ППС-ЛЯВІ́ЦА, Польская сацыялістычная партыя-лявіца (PPS-Lewica, Polska Partia Socjalistyczna-Lewica),
рабочая партыя ў Каралеўстве Польскім у 1906—18. Утворана на 9-м з’ездзе (ліст. 1906) Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) у выніку разрыву левай большасці (М.Бялецкі, В.Костшэва, Ф.Кон і інш.) з прыхільнікамі Ю.Пілсудскага. У 1908—10 дзейнічала гал. чынам праз легальныя прафсаюзныя, культ.-асв. і інш. арг-цыі. У 1-ю сусв. вайну стаяла на пазіцыях рэв. інтэрнацыяналізму, прымала ўдзел у Цымервальдскай канферэнцыі (1915) і Кінтальскай канферэнцыі (1916), вітала Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917. 16.12.1918 аб’ядналася з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага і Літвы у Камуніст. рабочую партыю Польшчы (з 1925 Камуністычная партыя Польшчы).
Літ.:
Краткая история Польши. М., 1993. С. 202—204, 238, 246—248.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РАў матэматыцы,
лагічна магчымая форма (ці структура), якая служыць асяроддзем, дзе ажыццяўляюцца інш. формы і структуры, будуюцца розныя матэм. тэорыі. Напр., у элементарнай геаметрыі на плоскасці ці ў П. будуюцца розныя фігуры.
Узнікла як вынік абагульнення звычайнай трохмернай П. У большасці выпадкаў у П. фіксуюцца суадносіны, аналагічныя паводле фармальных уласцівасцей са звычайнымі прасторавымі суадносінамі (адлегласць паміж пунктамі, роўнасць фігур і інш.). Такія абагульненні даюць магчымасць выкарыстоўваць геам. аналогіі для рашэння канкрэтных задач, дзе рэальныя формы рэчаіснасці не з’яўляюцца прасторавымі ў звычайным сэнсе, аднак маюць прасторава-падобную структуру. Напр., метрычная П. (вызначана адлегласць паміж пунктамі; гл.Метрыка ў матэматыцы), «П. падзей» у геам. інтэрпрэтацыі тэорыі адноснасці, фазавая прастора ў тэарэт. фізіцы і механіцы. Гл. таксама Мнагамерная прастора, Тапалагічная прастора, Эўклідава прастора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭДЭ́Т [ад лац. praecedens (precedentis) папярэдні)] судовы, вынесенае судом па канкрэтнай справе рашэнне, абгрунтаванне якога становіцца правілам, абавязковым для ўсіх судоў той жа або ніжэйшай інстанцыі пры вырашэнні аналагічнай справы. П. адыгрываў важную ролю ўжо ў рымскай юстыцыі. У некат. краінах (напр., у Вялікабрытаніі, большасці штатаў ЗША, Канадзе, Аўстраліі) П. прызнаецца крыніцай права і ляжыць у аснове прававой сістэмы. У адпаведнасці з дактрынай, што пануе ў гэтых краінах, суддзя не стварае прававой нормы, а на падставе П. фармулюе толькі тое, што вынікае з агульных пачаткаў права. У інш. краінах П. мае значэнне для рашэння пытанняў прымянення права, для папаўнення прагалаў у законе, прызнання звычаю. На аснове П. ўносяцца асобныя дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, даецца тлумачэнне закона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ВОЙСК (сіл),
