даміно́

(іт. domino, ад лац. dominus = пан)

1) маскарадны касцюм у выглядзе шырокага плашча або накідкі з капюшонам (пераважна чорнага колеру);

2) настольная гульня ў касцяныя (або пластмасавыя) пласцінкі з нанесенымі на іх вочкамі, а таксама сам набор гэтых пласцінак для гульні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

амбро́зія

(гр. ambrosia)

1) ежа багоў у старажытнагрэчаскай міфалогіі;

2) перан. незвычайна смачная, далікатная страва;

3) травяністая расліна сям. складанакветных з дробнымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная пераважна ў Амерыцы; на Беларусі трапляецца як заносная;

4) налёты міцэлію сумчатых грыбоў у ходах жукоў-караедаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вальдэ́нсы

(п.-лац. valdenses, ад фр. P. Valdo = прозвішча ліёнскага купца 12 ст.)

рэлігійная секта, якая ўзнікла ў канцы 12 ст. на поўдні Францыі і прапаведавала адмаўленне ад прыватнай уласнасці, вяртанне да ранняга хрысціянства; некаторыя абшчыны захаваліся (пераважна ў Італіі) і зараз.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фіза́ліс

(н.-лац. physalis, ад гр. physalis = пузыр)

травяністая расліна сям. паслёнавых з суцэльным лісцем і дробнымі жоўтымі або белаватымі кветкамі, пашыраная пераважна ў тропіках і субтропіках Амерыкі; дае плады, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне, кандытарскай вытворчасці і кулінарыі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цу́кар

(польск. cukier < ням. Zucker < іт. zuchero, ад ар. sukkar)

1) пажыўны харчовы прадукт, белае крышталічнае рэчыва, салодкае на смак, якое вырабляецца з цукровых буракоў або цукровага трыснягу;

2) адно з арганічных злучэнняў, пераважна з групы вугляводаў;

3) перан. той, хто прыносіць асалоду.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эладэ́я

(н.-лац. elodea, ад гр. helodes = балотны)

водная травяністая расліна сям. жабнікавых з доўгімі плывучымі каранямі, прадаўгаватым лісцем і адзіночнымі белымі кветкамі на доўгіх кветаножках, якая засмечвае сажалкі і іншыя прэснаводныя вадаёмы; пашырана пераважна ў Амерыцы; некаторыя віды вырошчваюцца ў акварыумах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

урэ́заць, -э́жу, -э́жаш, -э́жа; -э́ж; -э́заны; зак.

1. што. Адрэзаўшы частку, укараціць, паменшыць.

У. крысо.

2. перан., што. Зменшыць, убавіць; абмежаваць.

У. расходы.

У. паўнамоцтвы.

3. што ў што. Уставіць у выразанае месца.

У. замок у дзверы.

4. што і чаго (пераважна з адмоўем). З цяжкасцю адрэзаць (што-н. надта цвёрдае; разм.).

Мяса такое мёрзлае, што не ў.

5. што і чаго. Адрэзаць, нарэзаць невялікую колькасць чаго-н. (разм.).

У. вяндліны.

У. сечкі карове.

6. перан., што і без дап. Нечакана і гучна заіграць, заспяваць (разм.).

У. польку.

7. каму, па чым і без дап. Моцна ўдарыць, пабіць, збіць (разм.).

У. па твары.

Так урэзалі яму, што і з ног зваліўся.

8. што і без дап. Сказаць прама і рэзка, заявіць што-н. (разм.).

У. праўду.

|| незак. ураза́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—3 знач.) і урэ́зваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—3 знач.).

|| наз. ураза́нне, -я, н. (да 1—3 знач.), урэ́званне, -я, н. (да 1—3 знач.) і урэ́зка, -і, ДМ -зцы, ж. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БІЯНЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ, неарганічная біяхімія,

галіна біяхіміі, што вывучае комплексы іонаў металаў з бялкамі, нуклеінавымі к-тамі, ліпідамі і нізкамалекулярнымі прыроднымі злучэннямі; даследуе ролю іонаў металаў у выкананні біял. функцый прыродных металакомплексаў. Пераважна даследуюцца іоны Na​+, K​+, Ca​2+, Mg​2+, Mn​2+, Fe​2+, Fe​3+, Cu​2+, Co​2+, Mo​2 і Zn​2+, якія ёсць у малекулах біялагічна актыўных рэчываў, напр. сідэхромы, іанафоры (хелатавальныя агенты шчолачных металаў), ферыцін, трансферыны, цэрулаплазмін, гемэрытрын, гемацыянін, металаферменты, карбаксіпептыдаза A, карбаангідраза, медзьзмяшчальныя аксідазы, ферадаксіны, гемы, гемаглабін і міяглабін, цытахромы, перакеідазы і каталазы, хларафіл, карыноіды, комплексы нуклеазідаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых к-т, вітаміну B6 і інш.

Склалася на мяжы біяхіміі і неарган. хіміі. Выкарыстоўвае метады хіміі каардынацыйных злучэнняў і квантавай хіміі. У б. СССР фундамент біянеарганічнай хіміі заклалі працы М.​Я.​Вольпіна, М.​У.​Валькенштэйна, А.​Я.​Шылава, К.​Б.​Яцымірскага і інш., далейшае развіццё атрымала ў працах па мадэляванні азотфіксавальных ферментных сістэм з выкарыстаннем комплексаў малібдэну (А.​Я.​Шылаў), іанафораў (Ю.​А.​Аўчыннікаў, В.​Ц.​Іваноў) і інш.

