умо́ўчаць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. (пераважна з адмоўем «не»). Сцярпець, не адказаць каму‑н. — Не еў, не еў! — як перадражняючы каго, усё крычыць [кот], ды з такою злосцю, што Юстап будзе маўчаць, маўчаць, ды і не ўмоўчыць — на жонку абавязкова пасварыцца: — Дала б ты гэтай здыхаце малака. Калюга.

2. Не сказаць, не ўпамянуць аб чым‑н. знарок. [Маці:] — Я таксама не хачу, каб няпраўду ты гаварыў. Але ж умоўчаць сёе-тое мог. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ура́зіць, уражу, уразіш, уразіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць вялікае ўражанне, моцна ўсхваляваць, устрывожыць. Партызанскі гарадок нас уразіў сваім выглядам і нейкай няўлоўнай урачыстасцю. Няхай. Сустрэча з цівуном і аратым так уразіла.. [Кастуся], што ён доўга не мог апамятацца. Якімовіч.

2. Балюча закрануць, пакрыўдзіць каго‑, што‑н. [Лабановіч] стараўся выправіць і адзначыць [памылкі] так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Словы гаспадыні так уразілі .. [Віцю], што хлопец разгубіўся. Адразу зрабілася горача. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успаро́цца, успаруся, успорашся, успорацца; зак.

Разм.

1. Нечакана наткнуцца на каго‑, што‑н. Седзячы за рулём, .. [Каваль] мала аглядаўся па баках, быў заняты дарогай, увага канцэнтравалася на тым, каб не ўспароцца на стрэчныя машыны. Савіцкі.

2. Рана ўстаць, прачнуцца. — От жа ранняя птушка... — паківала галавою маці. — Спаць ды спаць бы яшчэ, а ён успорацца ні свет ні зара. С. Александровіч. Панця ўспароўся недзе каля першых пеўняў, пакрактаў, пастагнаў на ложку і пачаў марудна, нехаця збірацца... Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаце́цца, хочацца; безас. незак., чаго, з інф. і са злучн. «каб».

Адчуваць патрэбу ў чым‑н., вельмі жадаць чаго‑н. Мне хацелася смяяцца І спяваць, і бегчы ўдалеч... Панчанка. Бацька дастаў торбачку з хлебам і салам. Адкроіў мне добрую лусту хлеба. Адрэзаў ладны кавалак сала. Усё гэта я ўмалоў, і яшчэ мне хацелася. Сабаленка.

•••

І хочацца і колецца — пра адначасовае адчуванне жадання і нерашучасці зрабіць што‑н.

На свет глядзець не хочацца гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягло́, ‑а, н.

1. Гіст. У Рускай дзяржаве ў 15 — пачатку 18 стст. — дзяржаўныя павіннасці сялян і пасадскіх людзей.

2. Гіст. Адзінка абкладання павіннасцямі ў прыгоннай гаспадарцы ў 18–19 стст.

3. зб. Сродкі цягі ў сельскай гаспадарцы. [Паходня:] — Зябліва таксама закончыце коньмі — цягло ў вас спраўнае. Хадкевіч. [Шаройка:] — У нядзелю мабілізуем усё наша цягло, можам нават у суседа пазычыць, так, каб за адзін дзень увесь.. лес быў дома. Шамякін.

•••

Жывое цягло — рабочая жывёла, жывёла для цягі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́рствы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і чэрствы. [Паўлюк] цяпер ішоў дадому, жаваў чорствую скарынку хлеба і думаў. Колас. Я ведаў, што ты — пацалунак, Ты — дружба і радасць, Ты — чорствага хлеба скарынка І сок вінаграда. Танк. Са смакам дзеці хлеб той елі, Акрайцы чорствыя да крошкі; А бацька, успомніўшы ляцелі, Сяброў скалечаных, бамбёжкі, Гатоў быў рушыць зноў дарогай, Дзе кроў праліў, пазнаў шпіталі, Каб дзеці хлеба больш такога Ў жыцці сваім павек не зналі. Непачаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́ска

(фр. masque < ст.-іт. mascara, ад ар. mashara = насмешка)

1) накладка на твар у форме звярынай морды або чалавечага аблічча, якую надзяваюць у час спектакляў, маскарадаў або проста накладка з прарэзамі для вачэй, каб не быць пазнаным;

2) засцерагальнае прыстасаванне для твару (напр. м. процівагаза);

3) слой накладзенага на твар лекавага саставу, крэму і інш.;

4) перан. прытворства, якім спрабуюць скрыць што-н. (напр. м. абыякавасці);

