі ў 1920—30-я г. раскрылі Г.Тыльярд і Э.Велес. Візант. тэорыя музыкі была схаластычная, адарваная ад жывой практыкі, аўтары трактатаў абмяжоўваліся інтэрпрэтацыямі познаант. спадчыны.
Літ.:
Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988;
Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978;
Прокопий Кесарийский. Война с персами;
Война с вандалами;
Тайная история: Пер. с греч. М., 1993;
Комнина А. Алексиада: Пер. с греч М., 1965;
Советы и рассказы Кекавмена: Сочинение визант. полководца XI в.: Пер. с греч. М., 1972;
Робер де Клари. Завоевание Константинополя: Пер. с фр.М., 1986;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968;
Памятники византийской литературы IX—XIV вв. М., 1969;
Византийский временник. Т. 1—55. СПб.;
М., 1894—1994;
История Византии. Т. 1—З. М., 1967;
Курбатов Г.Л., Фролов Э. Д., Фроянов И.Я. Христианство: Античность. Византия. Древняя Русь. Л., 1988;
Культура Византии, IV — первая половина VII в. М., 1984;
Культура Византии, вторая половина VII—XII в. М., 1989;
Культура Византии, XIII — первая половина XV в. М., 1991;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;
Липшиц Е.Э. Право и суд в Византии в IV—VIII вв. Л., 1976;
Яе ж. Законодательство и юриспруденция в Византии в IX—XI вв.: Ист.-юридич. этюды. Л., 1981;
Византийская литература. М., 1974;
Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;
Лихачева В.Д. Искусство Византии IV—XV вв. 2 изд. Л., 1986;
Лазарев В.Н. История византийской живописи. [Кн. 1—2. 2 изд.]. М., 1986;
Банк А.В. Прикладное искусство Византии IX—XII вв.: Очерки. М., 1978;
Герцман Е.В. Византийское музыкознание. Л., 1988;
Bury J.B. A history of the later roman empire. London, 1989;
Runciman S. The Byzantine theocracy. London, 1980;
Dvornik F. Early Christian and Byzantine political philosophy. Vol. 1-2. Washington, 1967;
Да арт.Візантыя. Царква манастыра Хосіяс Лукас у Факідзе. 11 ст.Да арт.Візантыя. Царква Сан-Вітале ў Равене. Інтэр’ер. 526—547.Да арт.Візантыя. Інтэр’ер базілікі Сант-Апалінарэ Нуова ў Равене. 533— 549.
Да арт.Візантыя. Імператрыца Феадора з прыбліжанымі. Мазаіка царквы Сан-Вітале ў Равене. Фрагмент. Каля 547.Да арт.Візантыя. Давід, які іграе на ліры. Мініяцюра т.зв. «Парыжскай псалтыры». 1-я пал. 10 ст.Да арт.Візантыя. Царква Апосталаў у Салоніках. 1312—15.Да арт.Візантыя. Хрыстос. Мазаіка сабора св. Сафіі ў Канстанцінопалі. 13 ст.Да арт.Візантыя. Маці Божая Адзігітрыя. Мазаіка царквы манастыра Хора ў Канстанцінопалі. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕ́НІЯ, Рэспубліка Арменія. Размешчана ў паўд. частцы Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Грузіяй, на У і ПдЗ з Азербайджанам, на Пд з Іранам, на З з Турцыяй. Пл. 29,3 тыс.км². Нас. 3677 тыс.чал. (1992). Дзярж. мова — армянская. Сталіца — г.Ерэван. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 мая).
Дзяржаўны лад. Арменія — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Вярх. Савет, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Арменія займае паўн.-ўсх.ч. Армянскага нагор’я, акаймаванага паўн. і ўсх. хрыбтамі М.Каўказа. На Пн па мяжы з Грузіяй цягнецца Самхецкі хр. (2548 м, г. Лалвар), на Пд ад яго — Ларыйскае плато (выш. да 1400 м), уздоўж паўд. мяжы якога праходзіць Базумскі хр. Паміж Базумскім і паралельным яму Памбакскім хр. ляжыць Памбакская катлавіна, на ПнЗ — Джавахецкі хрыбет. На З узвышаецца вулканічны масіў Арагац (выш. да 4090 м). Хрыбты Гегамскі на З, Вардэнскі на Пд і Шахдагскі на ПнУ і У акружаюць тэктанічную ўпадзіну, у якой знаходзіцца высакагорнае воз. Севан. На ПдУ Арменіі самы высокі ў Закаўказзі Зангезурскі хр. (выш. 3904 м, г. Капутджух), на ПнУ ад яго вулканічнае Карабахскае нагор’е (выш. 2000—3000 м). У паўд.-зах. частцы Арменіі акумулятыўная Арарацкая раўніна (выш. 800—1000 м). Каля ⅓ плошчы Арменіі ўкрыта андэзітабазальтамі, туфамі, пемзамі, перлітамі і інш. прадуктамі вывяржэння вулканаў. Для асобных раёнаў Арменіі характэрна сейсмічнасць. Працягваюцца гораўтваральныя працэсы, адбываюцца землетрасенні (апошняе катастрафічнае ў снеж. 1988). Карысныя выканні: радовішчы медна-малібдэнавых, медна-калчаданавых, залатых, жал. і поліметалічных рудаў, нефелінавых сіенітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў (туфы розных адценняў і якасцяў, базальты, граніты, мармур, пемза, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Выяўлены прамысл. паклады паўкаштоўных і вырабных камянёў (агат, біруза, яшма, абсідыян). Шмат мінер. крыніц. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі; асаблівасці абумоўлены горным рэльефам, блізкасцю Чорнага і Каспійскага мораў, уплывам засушлівага Іранскага і Малаазіяцкага нагор’яў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 25 °C, ападкаў каля 400 мм за год. На горных плато і схілах гор (да 1400 м) сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. ад 18 °C да 20 °C, ападкаў каля 500 мм за год. У сярэднягор’і клімат умераны, сярэдняя т-растудз. ад -2 °C да -8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 600—800 мм за год. У высакагор’ях сярэдняя т-растудз. ад -9 °C да -14 °C, ліп. ад 10 °C да 15 °C, магутнае снежнае покрыва. Рэкі Арменіі бурныя, парожыстыя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, буйнейшая пагранічная р. Аракс. Па тэр. Арменіі цякуць прытокі рэк Аракс (Раздан, Арла, Варатан і інш.) і Куры (Дэбед з Памбакам і Дзарагетам). Каля 100 горных азёраў, самае вялікае — Севан, для папаўнення якога прабіты горны 48-кіламетровы тунэль р. Арпа — Севан. Глебы Арарацкай раўніны і прылеглых перадгор’яў (да 1200 м) шэразёмныя і светла-бурыя, у паніжэннях саланчакі і сланцы. У паўд. раёнах да выш. 1800 і ў паўн. да 800 м — каштанавыя глебы, вышэй — горныя лугавыя, лясныя, лугава-тарфяныя; на вулканічных плато — горныя чарназёмы. У перадгор’ях калючыя хмызнякі, падушкападобныя астрагалы і аканталімоны, ксерафільныя зараснікі. На паўн.-ўсх. (да выш. 2000 м) і паўд.-ўсх. (да выш. 2400 м) схілах лісцевыя лясы (усх. бук, дуб, граб). У стэпавым поясе (да 2100—2200 м) пераважае кавыльная і ціпчаковая расліннасць, вышэй — ксерафітнае рэдкалессе, субальпійскія і альпійскі лугі. На вяршынях (Арагац, Капутджух) фірнавыя палі і ледавікі. Жывёльны свет у перадгор’ях: паўзуны (гюрза, каўказская гадзюка), грызуны, скарпіёны, у трысняговых зарасніках — дзік, чаротавы кот, шакал; у гарах — безааравы казёл, сірыйскі мядзведзь, рысь, вавёрка і інш. Акліматызаваны янотападобны сабака, нутрыя, плямісты усурыйскі алень. Запаведнікі: Дыліжанскі, Карагельскі-Сіўліцкі (на мяжы з Азербайджанам), Хасроўскі, Эрэнійскі, Шыкахохскі. Нац. парк Севан.
Насельніцтва. Асноўнае насельніцтва — армяне (93,3%; 1992); жывуць таксама рускія, курды, украінцы, беларусы, грузіны, грэкі, асірыйцы і інш. У сувязі з арм.-азерб. канфліктам большасць азербайджанцаў выехала, а ў Арменію перасялілася значная колькасць армян з Азербайджана. Большасць вернікаў належыць да Армянскай апостальскай царквы. Сярэдняя шчыльнасць 115 чал. на 1 км². Натуральны прырост — 15 чал. на 1000 жыхароў. Гар. насельніцтва складае 68% (1989). 50% сельскага насельніцтва жыве ў горным поясе 1500—2000 м. Найб. гарады (1995): Ерэван (1248 тыс.ж.), Гюмры (211 тыс.ж.), Ванадзор (173 тыс.ж.), Эчміядзін (65 тыс.ж.), Раздан (64 тыс.ж.), Абавян (62 тыс.ж.).
Гаспадарка. Прамысловасць. Асноўныя галіны: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, хім., нафтахім., лёгкая, харчасмакавая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Энергетычная база — ГЭС Севана-Разданскага каскада, ГРЭС у Раздане, ТЭЦ у Ерэване, АЭС у Мецаморы і інш. У машынабудаванні развіты эл.-тэхн., электронная, радыётэхн. прам-сць, прылада- і станкабудаванне, вытв-сцьбыт. тэхнікі (Ерэван, Гюмры, Ванадзор і інш.). Каляровая металургія ўключае вытв-сць медзі, алюмінію, канцэнтратаў малібдэну, свінцу, цынку. Выпуск пракату. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць сінт. каўчук, аўтамаб. шыны, сінтэтычныя смолы, пластмасы, серную кіслату, хім. валокны і інш. (Ерэван, Ванадзор, Алаверды). З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і гарбарна-абутковая. Важнейшыя галіны харчасмакавай прам-сці — плодакансервавая, эфіраалейная, віна-каньячная, тытунёвая, разліў мінер. водаў. У прам-сці буд. матэрыялаў гал. роля належыць вытв-сці сценавых блокаў з натуральнага каменю, у т. л. на базе распрацоўкі радовішчаў каляровых туфаў, перлітаў, вапнякоў, граніту і мармуру, вытв-сць цэменту, шыферу, зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў.
Сельская гаспадарка. Плошча с.-г. угоддзяў складае 1,3 млн.га, з іх ворыва 0,5 млн.га, пашы 1,6 млн.га. Земляробства сканцэнтравана пераважна на Арарацкай раўніне, Шыракскім плато і ў раёне воз. Севан. 305 тыс.гас.-г. угоддзяў арашаецца. Гал. галіны раслінаводства — вінаградарства і пладаводства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень), тэхн. тытунь, цукр. буракі і гароднінна-бахчавыя культуры. Жывёлагадоўля малочна-мяснога і мяса-воўнавага кірунку (буйн. раг. жывёла, коза- і авечкагадоўля). Птушкагадоўля. Асноўныя віды транспарту — чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 870 км) і аўтамабільны (даўж. 7,6 тыс.км, у т. л. 7,3 з цвёрдым пакрыццём). Ёсць газаправодны транспарт, развіты авіяцыйны. Увозіць Арменія энерганосьбіты (прыродны газ), машыны, прадукты харчавання. Экспартуе трансп. абсталяванне, каляровыя металы, быт. тэхніку, вырабы харчасмакавай прам-сці. Каля 80% знешнегандлёвага абароту прыпадае на Расію і Беларусь. Грашовая адзінка — драм.
Гісторыя. Тэр. Арменіі належыць да найб.стараж. цэнтраў сусв. цывілізацыі. Археал. знаходкі сведчаць пра засяленне Армянскага нагор’я першабытным чалавекам у 1-й пал. чацвярцічнага перыяду (Сатані-Дар). У неаліце тут пачалося земляробства. Культура бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) прадстаўлена паселішчамі Шэнгавіт, Шрэшблур, Элар, Лчашэн, Тагавараніст. У канцы 2 — пач. 1-га тыс. да н.э. на Армянскім нагор’і ўзнікаюць племянныя саюзы, пачынаецца працэс утварэння дзяржавы. На аснове буйных саюзаў уруатры, наіры, дайані ў 9 ст. да н.э. склалася рабаўладальніцкая дзяржава Урарту. Найб. значныя помнікі гэтага перыяду на тэр. Арменіі: Ван (Тушпа), Эрэбуні, Тайшэбаіні, Армавір. Аслабленая ўнутр. супярэчнасцямі і націскам скіфаў у 6 ст. да н.э. Урарту распалася, яе тэр. ўключана ў стараж. персідскую Ахеменідаў дзяржаву. Арм. народнасць у асн. склалася ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. ў выніку змяшання абарыгенных плямёнаў Армянскага нагор’я (хаі, армены), якія атрымалі ў спадчыну высокую культуру Ураргу. Пасля разгрому дзяржавы Ахеменідаў Аляксандр Македонскі ўключыў арм. землі ў сваю імперыю. У канцы 4 ст. да н.э. ад яе аддзяліліся самастойныя арм. царствы ў Арменіі Малой і Айрарацкай даліне. У канцы 3 ст. да н.э.Паўн.-Зах. Арменія (Сафена) і Паўд. Арменія трапілі пад панаванне Селеўкідаў. Каля 220 да н.э. Айрарацкае царства і Паўд. Арменія аб’ядналіся ў незалежную дзяржаву — Арменію Вялікую. У 189 да н.э. правіцелі Вял. Арменіі і Сафеты абвясцілі незалежнасць. З гэтага часу тут усталявалася дынастыя Арташэсідаў [189 да н.э. — 1 ст.н.э.], найб. вядомым прадстаўніком якой быў Тыгран II. У гады яго праўлення завяршылася аб’яднанне асн.арм. зямель. Арменія стала вял. дзяржавай эліністычнага свету. У яе гарадах Армавір, Арташат, Тыгранакерт, Аршамашат, Ервандашат, Вагаршапат былі развіты рамёствы і гандаль. З 1 ст. да н.э. Арменія стала арэнай барацьбы паміж Рымам і Парфянскім царствам і прыйшла ў заняпад. У 387 Вял. Арменія падзелена паміж Іранам і Візантыйскай імперыяй; б.ч. яе апынулася ў васальнай залежнасці ад Сасанідскага Ірана, але захавала самакіраванне на чале з намеснікам (марзпанам). У 301 Арменія прыняла хрысціянства. Пачалі складвацца феад. адносіны. Арм. народ вёў упартую барацьбу супраць іранскага панавання за аднаўленне незалежнасці. Буйныя паўстанні адбыліся ў 450—451 (пад кіраўніцтвам Вардана Маміканяна, закончылася Аварайрскай бітвай 451), 481—484, 571—572 і інш. У 2-й пал. 7 ст. Арменія заваявана Арабскім халіфатам. Сац. рух у 9—11 ст. праходзіў пад рэліг. сцягам (гл.Паўлікіяне, Пандракійцы). У ходзе працяглай барацьбы арм. народа з арабамі (паўстанні 703, 748—750, 774—775, 850—855) у канцы 9 ст. Утварылася арм. царства Багратыдаў, у якое ўвайшлі Анійскае царства і залежныя ад яго Ванандскае, Васпураканскае, Сюнікскае і Ташыр-Дзарагецкае царствы. Пачаўся ўздым эканомікі і культуры; цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады Ані, Карс, Дзвін, Хлат, Маназкерт і інш. У 11 ст. Арменія заваявана Візантыяй, потым сельджукамі, а ў 13 ст. татара-манголамі. У выніку ліквідацыі дзяржаўнасці гарады Арменіі прыйшлі ў заняпад, многія разбураны, значная частка насельніцтва знішчана. Вял. спусташэнні прынеслі Арменіі паходы Тахтамыша і Цімура. Узмацнілася эміграцыя армян у інш. краіны. На ПдУ М. Азіі ўтварылася арм. Кілікійскае царства (1080—1375). На пач. 15 ст. Арменія захоплена вандроўнымі туркм. плямёнамі. У 16—18 ст. яна стала арэнай барацьбы паміж Турцыяй і Іранам, гаспадарка краіны руйнавалася, яе жыхары знішчаліся і высяляліся. У 1639 краіна падзелена; Усх. Арменія адышла Ірану, Зах. — Турцыі. Сац. і нац.-рэліг. прыгнёт выклікаў паўстанні армян (найбуйнейшае ў 1722—28 у Карабаху і Сюніку). З цягам часу ў паліт. плынях стала выспяваць арыентацыя на Расію. У выніку рус.-іран. вайны 1826—28 паводле Туркманчайскага дагавора 1828Усх. Арменія далучана да Рас. імперыі. Больш за 40 тыс. армян перасяліліся з Ірана ў Закаўказзе. Паслярус.-тур. вайны 1828—29 з падпарадкаваных Турцыі арм. зямель ва Усх. Арменію перасялілася 90 тыс. армян. Зах. армяне, што заставаліся пад уладай Турцыі, неаднаразова паўставалі (Зейтунскае паўстанне 1862, вызв. рух 1870—80-х г.). Тур. ўлады арганізоўвалі (1895, 1896, 1908) масавую разню арм. мірнага насельніцтва. У 1-ю сусв. вайну тур. ўрад правёў генацыд арм. насельніцтва — знішчыў каля 1,5 млн. армян і каля 2 млн. выселіў у пустыні Месапатаміі, дзе большасць іх загінула. У памяць аб гэтай трагедыі 24 крас. лічыцца днём нац. жалобы. Выселеныя з Турцыі армяне аселі пераважна ў краінах Б. Усходу, Еўропы і Амерыкі. У ходзе барацьбы супраць рус. царызму і султанскага дэспатызму ў Арменіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя «Дашнакцуцюн» (гл.«Дашнакі»). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі ў Арменіі пракацілася хваля забастовак. ПасляЛют. рэвалюцыі 1917 Часовы ўрад стварыў у Закаўказзі Асобы Закаўказскі камітэт. У вострай паліт. барацьбе з бальшавікамі ў ліст. 1917 да ўлады прыйшлі дашнакі. 28.5.1918 урад дашнакаў аб’явіў незалежнасць Арменіі. У вер. 1918 Турцыя акупіравала значную ч.тэр. Арменіі. Паводле Батумскага дагавора 1918 паміж Турцыяй і Грузіяй тэр., падуладная ўраду дашнакаў, абмяжоўвалася толькі Эрыванскім і Эчміядзінскім паветамі. Пасля паражэння герм. блоку ў 1-й сусв. вайне (ліст. 1918) у Закаўказзе ўступілі англа-амер. войскі. У вер. 1920 паміж Турцыяй і Арменіяй пачалася вайна, якая прынесла новыя пакуты арм. народу (у акупіраваных туркамі раёнах загінула каля 198 тыс.чал.). У ліст. 1920 у Арменіі адбылося ўзбр. паўстанне, падтрыманае Чырв. Арміяй. 29.11.1920 у Каравансараі ўтвораны Рэўком сав. Арменіі, які абвясціў Арменію сав.сацыяліст. рэспублікай. 2.12.1920 урад дашнакаў капітуляваў. 30.12.1922 Арменія разам з Азербайджанам і Грузіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 — як саюзная рэспубліка (Армянская ССР). У 1922 прынята першая Канстытуцыя Арм. ССР. Цяжар нявырашаных нац. праблем прывёў да абвастрэння адносін з суседзямі — у 1988 з-за тэр. прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Арменіяй і Азейрбайджанам узнік канфлікт, які пазней набыў узбр. характар. Сац.-эканам. становішча абвастрылася пасля землетрасення ў снеж. 1988. На дапамогу арм. народу прыйшлі многія краіны, у т. л. Беларусь. На рэферэндуме ў вер. 1991 за незалежнасць Арменіі выказалася 99% яе насельніцтва. 25.9.1991 Вярх. Савет Арменіі прыняў «Дэкларацыю аб незалежнасці Арменіі». У кастр. 1991 прэзідэнтам краіны выбраны Л.Тэр-Петрасян. З 1991 Арменія — член СНД. У процівагу рашэнню Вярх. Савета Азербайджана аб скасаванні статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобласці Арменія прызнала акт абвяшчэння незалежнасці Нагорнага Карабаха. Паміж краінамі пачалася неаб’яўленая вайна. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.