састаўная частка віду ўзбр. сіл, якая ўключае часці і злучэнні, што маюць зброю, ваен. тэхніку і тактыку дзеянняў, уласцівую толькі ім. Падзел войск на роды існуе ў большасці краін свету. З часоў старажытнасці найб. вядомыя Р.в. — пяхота, кавалерыя, з 16 ст. — артылерыя. З развіццём зброі і ваен. тэхнікі з’явіліся новыя Р.в., у т. л. ў ВМФ (ВМС) роды сіл: падводныя і надводныя, марская авіяцыя, марская пяхота і інш. Ва Узбр. Сілах Беларусі да Р.в. адносяцца мотастралк., танк., ракетныя войскі і артылерыя, зенітныя ракетныя, радыётэхн. і інш. войскі, а таксама роды авіяцыі (аб. Р.в. узбр. сіл, у т. л. Беларусі, гл. адпаведныя арт.). У баі Р.в. цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і са спец. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГАНЦІ́НІ ((Segantini) Джавані) (15.1.1858,г. Арка, Італія — 28.9.1899),
італьянскі мастак. Вучыўся ў акадэміі Брэра ў Мілане (1876—78). З 1885 жыў у Швейцарыі. У ранняй творчасці зазнаў уплыў Ж.Ф.Міле, арыентаваўся на натуралізм і эфекты люмінізму («Аве Марыя», 1882). У 1887—90 пісаў кампазіцыі з рытмічнымі і геам. элементамі, светлым каларытам у духу пуантылізму («Маладая пастушка», 1887—88; «Дзве маці», 1890). З 1890 звярнуўся да сімвалізму. У большасці работ фонам з’яўляецца альпійскі пейзаж. Творам уласцівы дэкар. рытмы, напоўненыя містычнымі або сімвалічнымі элементамі, своеасаблівае асвятленне, якое ўзмацняе падзел тонаў: «Анёл жыцця» (1894), «Любоў да вытокаў жыцця», «Паша вясной» (абодва 1896), «Багіня кахання» (1894—97), «Альпійскі трыпціх» (1886—99), «Партрэт Казірагі Арыяні» (1899).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад бія... + люмінесцэнцыя),
свячэнне жывых арганізмаў, абумоўленае біяхім. працэсамі; від хемалюмінесцэнцыі. Уласціва некаторым бактэрыям, ніжэйшым раслінам, грыбам, насякомым (жукі-светлякі і інш.), беспазваночным, рыбам. Вельмі пашырана сярод марскіх жывёл.
У большасці выпадкаў біялюмінісцэнцыя ўзнікае ў выніку ферментатыўнага акіслення асобных рэчываў — люцыферынаў. Частка малекул люцыферынаў за кошт вызваленай пры гэтым хім. энергіі пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры вяртанні ў асн. стан яны выпраменьваюць святло. Біялюмінісцэнцыя выкарыстоўваецца для асвятлення і прынады здабычы (напр., у глыбакаводных рыб), для перасцярогі, адпужвання або адцягвання ўвагі драпежнікаў, у якасці сігналу для сустрэчы самцоў і самак у шлюбны перыяд (розныя віды светлякоў).
Літ.:
Мак-Элрой У.Д., Зелигер Г.Г. Происхождение и развитие биолюминесценции // Горизонты биохимии: Пер. с англ.М., 1964;
Тарусов Б.Н. Сверхслабое свечение живых организмов. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДГЕ́ЗІЯ (ад лац. adhaesio прыліпанне),
1) счапленне паверхняў разнародных цвёрдых ці вадкіх целаў (фазаў) пры кантактаванні. Абумоўлена тымі ж прычынамі, што і адсорбцыя. Характарызуецца адгезійнай трываласцю — работай, неабходнай для раздзялення целаў у разліку на адзінку паверхні; цесна звязана з кагезіяй. Уплывае на мех. ўласцівасці кампазіцыйных матэрыялаў. Улічваецца пры нанясенні палімерных пакрыццяў, склейванні, спяканні, зварцы, луджэнні і інш., павялічвае трэнне.