5) адліўка з гіпсу, знятая з твару нябожчыка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Бу́рбалка 1 ’пузыр, баўдыр на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Некр., Сцяшк. МГ, Янк. II, Мядзв., Шат., Нас., Касп.), бурбо́лка (Бяльк.), бу́рбаліць ’дзьмуць у ваду, каб з яе выходзілі бурбалкі’ (Бір. Дзярж.), ’пускаць праз ваду бурбалкі’ (КЭС), бурбуле́ць ’моцна кіпець’ (Юрч.), бурбо́ліць ’булькаць’ (Касп., Нас.), бурба́ліць ’пузырыцца’ (Шат.). Рус. дыял. бу́рболка, бурбы́лка, польск. burbulka, burbułka. Лічыцца запазычаннем з літ. burbuliúoti, burbuolė̃, bur̃bulas (да этымалогіі балт. слоў гл. Фрэнкель, 1, 44–45 пад bir̃bti: усё гукапераймальнае). Варш. сл. 1, 235; Блесэ, SB, V, 11; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13 (< лат. bur̂bulis); Лаучутэ, Лекс. балтызмы, 22. Але праблема больш складаная, чым думаюць, таму што ўся група слоў гукапераймальнага паходжання, і могуць існаваць незалежныя славянскія ўтварэнні (аб складанасці пытання гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 51; V (2), 1969, 160, 161).

Бу́рбалка 2 ’жоўтая вадзяная лілія’ (Шат.). Таго ж паходжання, што і бу́рбалка 1 (гл.). Назва гэтай кветкі часта ўтвараецца ад слоў са значэннем ’пузыр, баўдыр, глечык і да т. п.’ Параўн. глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, булдоўка, жбанкі і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́шчыць 1 ’песціць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’прылашчваць, рабіць ласкавым, пяшчотным’ (Нас., Касп.), ’гладзіць жывёлу, забаўляцца з ёю’ (КЭС, лаг.), лашчыцца ’выяўляць ласку да каго-небудзь’, ’паддобрывацца, падлізвацца’ (ТСБМ, Янк. 1, Гарэц., Нас., Бяльк., Касп., Шат., Яруш., КЭС, лаг.) ’мілавацца, галубіцца’ (Сл. паўн.-зах.), ла́шчыньня ’пялегаванне’ (Юрч. Вытв.). Укр. лащити, лащитися і ластитися, рус. беламор. лащить ’улашчваць’, смал. ’лашчыць’, валаг., беламор., пск., цвяр., смал. лащиться ’лашчыцца’, польск. łaszczyć się ’гнацца за чым-небудзь’, ’квапіцца’, ’лашчыцца’. Паўн.-слав. laščiti/laščiti sę ’лашчыцца’, ’ласавацца’. Утворана ад laska > ласка (гл.).

Ла́шчыць 2, ла́шчыты ’прапітваць аснову шліхтой (Уладз.), ла́шчэння, лашчэ́нне ’насычэнне пражы растворам клейкай вадкасці, каб ніткі былі мацнейшыя і больш гладкія пры тканні’ (Уладз., Сцяшк., Інстр. 2). Запазычана з рус. лощить ’выгладжваць’. Зах.-палес. ла́шчыти мае націск на ла‑, відаць, пад уплывам ла́шчыць 1 (рабіць паверхню гладкай, «ласкавай»).

Лашчы́ць ’вашчыць’ (паст., ганц., Сл. паўн.-зах.). З вашчыць < воск (гл.) пад уплывам лексемы ла́шчыць 2, рус. лощить.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вясе́лік 1, палес. вэсэ́лык ’журавель, Grus grus L.’ (Дразд.), укр. веселик ’тс’ — табуістычная «назва жураўля, якую трэба ўжываць тады, калі жураўлі прылятаюць, вясною, каб не журыцца цэлы год» (Грынчанка, 1, 141). Магчыма, гэта проціпастаўленне народнай этымалогіі лексемы вясна, якая звязваецца з лексемай вясёлы, у прыватнасці з яе значэннямі ’здаровы, радасны, ясны, каляровы, сонечны, асветлены, з буйной расліннасцю, які радуе багаццем, буйнасцю і г. д.’ Тое ж адносна наступных слоў: вяселік 2, вяселік 3. Сюды ж высё́лык ’эўфемістычная назва жураўля, заўважанага першы раз у гэтым годзе’ (Клім.).

Вясе́лік 2 ’смаржок, Gyromitra (Helvella) esculenta’ (Янк. I); ’красавіковы грыб смаржок’ (КТС, К. Цвірка). Відавочна, да вясна (гл.) *вясеннік > вяселік. Магчыма, аднак, што назва была матывавана знешняй незвычайнасцю; параўн. весялуха 5 і ўкр. весе́лка воню́ча ’грыб Phallus impudicus’. Аднак славац. veseliarky ’Armillariella mellea, асенні апенак’.

*Вясе́лік 3, вэсэлык ’вясёлка’ (іван., ДАБМ). Утворана ад veselъ і суф. ‑ikъ. Названа, паводле шматкаляровасці, якая весяліць, радуе вока чалавека. Параўн., аднак, вясёлка 1, весялу́ха 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)