Арменія — член буйных міжнар. арг-цый: ААН, АБСЕ і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1993.
Палітычныя партыі. Арм. агульнанац. рух, Ліберальна-дэмакр. партыя, Рэсп. партыя, Хрысціянска-дэмакр. партыя, «Дашнакцуцюн», Партыя нац. адраджэння, Саюз канстытуцыйнага права, Нацыяналістычная партыя Арменіі, Камуніст. партыя Арменіі і інш.
Ахова здароўя. У пач. 1992 на 10 тыс.ж. было 87 бальнічных ложкаў, 136 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 40 урачоў. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 18 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. У Арменіі ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Арменіі былі 1283 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (143 тыс. дзяцей). У 1991/92 навуч.г. працавалі 1374 дзённыя агульнаадук. школы (592 тыс. вучняў, 54 тыс. настаўнікаў), 69 сярэдніх спец.навуч. устаноў (40,6 тыс. навучэнцаў), 14 ВНУ (66,1 тыс. студэнтаў, больш за 5,3 тыс. выкладчыкаў). Найбольшыя ВНУ: Ерэванскі ун-т (з 1920); ін-ты — політэхн., пед., мед., с.-г., нар. гаспадаркі, маст.-тэатральны, кансерваторыя і інш. На 1.1.1990 у Арменіі 1,4 тыс. масавых б-к (21,8 млн. адзінак захавання), самыя вялікія б-кі: Дзяржаўная імя Мяснікяна, навук.б-каАН Арменіі; 50 музеяў, у т. л. гісторыі Арменіі, прыродазнаўства, геалагічны, карцінная галерэя; 1,3 тыс. клубных устаноў. Навук. даследаванні вядуцца ў навук. установах, н.-д. ін-тах Акадэміі навук Арменіі (у яе складзе 43 акад., 59 чл.-кар., 1989), праблемных лабараторыях і канструктарскіх бюро пры мін-вах і ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Найбуйнейшыя газеты: «Екір» («Краіна»), «Азг» («Нацыя»), «Голос Армении», «Республика Армения», «Эпоха». Нац.інфарм. агенцтва Армянпрэс (з 1920). Радыёвяшчанне з 1926 на арм., рус., азерб. і курдскай мовах. Ерэванскі радыёцэнтр перадае спец. праграму для армян, што жывуць за межамі краіны. З 1956 працуе Ерэванскі тэлецэнтр.
Літаратура. Найстаражытныя помнікі арм. культуры захоўваюць звесткі пра жыццё і барацьбу арм. плямёнаў дагіст. перыяду. Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, паказваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філас. асэнсаванні жыцця прыроды і Сусвету. Помнікам сусв. культуры з’яўляецца гераічны эпас 9 ст.«Сасунцы Давід».
Арм. пісьменства пачыналася з клінапісных надпісаў (1-е тыс. да н.э.). У перыяд росквіту ў Арменіі эліністычнай культуры існавалі летапісы, кнігі малітваў, паэт. і драматург. творы. Помнікі язычніцкай л-ры не захаваліся, яны знішчаны пасля прыняцця хрысціянства. Развіццю арыгінальнай і перакладной л-ры (жыційнай, царк., гіст., філас.) садзейнічалі вучоны-асветнік Месроп Маштоц, гісторыкі Агатангелос, Карун, Паўстас Бузанд, Егішэ, Маўсес Харэнацы і інш. У часы арабскага нашэсця і візант. экспансіі (7—9 ст.) пераважала царк.л-ра, асабліва духоўныя песні (шараканы), царк.-паліт. публіцыстыка, развіваліся гістарыяграфія (Маўсес Каланкатаўцы, Себеос, Іаан Маміканян і інш.), паэзія (Камітас, Даўтак Кертох). Аднаўленне дзяржаўнасці Арменіі (886) спрыяла адраджэнню л-ры. У паэзію пранікаюць свецкія матывы (Грыгор Нарэкацы). З пісьменнікаў 12 ст. вылучаюцца Нерсес Шнаралі і Мхітар Гош, з прадстаўнікоў гуманіст. паэзіі — Фрык, Канстанцін Ерзнкацы (13 ст.), Наапет Кучак, Вардан Айгекцы і інш.Пасля нашэсця мангола-татараў (14 ст.) і падзелу Арменіі паміж Турцыяй і Персіяй настаў змрочны перыяд у культуры краіны. Некаторы яе ўздым адбыўся толькі на пач. 17 ст. Адраджэнне стараж.арм. цывілізацыі, традыцый мовы і л-ры былі гал. мэтай літ. руху «абнаўлення». Важную ролю ў ім адыгрывалі культ. цэнтры арм. калоній у Венецыі, Мадрыдзе, Калькуце, Канстанцінопалі і інш. Развіваюцца публіцыстыка (Аўсеп Эмін, Шаамір Шааміран, Маўсес Баграмян), паэзія (Нагаш Аўнатан, Петрас Капанцы, Багдасар Дпір, Саят-Нава і інш.). У 18 ст. ў арм. л-ры зараджаецца класіцызм (А.Ванандэці, П.Мінасян, А.Багратуні, Э.Гюрмюзян), у 1830—40-я г. адбываўся пераход да рамантызму. Уздым асветніцтва стварыў перадумовы для абнаўлення формы і зместу л-ры. Стараж.арм. мова (грабар) саступае месца нар.літ. мове (ашхарабару). Прадстаўнікі новага літ. руху — А.Аламдаран, М.Тагіядзян, Х.Абавян, Г.Алішан і інш. У 2-й пал. 19 ст. развіваюцца грамадская думка і л-ра. У фарміраванні нац. ідэалогіі важная роля належала перыяд. выданням «Юсісапайл» («Паўночнае ззянне»), «Мегу» («Пчала»), «Мегу Айастані» («Пчала Арменіі»), «Мшак» («Працаўнік»), «Мурч» («Молат») і інш.Л-ра вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю, шматграннасцю ахопу сац.-бытавых і нац. праблем. У паэзіі вядучае месца займае грамадз. лірыка (М.Пешыкташлян, Р.Патканян, М.Налбандзян, П.Дуран), развіваюцца гіст.-рамант. драма (Дуран, Пешыкташлян), сац.-бытавая камедыя (Г.Сундукян). Вядучы жанр л-ры 1870—90-х г. проза. На змену сінкрэтычнаму тыпу «нацыянальнага рамана» прыходзіць маналагічны раман: гістарычны (Цэрэнц, Г.Мурацан, Рафі), сацыяльны (П.Прашан, Г.Агаян, Ц.Камсаракан, А.Шырванзадэ), палітычны (Рафі), псіхалагічны (Мурацан, Нар-Дос) і інш. Дасягненнем маст. прозы сталі сатыра (А.Паранян), навелістыка (Р.Захраб). У 1880—90-я г. вядучым кірункам становіцца крытычны рэалізм, выступае «другое пакаленне» новай арм. паэзіі (І.Іаанісян, А.Туманян, К.Ісаакян). На пач. 20 ст. побач з рэалізмам існуе мадэрнісцкі кірунак з элементамі натуралізму, сімвалізму, неарамантызму. Эстэт. і філас. канцэпцыя адлюстравання рэчаіснасці выявілася ў гіст.-філас. драмах (Л.Шант), прозе (Э.Ацян, Ерухан, В.Папазян), паэзіі (Сіяманта, В.Тэр’ян, Д.Варужан). У 1920-я г. узнік шэраг літ. груповак і арг-цый. У 1927 створаны Саюз пралетарскіх пісьменнікаў, у 1934 — СП Арменіі. Сац. і ідэалаг. перамены ў жыцці, паказ новага і старога грамадства — галоўныя тэмы творчасці Е.Чарэнца, Д.Дэмірчана, С.Зарана, Н.Зарана, Г.Маары і інш. У л-ры 1950-х г. (А.Шыраз, А.Сагіян, Г.Эмін, С.Капуцікян, Р.Аванесян, Х.Даштэнц, С.Хандзадзян і інш.) падзеі 2-й сусв. вайны, змены ў грамадскім і сац. жыцці.
У 1960—70-я г. пашыраецца тэматычны і жанравы дыяпазон л-ры, скіраванай на абнаўленне выяўл. сродкаў, паглыбленне сац.-псіхал. аналізу з’яў і працэсаў, расце цікавасць да гіст. лёсу арм. народа і яго этнічнай самабытнасці (Г.Матэвасян, А.Айвазян, В.Петрасян, Р.Даваян, А.Грыгаран і інш.). У 1980-я г. ў л-ру прыйшлі В.Мугнецян, Л.Хечаян, В.Акапян і інш. Асобнае месца ў сучаснай арм. л-ры займае л-рат.зв. спюрка, створаная армянамі, што жывуць у іншых краінах свету (А.Ашакян, Амстэг, Г.Шахнур, М.Ішхан, Захрат, А.Карапенц).
Архітэктура. Найб. старажытныя паселішчы на тэр. Арменіі адносяцца да энеаліту. Высокай культурай адметныя збудаванні дзяржавы Урарту (9—6 ст. да н.э.). З перыяду элінізму (канец 1-га тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі гарадоў Арташата, Тыгранакерта, крэпасць Гарні. У раннефеад. перыяд узніклі невял. замкі-крэпасці (Ані, 5 ст.; Амберд, 7—13 ст.), палацы (у Дзвіне, 4—5 ст.; Звартноцы, 7 ст.), хрысціянскія храмы (Эчміядзінскі сабор, 4—19 ст.; Ерэруйская, Тэкорская базілікі, 5 ст.; цэрквы ў Мастары, Рыпсімэ, Аручы, 7 ст.). Збудаванням 5—7 ст. характэрны кампактная кампазіцыя, гармонія прапорцый, лаканічнасць дэкору. У часы новага ўздыму дойлідства (пачынаючы з 9 ст.) пабудаваны крэпасці і замкі (Тыгніс, Бджні, Ахтамар (дойлід Мануэл), буйныя манастырскія комплексы (Татэў, Санаін, Ахпат, Гегард), гасцініцы, трапезныя, кнігасховішчы, караван-сараі, масты. Вялікі размах набыло горадабудаўніцтва ў г. Ані (кафедральны сабор, 989—1001, і храм Гагіка, дойлід Трдат), у 11—14 ст. — у Кілікійскім царстве (крэпасці, парты, палацы, манастыры, храмы, школы, шпіталі). З часу мангола-татарскага нашэсця буд-ва заняпала і толькі пад сярэдзіну 17 ст. аднавілася (манастырскія комплексы Мунгі, Хор-Вірак і інш.). Нар. жыллё — глхатун (прамавугольнае ў плане са ступеньчатым драўляным шатром) — будавалася да 20 ст.Пасля далучэння да Рас. імперыі, асабліва ў канцы 19 — пач. 20 ст., у гарадах будавалі 2—3-павярховыя шматкватэрныя дамы часцей галерэйнага тыпу, будынкі грамадскага прызначэння. З 1930-х г. пачалася комплексная забудова жылых кварталаў, распрацоўваліся аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі паўд. тыпу жылля (арх. К.Алабян, Г.Кочар, М.Мазманян і інш.). У творчасці А.Таманяна спалучаліся сучасныя і традыц.арх. формы (Дом урада, 1926—41; тэатр оперы і балета, 1926—53; абодва ў Ерэване). Выкарыстанне ў буд-ве ружовага і белага туфу надае своеасаблівы каларыт гарадам і пасёлкам Арменіі. У 1960—80-я г. пошукі архітэктараў накіраваны на стварэнне новых арх. формаў і сродкаў маст. выразнасці на аснове сучасных канструкцый, буд. і аддзелачных матэрыялаў. У Ерэване пабудаваны драмтэатр імя Г.Сундукяна (1966, арх. Р.Алавердзян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.Акапян, Г.Мушэгян), Дом моладзі (1979, арх. С.Хачыкян, А.Тарханян, Г.Пагасян, М.Закаран), музей сучаснага мастацтва Арменіі (1985, арх. Д.Тарасян, Г.Адамян), спарт.-канцэртны комплекс (1987, арх. Акапян, Мушэгян, Пагасян, Хачыкян; Дзярж. прэмія СССР 1987), аэрапорт «Звартноц» (каля Ерэвана, 1982, арх. Тарханян, Хачыкян, Л.Чаркезян, Ж.Шэхлян); мемарыял у памяць ахвяр генацыду армян 1915 (1965, арх. С.Калашан, Тарханян), манумент «Давід Сасунскі» (1959, скульптар Е.Качар), помнікі Е.Чарэнцу (1985, арх. Тарасян, скульптар М.Нікагасян), М.Сар’яну (1986, арх. Тарханян, скульптар Л.Такмаджан); Ерэванскі метрапалітэн (1981). Арх.-праектныя ін-ты распрацоўваюць планы забудовы нас. месцаў, што пацярпелі ад землетрасення ў снеж. 1988. Архітэктараў у Арменіі рыхтуе буд.ф-т Ерэванскага політэхн. ін-та. У 1933 засн. Саюз архітэктараў Арменіі.
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Арменіі знойдзены наскальныя выявы 6-га тыс. да н.э., энеалітычная чарнаглянцавая кераміка з геам. узорам, маст. вырабы з металу і чырвонагліняная кераміка з чорнай размалёўкай (2-е тыс. да н.э.), вялізныя каменныя рыбы (вішапы). Рэшткі насценных размалёвак, ювелірныя вырабы адкрыты ва урарцкіх крэпасцях Эрэбуні і Тэйшэбаіні. Ад эпохі элінізму захаваліся сярэбраныя чашы і рытоны. Мазаікай і размалёўкай упрыгожаны сярэдневяковыя храмы ў Арусы, Таліне, Лмбаце (7 ст.), Татаеве на Ахтамары (10 ст.), Ахтале і Ані (12—13 ст.). Ранняя сярэдневяковая скульптура прадстаўлена стэламі 4—5 ст. з разнымі выявамі. З 9 ст. вядомы стэлы з выявамі крыжа ў арнаментальным абрамленні. З 10 ст.асн. відам выяўл. мастацтва стала кніжная мініяцюра (Т.Рослін, С.Піцак). У сярэдзіне 17 ст. з’явіўся станковы партрэт (А.Мркуз, М.Заграбян, Б.Салтанаў, сем’і Богушаў, Манасе), адзначаны ўплывам прыёмаў зах.-еўрап.рэаліст. жывапісу. Асобнае месца займаюць 6 пакаленняў мастакоў Аўнатанянаў (канец 17—19 ст.), у творчасці якіх фарміраваўся свецкі рэаліст. кірунак. У 19 ст.арм. жывапіс узбагаціўся гіст. і быт. жанрамі (А.Аўнатанян, С.Нерсісян, Г.Башынджагян, В.Сурэнянц). За межамі Арменіі працавалі скульптары А.Тэр-Мерукян, А.Гюрджан, графік Э.Шаін. У фарміраванні арм.маст. школы ў 1920-я г.вял. ролю адыграла творчасць М.Сар’яна, С.Агаджаняна, Е.Татэвасяна, Г.Гюрджана, Ф.Тэрлемезяна і інш. Тэматычныя карціны стваралі С.Аракелян, А.Каджан, А.Бажбеук-Мелікян, нацюрморты — Г.Грыгаран. Развівалася манум. і станковая скульптура (А.Сарксян, С.Сцепанян, А.Урарту), станковая і кніжная графіка (Каджаан, Т.Хачванкян), тэатр.-дэкарац. мастацтва (Г.Якулаў, М.Арутчан, Сар’ян і інш.). У 1940—50-я г. наглядалася развіццё сюжэтнай карціны, пейзажа, нацюрморта (М.Абегян, М.Асламазян, М.Зардаран, Л.Бажбеук-Мелікян, С.Мурудзян, Г.Ханджан, В.Айвазян), скульптуры (Е.Качар, Н.Нікагасян, С.Багдасаран, Г.Чубаран і інш.). Сучасныя жывапісцы і графікі імкнуцца да аналіт. вывучэння аб’екта, асэнсавання гісторыі і нар. паданняў (А.Акапян, Р.Адалян, М.Петрасян, А.Укапян, А.Хачыкян, Р.Хачатран, Г. і Р.Элебікяны і інш.). У галіне тэатр. жывапісу працуюць А.Мірзаян, С.Арутчан; у дэкар.-прыкладным мастацтве — керамісты П.Сіманян, Р.Швердзян, А.Бдзеян і інш. Мастакоў у Арменіі рыхтуюць Мастацка-тэатр.ін-т і маст. вучылішча імя Ф.Тэрмелезяна ў Ерэване. У 1932 засн. Саюз мастакоў Арменіі.
