ЛІ ДАЧЖА́О (6.1.1888, прав. Хэбэй, Кітай — 28.4.1927),

кітайскі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Бэянскую паліт.-юрыд. школу ў г. Цяньцзінь (1913). З 1915 удзельнік руху за новую кіт. культуру, супрацоўнічаў з час. «Сінь цыннянь» («Новая моладзь»), дзе прапагандаваў ідэі марксізму. З 1918 заг. б-кі Пекінскага ун-та. Праф. У 1919 ідэйны кіраўнік, адзін з арганізатараў руху «Чацвёртага мая». У 1920 стварыў у Пекіне т-ва па вывучэнні марксізму. Адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Кітая (КПК, 1921). Кіраўнік паўн.-кіт. бюро КПК. У 1924 адыграў важную ролю ў аб’яднанні КПК і гаміньдана ў адзіны рэв. фронт. 3 крас. 1926 у падполлі. Арыштаваны і пакараны смерцю паўн.-кіт. мілітарыстамі.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЬ БЯ́О (5.12.1907, прав. Хэбэй, Кітай — 13.9.1971),

кітайскі ваенны і паліт. дзеяч. Маршал КНР (1955). Скончыў ваен. школу Вампу (1926). Удзельнік Паўн. паходу 1926—27. Пасля перавароту Чан Кайшы далучыўся да камуністаў, удзельнічаў у стварэнні кіт. Чырв. арміі. У час Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 камандзір дывізіі. З 1947 камандуючы 4-й арміяй Народна-вызваленчай арміі Кітая. З 1954 нам. прэм’ера Дзяржсавета КНР. У 1959—71 міністр абароны. З 1955 чл. Палітбюро, з 1966 нам. старшыні ЦК КПК. Дапамагаў Мао Цзэдуну ажыццяўляць «культурную рэвалюцыю». У крас. 1969 абвешчаны пераемнікам Мао Цзэдуна. Паводле афіц. версіі, загінуў у авіякатастрофе на тэр. Манголіі, калі хацеў уцячы пасля няўдалай спробы дзярж. перавароту.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКАЯ ТАРЫ́БА,

прадстаўнічы орган літ. народа і краёвай улады ў Літве ў 1917—20. Выбрана на літ. канферэнцыі (18—23.9.1917, Вільня) у складзе 20 чал. (старшыня А.​Сметана); з 11.7.1918 наз. Літоўская дзяржаўная тарыба. Ставіла за мэту адраджэнне ў этнагр. межах самастойнай Літ. дзяржавы, скліканне ў Вільні Устаноўчага сейма. 11.12.1917 абвясціла Дэкларацыю аб аднаўленні незалежнай Літ. дзяржавы, 16.2.1918 — Дэкларацыю незалежнасці Літвы, 2.11.1918 прыняла часовую канстытуцыю Літвы. 27.11.1918 у склад Л.т. былі кааптаваны 6 прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады (ВБР) і ўтворана мін-ва бел. спраў, 4.4.1919 кааптавана 2 прадстаўнікі Бел. рады Гродзеншчыны. Пасля ўвядзення пасады прэзідэнта Літвы ў крас. 1919 Л.т. страціла свае заканад. функцыі. Фармальна праіснавала да склікання Устаноўчага сейма 15.5.1920.

Р.​А.​Лобаў.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ Фёдар Рыгоравіч (24.12.1914, в. Качанішкі Уценскага пав., Літва — 14.1.1958),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Вілейскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). За рэв. дзейнасць у Зах. Беларусі ў 1936—39 быў зняволены ў Бяроза-Картузскі канцлагер, віленскую турму. У 1939—41 старшыня Свянцянскага гарсавета, нам. старшыні Вілейскага аблвыканкома. У партызанах з вер. 1941: камандзір спецгрупы, з мая 1942 — атрада імя Суворава, з ліст. 1942 — партыз. брыгады імя Варашылава, адначасова з крас. 1943 нач. ваенна-аператыўнага аддзела Вілейскага падп. абкома КП(б)Б. З 1944 нам. старшыні Вілейскага, Маладзечанскага аблвыканкомаў. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1940.

Ф.Р.Маркаў.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАКАЙЧЫ́ЦКІ Артур Адамавіч (20.12.1813—23.11.1881),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1868), ген.ад’ютант (1874). З дваран Слуцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Пажскі корпус (1832) і Ваен. акадэмію (1834). Удзельнік баявых дзеянняў на Каўказе (1841 і 1843—45), задушэння Венгерскай рэвалюцыі 1848—49, Крымскай вайны 1853—56 (вызначыўся ў баях пры аблозе г. Сілістрыя на Дунаі, сак. 1854). З 1859 старшыня Ваенна-кадыфікацыйнай камісіі, удзельнічаў у правядзенні ваенных рэформ 1860—70-х г. Са жн. 1864 чл. Ваен. савета. У руска-турэцкую вайну 1877—78 нач. палявога штаба Дунайскай арміі, вызначыўся пры пераправе цераз Дунай і пры ўзяцці крэпасці Плеўна. З крас. 1878 чл. Дзярж. савета.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯДБА́ЙЛА Анатоль Канстанцінавіч (н. 28.1.1923, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., чэрв. 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Варашылаўградскую ваенна-авіяц. школу пілотаў (1943), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах пілот, камандзір звяна, эскадрыллі штурмавога авіяц. палка. Зрабіў 219 баявых вылетаў. Вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі (у чэрв.—ліп. 1944 наносіў паветр. ўдары па праціўніку каля Оршы, Талачына, у мінскім «катле»), Прыбалтыкі, Усх. Прусіі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваенна-навучальных установах ВПС. Аўтар кнігі «У гвардзейскай сям’і» (1975).

А.К.Нядбайла.

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПАНДРЭ́У (Papandreu) Георгіяс (13.2.1888, г. Патры, Грэцыя — 1.11.1968),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі. Унук Зяць З.Мінейкі. Юрыст. У 1915 кіраўнік адміністрацыі в-ва Лесбас, у 1917—20 ген.-губернатар в-ва Хіяс. Актыўны дзеяч Ліберальнай партыі (засн. ў 1910). У 1923—33 неаднаразова чл. урада Грэцыі. Пасля ўстанаўлення дыктатуры І.Метаксаса (4.8.1936) арыштаваны. З крас. 1944 прэм’ер-міністр грэч. эмігранцкага ўрада ў Каіры, пасля Ліванскага пагаднення 1944 прэм’ер-міністр урада нац. адзінства. У 1946—51 займаў шэраг міністэрскіх пасад, у 1954—57 старшыня Ліберальнай партыі. Заснавальнік (1961) блока партый Саюз цэнтра. У ліст.-снеж. 1963 і лют.-ліп. 1965 прэм’ер-міністр. У час ваен. перавароту 21.4.1967 арыштаваны, але ў хуткім часе вызвалены.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПОЛЕ́ССКАЯ МЫСЛЬ»,

грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 16(29).3 да 22.9(5.10).1909 у Гомелі на рус. мове спачатку штодзень, з крас. 3 разы на тыдзень. Друкавала артыкулы на грамадска-паліт., эканам. і літ. тэмы, мела рубрыкі «Тэатр, музыка і мастацтва», «Мясцовая хроніка». У цыкле «Культурныя нарысы» пісала пра дзярж. статус бел. мовы ў ВКЛ, ролю БСГ, «Нашай долі» і «Нашай нівы», творчасці Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, Я.​Купалы ў нац. руху, адзначала перспектыўнасць бел. нац. ідэі; у «Эканамічных нататках» крытыкавала ўрад. Прапагандавала творчасць Л.​Талстога, А.​Чэхава, неадназначна ацэньвала мадэрнісцкія плыні ў рус. і зах.-еўрап. л-ры, крытыкавала арыентацыю на безыдэйнасць тэатра і кінематографа.

У.​М.​Конан.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́НІЦА»,

газета. Выдавалася са снеж. 1939 да крас. 1945 у Берліне на бел. мове 1—4 разы ў месяц пад кантролем герм. улад. Друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі, ваен. зводкі, тэндэнцыйна асвятляла становішча на франтах 2-й сусв. вайны, міжнар. адносіны. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва, бел. культ.-асв. суполак і арг-цый за мяжой, інфармавала пра падзеі на Беларусі. Перадрукоўвала матэрыялы з газет, якія выходзілі на тэр. рэйхскамісарыята «Остланд», а таксама прафаш. рус. і ўкр. прэсы. Публікавала артыкулы гіст. тэматыкі М.​Шкялёнка, А.​Адамовіча, мемуары У.​Глыбіннага, успаміны К.​Езавітава пра С.​Палуяна, творы М.​Багдановіча, Л.​Геніюш, Н.​Арсенневай, Я.​Палоннага і інш. Выйшлі не менш як 233 нумары.

С.​У.​Жумар.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ШВЕ́ДСКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ Дагаворам 1791,

падпісаным у Стакгольме 19 кастр., Расія і Швецыя пацвярджалі ўмовы мірнага дагавора, якім скончана рус.-шведская вайна 1788—90 (гл. Руска-шведскія войны 16—19 ст.); абавязваліся аказваць адзін аднаму ваен. дапамогу. Швецыя гарантавала заваяванні Расіі ў рус.-тур. вайне 1787—91 (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Прадугледжвалася дэмаркацыя межаў паміж дзвюма дзяржавамі. Аднак дагавор не быў выкананы. Дагаворам 1812, падпісаным 5 крас. ў Пецярбургу і Аба (сучасны г. Турку, Фінляндыя), бакі абавязваліся стварыць аб’яднаны корпус для высадкі ў шведскай Памераніі, якая была акупіравана Францыяй; вызначаны рус.-шведскія саюзніцкія адносіны ў час вайны 1812 і ўдзел Швецыі ў вайне супраць напалеонаўскай Францыі.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)