На Беларусі працы па біянеарганічнай хіміі праводзяцца пераважна ў Ін-це біяарган. хіміі АН. Вывучаны цытахромы P-450 і інш. гемазмяшчальныя ферментныя сістэмы (Дз.​І.​Мяцеліца, С.​А.​Усанаў, В.​Л.​Чашчын), змадэляваны акісляльна-аднаўляльныя ферменты (цытахромы P-450, пераксідазы, каталазы) з выкарыстаннем іонаў і комплексаў жалеза, медзі і малібдэну (Мяцеліца). Вынікі даследаванняў біянеарганічнай хіміі выкарыстоўваюцца для сінтэзу фармакалагічных прэпаратаў.

Літ.:

Хьюз М. Неорганическая химия биологических процессов: Пер. с англ. М., 1983;

Метелица Д.И. Моделирование окислительно-восстановительных ферментов. Мн., 1984.

Дз.​І.​Мяцеліца.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ва Усх. Палессі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах Гомельшчыны. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Яму ўласцівы разнастайнасць формаў, багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгожанні. У жаночым гарнітуры вылучаюцца 3 варыянты: кашуля, 4-полкавая панёва, фартух, намітка (сярпанка); кашуля, андарак, белы фартух, гарсэт (кабат), каптур з хусткай; кашуля або блуза, крамная спадніца з прышыўным ліфам (шнуроўка). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вузкім рукавом, стаячым каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвонымі, чорнымі і белымі баваўнянымі ніткамі) кампанаваўся ў палосы рознай шырыні на рукавах, на плечавых устаўках, каўняры і падоле. З геаметрычных матываў пашыраны ромбы, васьмівугольныя зорачкі, зубчыкавыя паскі, з раслінных — дрэва жыцця (размяшчалася буйным аднарапортным узорам на ўсю даўжыню рукава), 8-пялёсткавыя кветкі, ружы, ягады каліны. Вышыўку фартухоў часта дапаўнялі нашыўкамі з каляровага саціну, карункамі. Андаракі гладкафарбаваныя, найчасцей чырвона-малінавыя або затканыя падоўжнымі бела-вохрыстымі палосамі ці вышытыя па нізе рознакаляровымі ніткамі. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец (пераважна з цёмных крамных тканін, упрыгожаныя аплікацыяй, брыжамі), хусткі (даматканая белая з чырвонымі прокідкамі, суконная чорная з дэкар. махрамі, крамная страката-набіваная, якую не завязвалі, а выкладалі на галаве і грудзях). Насілі пацеркі, шыйныя абручыкі, вышытыя рознакаляровым бісерам. Мужчынскія кашулі былі тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай. Нагавіцы шылі з палатна ў чорна-белыя палоскі (палатнянікі) або з шэрага ці карычневага сукна (суконнікі). Вопратку (світка, бурнос, бурка, кажух) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з фабрычнага сукна ці саціну, аплікацыяй шнурам, фалдаваннем (маршчэннем), строчкай.

М.​Ф.​Раманюк.

Брагінскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёска Чыкалавічы Брагінскага раёна.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Virgin Islands),

Віргінскія брытанскія астравы, уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Уключае ч. Віргінскіх а-воў. Пл. 153 км². Нас. 16,6 тыс. чал. (1991). Адм. ц. і порт Род-Таўн (каля 2,5 тыс. ж.) на в-ве Тартола. Афіц. мова англійская. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Брыт. манарха прадстаўляе губернатар, у кампетэнцыі якога знаходзяцца абарона, унутр. бяспека, знешняя палітыка, дзярж. службы, сістэма правасуддзя. Ён жа ўзначальвае Заканадаўчы і Выканаўчы саветы.

Ва ўладанне ўваходзяць 40 астравоў, населены 16. Найбольшыя Тартола (54,4 км²), Анегада (38,8 км²), Вёрджын-Горда (21,4 км²). Астравы гарыстыя (г. Сейдж, 540 м), складзены з вапнякоў і крышт. парод. Клімат трапічны, гарачы і вільготны, з 2 засушлівымі сезонамі. Т-ра паветра 17—28 °C (зімой), 26—31 °C (летам). Ападкаў 1270 мм за год, з ліп. да ліст. ўраганы. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных лясоў. Жывуць пераважна негры і мулаты. Больш за 80% насельніцтва на в-ве Тартола. Сярод вернікаў пераважаюць англікане, метадысты, адвентысты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў (каля 50% нац. даходу). Штогод астравы наведваюць каля 200—250 тыс. турыстаў пераважна з ЗША. Прадпрыемствы лёгкай, харч. (выраб рому, перапрацоўка рыбы), буд. матэрыялаў (экспарт жвіру і пяску) прам-сці. Здабыча солі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, какосавыя арэхі, садавіну, агародніну. Пад ворывам каля 2 тыс. га, пад пашай каля 4 тыс. га. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Грашовая адзінка — долар ЗША.

У 1960 абвешчаны асобнай тэрыторыяй, у 1967 атрымалі абмежаванае самакіраванне.

Дзейнічаюць Партыя Віргінскіх а-воў (кіруючая) і Аб’яднаная партыя, 2 прафсаюзы — Асацыяцыя працоўных грамадзян і Асацыяцыя настаўнікаў.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)