Музыка. У 2-м тыс. да н.э. на тэр. Арменіі ва ўзаемадзеянні з муз. культурамі Пярэдняй і М.Азіі фарміравалася своеасаблівая муз.-паэт. традыцыя, у аснове якой строгая манадыйнасць (з элементамі поліфаніі) і складаная сістэма метрарытму. Сярод жанраў сял. фальклору стараж. абрадавыя, працоўныя, гульнёвыя, лірычныя, эпічныя, каляндарныя і пахавальныя песні, песні вандроўнікаў (пандухтаў). Фарміраванне арм. эпасу (6—4 ст. да н.э.) звязана з творчасцю спевакоў-казачнікаў (віпасанаў) і прафес. паэтаў, спевакоў і акцёраў (гусанаў); гэтая традыцыя прадоўжана ў творчасці ашугаў (Саят-Нава, 18 ст.; Шырын, Джывані, 19—20 ст.). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя — кемані, кеманча; струнна-плектарныя — саз, тар, уд; струнна-шчыпковыя — кнар, тавіг, канон, пандырн; духавыя — срынг, дудук, зурна; ударныя — даол тмбук, нагара; струнна-ўдарныя — сантур (разнавіднасць цымбалаў) і інш.Прафес.муз. культура Арменіі напачатку была звязана з царк. пеўчай традыцыяй; з 4 ст.н.э. пашыраны псалмы, духоўныя гімны і шараканы, пазней — стэгі, зартугі, з 10 ст. — гандзы, духоўныя і свецкія тагі — разгорнутыя вакальна-інстр. лірыка-эпічныя кампазіцыі (Грыгор Нарэкацы, 10 ст.; Нерш Шнаралі, 12 ст.; Хачатур Кечарэцы, 14 ст.). Значны ўклад у арм. музыку сярэднявечча зрабілі музыканты і тэарэтыкі Саак Партэў, Давід Керакан (5—6 ст.), Камітас, Ананій Шыракацы, Барыг Чон (7 ст.), Сцепанос Сюнецы 2-і (8 ст.), Акоп Хрымецы (15 ст.). Да 15 ст. асновай натацыі арм.прафес. музыкі былі своеасаблівыя неўмы (хазы), якія ў 19 ст. заменены новай натацыяй. У 19 ст. пачалося актыўнае развіццё муз. адукацыі, збіранне і апрацоўка нар. песень (Х.Кара-Мурза, Н.Тыгранян), стварэнне муз.нар. і прафес. калектываў, асваенне жанраў оперы, аперэты, камерна-інстр. музыкі, раманса (Т.Чухаджан, Г.Еранян, Г.Карганаў). Асновы арм.нац.муз. стылю залажыў Камітас. На пач. 20 ст. напісаны творы, якія сталі нац.муз. класікай — сімф. карціна «Тры пальмы» (1905), сюіты «Крымскія эскізы» (1903, 1912) А.Спендыярава, опера «Ануш» (1912) А.Тыграняна, камерна-інстр. творы А.Тэр-Гевандзяна, С.Бархударана, вак. творы Р.Малікяна і інш. У 1933 створаны Саюз кампазітараў Арменіі. Кампазітарскую школу ўзначаліў А.Хачатуран. Сімф. музыка прадстаўлена творамі Хачатурана, А.Сцепаняна, Г.Егіязарана, у оперным і балетным жанрах працавалі Спендыяраў (опера «Алмаст», 1928), Хачатуран (балеты «Гаянэ», 1942; «Спартак», 1956), Б.Баласанян, Егіязаран, Сцепанян, у жанры аперэты — А.Айвазян, А.Далуханян, В.Катаян і інш. У 1960—80-я г. вылучыліся С.Агаджанян, А.Аруцюнян, С.Бабаджанян, З.Аганесян, Р.Саркісян і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры М.Таўрызіян, К.Арбелян; спевакі Т.Гаспаран, Н.Аванісян, П.Лісіцыян, З.Далуханава; піяністы Ю.Айрапецян, С.Навасардзян; скрыпачы І.Налбандзян, Р.Агаранян, А.Габрыэлян, Э.Тэтэвасян; віяланчэлісты М.Абрамян, С.Асламазян, Г.Адамян, Г.Таталян і інш. У Арменіі працуюць (1995): Т-р оперы і балета імя Спендыярава, Т-рмуз. камедыі, Дзіцячы муз.т-р, Хар. капэла, Дзярж.сімф. аркестр, сімф. аркестр. Дзяржтэлерадыё, Ансамбль нар. інструментаў, Ерэванскі камерны аркестр, струнны квартэт імя Камітаса; эстрадны аркестр, хор Харавога т-ва Арменіі, Ансамбль нар. песні і танца, Ансамбль нар. танца, Камерны хор Дзяржтэлерадыё; кансерваторыя (1923), Цэнтр.муз. школа, 5 муз. вучылішчаў, больш за 100 муз. школ і інш.
Тэатр. Зараджэнне тэатр. мастацтва ў Арменіі звязана з нар. святамі, стараж. культамі, рытуальнымі абрадамі. Пачаткам прафес.т-ра лічыцца 53 да н.э., калі ў сталіцы Арменіі Арташаце была паказана трагедыя Еўрыпіда «Вакханкі» (т-р створаны царом Артаваздам II). У стараж. т-рах Арменіі ставілі трагедыі грэч. і арм. драматургаў (выконвалі акцёры дзайнарку-гусаны і вохбергу-гусаны), камедыі і бытавыя драмы (катака-гусаны і катакергані), была пашырана пантаміма (актрысы-пантамімісткі вардзакі). У сярэднія вякі спектаклі паказвалі ў амфітэатрах (на ўзор антычных). Існаваў і сатыр. вулічны т-р гусанаў-мімосаў, цахрацу. На аснове літургічнай драмы створаны хрысц. містэрыяльны т-р. З 1668 да сярэдзіны 19 ст. існаваў школьны т-р (царкоўны і свецкі). У 18 ст. у арм. калоніях узнік новы арм. т-р. У 1836 Г.Шэрмазанян стварыў у Тыфлісе «Шэрмазанян тэатр». У 1810 у Канстанцінопалі (культ. цэнтры зах. армян) адбыліся першыя арм. спектаклі. У 1846—66 тут існаваў прафес.т-р «Армян татрон», у 1850-я г. дзейнічалі аматарскія арм. трупы. У 1856 М.Пешыкташлян заснаваў арм.нац. т-р. Пастаянныя прафес. т-ры існавалі ў Канстанцінопалі (1861), Тыфлісе (1863, пад кіраўніцтвам Г.Чмшкяна), Эрывані (1873). Сцвярджэнне рэалізму ў арм. т-ры звязана з драматургіяй Г.Сундукяна і А.Параняна, пазней — А.Шырванзадэ, дзейнасцю акцёра і рэжысёра Чмшкяна, трагіка П.Адамяна. На пач. 20 ст.арм.нар. т-ры існавалі ў Тыфлісе, Баку, Эрывані. У 1921 створаны 1-ы Дзярж.т-р Арменіі ў Ерэване (з 1937 імя Сундукяна). У 1920—30-я г. ўзніклі дзярж.арм. т-ры ў інш. гарадах. У іх рэпертуары творы арм. драматургіі, рус. і зах.-еўрап. класікі; асаблівае месца займалі п’есы У.Шэкспіра. Вядомыя дзеячы тэатр. мастацтва Арменіі: акцёры А.Авецісян, Г.Джанібекян, В.Гулазян, Д.Малян, Р.Нерсесян, В.Папазян, В.Вагаршан, Т.Сар’ян; рэжысёры В.Аджэмян, А.Бурджалян. У арм. т-рах пастаўлены бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка.
Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі ў Арменіі зроблены ў 1907. У 1923 створана кінастудыя «Дзяржкіно» (з 1957 «Арменфільм» імя А.Бек-Назарава). Першы дакумент. фільм — «Савецкая Арменія» (1924). Станаўленне маст. кіно звязана з дзейнасцю рэж. Бек-Назарава, які паставіў першы арм.маст. фільм «Намус» (1925). Найб. значныя фільмы нямога кіно: «Зарэ», «Злы дух», «Дом на вулкане», «Кікос», «Гікор». У 1930-я г. зняты фільмы «Пэпо», «Каро», «Зангезаур», «Храбры Назар», «Давід-Бек», першыя мультыплікацыйныя фільмы. Вытворчасць фільмаў павялічылася ў 1950-я г. У 1959 у Ерэване створана студыя хранікальных, дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. У развіцці кінамастацтва Арменіі значную ролю адыгралі рэжысёры Бек-Назараў, П.Бархударан, А.Марцірасян, А.Ай-Арцян, С.Кеворкаў, Э.Карамян, С.Параджанаў, акцёры Х.Абрамян, А.Джыгарханян, Г.Тонунц, М.Мкртчан і інш. У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Арменіі.
Літ.:
Абегян М. История древнеармянской литературы. Ереван, 1975;
Налбандян В., Саринян С., Агабабян С. Армянская литература. М., 1976;
Токарский Н.М. По страницам истории армянской архитектуры. Ереван, 1973;
Мнацакян С.Х., Оганесян К.Л., Саинян А.А. Очерки по истории архитектуры Древней и Средневековой Армении. Ереван, 1978;
Григорян А. Современная архитектура Армении. Ереван, 1983;
Дурново Л.А. Очерки изобразительного искусства Средневековой Армении. М., 1979;
Очерки по истории армянского изобразительного искусства. Ереван, 1979;
Музыка советской Армении: Сб. ст. [М., 1960];
Музыкальная культура Армянской ССР: Сб. ст.М., 1985.
Герб і сцяг Арменіі.Да арт.Арменія. Шыкахохскі запаведнік.Да арт.Арменія. Горны пейзаж каля Ерэвана.Да арт.Арменія. Цясніна ракі Раздан.Да арт.Арменія. Астрафізічная абсерваторыя каля Ерэвана.Да арт.Арменія. Кафедральны сабор у Ані. Арх. Трдат. 989-1001.Да арт.Арменія. Манумент «Давід Сасунскі» ў Ерэване.Да арт.Арменія. Рэльеф на фасадзе царквы Крыжа на востраве Ахтамар. 915—921.Да арт.Арменія. Званіца Эчміядзінскага кафедральнага сабора. 1653—58.Да арт.Арменія. Палац моладзі ў Ерэване. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—07 У РАСІ́І,
першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл.«Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс.прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРПбальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв.ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач.кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая II заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 па н.ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл.Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр. не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст.Сял. саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац.паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 па н.ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв. часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).
На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач.лют. праходзілі масавыя эканам. забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (па ст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр.усерас.паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл.Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасць сял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ.сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж.усерас.паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам. рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.
Літ.:
Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
У.Г.Філякоў.
Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэлігія і царква
Гісторыя рэлігіі і рэлігійных устаноў на Беларусі. Канфесіянальная гісторыя і структура Беларусі абумоўлена яе геапалітычным становішчам на стыку зах. і ўсх. цывілізацый, існаваннем і пачарговым дамінаваннем усх. ці зах. хрысціянскіх традыцый. Для бел. грамадства характэрна поліканфесіянальнасць. Тут пашыраны розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўная, рымска-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстантызм; а таксама рэліг. аб’яднанні іудзеяў, мусульман, стараабраднікаў і інш.
Стараж. рэлігіяй беларусаў, якая ахоплівала ўсю сферу духоўнай і матэрыяльнай культуры, было язычніцтва. Яно існавала не адасоблена ад вераванняў суседніх слав. народаў, у ім старыя вераванні пастаянна дапаўняліся новымі. Звесткі аб поўным пантэоне стараж.-слав. багоў вельмі абмежаваныя. Вядомы вышэйшыя праслав. божаствы: Сварог (бог неба), Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Дажбог (бог сонца і агню, земляробства), Хорс (бог сонца), Ярыла (бог плоднасці, прыбытку); больш ніжэйшыя божаствы (Род, Чур), божаствы, звязаныя з гасп. цыкламі і сезоннымі абрадамі (Зюзя, Цаца, Ляля, Цёця, Жыжаль, Жыцень), жаночыя божаствы (Макош і інш.). Існавалі божаствы, якія мелі абстрагаваныя функцыі: Доля, Ліха, Праўда, Крыўда, Трасца, Смерць і інш.; а таксама персанажы, якія знайшлі ўвасабленне ў казках і фальклоры (баба Яга, Кашчэй, Цмок, Цуда-Юда, лясны цар, вадзяны цар), розныя міфалагічныя істоты — персанажы нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаныя з міфалагічнай прасторай ад дома да лесу, балота, поля і г.д. (дамавікі, злыдні, лесуны, вадзянікі, палевікі, русалкі, ліхаманкі, мары і інш.).
Пасля прыходу на ўсходнеслав. землі хрысціянства ў 10 ст. шэраг язычніцкіх свят і абрадаў нар. календара зліліся з пэўнымі хрысц. святамі (суадноснымі па часе), атрымалі новыя назвы, да іх зместу дадалі хрысц. дагматыку. Так, стараж.-бел. калядны цыкл быў зліты з Раством Хрыста; веснавыя язычніцкія святы ўвайшлі ў склад Вялікадня; летнія — у склад Тройцы, нараджэння Іаана Хрысціцеля, Пятрова і Ільіна дня; восеньскія, у т. л. Дзяды, зліліся са Спасам, Пакровам Багародзіцы. Культы язычніцкіх слав. багоў былі выцеснены святамі ў гонар розных хрысціянскіх святых. Вышэйшыя персанажы слав. міфалогіі сталі разглядацца як адмоўныя ці атаясамлівацца з хрысц. святымі (Пярун са святым Ільёй, Вялес са святым Уласам, Ярыла са святым Юрыем і г.д.). Ніжэйшыя ўзроўні язычніцкай міфалогіі, як больш устойлівыя, стварылі складаныя спалучэнні з хрысціянствам. У нар. вераваннях і магічна-абрадавай практыцы захаваліся дэманалогія (вера ў лесуна, дамавіка, шматлікіх злых духаў — нячысцікаў); культ продкаў (дзядоў). Рэшткі язычніцтва дайшлі да нашага часу ва ўяўленнях, вераваннях, абрадах, звычаях, вуснай нар. творчасці беларусаў. Многія язычніцкія элементы трывала ўвайшлі ў хрысціянства, ствараючы вельмі складаныя спалучэнні. Стараж. традыцыі знайшлі ўвасабленне ў духоўных вершах (кантычкі, песні з «Богагласніка»), якія выконваліся на Беларусі старцамі-жабракамі і па форме і музычным выкананні працягвалі агульнаслав. традыцыю выканання эпічных песень на славянскія міфалагічныя сюжэты. Стараж. ўсходнеслав. абрады ўвайшлі ў праваслаўныя і уніяцкія святочныя і агульныя чынапаследаванні, якія ўжываліся бел. святарамі ў 16—18 ст. (напр., «чин врачевания болезнующих», малітвы «аб трасавіцах»). Даты нар. календара сталі залежнымі ад хрысціянскага, але ў значнай ступені захавалі язычніцкае паходжанне. Змест гэтых трансфармаваных хрысц. свят у нар. свядомасці заставаўся пераважна ранейшым — язычніцкім, бо іх дастасаванне да хрысціянскіх адбывалася па форме, а не па сутнасці і структуры. Народ па-свойму асэнсоўваў значную частку царк. свят, што адбілася на існаванні і захаванні язычніцкіх абрадавых элементаў і нават назваў свят у хрысц. календары, аж да нашага часу. Так, у большасці рэгіёнаў Беларусі ў праваслаўнага насельніцтва дванадзесятыя і вял. святы маюць наступныя назвы: Стрэчанне — Грамніцы, Пяцідзесятніца — Клечанне, Фаміны тыдзень — Провады, Прапалавінне Пяцідзесятніцы — Сёмушная серада, Узнясенне Гасподняе — Ушэсце, Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы — Галавасек, Раство Багародзіцы — Прачыстая ці Малая Прачыстая, Вялікі Чацвер — Жальнік, пярэдадзень Раства — Каляды ці Куцця, пярэдадзень Богаяўлення — Водная Каляда, а пярэдадзень Новага года — Шчадруха, Пераўтварэнне — Спас, Успенне — Зельная, ці Вялікая Прачыстая, ці Спажа і г.д. Ва ўсіх вялікіх святах хрысц. календара захавалася сувязь з сезонамі года (як, напр., упрыгожанне інтэр’ераў храмаў у час суадносных свят зелянінай: галінкамі дрэў і лісцем — на Тройцу; асвячэнне першых квітнеючых дрэў (вярбы) — на Вербную Нядзелю; асвячэнне садавіны, гародніны, мёду і збожжа — на тры Спасы; асвячэнне і ўдзячнасць Богу за сабраны ураджай на каталіцкія і праваслаўныя восеньскія святы, пратэстанцкія Дні Жніва і інш.). Абавязковае памінанне памерлых, што паходзіць ад усходнеславянскага культу продкаў, прымеркавана да большасці вялікіх свят хрысц. календара, такіх, як Вялікдзень (Радаўніца), Тройца (Траецкая-Сёмушная бацькоўская субота), восеньскіх свят (Дзяды, Асяніны, ці Змітраўская бацькоўская субота, і каталіцкі Дзень Задушны). Большасць язычніцкіх па паходжанні абрадаў маюць на мэце забеспячэнне дабрабыту сям’і і добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы і пазбаўленне ад хвароб, сурокаў, нячыстай сілы і варажбы. Тая ж іх сутнасць захавалася і ў хрысц. па форме і язычніцкіх па сутнасці абрадах.
