«ЖЫЦІЕ́ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ»,

помнік бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. (дайшоў спіс 14 ст.); адзін з найб. ранніх твораў гістарычнай прозы на Беларусі. Напісана царк.-слав. мовай стараж.-рус. рэдакцыі. Аўтар невядомы. У творы апавядаецца пра жыццё і культ.асветніцкую -дзейнасць Ефрасінні Полацкай, першай жанчыны на Русі, якую царква кананізавала ў святыя. У помніку паўстае вобраз настойлівай і самаахвярнай жанчыны, сапраўднай гераіні свайго часу, услаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. Літаратурны схематызм (вобраз Ефрасінні ідэалізаваны, пазбаўлены многіх індывід. рыс жывога чалавека) і дыдактычная рытарычнасць прыглушаюцца яркімі рэаліямі часу, жыццёвай праўдзівасцю апавядання, якое грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах. Важнае месца ў творы займаюць дыялогі і маналогі-разважанні, якія памагаюць раскрыць унутр. свет герояў. У помніку ёсць цікавыя звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і. Твор спалучае некалькі літ. жанраў: гіст.-маст. біяграфію гераіні (жыціе), сціслае апісанне яе падарожжа ў «святую зямлю» (хаджэнне) і пахвалу. Рукапіс зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

Публ.:

Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 6, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕ́КА Янка (Іван Дарафеевіч; н. 31.8.1915, в. Кострычы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957—67 гал. рэдактар выд-ва «Беларусь». У 1967—91 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969—79 нам. гал. рэдактара). Друкуецца з 1935.

Аўтар прац па пытаннях развіцця класічнай і сучаснай бел. л-ры: зб-кі «З невычэрпных крыніц» (1958), «Натхненне і майстэрства» (1963), кн. «Беларуская байка» (1960), «Кандрат Крапіва» (1965), «Кузьма Чорны» (1980). Даследуе пераважна прозу, а таксама жанры сатыры, байку, праблемы творчай індывідуальнасці пісьменніка (Я.​Колас, К.​Чорны, К.​Крапіва, І.​Мележ, І.​Шамякін, В.​Вітка, А.​Кулакоўскі), стылёва-жанравых прыкмет маст. твора. Складальнік кніг аўтабіягр. матэрыялаў бел. пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні Бел. Сав. Энцыклапедыі ў 12 тамах.

Тв.:

Няходжанай дарогай. Мн., 1973;

Голас часу. Мн., 1975;

Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984.

В.​А.​Каваленка.

Я.Казека.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЫРЭ́ЎСКІ Іван Пятровіч (1680, Якуцк, Расія — 2.12.1734),

землепраходзец, першы даследчык Курыльскіх а-воў і Паўд. Камчаткі. Паходзіў з бел. шляхты. Яго дзед і бацька як ваеннапалонныя ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 сасланы царом Аляксеем Міхайлавічам у Якуцк. У 1700 К. накіраваны якуцкім ваяводам на Камчатку для прывядзення мясц. жыхароў у падданства да Расіі. У 1711—13 у пошуках гандл. шляхоў у Японію К. на чале атрада казакаў абследаваў Курыльскія а-вы (да в-ва Хакайда). Сабраў звесткі пра астравы і іх насельніцтва, вымераў адлегласць паміж імі, апісаў метэаралагічныя ўмовы на астравах і ў пралівах. Склаў першую карту Камчаткі і Курыльскіх а-воў, якой пазней карысталіся рус. і замежныя падарожнікі, у т. л. В.​Берынг і С.​П.​Крашаніннікаў. У канцы 1710-х г. кіраваў Камчаткай, потым пастрыгся ў манахі. З 1720 у Якуцку. У 1727—29 першы зрабіў падарожжа ўніз па р. Лена з выхадам у Ледавіты акіян. З 1730 у Маскве. У 1731 арыштаваны па лжывым абвінавачанні, памёр у турме.

В.​А.​Ярмаленка.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭЙ (May) Уолтэр (н. 1912, г. Брайтан, Вялікабрытанія),

англійскі паэт і перакладчык. Працаваў мастаком, настаўнікам, рэдактарам-стылістам газ. «Маскоўскія навіны» (на англ. мове). Друкуецца з 1950-х г. Перакладае з рус. і бел. моў. Першыя пераклады з бел. мовы апублікаваў у 1968. Укладальнік і перакладчык анталогіі сучаснай беларускай паэзіі «Цудоўны край Беларусі» (М., 1976). У яго перакладзе на англ. мову выйшлі творы Я.​Купалы «Вершы» (М., 1982) і «Песня сонцу» (Мн., 1982), Я.​Коласа «На прасторах жыцця» (М., 1982) і «Голас зямлі» (Мн., 1982), М.​Танка «Конь і леў» (Мн., 1975), «Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні» (Мн., 1982) і «Палаючы факел» (Мн., 1986) і інш. Аўтар арт. «Самацветы паэзіі» (1972), дзе разглядае некаторыя асаблівасці творчасці Я.​Купалы і Я.​Коласа. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.​Барадулін, А.​Вярцінскі, Н.​Гілевіч, В.​Лукша, С.​Панізнік, Я.​Семяжон, У.​Шахавец і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Позняе жніво. Мн., 1982;

У кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;

У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету. Мн., 1977.

