ДО́БРУШСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943. Аб’ядноўвала 6 груп, больш за 70 чал. Кіраўнік Н.С.Кулікоў, намеснік Дз.М.Гладышаў. Групы сфарміраваны з рабочых і навучэнцаў Добруша, былых ваеннаслужачых, работнікаў Добрушскага лясніцтва, з жыхароў Добруша і в. Камень. Падпольшчыкі знішчалі абсталяванне папяровай ф-кі, гаручае на Добрушскай МТС, арганізавалі выбух каля чыг. ст. Закапыцце, у выніку якога знішчана вял. колькасць ням. ваеннаслужачых. У маі 1943 на ўчастку чыг. Гомель—Бранск пушчаны пад адхон 3 эшалоны. У ліп. і вер. 1943 партызаны з дапамогай падпольшчыкаў знішчылі электрастанцыю, спалілі аўтарамонтную майстэрню, 2 цэхі, узарвалі пілараму і артыл. склад.
М.Ф.Шумейка.
т. 6, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ-МУЗЕ́Й I З’ЕЗДА >РСДРП.
Адкрыты ў 1923 у Мінску ў доме, дзе ў 1898 адбыўся Першы з’езд РСДРП. У першыя дні Вял. Айч. вадны дом згарэў. У 1948 адноўлены. У 1953 перамешчаны бліжэй да р. Свіслач. У залах музея 292 экспанаты (1997), у т. л. дакументы і матэрыялы пра ўзнікненне і дзейнасць першых с.-д. груп у Расіі, жандарскія і паліцэйскія данясенні пра 1 з’езд РСДРП, фотаздымкі дэлегатаў з’езда і матэрыялы пра іх далейшы лёс, «Маніфест Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі» (выд. ў 1898 у Бабруйску) і інш. У мемар. пакоях адноўлена абсталяванне кватэры чыг. служачага мінскага сацыял-дэмакрата П.В.Румянцава. З 1992 філіял Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі.
С.М.Сіманюкоў.
т. 6, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗДРАВООХРАНЕ́НИЕ»,
навукова-практычны мед. часопіс Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Выдаецца з 1924 штомесячна ў Мінску на рус. мове. Да 1929 наз. «Беларуская медычная думка» (у 1924 выходзіў на рус., у 1925—29 на рус. і бел. мовах). У 1938—41 наз. «Медицинский журнал БССР», з 1955 — «Здравоохранение Белоруссии», з 1992 — «Здравоохранение Беларуси», з 1996 сучасная назва. Публікуе аглядныя і праблемныя артыкулы па ахове здароўя. Змяшчае інфармацыю пра новыя метады лячэння, арыгінальныя даследаванні, выпрабаванні лек. прэпаратаў, сучаснае мед. абсталяванне, пра з’езды, канферэнцыі, нарады мед. работнікаў. Мае рубрыкі: «У дапамогу ўрачу-практыку», «Абмен вопытам», «Гігіена, эпідэміялогія і арганізацыя аховы здароўя», «Лекцыі і агляды» і інш.
Т.А.Меляшкевіч.
т. 7, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМА́ЗАЧНА-АХАЛАДЖА́ЛЬНЫЯ ВА́ДКАСЦІ,
шматкампанентныя сістэмы, якія выкарыстоўваюць пры апрацоўцы металаў рэзаннем або ціскам. Прызначаны для змазкі і ахаладжэння металаапрацоўчых інструментаў і дэталей, адначасова змяншаюць знос інструментаў, павышаюць дакладнасць апрацоўкі дэталей, засцерагаюць абсталяванне і дэталі ад карозіі, паляпшаюць санітарна-гігіенічныя ўмовы працы.
Паводле складу адрозніваюць вадкія сумесі нафтапрадуктаў (газа, нафтавае масла) з масларастваральнымі паверхнева-актыўнымі рэчывамі (ПАР) і інш. прысадкамі, водныя растворы электралітаў (соды, нітрату натрыю і інш.) у сумесі з арган. ПАР, эмульсолы (3—10%-ныя водныя эмульсіі індустр. масел з дабаўкамі ПАР і інш. прысадак). Найб. пашыраны эмульсолы, якія выкарыстоўваюць пры ўсіх аперацыях апрацоўкі металаў, а таксама для абястлушчвання дэталей, пры тлушчаванні скуры, замасліванні шэрсці і інш.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 7, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ТЭХНАЛО́ГІІ МЕТА́ЛАЎ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1992 у Магілёве на базе Магілёўскага аддзялення Фіз.-тэхн. ін-та АН Беларусі (існавала з 1970). У ін-це (1998): 6 лабараторый, 1 аддзел, аспірантура.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: цеплафізіка і распрацоўка тэарэт. асноў кіравання працэсамі фарміравання структуры і ўласцівасцей металаў і сплаваў пры крышталізацыі і зацвердзяванні з мэтай стварэння новых матэрыялаў і тэхнал. працэсаў іх атрымання і ўмацавання. Распрацаваны тэхнал. працэсы і абсталяванне бесперапыннага гарыз. ліцця профільных загатовак металаў і сплаваў, полых загатовак з розных марак чыгуну метадам накіраванага зацвердзявання, адлівак тыпу крацістых панэлей і палос у ротарна-прахадныя крышталізатары. У ін-це працаваў акад. Нац. АН Беларусі Г.А.Анісовіч (да 1997).
В.І.Баранаў.
т. 7, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНОПЛЕАПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,
устаноўкі і агрэгаты для атрымання валакна з канаплянай трасты. Бываюць мяльныя (ломяць і часткова аддзяляюць сухую кастрыцу ад сцёблаў), трапальныя (ачышчаюць доўгае валакно ад кастрыцы і кароткіх валокнаў), трасільныя (аддзяляюць кудзелепадобнае валакно ад адходаў) і камбінаваныя (мяльна-трапальныя і кудзелепрыгатавальныя).