Працэс хрысціянізацыі ўсх. славян быў даволі складаны і доўгі. У выніку адаптацыі хрысціянства да славянска-язычніцкіх духоўных традыцый і культурных каштоўнасцей склаўся рэліг. сінкрэтызм (зліццё царк. і нар. язычніцкай традыцыі), які захоўваецца на працягу многіх стагоддзяў ва ўсх.-слав. народаў, у т. л. ў беларусаў. Увядзенне хрысціянства ва ўсходнеслав. землях палажыла канец афіц. існаванню язычніцтва. Хрысц. місіянерская праграма прадугледжвала барацьбу з язычніцтвам — знішчэнне язычніцкіх капішчаў і ідалаў і будаўніцтва на іх месцы хрысц. храмаў.
Гісторыя праваслаўнай царквы на бел. землях пачалася з запазычання царк. традыцыі Усх. (Візантыйскай) царквы, разам з догматамі, клірам, святамі і абрадамі. Ужо ў канцы 10—11 ст. на бел. землях стварыліся епіскапскія кафедры, сфарміраваліся пэўныя элементы богаслужэння, якія ў агульных рысах дайшлі да нашых часоў (пераняты ад Візантыі каляндар асноўных і дванадзесятых свят з іх канонам, літургіяй, царк. паданнем і спевамі на царк.-славянскай і грэчаскай мовах).
Калыскай хрысціянства на Беларусі лічыцца стараж. Полацк. Полацкая епархія ўзнікла ў 992 і знаходзілася ў юрысдыкцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. Першы вядомы полацкі епіскап Міна (згадваецца ў летапісах пад 1105) доўгі час быў манахам Кіева-Пячэрскага манастыра. У 10—11 ст. у Полацку пабудаваны храмы. У ліку найб. старажытных храмаў на бел. землях лічыцца царква Багародзіцы, пабудаваная ў 1001 у Друцку (горад Полацкага княства). У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1007 згадваецца царква Багародзіцы ў Полацку. У сярэдзіне 11 ст. пры Усяславе Брачыславічу ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор, які на працягу некалькіх стагоддзяў заставаўся кафедральным храмам полацкіх епіскапаў і духоўным сімвалам горада. На бел. землях аформілася манастырская арг-цыя. Паводле сведчання летапісных крыніц, першы манастыр заснаваны ў час праўлення кіеўскага вял. князя Уладзіміра яго жонкай полацкай княжной Рагнедай (у манастве Анастасія) у стараж. Ізяслаўлі (сучасны г. Заслаўе). Самы стараж. з манастыроў Міншчыны — Спаса-Вазнясенскі заснаваны ў канцы 10 — пач. 11 ст. У Полацкім княстве перыядам росквіту манаскага жыцця лічыцца 12 ст., якое звязана з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай. У 11—13 ст. фарміраваліся новыя айч. святы, звязаныя з ушанаваннем гіст. асоб (напр., прападобнай Ефрасінні Полацкай і епіскапа Кірылы Тураўскага), складаліся замест грэчаскіх свае царк. песнапенні, каноны і стыхіры, з суайчыннікаў фарміраваўся і праваслаўны клір, які ў паўсядзённым жыцці і ў час богаслужэння карыстаўся зразумелай для народа мовай. Разам з хрысціянствам на бел. землях пачала распаўсюджвацца богаслужэбная літаратура. Хрысціянізацыя паводле праваслаўнага абраду мела тую перавагу, што ўсх. царква не звязвала богаслужэнне моўным канонам. Візантыйская царква дапускала выкананне ў богаслужэнні любой некананічнай мовы. Богаслужэбная літаратура, якая прыйшла з Візантыі, перакладалася на слав. мову. Яна была даволі разнастайнай і складалася з царк. песнапенняў (канонаў, стыхіраў, кандакоў, ікасаў патрыярха Сафронія, Іаана Дамаскіна, Грыгорыя Назіянзіна), твораў Афанасія Александрыйскага, Васіля Вялікага, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, «Златаструя», складзенага ў Балгарыі пры цару Сімяоне ў 10 ст.; розных мінеяў, пралогаў, палеяў, апокрыфаў і інш. Неабходныя для богаслужэння кнігі (Евангелле, Апостал, Служэбнік, Часаслоў, Псалтыр, Актоіх), перакладзеныя на царкоўнаславянскую мову яшчэ Кірылам і Мяфодзіем, перайшлі ад паўд. славян.
Праваслаўе было дамінуючай рэлігіяй у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) на працягу 13—16 ст. Першапачаткова праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Кіеўскай, потым Маскоўскай мітраполіі. У 1415 пры вялікім князю Вітаўце створана самастойная Літоўская (Кіеўская) мітраполія на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам. Да 1686 яна падпарадкоўвалася канстанцінопальскаму патрыярху. У яе ўваходзілі 8 епархій ВКЛ. У 16—17 ст.бел. праваслаўная царква імкнулася да незалежнасці ад Маскоўскай мітраполіі. Сфарміраваліся некаторыя спецыфічныя рысы бел. праваслаўных свят і святочныя дні, прысвечаныя новым славянскім святым, існавалі братчыны, ушаноўваліся пятніцы. У гэты перыяд складзены вельмі пашыраныя пазней на Беларусі песні да свят Гасподніх і Багародзічных, якія сабраны ў зб-кі «Багагласнік» і «Песні благагавейныя». Яны выконваліся ў час царк. службаў (пры хрэсных шэсцях, літургіі) і маглі нават замяняць сабой богаслужэнні (напр., песні на Раство Хрыстова). Значнае месца займалі выданні кніг Свяшчэннага Пісання і катэхізацыйных тэкстаў на старабел. мове. Гэта найперш выданні Францыска Скарыны: «Апостал» (Вільня, 1525), «Малая падарожная кніжка» (Вільня, каля 1525), «Біблія» (Прага, 1517—19). Сярод інш. беларускамоўных выданняў «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568); пераклад Евангелля (1556—61), выкананы па даручэнні княгіні Анастасіі Гальшанскай; «Катэхізіс», падрыхтаваны Лаўрэнціем Зізаніем (Масква, 1627); «Праваслаўнае спавяданне веры» Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (Кіеў, 1640); «Псалтыр рыфматворная», выдадзеная Сімяонам Полацкім (Масква, 1680); «Катэхізіс» Феафана Пракаповіча, перакладзены ў 1757 свяціцелем Георгіем (Каніскім); «Катэхізіс», падрыхтаваны святаром Міхалам Баброўскім; шматлікія багаслоўскія працы накшталт «Веры праваслаўнай» (Вільня), «Кантычка» (Полацк) і інш. Аформіўся культ цудатворных абразоў Божай Маці (Жыровіцкі, Бялыніцкі, Віленскі, Пачаеўскі і інш.), якія напачатку ўшаноўваліся праваслаўнымі вернікамі, потым таксама уніятамі і католікамі. Да гэтых святынь адбываліся паломніцтвы, з імі праводзіліся ўрачыстыя шэсці, яны пакінулі значны след у бел. праваслаўным календары.
У 13—14 ст. на тэр. Беларусі пачала пашырацца і рымска-каталіцкая царква. Паводле сведчанняў летапісцаў, пачатак фарміравання бел. каталіцкай традыцыі — час княжання ў ВКЛ Міндоўга (сярэдзіна 13 ст.). Трывала рымска-каталіцкая царква замацавалася ў ВКЛ пры вял.кн. Ягайле, калі ён сам прыняў каталіцтва і заснаваў Віленскае біскупства. Да 1500 на Беларусі (паводле падлікаў гісторыкаў) існавала 90 каталіцкіх парафій. Каталіцтва атрымала большае пашырэнне сярод літоўцаў, палякаў, латышоў, яцвягаў і прусаў, якія ў сярэдневякоўі аселі ў паўн.-зах. раёнах Беларусі; меншае — сярод беларусаў, дзе каталіцтва распаўсюджвалася ў гэты перыяд (за выключэннем вышэйшага саслоўя) шляхам змешаных шлюбаў. У 1-й пал. 16 ст. пабудавана шмат касцёлаў, у 1550 дзейнічалі 152 парафіі. Адначасова складваўся культ каталіцкіх бел. святых, шануемых абразоў, падзей нац. гісторыі, сваіх свят, асаблівасцей календара. Атрымала распаўсюджанне богаслужэбная літаратура на лацінскай мове, на якой у каталіцкіх храмах таксама праводзілася літургія. У паўсядзённым жыцці каталіцкі клір на тэр.ВКЛ, які складаўся з палякаў, беларусаў і літоўцаў, карыстаўся дзярж. мовай ВКЛ — старабеларускай. Пасля Крэўскай уніі 1385 праваслаўная царква ў ВКЛ была пазбаўлена ранейшых правоў і прывілеяў (вернуты вял. князем Казімірам). У 16 ст. большасць насельніцтва ВКЛ спавядала праваслаўную веру, у т. л. сярод эліты праваслаўнымі лічылася каля 70%. Пасля Люблінскай уніі 1569 пачалося актыўнае і масавае распаўсюджанне каталіцкай царквы на бел. землях. Барацьба паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі традыцыямі ў 1-й пал. 17 ст. скончылася перамогай заходняй. Каталіцкая царква здолела вярнуць сабе парафіі і храмы, страчаныя ў выніку рэфармацыйнага руху. Паводле даных Віленскага сінода, у 1669 у 13 дэканатах паўн.-зах. Беларусі і ў зах. частцы Полацкага дэканата існавала 165 парафій. Акаталічванне насельніцтва суправаджалася паланізацыяй, якая ў большай ступені закранула магнацка-шляхецкае саслоўе ВКЛ. У 1696 прынята пастанова, якая канчаткова выцесніла бел. мову са справаводства, замяніўшы яе на польскую. Паланізацыя закранула і каталіцкую богаслужэбную літаратуру, і клір. На тэр.ВКЛ акрамя кананічнай асновы і прыкладнай аднастайнасці абраднасць набыла мясц. рысы, звязаныя са з’яўленнем культу асабістых святых (напрыклад, св. Казіміра, св. Станіслава Косткі, св. Андрэя Баболі і інш.), сваіх парафіяльных свят і іх рэгіянальных асаблівасцей; асабістага культу і гісторыі цудатворных абразоў Божай Маці. У ВКЛ большасць цудатворных абразоў аднолькава шанавалася католікамі, праваслаўнымі і уніятамі.
У 1-й пал. 16 ст. з Зах. Еўропы на бел. землі пашырылася буйное адгалінаванне хрысціянства — пратэстантызм, яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства — атрымалі даволі шырокае распаўсюджанне сярод усіх слаёў насельніцтва. Найб. пашырэнне атрымала рэфармацтва (кальвінізм), прапагандыстам і патронам якога быў першы саноўнік дзяржавы, рэгент каралеўства, князь Мікалай Радзівіл Чорны. Яго намаганнямі ў 1553 у Вільні заснавана 1-я пратэстанцкая абшчына, а ў канцы 1550-х г. такія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Койданаве, Мордах і інш. Крыніцы сведчаць, што рэфармацкі рух меў вялікі размах. На тэр. Рэчы Паспалітай ён спынены толькі ў 17 ст. ў выніку моцнага процідзеяння каталіцкай царквы, асабліва ордэна езуітаў. Да пач. 17 ст. з 180 рэфармацкіх збораў 6 акруг Беларусі і Літвы засталіся 93 цэрквы, да пач. 18 ст. — 48, а з 32 цэркваў Беларускай акругі — толькі 2, таму бел. дыстрыкцыя была скасавана. Рэфармацыя на Беларусі мела нац. рысы і зрабіла значны ўклад у яе гісторыю і культуру. Сведчанне таму і богаслужэнні на бел. мове, і пратэстанцкія пераклады Свяшчэннага Пісання («Евангелле» Васіля Цяпінскага, «Катэхізіс» Сымона Буднага і інш.).
У 16—17 ст. на Беларусі пачала распаўсюджвацца уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. На Брэсцкім саборы 1596 заключана царкоўная унія, і большая частка праваслаўнага епіскапату ВКЛ была падпарадкавана вярх. ўладзе папскага прастола. У час станаўлення уніі і яе пацвярджэння ў Рыме папам замацаваны за уніятамі ўсе ранейшыя богаслужэбныя кнігі, з усімі таінствамі, службай, абрадамі і цырымоніямі ўсх. царквы ў тым выглядзе, у якім яны былі да уніі, а таксама царкоўнаслав. і бел. мовы набажэнства і казанняў. Пачаліся прыцясненні і праследаванні праваслаўнага насельніцтва, звязаныя з прымусовым распаўсюджаннем уніяцкай царквы на тэр.ВКЛ. Нягледзячы на процістаянне праваслаўных вернікаў, уніяцтва даволі хутка пашырылася ў ВКЛ. У 17—18 ст. унія стала найбольш распаўсюджанай сярод насельніцтва ВКЛ. На 1790 на бел. землях Рэчы Паспалітай католікі складалі 15% ад усяго насельніцтва, уніяты — 70%, праваслаўныя — 6%. На бел. мове выдавалася уніяцкая рэлігійная літаратура, развіваліся бел. іканаграфія, музыка, архітэктура. Пасля Замойскага сабора 1720 пачаўся працэс паланізацыі і пранікнення каталіцкіх элементаў ва уніяцкую абраднасць і богаслужэнне. Адбыліся змены і ва уніяцкім календары: з’явіліся каталіцкія святы, пад уплывам базыльян у богаслужэнне стала ўводзіцца польская мова.
У сувязі з пераходам большасці насельніцтва ва уніяцтва, а большасці магнатаў і шляхты ў каталіцтва ў праваслаўнай царкве таксама адбыліся значныя змены. У 1686 са згоды канстанцінопальскага патрыярха Кіеўская мітраполія падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Кіеўскія мітрапаліты сталі прызначацца маскоўскімі патрыярхамі (з 1723 Свяцейшым Сінодам). 17—18 ст. адметныя з’яўленнем вялікай колькасці славутых асоб, прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ — братоў Зізаніяў, архімандрыта Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага, ігумена Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага і інш., многія з якіх пазней кананізаваны і ўвайшлі ў Сабор бел. святых.
З 14 ст. на Беларусі існавалі і інш. этнаканфесіянальныя групы: яўрэі-іудзеі, татары-мусульмане. Першыя групы яўрэяў эмігрыравалі на бел. землі з Германіі, Польшчы і Украіны. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ было больш за 300 тыс. яўрэяў-іудзеяў. У асобных гарадах і мястэчках Беларусі іх колькасць дасягала 40 і нават 80%. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі для яўрэяў была вызначана т. зв. «мяжа аселасці», якая ахоплівала і бел. землі. Да 1897 колькасць яўрэйскага насельніцтва ў бел. губернях павялічылася да 1202 тыс.чал. У асноўным гэта былі прадстаўнікі артадаксальнага іудаізму, частка спавядала хасідызм. У канцы 19 — пач. 20 ст. каля 60% яўрэяў пражывала ў гарадах, што паўплывала на гарадскую культуру на Беларусі.
У канцы 14 ст. на тэр.ВКЛ з’явілася этнаканфесіянальная група татараў-мусульман. Асн. цэнтрамі іх рассялення былі раёны Клецка, Мінска, Слуцка, Койданава, Гродна, Іўя, Давыд-Гарадка, Навагрудка, Ашмян і інш. Колькасць бел. татараў па розных звестках складала ад 30 да 60 тыс. чалавек. Яны спавядалі іслам суніцкага кірунку Абу Ханіфа (ханіфіты).
З сярэдзіны 17 ст. на тэр. Беларусі перасяліліся прадстаўнікі этнаканфесіянальнай групы рус. стараабраднікаў (папоўцы і беспапоўцы), якія знайшлі тут прытулак ад ганенняў пасляцарк. рэформы ў Расіі патрыярха Нікана.
Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі канфесіянальная структура стала мяняцца. Напярэдадні 3 падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі заставалася толькі 1 праваслаўная епархія з епіскапскай кафедрай у Магілёве. У 1793 створана Мінская праваслаўная епархія. Пазней адноўлена дзейнасць старых епіскапскіх кафедраў і створаны новыя. У адпаведнасці з указам 1795 Кацярыны II пачаўся працэс пераходу уніятаў у праваслаўе. Да праваслаўнай царквы быў далучаны 721 прыход з 463 святарамі і прыхаджанамі. Паводле афіц. даных у пач. 19 ст. да праваслаўнай царквы далучылася больш за 2 мільёны былых уніятаў. У 1839 Полацкі царк. сабор абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з праваслаўнай царквой. Уніяцтва фактычна было забаронена. У выніку да праваслаўнай царквы далучана каля 1607 прыходаў і 1600 тыс. вернікаў. Былым уніятам пакінуты толькі абрады і звычаі, якія «не супярэчылі сутнасці праваслаўя». Каб дасягнуць аднастайнасці ў царк. абраднасці бел. і рус. праваслаўных вернікаў, распаўсюджваліся рас. богаслужэбныя выданні, якія павінны былі замяніць старыя, часоў ВКЛ. Пачалося распаўсюджванне святынь, звязаных з імёнамі рас. святых і дзеячаў царквы. У іх гонар будаваліся цэрквы, асвячаліся прастолы, многія рас. абразы пачалі шанавацца як цудатворныя. Адначасова праводзілася афіц. палітыка русіфікацыі, для чаго павінна была прычыніцца і царква. Паводле сведчанняў рас. святароў, якія служылі ў бел. прыходах, праваслаўная абраднасць мела тут яўныя сляды ўплыву каталіцкай і уніяцкай абраднасці, старыя богаслужэбныя кнігі нярэдка былі таксама уніяцкага паходжання, па якіх да 1880-х г. служылі «тысячы праваслаўных святароў Заходняга Краю Расіі». На далучанай да Рас. імперыі ў 1772 тэр. Беларусі ў 1773 створана Беларуская рымска-каталіцкая епархія (з 1782/83 — Магілёўская архіепархія), якой былі падпарадкаваны кляштары і касцёлы. У Расіі апынуліся каля 100 тыс. католікаў лацінскага і 800 тыс. грэка-каталіцкага абрадаў: першыя падлягалі юрысдыкцыі архібіскупа магілёўскага, другія — свайго мітрапаліта кіеўскага. Каталіцкае насельніцтва лацінскага абраду ў тагачаснай канфесіянальнай структуры Беларусі складала 14—15% (ад агульнай колькасці насельніцтва ў 1795 каля 3 млн.). У 2-й пал. 19 ст. ў прылеглых да літоўскай мяжы Браслаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Радунскім і Свірскім дэканатах католікі складалі пераважную большасць насельніцтва, іх колькасць ва ўсх. і паўд. напрамку паступова змяншалася да некалькіх працэнтаў. Паводле статыст. звестак у 1781 на Беларусі католікаў было 428,9 тыс.чал. У 1801 для кіравання лацінскай царквой у Рас. імперыі ўтворана Рымска-каталіцкая духоўная калегія. У 19 ст. сярод насельніцтва Беларусі было каля 4/5 праваслаўных вернікаў (з далучанымі уніятамі) і 1/5 католікаў; каталіцтва, як і раней, было найб. распаўсюджана сярод магнатаў і шляхты. На абмежаванне дзейнасці каталіцкай царквы ў Рас. імперыі паўплывала паўстанне 1830—31, у якім актыўны ўдзел прынялі каталіцкае духавенства і манаства. Указам ад 19.7.1832 у зах. губернях скасавана 199 кляштараў, уведзена цэнзура на царкоўныя казанні.
З прычыны пераходу уніятаў у каталіцтва 31.12.1839 выдадзена распараджэнне дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў віцебскаму, смаленскаму і магілёўскаму ген.-губернатару князю Далгарукаму «аб мерах па спыненні пераходу з праваслаўя ў каталіцтва». У 1864 пры Мін-ве ўнутр. спраў Рас. імперыі былі распрацаваны статыстычныя матэрыялы аб канфесіянальнай структуры Беларусі: у 5 губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) было 2502,1 тыс. праваслаўных, 1333,7 тыс. католікаў, 19 951 пратэстант, 37 121 старавер і 463 217 іудзеяў. Найб. падрабязныя звесткі па веравызнанні былі атрыманы ў выніку ўсеагульнага перапісу насельніцтва Рас. імперыі ў 1897. У 40 паветах з большасцю бел. насельніцтва 66,6% адносілі сябе да праваслаўнага веравызнання (у т. л. 62,3% беларусаў), 18,1 % — да каталіцтва (12,4% беларусаў), 13,5% — да іудаізму, 1,8% — да астатніх рэлігій. Найбольш праваслаўных было сярод жыхароў Магілёўскай губ. (83,1%, у т. л. 80,6% беларусы); католікаў — у Віленскай губ. (58,8%; 32,8% беларусы). У 5 бел. губернях пражывала 5114,7 тыс. праваслаўных, 1947,6 тыс. католікаў, 83 022 стараверы (у Віцебскай губ.), 1209, 8 тыс. іудзеяў, 13 877 мусульман (разам з Валынскай і Ковенскай губ.). Спробы царскіх улад прымусіць ксяндзоў весці набажэнствы на рус. мове не мелі поспеху. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачаўся працэс нац. абуджэння, фарміравання нац. самасвядомасці, з’явіліся пераклады Свяшчэннага Пісання і каталіцкай рэліг. літаратуры на бел. мову (катэхізісы, малітоўнікі, кантычкі і г.д.). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі з’явіліся новыя пратэстанцкія кірункі: баптызм (з 1880-х г.), евангельскае хрысціянства, ці пашкоўшчына, містычнае вучэнне Кандрація Маляванага, адвентызм сёмага дня (з 1910). Іх пашырэнне на Беларусі было вынікам дзейнасці нямецкіх і англійскіх прапаведнікаў, міграцыі сялян і гараджан. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі налічвалася каля 1 тыс. паслядоўнікаў баптызму і евангельскага хрысціянства (часткова сярод ням. каланістаў, у асн. сярод беларусаў), а таксама некалькі дзесяткаў адвентыстаў (у асн. сярод немцаў, якія перайшлі ў адвентызм з лютэранства). У 1920—30-я г. канфесіянальная гісторыя ўсх. і зах. Беларусі набыла адрозненні, звязаныя з іх рознымі гіст. лёсамі.
Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Пасля ўстанаўлення сав. улады СНК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», у якім былі абвешчаны дэмакратычныя рэліг. свабоды і правы ўсіх рэліг. аб’яднанняў перад законам, а таксама гарантаваны правы кожнага грамадзяніна спавядаць любую рэлігію ці не спавядаць ніякай. Аднак паступова ўмовы для рэліг. дзейнасці на тэр.БССР рэзка пагоршыліся.
8.4.1929 ВЦВК РСФСР выдаў пастанову «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якая замацавала абавязковую рэгістрацыю рэліг. т-ваў; дзейнасць рэліг. арг-цый абмежавана задавальненнем рэліг. запатрабаванняў вернікаў у межах малітоўных дамоў; забараняліся місіянерская дзейнасць, рэліг. прапаганда, матэрыяльная падтрымка цэркваў і інш. Адзначаюць 3 хвалі ганенняў на ўсе канфесіі: 1929—30, 1932—34, 1936—38. У гэтыя гады ў сав. Беларусі вялася жорсткая барацьба з рэлігіяй: зачыняліся цэрквы і манастыры (пазней іх перабудавалі ў сховішчы, клубы, школы і інш. ўстановы); падвергнуты ганенням духавенства, манахі, вернікі (незалежна ад веравызнання). Канфесіі страцілі значную частку сваіх малітоўных будынкаў, цэркваў, касцёлаў; храмы былі разрабаваны, знікла шмат культавых рэчаў, сярод якіх былі і свяшчэнныя (у 1921 у вернікаў адабрана сярэбраная рака і крыж прападобнай Ефрасінні — аб’екты пакланення і паломніцтваў). Паводле звестак камісіі па аддзяленні царквы ад дзяржавы на 1.1.1930 на тэр. Беларусі яшчэ дзейнічала 1766 рэліг. аб’яднанняў: 1022 праваслаўныя, 111 рымска-каталіцкіх, 547 іудзейскіх, 86 пратэстанцкіх; у 1930—31 пад культурныя і гасп. ўстановы былі перададзены 573 праваслаўныя цэрквы, 29 касцёлаў, 366 сінагог, 2 капліцы, 52 малітоўныя дамы. Да канца 1936 на тэр.БССР засталося толькі 11% культавых будынкаў. 23.7.1922 абвешчана Бел. праваслаўная мітраполія на чале з епіскапам мінскім Мелхіседэкам (Паеўскім). Аднак яе дзейнасць хутка заняпала (у 1925 мітрапаліт быў выкліканы ў Маскву, зняволены ў турму, а потым высланы ў Краснаярск). Пры сав. уладзе ў праваслаўнай царкве было справакавана ўзнікненне т. зв. абнаўленства, якое павінна было аслабіць царк. арг-цыю — разбурыць яе знутры, знізіць аўтарытэт царквы і яе ўплыў на вернікаў. Да 1923 большасць праваслаўных іерархаў вымушана была прыняць абнаўленскае кіраўніцтва, абнаўленцам перададзена большасць дзеючых цэркваў (да 1924—500 храмаў). У ліст. 1917 адрадзіла дзейнасць Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Аднак пасля ад’езду з Расіі біскупа Дэрбіньі, які ў 1925 афіцыйна прыязджаў з Рыма ў Маскву для ўрэгулявання духоўных спраў каталіцкага касцёла, пачалася хваля арыштаў і рэпрэсій каталіцкага духавенства. Мінскі каталіцкі епіскап Зыгмунд Лазінскі ў 1925 пад пагрозай арышту выехаў у Польшчу і заснаваў сваю кафедру ў Пінску. Услед за епіскапам з БССР у Польшчу выехалі многія каталіцкія святары. Царк.-рэлігійнае жыццё епархіі хутка сціхла, касцёлы перададзены пад культ.-гасп. ўстановы. Культавыя рэчы вернікі хавалі ў дамах, у лепшым выпадку перадавалі ў музеі. Дэклараваныя гарантыі рэліг. свабод і магчымасць законным шляхам рэгістраваць абшчыны і малітоўныя дамы ў 1 -я гады існавання сав. улады выклікалі ажыўленне рэліг. дзейнасці пратэстантаў: былі заснаваны новыя абшчыны, пабудаваны малітоўныя дамы, пачалі дзейнічаць заснаваныя евангельскімі хрысціянамі і баптыстамі калектыўныя гаспадаркі і камуны, выдавалася шмат рэліг. літаратуры. Актыўнасць пратэстанцкіх арг-цый у краіне сустрэла процідзеянне з боку антырэліг. арганізацый, асабліва створанага ў 1925 Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР (у 1926 створаны яго бел. філіял). У крас. 1929 на II Усесаюзным з’ездзе Саюза ваяўнічых бязбожнікаў прынята рэзалюцыя, у якой абвяшчалася праграма барацьбы з сектанцтвам і канстатавалася, што «рэлігійныя арганізацыі ў асобе іх вярхоў, прапаведнікаў, актывістаў з’яўляюцца палітычнай агентурай і ваенна-шпіёнскімі арганізацыямі міжнароднай буржуазіі». З 1937 усе абшчыны перайшлі на нелегальнае становішча, шмат вернікаў і прэсвітэраў рэпрэсіравана. У гэты перыяд абраднасць вымушана набыла сямейны, хатні характар і перамясцілася з храмаў ці малітоўных дамоў у дамы вернікаў. Сама сям’я павінна была як бы ператварыцца ў царк. абшчыну, дзе ролю святара з прычыны яго адсутнасці выконваў галава сям’і. Веравызнанне захавалася на ўзроўні ўшанавання найб. вялікіх рэліг. свят і выканання самых неабходных рытуальных дзействаў — малітваў, спеваў, пастоў, рытуальных страў, выканання гал. таінстваў — хрышчэння, вянчання, адпявання.
У Польшчы, у складзе якой з 1921 знаходзілася Зах. Беларусь, у 1922 абвешчана (у 1924 кананічна прызнана канстанцінопальскім патрыярхам) Польская аўтакефальная праваслаўная царква на чале з варшаўскім мітрапалітам Дыянісіем. У 1939 у ёй існавала 5 епархій, у т. л. Віленская, Гродзенска-Навагрудская і Палеская. Дзярж. ўлады Польшчы праводзілі актыўную палітыку акаталічвання і паланізацыі праваслаўнага насельніцтва. Шмат цэркваў было зачынена або перададзена католікам (больш як 1300 былых праваслаўных храмаў ператворана ў касцёлы). З 1921 да 1931 доля праваслаўнага насельніцтва зменшылася з 57,3 да 56,6%.
Каталіцкі касцёл у Зах. Беларусі меў прывілеяванае становішча. Канкардат польскай дзяржавы з Папскай курыяй гарантаваў ёй правы і прывілеі. З 1921 тут існавалі 2 рымска-каталіцкія епархіі: Віленскае архібіскупства-мітраполія і Пінскае біскупства, кожная з іх мела сваю духоўную семінарыю, у Вільні пры ун-це дзейнічаў багаслоўскі факультэт. Паводле перапісу насельніцтва 1931 у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах з 3465 тыс. жыхароў 1202 тыс. чалавек (34,6%) аднеслі сябе да каталіцкага веравызнання і прызналі польскую мову роднай. Гэта было вынікам таго, што духавенства было польскае і праводзіла актыўную паланізацыю сваіх прыхаджан. Дзярж. ўлады Польшчы актыўна процідзейнічалі аднаўленчаму руху сярод бел. ксяндзоў, пашырэнню беларускамоўнай рэліг. літаратуры і ўжыванню бел. мовы ў набажэнстве. Спроба ксяндзоў Казіміра Сваяка, Язэпа Германовіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча і інш. ўвесці бел. мову ў набажэнства сустрэла актыўнае процідзеянне іерархаў царквы і нават мясц. шляхты. Была таксама спроба адрадзіць бел. грэка-каталіцкую царкву. У 1920-я г. езуіты заснавалі місіянерскія базы ў Альбярціне, Вільні, Любліне, Дубне і Пінску. Пасля дзесяцігадовай місіянерскай працы ў 1935 уніяты мелі: у Віленскім архібіскупстве 4 прыходы, 7 святароў і каля 3 тыс. прыхаджан; у Пінскім біскупстве 12 святароў і каля 6 тыс. прыхаджан; у Падляшшы 9 святароў і каля 3200 прыхаджан; у Альбярціне (каля Слоніма) 50 місіянераў і каля 300 прыхаджан. Але спробы аднаўлення уніяцтва на Беларусі не спраўдзіліся ў поўнай меры (да 1941 засталіся толькі 3 грэка-каталіцкія абшчыны); ва ўмовах канспірацыі дзейнічаў створаны ў маі 1940 экзархат Беларусі на чале з А.Неманцэвічам. У 1920—30-я г. на тэр.Зах. Беларусі (пераважна на Палессі) у выніку дзейнасці рээмігрантаў і місіянераў з Амерыкі, замежных (нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх) місій пашыраліся пратэстанцкія веравучэнні (пяцідзесятніцтва, евангельскае хрысціянства, баптызм, іегавізм, адвентызм). Заснаваныя на Палессі абшчыны існуюць і ў наш час.
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР кіраўніцтва СССР вымушана было лічыцца з вял. колькасцю вернікаў на далучаных землях. Праваслаўнае і каталіцкае духавенства Зах. Беларусі стала асновай для аднаўлення і развіцця духоўнага і царк. жыцця насельніцтва Беларусі. Быў прадоўжаны працэс фарміравання бел. хрысціянскай традыцыі са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі) прызначаны экзархам Зах. Беларусі і Зах. Украіны і архіепіскапам пінскім і навагрудскім, з ліп. 1940 — правячым архірэем Гродзенска-Вілейскай епархіі.
У 2-ю сусв. вайну са згоды ням. акупацыйных улад на тэр. Беларусі адчынены праваслаўныя і каталіцкія храмы, дзейнічалі пратэстанцкія абшчыны (у асн. ва ўсх. абласцях Беларусі, бо ў заходніх рэлігійныя арг-цыі не спынялі свайго існавання з даваенных часоў). Ням. ўлады, нягледзячы на сваё неадназначнае стаўленне да хрысціянства, разглядалі рэлігію як адзін з ідэалагічных сродкаў барацьбы з бальшавікамі і таму спрыялі дзейнасці рэліг. арг-цый. Усе абшчыны знаходзіліся пад пільным кантролем акупац. улад, якія рэгламентавалі іх дзейнасць, парадак правядзення набажэнстваў і колькасць удзельнікаў. На тэр. акупіраванай Беларусі было ўтворана 6 праваслаўных епархій. У аснову яе дзейнасці былі пакладзены ідэі богаслужэнняў на бел. мове, звароту да старых традыцый (напр., да старога календара), аднаўлення аўтакефаліі Бел. праваслаўнай царквы. У сак. 1942 сабор бел. епіскапаў выбраў мітрапалітам Беларусі епіскапа Панцеляймона, які насуперак жаданню ням. улад і часткі бел. духавенства, не абвясціў Бел. царкву аўтакефальнай. Пад прымусам акупац. улад Панцеляймон быў адлучаны ад кіраўніцтва царквой і зняволены ў манастыр, а кіраванне перададзена яго памочніку архіепіскапу Філафею (Нарко), які 30.8.1942 склікаў Бел.царк. сабор, дзе была прынята заява аб аўтакефаліі Бел. царквы (у маі 1944 сабор бел. епіскапаў абвясціў пастановы сабора 1942 несапраўднымі па той прычыне, што на ім адсутнічалі 2 старэйшыя бел. епіскапы, якіх акупац. ўлады не дапусцілі на сабор; аўтакефалія не атрымала кананічнаяга прызнання і канстанцінопальскім патрыярхам). У гады вайны адноўлена дзейнасць і каталіцкай царквы ва ўсх. абласцях Беларусі, дзе ў перадваенны час не засталося ніводнага дзеючага касцёла. 15 ксяндзоў аднавілі касцельную дзейнасць у Мінску, Слуцку, Бабруйску, Магілёве і інш. гарадах. Пры актыўным садзейнічанні ксяндзоў В.Казлоўскага, А.Адамовіча, Н.Кушаля пачаты працэс беларусізацыі касцёла. Разам з тым акупанты жорстка распраўляліся з прадстаўнікамі духавенства — праваслаўнага і каталіцкага (бел. і польскага) — па абвінавачанні ў дапамозе сав. партызанам ці польскаму падполлю. Спробы аднавіць уніяцкую царкву ням. ўлады спынілі (экзарх грэка-уніяцкай царквы на Беларусі Неманцэвіч быў арыштаваны, Альбярцінскі манастыр разагнаны, парафія ліквідавана). У час акупацыі значна актывізавалася царк. жыццё пратэстантаў. Пачалі дзейнасць абшчыны, якія існавалі раней, адкрыліся малітоўныя дамы і баптысцкія школы.