Літ.:

Семяжон Я. Беларуская паэзія ў англійскіх перакладах // Далягляды, 78. Мн., 1978.

т. 11, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЕТЭ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі тытан (гл. Тытаны), багаборца, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. Паводле міфаў, стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, таксама астраноміі, медыцыне, пісьму. Выкраў з Алімпа і прынёс людзям агонь, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць П. да скалы на Каўказе. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да П. прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Стогны П. чулі арганаўты ў час свайго падарожжа. Нарэшце з дазволу Зеўса Геракл забіў арла і вызваліў П. У стараж. Афінах культ П. шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў гонар П. — праметэі — бег з факеламі. Вобраз П. — адзін з найб. значных у сусв. л-ры (П.​Кальдэрон, Эсхіл, І.​В.​Гётэ, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Байран, Ф.​Кафка і інш.), яму прысвечаны творы выяўл. мастацтва (Л.​Карачы, П.​П.​Рубенс, Я.​Іорданс і інш.) і музыкі (Л.​Бетховен, А.​М.​Скрабін і інш.).

Праметэй стварае першага чалавека (справа багіня Афіна). Фрагмент рэльефу саркафага. 3 ст.

т. 12, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМУ́УЛ (Smuul) Юхан (18.2.1922, в. Когува на в-ве Муху, Эстонія — 13.4.1971),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1965). Друкаваўся з 1943. Аўтар зб-каў вершаў «Суровае юнацтва» (1946), «Брыгада хлопцаў з Ярвесуу» (1948), «Каб яблыні цвілі», «Вершы. Паэмы» (абодва 1951; за апошні Дзярж. прэмія СССР 1952), паэм «Сын буры» (1947), «Я — камсамолец» (1953) і інш. Нарысы і навелы з жыцця калг. вёскі ў зб. «Лісты з сяла Сыгедатэ» (1955). Найб. значны твор — дзённік падарожжа ў Антарктыду «Лядовая кніга» (1958, Ленінская прэмія 1961). Да яго блізкая аповесць «Японскае мора, снежань» (1963). Аўтар п’ес «Атлантычны акіян» (паст. 1956), «Леа» (1959), «Кіхнускі Йынь, або Дзікі капітан» (паст. 1964), «Удава палкоўніка» (паст. 1966), «Жыццё пінгвінаў» (1969), сатыр. «Маналогаў» (1968) і інш. На бел. мову асобныя яго вершы перакладалі В.​Вітка, В.​Дашкевіч, В.​Зуёнак, В.​Шымук, аповесці — С.​Міхальчук.

Тв.:

Бел. пер. — Мурка-марак. Мн., 1979;

Рус. пер. — Морские песни: Стихи и поэмы. М., 1963;

Ледовая книга;

Монологи. М., 1972;

Пьесы. М., 1974.

Літ.:

Суровцев Ю. Юхан Смуул. М., 1964.

Ю.Смуул.

т. 15, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРА́САЎ Канстанцін Іванавіч (н. 10.10.1940, Мінск),

бел. пісьменнік, публіцыст. Скончыў БПІ (1965). Працаваў у геал. экспедыцыі, на заводзе ў Мінску, у выд-ве «Вышэйшая школа» (1967—75), на кінастудыі «Беларусьфільм», у перыяд. друку, у т. л. ў час. «Нёман» (1977—83), «Спадчына» (1989—95) і інш. Друкуецца з 1966. Піша на рус. і бел. мовах. Асн. тэма твораў — гіст. мінулае Беларусі. Аўтар аповесці пра Грунвальдскую бітву «Дзень рассеяння» (1980), зб. гіст.-літ. нарысаў «Памяць пра легенды: Беларускай даўніны галасы і абліччы» (1984), гіст. аповесцей «Пагоня на Грунвальд» (1980), рамана «Тры жыцці княгіні Рагнеды» (1994). Маральна-этыч. праблемы ў творах дэтэктыўнага жанру (зб-кі «У час Стральца», 1981; «Залатая горка...», 1998, і інш.).