Ільноканоплемялка — стацыянарная машына, мае стол падачы, рыфленыя вальцы, транспарцёр, сістэму пнеўматранспарту, кастрыцаадвод, эл. абсталяванне. Развязаныя снапы канапель кладуць на стол і падаюць да вальцаў, якія мнуць і пераціраюць трасту. Пенькатрапальная машына заціскным транспарцёрам падае папярэдне апрацаваную льноканоплемялкай трасту да 2 трапальных барабанаў, білы якіх вылучаюць з трасты валакно. Кудзелепрыгатавальная машына абчышчае ад кастрыцы валакністыя адходы, што ўтвараюцца на пенькатрапальнай машыне. Мае мяльную, трапальна-расчэсвальную і трасільную часткі.
т. 7, с. 589
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАГА КАНТРО́ЛЮ МАШЫ́НА,
разнавіднасць кіравальнага выліч. комплексу для атрымання і апрацоўкі вымяральнай, кантрольнай, дыягнастычнай інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў гібкіх аўтаматызаваных вытворчасцях, на заводах-аўтаматах, у сістэмах аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі і абсталяваннем, станках з лічбавым кіраваннем і інш.
Звычайна ўбудоўваецца ў абсталяванне ў розным канструкцыйным выкананні, радзей як Л.к.м. выкарыстоўваюцца аўтаномныя міні- ці мікра-ЭВМ. Маюць абмежаваныя магчымасці апрацоўкі інфармацыі, спрошчаную арганізацыю прылад уводу-вываду (для сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі дадаткова забяспечваюцца стандартнымі блокамі ўводу-вываду) і невял. колькасць перыферыйных прылад. Пры выкарыстанні Л.к.м. працэс кантролю, рэгулявання і кіравання зводзіцца да выканання тыповых алгарытмаў першапачатковай апрацоўкі інфармацыі, праграмна-лагічнага кантролю і кіравання, ідэнтыфікацыі, аптымальнага і адаптыўнага кіравання і рэгулявання.
М.П.Савік.
т. 9, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦАК»,
беларуска-амерыканскі культурна-асветны цэнтр у ЗША. Размешчаны ў ваколіцы Стронгсвіл каля г. Кліўленд (штат Агайо). Засн. ў 1968 па ініцыятыве і пры падтрымцы бел. грамадскіх дзеячаў у эміграцыі С.Карніловіча і К.Калошы. З’яўляецца месцам сходаў і вечарын грамадскасці, сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, сямейных святкаванняў, маст. выставак, спарт. спаборніцтваў. Збірае і адпраўляе ў Беларусь гуманіт. дапамогу (у т. л. лекі) пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прымае на лячэнне і аздараўленне бел. дзяцей з забруджанай зоны. На тэр. цэнтра дзейнічае правасл. царква Жыровіцкай Божай Маці, будуецца новая царква. На ахвяраваныя цэнтрам сродкі набыта выдавецкае абсталяванне і ў 1991—97 выдаваўся час. «Полацак». Кіруючы орган — управа.
А.С.Ляднёва.
т. 12, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́НСПАРТНЫ КАРАБЕ́ЛЬ касмічны,
апарат для дастаўкі экіпажа і грузу на арбітальную станцыю і вяртання іх на Зямлю, вывядзення касмічных апаратаў на каляземныя арбіты. Адрозніваюць Т.к. пілатуемыя («Саюз» і яго мадыфікацыі) і аўтаматычныя («Прагрэс» і яго мадыфікацыі); аднаразовыя («Саюз», «Апалон») і шматразовыя («Спейс шатл»).
Мае рухальную ўстаноўку для манеўраў у космасе, сістэмы і сродкі для збліжэння, стыкоўкі і пераходу касманаўтаў на борт арбітальнай станцыі, У шэрагу выпадкаў — абсталяванне для работы касманаўтаў у адкрытым космасе. Т.к. «Саюз ТМ(А)» выконвае таксама ролю карабля-выратавальніка для экіпажа Міжнар. касм. станцыі. Т.к. з’яўляецца таксама месяцавая кабіна, якая выкарыстоўвалася амер. касманаўтамі для высадкі на Месяц і вяртання экіпажа на касм. карабель «Апалон».
У.С.Ларыёнаў.
т. 15, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПІЗА́ЦЫЯ ў тэхніцы і будаўніцтве,
распрацоўка тыпавых чарцяжоў, праектаў (рашэнняў) на аснове агульных для шэрагу вырабаў (канструкцый, збудаванняў, тэхнал. працэсаў або работ) тэхн. характарыстык, адзін з метадаў стандартызацыі і уніфікацыі.
У тэхніцы Т. служыць асновай для групавых метадаў апрацоўкі дэталей і вузлоў, паточна-масавай і серыйнай вытв-сці па найб. дасканалых тэхналогіях. Дазваляе адбіраць узоры з найлепшымі параметрамі і тыпапамерамі, уніфікаваныя элементы, тыпавое абсталяванне і аснастку тэхналагічную. У будаўніцтве Т. ажыццяўляецца на аснове модульнай сістэмы (гл. Модуль у архітэктуры), характарызуецца выкарыстаннем тыпавых секцый і канструкцый, стандартных дэталей. Паскарае праектаванне аб’ектаў, скарачае тэрміны ўзвядзення будынкаў і збудаванняў, садзейнічае ўкараненню прагрэс. метадаў вытв-сці, павышэнню прадукцыйнасці працы, паляпшэнню якасці прадукцыі.
т. 16, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)