У гады 2-й сусв. вайны адносіны сав. улады да рэліг. арг-цый значна змяніліся. Гэта выявілася ў легалізацыі дзярж.-царк. адносін, падтрымцы праваслаўнай царквы, якая садзейнічала агульнанар. патрыятычнаму ўздыму. У 1943—44 створаны Савет па справах Рус. праваслаўнай царквы і Савет па справах рэліг. культаў, адноўлена дзейнасць Маскоўскага патрыярхата Рус. праваслаўнай царквы (у 1943 пасля доўгага перапынку абраны патрыярх), пачалі выпускаць на волю рэпрэсіраваных раней архірэяў, стаў выдавацца «Журнал Московской патриархии». Пасля вайны рост амаль усіх канфесій на Беларусі працягваўся. Духавенства і царк. саветы імкнуліся ўтрымаць тое, што было да гэтага часу набыта. Гэты перыяд адметны павышэннем рэлігійнасці, што звычайна тлумачылася ваен. і пасляваен. цяжкасцямі жыцця, аслабленнем антырэліг. палітыкі сав. улады ў першыя пасляваенныя гады. З узмацненнем рэлігійнасці павялічвалася колькасць абрадаў хрышчэння, шлюбу, пахаванняў, актывізавалася дзейнасць святарства; расла колькасць вернікаў. Найб. пашырэнне мела праваслаўная царква, якая была падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 2-й пал. 1940-х г. на вышэйшых іерархічных святарскіх пасадах у Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхата: у Мінску архіепіскап мінскі і беларускі Піцірым, у Пінску архіепіскап пінскі і лунінецкі Данііл, у Брэсце і Гродне епіскап брэсцкі (потым гродзенскі) Паісій. У 1949 на Беларусі зарэгістравана 1060 праваслаўных абшчын, найбольш іх было ў Брэсцкай (188) і Баранавіцкай (180), найменш у Віцебскай (26) і Палескай (24) абласцях; дзейнічала 757 праваслаўных святароў, 56 дыяканаў і 564 псаломшчыкі. Рыхтавалі святароў у Мінскай духоўнай семінарыі (у 1949 было 112 навучэнцаў). Праваслаўнае духавенства зах. і ўсх. Беларусі адрознівалася па ўзроўні адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы і ўплыве на вернікаў. Ва ўсх. толькі адзінкі мелі адпаведную падрыхтоўку, адукацыю і маглі чытаць пропаведзі (большасць з іх была рукапакладзена ў час ням. акупацыі), у зах. Беларусі большасць святароў мела не толькі семінарскую адукацыю, але і універсітэцкую. З 1948 аблвыканкомы пачалі вяртаць малітоўныя будынкі грамадскім арг-цыям, якія іх займалі ў даваенны час. У 1950-я г. пасляваенная хваля развіцця праваслаўных арг-цый на Беларусі часткова спала, хоць рэлігійнасць сярод праваслаўнага насельніцтва заставалася ранейшай.
Другой па колькасці абшчын, вернікаў і распаўсюджванні была рымска-каталіцкая царква (РКЦ). Найбольш вернікаў яна мела ў зах. Беларусі. У 1945 тут дзейнічала 325 касцёлаў і налічвалася 692 120 вернікаў, у 1946—309 касцёлаў, якія наведвалі 300—350 тыс. католікаў. Паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі ад 9.9.1944 у Польшчу перасялілася (1944—48) 274 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. 154 ксяндзы. Паслягэтага на Беларусі засталося каля 264 тыс. палякаў-католікаў і каля 287 тыс. беларусаў-католікаў. Адносіны сав. улады да касцёла былі адмоўныя. Сав. ўлады абвінавачвалі РКЦ у сувязі з польскай падп. арг-цыяй Арміі Краёвай. Ксяндзоў абвінавачвалі ў антысав. дзейнасці, уплыве на вернікаў з мэтай сабатажу такіх акцый дзяржавы, як калектывізацыя, дзяржпазыка, дзяржпастаўкі, падпіска на дзяржвыданні і інш. Адразу пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці каталіцкага духавенства і самой царквы. Хваля рэпрэсій ахапіла да 70% каталіцкага кліру. З 1946 па 1949 колькасць касцёлаў скарацілася на 185, на пач. 1950 засталося 248 каталіцкіх абшчын.
Рост пратэстантызму працягваўся. У кастр. 1944 створаны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ), да якога ў жн. 1945 далучыліся хрысціяне веры евангельскай (пяцідзесятнікі). Усесаюзны Савет ЕХБ выконваў свае функцыі праз абласных упаўнаважаных (пазней старшых прэсвітэраў). У 1949 на Беларусі зарэгістравана 200 пратэстанцкіх абшчын і 16 095 вернікаў, большасць якіх знаходзілася ў зах. абласцях (70%). У 1946 зарэгістравана 9 абшчын (357 чал.) адвентыстаў сёмага дня (АСД), у 1949 зарэгістраваны 4 іх абшчыны (амаль столькі ж было незарэгістраваных).
У 1946 дзейнічалі 79 стараабрадніцкіх абшчын: 4 белакрыніцкага кірунку, 1 беспапоўскага, 2 беспапоўцаў-федасееўцаў, астатнія — беспапоўцы паморскага сагласу. Бел. стараабраднікі ў даваенны перыяд страцілі вял. колькасць цэркваў і малітоўных дамоў. І хоць у час акупацыі стараверы вярнулі сабе свае цэрквы, аднак у 1946—50 колькасць стараверскіх абшчын скарацілася да 32.
Пасля вайны на Беларусь пачалі вяртацца яўрэйскія сем’і, якія былі эвакуіраваны на ўсход СССР. Яўрэі-вернікі адразу пачалі хадайнічаць аб стварэнні рэліг. аб’яднанняў і аднаўленні дзейнасці сінагог, таму што ў перадваенны час большасць з іх перададзена пад культ.-асв. ўстановы, а астатнія разбураны і спалены ў гады вайны. Дазвол на рэгістрацыю атрымалі толькі 2 абшчыны — у Мінску і Бабруйску (дзе пазней мясц. ўлады адабралі памяшканне). Яўрэі Беларусі мелі сувязь з Маскоўскай сінагогай, адкуль атрымлівалі рытуальна-культавыя рэчы (напрыклад, «эсрыг» — пальмавую галінку з плодам для свята «Кушчы», мацу для пасхальных святкаванняў і інш.).
У 1946 на Беларусі існавала некалькі мусульманскіх абшчын (падпарадкаваных Духоўнаму ўпраўленню мусульман еўрапейскай часткі СССР і Сібіры, якое знаходзілася ў Уфе), 9 мячэцяў (напалову менш за перадваенную колькасць), якія наведвалі каля 600 вернікаў. У 1953 засталіся толькі 2 мячэці і 370 вернікаў.
Гісторыя дзяржаўна-царк. адносін з сярэдзіны 1950-х г. да сярэдзіны 1980-х г. была вельмі складанай і хутка мянялася. Дэклараваны М.С.Хрушчовым кірунак на будаўніцтва камунізму ў 20-гадовы тэрмін патрабаваў і фарсіраваных дзеянняў у дачыненні да рэлігіі. Асаблівая ўвага засяроджвалася на поўнай забароне рэліг. адукацыі і выхавання непаўналетніх. Выпадкі знаходжання непаўналетніх на рэліг. службах, малітоўных сходах разглядаліся як парушэнне заканадаўства аб культах. Адбыліся змены ў статусе і арганізацыі прыходаў: духавенства праваслаўнай, рымска-каталіцкай царквы і духоўныя настаўнікі старавераў пераведзены на цвёрдыя аклады; кіраванне ў прыходах перададзена выканкомам, якія павінны былі вырашаць усе фінансавыя і гасп. пытанні; святароў фактычна ператварылі ў наёмных асоб, якія маглі быць звольнены і адхілены ад службы ў прыходзе. Пад любымі прычынамі і без іх пачалося масавае закрыццё малітоўных будынкаў. У 1950—64 у СССР штогод зачынялася ў сярэднім па 420 цэркваў. З 1959 па 1962 колькасць праваслаўных цэркваў на Беларусі скарацілася з 944 да 732. Некаторыя рэліг. цэнтры пад адм. націскам спынілі сваю дзейнасць (у 1960 Усесаюзны савет адвентыстаў сёмага дня). Пастаяннае ўмяшанне ўлад ва ўнутр. справы царквы выклікала ўнутраныя разлады, нават расколы. Праваслаўная царква спрабавала прыстасавацца да новых складаных умоў існавання. Святары пачалі спраўляць замест адной абедні дзве (раннюю і познюю), практыкаваць завочнае адпяванне памерлых. За 20 гадоў (1966—86) праваслаўная царква прайшла шлях ад зніжэння яе вагі ў грамадстве (змяншэнне колькасці яе будынкаў і абшчын, ганенняў і ідэалаг. ўціску) да адноснай стабілізацыі і адаптацыі ў новых умовах існавання. У 1970 на Беларусі засталося 380, а ў 1975—373 праваслаўныя абшчыны. Гэтыя лічбы заставаліся амаль што нязменнымі да 1988.
З 1959 узмацніліся меры па абмежаванні дзейнасці каталіцкага духавенства. За 1959—66 колькасць абшчын рымска-каталіцкай царквы рэзка зменшылася, зняты з рэгістрацыі 80 касцёлаў, на пач. 1967 дзейнічалі 104 касцёлы і 65 ксяндзоў. Каталіцкая царква на Беларусі знаходзілася пад моцным уплывам Ватыкана, які дзейнічаў праз польскі і літоўскі епіскапаты. Пасля рашэнняў II Ватыканскага Сабора аб перакладзе літургіі з латыні на нац. мовы набажэнствы ў бел. касцёлах сталі праводзіць на польскай мове, пацяплелі адносіны паміж каталіцкім і праваслаўным духавенствам. Ад кіраўніцтва ЕХБ улады патрабавалі актыўнага ўключэння вернікаў у грамадскае жыццё (чытання вернікамі прэсы, наведвання імі лекцый, кіно, тэатраў, клубаў). Сталі больш жорсткімі адносіны да абшчын ЕХБ, змешаных з пяцідзесятнікамі: у 1960—64 «за іншамоўе, прароцтвы, адмаўленне ад службы ў арміі» была знята з рэгістрацыі 31 абшчына. У 1966 дзейнічала 149 зарэгістраваных і 22 незарэгістраваныя абшчыны ЕХБ. Існавалі і стараабрадніцкія абшчыны. У Гомельскай вобл. на пач. 1961 дзейнічала 31 абшчына беспапоўскага сагласу і адна — белакрыніцкага. У 1975 колькасць стараабрадніцкіх абшчын знізілася да 24, у 1989 — да 22. Працягвалі сваю дзейнасць групы іудзеяў і мусульман (існавала адзінае мусульманскае аб’яднанне; 250 чал.). Да 1960 існавалі 2 зарэгістраваныя іудзейскія аб’яднанні ў Мінску і Калінкавічах (апошняе знята з рэгістрацыі «за парушэнне заканадаўства аб культах», а сінагога перададзена пад клуб пенсіянераў). Мінская абшчына доўгі час існавала без рабіна і ў 1960—70-я г. сінагогу наведвала каля 150 чал. У 1975—77 у саюзных рэспубліках СССР прыняты акты «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якія пашырылі магчымасці рэліг. арг-цый і пазбавілі іх ад дробнай апекі з боку ўлад; прыняты меры па пашырэнні правоў Савета па справах рэлігій пры СМСССР. У 1986—87 у краіне створаны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэліг. арг-цый, што прывяло да значнага павышэння іх колькасці: дзейнічалі 370 праваслаўных цэркваў, адзін манастыр (у Жыровіцах), 103 касцёлы (66 з іх у Гродзенскай вобл.), больш за 200 пратэстанцкіх, 23 стараабрадніцкія, 1 іудзейская абшчына ў Мінску і мячэць у Іўі. У крас. 1988 напярэдадні ўрачыстага святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі, адбылася сустрэча патрыярха РПЦ Пімена і членаў Сінода з Генеральным сакратаром ЦККПСС М.С.Гарбачовым, пасля якой царква атрымала права свабоднай богаслужэбнай, місіянерскай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і выдавецкай дзейнасці. Святарам быў адкрыты доступ да сродкаў масавай інфармацыі, у навуч. ўстановы. На працягу 1988 на Беларусі зарэгістравана 29 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 3 пратэстанцкія новыя абшчыны. У 1989 у Беларусі дзейнічала 399 праваслаўных прыходаў. Адноўлены Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі, пачалося стварэнне Брэсцкай і Гомельскай. На Архірэйскім саборы РПЦ (кастр. 1989) у Маскве прынята рашэнне аб утварэнні Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата, у які ўвайшлі ўсе епархіі з прыходамі і манастырамі на тэр. Беларусі. Рашэннем Свяшчэннага сінода Рус. праваслаўная царква на Беларусі атрымала статус Бел. экзархата, а мітрапаліт мінскі і беларускі Філарэт — патрыяршага экзарха Беларусі. У 1989 на базе Жыровіцкага манастыра пачала дзейнічаць праваслаўная духоўная семінарыя. Пры Мінскім епархіяльным упраўленні адкрыліся курсы па падрыхтоўцы рэгентаў, пачаў выходзіць бюлетэнь «Минские епархиальные ведомости» (тыраж 700 экз.). Пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці і рымска-каталіцкай царквы. Адчыняліся старыя і будаваліся новыя касцёлы, аднаўлялася дзейнасць манаскіх ордэнаў, місіянерская дзейнасць, выданне рэліг. л-ры. Усталяванню спрыяльных адносін паміж кіраўніцтвам сав. дзяржавы і рымска-каталіцкай царквой садзейнічала сустрэча М.С.Гарбачова з папам рымскім Іаанам Паўлам П. У 1989 створана Мінская епархія, у якую апостальскім адміністратарам прызначаны ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч. У 1989 з Саюза ЕХБ (на Беларусі аб’ядноўваў 187 абшчын) выйшлі пяцідзесятніцкія абшчыны і, па ўзгадненні з Саветам па справах рэлігій, стварылі сваю рэсп. арг-цыю, якая аб’яднала 114 абшчын. У пратэстанцкіх арг-цыях было 21 805 вернікаў, у т. л. 9201 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 11 973 пяцідзесятнікаў і 1631 адвентыст. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі ў 1990 доля вернікаў сярод насельніцтва вырасла да 30%; павялічылася колькасць абрадаў: хрышчэння дзяцей у 1,5 раза, вянчання ў 3 разы. Праваслаўная царква на Беларусі налічвала 6 епархій, 603 абшчыны, у т. л. 126 новых; ёй вярнулі будынак жаночага манастыра ў Полацку, дзе пасялілася 20 манашак, а пазней сюды пераехалі яшчэ 35 манашак з Жыровіч. Праваслаўныя святары сталі выконваць абрады, якія раней забараняліся ўладамі: асвячэнне жылля, гасп. пабудоў, калодзежаў, аўтамабіляў; адпраўлялі трэбы ў дамах і кватэрах вернікаў.
Каталіцкая царква адкрывала новыя прыходы, запрашала святароў з-за мяжы (на 222 зарэгістраваныя абшчыны заставалася толькі 59 мясц. ксяндзоў, 109 запрошаны пераважна з Польшчы); заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенская рымска-каталіцкая епархія (у межах Гродзенскай вобл.) і Мінска-Магілёўская архіепархія-мітраполія (архідыяцэзія, у межах Мінскай і Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай рымска-каталіцкай епархіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1999 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). Генеральным вікарыем на Пінскі дэканат, які ўключаў 40 касцёлаў, прызначаны К.Свёнтак.
З пач. 1990-х г. на Беларусі адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, што звязана з духоўнымі пошукамі часткі інтэлігенцыі і ідэяй пра царкву, у якой набажэнства і культ былі б звязаны з бел.нац. традыцыямі, мовай, сімволікай. Рэліг. абшчыны грэка-католікаў былі нешматлікія; толькі ў Мінску і Полацку вернікі-уніяты звярнуліся ў гарвыканком з просьбай аб рэгістрацыі. Актывізавалі сваю дзейнасць і этнаканфесіянальныя групы стараабраднікаў (зарэгістраваны 2 новыя абшчыны), мусульмане (зарэгістравана абшчына ў Мінску, да 70 чал.), пачалі дзейнічаць 3 іудзейскія абшчыны (акрамя Мінска, зарэгістраваны арг-цыі ў Віцебску і Бабруйску). Працэс канфесіяналізацыі грамадства працягваецца. З 1988 да 2003 колькасць рэліг. арг-цый павялічылася ў 2,5, а рэліг. кірункаў — у 3 разы. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі доля вернікаў у краіне вырасла да 47—49 %.
Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы зах. і ўсх. традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на бел. зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На афіц. рэспубліканскіх мерапрыемствах заўсёды прысутнічаюць лідэры і праваслаўнай, і каталіцкай цэркваў. Дзейнасць рэліг. абшчын і цэркваў рэгулюецца адпаведнымі статутамі і дзярж. заканадаўчымі актамі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі 1996) забяспечвае роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. У 1992 Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (прайшоў міжнар. экспертызу і прызнаны адпаведным міжнар. стандартам; у 2002 у яго ўнесены змены і дапаўненні) абвясціў свабоду рэліг. аб’яднанняў, гарантаваў усім грамадзянам аднолькавыя правы незалежна ад рэліг. прыналежнасці. У Законе акрэслена магчымасць супрацоўніцтва дзяржавы з шэрагам канфесій (у т. л. праваслаўнай, каталіцкай, лютэранскай, іудзейскай і мусульманскай), якія зрабілі істотны ўклад у гіст. развіццё і станаўленне духоўных, культ. і дзярж. традыцый бел. народа. Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае створаны ў студз. 1997 на базе Савета па справах рэлігій пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржкамітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які выконвае функцыі не толькі органа кантролю, але і даследчага і каардынацыйнага цэнтра. У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1.1.2004 зарэгістравана 2863 рэліг. абшчыны. Паводле даследаванняў бел. сацыёлагаў 1994 і 1997 абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічаць сябе: праваслаўнымі (каля 80 % у 1994 і каля 77,4% у 1997), католікамі (адпаведна 9,9 і 10,4; паводле інш. звестак 14,8%), пратэстантамі (0,7 і 0,4%), іудзеямі (0,3% і 0,4%). У выкананні рэлігійных абрадаў і таінстваў рэгулярна прымаюць удзел 5,5%, зрэдку 37%. Асноўная перадача рэліг. традыцый у бел. грамадстве адбываецца праз удзел у святочных набажэнствах. Носьбітамі традыцый з’яўляецца не толькі святарства, але і старэйшае пакаленне, якое ў сям’і выконвае ролю ахоўніка сакральных ведаў. Пашырэнне рэліг. абшчын на Беларусі мае выразна акрэсленую ўнутраную мяжу, якая падзяляе Беларусь на 2 часткі: усх. і заходнюю. Гэтая мяжа супадае з дзярж. граніцай СССР да 1939. Пры гэтым у зах. Беларусі захоўваецца традыцыйны для перад- і пасляваеннага перыяду больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70—80% насельніцтва — веруючыя) і значна большая колькасць абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Праваслаўная царква з’яўляецца самай вял. канфесіяй на тэр. Беларусі. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод інш.рэліг. аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1.1.2004 Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) аб’ядноўвае 1290 абшчын, 10 епархій, 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 дзейнічала 1040 і будаваліся 144 праваслаўныя храмы). Найб. колькасць праваслаўных абшчын у Брэсцкай (322) і Мінскай (292), найменшая ў Магілёўскай вобл. (91). У рэліг. арг-цыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічае духоўная семінарыя га падрыхтоўцы святароў, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Бел. праваслаўная царква мае 8 перыяд. выданняў і штотыднёвую праваслаўную радыёпраграму «Дабравест». БПЦ арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Узначальвае яе мітрапаліт Філарэт (К.В.Вахрамееў), мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. БПЦ актыўна падтрымала і ўключылася ў працэс нац. адраджэння. У 1999 Біблейскай камісіяй на бел. мове выдадзены богаслужэбныя тэксты Божай літургіі. У «Беларускім праваслаўным календары», які выдаецца штогод Мінскім Святапетрапаўлаўскім саборам і Брацтвам святых віленскіх пакутнікаў змяшчаюцца трапары і кандакі дванадзесятым святам і святым зямлі беларускай, перакладзеныя на бел. мову. У праваслаўныя святцы месяцаслова і ў «Звод імёнаў святых» унесены 23 бел. новапакутнікі; кананізаваныя у 1999, і 1000 новапакутнікаў зямлі рускай, кананізаваных у 2000. Бел. святым прысвячаюцца новыя святы, песнапенні, абразы. Спіс бел. святых з кожным годам папаўняецца. Так, 31.1.2001 святы Сінод БПЦ прылічыў да мясцовашанаваных святых архідыякана, экзарха Усяленскага патрыярхата Нікіфара Кантакузена, кіеўскага мітрапаліта свяшчэннапакутніка Макарыя, архіепіскапа астраханскага свяшчэннапакутніка Мітрафана, архіепіскапа рыжскага свяшчэннапакутніка Гаўрыіла, князёў Барыса Тураўскага і Фёдара Астрожскага і інш. У Гродне і Мінску створаны прыходы ў гонар Усіх Святых зямлі Беларускай. У сучаснай бел. праваслаўнай традыцыі ў богаслужэнне паступова ўводзіцца бел. мова (напр., у Святапетрапаўлаўскім саборы Мінска літургія ў першую суботу кожнага месяца і малебен за бел. народ з акафістам святым пакутнікам Антонію, Іаану і Яўстафію віленскім кожную сераду ў 17 гадзін перад абразом з часткамі мошчаў святых віленскіх пакутнікаў). Абсалютная большасць праваслаўных святароў — этнічныя беларусы. З улікам спецыфікі Беларусі, патрабаванняў і патрэб прыхаджан, царк. выданні ў краіне друкуюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай. На дзвюх мовах рыхтуюцца кадры святароў у царк. навучальных установах. Пасланні мітрапаліта Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з нагоды свят і ўрачыстых дат, як правіла, агучваюцца ў Святадухаўскім кафедральным саборы на бел. мове, друкуюцца паралельна на рус. і бел. мовах.
Рымска-каталіцкая царква на Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і абшчын. У 1999 на Беларусі створана Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў (епіскапат), у якую ўвайшлі 4 епіскапы на чале з кардыналам К.Свёнтакам. На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх абшчын (кляштараў), 3 добраахвотныя т-вы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Самай вялікай этнаканфесіянальнай групай з’яўляецца група католікаў-палякаў, якая ў асноўным пражывае на тэр.зах. Беларусі. З усіх каталіцкіх абшчын (432) значная частка (170) знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Каталіцкая царква знаходзіцца пад уплывам Ватыкана (якому яна падпарадкавана), польскага епіскапату (з якім цесна звязана) і культурна-асв. устаноў. Гістарычна склалася, што каталіцкі клір на Беларусі меў пераважна прапольскую арыентацыю, што адыграла пэўную ролю ў фарміраванні пашыранай канцэпцыі атаясамлення этнічнай і рэліг. прыналежнасці: католік — значыць паляк. Уплыў польскага касцёла на беларускі захоўваецца і ў сучасных умовах. З 332 святароў, якія абслугоўваюць прыходы, 192 з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі, пераважна Рэспублікі Польшча. У большасці выпадкаў у касцёле справаводства вядзецца на польскай мове, літаратура паступае з Польшчы. Каталіцкая царква пачала працэс беларусізацыі царк. жыцця: вядзенне набажэнства, выпуск л-ры на бел. мове. Беларусізацыя касцёла адбываецца паступова, нярэдка праз дзейнасць новых рэліг. груп і аб’яднанняў пры касцёлах. Ідзе падрыхтоўка бел. каталіцкіх святароў: у 1996 4 першыя выпускнікі Гродзенскай духоўнай семінарыі (адчынена ў 1990 намаганнямі тагачаснага біскупа Т.Кандрусевіча) атрымалі свой святарскі сан; у 2002 пачала дзейнічаць Пінская вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя св. Фамы (Тамаша) Аквінскага. На Беларусі зарэгістраваны і 2 традыцыяналісцкія абшчыны католікаў, якія прытрымліваюцца старога, дасаборавага (II Ватыканскага сабора, 1962—65) вучэння і адмаўляюць правядзенне імшы на нац. мовах (лічаць латынь адзінай сапраўднай літургічнай мовай), празмерны экуменізм, некаторыя новаўвядзенні ў дачыненні да паводзін асобных афіц. святароў і г.д. Традыцыяналісты ў набажэнстве ўжываюць старую касцельную музыку, грыгарыянскі харал і г.д.
З пач. 1990-х г. адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, зарэгістраваны 13 грэка-каталіцкіх абшчын. Найбольшая з іх у Мінску, астатнія даволі малалікія — у іх па 10—30 чалавек, у асноўным ва ўзросце 25—50 гадоў, паводле сацыяльнага складу пераважна інтэлігенцыя. Святароў-прафесіяналаў маюць толькі абшчыны Мінска і Гродна. Уніяцкія абшчыны накіравалі некалькі чалавек у духоўныя навуч. ўстановы Ватыкана і ў г. Люблін (Польшча). У 1996 з нагоды 400-годдзя Брэсцкай царк. уніі адбыліся канферэнцыі, семінары і ўрачыстыя набажэнствы уніятаў.
У апошнія гады павялічылася колькасць пратэстанцкіх аб’яднанняў як традыцыйных для Беларусі, так і новых (у большасці заснаваных місіянерамі з ЗША і зах. краін). Аднак большасць з іх налічваюць ад 10 да 50 вернікаў. На 1.1.2004 зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх абшчын, з якіх 494 хрысціян веры евангельскай (ХВЕ), каля 270 евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ). Найбольш абшчын ЕХБ і ХВЕ у Брэсцкай і Мінскай абласцях. Існуюць таксама 29 аўтаномных абшчын ЕХБ і абшчын, якія ўваходзяць у Савет цэркваў ЕХБ; 9 аўтаномных абшчын пяцідзесятнікаў, а таксама пяцідзесятніцкіх па накіраванасці абшчын евангельскіх хрысціян у духу апостальскім. Зарэгістраваны Беларуская канферэнцыя адвентыстаў сёмага дня (63 абшчыны), рэліг. аб’яднанне абшчын поўнага Евангелля (62 абшчыны), кальвінская хрысціянская рэлігійная кангрэгацыя «Беларускі евангелічны рэфарматарскі збор» (2 абшчыны), 19 лютэранскіх абшчын. Існуюць неапратэстанцкія аб’яднанні: Новаапостальскай царквы (20 абшчын), Царква Хрыстова (6), абшчыны месіянскага служэння (3), Царква Ісуса Хрыста святых апошніх дзён (мармоны; 3 абшчыны). Большасць неапратэстанцкіх абшчын знаходзіцца ў Мінску і абл. гарадах. Налічваецца 26 місій пратэстанцкага веравучэння і каля 70 тыс. вернікаў. Кадры прэсвітэраў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць 2 вышэйшыя і 2 сярэднія навуч. установы ЕХБ і ХВЕ. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічае 561 малітоўны дом, столькі ж будуецца. У 2003 пратэстанцкія арг-цыі з нагоды 450-годдзя Рэфармацыі на Беларусі правялі юбілейныя канферэнцыі, сумесныя малітвы, тэатралізаваныя прадстаўленні, тэалагічныя дыспуты, канцэрты.
На 1.1.2004 на Беларусі былі 34 стараабрадніцкія абшчыны, з якіх 18 знаходзяцца ў Віцебскай вобл. Існуе 29 іудзейскіх абшчын, якія ўваходзяць у 2 іудзейскія рэліг. аб’яднанні Рэспублікі Беларусь, па 6 з іх у Брэсцкай і Гомельскай абл. Самыя вял. абшчыны ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. У Мінску дзейнічаюць 2 вышэйшыя духоўныя вучылішчы (ешыботы). З-за адсутнасці мясцовых рабінаў святары запрашаюцца з ЗША і Ізраіля. У бел. іудаізме сучасныя кірункі прадстаўлены 14 прагрэсісцкімі абшчынамі. Існуюць 3 месіянскія абшчыны, у якія ўваходзяць у асн. маладыя іудзеі.
На тэр. Беларусі пражывае каля 12,5 тыс. татараў і дзейнічаюць 27 мусульманскіх абшчын (10 з іх у Гродзенскай вобл.), якія ўтварылі 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні. У 1994 у Мінску на 1-м Усебел. з’ездзе мусульман абвешчана ўтварэнне Мусульманскага рэліг. аб’яднання (муфтыяту) Рэспублікі Беларусь.
У канцы 20 ст. ў свеце актывізаваўся працэс фарміравання новых рэлігій, якія можна разглядаць як інстытут адаптацыі грамадства да хуткіх змен. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, урбанізацыя, пашырэнне інфарм. прасторы, фарміраванне тэхналогій уздзеяння на масавую свядомасць і г.д. паўплывалі і ўплываюць на ўзнікненне і пашырэнне новых рэлігій. Іх масавае з’яўленне на Беларусі звязана з паліт. працэсамі канца 1980 — пач. 1990-х г. Атэістычная сістэма выхавання ў часы існавання СССР істотна дыскрэдытавала ў вачах насельніцтва класічныя рэлігіі, місіянерскія магчымасці якіх былі абмежаванымі. Таму новыя рэлігіі пашыраліся амаль без канкурэнцыі. У канцы 1980-х г. атрымалі распаўсюджанне агні-ёга, тэасофія і крышнаізм, з пач. 1990-х г. — Вера Бахаі, Цэнтр Свету Шры Чын Моя, «Брахма Кумарыс» і інш. У сярэдзіне 1990-х г. класічныя рэлігіі значна аднавілі свае структуры на Беларусі і знайшлі падтрымку ўлады. Гэта заклапочанасць грамадства, звязаная з дэструктыўнымі праявамі ў свеце з боку шэрагу новых рэлігій — АУМ Сінрыкё, Белага брацтва, Храма Сонца і інш., значна абмежавалі магчымасці далейшага распаўсюджвання новых рэлігій. На 1.1.2004 у Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 6 абшчын бахаеў, 6 абшчын Міжнароднага т-ва Свядомасці Крышны, 1 абшчына Аамота. Частка рэліг. груп дзейнічае без рэгістрацыі.
Літ.:
Куроедов В.А. Религия и церковь в советском государстве. М., 1981;
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). М., 1971;
Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII. Мн., 1974;
Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990;
Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Пучков П.И., Казьмина О.Е. Религии современного мира. М., 1998;
Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст.Мн., 1999;
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;
Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Гродно, 2000;
Гурко А.В. Новые религии в Республике Беларусь: Этнологич. исслед. Мн., 2003.
А.У.Верашчагіна, А.В.Гурко.
Мінскае капішча. Рэканструкцыя В.Сташчанюка па матэрыялах Э.Ляўкова.Ефрасіння, князёўна Полацкая. Гравюра 19 ст. са старажытнага абраза ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква 12 ст.Тытульны ліст «Бібліі» Ф.Скарыны. 1519.Жыровіцкі абраз Маці Божай.Праваслаўны царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай Пётр Магіла.Хрышчэнне Міндоўга. Гравюра 19 ст.Выява св. Казіміра на абразе Тракельскай Маці Божай. 17 ст. З в. Тракелі Гродзенскай вобл.Кальвінісцкі дзеяч ВКЛ М.Радзівіл (Чорны).Кальвінскі збор (рэфармацкая царква) у в Асташын Карэліцкага раёна Фота пач. 20 ст.Сінагога ў Слоніме. 17 ст.Мячэць у Іўі.Рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч З.Лазінскі.Мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.Архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі-мітраполіі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі Казімір Свёнтак.Вялікдзень у Пакроўскім саборы. Гродна. 1990-я г.Памятны знак у гонар тысячагоддзя праваслаўнай царквы на Беларусі. Заслаўе. 1992.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. 2000.Царква Раства Багародзіцы ў Салігорску. 2000.Абрад хлебапраламлення на малітоўным сходзе ў царкве ЕХБ. Кобрын. 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФІО́ПІЯ, Федэратыўная Дэмакратычная Рэспубліка Эфіопія,
дзяржава на У Афрыкі. Мяжуе на З з Суданам, на Пд з Кеніяй, на ПдУ і У з Самалі, на У з Джыбуці, на ПнУ з Эрытрэяй. Пл. 1127,1 тыс.км². Нас. 67 673 тыс.чал. (2002). Афіц. мова — амхарская. Сталіца — г.Адыс-Абеба. Кра ша падзяляецца на 9 штатаў і 2 прывілеяваныя гарады. Нац. свята — Дзень устанаўлення міру і дэмакратыі (28 мая).
Дзяржаўны лад. Э. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Надзелены прадстаўніцкімі функцыямі. Заканад. ўлада належыць ніжняй палаце парламента (Федэральнага сходу; выбіраецца на 5 гадоў), — Савету нар. дэпутатаў (548 дэпутатаў, выбраны на шматпартыйных выбарах). Верхняя палата — Савет федэрацыі (155 дэпутатаў, выбраны мясц. органамі ўлады). Парламент выбірае прэм’ер-міністра і зацвярджае склад урада.
Прырода. Большую ч.тэр. Э. займае Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн у гарах Сымен, выш. 4623 м — найвыш. пункт краіны), на ПдУ — Эфіопска-Самалійскае плато, якое аддзелена ад нагор’я Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмай. Характэрна павышаная сейсмічнасць. Карысныя выкапні: каменная і калійная солі, плаціна, тантал, золата, медзь, азбест, сера, марганцавыя руды, нафта і прыродны газ. Клімат на Пн трапічны пустынны і паўпустынны, на астатняй ч. субэкватарыяльны, гарачы і сезонна вільготны. Для Эфіопскага нагор’я характэрна вышынная кліматычная пояснасць; сярэднямесячныя т-ры 15—26 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 150—600 мм на раўнінах да 1500—1800 мм у гарах. Дажджы выпадаюць з ліп. па верасень. Упадзіна Афар — адно з самых гарачых месц на Зямлі. Частыя засухі. Рачная сетка густая на Эфіопскім нагор’і (Блакітны Ніл з прытокамі, Ома і інш.), рэдкая на засушлівых плато (Вебі-Шэбелі). Шмат азёр; найб. — Тана (пл. больш за 3 тыс.км²). Пераважаюць чырвона-бурыя і чырвоныя глебы, у гарах — горна-лясныя карычневыя і горна-лугавыя. Каля 1/3тэр. занята хмызняковымі пустынямі і паўпустынямі, на У — апустыненыя саванны, на ПдЗ у далінах рэк і ў гарах на выш. 1700—1800 м дажджавыя трапічныя лясы з дзікарослымі кафейнымі дрэвамі. На зах. і паўд.-зах. схілах нагор’я — вышынная пояснасць ландшафтаў. Жывёльны свет багаты і разнастайны: антылопы, буйвалы, зебры, гіпапатамы, сланы, ільвы, леапарды, малпы, кракадзілы; шмат птушак, у т. л. страус. Нац. паркі Аваш, Сымен, Ома, Фасіл Гебі ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. У складзе насельніцтва каля 80 этн. груп. Асн. насельніцтва — арома (40%), амхара і тыгрэ (32%). Жывуць таксама сідама (9%), шанкела (6%), самалі (6%), афар (4%). Пашыраны семіта-хаміцкія мовы. У гарадах жывуць армяне, арабы, грэкі, індыйцы, пакістанцы. Сярод вернікаў мусульман 45—50%, хрысціян-монафізітаў 35—40%, прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 12%. Сярэднегадавы прырост 2,3%. Сярэдняя шчыльнасць 60 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населены цэнтр. і ўсх. раёны Эфіопскага нагор’я. Гар. насельніцтва 17%. Найб. гарады (тыс.ж.): Адыс-Абеба (2753; 2002), Дырэ-Дауа (173,6), Харэр (162,6), Гондэр (146,8), Назрэт (131,6), Мэкэле (107,7; 1993). У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 8%, у сферы паслуг — 12%).
Гісторыя. На тэр. Э. знойдзены рэшткі стараж. продкаў чалавека. Найб.стараж. насельніцтвам краіны былі кушыты — продкі сучасных народаў агаў, арома, самалі і інш. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачалося перасяленне з Паўд. Аравіі на Пн Э. плямён семітаў. ад назвы аднаго з якіх пайшла першапачатковая назва краіны — Хабаш. больш вядомая еўрапейцам у скажонай форме як Абісінія. Нашчадкі гэтых плямён у пач. 1-га тыс.н.э. стварылі Аксумскае царства. якое займала паўн.ч. Э. і тэр. сучаснай Эрытрэі. У 5 ст.дзярж. рэлігіяй Аксумскага царства (а надалей і яго пераемніцы — Эфіопскай дзяржавы) стала хрысціянства монафізіцкага кірунку (гл.Монафізіцтва). З пач.арабскіх заваяванняў у 7 ст. Аксумскае царства заняпала і распалася. Яго прыбярэжныя раёны былі захоплены арабамі. цэнтр эфіопскай дзяржаўнасці перамясціўся ва ўнутр. частку Эфіопскага нагор’я. На ўзбярэжжы Чырв. мора і ва ўнутр. раёнах краіны ўзніклі мусульм. султанаты Адал, Іфат, Хадзья і інш. Да канца 13 ст.хрысц. вобласці Э. былі аб’яднаны правіцелямі зямлі Шоа — прадстаўнікамі т. зв. Саламонавай дынастыі (прэтэндавалі на паходжанне ад яўр. цара Саламона і царыцы Саўскай). Утварылася Эфіопская дзяржава ў форме імперыі. якую аслабляла непадпарадкаванне цэнтр. уладзе мясц. правіцеляў; спробы ўзмацніць яе пры імператару (негусе негусаў) Зарэ-Якобе [1434—68] мелі толькі часовы поспех. Цяжкія наступствы мелі частыя войны з мусульм. султанатамі; у пач. 16 ст. ўзнікла пагроза з боку Турцыі, якая ўмацавалася на ўзбярэжжы сучаснай Эрытрэі. У 1530-я г. войскі султаната Адал захапілі б.ч. Эфіопскай дзяржавы. але з дапамогай партугальцаў былі выгнаны. З сярэдзіны 17 ст.пасля шэрагу міжусобных войнаў, у т. л. выкліканых спробамі пашырэння ў Э. каталіцтва. адбылася некат. стабілізацыя дзяржавы, але да канца 18 ст. яна зноў распалася на самаст. правінцыі пры захаванні у імператараў намінальнай улады. У сярэдзіне 19 ст. феадал Каса з вобл. Тыгрэ аб’яднаў дзяржаву і абвясціў сябе імператарам Тэадросам II [ 1855—68], але загінуў у вайне з англічанамі. Канчаткова аб’яднанне Э. завершана імператарам Менелікам II (1889—1913). Ён з дапамогай Расіі (сярод яе прадстаўнікоў у Э. важную ролю адыгралі беларусы па паходжанні А.К.Булатовіч і М.С.Лявонцьеў) перамог італьян. агрэсараў у італа-эфіопскай вайне 1895—96. задушыў феад. сепаратызм. правёў грашовую рэформу, распачаў буд-ватэлегр. ліній і чыгункі. У пач. 20 ст. Э. разам з Ліберыяй заставаліся адзінымі незалежнымі краінамі ў Афрыцы. У выніку барацьбы за ўладу пасля смерці Менеліка II у 1916 фактычным правіцелем (рэгентам) Э. стаў Тафары Маконен. які ў 1930 абвясціў сябе імператарам пад імем Хайле Селасіе I [1930—74). У 19.31 прынята першая канстытуцыя Э., якая пацвердзіла абсалютную ўладу імператара. У выніку італа-эфіопскай вайны 1935—36 урад Мусаліні абвясціў Э. часткай калоніі «Італьян.Усх. Афрыка». У 1940—41 Э. вызвалена брыт. войскамі і эфіопскімі партызанамі: у 1952 да яе далучана б.італьян. калонія Эрытрэя. Нягледзячы на пэўны рост эканомікі ў 1950—60-я г., захаванне абсалютысцкага рэжыму і многіх феад. перажыткаў выклікала незадаволенасць у грамадстве. 12.9.1974 ваенныя скінулі Хайле Селасіе I, а ў сак. 1975 скасавалі манархію. Улада перайшла да Часовага ваен.адм. савета. які ў лют. 1977 узначаліў палк. Менгісту Хайле Марыям. Быў абвешчаны курс на пабудову сацыялізму. у 1984 створана кіруючая Партыя працоўных Э. З дапамогай СССР рэжым Хайле Марыяма адбіў націск войск Самалі, якое імкнулася ў 1977—78 захапіць эфіопскую прав. Агадэн. але не здолеў вырашыць праблему Эрытрэі. дзе з пач. 1960-х г. сепаратысты вялі ўзбр. барацьбу за стварэнне незалежнай дзяржавы. У 1980-я г. ўрадавыя войскі Э. пацярпелі ў Эрытрэі шэраг паражэнняў. Пры падтрымцы эрытрэйцаў створаны шэраг сепаратысцкіх рухаў ва ўнутр. раёнах Э.: Нар. фронт вызвалення Тыгрэ. Фронт вызвалення Арома і інш., якія аб’ядналіся ў Эфіопскі нар.рэв.-дэмакр. фронт (ЭНРДФ). Пазіцыі сацыяліст. ўрада былі падарваны эканам. разрухай і сістэматычнымі неўраджаямі. якія сталі прычынай смерці ад голаду больш як 1 млн.чал. 28.5.1991 атрады ЭНРДФ занялі Адыс-Абебу. Падзенне рэжыму Хайле Марыяма адначасова азначала страту народам амхара пануючага становішча ў краіне. якім ён карыстаўся шмат стагоддзяў. Старшынёй Пераходнага ўрада і кіраўніком дзяржавы стаў старшыня ЭНРДФ Мелес Зенаўі. Адначасова Эрытрэя цалкам перайшла пад кантроль мясц. сепаратыстаў і ў 1993 абвешчана незалежнай дзяржавай. У снеж. 1994 прынята новая канстытуцыя Э., якая замацавала федэратыўнае (замест ранейшага унітарнага) уладкаванне дзяржавы. З мая 1995 прэм’ер-міністрам Э. з’яўляецца Мелес Зенаўі. Э. — чл.ААН (з 1945), Афр. саюза (з 2002). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 18.5.1994.
Гаспадарка. Э. — агр. краіна, адна з найбяднейшых у свеце. эканоміка якой залежыць ад замежнай дапамогі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 39,2 млрд.дол. (600 дол. на душу насельніцтва). Сельская гаспадарка дае 45% ВУП і больш за 80% экспарту. Выкарыстоўваецца 30,7 млн.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,5 млн.га. Земляробства — гал. галіна сельскай гаспадаркі. Зямлю апрацоўваюць плужным і матычным спосабам; ураджайнасць нізкая, існуе дэфіцыт харч. прадуктаў. Прыродным і сац. бедствам з’яўляюцца засухі. Каля пал. ворных зямель пад збожжавымі культурамі. Вырошчваюць (млн.т, 1999) кукурузу (2.8), тэф (2), пшаніцу (1,2), сорга (1,3), ячмень (1). Пашыраны бабовыя (гарох, фасоля, сачавіца, боб), алейныя (нут, кунжут, клешчавіна), цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь і інш.Гал. экспартная культура — кава (збор 232 тыс.т, 1999). Асн.ч. прадукцыі прыпадае на дзікарослыя кафейныя дрэвы на Пд і ПдЗ краіны. Садоўніцтва і вінаградарства. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, малапрадукцыйная, на У і ПдУ качавая і паўкачавая, у цэнтр.ч. — адгонна-пашавая. Пагалоўе (млн. галоў, 1999) буйн. раг жывёлы — 35,1, авечак — 22, коз — 16,9, аслоў — 5,2, коней — 2,7, вярблюдаў — 1,1, птушак — 56. Пчалярства. Рыбалоўства (10,4 тыс.т, 1999). Лесанарыхтоўкі. На долю прамысловасці прыпадае каля 10% ВУП. Старэйшая галіна — харчасмакавая (мясаперапр., мукамольная, цукр., алейная, кававая, вытв-сць напіткаў, цыгарэт). У лёгкай прам-сці развіта тэкст. (Адыс-Абеба, Дырэ-Дауа, Бахр-Дар) і гарбарна-абутковая (Адыс-Абеба, Моджа) галіны. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. цэменту, у Дырэ-Дауа, Адыс-Абебе, Мугэры. Дрэваапр.прам-сць (вытв-сць фанеры, мэблі, піламатэрыялаў) сканцэнтравана ў Адыс-Абебе і яе наваколлях. Ёсць маш.-буд. (пераважна зборачныя) і металаапр. прадпрыемствы ў Адыс-Абебе і Назрэце. Здабыча золата, плаціны, марганцавай руды, калійнай солі, кварцавага пяску. Вытв-сць электраэнергіі 1,36 млрд.кВт∙гадз (1998), пераважна на ГЭС (89%). Большая ч. насельніцтва не мае доступу да электраэнергіі. Саматужныя промыслы (вышыўка. ткацтва, пляценне, апрацоўка скуры, металу, драўніны). Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 28,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 4,3 тыс.км. Аўтапарк налічвае 66,1 тыс. аўтамашын. Даўж. чыгункі 681 км (чыг. лінія Адыс-Абеба — порт Джыбуці). Э. мае доступ да партоў Эрытрэі (Асэб і Масаўа). Суднаходства па воз. Тана. Міжнар. аэрапорты ў Адыс-Абебе і Бахр-Дары. Экспарт (460 млн.дол., 1999) кавы, золата, скур, алейных культур; імпарт (1,25 млрд.дол., 1999) харч. прадуктаў, нафты і нафтапрадуктаў, трансп. сродкаў, абсталявання, медыкаментаў. Асн.гандл. партнёры: Японія, Германія, Саудаўская Аравія, Італія, Джыбуці. Даход ад турызму 11 млн.дол. (1998). Грашовая адзінка — быр.
Літаратура. Раннія ўзоры пісьменства (надпісы-прысвячэнні на сабейскай мове) датуюцца першымі стагоддзямі н.э. Уласна л-ра зарадзілася ў час росквіту Аксумскага царства (4—7 ст.н.э.) і развівалася на стараж.-эфіопскай мове — гёэз (гыыз). Зберагліся тэксты пра дзеянні цара Эзана. Да канца 18 ст. аснову л-ры Э. складалі жыціі святых, гіст. хронікі і паэзія; развівалася перакладная л-ра, пераважна з араб. мовы. Сярод арыгінальных твораў гэтага перыяду — «Слава цароў» (14 ст.) і «Багацце цароў» (18 ст.), вядомасць набылі хронікі цароў Амдэ-Цыёна (14 ст.), Зар-Якаба I (15 ст.), Лебнэ Дынгэля (16 ст.). У паэзіі вылучаўся жанр кыне для царк. спеваў. З канца 19 ст.л-ра Э. пачала развівацца на амхарскай мове. Заснавальнік сучаснай л-ры Афэворк Гэбрэ Іесус (гіст. аповесць «Гісторыя, народжаная сэрцам», 1908). У пач. 20 ст. эфіопскія пісьменнікі адышлі ад канонаў сярэдневяковай кніжнасці, л-ра набыла свецкі характар. Найб. значны пісьменнік 1920—30-х г. — Хіруй Вольдэ Селасіе. Пасля італа-эфіопскай вайны 1935—41 развіццё нац. л-ры звязана з дзейнасцю пісьменнікаў-асветнікаў Кэбэдэ Мікаэля, Мэконына Эндалькачаў, Гырмачаў Тэкле Хаўар’ята і інш. У 1950—60-я г. з рэаліст. творамі выступілі празаікі Тадэсэ Лібэн, Бырхану Зэрыхун, Абэ Губэні, паэты і драматургі Мэнгысту Лема, Цэгае Гэбрэ Мэдхын. У 1970—90-я г. плённа працавалі Асэфа Гэбрэ Мар’ям Тэсэма, Аяльнэх Мулату, Бырхану Зэрыхун, Цэгае Гэбрэ Мэдхын і інш. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Э.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У стараж. мастацтве Э. спалучаліся традыцыі афр. культуры, стараж.-ўсх., пераасэнсаванне хрысц.арх. тыпаў і сюжэтаў і еўрап. ўплыву. Сярод найб. даўніх помнікаў каменныя стэлы са схематычнымі выявамі чалавека і сімвалічнымі знакамі (да 2-га тыс. да н.э.). На ПнУ адкрыты наскальныя размалёўкі, рэльефы з фігурамі быкоў і людзей. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. на горных плато квітнела мастацтва Сабейскага царства: пабудовы з часаных каменных пліт (храмы ў Хаўльты), плаціны, алтары і фрызы з выявай горнага казла (месяцавае бажаство Альмаках), скульптура [сядзячыя царскія фігуры, рэльефы, каменныя і тэракотавыя галовы, наскальныя выявы львоў (Габыдра каля Аксума), каменныя сфінксы, вотыўныя троны]. У перыяд узвышэння Аксумскага царства будавалі 2—3-павярховыя палацы з каменю і. дрэва з плоскім дахам на слупах, часам з унутр. дварамі (палац Такха-Мар’ям у Аксуме); каменныя стэлы (вышыня да 33 м), імітуючыя шмат’ярусныя вежы, троны на ступеньчатых фундаментах, жылыя дамы. Эліністычны ўплыў адбіўся ў разьбе па камені, кераміцы, залатых манетах. З сярэдзіны 4 ст. будавалі манастырскія комплексы і базілікальныя цэрквы (комплекс Дэбрэ-Дама). Пасля заняпаду Аксума традыцыі мастацтва Э. адрадзіліся ў 12—13 ст. на У ад воз. Тана. Сярод захаваных помнікаў цэрквы, высечаныя ў туфавых масівах. пячорныя ці пастаўленыя асобна. Скальныя храмы базілікальныя, часам крыжападобныя ў плане, з плоскімі дахамі; усе дэталі (з каменю) імітуюць скляпенні, драўляныя сувязі і ліштвы, раскрапоўкі, цягі. З копцкім і сірыйскім мастацтвам звязаны каменныя крыжы і аркады на дахах цэркваў, рэльефы на іх фасадах (цэрквы Бет-Мар’ям, Бет-Галгота ў Лалібэле). З’явіўся фрэскавы жывапіс: стылізаваныя плоскасныя фігуры святых, выявы жывёл і сцэн палявання (у царкве Медхане-Алем у Лілабэле), евангельскія сюжэты (у царкве Бет-Мар’ям). Адметныя тэмперныя абразы, у т. л. дыпціхі і трыпціхі, пано на палатне. У 14 ст. развівалася мініяцюра. У 15—17 ст. будаваліся гарады, палацы, багатыя цэрквы (Макана Селасіе ў гарах Уола — цэнтр. свяцілішча, абкружанае драўлянай каланадай). Каменныя замкі-палацы (з вуглавымі вежамі, аркадамі, зубчастымі парапетамі, багатым убраннем) спалучалі мясц. традыцыі з уздзеяннем еўрап. (пераважна партугальскага) мастацтва (палац Фасілідаса ў г. Гондар). У вазах з граніту, алебастру, мармуру адбіліся эліністычныя і візант. традыцыі, у ювелірных вырабах — сувязі з Егіптам, Аравіяй, Грэцыяй, Арменіяй, Індыяй. З 2-й пал. 19 ст. будавалі гарады (Адыс-Абеба) з хаатычнай планіроўкай, простыя жытлы, аб’екты сац. прызначэння. У жывапісе з’явіліся гіст. і батальныя тэмы. У 1-й пал. 20 ст. для буд-ва сталіцы запрашалі замежных архітэктараў, якія стваралі праекты ў духу сучаснай архітэктуры. З 2-й пал. 20 ст. фарміруецца прафес.выяўл. мастацтва. Жывапісец і скульптар Афеворк Тэкле, жывапісцы Але Фелеге Селам, Гебрэ-Крыстас Дэста, Абдэль Рахман Шэрыф, скульптар Тадэсе Белайнех і інш. звяртаюцца да стараж. і нар.маст. традыцый, вопыту еўрап. плыней. Традыц.нар. жытло — дамы круглыя ў плане, плеценыя, абмазаныя глінай з канічным дахам; прамавугольныя з каменю з глінай і друзам, маюць плоскі дах і навес. Сярод традыц. рамёстваў ганчарства, пляценне з саломы, апрацоўка металу (ажурныя, чаканеныя, філігранныя крыжы), вы шыўка, разьба па дрэве, цісненне на скуры.
Літ.:
Кацнельсон И., Терехова Г. По неизведанным землям Эфиопии. М., 1975;
Бартницкий А., Мантель-Нечко И. История Эфиопии: Пер. с пол. М., 1976;
Булатович А.К. С войсками Менелика II. М., 1971;
Яго ж. Третье путешествие по Эфиопии. М., 1987;
Ягья В.С. Эфиопия в новейшее время. М., 1978;
Литературы Африки. М., 1979;
Вольпе М.Л. Литература Эфиопии: Очерк. М., 1981.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Эфіопіі.Да арт.Эфіопія. Імператар Менелік II.Да арт.Эфіопія. Стэла ў г. Аксум. Каля 2—4 ст.Да арт.Эфіопія. Палац Фасілідаса ў г. Гондар. 16 ст.