Тв.:

Странствие в тесном кругу: Повести. Мн., 1986;

Памяць пра легенды: Постаці бел. мінуўшчыны. Мн., 1990;

Единственный свидетель — Бог: Повести. Мн., 1991;

Апошняе каханне князя Міндоўга. Мн., 2000;

Беларусь: Пст. падарожжа для дзяцей. Мн., 2000;

Крыж Памяці: Кароткі спіс войнаў, паўстанняў, рэпрэсій, катастрофаў, якія выпалі на лёс Беларусі за тысячагоддзе. Мн., 2000.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРО́НЧАНКА Міхаіл Паўлавіч (1801 ці 1802, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 26.10.1855),

расійскі ваен. геадэзіст, географ, перакладчык. Ген.-маёр (1848). Скончыў Магілёўскую гімназію (1819), Маскоўскую школу калонаважатых (1822). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Вывучаў астраномію ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (1824—28). У 1823—24 рабіў тапаграфічныя здымкі ў Віленскай губ. У Вільні пазнаёміўся з А.​Міцкевічам. У 1828—33 рабіў тапаграфічныя здымкі ў Малдове, Валахіі, Балгарыі. У 1834—36 працаваў у Турцыі. Вынікам яго падарожжа па М. Азіі стала даследаванне «Агляд Малой Азіі ў сучасным яе стане» (ч. 1—2, 1838—40). У 1837—41 чл. камісіі па кіраванні Закаўказскім краем. З 1843 у запасе, працаваў у Мін-ве нар. асветы. У 1848 вярнуўся на вайск. службу ў Генштаб. Да 1854 узначальваў трыянгуляцыйныя работы. Займаўся перакладамі на рус. мову, асобнымі выданнямі ў яго перакладзе выйшлі паэма «Манфрэд» Дж.​Байрана, «Гамлет» У.​Шэкспіра (абедзве 1828), пераклаў «Фауст» І.​В.​Гётэ (1844), асобныя творы Міцкевіча.

Літ.:

Шостьин Н.А. М.​П.​Вронченко — военный геодезист и географ. М., 1956.

А.​М.​Карлюкевіч.

т. 16, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАГІНЯ́Н Марыэта Сяргееўна (2.4.1888, Масква — 20.3.1982),

армянская і руская пісьменніца. Чл.-кар. АН Арменіі (1950). Герой Сац. Працы (1976). Д-р філал. н. (1945). Скончыла Вышэйшыя жан. курсы ў Маскве (1911). Друкавалася з 1903. Выдала зб-кі вершаў «Першыя сустрэчы» (1909), «Orientalia» (1913), раманы «Свой лёс» (1918, поўнае выд. 1923), «Прыгоды дамы са свецкіх колаў» (1923), аповесць «Перамена» (1922—23) пра інтэлігенцыю, аповесць «Уваскрэсенне з мёртвых» (1964) пра чэш. кампазітара І.​Мыслівечака. Аўтар тэтралогіі пра У.​І.​Леніна («Сям’я Ульянавых», 1938, 1957; «Першая Усерасійская», 1965; «Білет па гісторыі», 1969; «Чатыры ўрокі ў Леніна», 1970), трылогіі «Мес-Менд» (1924, аднайм. кінафільм 1926). Пісала нарысы: «Урал у абароне» (1944), «Па дарогах пяцігодкі» (1947), «Падарожжа па Савецкай Арменіі» (1950), «Замежныя пісьмы» (1964); літ.-знаўчыя працы: «Тарас Шаўчэнка» (1941), «Эцюды пра Нізамі» (1947), «Гётэ» (1950); успаміны «Чалавек і час» (1971—78) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1972.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1971—75.

Літ.:

Творчество Мариэтты Шагинян: [Сб. ст.]. Л., 1980;

Скорино Л.И. Мариэтта Шагинян — художник. 2 изд. М., 1981.

М.С.Шагінян.

т. 17, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМІ́СА (Chamisso) Адэльберт фон (30.1.1781, Шампань, Францыя — 21.8.1838),

нямецкі пісьменнік, вучоны-прыродазнавец. У 1812—15 вывучаў медыцыну, батаніку, заалогію ў Берлінскім ун-це. У 1815—18 як натураліст прыняў удзел у рас. кругасветнай экспедыцыі (кн. «Падарожжа вакол свету на караблі «Рурык», 1834—36). У фантаст. аповесці «Незвычайная гісторыя Петэра Шлеміля» (1814) рамант. пратэст супраць адчужанасці асобы ў несправядлівым грамадстве і згубнага ўплыву золата на чалавечы лёс. Паэзія Ш. вызначаецца дэмакр. накіраванасцю (вершы «Замак Банкур», «Інвалід у вар’яцкім доме»), простай і эмацыянальна выразнай формай, блізкай да традыцыі ням. нар. песні (лірычны цыкл «Песні і абразкі жыцця», 1830; цыкл балад «Нямецкія народныя паданні», 1838). Тэма вызв. барацьбы, вобразы грэч., ісп., рус., польскіх патрыётаў у цыклах «Вандраванні» (1830), «Выгнаннікі» (1831). Перакладаў з франц., ісп., дацкай, рус. моў. Яго лірычны цыкл «Каханне і жыццё жанчыны» (1830) паклаў на музыку Р.​Шуман. На бел. мову асобныя творы Ш. пераклалі А.​Зарыцкі, У.​Папковіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Закаханы вандроўнік: Паэзія ням. рамантызму. Мн., 1989;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)