2) У біялогіі адгезія клетак — здольнасць іх зліпацца паміж сабой і з рознымі субстратамі біял. і небіял. паходжання. Залежыць ад стану вонкавай паверхні плазматычнай мембраны і складу пазаклетачнага асяроддзя. Для ажыццяўлення адгезіі неабходна прысутнасць іонаў кальцыю і магнію. Паводле сучасных меркаванняў за міжклетачную адгезію адказныя глікапратэіды. Большасці клетак уласціва выбіральная адгезія. З яе парушэннем звязана здольнасць пухлінных клетак да метастазавання. На адгезіі заснавана агрэгацыя клетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКІ САЮ́З ВАЕННАПАЛО́ННЫХ (БСВ),
падпольная антыфаш. арганізацыя сав. ваеннапалонных у фаш. Германіі ў гады 2-й сусв. вайны. Узнік у сак. 1943 у лагеры сав. ваеннапалонных афіцэраў у Мюнхен-Перлаху (раён Мюнхена). Арганізатары — удзельнікі абароны Севастопаля. Штаб БСВ наладзіў сувязь з вязнямі інш. канцлагераў, ваеннапалоннымі і вывезенымі ў Германію людзьмі. Камітэты і ячэйкі БСВ былі ў большасці лагераў ваеннапалонных і больш як у 20 лагерах «усходніх рабочых». Гал. мэта БСВ — арганізацыя паўстання ў лагерах ваеннапалонных вакол Мюнхена, захоп горада і разгортванне ўзбр. паўстанцкай барацьбы. Летам 1943 БСВ наладзіў супрацоўніцтва з падпольным антыфаш. ням.нар. фронтам Паўд. Германіі. У канцы 1943 гестапа натраціла на след абедзвюх арг-цый. Усе кіраўнікі і шмат радавых членаў БСВ былі схоплены і закатаваны фашыстамі. 4 вер. 1944 у канцлагеры Дахаў расстраляны 93 сав. афіцэры — удзельнікі БСВ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЧ (сапр.Гінзбург) Аляксандр Аркадзевіч
(19.10.1918, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.12.1977),
рускі драматург, паэт. Аўтар п’ес «Вуліца хлопчыкаў» (1946), «Вас выклікае Таймыр» (1948, з. К.Ісаевым), «Шляхі, якія мы выбіраем» (1954), «Паходны марш» (1957), «Параход называюць «Арляня» (1958) і інш.; сцэнарыяў да кінафільмаў «Верныя сябры» (1954, з К.Ісаевым), «На сямі вятрах» (1962) і інш., для якіх характэрны рамант. прыўзнятасць, лірызм, гумар. З 1960-х г. вядомы як аўтар і выканаўца песень-навел, у большасці трагікамічнага і драм. зместу. Асн. іх тэмы — памяць і адказнасць за мінулае, тэма чалавечай годнасці, супрацьстаянне самавольству, канфармізму. Першыя зб-кі выдадзены за мяжой («Пакаленне асуджаных», 1972; «Калі я вярнуся», 1977). Аўтабіягр. аповесць «Генеральная рэпетыцыя» (1974). З 1974 у эміграцыі.
Тв.:
Возвращение. Л., 1989;
Генеральная репетиция. М., 1991;
«...Я вернусь...»: Киноповести, пьесы, автобиогр. повесть. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАЕВІКІ́ (Laparosticti),
група жукоў сям. пласцініставусых. Уключае падсям. гнаевічкі (Aphodiinae), сапраўдныя гнаевікі, або геатрупы (Geotrupinae), гнаевікі (Coprinae) і інш. Больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі часцей трапляюцца прадстаўнікі падсям. геатрупаў і гнаевічкоў; гнаявік веснавы (Geotrupes vernalis) занесены ў Чырв. кнігу.
Цела (даўж. 3—70 мм) бурае або чорнае, іншы раз з метал. бляскам. Яйцы адкладваюць у памёт жывёл. Жукі і лічынкі большасці гнаевікоў кормяцца гноем, нямногія трупамі, расліннаедныя. Некат. жукі назапашваюць памёт у выглядзе шарыкаў і закопваюць іх у норкі. Карысныя як «санітары» і глебаўтваральнікі; некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей.